польскі рэжысёр, сцэнарыст. Вучыўся ў Варшаўскім (1955—59) і Ягелонскім (у Кракаве 1959—62) ун-тах. Скончыў Вышэйшую школу т-ра, кіно і тэлебачання ў Лодзі (1966). Чл. Польскай АН (1994). Узначальвае Еўрап. федэрацыю кінарэжысёраў (з 1990). З 1977 выкладае ў Нац. кінашколе Вялікабрытаніі. Асн. праблематыка творчасці — маральная. Аналізуе ўплыў цывілізацыі і змен у грамадстве на духоўны стан чалавека («Смерць правінцыяла», 1966, «Структура крышталю», 1970, «За сцяной», 1971, «Імператыў», 1982), трываласць універсальных каштоўнасцей у сутыкненні з рэаліямі грамадскага жыцця («Ілюмінацыя», 1973, «Ахоўныя колеры», 1976, «Спіраль», 1978, «Кантракт», 1980, «Галоп», 1995); супрацьпастаўляе маральнай дэградацыі чалавека ўласныя гуманіст. погляды («З далёкага краю», 1981, «Год спакойнага сонца», 1984, «Жыццё за жыццё. Максімілян Кольбе», 1990, «Дотык рукі», 1992). Сцэнарыі З. выдадзены асобнымі кнігамі (1976, 1979, 1980, 1985, 1992). З 1979 займаецца тэатр. рэжысурай (супрацоўнічае з драм. т-рамі Кракава, Бона, Мілана, опернымі т-рамі Брэмена, Базеля, Палерма). Дзярж. прэмія Польшчы 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НА СПАКО́Ю,
месца ў прыродным наваколлі, дзе ў пэўныя перыяды або пастаянна захоўваюць асобы рэжым гасп. дзейнасці і рэкрэацыі. Вылучаюць З.с., каб забяспечыць спрыяльныя ўмовы для існавання жывых арганізмаў або захаваць асобныя прыродныя ўчасткі ў практычна некранутым стане. Часовыя З.с. вылучаюць у межах паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў, зялёных зон, лесапаркаў і інш., асабліва ў месцах масавага размнажэння дзікіх жывёл. Ахоўны рэжым у іх з сярэдзіны вясны да сярэдзіны лета (т.зв. месяцы цішыні). Знаходжанне людзей, свойскай жывёлы, усе віды дзейнасці, якія могуць парушыць сезонныя рытмы жыцця дзікіх жывёл, забаронены. На тэр. запаведнікаў і нац. паркаў вылучаюцца пастаянныя зоны поўнага спакою (зоны абсалютнай запаведнасці), дзе забараняецца любое ўмяшанне чалавека ў прыродныя працэсы, усе віды гасп. дзейнасці (акрамя прысутнасці навук. супрацоўнікаў, занятых назіраннем за станам і дынамікай асяроддзя). З.с. таксама наз. тэрыторыя, на якой устаноўлены рэжым найменшага або абсалютна мінім. тэхнагеннага ўздзеяння для стварэння ўмоў адпачынку людзей ці фізіятэрапеўт. лячэння.
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1817—28; з 1836 акадэмік) у свайго бацькі А.Л.Іванава і ў А.Я.Ягорава. У 1830 пенсіянер у Італіі, у 1831—58 жыў у Рыме. Раннія творы маюць рысы класіцызму («Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара», 1824; «Белерафонт накіроўваецца ў паход супраць Хімеры», 1829; «Апалон, Гіяцынт і Кіпарыс», 1831—34; «Яўленне Хрыста Марыі Магдаліне», 1835). Значную частку жыцця прысвяціў працы над манум. палатном «Яўленне Хрыста народу» (1837—57). Евангельскі сюжэт трактуецца як рэальная гіст. падзея, асн. змест якой — абнаўленне старога свету хрысціянствам з яго ідэаламі роўнасці і духоўнага адраджэння людзей. Шматфігурная кампазіцыя паказвае шэраг выразных характараў, жывапісная форма і каларыт вылучаюцца жыццёвасцю. Самастойнае значэнне мае серыя «Біблейскія эскізы» (пейзажы, партрэты, накіды) да карціны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАСЦЬ,
непаўторная своеасаблівасць якой-н. з’явы, асобнай істоты, чалавека; процілегласць агульнага, тыповага. Узнікненне ідэі І. звязана з распрацоўкай стараж.-грэч. філосафамі Леўкіпам і Дэмакрытам паняцця «атам», што азначала самыя дробныя, непадзельныя адзінкі быцця, якія маюць пэўную «форму» і «становішча», г. зн. выступаюць як І. Разуменне І. як асобнай істоты закладзена Сенекам; у сярэдневяковай схаластыцы яно абмяжоўвалася толькі чалавечай асобай. Культ І., што пераходзіў у індывідуалізм, характэрны для эпохі Адраджэння, калі І. асобнага чалавека супрацьпастаўлялася традыц. грамадскім сувязям. Найб. поўнае развіццё ідэя І. набыла ў вучэнні Г.Лейбніца аб манадах. Паняцце «І.» характэрна таксама для рамантызму і філасофіі жыцця. У псіхалогіі І. характарызуе своеасаблівасць псіхікі і асобы індывіда, яе непаўторнасць. І. рэалізуецца індывідам праз паводзіны ў сітуацыях зносін з інш. людзьмі і праз культываванне ім розных здольнасцей у працэсе дзейнасці.
