трэцяя ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Астранамічны знак ♁ або . Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце, блізкай да кругавой (з эксцэнтрысітэтам 0,017) з сярэдняй скорасцю каля 30 км/с. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 149,6 млн.км (1 астр. адзінка), перыяд абарачэння 365,24 сярэдніх сонечных cутак (трапічны год). На сярэдняй адлегласці 384,4 тыс.км ад З. вакол яе абарачаецца прыродны спадарожнік Месяц, а з канца 1950-х г. запушчана шмат штучных спадарожнікаў. З. абарачаецца вакол сваёй восі, якая мае нахіл да плоскасці экліптыкі, роўны 66°33′22″, за 23 гадз 56 мін (зорныя суткі). Перыяд абарачэння адносна Сонца (сонечныя суткі) 24 гадз. З абарачэннем вакол Сонца і нахілам зямной восі звязана змена на З. пораў года, а з вярчэннем яе вакол восі — змена дня і ночы. Мае форму, блізкую да трохвосевага эліпсоіднага сфероіда (геоіда), сярэдні радыус якога 6371 км, экватарыяльны — 6378,2 км, палярны — 6356,8 км; даўж. акружнасці экватара 40 075,7 км. Пл. паверхні З. 510,2 млн.км² (у т. л. суша 149,1 млн.км², або 29,2%, мораў і акіянаў 361,1 млн.км², або 70,8%), аб’ём 1083∙1012км³, маса 5976∙1021кг, сярэдняя шчыльн. 5518 кг/м³. Беларусь займае 0,139% тэр. сушы (207,6 тыс.км²). Мае гравітацыйнае, магн. і эл. палі. У саставе З. пераважаюць жалеза (34,6%), кісларод (29,5%), крэмній (15,2%) і магній (12,7%). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў, З. ўтварылася каля 4,7 млрд. гадоў назад з рассеянага ў пратасонечнай сістэме газа-пылавога рэчыва. Геал. яе гісторыя падзяляецца на 2 няроўныя этапы: дакембрый (каля 3 млрд. гадоў) і фанеразой (каля 570 млн. гадоў). У выніку дыферэнцыяцыі рэчыва З. пад уздзеяннем яе гравітацыйнага поля, ва ўмовах разагравання нетраў узніклі і развіліся розныя паводле хім. саставу, агрэгатнага стану і фіз. асаблівасцей абалонкі — геасферы З. У цэнтры яе знаходзіцца ядро Зямлі з радыусам 3,5 тыс.км. Т-ра яго прыкладна 5000—6000 °C, ціск дасягае 3,6∙1011 Па, шчыльн. каля 12500 кг/м³ Большую ч. аб’ёму (83%) і масы (67%) «цвёрдай» З. складае мантыя Зямлі. Над мантыяй знаходзіцца зямная кара. Паводле складу і інш. асаблівасцей адрозніваюць мацерыковую кару (магутнасцю ад 35—45 км пад раўнінамі да 75 км у горных абласцях) і акіянічную (магутнасцю 5—10 км). У зямной кары вылучаюць рухомыя вобласці — геасінкліналі і адносна спакойныя — платформы. Верхняя ч. мантыі і зямная кара ўтвараюць літасферу — цвёрдую верхнюю абалонку З. таўшчынёй ад 50 да 200 км. Асабліва важную ролю ва ўтварэнні асадкавага покрыва З. адыгрывае кара выветрывання — слой таўшчынёй звычайна да некалькіх дзесяткаў метраў, размешчаны ў зоне кантакту літасферы з паверхняй З., дзе актыўна працякаюць працэсы фіз., хім. і біял. выветрывання. Большую ч. паверхні З. пакрываюць воды акіянаў і мораў. У акіянах і морах больш за 96% вады гідрасферы, астатняя яе частка размеркавана паміж паверхневымі і падземнымі водамі сушы, ільдамі (пераважна ў высокіх шыротах) і снягамі; нязначная колькасць вільгаці знаходзіцца ў паветры і жывых арганізмах. Агульная колькасць вады на З. ацэньваецца ў 1,4—1,5 млрд.км³. Сусв. акіян падзяляецца на Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны; у Паўд. паўшар’і зрэдку вылучаюць Паўд. акіян. Сярэдняя глыб. акіянаў 3711 м, найбольшая — 11 022 м (у Марыянскім глыбакаводным жолабе Ціхага ак.). У Паўн. паўшар’і вада пакрывае 61%, у Паўд. — 81% паверхні. Працэсы перамешвання і марскія цячэнні звязваюць воды акіянаў у адзінае цэлае, таму іх салёнасць мяняецца мала — сярэдняя 35 г/л. Вял. роля акіянаў у кругавароце рэчываў на З. і ў фарміраванні клімату яе асобных раёнаў.
Над акіянамі ўзвышаюцца асобныя масівы сушы, якія ўздымаюцца ў сярэднім на выш. 875 м над узр. м. і ўтвараюць 6 мацерыкоў (Еўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Антарктыда і Аўстралія), а таксама шматлікія астравы. Большая ч. сушы знаходзіцца ў Паўн. паўшар’і, а пры падзеле на Зах. і Усх. паўшар’і — ва Усходнім. У рэльефе пераважаюць раўніны і нізкагор’і выш. да 1000 м, якія складаюць каля 2/3 паверхні. Сярэднія і высокія горы займаюць каля 1/3 паверхні сушы (самая высокая адзнака — 8848 м, г. Джамалунгма ў Гімалаях). Асобныя невял. ўнутр. раёны сушы ляжаць ніжэй узр. м. (самая нізкая яе адзнака -400 м у Зах.Азіі, на ўзбярэжжы Мёртвага м.). Рэльеф сушы і марскога дна ў асобных рэгіёнах надзвычай разнастайны, што абумоўлена складанымі ўзаемасувязямі эндагенных (пераважна тэктанічных) і экзагенных (эразійных, эолавых, карставых і інш.) рэльефаўтваральных працэсаў. З. акружае паветр.атмасфера, якая складаецца ў асноўным з сумесі азоту (78,08%) і кіслароду (20,95%); у нязначнай колькасці ёсць інертныя газы, вадзяная пара і інш. Агульная маса паветра 5,151015т, з вышынёй яго ціск і шчыльнасць памяншаюцца. Атмасфера мае слаістую будову (вылучаюць трапасферу, стратасферу, мезасферу, іонасферу, тэрмасферу, экзасферу, якія паслядоўна зменьваюцца ад паверхні З. і адрозніваюцца адна ад адной тэмпературай, шэрагам фіз. і хім. уласцівасцей). Атмасфера затрымлівае значную частку сонечнай энергіі і амаль непразрыстая для цеплавога выпрамянення З.; у выніку наяўнасці ў ёй вуглякіслага газу і вадзяной пары стварае парніковы эфект. Яна таксама ахоўвае паверхню З. ад разбуральнага ўздзеяння большасці метэарытаў. На выш. 20—25 км знаходзіцца азонавы слой (азонасфера), які затрымлівае б.ч. вельмі шкоднага для жывых істот караткахвалевага касм. выпрамянення. Паміж атмасферай і зямной паверхняй адбываецца абмен цяплом і вільгаццю, што выклікае пастаянны кругаварот вады з утварэннем воблакаў (пакрываюць пастаянна не менш 1/2 паверхні З.) і выпадзеннем ападкаў. Паветра знаходзіцца ў бесперапынным руху; яго цыркуляцыя, абумоўленая пераважна нераўнамерным награваннем паверхні З. ў розных шыротах, моцна ўплывае на надвор’е і клімат розных абласцей. Рэзкая верхняя мяжа атмасферы адсутнічае, шчыльнасць яе газаў на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў ад паверхні паступова набліжаецца да шчыльнасці міжпланетнай прасторы. Самая вонкавая і працяглая абалонка — магнітасфера Зямлі, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем З.; у ёй на выш. 3—4 тыс.км і 22 тыс.км над экватарам знаходзяцца ўнутр. і вонкавы радыяцыйныя паясы З. Асн. крыніцай энергіі, што паступае на паверхню З., з’яўляецца электрамагн. выпрамяненне Сонца, якое праходзіць праз атмасферу. Агульная колькасць сонечнай энергіі і цяпла ў выніку рознага нахілу зямной паверхні да сонечных промняў заканамерна памяншаецца ад тропікаў да полюсаў, што з’яўляецца гал. прычынай кліматычнай і геагр. занальнасці. На зямным шары вылучаюць экватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя, трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы, а таксама субарктычны і арктычны (у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я), субантарктычны і антарктычны (у высокіх шыротах Паўд. паўшар’я), якія адрозніваюцца паміж сабой тэмпературнымі ўмовамі і інш. асаблівасцямі клімату і ландшафтаў. Сярэдняя т-ра прыземнага слоя паветра на планеце 14 °C, у пустынях Паўн. Афрыкі і Каліфорніі адзначаліся максімальныя т-ры 57—58 °C, самыя нізкія т-ры на паверхні З. назіраліся над ледавікамі цэнтр. раёнаў Антарктыды (каля -90 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на зямным шары каля 1000 мм, найб. іх выпадае ў гарах Усх. Індыі і Гавайскіх а-воў (да 12 000 мм за год), найменш — у некат. субтрапічных і трапічных пустынях (некалькі міліметраў, месцамі — не кожны год), а таксама ў ледзяных пустынях высокіх шырот Арктыкі і Антарктыкі (амаль выключна ў цвёрдым выглядзе). Колькасць ападкаў і іх сезонная зменлівасць у розных рэгіёнах З. вызначаюцца ў асноўным умовамі цыркуляцыі атмасферы і мясц. араграфічнымі асаблівасцямі. Клімат З. значна мяняўся ў розныя геал. эпохі. Найважнейшая асаблівасць З., што адрознівае яе ад інш. планет Сонечнай сістэмы, — існаванне жыцця, якое ўзнікла каля 3—3,5 млрд. гадоў назад (ёй садзейнічала наяўнасць на З. фіз. і хім. умоў, неабходных для сінтэзу складаных арган. малекул).
Вобласць актыўнага жыцця ўтварае асобную абалонку З. — біясферу, склад, будова і энергет. працэсы ў якой ў значных рысах абумоўлены дзейнасцю жывых арганізмаў, што ўтвараюць у сукупнасці жывое рэчыва; у біясферы адбываецца біял. кругаварот рэчыва на З. Працяглая гісторыя развіцця біясферы і значныя прасторавыя адрозненні прыродных умоў садзейнічалі вял. разнастайнасці жыццёвых форм. На З. існуе каля 2 млн. відаў жывёл і раслін (па колькасці відаў пераважаюць жывёлы, па аб’ёме біямасы — расліны). Найб. колькасць жывёл і раслін жыве ў цёплых і вільготных раёнах сушы — у вільготных тропіках, найменшая — у сухіх і гарачых трапічных пустынях і ў ледзяных пустынях Арктыкі і Антарктыкі. Біямаса сушы (6,5∙1012т) у сотні разоў перавышае біямасу акіянаў. Найб. дыферэнцыраваныя склад і будову ў межах З. мае геаграфічная абалонка, што аб’ядноўвае цесна ўзаемадзейныя ніжнія слаі атмасферы, верхнія тоўшчы літасферы, амаль усю гідрасферу і ўсю біясферу, паміж якімі адбываецца бесперапынны абмен рэчывам і энергіяй. Яе магутнасць не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, але ў яе межах назіраецца вял. дыферэнцыяцыя прыродных ландшафтаў, што асабліва ўзмацняецца ў гарах, дзе на фоне шыротнай занальнасці адзначаюцца праяўленні вышыннай пояснасці. Каля 30% паверхні сушы ўкрываюць лясы, каля 20% — саванны і рэдкалессі, каля 20% — пустыні і паўпустыні, больш як 10% — ледавікі, каля 10% — астатнія матуральныя ландшафты, больш за 10% пад ворнымі землямі і урбанізаванымі тэрыторыямі. Са з’яўленнем чалавека (не менш як 3 млн. гадоў назад) жыццё на З. дасягнула разумнай формы. У ходзе грамадскага развіцця геагр. абалонка дае чалавеку прыродныя рэсурсы і ўмовы існавання, зазнае ўсё большае антрапагеннае ўздзеянне на ўсе кампаненты і на ландшафты ў цэлым; гэтым яна адрозніваецца ад інш. абалонак З. Працэсы ўзаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя, іх экалагічныя, сац., эканам., паліт. вынікі набываюць планетарны характар. Ад вырашэння праблем, якія ўзніклі ў ходзе гэтага ўзаемадзеяння, залежыць будучае З. і чалавецтва. З. вывучаюць геадэзія (даследуе фігуру і памеры З.), астраномія (рух З. як нябеснага цела), геафізіка (стан рэчыва З. і фіз. працэсы ва ўсіх геасферах), геахімія (размеркаванне хім. элементаў З. і працэсы іх міграцыі), геалогія (гісторыю развіцця З., склад, будову зямной кары і больш глыбокіх сфер), фізічная геаграфія і біялогія (прыродныя працэсы і з’явы, што адбываюцца ў геагр. абалонцы і біясферы). З. з’яўляецца канчатковым аб’ектам даследавання ўсіх навук, якія вывучаюць законы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства. На З. знаходзіцца 191 дзяржава і шэраг несамастойных тэрыторый (1997).
Літ.:
Мильков Ф.Н. Общее землеведение. М., 1990.
В.П.Якушка.
Да арт.Зямля. Выгляд Зямлі з космасу. Бачны Афрыка, частка Антарктыды, Аравійскі паўвостраў.Да арт.Зямля. Касмічны здымак паўднёва-заходняй часткі Гімалаяў.Да арт.Зямля. Частка рэльефнай карты дна Ціхага акіяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАРДА́НІЯ, Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства (Аль-Мамляка аль-Урдунія аль-Хашымія),
дзяржава ў Заходняй Азіі. На З мяжуе з Ізраілем і тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, на Пн — з Сірыяй, на ПнУ — з Іракам, на У і Пд — з Саудаўскай Аравіяй; на Пд мае выхад да зал. Акаба Чырвонага м. Падзяляецца на 10 губернатарстваў (мухафаз). Пл. 89,4 тыс.км². Нас. 4212 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Аман. Афіц. мова арабская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (25 мая) і Дзень нараджэння караля Хусейна I (14 лістапада).
Дзяржаўны лад. І. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1952 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль, які валодае шырокімі паўнамоцтвамі: назначае і змяшчае прэм’ер-міністра і міністраў, зацвярджае законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, мае права роспуску палаты дэпутатаў і інш. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны Нац. сход, які складаецца з сената (30 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады) і палаты дэпутатаў (60 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам. На чале правінцый стаяць губернатары, акруг і раёнаў — начальнікі. Суд. сістэма складаецца з 3 відаў судоў: свецкія, рэлігійныя (шарыяцкія) і асобыя (племянныя, ваен. трыбуналы і суды дзярж. бяспекі). Члены свецкіх судоў назначаюцца каралём.
Прырода. Асн. частка І. занята пустынным пласкагор’ем (800—1300 м). Над ім узвышаюцца асобныя горы да 1764 м (г. Рам на Пд). На З цягнецца з Пн на Пд глыбокая тэктанічная ўпадзіна Гхор з далінай р. Іардан і Мёртвым м. (на 400 м ніжэй узр. акіяна). Карысныя выкапні: фасфарыты (запасы каля 1,5 млрд.т), калійныя солі (у Мёртвым м.), медныя і марганцавыя руды. Клімат субтрапічны з сухім і гарачым летам. Т-ра паветра 7—12 °C у студз., 23—28 °C у ліпені. Ападкаў каля 700—500 мм на 3, каля 100 мм і менш на У і Пд. Расліннасць паўпустынная і пустынная, разрэджаная, пераважаюць хмызнякі і травы, якія вегетуюць у перыяд выпадзення ападкаў. Ёсць аазісы з фінікавымі пальмамі. Пад лесам каля 1% тэрыторыі. Нац. парк Азрак.
Насельніцтва. Каля 98% арабы, у т. л. палесцінскія бежанцы; жывуць таксама армяне, чэркесы, чэчэнцы, туркі, курды і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (92%), астатнія пераважна хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 47,1 чал. на 1 км², на З, асабліва ў даліне р. Іардан, больш за 100 чал. на 1 км². На У і Пд насельніцтва рэдкае, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі-бедуіны, у якіх захаваўся падзел на плямёны. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1994). Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1994): Аман — 963,5 (з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж.), Эз-Зарка — 344,5, Ірбід — 208,2. У прам-сці і буд-ве заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 7%, у гандлі і абслуговых галінах — 63%. Некалькі соцень тысяч іарданцаў працуюць за мяжой, пераважна ў араб. краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. І. насялялі семіцкія плямёны хананеяў. У 3—2-м тыс. да н.э. на іх нападалі фінікійцы, хеты і інш. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э.тэр. І. ў складзе Ізраільска-Іудзейскага царства. У канцы 1-га тыс. да н.э. — цэнтр араб.Набатэйскай дзяржавы. З 4 ст.тэр. І. ў складзе Візантыі, у 7 ст. заваявана арабамі і стала ч. Арабскага халіфата. На тэр. І. пашырыліся іслам і араб. мова, развіваліся феад. адносіны. У 11—15 ст. пад уладай крыжаносцаў, сельджукаў, егіп. мамлюкаў. З пач. 16 ст. да 1918 у складзе Асманскай імперыі. У 1918 акупіравана англ. войскамі, у 1920 уключана ў брыт. мандат на Палесціну. У 1921 тэр. 1. вылучана ў асобную адм. адзінку — эмірат Трансіарданія на чале з эмірам. У 1923 англічане абвясцілі незалежнасць эмірата, хоць фактычна ўладу трымалі ў сваіх руках. Англа-трансіарданскі дагавор 1928 (гл.Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948) фармальна пакідаў пэўную ўладу эмірам, але замацоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць на тэр. Трансіарданіі ўзбр. сілы, кантраляваць мясц.ваен. фарміраванні, знешнюю палітыку, фінансы і ўзбр. сілы. Знешняя палітыка краіны магла весціся толькі праз брыт.вярх. камісара ў Іерусаліме і яго рэзідэнта ў Амане. Пасля 2-й сусв. вайны Вялікабрытанія вымушана была пайсці на некат. ўступкі. Дагавор 1946 аб дружбе і саюзе, падпісаны ў Лондане на 25 гадоў, фармальна адмяняў брыт. мандат на Трансіарданію (эмірат абвяшчаўся незалежным каралеўствам), аднак захоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць войскі, саветнікаў і экспертаў. 25.5.1946 краіна стала наз. І. (Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства), эмір Абдалах — каралём І. Прынятая ў 1947 канстытуцыя замацоўвала вярх. ўладу караля і абмяжоўвала паўнамоцтвы парламента. Дагавор 1948 крыху пашыраў кампетэнцыю ўлад І. і прадугледжваў паступовы вывад брыт. войск з краіны, але Вялікабрытанія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў выпадку вайны, трымаць ваен. базы ў Амане і Мафраку. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 войскі І. занялі цэнтр. раёны Палесціны (т. зв.Заходні бераг ракі Іардан) і ўсх.ч. Іерусаліма, якія ў 1950 афіцыйна ўключаны ў яе склад. Фактычная анексія ч.Усх. Палесціны пагоршыла адносіны І. з інш.араб. краінамі. У 1952 каралём І. стаў Хусейн ібн Талал, які выкарыстоўваў для ўзмацнення і развіцця дзяржавы замежную фін. дапамогу (складала больш як 2/5 бюджэту краіны). На парламенцкіх выбарах 1956 перамаглі нац.-патрыят. сілы І., што сарвала спробы Вялікабрытаніі і ЗША уцягнуць краіну ў агрэсіўныя ваен.-паліт. блокі. 14.3.1957 урад ануляваў англа-іарданскі дагавор 1948, а 2.11.1958 брыт. войскі выведзены з тэр. І. У пач. 1960-х г. правячыя колы краіны пайшлі на частковую дэмакратызацыю грамадскага жыцця і правядзенне знешняй палітыкі, незалежнай ад зах. дзяржаў. У 1963—64 1. ўстанавіла дыпламат. і гандл. адносіны з СССР і краінамі Усх. Еўропы. У ізраільска-арабскую вайну 1967 І. пацярпела паражэнне, Ізраіль акупіраваў зах. бераг р. Іардан і Усх. Іерусалім, краіна страціла чвэрць апрацаваных зямель, амаль палавіну прамысл. прадпрыемстваў (каля 4 тыс.), скараціліся даходы ад турызму, колькасць палесцінскіх бежанцаў павялічылася да 800 тыс.чал. Ліквідацыя наступстваў ізраільскай агрэсіі заняла вядучае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы краіны. У 1988 І. прызнала Палесціну і адмовілася ад прэтэнзій на зах. бераг р. Іардан (паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 ён атрымаў частковую аўтаномію). З 1991 удзельнічае ў перагаворах па ўрэгуляванні блізкаўсх. канфлікту. У кастр. 1994 І. і Ізраіль падпісалі мірны дагавор. І. — член ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. У 1993 легалізаваны паліт. партыі, якія пазней прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Асн. партыі: Іарданскі нац. саюз, Партыя ісламскага дзеяння (звязана з Асацыяцыяй братоў-мусульман), Нар. саюз, Нар.дэмакр. партыя (крыло Дэмакр. фронту вызвалення Палесціны), іарданскае аддзяленне Партыі араб.сацыяліст. адраджэння (з 1957 нелегальнае). Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — краіна са слабаразвітай шматукладнай эканомікай, слабай індустр. базай. Краіна залежыць ад знешняй дапамогі і пазык (каля 1 млрд.дол. за год), валютных паступленняў ад іарданцаў, што працуюць за мяжой. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 1200 долараў. 26% нац. даходу дае прам-сць, 8% — сельская гаспадарка, 66% — абслуговыя галіны. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, цэментная, нафтаперапрацоўчая. Здабыча высакаякасных фасфарытаў вядзецца пераважна адкрытым спосабам на радовішчах Эр-Русейфа (каля Амана) і Хаса (на Пд); гадавая здабыча 5925 тыс.т (1994). З расолаў Мёртвага м. здабываюць калійныя солі — 1,4 млн.т (1994). Каля Амана на мясц. сыравіне працуе цэментны з-д (каля 1 млн.т цэменту за год). У г. Эз-Зарка нафтаперапр. (атрымлівае нафту з Ірака па адгалінаванні нафтаправода Кіркук—Сайда) і акумулятарны з-ды, суконная ф-ка. Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце, вытв-сць электраэнергіі 4,2 млрд.кВт∙гадз (1993). Ёсць прадпрыемствы харч., тэкст., вінаробчай, тытунёвай, папяровай, буд. матэрыялаў (у т. л. па апрацоўцы мармуру) прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, выраб прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, керамічных і скураных вырабаў. Больш за 70% прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Амане і яго наваколлі. Сельская гаспадарка задавальняе толькі 1/4 патрэб насельніцтва ў харч. прадуктах. Характэрна памешчыцкае землеўладанне, сяляне — пераважна арандатары. Пустыні і паўпустыні, якія займаюць 94,1% тэрыторыі, выкарыстоўваюцца пад экстэнсіўную малапрадукц. жывёлагадоўлю. Апрацоўваецца каля 400 тыс.га, у т. л. арашаецца каля 100 тыс.га. Галоўны земляробчы раён — даліна р. Іардан (разнастайныя фрукты, пшаніца, ячмень, кукуруза, сачавіца, бабовыя, памідоры, баклажаны, капуста, агуркі, кавуны, дыні). Ранняя гародніна і фрукты экспартуюцца. На непаліўных землях вырошчваюць збожжавыя культуры. Ураджайнасць вагаецца ў залежнасці ад колькасці ападкаў. Гадуюць (1994): буйн. раг. жывёлу — 50 тыс. галоў, вярблюдаў — 70 тыс. галоў, авечак і коз — каля 1,5 млн. галоў. Развіта бройлерная птушкагадоўля. Порт Акаба — цэнтр рыбалоўства і марскіх промыслаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог каля 9 тыс.км, з іх 3 тыс.км асфальтаваных. У краіне 162 тыс. легкавых аўтамабіляў, 92 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1994). Гал. аўтадарогі звязваюць Аман з портам Акаба, Сірыяй, Іракам, Саудаўскай Аравіяй. Даўж. адзінай чыгункі, якая перасякае краіну з Пн на Пд, каля 600 км. Грузаабарот порта Акаба — 20 млн.т штогод. Праз І. праходзяць нафтаправоды Кіркук (Ірак) — Хайфа (Ізраіль, не дзейнічае) і Дахран (Саудаўская Аравія) — Сайда (Ліван). У краіне 2 міжнар. аэрапорты (Аман, Акаба). І. наведваюць штогод каля 4 млн. турыстаў. Даход ад замежнага турызму складае 0,5 млрд.дол. (1994). І. экспартуе фасфарыты (каля 50% кошту), цэмент, раннія гародніну і фрукты; імпартуе разнастайныя прамысл. тавары і харч. прадукты.
