МІСУ́РЫ (Missouri, на мове мясц. індзейцаў — ілістая рака),
рака ў ЗША, галоўны (правы) прыток Місісіпі. Даўж. 4090 км, пл.бас. 1371,1 тыс.км² (з іх каля 10 тыс.км² у межах Канады). Вытокі і большая ч. верхняга цячэння — у Скалістых гарах (у раёне Йелаўстонскага нацыянальнага парку). У сярэднім цячэнні (ад вусця р. Мілк да вусця р. Джэймс) рака перасякае плато Місуры, дзе месцамі цячэ ў цяснінах, утварае парогі. Ніжняе цячэнне ў Межах Цэнтральных раўнін, дзе рэчышча няўстойлівае, шырокая пойма абвалаваная для аховы ад паводак. Гал. прытокі: Йелаўстан, Плат, Канзас (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое, у сярэднім і ніжнім — пераважна дажджавое. Высокае веснавое разводдзе (павышэнне ўзроўню вады каля вусця да 12 м) і нізкая летняя межань. Характэрны моцныя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 2600 м³/с (макс. 19 тыс.м³/с). Цвёрды сцёк 220 млн.т/год; вада брудна-бурага колеру. Сістэма буйных вадасховішчаў (Форт-Пек, Гарысан, Аахе) на М. і ў яе басейне служаць для рэгулявання сцёку, мэтаў ірыгацыі, энергетыкі. Суднаходства да г. Су-Сіці для вял. суднаў і да г. Форт-Бентан для малых суднаў у мнагаводны перыяд. Буйныя гарады і парты: Омаха, Канзас-Сіці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮРА́Т ((Murat) Іаахім) (25.3.1767, г. Лабастыд-Мюра, Францыя — 13.10.1815),
французскі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Бергскі і Клеўскі (1806). Кароль Неапалітанскага каралеўства пад імем Іаахім-Напалеон [1808—15]. У франц. арміі з 1787. Вызначыўся пры задушэнні мяцяжу раялістаў у 1795, у Італьянскім (1796—97) і Егіпецкім (1798—99) паходах Напалеона I, садзейнічаў захопу ім улады ў Францыі. Удзельнік усіх Напалеонаўскіх войнаў. У час вайны 1812 супраць Расіі камандаваў кав. корпусам, удзельнічаў у баях каля Астроўна, Смаленска, с. Таруціна, Барадзінскай бітве 1812. Пасля ад’езду Напалеона I у Францыю (5.12.1812) да студз. 1813 камандаваў рэшткамі «вялікай арміі»; на баку Напалеона ўдзельнічаў у бітвах пры Дрэздэне і Лейпцыгу. У студз. 1814 заключыў тайны саюз з Аўстрыяй і Вялікабрытаніяй з мэтай захаваць неапалітанскі прастол, але яго дамаганні адхіліў Венскі кангрэс 1814—15. У перыяд«Ста дзён» выступіў на баку Напалеона I, быў разбіты ў Італіі і ўцёк на в-аў Корсіка. Каб вярнуць сабе прастол, на чале невял. атрада высадзіўся на Пд Італіі, але схоплены аўстрыйцамі і па прыгаворы ваен. суда расстраляны.
