сукупнасць сасудаў пазваночных жывёл і чалавека, што збіраюць лімфу ад тканак і органаў і адводзяць яе ў вянозную сістэму. Складаецца з капіляраў, сасудаў, праток, вузлоў. З міжклетачных поласцей лімфа напампоўваецца сляпымі канцамі лімфатычных капіляраў, якія зліваюцца ў больш буйныя сасуды, пратокі і ўпадаюць у вены ў месцах найменшага крывянога ціску (вобласць ярэмных вен, хваставая, заднія полыя вены). Вытворнае вянознай сістэмы. Адрозніваюць паверхневую Л.с., утвораную пераважна сеткай падскурных капіляраў і сасудаў (ніжэйшыя пазваночныя), і глыбокую — грудныя пратокі з’яўляюцца вываднымі сасудамі (вышэйшыя пазваночныя). Асн. функцыі: дрэнажаванне з міжклетачных поласцей вадкасці, раствораных бялкоў і інш. буйных малекул, якія не здольны вярнуцца ў кроваток праз крывяносныя капіляры; ахоўная; фільтрацыйная.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Лімфатычная сістэма. I. Сістэма лімфатычных сасудаў: 1 — тканкі; 2 — артэрыяльная сістэма; 3 — вянозная сістэма; 4 — лімфатычная сістэма; 5 — лёгкія. II. Размяшчэнне рэгіянарных лімфатычных вузлоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПАСТАЯ́ННАЯ,
1) універсальная (кавендышава, ньютанава) гравітацыйная пастаянная — каэфіцыент прапарцыянальнасці ў законе прыцягнення Ньютана (гл.Сусветнага прыцягнення закон); адна з фундаментальных фіз. пастаянных. Абазначаецца G. Вызначана эксперыментальна Г.Кавендышам (1798) пры дапамозе круцільных вагаў. Характарызуе гравітацыйнае ўзаемадзеянне ўсіх матэрыяльных аб’ектаў (часціц і палёў) і разглядаецца як універсальная канстанта, нязменная ў часе і прасторы, незалежная ад фіз. і хім. уласцівасцей асяроддзя і гравітуючых мас. G = (6,67259 ±0,00085)∙10−11Н∙м²/кг².
2) Гаўсава гравітацыйная пастаянная — велічыня k, звязаная з універсальнай гравітацыйнай пастаяннай суадносінамі G = k2. Служыць для вызначэння астранамічнай адзінкі, у сістэме фундаментальных астранамічных пастаянных прынятая ў якасці адзінай асн. (умоўна нязменнай) пастаяннай (1976). Лікавае значэнне k = 0,01720209895 вызначана К.Гаўсам (1809) на аснове 3-га закона Кеплера (гл.Кеплера законы) для сістэмы Сонца—Зямля і зацверджана Міжнар. астранамічным саюзам у якасці абсалютна дакладнай канстанты (1938).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗНАВО́ДСК,
горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, на паўд. схілах г. Жалезная, на выш. 600—630 м, за 5 км ад чыг. ст. Бештау. Засн. ў 1842, горад з 1917. 29,4 тыс.ж. (1992). Пяцігорскі НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі. Арх. помнікі: Астроўскія ванны (канец 19 ст.), дача бухарскага эміра і Пушкінская галерэя (пач. 20 ст.). Бальнеалагічны і гразевы курорт. Уваходзіць у групу курортаў Каўказскія Мінеральныя Воды. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой, цёплым летам. Аснова курортных рэсурсаў — мінер. воды, радовішчы якіх эксплуатуюцца з 19 ст. (больш за 20 крыніц рознай ступені тэрмальнасці, у т. л. радонавыя), сульфідныя глеевыя гразі Тамбуканскага воз. Лечаць хваробы страўніка, кішэчніка, падстраўнікавай залозы, печані, жоўцевых шляхоў, нырак, мочавывадной сістэмы. Працуе каля 20 санаторыяў. Ва ўсх.ч. курортнай зоны парк (1825), ніжнія і верхнія тэрасы якога звязаны каскаднай лесвіцай, упрыгожанай фантанамі і вадаёмамі (1932—37).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЕЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕкасманаўтаў,
комплекс сістэм і мерапрыемстваў для забеспячэння жыццядзейнасці і працаздольнасці чалавека ў касм. палёце, пры выхадзе ў адкрыты космас і на паверхню нябесных цел. Для стварэння і падтрымання неабходных умоў Ж. ў касм. палёце выкарыстоўваюцца герметычныя кабіны рэгенерацыйнага тыпу і індывід.скафандры.
