МАРАЛЁЎСКІ (Юзаф) (5.3.1777, г. Гарадок, паводле інш. крыніц, каля г. Орша Віцебскай вобл. — 12.8.1845),
бел. педагог, паэт. Скончыў клас рыторыкі ў Аршанскім езуіцкім калегіуме (1790), вывучаў франц. мову ў Полацкім езуіцкім калегіуме, лац. і польск. л-ру ў Оршы. З 1794 настаўнік у езуіцкіх калегіумах у Мсціславе, Магілёве, Полацку. З 1806 праф. рыторыкі, паэтыкі і рус.мовы ў езуіцкім калегіуме ў Пецярбургу, з 1810 у Оршы, дзе загадваў і б-кай кляштара. З 1814 сакратар ордэна езуітаў бел. правінцыі, з 1816 «міністр» (адміністратар) Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1818 пераехаў на Валынь. Друкаваўся ў час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі штомесячнік»), «Вестник Европы». Пісаў на польск., лац., рус. мовах. Творчасць М. выяўляла характэрныя рысы л-ры ў часы пераходу ад класіцызму да рамантызму. Адначасова з класіцыстычнымі трэнамі, элегіямі, эпіграмамі, панегірыкамі, наследаваннямі Гарацыю пісаў у перадрамант. стылі лірычныя песні, у якіх з агульнагуманіст. і хрысціянскіх пазіцый разважаў пра выхаваўчае значэнне паэзіі, выказваў замілаванне да прыроды і роднага краю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДВІ́ЛКА (Аркадзь Пятровіч) (24.8.1905, в. Языль Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 27.10.1986),
бел. пісьменнік, перакладчык. Канд.філал.н. (1956). Вучыўся на Фанетычных курсах новых моў у Ленінградзе (1926—27), у БДУ (1927—29), на Вышэйшых курсах новых моў пры 2-м Маскоўскім ун-це (1929—30). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (Ташкент, 1950). У 1933 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1988. З 1935 жыў у Ташкенце. Працаваў у Сярэднеазіяцкім ун-це (1951—57), Ташкенцкім пед. ін-це (1956—60), Рэсп. ін-це рус.мовы і л-ры (1960—85). Друкаваўся з 1924. Публікаваў вершы, апавяданні, нарысы, рэцэнзіі. Аўтар кн. нарысаў «Вялікае нараджэнне» (1932), навук. прац «Нарысы па рускай фразеалогіі» (1964), «Як хутчэй засвоіць значэнне англійскіх слоў» (1968) і інш. На бел. мову пераклаў раздзелы са «Спеву аб Гаяваце» Г.Лангфела, «Песню пра вольны шлях» У.Уітмена, асобныя творы Дж.Лондана, Р.Тагора, П.Тычыны, раман М.Ляшко «Доменная печ» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЯЁНАК (Мацвеенка) Іван Кузьміч
(3.7.1899, в. Новы Быхаў Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — пасля 1959),
бел. гісторык, мовазнавец, краязнавец. Канд.філал.н. (1947). Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі (1911—15), Смаленскай ваен.-інж. школе (1920—21), скончыў БДУ (1930). З 1916 на настаўніцкай і выкладчыцкай рабоце ў Быхаўскім пав., Рагачове, Магілёве, Мінску (у 1918—20 у Чырв. Арміі). У Вял.Айч. вайну на фронце. З 1947 выкладаў у БДУ, у 1950-я г. ў Горна-Алтайскім пед. ін-це. Пасля 1959 лёс невядомы. Аўтар прац па мовазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі рэв. руху на Магілёўшчыне.