У 1994 экспартавана тавараў на 1,4 млрд.дол., імпартавана на 3,5 млрд. долараў. Асн.гандл. партнёры — Саудаўская Аравія, Ірак, інш. арабскія краіны, ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Японія. Знешні доўг каля 9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — іарданскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. У аснове ваен. дактрыны канцэпцыя «кругавой абароны». Ва ўзбр. сілах 98,5 тыс.чал. (1997). Сухап. войскі (90 тыс.чал.), каля 900 танкаў, 480 гармат, 450 мінамётаў. У ВПС (8 тыс.чал.) каля 100 баявых самалётаў, 24 верталёты. У ВМС (0,5 тыс.чал.) 10 катэраў. З 1991 узбр. сілы камплектуюцца на кантрактнай аснове. З 1996 баявая падрыхтоўка вядзецца сумесна з ЗША, інш. членамі НАТО.
І.І.Пірожнік, Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы).
Герб і сцяг Іарданіі.Да арт.Іарданія. Агульны выгляд г. Аман.Да арт.Іарданія. Тыповы ландшафт на поўдні краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛМЫ́КІЯ, Рэспубліка Калмыкія,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 76,1 тыс.км². Нас. 319 тыс.чал. (1996), гарадскога 39%. Сярэдняя шчыльнасць 4,2 чал. на 1 км². Жывуць калмыкі (45,4%), рускія (37,7%), даргінцы (4%), чэчэнцы (2,6%), казахі (1,9%), немцы (1,7%) і інш. Сталіца — г.Эліста. Гарады: Лагань, Гарадавікоўск.
Прырода. К. займае ч. Прыкаспійскай нізіны (Чорныя землі на Пд і Сарпінская нізіна на Пн). На Зўзв. Ергені (выш. да 221 м), на ПдЗ Кума-Маныцкая ўпадзіна. Паверхня раўнінная, нахіленая да Каспійскага м., узровень якога ў апошні час павышаецца, што прыводзіць да падтаплення нізінных участкаў. Карысныя выкапні: прыродны газ і нафта, кухонная і глаўберава солі, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны з гарачым сухім летам і маласнежнай зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -5 — -8 °C, ліп. 23—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 170 мм на ПдУ да 400 мм на ПнЗ. Паверхневых вод мала. Рэкі, што сцякаюць з Ергенёў, летам перасыхаюць. На мяжы з Дагестанам р. Кума, якая выкарыстоўваецца на арашэнне. Шмат мелкаводных салёных азёр (Сарпінскія, Маныч-Гудзіла і інш.) і ліманаў. Чаграйскае вадасховішча. Глебы на Пн светла-каштанавыя, на З каштанавыя, на У і ПдУ бурыя паўпустынныя з саланцамі і саланчакамі чаргуюцца з масівамі пяскоў, што развяваюцца. Расліннасць злакавая (кавыльна-ціпчаковая), злакава-палынная і палынная; у лагчынах Ергенёў растуць вярба, асіна, вяз. На берагах азёр і мелкаводдзяў Каспійскага м. зараснікі трыснягу. З млекакормячых характэрны грызуны, з буйных капытных — сайгакі.
Гісторыя. Тэр. К. заселена з эпохі палеаліту. У 7—5 ст. да н.э. тут і на суседніх землях жылі скіфы, у 4 ст. да н.э. — 6 ст.н. э. — аланы і сарматы. З сярэдзіны 7 ст.тэр. Ніжняга Паволжа ўвайшла ў Хазарскі каганат, з сярэдзіны 11 ст. — ч. тэрыторыі полаўцаў, з 1240-х г. — у складзе Залатой Арды, пасля яе распаду ў 1460-я г. — Астраханскага ханства, якое ў 1566 далучана да Расіі. У пач. 17 ст. ў міжрэчча Урала, Волгі і Дона прыйшлі айраты (продкі калмыкаў), выхадцы з Цэнтр Азіі, што раней жылі ў Джунгарыі і займаліся качавой жывёлагадоўляй. У 17 ст. сярод калмыкаў пашырыўся ламаізм. Пад націскам феадалаў Кітая, Манголіі і каз. ханаў калмыкі адкачавалі да ніжняга Дона і Волгі і ў 2-й пал. 17 ст. ўтварылі тут Калм. ханства. У 1608—09 ч.феад. аб’яднанняў айратаў прыняла рас. падданства і пачала качаваць у раёнах Паўд. і Зах. Сібіры. Іншыя феад. аб’яднанні калмыкаў увайшлі ў Рас. дзяржаву ў 17—18 ст. Калмыкі ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна і Е.І.Пугачова. У 1771 з-за ўціску царскай адміністрацыі большасць калмыкаў адкачавала ў Кігай, астатнія (каля 13 тыс. сямей) перайшлі ў падпарадкаванне Астраханскага губ. кіравання. У 2-й пал. 18 ст. царскі ўрад перасяліў ч. калмыкаў на рэкі Урал, Церак і Куму. У канцы 18 ст. невял. іх колькасць, што жыла на Доне, залічана ў казацкае саслоўе Вобласці войска Данскога. У 1861 Вялікадэрбетаўскі улус перададзены з Астраханскай у Стаўрапольскую губ.Адм.-тэр. расчляненне калм. народа прыпыніла працэс яго нац. кансалідацыі. Да 1917 у К. панаваў феад.-патрыярхальны ўклад жыцця. У лют. — сак 1918 устаноўлена сав. ўлада. У 1919 — пач. 1920 большая ч. К. захоплена войскамі ген. А.І.Дзянікіна.
4.11.1920 утворана Калм.аўт.вобл. у складзе РСФСР, з 1935 — Калм. АССР. У 1921—23 шмат калмыкаў загінула ў выніку голаду. У Айч. вайну ч. К. акупіравана ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У 1943 калм. насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з акупантамі і дэпартавана ў Сібір, ліквідавана аўтаномія калмыкаў (адноўлена ў 1957). У кастр. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у вер. 1991 уведзена пасада прэзідэнта, у лют. 1992 прынята назва Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны федэральны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (паводле аб’ёму прадукцыі, што вырабляецца): электраэнергетыка, харч., паліўная, буд. матэрыялаў, машынабудаванне і металаапрацоўка, мукамольна-крупяная, лёгкая, дрэваапрацоўчая. Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млн.кВт-гадз (1995). У харч. прам-сці (22% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, малочная, кансервавая, рыбная, хлебапякарная. Асн. прадпрыемствы: мясакамбінаты (Эліста, Гарадавікоўск, Лагань), маслазаводы (Эліста, Гарадавікоўск, Яшалта), рыбныя (Лагань, Яшалта). Развіваецца нафтавая і газавая прам-сць. Здабыча нафты (уключаючы газавы кандэнсат) — 339 тыс.т (1996). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі: керамзітавым, цагельным, жалезабетонных вырабаў, домабуд. камбінатам, кар’ерамі па здабычы бутавага каменю. Ёсць машынабуд. з-ды (Эліста, Лагань) і прадпрыемствы па абслугоўванні рыбалавецкага флоту (Лагань). Прадпрыемствы лёгкай (швейная і трыкат. ф-кі) і дрэваапр. (мэблевая ф-ка) прам-сці ў Элісце. Нар.маст. промыслы (разьба і размалёўка па дрэве, цісненне скур, вышыўка, аздабленне сярэбраных вырабаў чаканкай, гравіроўкай, чэрню). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на танкаруннай авечкагадоўлі і мясной жывёлагадоўлі. Выкарыстоўваюцца ў асноўным пашавыя ўгоддзі (каля 70% с.-г. зямель). На Чорных землях, дзе снегу амаль не бывае, авечак пасуць і зімой. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (калмыцкая парода). Вытв-сць мяса 36 тыс.т, настрыг воўны 5,7 тыс.т (1995). Вярблюдагадоўля. Земляробства больш развіта на З і ПнЗ. Ворныя землі займаюць каля 1 млн.га. Сеюць збожжавыя (пшаніцу), тэхн. (сланечнік), агароднінна-бахчавыя, кармавыя культуры. Збор (тыс.т, 1995) збожжавых —287, сланечніку — 24. Праводзіцца арашэнне і абвадненне зямель. Чорназямельская, Праваегарлыкская, Сарпінская, Аршань-Зельменская і інш. абвадняльна-арашальныя сістэмы. Асн. роля ва ўнутр. перавозках належыць аўтамаб. транспарту. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2,8 тыс.км (1996). Гал. аўтадарогі Стаўрапаль—Эліста—Астрахань, Эліста—Валгаград; чыгункі Астрахань—Кізляр, Эліста—Светлаград. Паветр. транспарт (аэрапорт у г. Эліста). Экспарт (24,8 млрд.руб., 1994): мяса, воўна, скура, кансервы, нафта і інш. Імпарт (28,3 млрд.руб., 1995): метал, машыны, абсталяванне і інш.
Літаратура. Узнікла на базе вуснай нар. творчасці (паданні, легенды, песні, гераічны эпас «Джангар»), а таксама зазнала ўплыў культур Манголіі, Тыбета, Індыі. Да стварэння ў 17 ст.калм. пісьменства калмыкі карысталіся агульнаманг. алфавітам, мелі агульную з манголамі л-ру. У 17 ст. зарадзілася ўласна калм.л-ра («Месяцавае святло» і інш.). У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся вольналюбівыя вершы Анчхана Джыргала, паэзія Баавана Бадмы (сатыр. паэма «Улагоджванне слыху»). Развіццё л-ры, пераважна паэзіі, у 1920—30-я г. звязана з імёнамі Х.Канукава, Н.Манджыева. Першыя празаічныя творы належаць Манджыеву (апавяданні), А.Амур-Санану (аповесці «Мудрошкін сын», «У стэпе»). У л-ру прыйшлі Б.Басангаў (аповесць «Праўда мінулых гадоў», п’есы), К.Эрэнджэнаў (вершы, паэмы), С.Каляеў (вершы, паэмы), Х.Сян-Белгін (героіка-драм. паэма «Змагар-сірата»; вершы, апавяданні, нарысы), паэты А.Сусееў, Л.Інджыеў, Д.Кугульцінаў, Б.Джымбінаў, драматург Б.Эрдніеў і інш. У творах асэнсоўванне гіст. мінулага, адлюстраванне тагачасных падзей у жыцці калм. народа. У Вял.Айч. вайну найб. пашыраны вершы, апавяданні, публіцыстыка. Для л-ры апошніх дзесяцігоддзяў характэрны маральна-этычная праблематыка, тэмы мінулай вайны, стваральнай працы: паэзія Б.Сангаджыевай (першая паэтэса-калмычка), М.Ханінава, М.Нармаева, Каляева, Кугульцінава, Сусеева, Эрэнджэнава; раманы і аповесці Б.Дарджыева, Інджыева, А.Балакаева, Эрэнджэнава, п’есы Эрдніева і інш. Развіваецца таксама дзіцячая л-ра. У перакладзе на калм. мову выдадзены творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, А.Пысіна. На бел. мову перакладзены асобныя творы Кугульцінава, Ханінава, Джымбінава (перакладалі А.Звонак, Р.Барадулін, А.Грачанікаў, М.Чарняўскі, Ю.Свірка, Броўка, М.Танк, Пысін, С.Грахоўскі, М.Аўрамчык, К.Камейша, Г.Бураўкін, І.Калеснік).
Архітэктура і мастацтва. У 17—19 ст. жыллём калмыкаў-качэўнікаў служыла зборна-разборнае жытло (гер) з рашотчатым каркасам, накрытым лямцам. З пашырэннем ламаізму будавалі манастыры-хурулы — комплексы першапачаткова лямцавых, потым драўляных, з канца 19 ст. цагляных і каменных будынкаў. Гал. храм, звычайна 2—3-ярусны, пірамідальны, меў увянчаны вежай высокі цэнтр. аб’ём, які аздабляўся разьбой, размалёўкай, бронз. скульптурай, абразамі. Нар. мастацтва склалася ва ўмовах качавога побыту. Драўляныя часткі юртаў, мэблю, хатняе начынне ўпрыгожвалі разьбой і размалёўкай, якія стваралі ўражанне аб’ёмнасці ўзору. Цісненнем (раслінныя матывы, салярныя знакі, матывы рагоў) аздаблялі вырабы са скуры, вышыўкай і аплікацыяй — з лямцу, а таксама жаночае адзенне (залатыя і сярэбраныя ніткі з каляровай воўны, тасьмой, часам бісерам). Вырабы з серабра ўпрыгожвалі чэрню, гравіроўкай, чаканкай. У 18—19 ст., пад уплывам тыбета-манг. традыцый у выяўл. мастацтве пераважалі іканапіс і дрэварытнае друкаванне кніг і абразоў. За межамі К. працавалі графік Ф.Калмык і жывапісец А.Ягораў. У 20 ст. архітэктура развівалася ў агульнасавецкім рэчышчы. Сярод архітэктараў: Дж. і М.Пюрвеевы, В.Цялегін, В.Савельеў і інш. Развіваецца выяўл. мастацтва (жывапісцы К.Альдаеў, Г.Ракчынскі, тэатр. мастак Дз.Сычоў, графік Б.Данільчанка, скульптар М.Санджыеў і інш).
Музыка. Да пач. 1920-х г.нар.муз. творчасць калмыкаў існавала ў вуснай традыцыі. Сярод гіст., прац., абрадавых, эпічных і лірычных песень і прыпевак вылучаліся працяжныя песні ут дун без суправаджэння з уласцівымі ім імправізацыйнасцю, багатай мелізматыкай, глісандаваннем, рытмічнай свабодай; кароткія песні ахр дун з акампанементам дамбры, адметныя меладычнасцю і дакладным рытмам, а таксама песні-танцы, песні-жарты келдг білдж дун, бліз кія да прыпевак. Асаблівае месца займаў эпас «Джангар», які выконвалі спевакі-джангарчы ў рэчытатыўнай манеры. Ладавая аснова нар. музыкі К. — дыятоніка, трапляюцца і элементы пентатонікі. Нар. танцы К. строга дыферэнцаваны: мужчынскія — хуткія, тэмпераментныя, жаночыя — лірычныя і павольныя. Сярод нар. інструментаў: струнна-смычковы хур, струнна-шчыпковая дамбра, духавыя бічкюр, гангдн, бюра, ухр-бюра, дунг, ударныя цанг, арамбру, кенкерге, каранг, хонха, з пач. 20 ст. і гармонік. У пач. 1920-х г. зарадзілася маст. самадзейнасць. Пачаліся збіранне і апрацоўка нар. песень. У 1930-я г. на аснове нац.муз. фальклору створаны першыя сімф. творы (В.Гайгерава, А.Спадавекія). Першы прафес. кампазітар — П.Чанкушоў (балет «Жывая вада», 1979; творы розных жанраў). Працуюць: ансамбль песні і танца «Цюльпан» (з 1937) з аркестрам нар. інструментаў (з 1970), філармонія (з 1939), муз. вучылішча (Эліста, з 1960), дзіцячыя муз. шкалы.
Літ.:
Очерки истории Калмыцкой АССР. [Т. 1—2.] М., 1967—70;
История калмыцкой литературы. Т. 1—2. Элиста, 1980—81;
Тритуз М.Л. Музыкальная культура Калмыцкой АССР. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ АМЕ́РЫКА,
мацярык у Зах. паўшар’і; разам з Паўднёвай Амерыкай утварае частку свету Амерыка. Пл. з астравамі 24,25 млн.км², без астравоў 20,36 млн.км². Паўн. пункт — мыс Мерчысан 71°50′паўн. ш., паўд. — мыс Мар’ята 7°12′паўн. ш., усх. — мыс Сент-Чарльз 55°40′зах. д., зах. — мыс Прынца Уэльскага 168°зах. д. Працягласць з Пн на Пд 6600 км, з У на З 4800 км. На ПдЦэнтральнай Амерыкі Панамскім перашыйкам злучана з Паўд. Амерыкай, абмываецца Карыбскім м. і Мексіканскім зал., на У — Атлантычным ак., на З — Ціхім ак., на Пн — морамі Паўн. Ледавітага акіяна; ад Азіі аддзяляецца Берынгавым пралівам. Буйнейшыя а-вы: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Ньюфаўндленд, Ванкувер. Да П.А. звычайна адносяць і Вест-Індыю з Вялікімі Антыльскімі а-вамі. Найб. паўастравы: Лабрадор, Фларыда, Юкатан, Каліфарнійскі, Аляска. Найб. парэзаны фіёрдавыя берагі Грэнландыі, усх.ч. Канадскага Арктычнага архіпелага, Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Канады і паўд. Аляскі. Берагі Атлантычнага ак. абразійныя, бухтавыя, акумуляцыйныя. Мала парэзаныя берагі Ціхага ак. на Пд ад Канады. На З і Пн Аляскі характэрны акумуляцыйныя і дэльтавыя берагі. Асобныя залівы глыбока ўразаюцца ў сушу. Найбольшыя: Гудзонаў, Мексіканскі, Аляска, Каліфарнійскі, Св. Лаўрэнція.
Рэльеф. Сярэдняя вышыня П.А. над узр. м. 720 м. На мацерыку спалучаюцца ступеньчатыя і пластавыя раўніны, нізіны з эразійнымі пласкагор’ямі і сярэднягор’ямі, складкава-глыбавымі гарамі, пласкагор’ямі дэнудацыйнага тыпу і інш. На ЗКардыльеры Паўночнай Амерыкі з г. Мак-Кінлі (6193 м — найвыш. пункт П.А.); на УАпалачы (выш. да 2037 м). У сярэдняй частцы мацерыка на ПнЛаўрэнційскае ўзвышша, нізіны Макензі і Гудзонава зал.; у цэнтры Цэнтральныя і Вялікія раўніны; на Пд Прымексіканская нізіна (да 200 м); на ўсх. узбярэжжы Прыатлантычная нізіна. Самы нізкі пункт -85 м (Даліна Смерці). На фарміраванне рэльефу на Пн уплывалі чацвярцічныя зледзяненні (ледавікі займалі каля 15,6 млн.км²), на Вялікіх раўнінах яры і лагчыны, рэльеф спадзіста-хвалісты. Горны рэльеф пераважае на Пд мацерыка — Мексіканскае нагор’е акаймавана хрыбтамі, горы цягнуцца ў Цэнтр. Амерыку. На З і Пд мацерыка вулканізм і значная сейсмічнасць.
Геалагічная будова. Аснова б.ч. мацерыка — Паўн.-Амерыканская платформа (утварылася ў дакембрыі 2,5—3 млрд.г. назад). Яна акаймавана складкавымі горнымі збудаваннямі каледонскага (ПнУ, Грэнландыя, Ньюфаўндленд, паўн.ч. Апалачаў), герцынскага (паўд.ч. Апалачаў і інш.) узростаў. Складкавыя структуры Кардыльераў меза-кайназойскага ўзросту, аформіліся ў невадыйскую (цэнтр. зона), ларамійскую (усх. зона) і альпійскую (ціхаакіянская зона) складкавасці. Дакембрыйскія метамарфізаваныя тоўшчы і гранітагнейсы, якія складаюць крышт. фундамент платформы, залягаюць на глыб. 3—4 км у вял. сінеклізах і прагінах. Яны запоўнены асадкавым чахлом пераважна ардовікска-каменнавугальнага і пермскага ўзростаў. На ПнУ, у Канадзе і Грэнландыі архейскія і раннепратэразойскія пароды сфарміравалі Канадскі шчыт.
