ПРА́ВА НА СУДО́ВУЮ АБАРО́НУ,
комплекс канстытуцыйна замацаваных працэсуальных правоў, якія гарантуюць абарону асн. матэрыяльных правоў і свабод чалавека. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе права грамадзян на суд. абарону ад замахаў на жыццё і здароўе, гонар і годнасць, асабістую свабоду і маёмасць, інш. законныя правы і свабоды, а таксама ад неправамерных дзеянняў органаў дзярж. кіравання і службовых асоб. У судаводстве ўсе грамадзяне маюць права на абарону і на кваліфікаваную юрыд. дапамогу для яе ажыццяўлення (у выпадках, прадугледжаных законам, юрыд. дапамога аказваецца за кошт дзярж. сродкаў); права на прэзумпцыю невінаватасці, права не сведчыць супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх родных (доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыд. сілы); права асуджанага на перагляд прыгавору вышэйстаячым судом ва ўстаноўленым законам парадку. Замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства таксама гарантуецца права на зварот у суд для абароны асабістых, маёмасных, сямейных і інш. правоў.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 12, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ВЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
прэпараты (індывід, рэчывы, іх растворы і сумесі) з рэгламентаванымі саставам і ўласцівасцямі, прызначаныя для навук. даследаванняў і аналізу хімічнага. Р.х., якія выкарыстоўваюць у хім. рэакцыях пры аналізе і сінтэзе розных рэчываў, часта называюць рэагентамі. Вырабляюць Р.х. ў форме, якая забяспечвае надзейнасць захавання і зручнасць пры выкарыстанні. На этыкетках звычайна паказваюць таксічнасць, вогне- і выбухованебяспечныя ўласцівасці, а таксама ўмовы захоўвання і транспарціроўкі.
Большасць Р.х. кантралююць паводле 2—3, а некаторыя па значна большай колькасці характарыстык (напр., Р.х. для біял. даследаванняў больш чым па 20). Найважн, характарыстыка Р.х. — чысціня. Звычайна адрозніваюць «асабліва чыстыя», «хімічна чыстыя», «чыстыя для аналізу» і «чыстыя» Р.х. (найніжэйшая кваліфікацыя Р.х., маюць не менш як 98% асн. рэчыва). Ёсць спец. віды кваліфікацыі з рознымі патрабаваннямі да ступені чысціні Р.х., абумоўленымі галінамі іх выкарыстання, напр., «спектральна чыстыя», «аптычна чыстыя», «для храматаграфіі». Выпускаюць таксама Р.х. «гарантаванай чысціні» са спецыфікацыяй, у якой прыведзены даныя фактычнага хім. аналізу.
т. 13, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕ́РВЫ (франц. réserve ад лац. reservare зберагаць, захоўваць),
1) запасы, рэсурсы, грашовыя сродкі, якія знаходзяцца на захоўванні і ў выпадку патрэбнасці могуць быць выкарыстаны з пэўнымі мэтамі.
2) Крыніца, адкуль чэрпаюцца неабходныя дадатковыя матэрыялы і сілы, напр., рэзервы вытворчыя, працоўныя Р. і інш. 3) Фарміраванні ўзбр. сіл, а таксама людскія рэсурсы і запасы матэрыяльных сродкаў, прызначаныя для папаўнення і забеспячэння дзеючых арміі і флоту. Р. як элемент аператыўнага пастраення (баявога парадку) прызначаны для рашэння нечаканых задач, што ўзнікаюць у ходзе аперацыі (бою). У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць Р.: стратэг., аператыўныя, тактычныя; агульнавайск., процітанк., процідэсантныя, спец. войск (інж., хім., сувязі) і інш. У Рэспубліцы Беларусь стратэг. Р. — асобныя злучэнні і часці, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Галоўнакамандуючага Узбр. Сіламі, а таксама запасы матэрыяльных сродкаў, тэхнікі, узбраення, што захоўваюцца на цэнтр. складах (базах); аператыўны Р. — злучэнні і часці, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні камандзіраў армейскіх карпусоў.
М.М.Субоцін.
т. 13, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРЭА́ЦЫЯ (польск. rekreacja адпачынак ад лац. recreatio аднаўленне),
дзейнасць чалавека ў вольны час, накіраваная на аднаўленне і ўмацаванне здароўя, фіз. і духоўных сіл, працаздольнасці.
Рэкрэацыйныя патрабаванні чалавека залежаць ад узроўню развіцця прадукц. сіл і характару вытв. адносін, а таксама ад узросту, прафесіі і інш. Рост аўтаматызацыі працы ў спалучэнні з урбанізацыяй у эпоху навукова-тэхн. рэвалюцыі вядуць да скарачэння фіз. нагрузак і рухальнай актыўнасці, росту псіхаэмацыянальнага напружання і стомленасці чалавека. Пасіўны адпачынак не забяспечвае поўнага аднаўлення працаздольнасці, патрабуецца актыўнае развіццё рэкрэацыйных заняткаў. Жыццядзейнасць людзей абумоўлівае неабходнасць узаемазвязанага рэкрэацыйнага асяроддзя: бліжэйшае наваколле — двор, азялененыя пляцоўкі, паркі і скверы; таксама загарадныя рэкрэацыйныя тэр.; для працяглага адпачынку — спецыялізаваныя курортна-турысцкія раёны і цэнтры.
