МАРДВІ́НАЎ Барыс Аркадзевіч (6.12.1899, Масква — 9.12.1953),

расійскі і бел. рэжысёр, педагог. Засл. арт. Расіі (1935). Праф. (1939). Скончыў 2-ю студыю МХАТ (1921). Да 1936 акцёр і рэжысёр МХАТ, адначасова з 1930 гал. рэжысёр Муз. т-ра імя У.​І.​Неміровіча-Данчанкі, у 1936—40 — Вял. т-ра ў Маскве. У 1947—51 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Выкладаў у Маскоўскай, Саратаўскай, Бел. кансерваторыях і Бел. тэатр. ін-це (1947—51). Спалучаў традыцыі МХАТ з глыбокім разуменнем законаў муз. драматургіі, дасягаў тонкай псіхал. распрацоўкі вобразаў, выразнасці масавых сцэн. Сярод найб. значных пастановак першае ў СССР сцэн. ўвасабленне «Івана Сусаніна» М.​Глінкі (1939, Вял. т-р), опер «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча (1934) і «Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага (1936) у т-ры імя Неміровіча-Данчанкі. На бел. сцэне паставіў оперы «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса і «Алеся» Я.​Цікоцкага (2-я рэд.; абедзве 1947), «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага (1934, 1948), «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1948), «Князь Ігар» А.​Барадзіна і «Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны (абедзве 1949), «Іван Сусанін» (1950), «Марозка» М.​Красева і «Ціхі Дон» (абедзве 1951). Удзельнічаў у пастаноўцы балетаў «Князь-возера» В.​Залатарова (1949) і «Чырвоны мак» Р.​Гліэра (1950).

Б.​С.​Смольскі.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАЎ Павел Аляксандравіч (22.3.1897, г. Тула, Расія — 5.4.1980),

расійскі тэатразнавец, рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1944). Д-р мастацтвазнаўства (1960). Скончыў Маскоўскі ун-т (1921). У 1925—62 (з перапынкам) працаваў у МХАТ (у 1955—62 рэжысёр). З 1933 у Муз. т-ры імя У.​Неміровіча-Данчанкі, у 1944—49 маст. кіраўнік Муз. т-ра імя К.​Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. У 1951—55 рэжысёр і старшыня літ. савета Малога т-ра. З 1939 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1943 праф.). Сярод пастановак: «Моцарт і Сальеры» М.​Рымскага-Корсакава (1944), «Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха (1948), «Порт-Артур» І.​Папова і А.​Сцяпанава (1953, з К.​Зубавым), «Прададзеная калыханка» Х.​Лакснеса (1955) і інш. Аўтар прац пра драм. і муз. тэатр: «Найноўшыя тэатральныя плыні (1898—1923)» (1924), «Маскоўскі Мастацкі тэатр, 1898—1948» (з М.​Чушкіным), «В.​Ф.​Камісаржэўская (1864—1910)» (абедзве 1950), «Рэжысура У.​І.​Неміровіча-Данчанкі ў музычным тэатры» (1960); зб-каў артыкулаў «Тэатральныя партрэты» (1939), «Праўда тэатра» (1965), «У тэатрах розных краін» (1967). Гал. рэдактар «Тэатральнай энцыклапедыі» (т. 1—5, 1961—67).

Тв.:

О театре, Т. 1—4. М., 1974—77;

Книга воспоминаний. М., 1983.

т. 10, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКІНА Галіна Пятроўна (23.11.1931, г. Варонеж, Расія — 27.10.1985),

бел. актрыса. Дачка П.А.Маркіна. Нар. арт.

Беларусі (1976). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1956, педагог Дз.Арлоў) і адначасова Варонежскі ун-т. З 1956 працавала ў Брэсцкім абл. драм. т-ры, з 1959 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы, з 1961 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Яе майстэрству былі ўласцівы высокая акцёрская тэхніка, глыбокае спасціжэнне аўтарскай задумы, выразны пластычны малюнак. Сярод роляў: Маці («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Зубрыч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Зося Савіч, Яўгенія, Марозава («Сэрца на далоні», «Выгнанне блудніцы», «Крыніцы» паводле І.​Шамякіна), Корзун («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Соф’я, Варвара («Зыкавы», «Дачнікі» М.​Горкага), Анісся («Улада цемры» Л.​Талстога), Зана («Ветрык, вей!» Я.​Райніса), Кузькіна («Энергічныя людзі» В.​Шукшына), Беатрычэ, Ганерылья («Многа шуму з нічога», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта). Выступала ў друку з артыкуламі пра акцёрскае майстэрства.