Карысныя выкапні. Гал. металагенічныя правінцыі — Канадскі шчыт, Апалачы, Кардыльеры. Канадскі шчыт і Апалачы багатыя жалезам, меддзю, нікелем, золатам, плацінай, серабром. У Кардыльерах багатыя радовішчы золата, медзі, серабра, свінцу, вальфраму і інш. У ЗША і Мексіцы, на шэльфе Аляскі і Мексіканскага зал. выяўлена больш за 2 тыс. радовішчаў нафты. Вял. запасы кам. вугалю ў Апалачах (Ілінойскі і Пітсбургскі басейны) і Кардыльерах. Ёсць уранавая сыравіна, фасфарыты, сера, калійныя солі і інш.
Клімат. П.А. размешчана ва ўсіх кліматычных паясах Паўн. паўшар’я, за выключэннем экватарыяльнага. Ціхі ак. уплывае толькі на вузкую паласу ўзбярэжжа. З-за адсутнасці горных хрыбтоў шыротнага напрамку паўн.паветр. масы часам пранікаюць далёка на Пд, паўд. трапічныя — на Пн, Таму для П.А. характэрны рэзкія ваганні т-р паветра. Летам, калі цэнтр.ч. мацерыка моцна награецца і ўсталёўваецца вобласць паніжанага ціску, з Атлантычнага ак. і Мексіканскага зал. прыходзіць вільготнае цёплае паветра. Зімой над Канадай фарміруецца слабавыразная няўстойлівая вобласць высокага ціску з нізкімі т-рамі; халоднае паветра ахоплівае Канаду і значную ч. ЗША. Самыя халодныя месцы П.А. — в-аў Грэнландыя (у цэнтр.ч. ў студз. -46 °C, абс. мінімум -70 °C) і Пн Канады; самае гарачае — ПдЗ ЗША (Даліна Смерці, абс. максімум 56,7 °C).
Вылучаюць 6 кліматычных паясоў: арктычны займае паўн. ўзбярэжжа мацерыка, амаль увесь Канадскі Арктычны архіпелаг, б.ч. Грэнландыі (сярэдняя т-раліп. ніжэй за 5 °C, ападкаў 200—300 мм на З, да 1000 мм на У за год); субарктычны — паўд.-зах. ўзбярэжжа Грэнландыі, сярэднюю частку штата Аляска і паўн.тэр. Канады (сярэдняя т-раліп. 5—10 °C, ападкаў 300—1000 мм); умераны — Пд Канады і значную тэр. ЗША (т-раліп. 10—20 °C, студз. ад -24 да 5 °C, ападкаў ад 400—800 да 6000 мм); субтрапічны — Пд ЗША (т-раліп. 20—26 °C, студз. 10—15 °C, ападкаў менш за 250 мм на З і 1200—1400 мм на ПдУ); трапічны — Мексіку, ПнЦэнтр. Амерыкі, Вест-Індыю і Пд Фларыды (т-ра пастаянная, 18—26 °C, ападкаў ад 1500 мм на У да 100 мм на З); субэкватарыяльны — ПдЦэнтр. Амерыкі (т-ра больш за 20 °C, ападкаў 1000—3000 мм за год).
Гідраграфія. Каля 55% пл. мацерыка ў бас. Атлантычнага ак.; найб. рэкі Місісіпі з Місуры, Рыо-Грандэ, Св. Лаўрэнція, пераважна раўнінныя. 25% пл. належыць да бас. Ціхага ак.: Каларада, Калумбія, Фрэйзер, Юкан — горныя рэкі. Жыўленне снегавое і ледавіковае, падзенне стромкае, даліны глыбокія, шмат каньёнаў. У рэках Паўн. Ледавітага ак. (найб. Макензі, Нельсан, Чэрчыл) профіль нявыпрацаваны, цякуць праз шматлікія азёры, больш як палавіну года ўкрыты лёдам. У паўн.ч. мацерыка, якая трапіла пад абледзяненне, шмат азёр ледавікова-тэктанічнага паходжання. Найбольшыя: Вялікія азёры, Вялікае Мядзведжае возера, Вялікае Нявольніцкае возера, Вініпег, Атабаска, Манітоба. У Кардыльерах басейн Вялікага Салёнага возера не мае сцёку ў акіян. Ледавікі займаюць каля 2 млн.км², у т. л. 1,8 млн.км² на Грэнландыі, 150 тыс.км² на Канадскім Арктычным архіпелагу. Значныя горныя ледавікі ў Кардыльерах Аляскі і Канады.
Глебы і расліннасць. Асн. тыпы глеб і расліннага покрыва размешчаны занальна. На Пн Грэнландыі і Канадскага Арктычнага архіпелага арктычныя пустыні на грубых шкілетных глебах. На Пд архіпелага і паўн. узбярэжжы мацерыка тундравая расліннасць на балотных і тундрава-балотных глебах. Каля 30% пл. мацерыка займае лясная зона на дзярнова-падзолістых і бурых глебах, якая падзяляецца на падзону тайгі (елкі чорная і белая, лістоўніца амерыканская, піхта бальзамічная, хвоя Банкса, у зах. частцы — елка сітхінская, хвоя веймутава, піхта дугласава, туя гіганцкая, тсуга канадская), падзону мяшаных і лісцевых лясоў (клён, дуб, ясень, ліпа амерыканская, каштаны, букі і інш.). У субтрапічных лясах на бурых і жоўтых, мясцінамі на чырвоных глебах побач з лістападнымі пародамі трапляюцца вечназялёныя (цюльпанавае дрэва, магнолія, віргінскі ядловец). Унутр. частку мацерыка займаюць прэрыі на чарназёмных, каштанавых і буразёмных глебах. У сухіх раёнах паміж горнымі хрыбтамі Кардыльераў — пустыні і паўпустыні; расліннасць (кусцікі лебяды, палыну, кактусы, агавы) на шэразёмах. У найб. сухіх паўд. раёнах — фармацыі цвердалістых вечназялёных хмызняковых дубоў (чапараль). На ўсх. беразе Мексікі, у Цэнтр. Амерыцы і ў Вест-Індыі пераважаюць трапічныя лясы, на Мексіканскім нагор’і — сухія стэпы, паўпустыні з кактусамі, юкамі і агавамі.
Жывёльны свет. Тэр. П.А. ўваходзіць у 2 зоагеагр. вобласці: Галарктычную (амаль увесь мацярык да паўд. ч Мексікі) і Неатрапічную (цэнтральнаамерыканскую падвобласць). У зоне тундры — паўн. алень (карыбу), белы мядзведзь, аўцабык, палярныя зайцы, лемінгі, пясцы; на берагавых скалах «птушыныя кірмашы». У лясной зоне — амер. лось, алень-вапіці, бабёр, расамаха, янот-паласкун, ліс, воўк, куніца, вавёрка, скунс. У прэрыях бізон і антылопа-віларог (у запаведніках), каёт, тхор, суслікі, пацукі. У горных раёнах — мядзведзь грызлі, снежны баран, пума. На пустынна-стэпавых пласкагор’ях шматлікія паўзуны. На Пд Мексікі і ў Цэнтр. Амерыцы — малпы, чарапахі, у рэках алігатары.
Насельніцтва. У П.А. жыве каля 470 млн.чал. (1998). Сярэдняя шчыльнасць 19,3 чал. на 1 км², найбольшая на Бермудскіх а-вах — 1179, Барбадасе — 603, найменшая ў Грэнландыі — 0,03 і Канадзе — 3,1 чал. на 1 км². Пераважае гар. насельніцтва (Канада — 77%), ЗША — 76%, Мексіка — 74%). Карэнныя жыхары П.А. (належаць да асобнага адгалінавання мангалоіднай расы) — індзейцы, а таксама эскімосы і алеуты. З 16 ст. ў П.А. сталі перасяляцца іспанцы (Вест-Індыя, Мексіка, Цэнтр. Амерыка), з 17 ст. — французы, галандцы, англічане, ірландцы, немцы і інш., склаліся нацыі амерыканцаў, англа- і франка-канадцаў. Шмат выхадцаў з Еўропы (італьянцы, яўрэі, палякі, украінцы, выхадцы з Скандынаўскіх і Балканскіх краін, венгры і інш.) пераехала ў П.А. ў 19—20 ст.; у ЗША і Канадзе каля 20 тыс. беларусаў. На Пд ад ЗША жывуць народы метыснага паходжання (мексіканцы, гватэмальцы, гандурасцы, нікарагуанцы і інш., склаліся ад змяшання іспанцаў з індзейцамі). Індзейцаў засталося найбольш на Пд Мексікі і ў горных раёнах Гватэмалы. Нашчадкі афр. неграў-рабоў (адносяцца да негроіднай расы) і мулаты (еўрапеоідна-негрыцянскага паходжання) — асн. насельніцтва Гаіці, Ямайкі, інш. краін Вест-Індыі, значная доля насельніцтва ЗША. Большасць насельніцтва П.А. належыць да еўрапеоіднай расы, гаворыць на індаеўрапейскіх мовах, найбольш германскай (англійская мова) і раманскай (іспанская мова) груп. Некат. групы нядаўніх імігрантаў гавораць на інш. мовах. Каля 60% вернікаў належаць да шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і сектаў (пераважна ў ЗША і Канадзе); больш за 30% — католікі (пераважна Мексіка і інш. іспанамоўныя краіны). Ёсць мусульмане, іудаісты, будысты, праваслаўныя, канфуцыянцы, сінтаісты, прадстаўнікі новых рэлігій і сектаў. Гл. таксама Народы Амерыкі, Мовы свету.
Палітычны падзел. На тэр. мацерыка і а-вах Вест-Індыі размешчаны 23 дзяржавы. На мацерыку з Пн на Пд знаходзяцца Канада, ЗША, Мексіка, Беліз, Гватэмала, Гандурас, Сальвадор, Нікарагуа, Коста-Рыка, Панама. Астраўныя дзяржавы: Багамскія Астравы, Куба, Гаіці, Дамініканская Рэспубліка, Ямайка, Сент-Кітс і Невіс, Антыгуа і Барбуда, Дамініка, Сент-Люсія, Барбадас, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Грэнада, Трынідад і Табага. 14 тэрыторый з’яўляюцца ўладаннямі: Грэнландыя, Сен-П’ер і Мікелон, Бермудскія а-вы, Церкс і Кайкас, Кайман а-вы, Пуэрта-Рыка, Віргінскія а-вы (брыт.), Віргінскія а-вы (ЗША), Ангілья, Мантсерат, Гвадэлупа, Марцініка, Аруба, Нідэрландскія Антыльскія а-вы. Пра дзяржавы і ўладанні гл. адпаведныя артыкулы.
А.Я.Яротаў.
Да арт.Паўночная Амерыка. Пустыня на ўсходзе штата Арызона.Да арт.Паўночная Амерыка. На водападзеле паміж Ціхім акіянам і Мексіканскім залівам.Да арт.Паўночная Амерыка. Бурыя мядзведзі на Алясцы.Да арт.Паўночная Амерыка. Схілы гор Сьера-Невада.Да арт.Паўночная Амерыка. Частка Ніягарскага вадаспаду і горад Ніягара-Фолс (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРА́ЛІЯ (Australia),
Аўстралійскі Саюз (Commonwealth of Australia), дзяржава ў Паўд. паўшар’і. Займае кантынент Аўстралія, в-аў Тасманія і прылеглыя дробныя астравы. Пл. 7,68 млн.км². Нас. 18 млн.чал. (1994). Афіцыйная мова — англійская. Сталіца — г.Канбера. Адміністрацыйна падзяляецца на 6 штатаў (Новы Паўд. Уэльс, Квінсленд, Вікторыя, Паўд. Аўстралія, Зах. Аўстралія, Тасманія) і 2 тэрыторыі (Паўночная і Сталічная). Пад кіраваннем Аўстраліі а-вы Норфалк, Какосавыя, Каляд. Нац. свята — Дзень Аўстраліі (26 студз.).
Дзяржаўны лад. Аўстралія — федэральная дзяржава ў складзе Садружнасці, што ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар, прызначаны па рэкамендацыі аўстрал. ўрада. Вышэйшы заканад. орган — федэральны парламент, які складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Гал. ролю ў ажыццяўленні заканад. функцыі адыгрывае палата прадстаўнікоў са 148 дэпутатаў, выбраных усеагульным тайным галасаваннем тэрмінам на 3 гады. Верхняя палата — сенат з 76 сенатараў (па 12 сенатараў ад штатаў і па 2 сенатары ад тэрыторый), выбіраецца тэрмінам на 6 гадоў (палавіна з іх перавыбіраецца кожныя 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Асн. ўрадавыя рашэнні прымае кабінет міністраў, але юрыд. сілу яны набываюць пасля праходжання праз Выканаўчы к-т — фармальны орган, які ўзначальвае ген.-губернатар.
Прырода. Гл. ў арт.Аўстралія і Тасманія.
Насельніцтва. Пераважная большасць — англа-аўстралійцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі і інш. краін Зах. Еўропы. Захоўваюцца некаторыя культ. і рэліг. адрозненні паміж групамі рознага паходжання. Нядаўнія імігранты жывуць пераважна ў буйных гарадах. Карэнныя аўстралійцы і метысы (каля 250 тыс.чал.) жывуць пераважна ў пустынных малаасвоеных раёнах, часткова на ўскраінах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Карэннае насельніцтва Тасманіі цалкам знішчана, захавалася невял. група англа-тасманскіх метысаў. Паводле веравызнання 76% насельніцтва хрысціяне: англікане і католікі (па 26%), прэсвітэрыяне, метадысты і інш.; ёсць невял. групы мусульман, будыстаў і прадстаўнікоў інш. рэлігій. Гар. насельніцтва 85,2% (1990). Самыя вял. гарады (млн.чал., 1993): Сідней (3,7), Мельбурн (3,2), Брысбен (1,4), Перт (1,2), Адэлаіда (1,1). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены ПдУ, У і ПдЗ краіны (каля 90% насельніцтва). Найбольшая шчыльнасць у штаце Вікторыя — 18 чал. на 1 км².
Гісторыя. Продкі карэнных жыхароў Аўстраліі прыйшлі з Паўд.Азіі і засялілі кантынент, верагодна, у перыяд позняга палеаліту. Цяжкія прыродныя ўмовы і аддаленасць ад інш. народаў свету ўскладнілі развіццё аўстрал. плямёнаў. У канцы 18 ст. яны займаліся паляваннем і збіральніцтвам, не ведалі земляробства і жывёлагадоўлі.
Першыя еўрапейцы ступілі на зямлю Аўстраліі ў пач. 17 ст.: галандцы В.Янсзан (1606) і А.Тасман (1642). У 17 ст. Аўстралію даследавалі партугальцы, у 18 ст. — англічане (Дж.Кук). У 1788 сюды прыбыла англ. эскадра (11 суднаў, узначальваў капітан А.Філіп) з асуджанымі. Яны заснавалі першае паселішча — будучы г. Сідней. З гэтага часу Аўстралія служыла месцам ссылкі асуджаных злачынцаў з Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця ў 1813—15 пераходаў праз Блакітныя горы і хр. Ліверпул да багатых выпасаў прыток еўрапейцаў павялічыўся. З 1830-х г.англ. ўрад перайшоў да т.зв. сістэматычнай каланізацыі. Гаспадаркі, якія гадавалі мерыносавых авечак, паступова аб’ядналіся ў буйныя манаполіі. Адкрыццё запасаў золата (штат Вікторыя) выклікала «залатую ліхаманку» (1851—61) і ўзмацніла прыток імігрантаў з Еўропы. За 10 гадоў насельніцтва павялічылася амаль у 3 разы і дасягнула 1,2 млн.чал., да 1900 — 3,8 млн. Паўстанне ў 1854 на залатых капальнях стала пачаткам аб’яднання рабочых. Да 1870-х г. прафсаюзы Аўстраліі (упершыню ў свеце) дамагліся 8-гадзіннага рабочага дня. У 1891 створана Лейбарысцкая партыя. У канцы 19 ст.англ. ўрад аб’яднаў асобныя калоніі Аўстраліі ў адну дзяржаву і ў 1901 стварыў Аўстралійскі Саюз са статусам дамініёна (6 калоній, у 1906 далучылася Папуа). Пасля 1-й сусв. вайны Аўстралія — малая дзяржава. На Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Аўстралія запатрабавала перадаць ёй усе б. ўладанні Германіі ў Ціхім ак. Паводле Версальскага мірнага дагавору 1919 яна атрымала (1920) ад Лігі нацый мандаты на кіраванне тэр. Новая Гвінея і, сумесна з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй, на в-аў Науру (з 1968 самаст. дзяржава). Паводле Вестмінстэрскага статута 1931 Аўстралія, як і інш. дамініёны, атрымала права на самастойнасць у знешняй і ўнутр. палітыцы, але да 1939 у знешнепаліт. дзейнасці фактычна залежала ад Англіі. У час 2-й сусв. вайны Аўстралія — чл.Антыгітлераўскай кааліцыі. Яе тэр. выкарыстоўвалі ЗША для ваен. аперацый супраць Японіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў эканоміку Аўстраліі інтэнсіўна пранікае амер. капітал, і ў знешняй палітыцы Аўстралія пачала арыентавацца на ЗША.
Пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (1983, 1993) лейбарысцкі ўрад Аўстраліі ўзяў курс на развіццё інтэграцыйных працэсаў сярод краін азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёна. Аўстралія — адзін з ініцыятараў Дагавору аб бяз’ядзернай зоне ў паўд.ч. Ціхага ак., займае актыўную пазіцыю па раззбраенні, у т. л. абмежаванні ядз. узбраенняў, забароне ядз. выпрабаванняў, разблакіраванні рэгіянальных канфліктаў, удзельнічае ў міратворчых аперацыях ААН. Аўстралія — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканам. супрацоўніцтва (АЦЭС), Савета па ціхаакіянскім эканам. супрацоўніцтве (СЦЭС), інш.міжнар. дагавораў і пагадненняў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы.
Найб. значныя паліт. партыі: Аўстрал. лейбарысцкая партыя, Ліберальная партыя Аўстраліі, Нац. партыя Аўстраліі (б. Аграрная), Партыя аўстрал. дэмакратаў. Буйнейшае прафс. аб’яднанне — Аўстрал. савет прафсаюзаў.
Гаспадарка. Аўстралія — высокаразвітая індустрыяльна-аграрная дзяржава. У эканоміцы вядучая роля належыць буйным кампаніям, у т. л. кампаніям ЗША, Японіі, Зах. Еўропы. Прамысловасць дае 25% валавога ўнутр. прадукту, у т. л. апрацоўчая 17% (1989). У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча каменнага вугалю і метал. рудаў. Запасы каменнага вугалю 48 млрд.т (раёны Ньюкасла, Порт-Кембла і інш.), бурага 35 млрд.т (штат Вікторыя), нафты 279 млн.т, газу 1,3 трыльёна м³ (на шэльфе і ў нетрах мацерыка), урану 526 тыс.т (Паўн. Аўстралія), жал. руды 15,2 млрд.т (Зах. Аўстралія), баксітаў 4,4 млрд.т (Пн і ПдЗ), медзі 16,8 млн.т, нікелю 2,1 млн.т, свінцу 15,9 млн.т, цынку 26,3 млн.т. Буйнейшыя поліметал. радовішчы Маўнт-Айза (Квінсленд) і Брокен-Хіл (Новы Паўд. Уэльс). Значныя запасы алмазаў (на ПнЗ Аўстраліі), волава, марганцу, вальфраму, золата, рэдказямельных металаў. Здабыча (млн.т): вугалю 210 (1990), нафты 24 (1993), жал. руды 117 (1992), баксітаў 39,3; прыроднага газу 22 млрд.м³ (1992). У значных колькасцях здабываюць алмазы, поліметал. руды, волава, марганец, вальфрам, цырконій, ільменіт, рутыл, фасфатную сыравіну і інш. Устаноўленая магутнасць электрастанцый 34,1 млн.кВт, выпрацоўка 150 млрд.кВт∙гадз. Адна з вядучых галін — каляровая металургія. Выплаўка (тыс.т, 1990): алюмінію 1268 (з-ды ў Гладстане, Портлендзе, Ньюкасле), медзі 245 (Маўнт-Айза, Таўнсвіл), свінцу 214, цынку 299 (Порт-Піры, Рысдан, Ньюкасл), волава 381, серабра 1,27; золата 242 т. Вытворчасць сталі 6,7 млн.т (камбінат у Порт-Кембла, значныя цэнтры Ньюкасл, Уаяла, Куінана). Машынабудаванне: вытв-сць аўтамабіляў (386 тыс., 1990, гал. цэнтры Адэлаіда і Мельбурн), с.-г. машын (усе штаты). Развіты электратэхн., прыладабуд., суднабуд. прам-сць, нафтаперапрацоўка і нафтахімія. Вытворчасць угнаенняў (тыс.т, 1990): азотных 224 (Порт-Кембла, Брысбен), фосфарных 270 (ва ўсіх штатах); сернай кіслаты, сінт. каўчуку. Цэлюлозна-папяровая прам-сць працуе на мясц. і прывазной сыравіне. Вытв-сць паперы і кардону 2,06 млн.т. Харч.прам-сць: перапрацоўка мяса, малака, цукр. трыснягу (1991; вытв-сць масла 104 тыс.т, сыру 176 тыс.т, цукру 3,6 млн.т), вінаробства і піваварэнне. Тэкст. і швейная прам-сць працуе на ўнутраны рынак. Сельская гаспадарка высокатаварная і механізаваная. Пад пашай і лугамі 55,8% тэрыторыі, пад апрацаванымі землямі 6,2%. Характэрна буйное землеўладанне, сярэднія памеры фермы 2300 га. Вядучая галіна — пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1991; млн.гал.): авечак 162,8 (1-е месца ў свеце), буйн. раг. жывёлы 23,4, свіней 2,5, коней 0,3. Мясная і малочная жывёлагадоўля на ПдУ і ў Тасманіі, мясная ў трапічнай зоне, авечкагадоўля ўздоўж зах. схілаў Усх.-Аўстралійскіх гор і на ПдЗ. Настрыг воўны 1110 тыс.т (1991; каля 30% сусв. вытворчасці; 1-е месца ў свеце). Птушкагадоўля развіта каля вял. гарадоў. Галоўная збожжавая культура — пшаніца (каля 60% пасяўных плошчаў). Зборы вагаюцца па гадах — 15,4 млн.т у 1990, 9,6 млн.т у 1991. Значныя зборы ячменю, аўса, сорга, рысу. У тропіках (на ПнУ) цукр. трыснёг, ананасы, бананы, манга, на Пд і ПдУ — цытрусавыя, персікі, абрыкосы, яблыкі, вінаград. Агародніцтва ў густанаселеных раёнах. Вытв-сць бавоўны 433 тыс.т (1991; Квінсленд, Новы Паўд. Уэльс), тытуню 14 тыс.т. Улоў рыбы 227,3 тыс.т (1991). Транспарт. Даўж. чыгунак 40 тыс.км. Да 80% унутр. грузаў і пасажыраў перавозяць аўтатранспартам. Даўж. аўтадарог каля 900 тыс.км. Экспартныя і імпартныя грузы перавозяць пераважна марскім транспартам замежных краін. Буйнейшыя парты: Дампір, Порт-Хедленд, Сідней, Ньюкасл, Мельбурн, Порт-Кембла, Перт, Брысбен. Асн. аэрапорты каля Сіднея, Мельбурна, Дарвіна. Па сетцы трубаправодаў транспартуюць ваду, нафту, газ. Экспарт склаў (1991—92) 55 млрд.Аўстрал. долараў: мінер. сыравіна і паліва (40%), с.-г. прадукты (30%), вырабы апрацоўчай прам-сці (каля 20%). З пач. 1960-х г. Аўстралія — буйны экспарцёр каменнага вугалю, жал. руды, баксітаў, алмазаў, рэдказямельных металаў. Яна займае 1-е месца ў свеце па экспарце воўны, значны вываз мяса і збожжа. Імпарт склаў (1991—92) 51 млрд.Аўстрал. долараў: машыны, абсталяванне і трансп. сродкі, спажывецкія і хім. тавары, нафта і інш.Гал. гандлёвыя партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, краіны Паўд.-Усх.Азіі, Новая Зеландыя.
