ЧЭ́РЫКАЎСКІ РАЁН.

Размешчаны на У Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 16.9.1959, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1 тыс. км². Нас. 17,1 тыс. чал. (2003), гарадскога 49,7%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Чэрыкаў. Раён уключае 96 сельскіх нас. пунктаў, 5 сельсаветаў: Вепрынскі, Верамейкаўскі, Рэчыцкі, Сормаўскі, Язёрскі. Раён значна пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, уся яго тэр. забруджана радыенуклідамі, пераважна 1—15 Ku/км², на асобных участках да 40 Ku/км² і больш.

Тэр. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны і Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, на Пд — плоскія або дробнаўзгорыстыя ўчасткі; 57% яе на выш. 150—170 м, 30% ніжэй за 150 м і 13% вышэй за 170 м. Найвыш. пункт 189 м (каля в. Новая Беліца). Агульны нахіл паверхні з ПнУ на ПдЗ. Карысныя выкапні: мел, мергель, гліна цэментавая, буд. пяскі, гліны і суглінкі цагельныя, торф. Сярэдняя т-ра студз. -7,9 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 633 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. р. Сож (перасякае раён з ПнУ на ПдЗ) з прытокамі Волчас з Яленкай, Вудага з Малой Вудажкай і Казлом, Лобчанка, Сянна з Рэктай і Домашняй. Азёры: Язёрскае, Галоўчыцкае, Рэчыцкае, Камароўскае. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (25%), поймавыя (10,9%) і інш. Лясы займаюць 45,8% плошчы, пашыраны ўсюды, але найб. лясістасць на Пд. Пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, дубовыя лясы; трапляюцца ясянёвыя. Штучныя насаджэнні (16,4%) пераважна хваёвыя. Пад балотамі 1,9% тэрыторыі. На тэр. раёна помнікі прыроды рэсп. значэння: дуброва ў Вепрынскім лясніцтве, агаленне «Чэрыкаў» у г. Чэрыкаў.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 39 тыс. га, з іх асушаных 7,5 тыс. га. На 1.7.2003 у раёне 6 с.-г. вытв. кааператываў, 5 дзяржгасаў, 7 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, конегадоўлі, вырошчванні збожжавых (жыта, пшаніца, трыцікале, ячмень, авёс), кармавых (кукуруза, караняплоды, аднагадовыя і шматгадовыя травы) і тэхн. (рапс) культур, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (цэльнамалочныя прадукты, сыр, казеін тэхн., плодаагароднінныя, таматныя і фруктовыя кансервы, мінер. вада «Сож» і інш.), каап. (хлебабулачныя, кандытарскія, каўбасныя і рыбныя вырабы, штучны мёд), дрэваапр. (піламатэрыялы); лясгас (драўніна, піламатэрыялы). Па тэр. раёна праходзяць: чыгунка Магілёў—Крычаў, аўтадарогі Івацэвічы—граніца Рас. Федэрацыі, Магілёў—Чэрыкаў, Чэрыкаў—Краснаполле і інш. У раёне 9 сярэдніх (у т. л. 1 комплекс школа-сад), 1 базавая, 1 пач., 1 вячэрняя агульнаадук. школа, кулінарнае ПТВ, вучэбна-вытв. камбінат, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, цэнтралізаваная дзіцячая школа мастацтваў і 2 яе філіялы, спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімп. рэзерву, дзіцячы дом змешанага тыпу «Пралеска», база юных турыстаў, 12 дашкольных устаноў, 19 клубаў і дамоў культуры, 16 б-к, 1 бальніца, 1 паліклініка, 2 амбулаторыі, 11 фельч.-ак. пунктаў. Чэрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, нар. краязнаўчы музей у сярэдняй школе в. Верамейкі. Помнікі архітэктуры: паркі ў в. Верамейкі (2-я пал. 19 ст.) і в. Юдаўка (пач. 20 ст.), паштовая станцыя (19 ст.) у в. Сакалоўка. Выдаецца газ. «Заклік Ільіча».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Чэрыкаўскага р-на. Мн., 1994.

Р.​Р.​Паўлавец, Н.​М.​Трыфаненка.