Пры праектаванні рэкрэацыйных тэрыторый прадугледжваюцца прыродаахоўныя мерапрыемствы і іх рэкрэацыйная ёмістасць. На Беларусі 319 устаноў адпачынку, санаторнага лячэння і турызму на 47 тыс. месцаў; для Р. — каля 2 млн. га тэр. (1999).
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 572
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКІ КАЛЯНДА́Р, рэвалюцыйны каляндар,
уведзены ў перыяд Французскай рэвалюцыі /789—99 дэкрэтам Нац. канвента ад 5.10.1793. Р.к. адмяніў хрысц. летазлічэнне і ўстанавіў новую эру (першы дзень — дзень абвяшчэння рэспублікі — 22.9.1792). Год падзяляўся на 12 месяцаў, па 30 дзён кожны, месяц — на 3 дэкады. Пасля 360 дзён уводзіліся 5 (у высакосныя гады 6) «дадатковых» дзён («санкюлатыды»). Дзесяты дзень і ўсе дадатковыя лічыліся днямі адпачынку і рэв. свят. Месяцы атрымалі новыя назвы, у якіх улічваліся асаблівасці пары года: асеннія (вандэм’ер, брумер, фрымер), зімовыя (нівоз, плювіёз, вантоз), веснавыя (жэрміналь, фларэаль, прэрыяль), летнія (месідор, тэрмідор, фруктыдор); зменены таксама назвы дзён тыдня. Р.к. дзейнічаў да 1.1.1806, калі ў перыяд напалеонаўскай Першай імперыі зноў быў заменены грыгарыянскім календаром (гл. Новы стыль). Р.к. быў узноўлены ў час Парыжскай камуны 1871 і дзейнічаў з 18 сак. па 28 мая 1871, пасля чаго адноўлены грыгарыянскі каляндар. Гл. таксама Каляндар і літ. пры ім.
т. 14, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКІ ВАЛЮ́ТНЫ ФОНД (Arab Monetary Fund; АВФ). Засн. ў 1976. Члены — 21 краіна араб. рэгіёна. Штаб-кватэра ў г. Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). Мэты: выраўноўванне плацежных балансаў краін-удзельніц; садзейнічанне стабілізацыі курсаў валют; развіццё эканам. інтэграцыі; стварэнне арабскага фін. рынку і ўкараненне арабскага дынара ва ўзаемаразліках араб. краін. Павінен таксама крэдытаваць краіны-ўдзельніцы.
т. 1, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕНІ́ДЫ,
хімічныя злучэнні металаў з мыш’яком. Вядомыя для ўсіх металаў (і паўметалаў), акрамя сурмы, вісмуту, свінцу і талію. Крышт. рэчывы з метал. бляскам, маюць высокія т-ры плаўлення (напр., для арсенідаў серабра tпл 1740 °C). Арсеніды галію (GaAs) і індыю (InAs) — паўправадніковыя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў лазерах, выпрамніках і інш. Гл. таксама Мыш’яку злучэнні.
т. 1, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗАФІ́ЛЫ,
1) клеткі, якія маюць у пратаплазме зярністыя структуры, што афарбоўваюцца асн. фарбавальнікамі (адсюль назва). Тэрмінам «базафілы» абазначаюць адзін з відаў зярністых лейкацытаў (базафільныя гранулацыты) крыві (у норме базафілаў у чалавека 0,5 — 1% ад усіх лейкацытаў), таксама адзін з відаў клетак пярэдняй долі гіпофіза.
2) Арганізмы, што аддаюць перавагу шчолачным субстратам і шчолачнаму асяроддзю.
т. 2, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАГВАНА́ТЫЕВЫЯ (Baragwanathiales),
парадак выкапнёвых вышэйшых раслін з аддзела дзеразападобных. Зыходныя ў эвалюцыі дзеразападобных, звязваюць іх з псілафітамі. Узніклі ў сілуры. Тыповы род барагванатыя (Baragwanathia) — найб. стараж. прадстаўнік дзеразападобных. Да барагванатыевых таксама належыць род дрэпанафікус.
Травяністыя расліны з тоўстым сцяблом. Спарангіі адзінкавыя, на кароткіх ножках на сцябле паміж «лістамі» (філоідамі). Характэрна раўнаспоравасць (прымітыўная адзнака).
т. 2, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР’Е́Р (франц. barriére),
1) невысокая перагародка, якая закрывае свабодны праход, праезд.
2) Спецыяльная перашкода, устаноўленая для пераадолення на спарт бегавой дарожцы, арэне цырка і інш. 3) Рыса перад кожным з удзельнікаў дуэлі, якую яны не павінны былі пераступаць пры стральбе.
4) Тое, што перашкаджае ажыццяўленню чаго-н., затрымлівае развіццё адпаведнай дзейнасці. Гл. таксама Бар’еры біягеаграфічныя.
т. 2, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)