Літ.:
Голубева Э.А. Способности и индивидуальность. М., 1993;
Коломиец В.П. Становление индивидуальности: Социал. аспект. М., 1993;
Мерлин В.С. Психология индивидуальности. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТУІТЫВІ́ЗМ,
філасофская плынь, якая асн. спосабам спасціжэння быцця лічыць непасрэднае інтуітыўнае пранікненне ў сутнасць розных прадметаў і з’яў. Для І. характэрна разуменне інтуіцыі як самай «каштоўнай» псіхічнай здольнасці ў параўнанні з дыскурсіўным, лагічным мысленнем. Асаблівае значэнне ідэі І. набылі ў розных містычных плынях, у якіх містычная інтуіцыя лічылася найвышэйшай формай спасціжэння звышрэальнасці ў яе сувязі з рэальнасцю асабістага «Я». На важную ролю інтуіцыі ў пазнанні рэчаіснасці звярнулі ўвагу ўжо ант. філосафы (Платон, Арыстоцель). Як асобны філас. кірунак 1. узнік на мяжы 19—20 ст., што было своеасаблівай рэакцыяй на пашырэнне рацыянальнага спосабу мыслення. Вылучаюць 2 разнавіднасці І. Для адной характэрна супрацьпастаўленне інтэлекту і інтуіцыі (А.Бергсон і інш. прадстаўнікі «філасофіі жыцця»), для другой — спроба арганічна спалучыць інтэлектуальнае і інтуітыўнае пазнанне (М.А.Лоскі, С.Франк, Э.Жыльсон, Ж.Марытэн, часткова Э.Гусерль, М.Шэлер, Н.Гартман). У цэлым І. імкнецца абгрунтаваць поўную аўтаномію інтуітыўнага пазнання ад прыродазнаўчага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Юрый Паўлавіч) (8.8.1927, Масква — 29.11.1982),
рускі пісьменнік. Скончыў муз. вучылішча імя Гнесіных (1951), Літ.ін-т імя М.Горкага (1958). Друкаваўся з 1952. Выдаў зб-кі апавяданняў «Манька» (1958), «На паўстанку» (1959), «Па дарозе» (1961), «Блакітнае і зялёнае» (1963), «Пах хлеба» (1965), «Двое ў снежні» (1966), «Восень у дубовых лясах» (1969), «У сне ты горка плакаў» (1977), «Аленевы рогі» (1980) і інш. К. — паслядоўнік традыцый рус. класічнай прозы. Яго апавяданні вылучаюцца эмацыянальнасцю, стройнасцю, псіхал. насычаным пейзажам, спалучэннем лірыка-рамант. пачатку з жорсткім рэалізмам. Асн. тэмы твораў — вернасць доўгу і свайму прызначэнню, здзіўленне перад загадкай жыцця (кн. нарысаў пра памораў «Паўночны дзённік», 1961, навелы пра жывёл). Выступіў у абарону Салаўкоў. Аўтар кніг для дзяцей. На бел. мову паасобныя творы К. пераклаў А.Жук.
Тв.:
Избранное. М., 1985;
Две ночи. М., 1986;
Бел.пер. — Арктур — гончы сабака. Мн., 1976.
