ВАРО́НІН (Сяргей Аляксеевіч) (н. 13.7.1913, г. Любім Яраслаўскай вобл., Расія),
рускі пісьменнік. Гал. рэдактар час. «Нева» (1957—63). Першы зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1947). Вострыя пытанні жыцця і маралі ў раманах «На сваёй зямлі» (кн. 1—2, 1948—52), «Два жыцці» (1962), аповесці «Непатрэбная слава» (1955). Манера пісьма Вароніна сціслая, псіхалагічна ёмістая: зб-кі апавяданняў «Дом насупраць» (1954), «У паводку» (1958), «У чаканні цуду» і «Раман без кахання» (1968). Аўтар аповесцяў «Мілы ты мой!..» (1976), «У цябе ёсць усё, Ягораў!» (1983), «Жыццяпіс І.П.Паўлава» (1989) і інш., кнігі пра пісьменніцкую працу «Час вынікаў» (1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛДЭ ((Velde) Хенры) (Анры) Клеменс ван дэ (3.4.1863, г. Антверпен, Бельгія — 25.10.1957),
бельгійскі архітэктар і майстар дэкар. мастацтва. Вучыўся ў АМ у Антверпене (1881—83) і ў Парыжы. Адзін з заснавальнікаў ням.Веркбунда (1907). Кіраваў маст.-прамысл. школай у Веймары (1902—14), Нац. вышэйшай школай дэкар. мастацтваў у Бруселі (з 1926). Ініцыятар стылю мадэрн, пазней тэарэтык і лідэр функцыяналізму. Сярод яго твораў інтэр’еры Фолькванг-музея ў Хагене (1901—02), дом Эшэ ў Хемніцы (1902—03), тэатр Веркбунда ў Кёльне (1914; усе ў Германіі); музей Кролер-Мюлер у Отэрла (Галандыя, 1926—37), бібліятэка ун-та ў Генце (Бельгія, 1935—40).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.
У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТЭ́РЫЯ (італьян. osteria),
заезны дом; тып карчмы. Вядома ў Польшчы і на Беларусі з 16 ст., найб. пашырана з 18 ст. Размяшчаліся аўстэрыі звычайна на гандл. плошчах або гал. вуліцах гарадоў і мястэчак. Будавалі іх з дрэва, цэглы, у тэхніцы «прускага муру». У плане пераважала форма прамавугольніка. Уключалі стайні, вазоўні, гасціныя пакоі, каморы. Гасціныя пакоі абсталёўваліся лавамі, сталамі, мелі кафляную грубку для ацяплення памяшкання і мураваную печ для гатавання ежы. Некаторыя аўстэрыі былі складанымі комплексамі, якія ўключалі жылыя, гасп., гандлёвыя і інш. будынкі, згрупаваныя вакол агульнага двара. Аўстэрыі сталі прататыпам для гасцініц і паштовых станцый.
Аўстэрыя ў в. Варняны (Астравецкі раён Гродзенскай вобл.). Агульны выгляд. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДАВЕ́ЦТВА,
прадпрыемства (дзяржаўнае, грамадскае, кааператыўнае ці прыватнае), што ажыццяўляе падрыхтоўку і выпуск (выданне) кніг, газет, часопісаў, нот, плакатаў і інш. відаў друкаванай прадукцыі. На Беларусі працуюць (1996) 1273 выдавецтвы, прадпрыемствы і арг-цыі з правам выдавецкай дзейнасці. Сярод іх 13 дзярж. выдавецтваў (бланкавыдавецтва «Белбланкавыд», «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, «Беларускі Дом друку», «Беларусь», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Міжвыдавецкі фотацэнтр», «Навука і тэхніка», «Народная асвета», «Полымя», «Універсітэцкае», «Ураджай», «Юнацтва»), 603 пры прадпрыемствах і арг-цыях з калект. формай уласнасці, 114 пры прыватных прадпрыемствах і арг-цыях, 56 пры грамадскіх арг-цыях, 27 пры НДІ, 26 пры навуч. установах, 20 пры рэліг. арг-цыях і інш. Пра выдавецтвы, якія дзейнічалі на Беларусі, гл. ў арт.Выдавецкая справа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ БОР,
вёска ў Велікаборскім с/с Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 25 км ад г. Хойнікі, 120 ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Партызанская. 1239 ж., 418 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.