т. 17, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАБЛЕМЫ ЭНЕРГЕТЫКІ

Даследаванні па энергетыцы на Беларусі пачаліся ў пасляваенны час, калі інтэнсіўны працэс індустрыялізацыі краіны запатрабаваў шматразовага павелічэння спажывання паліўна-энергет. рэсурсаў. У створаным (1950) Энергет. сектары і Ін-це торфу АН Беларусі праводзіліся работы па тэхналогіях здабычы і спальвання фрэзернага торфу ў энергаўстаноўках, у Ін-це геал. даследаванняў — па выяўленні на тэр. Беларусі радовішчаў нафты і газу, гідрарэсурсаў. У АН Беларусі былі ўтвораны ін-ты энергетыкі (1952, з 1963 — цепла- і масаабмену), ядз. энергетыкі (1965), праблем энергетыкі (1991).

У наш час даследаванні ў гэтай галіне праводзяцца ў Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» (АІЭЯД), Ін-це цепла- і масаабмену (ІЦМА), Ін-це энергетыкі аграпрамысл. комплексу Нац. АН Беларусі, галіновых ін-тах — Бел. цеплаэнергетычным ін-це (БелЦЭІ), Бел. н.-д. і праектным ін-це энергетыкі прам-сці, Белэнергасеткапраект; БДУ, Бел. нац. тэхн. ун-це, Бел. тэхнал. ун-це і інш. ВНУ краіны.

У галіне энергапланавання распрацаваны (АІЭЯД, ІЦМА, БелЦЭІ) і ўхвалены СМ Рэспублікі Беларусь: Энергет. праграма (1992), Асн. кірункі энергет. палітыкі Беларусі (1995, удакладнены ў 2000 і 2004), Рэсп. праграмы «Энергазберажэнне» 1995—2000, 2001—05 (Ф.​І.​Малочка, А.​Р.​Мартыненка, А.​А.​Міхалевіч, А.​П.​Якушаў і інш.). У галіне стварэння новых энергатэхналогій распрацаваны і ўкаранёны (больш за 200 адзінак) высокаэфектыўныя аўтаматызаваныя катлы магутнасцю ад 0,25 да 3 МВт для лакальнага энергазабеспячэння (В.​А.​Барадуля, С.​М.​Добкін); аэрадынамічны завіхральнік градзірань электрастанцый, што ўстаноўлены на Мінскай ТЭЦ-4 (А.​Д.​Саладухін); інфрачырвоныя гарэлкі для катлоў і электранагравальных прылад (С.​А.​Жданок). Распрацавана метадалогія кіравання патокамі актыўнай магутнасці ў замкнёных эл. сетках Бел. энергасістэмы (Я.​В.​Мышкавец, У.​Р.​Пякеліс). У галіне энергазберажэння ў АІЭЯД створаны ўстаноўкі для утылізацыі цяпла і ачысткі ад шкодных прымесей скідных высокатэмпературных газаў прадпрыемстваў хім., шкляной, хлебапякарнай прам-сці, што ўкаранёны на ВА «Палімір» (г. Наваполацк), Лідскім з-дзе «Лакафарба», Барысаўскім хрусталёвым з-дзе, Гомельскім хлебакамбінаце і інш. (Л.​І.​Калыхан, Ю.​У.​Клімянкоў, В.​Л.​Малевіч); аўтаматызаваныя сістэмы праменнага лакальнага абагравання для бальніц і прамысл. прадпрыемстваў (В.​П.​Колас і інш.). У БелЦЭІ распрацавана і ўкаранёна на шэрагу аб’ектаў сістэма комплекснай аўтаматызацыі энергаўліку на кацельных і прамысл. прадпрыемствах (А.​Л.​Гуртоўцаў). Створана першая ў свеце ветраўстаноўка ротарнага тыпу магутнасцю 250 кВт (П.​А.​Віцязь, У.​А.​Пашкоў і інш.), даследаваны магчымасці выкарыстання сонечнай энергіі для награвання вады (Ю.​Дз.​Ільюхін, У.​Л.​Драгун, С.​У.​Конеў, В.​В.​Кузьміч, Л.​У.​Новаш), зроблена ацэнка геатэрмальнага патэнцыялу краіны (Я.​Г.​Грыбік, У.​І.​Зуй). У галіне метралогіі ўпершыню на Беларусі створаны (АІЭЯД) Нац. эталон вымярэння колькасці цеплаты і расходу вады (Л.​І.​Калыхан, Ю.​У.​Клімянкоў, В.​А.​Некрашэвіч). У галіне ядз. энергетыкі выкананы комплекс работ па абгрунтаванні развіцця гэтага кірунку на Беларусі.