Літ.:
Кузьмичев И.С. Юрий Казаков: Набросок портрета. Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬВІ́Н ((Calvin) Жан) (10.7.1509, г. Нуаён, Францыя — 27.5.1564),
дзеяч Рэфармацыі, заснавальнік кальвінізму. Вывучаў багаслоўе ў Буржы, права ў Парыжы і Арлеане. Апрача тэалогіі ведаў стараж. мовы, мастацтва, меў ступень доктара правазнаўства. Пад уплывам ідэй М.Лютэра і Эразма Ратэрдамскага адрокся ад каталіцкай веры, прыняў пратэстанцтва. З 1536 у Жэневе, узначаліў новую царк. арг-цыю, якая фактычна падначаліла свецкую уладу (23 гады К. быў «жэнеўскім папам»).
Яго ўлада грунтавалася на тэакратычным дыктаце кальвінізму, строгім рэгламентаванні грамадскага і асабістага жыцця вернікаў. Выкаранялася ўсякае вальнадумства, праціўнікі вучэння жорстка праследаваліся (у 1533 быў пакараны смерцю ісп. вучоны М.Сервет). У сваім вучэнні, выкладзеным у кн. «Навучанне хрысціянскай веры» (1536), у прамовах і памфлетах К. зыходзіў з абсалютнага прадвызначэння лёсу чалавека. Лічыў, што жыццёвыя ўдачы спадарожнічаюць «выбраннікам» божым, а няўдачы сведчаць пра тое, што чалавек асуджаны Богам. Дзейнасць К. спрыяла распаўсюджванню пратэстантызму ў Еўропе.
Тв.:
Рус.пер. — Наставление в христианской вере. Т. 1, кн. 1—2. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТА́С (сапр.Сагаманян Сагамон Геворкавіч; 8.10.1869, мяст. Куціна, Турцыя — 22.10.1935),
армянскі кампазітар, фалькларыст, спявак, харавы дырыжор, муз. дзеяч; заснавальнік арм. класічнай музыкі, нац. школы спеваў і навук.муз. этнаграфіі. Музыцы вучыўся ў Эчміядзінскай духоўнай акадэміі, таксама ў М.Екмаляна ў Тбілісі (1895). У 1896—99 у Берліне, дзе скончыў прыватную кансерваторыю Р.Шміта і ун-т. Узначальваў муз. класы і арганізаваны ім хор Эчміядзінскай акадэміі. Майстар хар. поліфаніі. Збіраў і даследаваў муз. фальклор (запісаў больш за 3000 арм., курдскіх, перс., тур.нар. песень). З-за канфлікту з царк. ўладамі ў 1910 пераехаў у Стамбул, з 1919 жыў у Парыжы. Апошнія 20 гадоў жыцця пакутаваў ад цяжкай душэўнай хваробы. Яго творчасць адыграла вял. ролю ў фарміраванні нац. кампазітарскай школы. Аўтар фп. мініяцюр і інш.інстр. п’ес.
Літ. тв.: Собр. соч.Т. 1—6. Ереван, 1969—82.
Літ.:
Шавердян А.И. Комитас и армянская музыкальная культура. Ереван, 1956;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́ЦКІ (Андрэй Рыгоравіч) (парт.псеўд.Лёкса, Хвастоў, літ.псеўд.Язэп Пралеска; 2.5.1897, г. Маладзечна Мінскай вобл. — 17.5.1934),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, літаратар. Скончыў Камуніст.ун-т Беларусі (1931). З 1916 у арміі, з 1919 у Чырв. Арміі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. На 2-й канферэнцыі КПЗБ (1924) выбраны чл.ЦК. У пач. 1925 актыўна падтрымліваў сэцэсію. У сак. 1928 па даручэнні ЦККПЗБ разам з С.А.Клінцэвічам удзельнічаў у ліквідацыі ў Вільні М.І.Гурына-Маразоўскага. Тройчы (1920, 1922, 1925) быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў турму. У час знаходжання ў БССР працаваў у Гістпарце пры ЦККП(б)Б, заг. сектара друку ЦККП(б)Б, в.а. рэдактара газ. «Савецкая Беларусь». У 1933 арыштаваны па справе «Беларускі нацыянальны цэнтр», у 1934 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.
Тв.:
Паноў трэба знішчаць гуртам: Апавяданні з жыцця Заходняй Беларусі. Мн., 1932.