Тв.:
Пытанні краязнаўства ў Рагачоўскім педтэхнікуме // Асвета. 1924. № 2;
Некаторыя краязнаўчыя тэмы Магілёўшчыны // Наш край. 1927. № 3;
Рэвалюцыя 1905 г. на Магілёўшчыне // Сав. краіна 1931. № 3—4;
Развіццё беларускай літаратурнай мовы за 30 год БССР // Сав. школа. 1948. № 6;
О корневом составе лексики восточнославянских языков // Уч. зап. Горно-Алтайского гос. пед. ин-та. 1959. Т. 1, вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІ́НСКІ ВАРЫЯ́НТ» КАНСТЫТУ́ЦЫІ М.М.МУРАЎЁВА,
першы з трох варыянтаў праекта канстытуцыі для Рас. дзяржавы, распрацаваны ў 1821—22 у Мінску дзекабрыстам М.М.Мураўёвым. Тэкст захаваўся ў копіі 1822, перапісанай дзекабрыстам С.П.Трубяцкім і знойдзенай у яго пры вобыску. Лічыцца найб.самаст. у аўтарскіх адносінах праектам стварэння ў Расіі бурж. дзяржавы, заснаванай на прынцыпах эканам. і грамадз. свабод, выбарнасці пасад і падзелу функцый заканад., выканаўчай і суд. улад. У аснове праекта — супастаўленне і творчая перапрацоўка канстытуцый краін Зах. Еўропы і ЗША з прыцягненнем рас. прававых актаў. Праект прадугледжваў адмену прыгоннага права, паліт. свабоды грамадзян, суверэнітэт народаў, вяршэнства канстытуцыі і роўнасць усіх перад законам, недатыкальнасць правоў асобы, прыватнай уласнасці, свабоду слова, адмену саслоўяў, увядзенне суда прысяжных. Правы грамадзян абмяжоўваліся высокім маёмасным цэнзам, узростам (не менш за 21 год), цэнзам аселасці, абавязковым веданнем рус.мовы. Праект выклікаў сур’ёзную крытыку ў членаў Паўн.т-ва, што паслужыла падставай для напісання Мураўёвым у 1824—25 2-га і 3-га варыянтаў канстытуцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧА АДА́МА ДОМ-МУЗЕ́Й,
літаратурна-мемарыяльны музей у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Адкрыты 11.9.1938 у будынку, пастаўленым на месцы дома, дзе жылі бацькі А.Міцкевіча. У Вял.Айч. вайну разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1955 да 100-годдзя з дня смерці Міцкевіча. У 1989 праведзена рэканструкцыя сядзібы, якой нададзены выгляд пач. 19 ст. Адноўлены свіронак, альтанка, студня, флігель, які злучаны падземным пераходам з гал. домам. У 1992 адкрыта новая экспазіцыя. У музеі 7 экспазіц. залаў, пл. экспазіцыі 337 м². Больш за 5000 экспанатаў (2000) асн. фонду знаёмяць з жыццёвым і творчым шляхам Міцкевіча, яго грамадскай і паліт. дзейнасцю. Сярод экспанатаў прыжыццёвыя і сучасныя выданні твораў паэта, яго кнігі ў перакладах на мовы народаў свету, асабістыя рэчы, рукапісы перакладаў твораў Міцкевіча бел. паэтамі, карціны мастакоў 19 — пач. 20 ст. Ю.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Р.Мясаедава, творы жывапісу, графікі і скульптуры сучасных бел. майстроў Л.Асецкага, К.Качана, П.Крахалёва, А.Шыбнёва, прысвечаныя паэту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗА́РАНКА (Юрый) (Георгій) Іванавіч (25.5.1904, г. Канатоп Сумскай вобл., Украіна — 21.1.1991),
украінскі перакладчык, літ.-знавец. Скончыў Вінніцкі ін-тсац. выхавання (1933). Перакладаў на ўкр. мову з рус., літ., польск., ням., франц. і інш. моў. Пераклаў з бел.мовы на ўкр. шэраг нар. казак, творы З.Бядулі («Апавяданні», 1952), Я.Брыля («Апавяданні», 1954), асобныя п’есы К.Крапівы, празаічныя творы А.Васілевіч, В.Віткі, М.Вішнеўскага, В.Зуба, У.Краўчанкі, М.Лупсякова, Я.Маўра, І.Шамякіна, паэт. творы Я.Купалы, Я.Коласа, Э.Агняцвет, А.Александровіча, П.Броўкі, А.Бялевіча, М.Гамолкі, Х.Жычкі, А.Зарыцкага, М.Клімковіча, У.Корбана, Е.Лось, М.Лужаніна, Р.Няхая, П.Панчанкі, А.Русака, А.Русецкага, М.Танка, С.Шушкевіча, манаграфію Я.Мазалькова «Янка Купала» (1952, з І.Майстрэнкам), мемуары С.Слесарэнкі «Дарагія абліччы» (1974). Быў асабіста знаёмы з Я.Коласам, вёў з ім перапіску. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў па пытаннях літ.-творчых сувязей, маст. перакладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЫРЫ́ (Каюм) (сапр.Насыраў Габдэлкаюм Габдэлнасыравіч; 14.2.1825, в. Верхнія Шырданы Зеленадольскага р-на, Татарстан — 2.9.1902),