Літ.:

Наука — энергетике: Сб. науч. трудов. [Вып. 1—2]. Мн., 1999—2001;

Аграрная энергетика в ХХІ-м в. Мн., 2001;

Михалевич А.А. Энергетика и энергосбережение // Наука — народному хозяйству. Мн., 2002.

А.​А.​Міхалевіч.

Ветраэнергетычная ўстаноўка ротарнага тыпу магутнасцю 250 кВт.

т. 18, кн. 2, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРКІ

Як састаўная частка адзінага сац.-культ. комплексу Беларусі, як асн. элементы азелянення і садова-паркавага мастацтва, паркі ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры. Яны прызначаны для арганізацыі вольнага часу, задавальнення культ.-пазнавальных патрэбнасцей і інтарэсаў людзей праз стварэнне на сваёй тэр. спрыяльных умоў для адпачынку, распаўсюджвання і папулярызацыі культ. каштоўнасцей і ведаў аб прыродзе, фарміравання беражлівых і гуманных адносін да навакольнага асяроддзя. Усе паркі адкрытыя для публічнага наведвання.

Найб. старадаўнія на Беларусі паркі, што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Адрозніваюць паркі рэгулярныя, пейзажныя, мемарыяльныя, паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады і інш. Для рэгулярных паркаў характэрны строгая геам. планіроўка і радковая пасадка дрэў, падпарадкаваная гал. кампазіцыйнай восі; наяўнасць баскетаў, шырокіх партэраў з кветкавымі газонамі, басейнаў, каналаў, фантанаў, часам — стараж. палаца (замка), ад якога разыходзяцца прамыя алеі Да ліку лепшых узораў такіх паркаў належаць Бачэйкаўскі парк, закладзены ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.), Дубайскі парк, створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай (Пінскі р-н Брэсцкай вобл.), у в. Вялікае Мажэйкава (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.), у в. Забалацце (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.) і інш.

У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя паркі з уласцівай для іх свабоднай планіроўкай, маляўнічым размяшчэннем кампазіцыйных элементаў, што імітуюць прыродны ландшафт, невялікія збудаванні ў выглядзе гатычнага сабора, замка, грота, розныя віды малых форм архітэктуры, і інш. Адзін з паркаў такога тыпу закладзены ў 1879 на тэр. Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу (засн. ў 1583 кн. М.​К.​Радзівілам Сіроткам). Яго агульная плошча каля 100 га. На правабярэжнай частцы парку (падзелены р. Уша) знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары, т.зв. англійскі парк з японскім садам; у левабярэжнай частцы — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. У парку ўстаноўлены бюсты кн. Юрыя Нясвіжскага, італьян. арх. Дж.​М.​Бернардоні, пісьменнікаў У.​Сыракомлі, Я.​Коласа, картографа Т.​Макоўскага, 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria Victoria» і інш. Пасля рэканструкцыі ў 1991 водна-паркавай сістэмы Нясвіжа адноўлены 5 пейзажных паркаў, у т. л. парк «Альба». Найб. захаваным на Беларусі пейзажным паркам з элементамі рамантызму з’яўляецца парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, заснаванага ў 2-й пал. 18 ст. на правым беразе р. Сож (даўж. 800 м, пл. 25 га). У ім знаходзіцца пладовы сад з багатай аранжарэяй («Зімовы сад»), ставок «Лебядзінае возера», вял. і мал. гроты, Верхні і Ніжні масты, памятныя камяні, больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод; устаноўлены конная статуя кн. І.​Панятоўскага, 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29), манумент кн. I Ф.​Паскевіча ў адзенні рымскага палкаводца, дэкаратыўныя мармуровыя скульптуры і інш. Да тыпу пейзажных паркаў адносяцца Савейкаўскі парк (Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл.), паркі Жыліцкага (Кіраўскі р-н Магілёўскай вобл.), Лагойскага. Валожынскага палацава-паркавых ансамбляў і інш.