Літ.:
Тюлар Ж. Мюрат, или Пробуждение нации: Пер. с фр.М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРКУ́РАЎ (Сяргей Дзмітрыевіч) (7.11.1881, г. Гюмры, Арменія — 8.6.1952),
расійскі скульптар-манументаліст. Нар.маст.СССР (1943). Правадз.чл.АМСССР (1947). Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1902—05). Да 1909 працаваў у Парыжы. З 1929 чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. З 1944 дырэктар музея выяўл. мастацтваў у Маскве. У ранні перыяд пад уплывам мадэрну творчасці была ўласціва ўзнёслая сімвалічнасць, часам стылізацыя вобразаў (статуя Ф.Дастаеўскага, 1911—13, устаноўлена ў 1918 у Маскве, і інш.). Пасля 1917 працаваў у больш акад. манеры, удзельнічаў у ажыццяўленні плана манументальнай прапаганды. У творах, якія вызначаліся маналітнасцю аб’ёмаў і статычнасцю кампазіцый, імкнуўся да ўвасаблення ў вобразах вял. грамадскага зместу. Сярод работ: партрэт С.Г.Шаўмяна (1929), статуя У.Леніна на канале імя Масквы (1937), гарэльеф «Расстрэл 26 бакінскіх камісараў» (1924—46, устаноўлены ў 1958 у Баку), скульпт. група «Смерць правадыра» (1927—47, устаноўлена ў 1958 у г.п. Горкі Ленінскія Маскоўскай вобл.), помнікі К.Ціміразеву ў Маскве (1922—23), Шаўмяну ў Ерэване (1931), Ф.Дзяржынскаму ў Валгаградзе (1932) і ў Дзяржынску (Расія, 1948), А.Пушкіну ў Магнітагорску (1949) і інш. Рабіў пасмяротныя маскі дзярж. дзеячаў і дзеячаў культуры. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ЗЯМЛЯ́,
першапачаткова вобласць славеняў ільменскіх (вакол воз. Ільмень з цэнтрам у г.Ноўгарад) на ПнЗ сучаснай Расіі. Месцазнаходжанне Н.з. на стыку шляхоў «з варагаў у грэкі» з Волжскім спрыяла развіццю тут гандлю, рамёстваў і культуры. Паводле «Аповесці мінулых гадоў» у сярэдзіне 9 ст. (пасля т.зв. запрашэння на княжанне Рурыка) у Н.з. склаўся найважнейшы цэнтр стараж.-рус. дзяржаўнасці. З 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі. У 12—15 ст. назва Н.з. пашырылася на ўсю тэр.Наўгародскай феадальнай рэспублікі (самастойная з 1136), падзеленую на адм.-тэр. адзінкі — пяціны (Бежацкая, Водская, Дзераўская, Абанежская, Шалонская). Н.з. ў гэты перыяд займала тэр. ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі і ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала. З 1478 у складзе Маскоўскага вялікага княства, з 16 ст. — Рас. дзяржавы. Да пач. 18 ст. Н.з. захоўвала свае асаблівасці ў кіраванні, у т. л. падзел на пяціны (з 16 ст. іх колькасць павялічылася), якімі кіравалі адпаведныя падраздзяленні («сталы») маскоўскіх прыказаў. У 1610—15 Швецыя заваявала зах. частку Н.з. каля Фінскага заліва Балтыйскага м. і на ПнЗ ад Ладажскага воз. (адваявана пры Пятру I). Н.з. канчаткова страціла свае асаблівасці пасля ўвядзення Пятром I адм.-тэр. падзелу Расіі на губерні (1708).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ АТРА́Ду Вялікую Айчынную вайну,
асноўная арганізацыйная і баявая адзінка партызан, добраахвотна аб’яднаных для барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі. На Беларусі за ўвесь перыяд акупацыі дзейнічала 1255 П.а. Узначальвалі атрад камандзір і камісар. У падпарадкаванні камандзіра быў нач. штаба і яго апарат, нам. па разведцы, дыверсіях, пам. па забеспячэнні з адпаведнымі падраздзяленнямі. У П.а. былі пярвічныя парт. і камсам. арг-цыі. Тыповая структура атрада: штаб, 3—4 роты, па 3 узводы ў кожнай, з 3 аддзяленнямі ва ўзводзе. Колькасны і баявы склад атрада непастаянны. БШПР адрозніваў атрады па 100—150, 151—350, 351 і больш партызан з адпаведнай колькасцю асн.стралк. і цяжкай зброі. Буйны П.а. пры адпаведных умовах разгортваўся ў партызанскую брыгаду, са жн. 1943 асобныя атрады Магілёўскай вобл. (800 і больш партызан) — у партызанскія палкі. Паводле прызначэння П.а. падзяляліся на звычайныя (унітарныя), дыверсійна-разведвальныя. кавалерыйскія, артылерыйскія, штабныя, рэзервовыя, мясц. самаабароны, маршавыя. Большасць іх уваходзіла ў склад брыгад, 203 дзейнічалі самастойна. Пра асобнадзейныя П.а. гл. табліцу.