Гаспадарка Аўстраліі характарызуецца нераўнамернасцю ў размяшчэнні прадукц. сіл. Найб. асвоены ўскраіны кантынента, дзе выпадае дастатковая колькасць ападкаў, што спрыяе вырошчванню с.-г. культур і водазабеспячэнню вял. гарадоў (штаты Вікторыя і Тасманія, усх. часткі Новага Паўд. Уэльса і Квінсленда, невял. раёны вакол Адэлаіды, Перта). На гэтых тэрыторыях, якія займаюць каля 15% пл. краіны, сканцэнтравана больш за 90% насельніцтва, усе вял. і значныя гарады з іх разнастайнай прам-сцю, пасевы ўсіх с.-г. культур, сады і вінаграднікі. Па-за межамі гэтых раёнаў пашырана пашавая жывёлагадоўля, каля радовішчаў карысных выкапняў знаходзіцца некалькі горнапрамысл. цэнтраў. Вял. прасторы ў Цэнтр. Аўстраліі заняты пустынямі і амаль не асвоены. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.
Узброеныя сілы Аўстраліі складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС, ВМС. Агульная колькасць 68,3 тыс.чал. (1991). Сухапутных войскаў 30,3 тыс.чал. (6 вайсковых акруг, 1 пях. дывізія, 20 палкоў); на ўзбраенні каля 690 ракетных снарадаў (процітанкавыя і тыпу «зямля—паветра»), танкі, бронетранспарцёры, артылерыя, самалёты і верталёты, стралк. ўзбраенне і інш. У ВПС 22,3 тыс.чал.; на ўзбраенні баявыя самалёты, самалёты і верталёты дапаможнай авіяцыі. У ВМС 15,7 тыс.чал.; на ўзбраенні падводныя лодкі, баявыя караблі рознага прызначэння, марская авіяцыя. Узбр. сілы камплектуюцца па найме з працягласцю кантракта ад 3 да 6 гадоў з наступным прадаўжэннем на 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. і камандна-штабных каледжах, вышэйшых спецыялізаваных афіцэрскіх вучылішчах і лётных школах, радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях. Больш за 30 тыс.чал. рэзерву. Аўстралія — член блока АНЗЮС.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя дзяржаўная, бясплатная. Існуюць таксама прыватная ўрачэбная практыка і прыватныя клінікі. Узровень нараджальнасці — 15 на 1 тыс.чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць — 6,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 75, у жанчын 80 гадоў (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстраліі ўключае дашкольныя ўстановы, абавязковыя 10-гадовыя агульнаадук. школы для дзяцей з 5—6-гадовага ўзросту, поўныя сярэднія школы (2 гады навучання), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ. Існуюць дзярж. і недзярж. навуч. ўстановы. З-за нізкай шчыльнасці насельніцтва ў Аўстраліі існуюць і аднакамплектныя школы (у асноўным пачатковыя). Развіта сістэма завочнага навучання (з 1914), навучання па радыё, з 1958 — з выкарыстаннем тэлебачання. У дашкольных дзіцячых установах у 1985 налічвалася каля 162 тыс. дзяцей. У 1989 агульная колькасць школ складала больш За 10 тыс., у т. л. каля 7,6 тыс. дзяржаўных; у сістэме прафес.-тэхн. адукацыі (каледжы, школы, навуч. цэнтры, курсы з 2—3-гадовым навучаннем) — больш за 937 тыс.чал. У 89 ВНУ Аўстраліі (19 ун-таў, 46 каледжаў павышанага ўзроўню, 16 каледжаў тэхн. і далейшага навучання) навучалася каля 394 тыс. студэнтаў, у т. л. каля 2 тыс. абарыгенаў. Буйнейшыя ун-ты: Сіднейскі (з 1850), Мельбурнскі (з 1853), ун-ты ў Перце (з 1811), Адэлаідзе (з 1874), Тасманіі (з 1890), Клінслендзе (з 1910). Б-кі: публічная ў Мельбурне (з 1853), нац. ў Канберы (з 1902) і інш. Музеі: Нац. галерэі ў Сіднеі і Мельбурне. Аўстрал. музей прыкладных мастацтваў у Сіднеі, бат. музей і гербарый у Брысбене і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстралійскай АН, ва ун-тах, НДІ, лабараторыях.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстраліі больш за 3 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты «Sun News-Pictorial» («Дзённыя ілюстраваныя навіны», з 1922) і «The Sydney Morning Herald» («Ранішні веснік Сіднея», з 1831). Агенцтва друку Астрэліян Асашыэйтэд Прэс (ААП, з 1935). Радыё дзейнічае з 1923, тэлебачанне з 1956. Сістэма грамадскага радыё і тэлебачання прадстаўлена карпарацыяй Астрэліян бродкастынг карпарэйшэн (АБС, фінансуе дзяржава), якая трансліруе 1 агульнанац. тэлепраграму (з 1974 у колеры), 4 агульнанац. радыёпраграмы, праграмы для моладзі і замежжа. У камерцыйным сектары дзейнічае каля 50 тэле- і каля 140 радыёстанцый. Існуюць таксама сістэмы тэле- і відэатэксту, функцыянуе сістэма спадарожнікавай тэлекамунікацыі АУССАТ (3 спадарожнікі). Аўстралія належыць да ІНТЭЛЬСАТ.
Літаратура. Да пач. 19 ст. развівалася на мовах і дыялектах плямёнаў аўстрал. абарыгенаў, потым — на англ. мове. Л-ра дакаланіяльнага перыяду прадстаўлена рытуальнымі песнямі, магічнымі рытмізаванымі тэкстамі (замовы, заклікі да татэмаў і інш.), казкамі, легендамі, міфамі, зафіксаванымі ў запісах 19—20 ст.Найб. цікавыя сярод іх — міфы: татэмныя («Людзі-каты», «Людзі-сабакі», «Людзі-сокалы» і інш.), пра культурных герояў («Катукан-кара», «Мура-мура» і інш.), касмаганічныя («Кунапіп», «Нурундэрэ», «Джункгова», «Змей-вясёлка» і інш.). Л-ра каланіяльнага перыяду (да канца 19 ст.) развівалася як частка англ. л-ры. Доўгі час пануючым літ. кірункам быў рамантызм, прадстаўнікі якога (Ч.Харпур, Г.Кендал, А.Л.Гордан) распрацоўвалі паэт. жанры. Значная з’ява ў прозе — раман М.Э.Кларка «Пажыццёвае зняволенне» (1870—72). У паслякаланіяльны перыяд л-ра набывае выразна нац. характар. Адбываецца станаўленне і развіццё рэалізму (проза і драматургія — Т.Колінз, М.С.Франклін, К.С.Прычард, В.Э.Палмер, Б.К.Пентан, Ф.Харды, Э.Д.К’юзек, А.Маршал, М.Брэнд, Р.Лоўлер і інш.; паэзія — Б.О’Даўд, М.Гілмар, «універсітэцкія паэты» Дж.А.Райт, Д.А.Сцюарт, «хрысціяналірык» Дж.Маколей і інш.) і мадэрнізму (паэзія — К.Брэнан, «рэлігійны неарамантык» Дж.Шоу Нілсан, члены аб’яднання «Джындыуорабак клаб» І.М’юды, Р.Робінсан і інш.; проза і драматургія — П.Уайт і інш.). У 1960—70-я г. ўзнікла англамоўная л-ра абарыгенаў (паэты К.Уокер, Дж.Дэйвіс, празаік К.Джонсан і інш.).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У разьбе, гравіроўцы і размалёўках аўстралійцы-абарыгены спалучалі выявы з умоўнымі магічнымі сімваламі і геам. арнаментам. У асобных раёнах захаваліся пячорныя (плато Кімберлі) і наскальныя (п-аў Арнем-Ленд) размалёўкі (выявы людзей і жывёл у т.зв. «рэнтгенаўскім стылі» — з іх унутр. органамі), скульптура. З 18 і асабліва з сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мураванымі дамамі ў духу англ. класіцызму і неаготыкі (арх. Ф.Х.Грынуэй і інш.), невял. «каланіяльнымі» дамамі. У 1913—27 па адзіным плане (амер.арх. У.Б.Грыфін) забудавана сталіца Канбера. Прынцыпы сучаснага дойлідства пашыраны з 1950-х г. (арх. Г.Зайдлер і інш.). З пабудоў вылучаюцца крыты плавальны басейн Алімпійскага стадыёна ў Мельбурне (1956), оперны тэатр у Сіднеі (1966, арх. І.Утзан). У выяўл. мастацтве канца 18 — пач. 19 ст. пашыраны «тапаграфічныя» замалёўкі мясц. прыроды. У 19 ст. рамантычныя акварэльныя пейзажы пісаў К.Мартэнс, лірычныя пейзажы — А.Л.Бювелат, жанравыя і сатыр. — С.Т.Гіл. На рубяжы 19—20 ст. разам з акадэмізмам (Дж.У.Ламберт) і салонным мастацтвам развівалася нац. школа рэаліст. мастацтва (Т.У.Робертс, А.Стрытан, Ф.Мак-Кабін), пашырыўся імпрэсіянізм (Ч.Кондэр); з 1930-х г. — кубізм, сюррэалізм. На сучасным этапе ў Аўстраліі рэаліст. мастацтва жывапісу і графікі (У.Добела, Дж.Р.Драйсдэйла, Н.Куніхана, скульптара Л.Дадсуэла) суіснуе з мадэрнісцкімі плынямі. З 1940-х г. развіваецца мастацтва абарыгенаў: у Хермансбергу сем’ямі А.Наматжыра і Парэрулцыя створана школа акварэльнага пейзажа.
Музыка Аўстраліі ўключае элементы муз. культуры абарыгенаў, англа-аўстралійцаў і эмігрантаў брытанскага паходжання.
Найб. архаічнымі з’явамі муз. культуры абарыгенаў з’яўляюцца каробары — абрадавыя сінкрэтычныя дзействы з элементамі спеваў і танцаў, іх абрадавыя, бытавыя і эпічныя песні. Сярод муз. інструментаў «магічныя» чурынгі (драўляныя або каменныя гудзелкі) і пустое бервяно убар, па якім стукалі палкамі, бумерангі, папуаскія барабаны, з духавых — дыджэрыду (труба са згорнутай кары ці з бамбуку), насавая флейта і інш. З 1830-х г. актывізуецца канцэртнае жыццё, створаны Сіднейскае (1833) і Аўстралійскае (1844) філарманічныя т-вы. У канцы 19 ст. ўзніклі тэатр. манаполіі, оперныя кампаніі, на пач. 20 ст. — аўстралійскі балет. Фарміруецца нац. кампазітарская школа (заснавальнікі А.Хіл, Э.Хатчэсан, Э.Трумэн і інш). Уклад у развіццё муз. культуры Аўстраліі зрабіў кампазітар, піяніст і фалькларыст П.Грэйнджэр. Муз. традыцыі абарыгенаў выкарыстоўвалі Дж.Антыл (балет «Каробары», 1946), К.Дуглас, Э.Л.Бейнтан. Сярод сучасных кампазітараў Ф.Вердэр, М.Уільямсан, Р.Міл, Л.Сіцкі, А.Бенджамін, Р.Эдвардс, Д.Уільямс, А.Болт, М.Уэслі-Сміт; дырыжораў — Б.Хейнцэ, піяністаў — Э.Хатчэсан, Р.Вудвард; спевакоў — Дж.Сазерленд, з абарыгенаў — Х.Блэер. У Аўстраліі працуюць (1986): Т-р оперы і балета ў Сіднеі, Нац. мемар. т-р у Мельбурне; 10 сімф. аркестраў (у т. л. Сіднейскі), камерныя аркестры, хары, інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (з 1935), Аўстралійскі муз. цэнтр (з 1976); кансерваторыі ў Сіднеі, Брысбене, Канберы, Хобарце, Мельбурне і інш.
Тэатр. Першыя тэатр. відовішчы каланістаў і катаржан адносяцца да 1780-х г. У 1830—40-я г. ў Сіднеі, Хобарце, Адэлаідзе, Мельбурне пачалі стварацца пастаянныя т-ры. У 2-й пал. 19 ст. яны аб’ядналіся ў трэсты, якія ўзначальвалі тэатр. дзеячы Дж.С.Копін, Д.Бусіка (малодшы) і інш. Рэпертуар складаўся з п’ес еўрап. і амер. класікі, аўстрал. аўтараў. У 1910—30-я г. актывізавалася дзейнасць літ.-тэатр. аб’яднанняў, якія ставілі п’есы нац. і еўрап. аўтараў, што спрыяла фарміраванню нац.т-ра. Шматлікія аматарскія калектывы ў 1936 аб’ядналіся ў «Лігу новага т-ра». У 1954 створаны «Аўстрал. елізавецінскі тэатральны трэст», які меў на мэце развіццё прафес.аўстрал. тэатра, у т. л. балетнага і опернага. Большасць т-раў у Аўстраліі — камерцыйныя. З 1960-х г. ствараюцца эксперым. калектывы т.зв. альтэрнатыўнага тэатра; арганізоўваюцца невял. тэатры ў кафэ, стайнях, старых складах. Працуюць рэжысёры Д.Хіберт, Дж.К.Уільямсан, А.Бура, Б.Хемфрыс і інш.Гал.тэатр. цэнтры — Сідней, Мельбурн, Брысбен, Канбера, Хобарт, Перт. У Адэлаідзе з 1973 адбываюцца міжнар.тэатр. фестывалі. Тэатр. дзеячаў рыхтуе нац.ін-тдрам. мастацтваў (Мельбурн).
Кіно. Вытворчасць ігравых фільмаў у Аўстраліі пачалася ў 1900. Першы гукавы фільм «Са свету ценяў» (рэж. А.Р.Харвуд) зняты ў 1930. Дакумент. кінематаграфія развіваецца з 1930-х г.; у 1937 заснаваны Аўстрал.нац. савет па кіно, у 1970 — Аўстрал. карпарацыя па развіцці кіно (з 1975 Аўстрал. кінематаграфічная камісія). Пастаноўкі фільмаў фінансуюць прыватныя і замежныя фірмы ў супрацоўніцтве з дзярж. цэнтрамі. Найбольшыя кінематаграфічныя арг-цыі: Аўстрал.ін-т, Аўстрал. школа кіно і тэлебачання, Нац. кінабібліятэка. Вядомыя кінарэжысёры: Б.Борэсфард, Т.Берстэл, К.Хенем, М.Тэрнхал, П.Бенет, акцёры С.Таўл, Х.Гібсан, Л.Хант і інш.
Беларусы ў Аўстраліі. Пасля 2-й сусв. вайны Аўстралія стала новым цэнтрам пасялення бел. эмігрантаў. Тут пражывае 9—10 тыс. беларусаў. Найб. іх канцэнтрацыя ў штатах Вікторыя (г. Мельбурн), Новы Паўд. Уэльс (Сідней), Зах. Аўстралія (Перт), Паўд. Аўстралія (Адэлаіда). Больш як 10 бел.нац. арг-цый ажыццяўляюць культ.-асв. і грамадска-арганізац. дзейнасць, рэпрэзентуюць Беларусь у замежжы. Найб. значныя з іх — Бел.цэнтр.к-т у Вікторыі, Бел. аб’яднанне Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел.культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе; тут размешчана і Беларуская цэнтральная рада. Правасл.бел. прыходы ў Адэлаідзе, Мельбурне, Перце і інш. Дзейнасць бел. арг-цыі каардынуе Федэральная рада бел. арг-цый у Аўстраліі. Праз свае арг-цыі беларусы ўдзельнічаюць у рабоце міжнар. і агульнааўстрал. арг-цый: Асацыяцыі па справах Аб’яднаных Нацый, Сусв. антыкамуніст. лігі, К-та Тыдня заняволеных народаў, Аўстралійскай нац. этнічнай рады і інш. З 1976 штогод, потым кожныя 2 гады праходзяць сустрэчы беларусаў Аўстраліі Бел. эміграцыя ўдзельнічае ў бел. і агульнааўстрал. святах, фестывалях, выстаўках, культ. праграмах. У Мельбурне і Адэлаідзе існуюць бел. хары і танц. гурткі. З 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цый у Аўстраліі дзейнічае к-т дапамогі ахвярам Чарнобыля. Рэгулярныя бел. радыёперадачы арганізаваны ў Сіднеі, Перце і інш. З 1950-х г. выходзілі час. «Новае жыццё», «Наша царква», «Праваслаўным шляхам», «Лучнік».
Літ.:
Петриковская А.С. Государство и развитие национальной культуры в Австралии (1945—1980) // Австралия и Океания в современном мире: Сб. статей. М., 1982;
Small A. Art and artists of Australia. Melbourne, 1981;
Hughes R. The art of Australia. Ringwood, 1981.
М.С.Вайтовіч (гаспадарка), В.В.Халіпаў (літаратура), А.М.Гарахавік (музыка), А.С.Ляднёва (беларусы ў Аўстраліі).
Герб і сцяг Аўстраліі.Аўстралія. Нацыянальны парк Улуру.Да арт.Аўстралія. Астанцовыя горы ў Цэнтральнай Аўстраліі.Аўстралія. Даліна Бараса.Да арт.Аўстралія. Жалезаруднае радовішча Маўнт-Ньюмен у Заходняй Аўстраліі.Да арт.Аўстралія. Від на цэнтр Мельбурна з боку р. Яра.Да арт.Аўстралія. Дзелавая частка Сіднея і гавань.Да арт.Аўстралія. Грамадзянскі цэнтр у Канберы.
Да арт.Аўстралія. Горад Брысбен.Да арт.Аўстралія. Будынак парламента штата Вікторыя ў Мельбурне.Да арт.Аўстралія. Сідней у сярэдзіне 19 ст.Да арт.Аўстралія. Наскальны жывапіс абарыгенаў (злева), малюнкі абарыгенаў на кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙЕ́МЕН, Йеменская Рэспубліка (Аль Джумхурыя аль Йаманія),
дзяржава ў Паўд.-Зах.Азіі, на Пд Аравійскага п-ва. Абмываецца водамі Чырвонага і Аравійскага мораў. Мяжуе на Пн з Саудаўскай Аравіяй, на У з Аманам (б.ч. мяжы не дэмаркіравана). Пл. 532 тыс.км². Нас. 13972,5 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Сана (з 1990), статус эканам. сталіцы мае г.Адэн. Падзяляецца на 17 правінцый. Дзярж. мова — арабская, б.ч. насельніцтва размаўляе на йеменскім дыялекце. Дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень йеменскага адзінства (22 мая).