татарскі вучоны-асветнік, пісьменнік. Вучыўся ў медрэсэ ў Казані (1841—55). З 1855 вольны слухач Казанскага ун-та. Заснавальнік першай руска-тат. школы ў Казані. Складальнік граматыкі тат.мовы, слоўнікаў, у т. л. «Татарска-рускага слоўніка» (1875), правілаў правапісу, першых кніг для чытання на рус. мове «Рускае чытанне» (1889), падручнікаў па рус. граматыцы (1891), па матэматыцы, геаграфіі, л-ры, гісторыі, прыродазнаўстве, земляробстве, «Штогадовага настольнага календара» (1871—97). Выдаў працы па тат. фальклоры і этнаграфіі: «Павер’і і абрады казанскіх татар...» (1880), «Узоры народнай літаратуры казацскіх татар» (1896), «Казкі казанскіх татар у супастаўленні з казкамі іншых народаў» (1900, з П.Л.Паляковым). Аўтар «Аповесці аб сарака везірах» (1868), аповесцей «Авіцэна» (1872), «Кабуснама» (1881), павучальна-дыдактычнай «Кнігі для субяседнікаў па літаратуры» (1884), навук.-папулярных твораў для дзяцей «Вольнай часінай» (1860). Яго навелы садзейнічалі развіццю нац.маст. прозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША ВО́ЛЯ»,
легальная газета народнафронтаўскага кірунку. Выдавалася з 24.12.1935 да 23.8.1936 у Вільні на бел. мове. Напачатку выходзіла 1 раз у 2 тыдні, з 20.3.1936—1 раз у месяц. Рэдактар-выдавец В.Склубоўскі. Садзейнічала ўключэнню ў рэв. барацьбу новых слаёў грамадства, збліжэнню дэмакр. інтэлігенцыі з КПЗБ. Выступала супраць фашызацыі грамадства, пісала пра барацьбу супраць гітлерызму, папулярызавала лозунгі КПЗБ па стварэнні антыфаш. нар. фронту ў Зах. Беларусі, заклікала да саюзу паміж рабочымі і сялянамі, паведамляла пра стачкі і забастоўкі, што адбываліся на зах.-бел. прадпрыемствах. Выступала за нармалізацыю міжнац. адносін паміж народамі, што жылі ў Зах. Беларусі, у абарону бел.нац. культуры, мовы, л-ры, за адзіны зах.-бел.літ. фронт. Друкавала творы М.Танка, М.Васілька, М.Машары, М.Засіма, А.Іверса, Г.Праменя (І.Пышко), С.Малько, М.Бурсевіча, Р.Шырмы, Н.Тарас і інш. Супрацоўнічала з польск. дэмакр.газ. «Poprostu» («Папросту»). Выйшла 13 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВА́ЛЬ (Nerval; сапр.Лабруні; Labrunie) Жэрар дэ
(22.5.1808, Парыж — 26.1.1855),
французскі пісьменнік; прадстаўнік рамантызму. Аўтар лірычнага цыкла «Маленькія оды» (1830—35), адметнага рамант. тэматыкай, вытанчанасцю мовы. Для зб. навел «Дочкі агню» (1854), у які ўключаны і цыкл санетаў «Хімеры», характэрна сімвалічная шматзначнасць вобразаў. У лепшых яго навелах «Актавія» (1842), «Ізіда» (1845), «Сільвія» (1853), «Аўрэлія, ці Мара і жыццё» (1855) спалучэнне матываў ант. і ўсх. міфаў, сярэдневяковых легенд, фрагментаў сапр. падзей, а таксама акультных сімвалаў, містыкі. Аўтар п’ес (з А.Дзюма), у т. л. «Лео Бюркар» (1839), кн. «Падарожжа на Усход» (1851), кн. нарысаў «Празорцы» (1852), артыкулаў пра тэатр і паэзію. Пераклаў асобныя творы І.В.Гётэ, Г.Гейнэ, Г.А.Бюргера. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклаў А.Хадановіч.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное: Стихи. О театре и литературе. Театральная хроника. М., 1984;
Дочери огня: Новеллы. Стихотворения. Л., 1985;
Путешествие на Восток. М., 1986;
История о царице Утра и Сулаймане, повелителе духов. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯПОЎНАГАЛО́ССЕ,
спалучэнне плаўнага зычнага «р», «л» з галосным на месцы праславянскіх дыфтангічных спалучэнняў or, ol, er, el паміж зычнымі. Фанетычная асаблівасць паўд.-слав., а таксама чэш. і славацкай моў. Сутнасць Н. — у змяненні праслав. каранёвых злучэнняў тыпу tort, tolt, tĕrt, tĕlt паводле закону адкрытага складу ў trat, tlat, trĕt, tlĕt: праслав. *borda (барада) — балг. «брада», праслав. *melko (малако) — чэш. «mléko». Адрозніваюць сапраўднае і несапраўднае Н. Пры сапраўдным Н. паўд.-слав. (або чэш. і славацкім) злучэнням тыпу trat, tlat, trĕt, tlĕt адпавядаюць адпаведныя ўсх.-слав. злучэнні torot, tolot, teret (гл.Поўнагалоссе); сербскае «град» — бел. «горад» (з адлюстраваннем акання). Пры несапраўдным Н. корань выглядае няпоўнагалосным, але не паходзіць з праслав. злучэнняў: балг. «брат» — бел. «брат». Словы з сапраўдным Н. распаўсюдзіліся ў інш.слав.мовы з паўд.-слав. моў (найперш са стараслав.): бел. «прах», рус. «гражданин» і інш.; у бел. мове іх значна менш, чым у рускай.