Т.​Я.​Гаробчанка.

Г.П.Маркіна.
Г.Маркіна ў ролі матухны Кураж.

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства мінскіх урачоў. Створана ў 1862 па ініцыятыве губ. ўрачэбнага інспектара Дз.​В.​Спасовіча з мэтай сан. вывучэння губерні, барацьбы з эпідэміямі, арг-цыі ўрачэбнай дапамогі насельніцтву, сан. асветы. У 1863 зачынена. У 1867 дзейнасць адноўлена намаганнямі доктара М.​К.​Берга. Т-ва праводзіла медыка-тапаграфічнае і сан.-стат. апісанне гарадоў і мястэчак Мінскай губ., лабараторныя сан.-гігіенічныя даследаванні вады і прадуктаў харчавання, арганізавала дэзінфекцыйную камеру, сан.-бактэрыялагічную лабараторыю. Засн. мед. б-ку (1867), метэаралагічную станцыю (1869), бясплатную лячэбніцу для бедных (1879), гар. бальніцу сан. к-та (1898), гар. амбулаторыю (1899), дачу-калонію для хворых на туберкулёз (1912). Т-ва выдавала свае «Пратаколы» і «Працы», у 1910—15 штомесячны час. «Минские врачебные известия»; удзельнічала ў стварэнні ў Мінску б-к — імя А.​С.​Пушкіна (1899), чыгуначнай (1902), імя Л.​М.​Талстога (1911). У 1919—21 і 1941—44 дзейнасць т-ва перапынялася. У 1929 пераўтворана ў навук. асацыяцыю, у 1933 — у профільныя т-вы, у 1940 — ва Усебел. мед. т-ва. У 1944 створаны шэраг спецыялізаваных мед. т-ваў.

Літ.:

Молчанов А.П. К истории научных медицинских обществ в Белоруссии // Научные медицинские общества БССР: Сб. справ. сведений. Мн., 1981.

А.​П.​Малчанаў.

т. 10, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧ Мікалай Антонавіч (16.1. 1901, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 23.2.1954),

бел. рэжысёр і акцёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1918—20 акцёр Першага т-ва бел. драмы і камедыі. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (у 1931—33 маст. кіраўнік студыі пры т-ры), у 1934—41 рэжысёр т-раў на Украіне. Сярод роляў у т-ры Я.​Коласа: Адольф, («Цар Максімілян»), Галадуха («Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра), фон Штубе («Разлом» Б.​Лаўранёва), Гадзіншчык («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна). Стварыў яркія спектаклі па п’есах бел. аўтараў: «Качагары» І.​Гурскага (1931), «Заложнікі» А.​Кучара (1944), «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы (1950). Пастаноўкі вызначаліся яскравай сцэн. формай, індывідуалізацыяй вобраза ў масавых сцэнах, лаканізмам выразных сродкаў: «Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (сурэжысёр, 1933), «Нашэсце» Л.​Лявонава (1943), «Тэатр Клары Гасуль» П.​Мерымэ (1944), «Праўда добра, а шчасце лепш» А.​Астроўскага (1950), «Васа Жалязнова» М.​Горкага (1953), «Гаіці» У.​Дзюбуа (1954). У БДТ-3 паставіў спектакль «Дыктатура» І.​Мікітэнкі (1930), у т-ры імя Я.​Купалы — «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1951).