Мемарыяльныя паркі часцей ствараюцца ў гонар выдатных дзеячаў навукі і культуры, нац. герояў (напр., парк імя Я.​Купалы ў Мінску), або прысвячаюцца значным гіст. падзеям ці юбілеям (напр., парк Перамогі ў Мінску). Большасць такога тыпу паркаў з’яўляюцца часткай сядзібна-паркавых ансамбляў. Да нашага часу на Беларусі захаваліся 175 мемарыяльных сядзіб з рэшткамі паркаў. У іх ліку рэшткі парку ў родавым маёнтку Касцюшкаў Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.), закладзенага ў канцы 17 ст., у гар. сядзібе Ваньковічаў (Мінск), дзе з 1824 жыў і працаваў мастак-рамантык Валенцій Ваньковіч, бывалі Я.​Дамель, С.​Манюшка, У.​Сыракомля, В.​Дунін-Марцінкевіч. У Брэсцкім р-не захаваліся мемарыяльныя сядзібы Лышчыцы (радзіма К.​Лышчынскага) і Скокі (радзіма Ю.​Нямцэвіча). У Баранавіцкім р-не 9 такіх сядзіб, у т. л. музей-сядзіба А.​Міцкевіча «Завоссе» і сядзіба ў Ясянцах — радавым маёнтку апошняга канцлера ВКЛ Я.​Храптовіча. У 2004 у в. Ракаў Мінскага р-на адкрылася сядзіба-музей, звязаная з імёнамі Ф.​Багушэвіча, А.​Міцкевіча і М.​К.​Агінскага; тут экспануюцца мэбля і адзенне 18—19 ст., муз. інструменты, фрагменты слуцкіх паясоў і інш. У 19 ст. склаўся новы тып парку — гарадскі с а д (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). Самы старадаўні такі парк — Цэнтр. дзіцячы парк імя М.​Горкага (былы Губернатарскі сад; пл. 30 га), у якім дзейнічаюць разнастайныя атракцыёны, планетарый, крыты каток, летняя эстрада. У 1920-я г. пачалі стварацца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя, спартыўныя, заалагічныя і інш.

У 2002 на Беларусі дзейнічалі 24 паркі культуры і адпачынку, у т. л. ў Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абл. — па 4, у Гомельскай вобл. і г. Мінск — па 3, Магілёўскай вобл. — 1 і Мінскай вобл. — 5. Дзейнічаюць 4 заапаркі (Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск). Найб. паркі культуры і адпачынку ў Гомелі (280 га, з філіяламі), Віцебску (190 га), Гродне (92 га), Кобрыне (60 га), Брэсце (40 га). У Мінску працуюць парк культуры і адпачынку імя Чэлюскінцаў (50 га) і імя 50-годдзя Кастрычніка (110 га), а таксама парк Я.​Купалы і парк Перамогі (у раёне Камсамольскага возера). У парках культуры і адпачынку праводзяцца тэатралізаваныя канцэрты, выстаўкі, нар. святы, творчыя конкурсы, гульнёва-забаўляльныя праграмы, дыскатэкі, танцавальныя вечары, спарт. мерапрыемствы. У 2002 у іх дзейнічала 14 гурткоў маст. самадзейнасці, 16 спарт. гурткоў і 8 дзіцячых аб’яднанняў. У 2003 у Мінску адкрыты адзіны ў Беларусі сучасны парк забаў «Dream Land» (Краіна мары), у якім дзейнічаюць разнастайныя італьян. атракцыёны (экстрэмальныя, сямейныя, дзіцячыя), лічбавая фотастудыя і інш.