Дзяржаўны лад. Й. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1994 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце прадстаўнікоў (301 дэпутат, выбіраюцца насельніцтвам), выканаўчая ўлада — ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Й. пераважна горная краіна. На З — Йеменскія горы (Джэбель) выш. да 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб, складаюцца з высокіх плато, расчлянёных глыбокімі далінамі. Шмат патухлых вулканаў. На Пд і ў цэнтр.ч. горы выш. да 2513 м, паўн. схілы якіх павольна зніжаюцца да пустыні Руб-эль-Халі. На У — невысокія пласкагор’і і пластавыя ўзвышшы. Уздоўж узбярэжжа Чырвонага м. і Адэнскага зал. паласой у 50—60 км цягнецца пустыня Тыхама. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, серабро, каменны і буры вугаль, жал., поліметал. і уранавыя руды, графіт, сера, бітумінозныя сланцы, фасфарыты, соль, гіпс, паўкаштоўныя камяні (онікс, агат, халцэдон). На ўзбярэжжы клімат трапічны, гарачы і сухі. Тыхама — адна з самых спякотных і сухіх пустынь у свеце. Сярэдняя т-растудз. 24 °C, чэрв. 31 °C, ападкаў менш за 100 мм. У гарах лета ўмерана цёплае і вільготнае, зіма халаднаватая і сухая, у снеж.—лютым бываюць замаразкі. Каля г. Сана (на выш. 2400 м) сярэдняя т-рачэрв. 21 °C, студз. 14 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Рэкі невялікія. Частка рэк (Мур, Забід, Масіла, Тыбан і інш.) у верхнім і сярэднім цячэнні мае пастаянны вадасцёк, большасць перасыхае. Глебы чырвона-бурыя, зрэдку саланчаковыя. Расліннасць на раўніне пустынная і паўпустынная, на схілах гор калючыя хмызнякі і невял. дрэвы (акацыя, мімоза), па далінах лістападныя і вечназялёныя лясы, на ўнутр. плато сухія стэпы, месцамі саванна. У аазісах пустынь і паўпустынь фінікавыя і какосавыя пальмы. Жывёльны свет: газелі, шакалы, гіены, паўзуны, шмат малпаў, эндэмічны драпежнік мускусны кот (в-аў Сакотра); з птушак — пеліканы, фламінга, цацаркі. У прыбярэжных водах — тунец, сардзіны, скумбрыя, лангусты, амары, крэветкі, крабы і інш.
Насельніцтва. Й. — этнічна аднародная краіна, каля 90% складаюць йеменскія арабы. Жывуць таксама індыйцы, пакістанцы, іранцы, самалійцы і інш. Каля 100 тыс.чал. вядуць качавы спосаб жыцця на У і ПнУ. Большасць насельніцтва належыць да сектаў шыітаў-зейдзітаў і сунітаў-шафіітаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 26 чал. на 1 км², найб. ў Джэбелі — каля 100 чал. на 1 км², у Хадрамаўце і вакол г. Адэн — 45 чал. на 1 км², на Пн — каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 34% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж.): Сана — 972, Адэн — 562 (1995), Таіз — 178, Хадэйда — 155, Эль-Мукала — 50 (1986).
Гісторыя. Дзярж. ўтварэнні на тэр. Й. існавалі са стараж. часоў. На рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. тут складвалася своеасаблівая паўд.-аравійская цывілізацыя, узніклі дзяржавы Хадрамаўт, Катабан, Саба, пазней — Маін, якія дасягнулі найб. росквіту ў 2—1 ст. да н.э. (гэта тэрыторыя атрымала ад ант. географаў назву «Arabia felix» — «Шчаслівая Аравія»). Іх развіццю спрыяў гандаль з краінамі Міжземнамор’я і Індыяй. У пач. 4 ст.н.э.тэр. Й. ўключана ў Хім’ярыцкае царства, тут пашырыліся іудаізм і хрысціянства. У 525 Й. заваяваны эфіопамі, у 575 — Сасанідамі (гл.Сасанідаў дзяржава). У канцы 6 — пач. 7 ст. на тэр. Й. існавала шмат дробных уладанняў, якія каля 630 уключаны ў склад Араб.халіфата. Паступова пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 10 ст. частка тэр. Й. апынулася пад уладай шыіцкай секты зейдзітаў. Некалькі стагоддзяў тут ішлі міжусобіца і барацьба паміж рознымі дынастыямі. У пач. 16 ст. Й. падпарадкавалі туркі-асманы, але ў выніку агульнайеменскага паўстання яны мусілі ў 1633 пакінуць краіну. Утварылася незалежная тэакратычная дзяржава на чале з зейдзіцкімі імамамі. У 1839 англічане захапілі раён Адэна (Паўд. Й.), дзе пазней былі створаны брыт. калонія і пратэктараты Адэн (Усходні і Заходні). У Паўн. Й. аднавілася тур. панаванне (1872).
У выніку антыасманскага паўстання 1904—11 Паўн. Й. дамогся аўтаноміі, у 1918 абвешчаны каралеўствам на чале з імам Ях’я ібн Мухамедам. Паводле англа-йеменскага дагавора 1934 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць Паўн. Й., але пакінула за сабой Адэн. У 2-ю сусв. вайну Й. захоўваў нейтралітэт, у 1943 разарваў дыпламат. адносіны з Італіяй. У 1948 у выніку змовы забіты Ях’я. Да ўлады прыйшоў яго сын Ахмед, які часткова адышоў ад палітыкі самаізаляцыі дзяржавы: быў створаны савет міністраў, Й. прыняў удзел у Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1962 у выніку антыманархічнай рэвалюцыі скінута ўлада імама і абвешчана Йеменская Араб. Рэспубліка (ЙАР). Новы ўрад прапанаваў шырокую праграму сац.эканам. рэформ, ажыццяўленне якой прыпыніла грамадз. вайна (скончана ў 1970). У 1971 адбыліся першыя ў гісторыі Паўн. Й. ўсеагульныя выбары паводле канстытуцыі 1970. У 1978 прэзідэнтам ЙАР выбраны Алі Абдала Салех.
У выніку ўзбр.нац.-вызв. барацьбы народаў Паўд. Й. ў 1967 абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Паўд. Йемена (з 1970 Нар.Дэмакр. Рэспубліка Йемен, НДРЙ). Кіраўніцтва абвясціла сацыяліст. арыентацыю краіны і ажыццявіла шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю феад.-плем. структуры грамадства. У 1972 успыхнуў узбр. канфлікт з ЙАР, які скончыўся падпісаннем пагаднення аб аб’яднанні 2 дзяржаў (не рэалізаваны). У 1978 створана Йеменская сацыяліст. партыя, ген. сакратаром у 1980 выбраны Алі Насэр Мухамед (адначасова кіраўнік дзяржавы і прэм’ер-міністр). Партыя выступала за развіццё дзярж. сектара ў эканоміцы, стварэнне калект. гаспадарак, цеснае супрацоўніцтва з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. У 1979 адбыўся новы ўзбр. канфлікт з ЙАР. У 1980-я г.ўнутр. канфлікты, частыя змены кабінетаў, непаразуменні ў кіраўніцтве па пытаннях ўнутр. і знешняй палітыкі перашкаджалі працэсу сац.-эканам. развіцця НДРЙ. У 1989 ва ўмовах крызіснай эканам. сітуацыі кіраўніцтва краіны адмовілася ад сацыяліст. праграмы. Перагаворы паміж урадамі абедзвюх йеменскіх дзяржаў скончыліся падпісаннем 22.5.1990 дагавора пра стварэнне аб’яднанай Рэспублікі Йемен (РЙ). Прэзідэнтам яе выбраны Алі Абдала Салех. У канцы 1993 адносіны паміж Паўн. і Паўд. Й. рэзка пагоршыліся, у крас. 1994 пачалася маштабная вайна. У маі 1994 у Адэне абвешчана Дэмакр. Рэспубліка Йемен. У ліп. 1994 войскі РЙ устанавілі кантроль над усёй тэр.Паўд. Й. Вясной 1997 адбыліся выбары новага парламента РЙ. Й. — чл. Лігі араб. дзяржаў (з 1945), ААН (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1995.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Усеагульны нар. кангрэс, Йеменскае аб’яднанне ў абарону рэформ, Йеменская сацыяліст. партыя. Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя прафсаюзаў рабочых Йеменскай Рэспублікі.
Гаспадарка. Й. — аграрная краіна. Яе эканоміка перажывае цяжкі крызіс як вынік баявых дзеянняў у 1994. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 37,1 млрд.дол. ЗША, на душу насельніцтва — 2520 дол. ЗША. Доля ВУП (%): прам-сці — 24, сельскай гаспадаркі — 21, сферы паслуг — 55. У сельскай гаспадарцы занята 54% працаздольнага насельніцтва. Гал. галіна — земляробства. Пасяўная пл. каля 3210 тыс.га. Асн. раёны — Джэбель (на тэрасаваных багарных землях), Тыхама, Хадрамаўт, Лахдж (на арашальных землях). Прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць па 2—3 ураджаі за год. Гал. экспартная культура — кава. У аазісах — фінікавая пальма. Асн. збожжавыя: дура (афр. проса), сорга, пшаніца, ячмень. кукуруза; тэхн. — індзіга, кунжут, бавоўнік, тытунь, хна, кат (наркатычная расліна), імбір. Традыцыйна развіта садоўніцтва (бананы, персікі, абрыкосы, гранаты, цытрусавыя, манга, інжыр). У цэнтр. раёнах развіта вінаградарства (больш за 40 сартоў). На паліўных землях агародніцтва, бахчаводства. Бульбаводства. Жывёлагадоўля пашавага характару. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 3,7, коз — 3,2, буйн. раг. жывёлу (пераважна зебу) — 1,1, коней, аслоў, вярблюдаў. У Хадрамаўце і Джэбелі — пчалярства. У прыбярэжных раёнах — рыбалоўства; улоў рыбы (1995) складае 86,8 тыс.т. Здабываюць жэмчуг, каралы, перламутр. Вядучая галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Запасы нафты — 550 млн.т у раёне Марыб і прав. Хадрамаўт (Масіла), газу — 130—170 млрд.м³. Штогод на Марыбскім радовішчы здабываюць каля 10 млн.т нафты. Нафтаперапрацоўка на з-дах у Адэне і Марыбе (магутнасць каля 9 млн.т). Нафта і нафтапрадукты складаюць каля 90% экспарту краіны. Здабываюць таксама кухонную соль (запасы ў Саліфе 300—500 млн.т), жал. руду, гіпс, паўкаштоўныя камяні. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 1,9 млрд.кВт∙гадз. З-ды металаапрацоўчай прам-сці: суднарамонтны (Адэн), зброевы (Сана), па вытв-сці тары для нафтапрадуктаў (Хадэйда) і алюмініевага посуду (Таіз). Прадпрыемствы лёгкай прам-сці: бавоўнаачышчальныя (у Сане, Хадэйдзе, Забідзе, Лахджы), тэкст. (у Сане, Адэне), швейныя, гарбарныя. Ёсць з-ды хім. прам-сці (лакафарбавы ў Адэне і пластмасавых вырабаў у Таізе). Развіты галіны харч. прам-сці (кандытарская, алейная, кансервавая, рыбная, малочная, тытунёвая). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў у Таізе, Сане (цэментны з-д), мэблі ў Сане, запалак у Адэне. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, тэкстылю, абутку, упрыгожанняў з золата, серабра, ганчарных вырабаў. Ва ўнутр. перавозках асн. з’яўляецца аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог з асфальтавым пакрыццём 11 тыс.км. Аўтапарк больш за 510 тыс. машын, у м. 282 тыс. грузавых. Шырока выкарыстоўваецца ўючны транспарт на стараж. караванных шляхах. 11 аэрапортаў, з іх 4 міжнар. (у Сане, Адэне, Таізе, Хадэйдзе). Знешнегандл. марскія перавозкі — на замежных суднах. Гал. парты: Хадэйда (вываз кавы, сухафруктаў, скуры, бавоўны), Адэн (транзітны порт), Моха, Саліф, Эль-Мукала. Экспарт складае 1,1 млрд.дол. ЗША (1994): нафта і нафтапрадукты, кава, бавоўна, фінікі, рыбапрадукты, соль і інш. Імпарт — 1,8 млрд.дол. ЗША (1994): нафта, машыны і абсталяванне, тавары нар. ўжытку, хім. прадукцыя. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, Расія, краіны бас. Індыйскага ак. Грашовыя адзінкі — йеменскі рыял і йеменскі дынар.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр.Паўн. Й. выяўлены рэшткі стараж. гарадоў (з 2-га тыс. да н.э., Марыб, Маін), умацаваных мурамі з вежамі, ірыгацыйных пабудоў (Марыбская плаціна, 7 ст. да н.э.), каменных храмаў з рэльефамі, статуямі, размалёўкамі (храм Авам каля Марыба, 8 ст. да н.э.). Знойдзены каменная і бронз. скульптура. творы гліптыкі, кераміка. З І. ст.н.э. вядомы г. Сана, дзе паводле літ. крыніц, быў 20-павярховы замак Гумдан. З пашырэннем ісламу (7 ст.) будаваліся мячэці, напачатку «дваровага» тыпу (аль-Джама аль-Кебір у Сане), пазней — у выглядзе купальных залаў (аль-Ашрафія ў Таізе, 13 ст.); мінарэты звычайна ярусныя, круглыя ці шматгранныя, з невял. купалам. Традыц. жылыя дамы ў гарадах 3—7-павярховыя, каменныя ці цагляныя, з міжпаверхавымі паясамі (у Сане), ажурнымі балконамі (у Хадэйдзе); у селішчах — высокія сырцовыя і каменныя, часам вежавыя дамы ці чарацяныя хаціны на драўляным каркасе. У Паўд. Й. захаваліся руіны сталіцы царства Катабан г. Тымна (9—1 ст. да н.э., рэшткі каменных умацаванняў, вял. будынкаў з высечанымі на сценах надпісамі, надмагільныя стэлы некропаля з квадратнымі пліткамі, са схематычнымі выявамі твараў, насценныя бронз. рэльефы і статуі эліністычнага характару); у Хадрамаўце — руіны гарадоў 5—4 ст. да н.э. з абарончымі мурамі з часанага каменю (Шабва) і рэшткамі дамоў, скальныя грабніцы і вадаёмы (Адэн). У розных раёнах знойдзены прадрапаныя і нанесеныя вохрай выявы канца 1-га тыс. да н.э.: фігуркі людзей і жывёл з бронзы і золата, кераміка з геам. арнаментам. У нешматлікіх сучасных гарадах (Шыбам, Тарым) захавана ў асноўным стараж. аблічча: сырцовыя 6—7-павярховыя да мы вежавага тыпу, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго і ствараюць знадворку непрыступны мур з адзінай брамай, што вядзе ў горад. Фасады высокіх дамоў часта аздоблены шматколернай размалёўкай. Каля г. Адэн захаваліся ўмацаванні сярэдзіны 19 ст. (і фрагменты 16—17 ст.). Для культавай архітэктуры характэрны мячэці з плоскім ці купальным перакрыццем галерэй, якія абкружаюць двор, Мінарэты з паясамі зубчастай муроўкі з цэглы сырцу, маўзалеі-«куба» з яйкападобным купалам і ажурным парапетам, што завяршае сцены. У архітэктуры сучаснага Й. новыя канструкцыі спалучаюцца з традыц. элементамі. Развіваецца выяўл. мастацтва. Захоўваюцца стараж. віды нар. мастацтва: інкрустацыя па дрэве і метале, філігрань, вышыўка, дыванаткацтва і інш.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Йемена.Да арт.Йемен. Традыцыйная забудова гарадоў на паўночным усходзе краіны.Да арт.Йемен. Ландшафт у даліне Хадрамаўт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРА́МІКА (грэч. keramike ганчарнае мастацтва ад keramos гліна),
вырабы з прыродных глін і іх сумесей з мінер. і арган. дамешкамі, абпаленыя да каменепадобнага стану. Паводле прызначэння падзяляецца на посуд (сталовы, кухонны, тарны), буд. вырабы (плітка керамічная, цэгла, чарапіца, кафля і інш. вырабы будаўнічай керамікі), рэчы мастацтва, культу (дэкар. вазы, статуэткі, фігуркі, барэльефы, урны пахавальныя) і інш. Паводле гатункаў гліны К. бывае звычайная (з афарбаванай, ажалезненай гліны) і фарфора-фаянсавая (з белай гліны — кааліну). Паводле дамешкаў у глінянае цеста адрозніваюць К. тэракотавую (з чыстай чырванаватай гліны), з арганічнымі (расліннымі) дамешкамі, тоўчанымі ракавінамі, пяском (кварцам), жарствой (тоўчаным каменем), крывавікам (балотнай рудой), шамотам (здробненымі кавалкамі посуду), фарфоравую (з дамешкамі ў каалін кварцу, мармуру, мелу), фаянсавую (з дамешкамі гіпсу) і інш.Стараж. К. нясе ў сабе тэхналагічную, храналагічную (стадыяльную), тэрытарыяльную, культурна-археал. інфармацыю. Тыпы, формы і арнаментацыя гліняных вырабаў (найперш посуду) з’яўляюцца асн. вызначальнымі прыкметамі пэўнай археал. культуры, а часам і этнічнай прыналежнасці. Паводле спосабаў вытв-сці К. падзяляюць на ляпную (вырабленую рукамі) і ганчарную. Па апрацоўцы паверхні керамічны посуд бывае гладкасценны, з адбіткамі шнура (вяроўкі), з расчосамі грэбенем, шурпаты, штрыхаваны, храпкаваты (абляпаны), тэкстыльны (з адбіткамі тканіны), глянцаваны, паліраваны, маёлікавы (гл.Маёліка) і інш.
Вытворчасць глінянага посуду пачалася 8—6 тыс.г. да н.э. ў Пярэдняй Азіі (Месапатамія), на Б. Усходзе і ў Інданезіі. У Еўропе найб.стараж. посуд (6—5,8 тыс.г. да н.э.) знойдзены на Балканскім п-ве (Македонія, Балгарыя). У 5—4 тыс. да н.э.вытв-сць К. стала вядома насельніцтву Валыні, а з канца 5-га тыс. да н.э. плямёнам, якія насялялі тэр. Беларусі. Для стараж. посуду характэрна выкарыстанне раслінных дамешкаў у цесце гліны, якія пры т-ры 300—400 °C часткова выгаралі. Абпал посуду на адкрытым вогнішчы быў слабы, пры т-ры 500—600 °C утвараўся аксід жалеза, што афарбоўваў паверхню ў чырванаваты колер. У жал. веку ў фармовачную масу найчасцей дамешвалі жарству ці буйназярністы пясок, посуд фармавалі стужачна-кальцавым спосабам на спец. цвёрдай падстаўцы. Спачатку выбівалі ці выціскалі донца, потым нарошчвалі сценкі. Абпальвалі ў скляпеністых горнах, дзе т-ра дасягала 1000 °C, калі мінер. дамешкі пачыналі плавіцца, а пазней і 1200—1400 °C, пры якой адбывалася іх крышталізацыя і чарапок набываў «звонкасць». Усх. славяне ганчарны посуд пачалі вырабляць у сярэдзіне 10 ст. Першапачаткова ганчарны круг выкарыстоўвалі толькі для загладжвання ўжо гатовага начыння ці частковай яго фармоўкі. Асн. яго формай былі гаршкі, вырабленыя на павольным крузе.
На Беларусі са з’яўленнем нажнога ганчарнага круга стаў выкарыстоўвацца спосаб тачэння або выцягвання пасудзіны з аднаго кавалка гліны. Вельмі шмат ганчарнай К. ў культурных пластах гарадоў 12—13 ст. Асабліва добра К. абпальвалася ў горне (гл.Ганчарны горан). Пасля прыняцця хрысціянства (988) у гарадах Кіеўскай Русі, у т. л. на Беларусі, разгарнулася буд-ва мураваных цэркваў, што адразу рас шырыла асартымент К. З гліны пачалі вырабляць плінфу (шырокую плітачную цэглу), архітэктурныя дэталі, у т. л.галаснікі; для аздаблення падлогі і сцен выраблялі пліткі, якія часам пакрывалі паліхромнымі палівамі. У 14 ст. з’явілася, а ў 16—17 ст. шырока распаўсюдзілася брусковая буйнапамерная цэгла-пальчатка з адбіткамі і баразёнкамі ад пальцаў. Частка цэглы перапальвалася і ператваралася ў цэглу-жалязняк цёмна-шэрага колеру, што выкарыстоўваўся на дэкор. У гэты час ганчары навучыліся загартоўваць посуд у растворы хлебнага квасу, у выніку з’явілася «абварная», «гартаваная», «рабая» К., дэкор якой меў выгляд плям на светла-ружовым фоне. У 14 ст. рамеснікі ВКЛ перанялі ў ням. майстроў уменне вырабляць кафлю і абліцоўваць ёю печы. Аб’яднанне рамеснікаў у цэхі ў сярэдзіне 16 ст. і асваенне нажнога ганчарнага круга садзейнічалі павышэнню якасці К. Посуд стаў больш тонкі і сіметрычны, пашырыўся яго асартымент. Пачалі вырабляць курыльныя люлькі, скарбонкі, цацкі-свістулькі і інш. рэчы. Прадукцыя ганчароў паступала на рынкі, набывала таварны характар. Шмат белаглінянага посуду — т.зв. «каменнага тавару» — трапляла ў 16 ст. ў гарады Беларусі з Рэйнскай вобласці. З 15 — пач. 16 ст. посуд і кафлю пакрывалі пераважна зялёнай палівай, з сярэдзіны 16 ст. пачалі рабіць маёлікавы посуд і кафлю, аздобленыя паверх нізкарэльефнага малюнка жоўтай, белай, зялёнай эмаллю не ражком, як гэта было ў 12—15 ст., а пэндзлем непасрэдна па непрасушаным чарапку. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі дымленне, глянцаванне, падглазурную размалёўку — ангобам, а надглазурную — эмалямі. Росквіт вытв-сці паліхромнай кафлі на Беларусі ў 16—17 ст. дазволіў экспартаваць яе ў Маскоўскую дзяржаву. У 17 ст. на Беларусі з’явіўся маёлікавы посуд, рэчы, аздобленыя кобальтавай размалёўкай. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Целяханах, Слуцку і інш. гарадах. У 19—20 ст. К. пераважна вырабляюць на прамысл. прадпрыемствах. Тэхнал. працэс вырабу прамысл. К. ўключае апрацоўку сыравіны, прыгатаванне керамічнай масы, фармаванне, сушку і абпал вырабаў, дэкаратыўную аддзелку.