Літ.:

Скібнеўскі А. Мікола Міцкевіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 10, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСРЭ́ПАЎ Габід Махмудавіч (22.3.1902, аул Жанажол Паўночна-Казахстанскай вобл., Казахстан — 31.12.1985),

казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1984). Акад. АН Казахстана (1958). Герой Сац. Працы (1974). Вучыўся ў Омскім с.-г. ін-це (1926—27). Друкаваўся з 1926. У кн. прозы «На імклівай хвалі» (1928), «Кос-Шалкар» (1935) падзеі грамадз. вайны. Раман «Салдат з Казахстана» (1949) пра подзвіг народа ў гады Вял. Айч. вайны, раман «Абуджаны край» (1953, новы варыянт «Пад уладай чужых», 1974) пра рабочы клас Казахстана. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «На перавале» (1965), «Аднойчы і на ўсё жыццё» (1967, Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1968), «Пераможца» (1975), паэмы ў прозе «Вобраз, які не сустрэўся» (1966, Дзярж. прэмія Казахстана 1968). Цыкл навел і раман «Улпан яе імя» (1976) прысвяціў тэме жанчыны, мацярынства. Выступаў як драматург: п’еса і лібрэта оперы «Кыз-Жыбек» (1934), «Амангельды» (з Б.​Майліным, паст. 1937), «Трагедыя паэта» (1958) і інш. Аўтар літ.-крыт. і публіцыстычных кніг «Абавязак мастака» (1970), «Сляды часу» (выд. ў 1988). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі С.​Міхальчук, З.​Прыгодзіч.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1982.

Ж.​Сахіеў.

Г.М.Мусрэпаў.

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й УКРАІ́НЫ,

найбуйнейшы збор укр. нац. мастацтва. Адкрыты ў 1899 у Кіеве. Засн. як Гар. музей старажытнасцей і мастацтваў. У 1904 перайменаваны ў Маст.-прамысл. і навук. музей імя імператара Мікалая Аляксандравіча, з 1919—1-ы Дзярж. музей, з 1924 — Усеўкр. музей імя Т.​Р.​Шаўчэнкі, з 1936 — Дзярж. ўкр. музей, з 1939 — Дзярж. музей укр. мастацтва, з 1964 — Дзярж. ўкр. музей выяўл. мастацтва, з 1994 — сучасная назва. Пл. экспазіцыі 2,12 тыс. м², у фондах больш за 30 тыс. экспанатаў. Аддзелы: стараж.-ўкр. мастацтва 12—18 ст. (іканапіс, партрэтны жывапіс, скульптура, гравюры, нар. карцінкі), мастацтва 19 — пач. 20 ст. (карціны і гравюры Шаўчэнкі, пейзажы, жанравыя кампазіцыі У.​Арлоўскага, С.​Васількоўскага, М.​Івасюка, К.​Кастандзі, П.​Леўчанкі, А.​Мурашкі, М.​Піманенкі, С.​Святаслаўскага); сучаснага мастацтва, які адлюстроўвае разнастайнасць стыляў і кірункаў 1920—90-х г. (творы авангардыстаў А.​Багамазава, Д.​Бурлюка, А.​Экстэр, прадстаўнікоў рэаліст. школы У.​Касцецкага, Ф.​Крычэўскага, А.​Пятрыцкага, А.​Шаўкуненкі, Т.​Яблонскай). Мае калекцыю твораў мастакоў канца 20 ст. Будынак музея ўзведзены ў 1897—1900 (арх. Г.​Байцоў і У.​Гарадзецкі).

Т.​К.​Разанава.

Будынак Нацыянальнага мастацкага музея Украіны.

