НЯВЫ́ЗНАЧАНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,
ураўненні ці сістэмы ўраўненняў, у якіх колькасць невядомых большая за колькасць ураўненняў. Як правіла, маюць бясконцую колькасць рашэнняў. У тэорыі лікаў адшукваюцца рашэнні Н.у., якія задавальняюць тыя ці інш. арыфм. ўмовы (звычайна шукаюць рашэнні Н.у. у цэлых ці рацыянальных ліках). Вывучаюцца ў тэорыі дыяфантавых ураўненняў.
т. 11, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКЛЁП у крымінальным праве,
адно са злачынстваў супраць асабістай свабоды, гонару і годнасці асобы. Заключаецца ў распаўсюджванні заведама лжывых звестак, якія ганьбяць інш. асобу, у друкаваным або інш. спосабам размножаным творы, у ананімным лісце, або асобай, што раней прыцягвалася да адм. адказнасці за П. ці абразу.
т. 11, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДГО́Р’І,
паніжаныя ўскраінныя ўчасткі горных краін, сістэм або хрыбтоў, якія характарызуюцца ўзгоркавым або нізкагорным рэльефам. Уяўляюць сабой пераход ад горнай краіны да прылеглай раўніны. Адносныя перавышэнні складаюць дзесяткі і першыя сотні метраў. Звычайна ўтвораны з больш маладых парод, чым уласна горы, або з прадуктаў іх разбурэння.
т. 12, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЛАМУ́ТРАВЫЯ ВО́БЛАКІ,
тонкія, паўпразрыстыя воблакі, якія ўзнікаюць у стратасферы на выш. 20—30 км. Па форме нагадваюць перыстыя і перыста-кучавыя воблакі, з вельмі моцнай ірызацыяй (вясёлкавай афарбоўкай па краях, прыкмета кропельна-вадкай будовы). Назіраюць зрэдку зімой, пераважна ў Паўн. Еўропе і на Алясцы. Гл. Воблакі, Воблачнасць.
т. 12, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСКАМЫ́ЙКА,
будаўнічая машына для вымывання з пяску гліны і інш. дамешкаў. Бываюць дражныя (рабочы орган — скрабалкі, замацаваныя на бясконцых ланцугах) і шнэкавыя (з адным або двума паралельнымі шнэкамі, якія перамяшчаюць да выгрузачнага акна пясок, што асеў з пульпы). Прадукцыйнасць да 20 м³ ачышчанага пяску за гадзіну.
т. 12, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАКСІЛІ́НАВЫЯ ПО́РАХІ,
група бяздымных порахаў, якія вырабляюць на аснове піраксіліну, пластыфікаванага лятучым растваральнікам (звычайна сумесь этанолу і дыэтылавага эфіру). У вытв-сці П.п. выкарыстоўваюць піраксіліны (нітраты цэлюлозы, што маюць больш за 12% азоту). Цеплата згарання каля 4000 кДж/кг. Выкарыстоўваюць пераважна для ствольнай зброі. Гл. таксама Порах.
т. 12, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЭ́НТНАЯ СТА́ЎКА,
адносная велічыня працэнтных плацяжоў, якія выплачваюцца пазычальнікам крэдытору за пэўны перыяд часу (месяц, год). Ад П.с. залежыць прыбытак крэдытора. Ва ўмовах інфляцыі П.с. павялічваецца, паколькі ўключае ў сябе цалкам або часткова чакаемы ўзровень інфляцыі. Плаваючая П.с. — стаўка, памер якой не фіксуецца на ўвесь тэрмін крэдыту.
т. 13, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСЕФІ́ТЫ (ад грэч. psēphos дробны камень, галька),
грубаабломкавыя горныя пароды, якія складаюцца з абломкаў памерам больш за 1 мм (у папярочніку). Могуць быць абкатанымі (валуны, галька, жвір) і неабкатанымі (глыбы, друз, жарства). Адрозніваюць П. рыхлыя (галечнік, жвір) і сцэментаваныя (кангламераты, брэкчыі, гравеліты). Гл. таксама Абломкавыя горныя пароды.
т. 13, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІРА́НЫ,
вёска ў Камайскім с/с Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 27 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Паставы, 277 км ад Віцебска. 207 ж., 95 двароў (2001). Клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 14, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІЁТЫКА ў медыцыне,
вучэнне аб прыкметах (сімптомах) хвароб і паталаг. стане здароўя чалавека; састаўная частка дыягностыкі. Адрозніваюць С. агульную і асобную. Прадмет агульнай — прыкметы, якія адносяць да агульнай характарыстыкі хворага (пол, узрост, целасклад, спадчыннасць і інш.); асобнай — сімптомы канкрэтных захворванняў, механізмы іх узнікнення, развіцця і інш.
т. 14, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)