К. мастацкая — галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асн.тэхнал. віды маст. К. — тэракота, шамот, маёліка, фаянс, каменная маса, фарфор.
Вырабы з гліны (выявы жывёл і чалавека) вядомы з палеаліту (фігуркі з Дольні-Вестаніцы, Чэхія, 27 тыс.г. да н.э.). З позняга палеаліту і ў неаліце вядома абпальванне вырабаў з гліны (рэльефныя выявы жывёл у пячоры Цюк-д’Адубер, Францыя). Выразныя магчымасці К. павялічваліся з удасканаленнем спосабаў вырабу (ад лепкі ўручную да фармоўкі на ганчарным крузе), абпальвання (ад вогнішча да ганчарнага горна) і аздаблення посуду (ад нескладанага ямкавага арнаменту для глянцавання, лакаў, ангобу, палівы і шматкаляровай размалёўкі; гл.Ганчарства). Імкненне атрымаць тонкую і прыгожую К. прыводзіла майстроў розных краін і эпох да адных і тых жа адкрыццяў. Напр., вытв-сць фаянсу і глазураў, вядомая стараж. егіпцянам у 15 ст. да н.э., была зноў вынайдзена ў 3—4 ст.н.э. ў Кітаі, у 9—10 ст. у краінах Б. Усходу, у 16 ст. ў Францыі. Сакрэт фарфору, вядомага ў Кітаі з 6—7 ст., адкрылі ў 1-й пал. 18 ст. самастойна рус. і ням. майстры (мейсенскі фарфор), у 2-й пал. 18 ст. — у Францыі (сеўрскі фарфор). У Францыі і Англіі былі створаны блізкія да фарфору разнавіднасці К. — т.зв. мяккі і «касцяны» фарфор. Важнае месца ў гісторыі К. належыць Стараж. Грэцыі, дзе выпрацаваны разнастайныя формы пасудзін (амфара, ваза, кіяф, кілік, скіфас і інш.), упрыгожаныя чорна- і чырваналакавай размалёўкай (гл.Вазапіс), былі пашыраны ляпныя і размаляваныя тэракотавыя статуэткі. Высокага маст. ўзроўню дасягнула К. амер. індзейцаў, якія да 16 ст. не ведалі ганчарнага круга (тэракотавыя статуэткі майя, фігурныя пасудзіны і маскі ацтэкаў, «тваравыя» пасудзіны інкаў). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца кіт. фарфор 9—17 ст., блізкаўсходні паліхромны з люстрам посуд і арх. абліцоўкі 9—15 ст. (дэкор пабудоў Самарканда, Бухары і інш.), іспана-маўрытанская (14—15 ст.) і італьян. (15—17 ст.) маёліка, фаянсы Руана, Сеўра (16—18 ст.), рас. фарфор, фаянс (гл.Гжэльская кераміка. Дулёўскі фарфоравы завод) і вырабы нар.маст. промыслаў (гл.Дымкаўская цацка, Скапінская кераміка). З пач. 20 ст. з пашырэннем функцыяналізму ў К. краін Еўропы і ЗША вёўся пошук простых, часам без дэкору форм, разлічаных на прамысл.вытв-сць (распрацоўкі «Баўгауза» ў Германіі і інш.). У 1950-я г.прамысл. К. імкнулася да рацыянальнай прастаты, выяўлення утылітарнасці прадмета, структурных і фактурных якасцей матэрыялу. Для дэкору характэрна разнастайнасць тэхнік (новыя віды эмалі, палівы), стылявых тэндэнцый, кантрастных супастаўленняў з інш. матэрыяламі. З 1960-х г. адбываецца адыход ад строгай функцыянальнасці і імкненне наблізіцца да станковых форм. У галіне К. працуюць буйнейшыя мастакі і архітэктары.
На тэр. Беларусі керамічныя вырабы (прадметы хатняга ўжытку) вядомы з неаліту (гл. ў арт.Першабытнае мастацтва). Лепленыя ўручную вастрадонныя гаршкі ўпрыгожвалі наколкамі, адбіткамі грэбеня, пракрэсленымі лініямі, пазней арнаментавалі ўсю паверхню. У бронзавым веку была пашырана шнуравая К., у жал. веку пераважала штрыхаваная, гладкасценная і чорназадымленая. Выкарыстанне ганчарнага круга, павышэнне якасці апрацоўкі гліны садзейнічалі таму, што з 10 ст. керамічныя вырабы сталі больш якасныя, пластычна выразныя і разнастайныя па форме. У сярэдневякоўі склаліся традыц. асаблівасці К. Практычную і эстэт. каштоўнасць гліняных вырабаў павялічыла выкарыстанне глазуры. Керамічны посуд аздаблялі гравіраваным лінейна-хвалістым узорам, штрыхамі, кропкамі. Выраблялі таксама арх. дэталі, збаны-галаснікі, паліхромныя абліцовачныя пліткі (гл.Плітка дэкаратыўная). У 16—18 ст. інтэнсіўна развівалася вытв-сцькафлі. Пра шырокае ўжыванне маст. К. ў 17 ст. сведчаць інтэр’еры маскоўскіх і падмаскоўных храмаў, манастыроў і палацаў, якія аздаблялі выхадцы з Беларусі, майстры-цаніннікі С.Палубес, П.Заборскі, І.Максімаў, С.Грыгор’еў, старац Іпаліт і інш. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Свержані (Стаўбцоўскі р-н), Целяханах (Івацэвіцкі р-н; гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы), Гродне, Урэччы, Слуцку. Фаянсавыя вырабы аздаблялі рэльефным арнаментам, маскаронамі, шматколернай размалёўкай і пазалотаю. Склаліся цэнтры маст. К., сфарміраваліся самабытныя школы дэкар. размалёўкі, мясц.маст. стылі (гл.Бабінавіцкая кераміка, Бабруйская кераміка, Гараднянская кераміка, Гарадоцкая кераміка, Дубровенская кераміка, Заслаўская кераміка, Івянецкая кераміка, Крычаўская кераміка, Поразаўская кераміка і інш.). Да традыц. відаў маст. К. адносяцца і гліняная скульптура, цацкі-свістулькі і інш. У 19 — пач. 20 ст. К. выраблялі на кафляных і фаянсавых з-дах у Целяханах, Слуцку, Барысаве, Магілёве; буйнейшы цэнтр вытв-сці — Копысь Аршанскага р-на (гл.Копыская кафля, Копыская кераміка). У 1925—29 існавала аддзяленне маст. К. ў Віцебскім маст. тэхнікуме. У 1920—40-я г. на базе нар. ганчарнага рамяства створаны арцелі (у Барысаве, Івянцы, Бабруйску, Бабінавічах Лёзненскага, Ракаве Валожынскага р-наў); з 1948 працуе фаянсавы з-д у Мінску. Лепшыя тагачасныя творы К. адметныя пошукам новых дэкар. магчымасцей у прыродных формах. Выраблялася таксама настольная дэкар. скульптура, гал.ч. з фарфору. У 1959 створана керамічная майстэрня пры Маст. фондзе БССР. У 1961 адкрыта аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва, у 1964 — кафедра маст. керамікі ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел.АМ). З 1963 працуе керамічны цэх Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Значны ўклад у развіццё маст. К. ў гэты час зрабілі Ф.Зільберт, М.Бяляеў, В.Гаўрылаў, Т.Паражняк. Для мастакоў-керамістаў гэтага перыяду характэрна імкненне да выяўлення прыгажосці матэрыялу, шырокае выкарыстанне кантрастаў яго фактур, матэрыялаў, якія раней лічыліся немастацкімі (напр., шамот), смелае спалучэнне колераў, распрацоўваліся новыя віды эмалей і глазураў. У 1960-я г. павялічылася цікавасць да унікальнай К., якая ў 1970-я г. набыла станковы характар, да традыцый нар. творчасці (работы Л.Панамарэнкі, М.Шаўцовай, М.Кляцкова, Ф.Шостака). З 1978 працуе Добрушскі фарфоравы завод, з 1979 — аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка». Маст. К. развіваецца ў 2 кірунках: адны мастакі амаль адышлі ад масавай бытавой К. і ствараюць пераважна свабодныя дэкар. формы, арх. К., другія паслядоўна прадаўжаюць традыцыі нар. мастацтва. У творчасці мастакоў першага кірунку відавочна імкненне парушыць канструкцыйна-прадметную сутнасць твора, іх работам уласцівы своеасаблівасць пластычных сродкаў, складаныя асацыяцыі, сімволіка. Дэкар. рэчы ствараюцца ў формах, блізкіх да скульптуры і жывапісу. Пашыранымі сталі блізкія да скульптуры малых форм керамічныя пано і размаляваныя рэльефы. Сярод мастакоў-керамістаў 1980—90-х г. М.Байрачны, В.Грыгарышына, В.Данчук, А.Дзятлава, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, А.Концуб, У.Кузняцоў, Н.Кухарэнка, С.Ларчанка, А.Паддубны, У.Паражняк, Э.Позняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, Т.Сакалова, А.Сурмач, У.Угрыновіч і інш.
Літ.:
Беларуская кераміка. Мн., 1984;
Бобринский А.А. Гончарство Восточной Европы: Источники и методы изучения. М., 1978;
Акунова Л.Ф., Крапивин В.А. Технология производства и декорирование художественных керамических изделий. М., 1984.
Н.І.Здановіч, Г.К.Штыхаў, М.М.Яніцкая, В.І.Жук (К. мастацкая).
Да арт.Кераміка. Дама з мопсам. Мейсен. Каля 1740.Да арт.Кераміка. Паднос. Кітай. 18 ст.Да арт.Кераміка. Керамічная лямпа са Скальнага храма ў Іерусаліме. 1549.Да арт.Кераміка. У.Кузняцоў. Дэкаратыўная скульптура «Купава» ў Мінску. 1970.Да арт.Кераміка. У.Угрыновіч. Дэкаратыўная кампазіцыя «Развіццё». 1980.Да арт.Кераміка. С.Палубес. Чатыры апосталы. Рэльеф. Маёліка. 2-я пал. 17 ст.Да арт.Кераміка. Т.Сакалова. Кампазіцыя «З’яўленне». Шамот, эмаль. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАМАСТА́ЦТВАкіно,
від экраннага мастацтва, творы якога зроблены на тэхн. базе кінематаграфіі, а таксама з дапамогай інш.тэхн. сродкаў аўдыёвізуальнай камунікацыі (тэлебачанне, відэакасеты, відэадыскі, камп’ютэр і інш.). Асн. творы К. — фільмы — ствараюцца шляхам кіназдымак рэальных, спецыяльна інсцэніраваных падзей рэчаіснасці або ўзноўленых сродкамі анімацыі. У К. сінтэзуюцца эстэт. ўласцівасці л-ры, т-ра, выяўл. мастацтваў, музыкі (гл.Кінамузыка) на аснове спецыфічных сродкаў выразнасці. Кінематограф і К. як яго частка ўзніклі на мяжы 19—20 ст. у выніку развіцця навукі і тэхнікі. Кінематограф фарміраваўся як частка тэхнагеннай культуры, для якой характэрна спалучэнне унікальнасці яе прадукцыі з тыражаваннем. Папярэднікамі кіно акрамя традыц. відаў мастацтва былі: фатаграфія, кірмашовы атракцыён, фанограф, грамафон, патэфон, радыё (як папярэднік гукавога кіно), перыяд. выданні (як папярэднікі хранікальных фільмаў), відовішчы, якія стваралі ілюзію рэальнасці (панарама, дыярама, кругавая праекцыя — папярэднікі шырокаэкраннага, шырокафарматнага, кругавога, варыяэкрана). Прырода сінтэзу кіно дваістая: сінтэз у працэсе нараджэння К. як віду мастацтва і сістэмы яго сродкаў выяўлення, а таксама сінтэз як узаемадзеянне і ўзаемаўплыў мастацтваў на кожным этапе існавання К. і пры стварэнні кожнага канкрэтнага твора. Вынік сінтэтычнасці К. — калектыўнасць стварэння фільма. Кампаненты фільма і адпаведна асн. кінематаграфічныя прафесіі: кінадраматургія — сцэнарыст; рэжысура — рэжысёр; мантаж — мантажор; выява — мастак, аператар; гук — кампазітар, гукарэжысёр; акцёрская творчасць — акцёр, каскадзёр. Гал. роля ў працэсе стварэння фільма звычайна належыць рэжысёру. У сувязі з калектыўнасцю стварэння фільмаў у К. праблема аўтарства спецыфічная. У працэсе яго гіст. развіцця паступова адбывалася станаўленне індывідуальнай аўтарскай свядомасці, што прывяло да ўзнікнення тэрміна «аўтарскае кіно» і вылучэння яго як асобнай з’явы ў процілегласць жанраваму кіно. К. найб. натуральна і адэкватна адлюстроўвае масавую псіхалогію. Сістэма вобразнага засваення свету аўдыёвізуальным К. мае 2 узроўні: выяўленчы (сама кінавыява) і вобразны (вобразны сэнс, які нясе кінавыява). Аснова кінавобразнасці — выяўленчасць. Адносна К. існуе азначэнне «самае безумоўнае з мастацтваў», аднак фатаграфічная прырода К. не адмяняе асобай кінематаграфічнай умоўнасці. Мова К. — гукапластычная мова экраннай выявы, якая рухаецца. К. валодае сістэмай сродкаў адлюстравання, многія з якіх суадносяцца са сродкамі інш. мастацтваў (святло, колер, рытм, лейтматыў, слова і інш.), а некаторыя з’яўляюцца спецыфічнымі і вызначальнымі: кадр, або мантажны кадр, план (адносны маштаб выявы ў кадры), ракурс (пункт погляду камеры, які дапамагае адлюстраваць погляд героя або аўтара на падзеі), мантаж. Вылучаюць віды К.: ігравое кіно (гл.Мастацкі фільм), анімацыйнае кіно, дакументальнае кіно, навукова-папулярнае кіно. Прынцыпамі падзелу кіно на віды з’яўляюцца прадмет экраннага ўвасаблення, спосабы экраннай матэрыялізацыі задумы ў адпаведнасці з запатрабаваннямі ўспрыняцця гледачоў. Існуе тэндэнцыя стварэння фільмаў на стыку ігравога, дакумент. і анімацыйнага кіно. З развіццём К. фарміравалася яго жанравая сістэма. К. выкарыстоўвала жанры інш. мастацтваў (л-ры, т-ра, фальклору і інш.) і выпрацоўвала свае (гл. ў арт.Жанр). Для сучаснага К. характэрна тэндэнцыя да змешвання жанраў (поліжанрызм К.) і відаў К. Найб. пашырана спалучэнне т. зв. «нізкіх», або традыц. відовішчных жанраў К. ў сувязі з аднолькавым узроўнем умоўнасці (авантурны фільм у розных варыяцыях, меладрама, камедыя). На сістэму жанраў дакумент. кіно зрабіла ўплыў літ. публіцыстыка, навук.-папулярнага — навук. літаратура. Паводле паходжання многія кінажанры маюць літ. назвы, але па сутнасці яны не ідэнтычныя.
Гістарычна К. ўзнікла разам з кінематографам. Асобныя фільмы канца 19 ст. (пераважна камічныя, феерычныя, меладрам. стужкі) па сваёй прыродзе належалі да сферы маст. творчасці, хаця цалкам творамі К. іх лічыць нельга. Ад спрошчанага засваення вопыту інш. мастацтваў К. шляхам паступовага назапашвання маст. знаходак распрацоўвала і спецыфічныя сродкі выяўлення (сістэмы планаў, ракурсаў, рухаў камеры, форм мантажу, муз. суправаджэння). Ускладняліся кінадраматургія і акцёрская творчасць. У перыяд фарміравання К., які звычайна датуюць ад узнікнення кінематографа да заканчэння 1-й сусв. вайны, значны ўклад у яго развіццё зрабілі кінематаграфісты Францыі (браты Люм’ер, Ж.Мельес, дзейнасць фірмы «Фільм д-Ар»), ЗША (Э.Портэр, Т.Х.Інс, Д.У.Грыфіт, Ч.Чаплін), Італіі, Даніі, Швецыі, Расіі і інш. Да 1908 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, паказваліся фільмы выключна замежнай вытв-сці. Пазней зарадзілася ўласная кінавытв-сць, у якой вызначыліся асн. тэматычныя і жанравыя кірункі: экранізацыя класікі, крымінальна-прыгодніцкія, быт., камічныя фільмы, салонныя меладрамы. Першым рас. фільмам уласцівы запаволенасць экраннага апавядання, павышаны псіхалагізм (творчасць У.Гардзіна, Я.Баўэра, Я.Пратазанава). Першаадкрывальнікам аб’ёмнай анімацыі быў рас. кінематаграфіст бел. паходжання У.Старэвіч. У канцы 1910-х г. кіно сфарміравалася як від мастацтва (гл.Нямое кіно). Крызіс класічнага маст. мыслення ў канцы 19 ст. адначасова з мадэрнізмам спарадзіў масавую культуру, якая захавала жыццепадабенства і агульнадаступнасць, але змяніла пазнавальна-выхаваўчую арыентацыю на кампенсаторна-забаўляльную. Да яе належаў і кінематограф «асн. патоку». Мадэрнізм яскрава праявіўся ў К. 1920-х г.: ням. кінаэкспрэсіянізм (Ф.Ланг, Ф.Мурнаў) і франц. кінаімпрэсіянізм (Л.Дэлюк), кінаавангард (Р.Клер, Л.Буньюэль, Ф.Лежэ), сав.рэв. кінапаэзія і інш. З дасягненняў К. ЗША найб. значнасць мае эксцэнтрычная кінакамедыя. Праявілася спецыфіка неігравога кіно як сферы К., якое акрамя інфарм., рэпартажнай функцыі адкрыла новыя маст. магчымасці. Сярод найб. значных дасягненняў у сусв. неігравым кіно — творчасць сав.рэж. Дз.Вертава, амер.рэж. Р.Флаэрці і інш., у творах якіх дасягнута арган. зліццё жыццёвага матэрыялу з аўтарскай трактоўкай у кінематаграфічнай форме. У СССР у 1920-я г. ствараліся класічныя творы сав.рэв. кінаавангарда — «тыпажна-мантажнага», «паэтычнага» мастацтва, што вылучыла сав. кіно на адно з першых месцаў у сусв. кінематографе (творчасць С.Эйзенштэйна, У.Пудоўкіна, А.Даўжэнкі і інш.). У гэтым рэчышчы ствараліся і лепшыя бел. фільмы (Ю.Тарыч). З канца 1920-х г. пачало развівацца гукавое кіно, хоць на пачатковым яго этапе тэхн. складанасці гуказапісу абмяжоўвалі сферу выкарыстання сродкаў выразнасці, адкрытых у нямым кіно. Вял. ўклад у яго развіццё зрабілі франц. «паэтычны рэалізм», якому ўласцівы глыбокі псіхалагізм і рамант атмасфера дзеяння (фільмы Ж.Рэнуара, Ж.Фейдэра, Ж.Дзювіўе, М.Карнэ), удзел у кіно майстроў англ. сцэны. Замацавалася ўстойлівая сістэма кінажанраў, асабліва ў кінематографе ЗША У неігравым кіно найб. значныя работы нідэрл. дакументаліста І.Івенса ў жанры эксперым. лірычных кінабалад, англ.дакумент. школа Дж.Грырсана і інш. У СССР гукавое кіно пашырылася з 1930-х г. Лепшыя фільмы вызначаліся спалучэннем эстэтыкі тыпажна-мантажнага К. і магчымасцей гукавога кіно (М.Ром, С.Юткевіч, А.Зархі, І.Хейфіц, Ю.Райзман, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў; у бел. кіно — Ю.Тарыч і У.Корш-Саблін). У гэты час у СССР адзіным творчым метадам быў абвешчаны сацыялістычны рэалізм. Перад 2-й сусв. вайной кансерватыўна-традыцыяналісцкія тэндэнцыі пашырыліся ў К. практычна ўсіх краін, нягледзячы на адрозненні ідэалаг. і эканам. плана. У гады 2-й сусв. вайны ў кіно ўзмацнілася агітацыйнасць, павялічылася роля дакумент. публіцыстыкі. У гэтым жанры працавалі і рэжысёры ігравога кіно (Дж.Форд, Ф.Капра ў ЗША, Райзман, Даўжэнка ў СССР і інш.). Ставіліся фільмы, пабудаваныя на суадносінах дакумент. і ігравых пачаткаў (англ.рэж. Х.Джэнінгс). У сярэдзіне 1940 — пач. 1950-х г. пераважалі фільмы традыц. апавядальнай стылістыкі, на аснове якой К. асімілявала тэхн. навінкі: каляровую выяву (з 1930-х г.), розныя прапорцыі экрана (з 1950-х г. шырокі экран, шырокі фармат і інш.). На першы план вярнулася эстэтыка быт. падабенства, што найб. увасобілася ў тэорыі і практыцы італьян. неарэалізму (Ч.Дзаваціні, Р.Раселіні, В.Дэ Сіка, Дж. Дэ Сантыс, П.Джэрмі і інш.). У СССР у пасляваен. гады складанасці ў становішчы К. былі абумоўлены эканам. цяжкасцямі і ўзмацненнем жорсткасці паліт. рэжыму. Было прынята рашэнне аб скарачэнні кінавытв-сці, што адмоўна адбілася на стане кінематографа рэспублік з невял. кінавытв-сцю, у т. л. Беларусі. З сярэдзіны 1950-х г. на развіццё К. пачала ўплываць канкурэнцыя з боку тэлебачання, што ў канцы 1950-х г. прывяло да крызісу кінематографа галівудскага тыпу (акцёрска-прадзюсерскага) і ўздыму еўрап. кіно, якое менш закранула ўздзеянне тэлебачання. З’явілася аўтарскае кіно ў Італіі (Ф.Феліні, Л.Вісконці, М.Антаніёні, П.П.Пазаліні), Швецыі (І.Бергман), Японіі (А.Курасава), Іспаніі (Буньюэль) і інш., франц. «новая хваля» (А.Рэнэ, Ф.Труфо, Ж.Л.Гадар), «польская школа» (А.Вайда, А.Мунк), «чэшская школа» (М.Форман, І.Менцэль), «кіно адлігі» ў СССР. Пэўны ўздым К. адбыўся ў краінах Лац. Амерыкі, Азіі, Афрыкі. На змену традыц. форме кінаапавядання прыйшлі новыя прынцыпы пабудовы фільма, разнастайныя формы відавога і жанравага сінтэзу. У 1960-я г. ў ЗША акцёрска-прадзюсерскі тып кіно змяніўся рэжысёрскім (С.Кубрык, Дж.Франкенхеймер і інш.). На сусв. К. ўплывалі структуралізм, псіхааналіз, ідэі аўтарскага кіно, эстэтыка франц. «новай хвалі», андэграўнду. Пашырылася т. зв. незалежнае кіно. У СССР у 1960-я г. пашырылася кінавытв-сць, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Р.Чухрай, С.Бандарчук, Л.Куліджанаў, С.Растоцкі, А.Таркоўскі, В.Шукшын, Э.Клімаў, І.Таланкін, на Беларусі — В.Тураў, І.Дабралюбаў, Б.Сцяпанаў і інш.). У К. праявіліся лірычнасць, рамантычнасць, адначасова ўзмацнілася аналітычнасць. Узбагаціліся вобразная мова экрана і яго жанрава-стылявая палітра. Асн. кірункі жанрава-стылявых пошукаў — «дакументальнае» і «жывапісна-паэтычнае» кіно. «Новая хваля» ўласціва і развіццю сусв.дакумент. К., у якім выявіліся сацыялагічная тэндэнцыя, пошукі новых спосабаў адлюстравання рэчаіснасці (творчасць групы «Свабоднае кіно» ў Вялікабрытаніі, «Групы трыццаці» і кірунку «сінема верытэ» ў Францыі). Дакумент. К. ў пэўнай ступені паўплывала на развіццё ігравога кіно. Лепшыя стужкі сав.дакумент. кіно вызначаліся тонкім раскрыццём псіхалогіі чалавека (В.Лісаковіч, Г.Франк і інш.), навук.-папулярнага — паглыбленым імкненнем да вырашэння эстэт. задач, да паэт. раскрыцця навук. пошуку і псіхалогіі творчасці (В.Архангельскі, Б.Загражскі, У.Кобрын, «кіеўская школа» навук.-папулярнага кіно, асабліва Ф.Собалеў). У канцы 1960 — пач. 1970-х г. адрадзілася кіно галівудскага тыпу, адбыўся зварот да жанравага кіно, традыц. форм кінаапавядання. Гэтыя тэндэнцыі найб. ярка выявіліся ў кіно ЗША, якое зноў пачало лідзіраваць у сусв. кінематографе (фільмы Ф.Ф.Копалы, С.Спілберга, Дж.Лукаса, М.Скарсезе і інш.). Разам з тэлебачаннем канкурэнцыю традыц. кінапракату пачалі складаць відэаіндустрыя, новыя формы экраннага мастацтва, не звязаныя з традыц. кінематаграфічнай тэхнікай (у СССР гэтыя працэсы пачаліся пазней), што выклікала змены ў выкарыстанні сродкаў адлюстравання ў К., ужыванне камп’ютэрнай тэхнікі для стварэння спецэфектаў і інш. У 1970 — пач. 1980-х г. у К. СССР выявіліся крызісныя, застойныя з’явы. Лепшым фільмам былі ўласцівы крытыка грамадскіх хібаў, пошукі ў галіне кінамовы, складаныя драматургічныя канструкцыі, зварот да дакументалізму і ўмоўна-метафарычнага пачатку, фалькл., міфалагічных матываў, суб’ектыўнага эпасу ў гіст. творах (творчасць Л.Шапіцька, М.Міхалкова, С.Параджанава, В.Абдрашытава, С.Салаўёва, А.Германа, Г.Панфілава, у бел. кіно В.Нікіфарава, М.Пташука, В.Рубінчыка, В.Рыбарава, В.Чацверыкова і інш.).