Герметычная кабіна абсталёўваецца сістэмай Ж., якая складаецца з падсістэм: рэгенерацыі паветра, водазабеспячэння, забеспячэння ежай, тэрмарэгулявання, сан.-гігіенічнага забеспячэння. Адрозніваюць сістэмы Ж.: адкрытыя (маюць запасы кіслароду, ежы, вады; адходы жыццядзейнасці складуюцца або выдаляюцца за борт, газападобныя прадукты паглынаюцца фільтрамі), часткова закрытыя (забяспечваюць рэгенерацыю вады, атрыманне кіслароду электролізам вады або раскладаннем вуглякіслага газу), закрытыя (адбываецца кругаварот асн. элементаў і рэчываў з узнаўленнем харч. прадуктаў, рэгенерацыяй вады, кіслароду, утылізацыяй адходаў жыццядзейнасці). Для рэгенерацыі рэчываў і элементаў у сістэме Ж. выкарыстоўваюцца біял. і фіз.-хім. метады. Гл. таксама Біятэхнічная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ МАЛАДА́Я ПЛАТФО́РМА,
платформавая вобласць з палеазойскім складкавым фундаментам і мезазойска-кайназойскім (месцамі верхняпермскім) чахлом, якая знаходзіцца ў Зах. і Сярэдняй Еўропе паміж альпійскімі складкавымі збудаваннямі Пірэнеяў і Альпаў на ПдЗ і Пд, акіянскімі плітамі катлавіны Нансена і Баранцава мора на Пн і краявым швом (зонай Тэйсейра—Торнквіста) Усходне-Еўрапейскай старажытнай платформы на У. Для яе характэрна рэзка акрэсленая блокавая будова: платформа разбіта на высока ўзнятыя масівы (Багемскі, Рэйнскі, Армарыканскі, Цэнтральны) і выступы (Гарц, Вагезы, Шварцвальд) і глыбока апушчаныя ўпадзіны (Польска-Германская, Паўд. Германская, Парыжская, Аквітанская, Цюрынгская, Субгерцынская). У межах платформы развіты рыфтавыя сістэмы: кайназойская рэйнская і мезазойская паўночнаморская. З паўночнаморскай звязаны буйнейшыя радовішчы нафты і газу. Да адкладаў цэхштэйна (верхняя перм) прымеркаваны буйныя радовішчы каменнай і калійнай солей, да кам.-вуг. адкладаў — каменны вугаль, пермскіх і неагенавых — буры вугаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЯСПЕ́КА,
стан абароненасці інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ад унутр. і знешніх пагроз у эканам., гуманіт., экалагічнай, інфарм., ваен., паліт. сферах жыццядзейнасці. Асн. аб’ектамі і суб’ектамі Н.б. адначасова з’яўляюцца асоба, грамадства і дзяржава. Іх жыццёва важныя інтарэсы, рэальныя і патэнцыяльныя пагрозы гэтым інтарэсам, прыярытэтныя кірункі іх забеспячэння і абароны вызначаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі, ваен. дактрынай і інш.паліт.-прававымі актамі. Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь зацвердзіў канцэпцыю Н.б. (1995), у якой сфармуляваны змест і структура Н.б. ва ўмовах існавання Беларусі як незалежнай дзяржавы, вызначаны асн. прынцыпы і кірункі арганізацыі сістэмы Н.б., эканам., прававыя і інш. аспекты яе функцыянавання. Агульнае кіраўніцтва сістэмай Н.б. ажыццяўляе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Ён фарміруе і ўзначальвае Савет Бяспекі, які разглядае асн. праблемы Н.б. і каардынуе дзейнасць органаў заканадаўчай, выканаўчай і суд. улад па яе забеспячэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБАРАЧА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,
фізічны працэс, які можа самаадвольна працякаць толькі ў адным пэўным напрамку. У адрозненне ад абарачальных працэсаў Н.п. выключае магчымасць вяртання тэрмадынамічнай сістэмы ў зыходны стан без якіх-н. істотных змен у навакольным асяроддзі. Усе Н.п. з’яўляюцца нераўнаважнымі працэсамі і з мікраскапічнага пункту гледжання вывучаюцца ў фіз. кінетыцы; тэрмадынаміка ўстанаўлівае для іх толькі няроўнасці, якія паказваюць магчымы напрамак працякання працэсу (гл.Другі закон тэрмадынамікі).
