РУБЕ́ЛЬ,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Чаква. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнУ ад г. Столін, 263 км ад Брэста, 26 км ад чыг. ст. Гарынь. 4138 ж., 1350 двароў (2001). Ільнозавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Успенская царква (1996). Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Рубельская Міхайлаўская царква. Каля вёскі селішча і могільнік зарубінецкай культуры.

Вядома з 1458 пад назвай Любра (Любер), якая да канца 18 ст. эвалюцыяніравала ў Рубля, Рубель. У 16—18 ст. вёска ў Пінскім пав. Брэсцкага ваяв. ВКЛ, належала Зышчынічам, Пашкевічам, Разановічам. З 1793 у Рас. імперыі, у Хорскай воласці Мазырскага пав. Мінскай губ. У 1886—450 ж., 146 двароў, царква. З 1921 у Польшчы. у Хорскай гміне Столінскага пав. У 1932—4166 ж. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр сельсавета Давыд-Гарадоцкага р-на Пінскай, з 1954 Брэсцкай абл. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты спалілі вёску, загубілі 122 яе жыхары. З 1961 у Столінскім р-не. У 1959—4668 ж., у 1970—5565 ж.

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)