З 1980-х г. на сусв. К. пачалі ўплываць тэндэнцыі постмадэрнізму (адлюстраванне крызісу маст. культуры 20 ст.), якія па-рознаму выявіліся ў еўрап. і амер. кіно (творчасць Д.Джармена, П.Грынуэя, прадстаўнікоў франц. «новай хвалі», амер. рэжысёраў пакалення «япі» і інш.). У неігравым кіно ў сярэдзіне 1980-х г. развіваліся маст. традыцыі сусв. і сав.дакумент. К., кінематаграфісты Г.Рэджыо (ЗША), А.Сакураў, А.Касакоўскі (Расія), В.Дашук (Беларусь) і інш. імкнуліся да пошукаў новай формы, спосабаў і метадаў маст. асэнсавання хранікальнага матэрыялу, рэальных падзей. У сав. ігравым кіно пашырылася т.зв. «кіно чорнай хвалі» («чарнушнае кіно») і імкненне да відовішчнасці. У 1990-я г. кіно Расіі, Беларусі і інш. краін, што ўтварыліся пасля распаду СССР, з-за цяжкага фін.-эканам. становішча і спаду вытв-сці перажывае глыбокі крызіс. К. пост-сав. краін практычна не ўпісваецца ў сістэму сусв. К., у якім таксама назіраюцца крызісныя з’явы.
Літ.:
Аристарко Г. История теорий кино: Пер. с итал. М., 1966;
Красинский А.В. Экран земли белорусской. М., 1973;
Нечай О.Ф. Становление художественного телефильма. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБО́ДЖА, Каралеўства Камбоджа (Preahreacheanachakr Kampuchea),
дзяржава ў Азіі на п-ве Індакітай. Мяжуе на З і ПнЗ з Тайландам, на Пн з Лаосам, на У з В’етнамам; паўд.-зах. яе берагі абмываюцца водамі Сіямскага заліва. Пл. 181 тыс.км². Нас. 11163,9 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Пнампень. Падзяляецца на 18 правінцый (кхэтаў) і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Дзярж. мова — кхмерская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (9 ліст.).
Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы прадстаўнічы орган — Нац. сход (120 членаў, выбіраюцца на 5 гадоў). Вышэйшы орган выканаўчай улады — Каралеўскі ўрад.
Прырода. Большую ч. краіны займае Камбаджыйская раўніна, размешчаная ў ніжнім цячэнні р. Меконг. На З — горы Кравань выш. да 1813 м (г. Араль), на Пн — паўд. адгор’і куэставага ўступа Дангрэк, на У — зах. адгор’і Чыангшон. Карысныя выкапні: жал. і марганцавыя руды, фасфарыты, каменны вугаль, баксіты, алавяныя, свінцова-цынкавыя і вальфрамавыя руды, золата. Буд. матэрыялы: вапняк, пясчанік. базальт, гліна, жвір, мармур, граніт. Запасы каштоўных камянёў (сапфір, рубін, цыркон). Клімат субэкватарыяльны, з сухім сезонам у снеж.—красавіку. Т-ра паветра ўвесь год 25—30 °C. Ападкаў на раўніне 700—1500 мм, у гарах да 2000 мм за год. Рачная сетка густая. Гал. рака — Меконг. Для рэк характэрны ваганні ўзроўню вады (12—15 м у гарах, 7—9 м на раўніне). Глебы чырвоныя і алювіяльныя. Лясы і рэдкалессі займаюць 76% тэр. краіны. На У — лістападныя трапічныя, у гарах — вечназялёныя лясы, шмат каштоўных парод дрэў (сал, цік, лакавае, камфорнае). Пашыраны саванны. На водмелях — мангравыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. У лясах — тыгры, пантэры, чорныя мядзведзі. Шмат птушак. Буйное мелкаводнае воз. Танлесап багатас рыбай. Нац. парк Ангкор, некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Каля 90% насельніцтва — кхмеры, жывуць в’етнамцы (5%), кітайцы (1%), цямы (чамы), таі і інш. Большасць вернікаў — будысты (95%). За час праўлення рэжыму Пол Пота (1975—78) загінула і прапала без вестак каля 3 млн. чалавек; знішчана каля 90% мусульман, усе хрысціяне, большасць прадстаўнікоў нац. меншасцей. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 61,7 чал. на 1 км²Найб.шчыльн. у даліне р. Меконг, на ўзбярэжжы воз. Танлесап і Сіямскага заліва. Гар. насельніцтва 21%. Найб. гарады (тыс.чал.): Пнампень — 920 (1994), Кампонгсаам — 75 (1990).
Гісторыя. Продкі кхмераў (сучасных жыхароў К.) жылі на тэр. краіны з часоў неаліту (5-е тыс. да н.э.). У 1—2 ст.н.э. ў дэльце р. Меконг узнікла дзяржава Фунань. У сярэдзіне 5 ст.засн. дзяржава Чэнла (напачатку васальная Фунані, пазней незалежная). У сярэдзіне 6 ст. правіцелі Чэнлы, выкарыстаўшы дынастычныя спрэчкі ў Фунані, падпарадкавалі ўсю тэр. сучаснай К. У канцы 7 ст. Чэнла распалася на 2 дзяржавы — Чэнлу Зямлі і Чэнлу Вады. У 9 ст. пры ангкорскай дынастыі (заснавальнік Джаяварман II) на землях Фунані і Чэнлы пачала фарміравацца аб’яднаная дзяржава кхмераў Камбуджадэша. На 9—12 ст. прыпадае перыяд паліт. ўздыму і росквіту культуры, пераважна архітэктуры (гл.Ангкор).Пры Джаявармане VII (каля 1181 — каля 1219] Камбуджадэша дасягнула магутнасці і ўключала акрамя К. тэр. сучасных Бірмы, Лаоса, Тайланда, В’етнама і Малайзіі. Сталіцай імперыі быў Ангкор, пануючай рэлігіяй — індуізм. У канцы 13 ст. Камбуджадэша распалася, адначасова тут пашырыўся будызм. Пасля захопу Ангкора тайцамі (1432) сталіца К. перанесена ў Пнампень. У 15 ст. краіна трапіла ў залежнасць ад Сіяма (сучасны Тайланд) і В’етнама. У 16 ст. ў К. прыбылі першыя еўрапейцы. У 1863 кароль Нарадом I прызнаў пратэктарат Францыі, у 1884 К. стала франц. калоніяй (з 1887 у складзе Індакітая Французскага), што ў канцы 19 — пач. 20 ст. выклікала шэраг нац.-вызв. паўстанняў. У 2-ю сусв. вайну К. з 1941 акупіравана войскамі Японіі (да 1945) і Тайланда (да 1946). Пасля вайны нац.-вызв. барацьбу супраць французаў узначалілі рух Свабодныя кхмеры і камуніст. партыя.
У 1949 Францыя прызнала незалежнасць К. ў рамках Франц. Саюза, а ў 1953 дала ёй поўны дзярж. суверэнітэт і вывела свае войскі. Незалежнасць К. пацверджана Жэнеўскімі нарадамі 1954—59. У 1966 кароль К. ( з 1941) Нарадом Сіянук адрокся ад прастола на карысць свайго бацькі Нарадома Сурамарыта і стварыў паліт. арг-цыю Нар.-сацыяліст. супольнасць (Сангкум), якая перамагла на парламенцкіх выбарах 11.9.1955. Урад Сіянука ўзяў курс на пабудову «каралеўскага сацыялізму» (аднапарт. сістэма, планаванне ў эканоміцы, каапераванне ў сельскай гаспадарцы). У 1957 прыняты закон, які замацаваў за К. статус нейтральнай дзяржавы. У 1960 пасля смерці бацькі Сіянук абвешчаны кіраўніком дзяржавы. У час в’етн. вайны 1964—73 тэр. К. выкарыстоўвалася для стварэння баз В’етконга, што стала прычынай інспіраванага ў 1970 ЗША дзярж. перавароту ген. Лон Нола і ўводу ў К. амер. і паўд.-в’етн. войск. Была абвешчана Кхмерская рэспубліка. Сіянук эмігрыраваў у Кітай, дзе заснаваў Нац. адзіны фронт К. (НАФК), у склад якога ўвайшла і мааісцкая фракцыя камуніст. партыі «чырвоныя кхмеры»). НАФК вёў барацьбу супраць урадавых, амер. і паўд.-в’етн. войск, у 1975 яго атрады занялі Пнампень. Улада перайшла да «чырв. кхмераў», іх лідэр Пол Пот стаў прэм’ер-міністрам; у 1976 Сіянук прымушаны да адстаўкі. Паводле канстытуцыі 1976 К. стала наз.Дэмакр. рэспублікай Кампучыя. У выніку праўлення «чырв. кхмераў», якія шляхам тэрору ўстанавілі рэжым генацыду, за няпоўныя 4 гады загінула да 3 млн. камбаджыйцаў. У снеж. 1978 праціўнікі Пол Пота стварылі Аб’яднаны фронт нац. выратавання Кампучыі, падтрыманы В’етнамам. В’етн. войскі ў студз. 1979 занялі Пнампень. Была абвешчана Нар. рэспубліка Кампучыя. У 1982 Сіянук узначаліў кааліцыйны ўрад у эміграцыі з удзелам груповак (у т. л. «чырв. кхмераў»), якія змагаліся з прав’етн. рэжымам у К. Паводле рашэння Парыжскай міжнар. канферэнцыі 1989 у вер. 1989 В’етнам пачаў вывад сваіх войск з К. У кастр. 1991 на Парыжскай канферэнцыі прынята рашэнне аб стварэнні Найвышэйшага нац. савета на чале з Сіянукам і правядзенні парламенцкіх выбараў пад кантролем Часовай адміністрацыі ААН. На выбарах у маі 1993 перамаглі прыхільнікі Сіянука. У вер. 1993 Канстытуцыйная асамблея абвясціла К. спадчыннай манархіяй, каралём стаў Сіянук. Быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з 2 прэм’ерамі — сынам Сіянука Нарадомам Ранарытам і Хун Сенам. «Чырв. кхмеры», якія байкатавалі выбары, распачалі ўзбр. барацьбу супраць новага ўрада. У ліп. 1997 Хун Сен абвінаваціў Ранарыта ў змове з «чырв. кхмерамі» і накіраваў супраць яго верныя яму войскі; прыхільнікі Ранарыта разбіты, сам ён пакінуў краіну. Прэм’ер-міністрам прызначаны Унг Хуот. К. — чл.ААН (з 1955), АСЕАН (з 1997). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1995.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць Адзіны нац. фронт за суверэнную, незалежную, нейтральную, мірную К., Нар. партыя К., Будыйская ліберальна-дэмакр. партыя, Нац. ліберальны рух К., Федэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. К. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7 млрд.дол. ЗША, на душу насельніцтва — 660 дол. ЗША. У сельскай гаспадарцы запята 69% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і сферы паслуг — 31%. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП (%) — 47, прам-сці — 15, сферы паслуг — 35. Апрацоўваецца 2,9 млн.га зямлі (каля 50% пад рысам), каля 0,6 млн.га пад пашай. Пераважае дробнае землеўладанне і пач. формы кааперавання. Пасевы рысу (збор 3390 тыс.т, 1996), кукурузы (60 тыс.т), маніёку, ямсу, батату, соевых бабоў. Вырошчваюць какосавую і цукр. пальмы, цукр. трыснёг, бавоўнік, джут, кунжут, рамі, капок, сезам, арахіс, тытунь. Вял. значэнне маюць плантацыі гевеі. Вытв-сць натуральнага каўчуку каля 30 тыс.т за год. Развіта пладаводства (бананы, апельсіны, мандарыны, ананасы, манга), агародніцтва (баклажаны, гарбузы, перац, капуста і інш.). Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 2,8 (пераважна буйвалы), свіней — 2. Птушкагадоўля (куры, качкі, гусі). У харч. балансе краіны рыба займае другое месца пасля рысу. Улоў рыбы ў 1994—103 тыс.т. Штогод нарыхтоўваюць больш за 100 тыс.м³ каштоўнай драўніны (сандал, цік, палісандр, чорнае дрэва і інш.). У лесе збіраюць кардамон, гутаперчу, сыры лак. Прам-сць развіта слаба і спецыялізуецца пераважна на перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Асн. галіны — харч. (рысаачышчальная, мукамольная, цукр., рыбаперапрацоўчая), лёгкая (баваўняная, джутавая, гарбарная), дрэваапр., папяровая, каўчукавая. Гал. цэнтры — Пнампень, Батамбанг, Кампонгсаам, Кампонгцям, Кампот. Ёсць металаапр., аўта- і трактаразборачны, суднарамонтны з-ды ў Пнампені і Кампонгсааме. На імпартнай сыравіне працуе нафтаперапр.з-д у Кампонгсааме. Вытв-сць фасфатных угнаенняў у Батамбанзе, буд. матэрыялаў (цэментны з-д) у Кампоце. Пашыраны невял. прадпрыемствы па вырабе цэглы, мыла, цыгарэт. Вытв-сць электраэнергіі 190 млн.кВтгадз (1995), пераважна на ЦЭС. Невял. здабыча жал. (запасы 6,5 млн.т) і марганцавых (запасы каля 120 тыс.т) руд, фасфарытаў, руд каляровых металаў, каштоўных камянёў, буд. матэрыялаў (запасы мармуру каля 65 тыс.т). Даўж. чыгункі 649 км, аўтадарог 14,8 тыс.км. Аўтапарк 37 тыс. машын, у т. л. 11 тыс. грузавых (1995). Вял. значэнне ў грузаабароце маюць унутр. водныя шляхі, асабліва па р. Меконг. Гал. рачны порт — Пнампень, марскі — Кампонгсаам. Міжнар. аэрапорт у Пнампені. Экспарт (630,5 млн.дол. ЗША, 1994): каўчук, драўніна, рыс, рыба, фрукты, вострыя прыправы). Імпарт (240 млн.дол. ЗША, 1994): нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, буд. матэрыялы, харч. прадукты). Асн.гандл. партнёры: Сінгапур, Тайланд, В’етнам, Малайзія, Японія, Кітай. Грашовая адзінка — рыель.
Літаратура. Развіваецца на кхмерскай мове. Першыя вядомыя пісьмовыя помнікі — надпісы на камянях 7 ст. на санскрыце (у паэт. формах) і стараж.кхмерскай мове. Росквіт кхмерскай культуры, якая развівалася пад уплывам брахманізму і будызму махаяны, адносіцца да ангкорскага перыяду (9 — сярэдзіна 15 ст.); у гэты час у л-ры выкарыстоўвалася таксама мова палі. Да 15 ст. адносяць паэму «Тум і Тэаў» (зап. ў 19 ст.) пра трагічны лёс двух закаханых. У пасляангкорскі перыяд (сярэдзіна 15 — сярэдзіна 19 ст.) вылучаецца лірычная творчасць караля Сампхія (17 ст.) і яго творы ў жанры цьбапаў (законаў). Асобнае месца займае эпас «Рэамкер», сюжэт яго заснаваны на адной з версій «Рамаяны». Вельмі пашырана была будыйская л-ра (зб. «Панясаджатака»), У перыяд франц. каланіяльнага панавання (сярэдзіна 19 ст. — 1953) л-ра К. прадстаўлена пераважна паэзіяй, а таксама раманамі, сюжэты якіх запазычаны з будыйскіх зборнікаў (джатак). Сучасная проза пачала фарміравацца ў 1930-я г. (Ньёк Тхаем, Рым Кін, Ну Хач і інш.). Распрацоўваліся тэмы «маленькага чалавека», бяспраўя жанчыны, барацьбы з феад. перажыткамі. Адчуваецца некат. ўплыў франц. рамантызму. Пасля атрымання незалежнасці (1953) пачалі выдавацца часопісы, развіваліся публіцыстыка, літ.-знаўства. Прыкметнай з’явай стала творчасць празаіка Кіма Саета. На развіццё нац. культуры, у т. л. л-ры, адмоўна адбіліся падзеі ў краіне 2-й пал. 1970-х г. З 1980-х г.л-ра К. набыла магчымасць далейшага развіцця.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Фарміраваліся пад уплывам інд. мастацтва. Найб.стараж. помнікі — арнаментаваная кераміка неаліту, бронз. вырабы сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. У 6—7 ст. будаваліся свяцілішчы (прасаты) — прамавугольныя ў плане цагляныя вежы, падзеленыя пілястрамі і завершаныя пірамідай з несапраўдных паверхаў (Ангкор-Барэй і Самбор-Прэй-Кук); іх сцены аздаблялі разьбой па стуку, несапраўднымі парталамі. Індуісцкія і будыйскія статуі 2-й пал. 6 ст. вылучаліся абагульненай мадэліроўкай, умоўнай перадачай празрыстага адзення, падпарадкаванасцю архітэктуры. У сярэдзіне 6 ст. пачаў фарміравацца ўласна кхмерскі стыль. У 7—8 ст. з аслабленнем уплываў Індыі скульптура стала больш самабытнай (скульптура Харыхары з храма Прасат-Андэт, 8 ст.). Манум. цэласнасць аб’ёмаў спалучалася з мяккай лепкай аголенага цела і строгасцю фігуры. У 9—13 ст. статуі страцілі арх. залежнасць, набылі строгую франтальнасць, часам статычнасць, маналітную веліч і абагульненасць аб’ёмаў, што спалучалася з графічнай стылізацыяй дэталей. У 9 ст. склаўся тып арх. ансамбля з прасаты і дапаможных будынкаў з агароджай і павільёнамі-брамамі «гапура», пазней з галерэямі і каналамі (Баконг у Ролуасе). У 10 ст. будавалі з латэрыту і пясчаніку, пашырыўся разны дэкор, у пышны раслінны арнамент упляталіся выявы божастваў, нябесных паннаў, жывёл і пачвар (барэльефы ў храме Тула Баці). У 9—13 ст. склаўся гіганцкі комплекс Ангкор. З 14 ст. мураванае дойлідства заняпала, стараж. гаралы пакінуты. Будавалі драўляныя палацы і будыйскія храмы (каралеўскі палац і «Сярэбраная пагада» ў Пнампені; храм у г. Удонг) з галерэямі, аздобленыя разьбой, лепкай, размалёўкай золатам па лаку. Узводзілі каменныя звонападобныя ступы. Каменную скульптуру замяніла драўляная, рэльефы — размалёўка на тэмы будыйскіх паданняў. З 2-й пал. 19 ст. гарады забудоўвалі ў стылі франц. эклектыкі. У жывапісе канца 19 — пач. 20 ст.дэкар. стылізацыя спалучалася з рэаліст. выразнасцю твараў (Окна Тэп Німіт Тлак). З 1950-х г. пачалося планамернае горадабудаўніцтва ў традыцыях мясц. архітэктуры (арх. Ванмаліван) і сучасным стылі Масавая забудова — каркасныя дамы на палях. Развіваліся жывапіс і графіка (Нгок Дзім, Сам Юн). Традыц.нар. рамёствы — ручное шаўкаткацтва, батык, разьба па дрэве і слановай косці, гравіроўка па метале, размалёўка керамікі, вышыўка, выразанне са скуры (ажурныя пано, фігуры тэатра ценяў). У перыяд ваен. дзеянняў 1970—75 і праўлення «чырв. кхмераў» (1975—78) большасць кхмерскіх помнікаў мастацтва знішчана.