Да Н.п. адносяць дыфузію, цеплаправоднасць, вязкае цячэнне, хім. рэакцыі, рэлаксацыйныя і інш. працэсы, дзе адбываецца накіраваны прасторавы перанос рэчыва, энергіі, імпульсу, зараду. У замкнутых сістэмах Н.п. заўсёды суправаджаюцца ўзрастаннем энтрапіі (крытэрый неабарачальнасці; гл.Больцмана прынцып). У адкрытых сістэмах пры Н.п. энтрапія можа заставацца пастаяннай ці змяншацца за кошт абмену з навакольным асяроддзем, аднак ва ўсіх выпадках вытв-сць энтрапіі (яе ўзрастанне ў адзінку часу за кошт Н.п.) застаецца дадатнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАДЫ́М (лац. Neodymium),
Nd, хімічны элемент III групы перыяд.сістэмы, ат. н. 60, ат. м. 144,24; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з сумесі ізатопаў з масавымі лікамі 142—146, 148, 150; ізатопы 144Nd і 150Nd слабарадыеактыўныя; найб. колькасць 142Nd (27,07%) і 144Nd (23,78%). У зямной кары 2,5∙10−3% па масе. Адкрыты ў 1885 аўстр. хімікам К.Аўэрам фон Вельсбахам, назва ад неа... і грэч. didymos — блізня, двайнік (празеадыму).
Мегал светла-шэрага колеру, tпл 1016 °C, шчыльн. 6905 кг/м³. У паветры акісляецца. Узаемадзейнічае з кіпнем, мінер. к-тамі, пры награванні — з галагенамі, азотам, вадародам. Метал. Н. атрымліваюць электролізам расплаву фтарыду NdF3 ці хларыду NdCl3, а таксама кальцыятэрмічным аднаўленнем гэтых злучэнняў. Выкарыстоўваюць як кампанент мішметалу (сплаву рэдказямельных элементаў), алюмініевых і магніевых сплаваў, як актыватар лазерных матэрыялаў, аксід Nd2O3 — у вытв-сці аптычнага шкла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАГАРМО́НЫ (ад грэч.нейра... + гармоны),
біялагічна актыўныя рэчывы, што выпрацоўваюцца нейрасакраторнымі клеткамі нерв. тканкі беспазваночных і пазваночных жывёл і чалавека. Паступаюць у кроў, гемалімфу, тканкавую або спіннамазгавую вадкасць, аказваюць дыстантнае падоўжанае рэгулюючае ўздзеянне: падтрымліваюць гамеастаз, у т. л. водна-салявы, рэгулююць тонус гладкай мускулатуры, метабалізм, функцыі клетак эндакрынных залоз. Прымаюць удзел у ажыццяўленні абаронча-прыстасавальных рэакцый арганізма. У пазваночных жывёл Н. сінтэзуюцца нейрасакраторнымі клеткамі гіпаталамуса (аксітацын, вазапрэсін і іх аналагі, рылізінг-гармоны, дафамін, норадрэналін, сератанін), спіннога мозга (уратэнзіны), клеткамі эпіфіза (сератанін і мелатанін), клеткамі храмафіннай тканкі мазгавога рэчыва наднырачнікаў, парагангліяў, гангліяў і нерв. ствалоў перыферычнай вегетатыўнай нерв.сістэмы (норадрэналін і адрэналін). Паводле хім. прыроды Н. — катэхаламіны, поліпептыды, 5-оксітрыптамін (сератанін) і яго вытворнае мелатанін. У сакраторных гранулах Н. звязаны з бялкамі-носьбітамі (напр., вазапрэсін і аксітацын — з нейрафізінамі, а катэхаламіны — з хромагранінам). Гл. таксама Нейрасакрэцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВО́ВЫ ЦЭ́НТР,
сукупнасць лакалізаваных у нервовай сістэме нейронаў, якая прымае ўдзел у ажыццяўленні рэфлексу або функцыі арганізма. У склад Н.ц. ўваходзяць ад некалькіх нейронаў (напр., сардэчны ганглій ракападобных мае 9 нейронаў) да некалькіх тысяч і мільёнаў (напр., у высокаарганізаваных жывёл). Адрозніваюць Н.ц. ядзерныя, якія кампактна размешчаны ў восевай ч.нерв.сістэмы, падсумоўваюць масавую інфармацыю, і экранныя, сабраныя ў асобныя слаі, аналізуюць дыскрэтную інфармацыю. Нейроны Н.ц., звязаныя ўзбуджальнымі і тармазнымі сінапсамі, утвараюць складаныя комплексы, т. зв. нейронныя сеткі. У кожны Н.ц. па нерв. валокнах ад органаў пачуццяў або іншых Н.ц. паступае інфармацыя ў выглядзе імпульсаў нервовых, перапрацоўваецца і камандныя імпульсы пасылаюцца да іншых Н.ц. або перыферычных органаў. Каардынаваная дзейнасць Н.ц., якія ўваходзяць у іерархічную сістэму рэгуляцыі, забяспечвае дакладнае выкананне пэўнай складанай функцыі і яе прыстасавальны характар. Гл. таксама Нервовая сістэма.