Літ.:
Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1983;
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 456—474.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВО́ДДЗЕ,
адносна працяглае павелічэнне воднасці ракі, якое паўтараецца штогод у адзін і той жа сезон і выклікае падняцце яе ўзроўню. Звычайна суправаджаецца выхадам вады з рэчышча і затапленнем поймы. Выклікаецца ўзмоцненым прытокам вады пры вясновым раставанні снегу на раўнінах, летнім раставанні снегу і ледавікоў у гарах, вял. дажджамі ў пэўны сезон года, напр., звязанымі з летнімі мусонамі ці зенітальнымі дажджамі (у трапічным поясе). На Беларусі Р. адбываецца вясной ад раставання снегу, звычайна пачынаецца на ПнЗ у пач.сак., на Пн у 3-й дэкадзе сакавіка. Канчаецца раней у бас.р. Нёман (канец крас. — пач. мая), найпазней у бас.р.Зах. Дзвіна і Прыпяць, дзе вельмі малыя нахілы і шырокія поймы (канец мая — пач. чэрвеня). Працягласць Р. (30—120 сут) залежыць ад запасаў снегу ў басейне, ступені прамярзання глебы, т-р паветра, інтэнсіўнасці раставання снегу, памераў ракі, забалочанасці, аблесенасці і азёрнасці вадазбору, формы рэчышча і своеасаблівасцей даліны. Узроўні вясновага Р. на Беларусі, як правіла, самыя высокія за год. Сярэдняе перавышэнне над самым нізкім летнім узроўнем дасягае на рэках Зах. Дзвіна 7—9 м, Дняпро 5—5,5 м, Нёман 2,5—4 м. На гэты перыяд прыпадае 36—77% гадавога сцёку рэк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙМЕРЫС ((Reimeris) Вацыс) (н 3.8.1921, г. Куршэнай, Літва),
літоўскі паэт.Засл. дз. культ. Літвы (1965). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1956). У 1949—86 працаваў у перыяд. друку. Друкуецца з 1940. Аўтар зб-каў паэзіі «Зямлі бацькоў» (1945), «З вясною» (1948), «З табой я размаўляю» (1958), «У Белага Таджа» (1958, прэмія Дж.Неру 1968), «Далоні» (1968), «Шэсці» (1970), «Паэты ходзяць па зямлі» (1981), «Ave Maria» (1996), паэм «Зямля з букетам кветак» (1986) і інш. У ранняй паэзіі пераважалі тэмы Вял.Айч. вайны, пасляваен. жыцця, у пазнейшых творах — роздумы пра гіст. вопыт літ. народа, каханне. Піша для дзяцей, у т. л.кн. вершаў «Сарока-белабока» (1974, Дзярж. прэмія Літвы 1975). Перакладае рус. і бел. паэтаў. Пераклаў вершы Я.Купалы «Лён», «Алеся», «Касцу», «Спадчына», «Трэба нам песень». На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Р.Барадулін, С.Дзяргай, У.Карызна, Г.Кляўко, П.Панчанка, А.Разанаў, І.Скурко, М.Танк.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Літоўская савецкая паэзія. Т. 1. Мн., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́НТА (ням. Rente, франц. rente ад лац. reddita вернутая),
даход, які рэгулярна атрымліваюць з зямлі, капіталу, маёмасці (не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю). Можа быць атрымана ад здачы зямлі ці памяшканняў у арэнду, прадастаўлення крэдыту і інш. У адпаведнасці з Грамадз. кодэксам Рэспублікі Беларусь паводле дагавору атрымальнік Р. перадае плацельшчыку Р. пэўную маёмасць на ўмовах перыядычных выплат ім у выглядзе грашовых адлічэнняў ці сродкаў у інш. формах. У выпадку адчужэння плацельшчыкам Р. маёмасці, перададзенай пад выплату Р., яго абавязацельствы пераходзяць да набытчыка гэтай маёмасці. Адрозніваюць Р. бестэрміновую (пастаянную) і пажыццёвую (на тэрмін жыцця атрымальніка). Пры бестэрміновай Р. атрымальнікамі яе могуць быць грамадзяне ці некамерцыйныя арг-цыі, якія выплачваюць