Літ.:
Миго А. Кхмсры: История Камбоджи с древнейших времен: Пер. с фр.М., 1973;
История Кампучии: Краткий очерк. М., 1981;
Бектимирова Н.Н., Дементьев Ю.П., Кобелев Е.В. Новейшая история Кампучии. М., 1989;
Бектимирова Н.Н. Кризис и падение монархического режима в Кампучии (1953—1970). М., 1987;
Мосяков Д.В. Кампучия: Особенности рев. процесса и полпотовский «эксперимент». М, 1986;
Яго ж. Камбоджа: внутреннее развитие, 1979—1989. М., 1991.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Камбоджы.Да арт.Камбоджа. Вёска кхмераў.Да арт.Камбоджа. Верхняя частка вежы храма Баён у Ангкор-Тхоме. 12—13 ст.Да арт.Камбоджа. Барэльеф у храме Тула Баці.Да арт.Камбоджа. Храм у г. Удонг.Да арг.Камбоджа. Вышэйшы тэхналагічны інстытут у г. Пнампень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВА́Н, Ліванская Рэспубліка (араб. Аль-Джумхурыя аль-Лубнанія),
дзяржава ў Зах.Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага м. На Пн і У мяжуе з Сірыяй, на Пд — з Ізраілем. Пл. 10,4 тыс.км². Нас. 3,2 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Берут. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 ліст.).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нац. сходу, 128 дэпутатаў якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра, якога назначае прэзідэнт. Паводле традыцыі, што ўсталявалася з 1943, прэзідэнта выбіраюць ад хрысціянскай часткі насельніцтва, прэм’ер-міністра прызначаюць ад мусульман-сунітаў, кіраўніка парламента — ад мусульман-шыітаў. Для згоды паміж рэліг. абшчынамі краіны з 1992 усталяваўся прынцып роўнага падзелу паміж хрысціянамі і мусульманамі міністэрскіх і інш. вышэйшых пасад у дзярж. адміністрацыі.
Прырода. Л. — пераважна горная краіна. 2 паралельныя горныя хрыбты перасякаюць Л. з Пн на Пд. На З — хр.Ліван (г. Курнет-эс-Саўда, 3082 м), на У — Антыліван (г. Эш-Шэйх, 2814 м); паміж імі — даліна Бекаа (шыр. 8—14 км). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы. Карысныя выкапні: бурыя вуглі, жал., марганцавыя, уранавыя руды. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. 13 °C, ліп. 28 °C. У гарах бываюць маразы, снег трымаецца да 6—7 месяцаў. Ападкаў за год 1000 мм на ўзбярэжжы, 3000 мм на зах. схілах Лівана, 700 мм у Антыліване, 400 мм у даліне Бекаа. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Найб.р. Эль-Літані. Расліннасць пераважна хмызняковая. Невял. лясы з ліванскага кедру, алепскай хвоі, дубу, клёну, піхты, ядлоўцу разам з хмызнякамі займаюць 8% тэр. краіны. Ёсць некалькі невял. рэзерватаў.
Насельніцтва. Ліванскія арабы складаюць 95%, армяне — 4%. Жывуць таксама туркі, грэкі, курды і інш. Вернікі — мусульмане (70%, асн. абшчыны: суніты, шыіты, алавіты, друзы, ісмаіліты) і хрысціяне (30%, праваслаўныя, каталіцкія і пратэстанцкія абшчыны). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,6 %. Сярэдняя шчыльн. 308 чал. на 1 км² 80% насельніцтва жыве ў прыморскіх раёнах, дзе шчыльн. дасягае 500—1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 87% насельніцтва (1998). У г. Бейрут пражывае 1826 тыс.чал. (1997), у г. Трыпалі больш за 200 тыс.чал. У прам-сці занята 28% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 12%, у абслуговых галінах — 60%.
Гісторыя. Тэр. Л. заселена з часоў верхняга палеаліту. У старажытнасці прыбярэжныя раёны Л. былі часткай Фінікіі, дзе існавалі такія важныя фінікійскія гарады, як Тыр, Берыт, Сідон (адпаведна сучасныя Бейрут і Сайда) і інш.Тэр. Л. ўваходзіла ў склад Стараж. Егіпта (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.), Асірыі (8—7 ст. да н.э.), дзяржаў Ахеменідаў (6—4 ст.н.э.), Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.), Пталамеяў (4—3 ст. да н.э.), Селеўкідаў (3—1 ст. да н.э). У 64 да н.э. заваяваны Рымам. У 4—7 ст.н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 7 ст. заваяваны арабамі, уваходзіў у склад Амеядаў халіфата, Абасідаў халіфата, Фатымідаў халіфата. З 8—9 ст. у Горным Л. пасяліліся прадстаўнікі хрысц. секты маранітаў, з 11 ст. пашыралася вучэнне шыіцкай секты друзаў.
У канцы 11 ст. прыбярэжныя раёны Л. заваяваны крыжакамі, якія ўступілі ў саюз з маранітамі. З канца 13 ст. пад уладай егіп.мамлюкаў, з 1516 — Асманскай імперыі (да 1842 уваходзіў у яе як Ліванскі эмірат). Друзска-мараніцкія сутыкненні 1840—60-х г. прывялі да ўмяшання еўрап. дзяржаў, пад націскам якіх у 1861 створана аўт. правінцыя Горны Л. (да 1915). У выніку 1-й сусв. вайны ў кастр. 1918 Л. акупіраваны англа-франц войскамі. 1.9.1920 пад франц. пратэктаратам створана дзяржава «Вялікі Л.». У 1922 Ліга Нацый прызнала мандат Францыі на кіраванне Л. У 1926 прынята канстытуцыя, якая абвяшчала Л. рэспублікай. Восенню 1943 лідэры хрысціян і мусульман заключылі неафіц. пагадненне, паводле якога мусульмане прызналі Л. асобнай дзяржавай, а хрысціяне — араб. характар краіны. Замацоўваўся прынцып размеркавання дзярж. пасад паводле рэліг. прынцыпу: прэзідэнт — хрысціянін-мараніт, прэм’ер-міністр — мусульманін-суніт, у парламенце на кожных 6 хрысціян прыпадала 5 мусульман.
22.11.1943 Францыя прызнала незалежнасць Л., 31.12.1946 апошнія франц. войскі пакінулі краіну. У 1940—50-я г. ў ліванскай палітыцы панавала невял. група прадстаўнікоў буйных землеўладальнікаў і фін. буржуазіі. Празаходняя палітыка ўрада прывяла ў маі 1958 да паўстання супраць прэзідэнта К.Шамуна, на дапамогу якому ў ліп. 1958 прыйшлі войскі ЗША. Пры прэзідэнтах Ф.Шыхабе (1958—64) і Ш.Хелу (1964—70) праведзены шэраг рэформаў, якія спрыялі эканам. росту Л. і павышэнню ўзроўню жыцця яго насельніцтва. Нягледзячы на поспехі ў эканоміцы, паглыбіліся супярэчнасці паміж хрысціянамі і мусульманамі, якія патрабавалі больш справядлівага падзелу ўлады. З канца 1960-х г. Л. уцягнуты ў блізкаўсходні канфлікт (на тэр. Л. знаходзілася больш за 300 тыс. палесцінскіх бежанцаў, кіраўніцтва Арганізацыі вызвалення Палесціны; АВП). У адказ на дзеянні палесцінскіх партызан Ізраіль абстрэльваў і бамбіў тэр.Л., што вяло да вял. ахвяр сярод мірных жыхароў. Сутыкненні ў крас. 1975 паміж хрысц. баевікамі і байцамі АВП, на бок якіх сталі мусульмане, перараслі ў грамадз. вайну 1975—90. Загінула больш за 150 тыс. ліванцаў, краіна распалася на шэраг раёнаў пад кантролем розных узбр. груповак і сірыйскіх войск, якія былі ўведзены ў Л. у складзе Міжараб. сіл па падтрымцы міру. У чэрв. 1982 пад выглядам барацьбы з АВП ізраільскія войскі акупіравалі значную частку тэрыторыі Л., дамагаючыся вываду атрадаў АВП. У 1985 Ізраіль вывеў свае войскі (пад ізраільскай акупацыяй засталася т.зв. зона бяспекі на лівана-ізраільскай мяжы). 22.10.1989 у г. Эт-Таіф (Саудаўская Аравія) паміж асн.паліт. сіламі Л. падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту, раўнапраўным прадстаўніцтве хрысціян і мусульман у парламенце і перадачы часткі паўнамоцтваў прэзідэнта прэм’ер-міністру. У жн. 1990 адпаведныя папраўкі ўнесены ў канстытуцыю Л. 21.9.1990 у Л. абвешчана 2-я рэспубліка. Пры прэзідэнце І.Храўі (1989—98) пачаўся пераход да мірнага жыцця. Значная частка хрысціян байкатавала выбары 1992. У кастр. 1998 прэзідэнтам Л. выбраны Э.Лахуд. Л. — чл.ААН (1945), Лігі араб. дзяржаў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1994.
У краіне дзейнічаюць: Фалангісцкая партыя (Катаіб), рух абяздоленых (Амаль), Сірыйская сацыяліст.нац. партыя, Ліванскі фронт, партыя свабодных патрыётаў (Нац. ліберальная).
Гаспадарка. Л. — краіна з развітой банкаўска-фін. сістэмай, транзітна-трансп. гандлем і сферай абслугоўвання, якім вял. страты нанесла грамадз. вайна. У 1990-я г. становішча палепшылася. Валавы нац. прадукт у 1996 склаў 13 млрд.дол., па 3400 дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца каля 28% нац. даходу, у сельскай гаспадарцы — 13%, у абслуговых галінах — 59%. Асн. галіны прам-сці: нафтаперапр., тэкст., харч., буд. матэрыялаў. Вытворчасць электраэнергіі 7,1 млрд.кВт ∙ гадз (1997), 98,5% атрымліваюць на цеплавых электрастанцыях, якія працуюць на імпартным мазуце. Частка электраэнергіі (у 1997—1,2 млрд.кВт ∙ гадз) экспартуецца ў Сірыю. Прам-сць арыентавана ў асноўным на задавальненне ўнутр. патрэб. Больш за палавіну прадпрыемстваў у Бейруце і яго наваколлі. Вылучаюцца тэкст. камбінат, алюмініевы з-д, кандытарская ф-ка. Працуюць цукр. і тытунёвыя прадпрыемствы, папяровыя ф-кі, сталеплавільны з-д, машыназборачныя з-ды, дзе з імпартных дэталяў збіраюць легкавыя аўтамабілі, тэлевізары, халадзільнікі, электраматоры і інш. Суднаверфі. 2 нафтаперапр. з-ды (Трыпалі і Сайда). У хім. прам-сці вылучаецца вытв-сць мыйных сродкаў і фарбаў. Фармацэўтычныя прадпрыемствы. Вядомы ліванскія ювелірныя вырабы і біжутэрыя. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. 75% сялян не мае сваёй зямлі і арандуе яе ў буйных землеўласнікаў, якія валодаюць больш як 50% апрацаваных зямель. Плошча апрацаваных зямель складае каля 400 тыс.га, арашаецца 86 тыс.га. (1993). Гал. роля належыць садоўніцтву і земляробству. Пад шматгадовымі насаджэннямі каля 40% с.-г. зямель. Развіта пладаводства (вінаград, яблыкі, цытрусавыя, бананы, аліўкі). На экспарт вырошчваюць агародніну і тытунь, на ўнутр. патрэбы — пшаніцу і ячмень (займаюць 65 тыс.га, задавальняюць патрэбы на 20%), цукр. буракі і інш.Асн. раёны садоўніцтва і земляробства — узбярэжжа і паўд.ч. даліны Бекаа. Жывёлагадоўля слаба развіта. Пад пашай і лугамі каля 10,4 тыс.га. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 100, авечак і коз — каля 500. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (2—5 тыс.т рыбы штогод). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 6,4 тыс.км, у т. л. 6 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 222 км. Нафтаправодаў 72 км (не працуюць). Гал. парты Бейрут і Трыпалі. Л. мае гандл. флот — 241,6 тыс. брута-рэг. т. У краіне 7 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнар. (каля Бейрута і Трыпалі). Знешнегандл. баланс адмоўны. У 1996 экспарт склаў 1 млрд. дол, імпарт — 7 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць свежыя фрукты і агародніна, тэкстыль, прамысл. вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, харч. прадукты, тавары шырокага ўжытку, хімікаты і інш. Значная частка імпарту рээкспартуецца ў араб. краіны Аравійскага п-ва. Гал.гандл. партнёры: Італія (19% імпарту), Францыя (13% імпарту), Саудаўская Аравія (13% экспарту), Швейцарыя (16% экспарту), ЗША (12% імпарту). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца пераважна за кошт даходу ад трансп. і банкаўскіх аперацый, пераводаў замежнай валюты ліванцамі, якія жывуць у інш. краінах. Л. атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. устаноў і асобных араб. краін. Замежныя авуары ліванцаў складаюць 30 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліванскі фунт.
Літаратура развіваецца на араб., часткова франц. мовах. З 7 ст. цесна звязана з л-рамі Егіпта, Сірыі і інш.араб. краін на аснове іх агульнай культ. спадчыны (гл.Арабская культура). У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Працэс адраджэння ў сярэдзіне 19 ст. звязаны з дзейнасцю асветнікаў — паэта Н. аль-Языджы, педагога і энцыклапедыста Б. аль-Бустані, пісьменніка А.Ф. аш-Шыдзіяка, драматурга М.Накаша і інш. Развіваліся публіцыстыка і звязаныя з ёй ідэйна і традыц. па форме паэзія, проза: публіцыстычны раман «Кніга пра жыццё і прыгоды Фарыяка» аш-Шыдзіяка, зб. макам «Збор двух мораў» і дываны вершаў аль-Языджы. Ліванскія эмігранты Дж.Зейдан, Антун Фарах, Я.Саруф — пачынальнікі гіст. рамана. Новы этап у развіцці л-ры Л. (пач. 20 ст.) звязаны з творчасцю пісьменнікаў-эмігрантаў у Паўн. і Паўд. Амерыцы (Х.Дж.Джубран, А. ар-Рэйхані, М.Нуайме) і адзначаны ўсталяваннем рамантызму ў паэзіі і рэалізму ў прозе. У паэзіі 1920—30-х г. узмацніўся ўплыў франц. сімвалізму (Б. аль-Хуры, С.Акль). З канца 1930 — пач. 1940-х г. бярэ пачатак рэаліст. і рэв.-дэмакр. кірункі: творчасць А.Фахуры, Т.Ю.Авада (зб.апавяд. «Кульгавы хлопчык», патрыят. раман «Аладка»), М.К.Карама (раманы «Хворы на сухоты», «Крык пакут»). У 1940—50-я г. ўзніклі абноўленыя паэт. формы, жанры навелы і вершы ў прозе, значнае месца занялі пераклады. Асн. тэмы — барацьба супраць фашызму, каланіялізму, крытыка сац. несправядлівасці (апавяданні М.Абуда, М.І.Дакруба, аповесці Ж.Ханы, паэзія Р. аш-Шахаля). Барацьба супраць імперыялізму і ізраільскай агрэсіі — гал. тэма прозы 1960—70-х г. (М.Айтані, Э.Бустані). У творчасці Э.Насар Алах (раман «Алеандр»), Л.Баальбекі (раман «Я жыву»), Л.Асаран выявіўся ўплыў зах.-еўрап. мадэрнісцкай л-ры і філасофіі экзістэнцыялізму. Набылі вядомасць творы франкамоўных паэтаў (Ф.Г.Нафах, Ш.Горм) і празаікаў (Ф.Хаік, Ж.Шэхадэ). У пач. 1980-х г. з абвастрэннем блізкаўсх. канфлікту ў л-ры распрацоўвалася тэма палесцінскага і араб. супраціўлення (Дакруб, Х.Муруве, Х.Садэк, А.Сувейд). У 1955 засн. Саюз пісьменнікаў Л.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі адносяцца да 5—3-га тыс. да н.э.: рэшткі каменных умацаванняў і жылых дамоў Бібла, керамічныя вырабы з грабеньчатым арнаментам і схематычнымі выявамі звяроў. 3—2-м тыс. да н.э. датуюць помнікі фінікійскага мастацтва: храм Рэшэфа, саркафаг цара Ахірама, дробная пластыка (ідалы Баала і Іштар), ювелірныя вырабы, зброя. На мастацтва 2—1-га тыс. да н.э. паўплывалі культура Стараж. Егіпта, Асірыі, Вавілоніі, дзяржавы Ахеменідаў. У рым. перыяд спалучаліся ант. і ўсх. традыцыі (храмавы комплекс у Баальбеку, трыумфальная арка і каланады ў Тыры, мазаікі т-ра ў г. Бібл). У візант. перыяд (4 — пач. 7 ст.) будавалі манастыры, цэрквы, катакомбы (многія з мазаікамі). З пачаткам ісламізацыі Л. (7 ст.) з’явіліся мячэці (Вялікая мячэць у Баальбеку), медрэсэ, рынкі, караван-сараі, замкі (каля Анджара, 7—8 ст.). Будавалі абарончыя збудаванні (крэпасці ў Джубейлі, Трыпалі, Сайдзе; замак Бафор, 1139), манастыры (Бельмонт), цэрквы (св. Фокі ў Аміуне, захаваліся рэшткі размалёвак). У мамлюкскі перыяд (13 — пач. 16 ст.) будавалі невял. купальныя мячэці, інтэр’еры якіх аздабляліся сталактытамі, разьбой па дрэве, інкрустацыяй з мармуру, арнаментальнымі мазаічнымі пано і надпісамі, а таксама крэпасці: замак у Рашаі (13 ст.), ільвіная вежа ў Трыпалі (15 ст) і інш. Архітэктура і мастацтва часоў Асманскай імперыі (1516—1918) развіваліся пад уплывам тур. культуры. Былі пашыраны вітражы, арнаментальная разьба. У 17—18 ст. працавалі жывапісцы Абдала Захір, Несцер Тарабулсі, Стэфан Дэйрані. Хрысціянскія храмы ўпрыгожвалі мазаікай, размалёўкай і абразамі візант. ўзору. У 19 — пач. 20 ст. будаваліся палацы з развітым дэкорам (Бейт-эд-Дзін), пашырыўся манум. і станковы жывапіс на рэліг. і быт. тэмы (размалёўкі Н. аль-Маадзі, партрэты і жанравыя кампазіцыі Х.Срур і Х.Салібі). Пасля 1-й сусв. вайны мастацтва Л. зазнала моцны франц. ўплыў. У 1930 пачалі працаваць ліванскія архітэктары А.Табет, Ж.Абушар, Ф.Трад і інш. У выяўл. мастацтва 1930—40-х г. пераважаў рэаліст. кірунак (М.Фарух, А.Онсі і інш.). Пасля 1943 праводзіліся рэканструкцыі гарадоў, буд-ва жылых кварталаў і грамадскіх пабудоў з выкарыстаннем мясц. традыцый (пансіянат у Сайдзе, 1946—48) і дасягненняў сусв. архітэктуры. У мастацтве 1950—60-х г. праявіліся ўплывы сюррэалізму, кубізму, абстракцыянізму. З 1980-х г. на яго развіццё ўздзейнічае рост нац. самасвядомасці, пачалі развівацца паліт. плакат і карыкатура. Уклад у развіццё мастацтва зрабілі жывапісцы С.Бальтаксе, П.Кіракасян, І.Шамут, А.Раес, Ж.Халіфе, Р.Шараф, скульптар Ю.Хааек, графікі Р.Шахаль, А.Марыні і інш.Дэкар.-прыкладное і нар. мастацтва прадстаўлена ўзорыстым ткацтвам, вышыўкай, пляценнем з афарбаванай саломкі, дыванаткацтвам, інкрустацыяй косцю і перламутрам па метале і дрэве.
Літ.:
Салиби К.-С. Очерки по истории Ливана: Пер. с англ.М., 1969;
Адзярыха В.У. Ліванскае грамадства ў 1943—1975 гг.: Прабл. развіцця // Бел.гіст.часоп. 1997. № 2;
Крымский А.Е. История новой арабской литературы, XIX — нач. XX в. М., 1971.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Лівана.Да арт.Ліван. Узбярэжжа Міжземнага мора.Да арт.Ліван. Бібл. Унутраны двор «Храма Абеліскаў».Да арт.Ліван. Малы храм з комплексу Баальбек. 1—3 ст.