т. 11, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР (Národní divadlo),

буйнейшы тэатр Чэхіі; адзін з цэнтраў нац. культуры. Пабудаваны ў 1881 у Празе. Пасля пажару адбудаваны і адкрыты ў 1883 пастаноўкай оперы Б.​Сметаны «Лібушэ»; у 1884 паст. першы балет «Гашыш» К.​Коваржавіца. Уключае самастойную оперную, балетную і драм. трупы. З 1920 драм. спектаклі, камерныя оперы і балеты ідуць у б. Саслоўным т-ры (цяпер Т-р імя І.​Тыла), з 1948 оперы і балеты — у Т-ры імя Сметаны. У рэпертуары класічныя і сучасныя творы нац. і замежных кампазітараў і драматургаў. Значны ўклад у развіццё т-ра зрабілі дырыжоры Коваржавіц, О.​Острчыл, В.​Таліх, З.​Халабала, Я.​Кромбгальц; балетмайстры І.​Блажак, І.​Енчык, М.​Кура, С.​Махаў, І.​Немечак; рэжысёры І.​Гонзль, Я.​Квапіл, Ф.​Колар, І.​Маршалек, Р.​Полак, Я.​Пруха, Ф.​Пуйман і інш. У розны час у т-ры працавалі спевакі Г.​Бенячкава, К.​Берман, Б.​Блахут, К.​Бурыян, Э.​Дэсцінава, І.​Жыдак, В.​Зітак, Н.​Кніплава, Л.​Марава, М.​Махаткава, А.​Мікава, І.​Міксава, Э.​Полерт, Р.​Тучак, Б.​Фёрстрава-Лаўтэрэрава, Г.​Хорватава, салісты балета Н.​Гайдашава, М.​Дротнерава, І.​Петршык, В.​Скалава, З.​Шэмберава, В.​Шылганава і інш.

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШКАЛА́ЕВА-АПІЁК Тамара Іванаўна (н. 18.3.1943, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). У 1966—74 працавала ў Гродзенскім абл. драм. т-ры. З 1975 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца драм. роляў. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца тонкім пранікненнем у псіхалогію характару, яркім тэмпераментам, жаночай пяшчотай і мужнасцю, спалучэннем глыбокіх пачуццяў з мяккім лірызмам. Сярод роляў: у Гродзенскім т-ры — Надзя («Трыбунал» А.​Макаёнка), Ізабела Дрозд («Амністыя» М.​Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Наташа («104 старонкі пра каханне» Э.​Радзінскага), Турандот («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы), Кацярына («Навальніца» А.​Астроўскага), Алена Тальберг («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана) і інш.; у т-ры імя Я.​Купалы — Наталля Мікалаеўна і Тамара Паўлаўна («Пагарэльцы» і «Верачка» Макаёнка), Вера («Радавыя» А.​Дударава), Каця («Эшалон» М.​Рошчына), Шындзіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.​Гельмана), сакратарка («Святая святых» І.​Друцэ), Яна («Віват, імператар!» Э.​Іанеска), Ала Кастрова («Курыца» М.​Каляды), маці Гаральда («Гаральд і Мод» К.​Хігінса, Ж.​К.​Кар’ера), генеральша Крахоткіна («Вечны Фама» У.​Бутрамеева паводле Ф.​Дастаеўскага) і інш.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР імя Я.​Купалы.

Існаваў у 1938—41, 1944—45 у г. Мазыр Гомельскай вобл. Створаны на базе Мазырскага калг.-саўгаснага т-ра. У 1941 прысвоена імя Я.​Купалы. Маст. кіраўнікі: В.​Пацехін (1938—41), М.​Кавязін (1944—45). Спектаклі ставілі таксама рэжысёры Л.​Рахленка, Б.​Паскевіч, афармляў А.​Марыкс. У 1939 гастраляваў у Зах. Беларусі, у г. Бранск (Расія) і інш. Спектаклі ішлі на бел. мове. Сярод пастановак: «Прымакі» Я.​Купалы, «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка, «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Заложнікі» А.​Кучара, «Ваўкі і авечкі» і «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага, «Любоў Яравая» К.​Транёва, «Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава, «Рускія людзі» і «Так і будзе!» К.​Сіманава, «Самадуры» К.​Гальдоні, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера. У розны час у тэатры працавалі акцёры С.​Бульчык, Ю.​Гальперына, Л.​Гамуліна, А.​Гваздзёў, А.​Даніловіч, Л.​Даноўская, М.​Захарэвіч, А.​Кашына, Г.​Лаўроў, П.​Масцераў, В.​Окалаў, У.​Палцеўскі, А.​Ротар, Ю.​Сурыкаў, Л.​Цімафеева, М.​Цурбакоў, С.​Яворскі, А.​Яфрэменка і інш., мастакі В.​Акулаў, П.​Балабін. У 1946 рэарганізаваны ў Пінскі абласны драматычны тэатр.

К.​Б.​Кузняцова.

т. 11, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)