Р. ў выглядзе грашовых адлічэнняў, устаноўленых дагаворам, ці рэчаў, выканання работ (паслуг), якія па вартасці адпавядаюць грашовай суме. Пажыццёвая Р. ўстанаўліваецца на перыяд жыцця грамадзяніна, які перадае маёмасць плацельшчыку Р. Яе памер устанаўліваецца ў дагаворы, разлічваецца на месяц і павінен быць не меншы за мінімальную заработную плату (у асобных выпадках прадугледжваецца павелічэнне памеру Р.). Да Р. адносяць таксама зямельную рэнту; даход, які ўладальнік атрымлівае па аблігацыях дзярж. пазыкі (гл.Рэнтавая пазыка); грашовыя сумы, якія штогод выплачваюцца асобе па страхавым полісе з боку страхавога таварыства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБЕКО́ШТ,
грашовае выражэнне бягучых затрат на вытв-сць і рэалізацыю прадукцыі; частка вартасці. Уключае кошт выдаткаваных у вытв-сці прадметаў працы (сыравіны, матэрыялаў, паліва, энергіі); кошт сродкаў працы (збудаванняў, машын, абсталявання), перанесеных у працэсе вытв-сці на наваствораны прадукт; аплату працы работнікаў; расходы па збыце і рэалізацыі прадукцыі і інш. выдаткі прадпрыемства па арганізацыі вытв-сці і кіраванні. Адрозніваюць С. базісны, індывід., перавозак, прадукцыі, тэхнал., вытв. і фактычны (справаздачны). С. базісны — С. мінулага перыяду, які бярэцца за аснову разліку С. бягучага або планавага перыяду; С. індывідуальны — затраты на выраб канкрэтнага віду прадукцыі; С. перавозак — затраты на транспартаванне грузаў (прадукцыі) на розных відах транспарту; С. прадукцыі — затраты прадпрыемства (аб’яднання, арганізацыі) на выраб і рэалізацыю прадукцыі (паслуг); С. тэхналагічны — затраты на арганізаванне тэхнал. працэсу вытв-сці прадукцыі і аказання паслуг; С. вытворчы — затраты прадпрыемства на вытв-сць прадукцыі, у якія ўключаюцца кошт паўфабрыкатаў, купленых вырабаў і паслуг інш. прадпрыемстваў, а таксама затраты на абслугоўванне і кіраванне прадпрыемствам; С. фактычны (справаздачны) вызначаецца на аснове фактычных затрат па ўсіх пунктах С. за дадзены перыяд. Выкарыстоўваецца ў гасп. разліку для ацэнкі эфектыўнасці работы прадпрыемства і яго структурных падраздзяленняў, таксама для ўстанаўлення і змянення цэн на прадукцыю (паслугі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САХА́»,
сельскагаспадарчы часопіс дэмакр. кірунку. Выдаваўся з крас. 1912 да кастр. 1913 у Вільні, з ліст. 1913 у Мінску на бел. мове, у студз. 1915 на 27-м нумары выданне спынена ў сувязі з набліжэннем фронту ў 1-ю сусв. вайну. У крас. — маі 1920 у Мінску выйшлі 2 нумары. З сак. 1927 да жн. 1931 выдаваўся ў Вільні (41 нумар). Усяго выйшла 70 нумароў. Рэдактары А.Уласаў (1912—15, 1920, 1928—29), У.Павалковіч (1927), М.Ільяшэвіч (1930—31). На старонках «С.» прапагандаваліся прагрэсіўныя метады апрацоўкі зямлі, палепшаныя гатункі насення, шматпольная сістэма севазвароту. Часопіс арыентаваў на спецыялізацыю гаспадаркі, развіццё жывёлагадоўлі, пісаў пра розныя аспекты садоўніцтва, агародніцтва, даваў гасп. парады. У дарэв. пару ў «С.» выступалі А.Петрашкевіч, К.Сініцкі, Я.Пачопка (Я.Башкір), Ю.Бусел, Я.Крыўка, Я.Дыла (Н.Бываеўскі), Л.Папроцкі, Уласаў, А.Баніцэвіч і інш. У зах.-бел.перыяд часопіс пісаў пра наспелыя аграрныя рэформы, прычыны цяжкага становішча вёскі, крытычна ставіўся да хутарызацыі, знаёміў з навінкамі ў паляводстве і жывёлагадоўлі. Найб. актыўныя аўтары «С.» ў гэты час: Павалковіч, Л.Войцікава (З.Верас), М.Манцэвіч.