Вядома з 16 ст., вёска ў Кіеўскім ваяв. Каралеўства Польскага. Знаходзілася ва ўладанні Парышэвічаў, Шуйскіх, Прозараў і інш. З 1793 у Рас. імперыі, сяло Хойніцкай вол. Рэчыцкага пав. У 1866 адкрыта нар. вучылішча. У 1886 — 527 ж., 58 двароў, царква, млын. З 1919 у РСФСР, з 1926 у БССР. У Вял.Айч. вайну 3.6.1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, расстралялі і спалілі 36 яе жыхароў. У 1970 — 1120 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БАЙСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Парк рэгулярнага тыпу сіметрычна-восевай планіроўкі. Пл. каля 5 га. У плане квадрат, абмежаваны каналамі. У цэнтры ўсх. канала быў круглы вадаём (дыяметр каля 30 м) з фантанамі (не зберагліся), па вуглах — прамавугольныя вадаёмы. Унутры парку сіметрычнай сістэмай каналаў і сажалак створаны цэнтр. плошча і 2 астравы з паркавымі пасадкамі і прамавугольнымі ўчасткамі пладовых садоў. У канцы 18 ст.цэнтр. плошча, на якой размяшчаліся 2-павярховы мураваны сядзібны дом (не збярогся) з партэрам перад ім, капліца і гасп. пабудовы, перапланавана ў пейзажным стылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНАЯ РУ́СКАЯ РА́ДА,
украінская нац.-культ. і паліт.арг-цыя ў Аўстр. імперыі ў 1848—51. Створана ў Львове прадстаўнікамі ўкр. інтэлігенцыі і уніяцкага духавенства ў час рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі. Мела філіялы. Паводле праграмнага дакумента рады — адозвы да ўкр. народа ад 10.5.1848 — галіцыйскія ўкраінцы ўпершыню афіцыйна абвешчаны часткай укр. народа. Дамагалася нац.-культ. аўтаноміі ўкраінцаў у складзе Аўстр. імперыі, выкладання ў нар. школах на ўкр. мове і інш. Стварыла культ.-асв.т-ва, адкрыла Нар.дом у Львове, правяла з’езд дзеячаў укр. культуры, выдавала першую ў Галіцыі ўкр.газ. «Зоря галицька». Распушчана аўстр. ўладамі.
Літ.:
Косачевская Е.М. Восточная Галиция накануне и в период революции 1848 г. Львов, 1965.
расійскі акцёр і рэжысёр; адзін з заснавальнікаў сав.т-ра лялек. Засл. арт. Расіі (1934). У 1918 пачаў сцэн. дзейнасць як акцёр-аматар. У 1924 арганізаваў і ўзначаліў тэатр лялек-пятрушак у Ленінградзе, у 1930 аб’яднаны з Т-рам марыянетак Л.Шапорынай-Якаўлевай пад назвай Ленінградскі лялечны т-р пад кіраўніцтвам Я.Дземяні, дзе ён выступаў як акцёр і рэжысёр. Ставіў спектаклі для дзяцей і дарослых: «Казёл» (1925) і «Кошчын дом» (1926) С.Маршака, «Вяселле» А.Чэхава (1928), «Канёк-Гарбунок» паводле П.Яршова, «Казка пра згублены час» (1940) Я.Шварца, «Лекар паняволі» Мальера. Аўтар кніг і артыкулаў пра т-р лялек. З 1929 выступаў з лялькамі на эстрадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАВІ́К,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека ў белай вопратцы, з сівой барадой і доўгімі валасамі, які жыў у хаце (пад ці за печчу) або ў сенцах, каморы, клеці. Паводле павер’яў у кожнай хаце (сям’і) быў свой Д. (увасабляў памерлага гаспадара), які нібыта ахоўваў дом, клапаціўся пра гаспадарку, назіраў за сямейным побытам і інш. Прымхлівыя людзі імкнуліся задобрыць Д.: у памінальныя і святочныя дні яго клікалі да стала, «частавалі» лепшымі стравамі, прасілі, каб не рабіў шкоды. Рэліг. значэнне вобраз Д. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст. Знайшоў адлюстраванне ў бел. фальклоры (пераважна ў былічках).