ЛЫШЧЭ́НЯ (Захар Рыгоравіч) (1917, в. Пласток Любанскага р-на Мінскай вобл. — 8.2.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з вер. 1941 на 1-м Укр. фронце. Камандзір аддзялення разведкі старшына Л. вызначыўся 8.2.1945 ва Усх. Прусіі: у час разведкі ў тыле ворага з напарнікам захапілі ў палон 2 афіцэраў з важнымі дакументамі; трапіўшы ў акружэнне, Л. прыкрываў адыход напарніка з дакументамі, цяжка паранены захоплены ў палон і закатаваны. На радзіме помнік.

З.Р.Лышчэня.

т. 9, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНСКІ БОЙ 1794.

Адбыўся паміж 2-тысячным паўстанцкім атрадам С.Грабоўскага і рас. войскамі каля мяст. Любань Бабруйскага пав. ў час. паўстання 1794. Атрад накіраваны Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага ў рэйд па Мінскай губ. з мэтай актывізаваць там паўстанне. 4 вер. каля Любані паўстанцы сутыкнуліся з рэгулярнымі рас. войскамі князя П.​Д.​Цыцыянава, былі акружаны і пасля непрацяглага бою капітулявалі. Карнікі захапілі 250 палонных (у т. л. С.​Грабоўскага) і 5 гармат.

т. 9, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНЦЭ́ВІЧ ((Lencewicz) Станіслаў) (19.4.1889, Варшава — 1.9.1944),

польскі географ, геолаг; адзін з арганізатараў Польскага геагр. т-ва (1918). Праф. (1922). Адукацыю атрымаў у г. Нушатэль (Швейцарыя). Арганізатар (у 1917) і кіраўнік (да 1939) геагр. ф-та ў Варшаўскім ун-це. У 1922—39 рэдактар час. «Przegląd geograficzny» («Геаграфічны агляд»). З 1943 выкладаў у падп. Варшаўскім ун-це. Навук. працы па геамарфалогіі, геалогіі чацвярцічнага перыяду, гідраграфіі, картаграфіі, лімналогіі (склаў каталог польскіх азёр). Забіты гітлераўцамі.

т. 9, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНЫЯ ПА́СТКІ,

канфігурацыі магнітнага поля, здольныя працяглы час утрымліваць зараджаныя часціцы ўнутры зададзенага аб’ёму прасторы. Натуральная М.п. — магн. поле Зямлі, якое ўтрымлівае касм. зараджаныя часціцы высокіх энергій (электроны і пратоны) і ўтварае радыяцыйныя паясы Зямлі па-за межамі яе атмасферы. У лабараторных умовах М.п. даследуюцца ў дастасаванні да праблемы ўтрымання плазмы і ажыццяўлення з іх дапамогай кіравальных тэрмаядзерных рэакцый.

Найпрасцейшая магнітная пастка. Стрэлкі паказваюць напрамкі магнітных сілавых ліній і току ў кааксіяльных шпулях (саленоідах).

т. 9, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЕЦ (Янусь) (Іван Вільгельмавіч; н. 8.2.1951, в. Хрыстова Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1983). Працаваў рабочым, у час. «Вожык» (1993—94). Друкуецца з 1974. Адзін з аўтараў калектыўных зб-каў «Лагодны прамень раніцы» (1988), «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш. Творы пераважна ў жанры сатыры і гумару (зб-кі «Бедны конь», 1992; «Трава ў вушах», 1994). У вершах раскрывае думкі і пачуцці сучасніка, пакутны шлях да ісціны (зб. «Родны мацярык», 1995).

т. 10, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́ТВА,

1) рэліг. містычны зварот да Бога, святых, звышнатуральных сіл з просьбай аб літасці або адхіленні зла, з ухваленнем, падзякай; частка рэліг. культу, абавязковы атрыбут абрадаў, набажэнстваў, царк. свят і штодзённага жыцця вернікаў. Бываюць вусныя (чытаюцца ў голас) і мысленныя (лічацца як узыходжанне розуму да Бога). Вусныя малітвы бываюць агульныя (царкоўны малебен) і асабістыя. У час М. вял. значэнне надаецца рытуальным дзеянням (стаянне на каленях, узняцце рук і г.д.).

2) Вызначаны, кананізаваны тэкст такога звароту.

т. 10, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАВЕ́ДЗІ.

марабаціна, залатая манета Іспаніі і Партугаліі. Выпускаліся ў 1112—1223 на ўзор араба-ісп. дынарыяў (у абарачэнні з 1087). Маса 3,46—3,9 г. У 2-й пал. 13 ст. некат. час выпускаліся білонныя, 60 штук якіх ішло на 1 залаты М. Пазней М. — грашова-лікавае паняцце. З 15 ст. выпускаліся білонныя, з 16 ст. — толькі медныя манеты ў 2, 4, 8 М. З 1474 білонны ісп. рэал змяшчаў 34 білонныя М.

т. 10, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РШЫ (ням., адзіночны лік Marsch),

нізінныя палосы раўніннага марскога ўзбярэжжа, якія заліваюцца вадой у час высокіх прыліваў або нагонаў марской вады. Размяшчаюцца вышэй ватаў, часта абмежаваныя паласой дзюн. Складзены звычайна з ілістых або пясчана-ілістых наносаў, на якіх фарміруюцца багатыя гумусам глебы, пакрытыя лугамі і балотамі. Асушаныя і апрацаваныя ўчасткі маршаў наз. польдэрамі. Характэрны для ўзбярэжжаў Паўночнага м. (Нідэрланды, Германія), Атлантычнага ўзбярэжжа ЗША. Падобныя на М. ландшафты (лайды) пашыраны на берагах Паўн. Ледавітага ак.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭ́ЙКА ((Matiegka) Індржык) (31.3. 1862, г. Бенешаў, Чэхія — 4.8.1941),

чэшскі антраполаг. У 1918—34 праф. Пражскага ун-та. Заснаваў антрапал. кафедру пры гэтым ун-це, «Музей чалавека» імя А.​Хрдлічкі, час. «Anthropologie» («Антрапалогія», 1923). Аўтар прац па антрапалогіі «Чарапы багемцаў» (1891), «Саматалогія школьнай моладзі» (1927), «Усеагульная навука аб плямёнах» (1929), артыкулаў супраць расісцкіх тэорый. Праца М. «Пршэдмасцкі чалавек» (кн. 1—2, 1934—38), прысвечана апісанню шкілетных рэшткаў людзей позняга палеаліту на тэр. Чэхаславакіі.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХЕ́ДАВІЧЫ,

вадасховішча ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Міхедавічы. Створана ў 1984. Пл. 0,5 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 3,5 м, аб’ём вады 1,77 млн. м³. Берагі спадзістыя, да іх прымыкаюць сенажаці і паша, на паўд. беразе лясныя насаджэнні і хмызнякі. М. напаўняецца вадой з Міхедава-Грабаўскага канала (бас. р. Прыпяць) у час веснавога разводдзя. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.

Г.​С.​Жукоўская.

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)