ФАРАДЭ́Я ПАСТАЯ́ННАЯ, Фарадэя лік,

вызначаецца адносінамі эл. зараду, які праходзіць праз электраліт, да колькасці рэчыва, што вылучаецца на кожным электродзе (гл. Фарадэя законы); адна з фундаментальных фізічных пастаянных. Абазначаецца F. Роўная здабытку Авагадра пастаяннай Na на элементарны эл. зарад e: F = Na∙e = (96485,309 ± 0,029) Кл/моль. Названа імем Ф.Фарадэя. Значэнне F вызначалася на аснове вымярэнняў электрахім. эквіваленту серабра. Шырока выкарыстоўваецца ў электрахім. разліках.

т. 16, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІБРЫНО́ЛІЗ (ад фібрын + лізіс),

растварэнне ўнутрысасудзістых тромбаў і пазасасудзістых згусткаў фібрыну пад уздзеяннем протэалітычных ферментаў плазмы крыві і форменных элементаў. Бялкі, што ажыццяўляюць Ф., — састаўная ч. процізгусальнай сістэмы арганізма, накіраванай на падтрыманне вадкага стану крыві. Ф. актывізуецца пры эмацыянальным узрушэнні, страху, траўмах, гіпадынаміі і інш. уздзеяннях, якія вядуць да павышэння пранікальнасці сасудзістай сценкі. Прыгнечванне Ф. садзейнічае трамбозу, развіццю атэрасклерозу. Празмерная актывацыя выклікае дыятэз гемарагічны.

т. 16, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАМСІ́Н (араб., літар. — пяцьдзесят),

гарачы (часта да 40 °C) і сухі амаль штармавы вецер пераважна паўд. і паўд.-зах. румбаў на ПнУ Афрыкі і ў сумежных краінах Б. Усходу. Адзначаецца ў пярэдніх ч. цыклонаў, што перамяшчаюцца з пустынь Паўн. Афрыкі ў раёны Усх. Міжземнамор’я. Дзьме каля 50 сут у годзе, звычайна ў сак.-маі. Пераносіць шмат пяску і пылу, часта суправаджаецца аптычнымі з’явамі (міражы і фата-маргана).

т. 16, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРУ́Н АР-РАШЫ́Д, Гарун ар-Рашыд (766, г. Рэй, Іран — 24.3.809),

арабскі халіф [786—809] з дынастыі Абасідаў. Прыйшоў да ўлады з дапамогай сям’і іранскай знаці Бармакідаў, што павялічыла ролю іранцаў у дзярж. справах. Пры ім араб. Халіфат ’дасягнуў найб. магутнасці. Дзякуючы яго асабістаму апякунству, Багдад ператварыўся ў найважн. цэнтр навукі, л-ры і мастацтва мусульм. свету. Памёр у час паходу супраць паўстаўшых жыхароў Маверанахра. Папулярны герой араб. фальклору.

т. 16, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ЛЫ (ад грэч. tylos уздуцце, патаўшчэнне),

вырасты клетак восевай ці прамянёвай парэнхімы раслін. Запаўняюць поласці сасудаў і трахеід у ядровай драўніне або ў пашкоджаных участках ксілемы. Характэрны пераважна для дрэвавых раслін. Спыняюць транспарт рэчываў па сасудах, з’яўляюцца мех. перашкодай на шляху гіфаў грыба, якія пранікаюць па сасудах. Рэчывы, што назапашваюцца ў Ц. (смолы, камедзі, таніны), маюць антысептычныя ўласцівасці і павышаюць трываласць драўніны да загнівання.

т. 17, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯЛЕ́СНЫ ВУ́ГАЛ,

частка прасторы, абмежаваная пэўнай канічнай паверхняй (гл. Конус).

Прыватныя выпадкі Ц.в. — трохгранныя і шматгранныя вуглы. Значэнне Ц.в. (у стэрадыянах) роўнае адносінам плошчы S той часткі сферы з цэнтрам у вяршыні канічнай паверхні, што выразана гэтым Ц.в., да квадрата радыуса сферы. Напр., велічыня Ц.в., абмежаванага актантам (​1/8 частка прасторы), роўна 4 π R2 8 R2 = π 2 , дзе R — радыус сферы.

Цялесны вугал.

т. 17, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРКА́САЎ Аляксей Цімафеевіч (2.6.1915, в. Патапава Краснаярскага краю, Расія — 13.4.1973),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Краснаярскім аграпед. ін-це. Працаваў аграномам. Дылогія «Сказанне пра людзей тайгі» (раманы «Хмель», 1951—66; «Чорная таполя», 1969) пра падзеі, што адбываліся пераважна ў Сібіры ад паўстання дзекабрыстаў да рэв. 1917. Аўтар рамана «Дзень пачынаецца на Усходзе» (1949), зб-каў аповесцей і апавяд. «Ліка» (1959), «Шумейка» (1962), аповесці «Ластаўка» (1965) і інш.

т. 17, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТАМ (ад ням. Stamm літар. — ствол, аснова; сям’я, племя),

чыстая культура мікраарганізма, выдзеленага з пэўнай крыніцы ці атрыманага ў выніку мутацый. Розныя Ш. аднаго мікраарганізма часам адрозніваюцца па ўласцівасцях (напр., па вірулентнасці, адчувальнасці да антыбіётыкаў). Культуры Ш., што выкарыстоўваюцца ў прам-сці для мікрабіял. сінтэзу бялкоў (у т. л. ферментаў), антыбіётыкаў, вітамінаў, арган. к-т і інш. рэчываў, у выніку селекцыі маюць большую прадукцыйнасць, чым дзікія.

т. 17, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎРЫФА́ГІ [ад грэч. eurys шырокі + ...фаг(і)], пантафагі, усёедныя жывёлы,

жывёльныя арганізмы, якія кормяцца самым разнастайным расл. і жывёльным кормам. Да іх належаць беспазваночныя жывёлы (напр., многія афіуры, тараканы, тэрміты і інш.); пазваночныя (напр. варона, крумкач, шэры пацук, дзік, буры мядзведзь і інш.); чалавек. Э. існуюць у розных біятопах, што садзейнічае пашырэнню іх арэала. Некат. Э., асабліва сінантропныя віды, сталі касмапалітамі. Проціпастаўляюць стэнафагам.

т. 18, кн. 1, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭМІ́ДА,

у грэчаскай міфалогіі багіня, дачка Зеўса і Леты, сястра-блізніца Апалона. Спачатку Артэміда — апякунка жывёл і палявання, багіня месяца, пазней — заступніца шлюбу і дзетанараджэння. Яе ўяўлялі прыгажуняй у доўгім адзенні з паўмесяцам на галаве, з факелам ці з лукам і стрэламі ў руках. Лічылі, што нарадзілася Артэміда на в-ве Дэлас. Найб. вядомыя свяцілішчы Артэміды на п-ве Атыка і ў г. Эфес. У Эфесе быў храм Артэміды, прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету (спалены ў 356 да н.э. Герастратам). У рым. міфалогіі вядома як Дыяна. Міф пра Артэміду натхніў ант. скульптараў Праксіцеля, Леахара, грэч. вазапісцаў, пазней — Тыцыяна, П.​П.​Рубенса, Рэмбранта, пісьменнікаў Дж.​Бакачыо, Г.​Гейнэ і інш.

Да арт. Артэміда. Артэміда Версальская. Скульпт. Леахар. Канец 4 ст. да н.э. Рымская копія.

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)