Паркавая прастора выкарыстоўваецца і як месца актыўных зносін людзей з прыродай, чаму садзейнічае стварэнне ў іх рэкрэацыйна-аздараўленчых зон і аб’ектаў, спрыяльных умоў для фіз. і маральна-псіхал. адпачынку і аднаўлення сіл чалавека. Першы батанічны сад на Беларусі засн. Ж.​Э.​Жыліберам у Гродне на месцы старога гарадзішча; у 1778 у садзе было больш за 2000 відаў экзотаў (большасць экзатычных насаджэнняў у 1781 перанесена ў Віленскі батанічны сад, цяпер на яго месцы гар. парк культуры і адпачынку). У пач. 20 ст. існаваў (да 1924) Вялікалятчанскі батанічны сад каля Віцебска. Працуюць батанічныя сады БСГА (з 1847), Віцебскага ун-та (закладзены ў 1919), БДУ (арганізаваны ў 1933), Бел. тэхнал. ун-та (арганізаваны ў 1969). У Цэнтр. батанічным садзе Нац. АН Беларусі (створаны ў 1932, пл. больш за 80 га) сабрана больш за 9 тыс. відаў раслін. У яго экспазіцыі: дэндрарый з сектарамі Беларусі, Д.​Усходу, Усх. Азіі, Паўн, Амерыкі, Еўропы, Сібіры, Каўказа, Сярэдняй Азіі, альпінарый, ружоўнік, цюльпаннік, вяргіннік, бэзавы сад, сад бесперапыннага цвіцення, ландшафтны. З 1985 у Мінску дзейнічае парк камянёў — геалагічны музей пад адкрытым небам. У ім больш за 2 тыс. экспанатаў, пл. экспазіцыі 6,5 га, з іх 4,5 га займае рэльефная мадэль геагр. карты Беларусі. Парк з’яўляецца эксперыментальнай базай Ін-та геалагічных навук Нац. АН Беларусі па вывучэнні ледавіковых валуноў, вырашэнні шэрагу актуальных праблем геалогіі, а таксама своеасаблівым сродкам папулярызацыі і пашырэння прыродазнаўчых і гісторыка-краязнаўчых ведаў.

Літ.:

Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1974;

Яго ж. Старинные усадьбы Минского края. Мн., 2000;

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989;

Смолік А.І. Культура Беларусі XI—XIX стст.: Навук. давед. Мн., 1998;

Каштоўнасці мінуўшчыны, 5: Рэстаўрацыя і выкарыстанне помнікау гісторыі і культуры: Матэрыялы канф., Мінск, 17 крас. 2001 г. Мн., 2001.

С.​Ф.​Дубянецкі, Э.​С.​Дубянецкі.

Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.
Сноўскі палацава-паркавы ансамбль.
Мірскі садова-паркавы комплекс.
У парку камянёў.
Фрагмент парку Я.​Купалы ў Мінску.
У Гродзенскім заалагічным парку.

т. 18, кн. 2, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХОВА ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ

Ахова гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ўключае: навукова-даследчую работу па выяўленні, вывучэнні, класіфікацыі, публікацыі і папулярызацыі найб. адметных матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяў чалавечай творчасці; арганізацыю ўліку аб’ектаў спадчыны (надання ім статусу гісторыка-культ. каштоўнасці, вядзенне Дзярж. спісу гісторыка-культ. каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і фарміраванне Банка звестак аб гісторыка-культ. спадчыне, аднесеных да катэгорыі інфарм. рэсурсаў дзярж. значэння); падрыхтоўку і ўдасканаленне заканадаўчых актаў, што рэгламентуюць парадак распрацоўкі і зацвярджэння навукова-праектнай дакументацыі, выкананне вытв. мерапрыемстваў, зберажэнне і выкарыстанне каштоўнасцей, кантроль за выкананнем заканадаўства па ахове гісторыка-культ. спадчыны.

Адным з першых актаў у сферы аховы гіст. спадчыны ў БССР была пастанова ЦВК ад 24.12.1923 «Аб рэгістрацыі, узяцці на ўлік і ахове помнікаў мастацтва, даўніны і прыроды, якія знаходзяцца ва ўласнасці ўстаноў, таварыстваў і прыватных асоб», якая забараняла вываз помнікаў культуры за мяжу, перадачу іх інш. асобам; перамяшчэнне аб’ектаў спадчыны павінна было ўзгадняцца з навукова-экспертнай камісіяй, створанай Наркаматам асветы БССР. У адпаведнасці з пастановай СНК БССР ад 5.7.1926 шэраг помнікаў мастацтва, архітэктуры, быту і прыроды былі нацыяналізаваны. Абавязкі па ахове помнікаў культуры ўскладаліся на акруговыя, раённыя, гар. і сельскія Саветы.

На працягу 1920—30-х г. органы аховы помнікаў неаднаразова рэарганізоўваліся. У 2-й пал. 1940-х г. гэтыя функцыі аднесены да кампетэнцыі К-та па справах архітэктуры пры СНК СССР і адпаведных органаў дзярж. кіравання саюзных рэспублік. У выніку ўдасканалення сістэмы ўліку помнікаў з канца 1940-х г. ў Беларусі, як і ва ўсім СССР, аб’екты гіст. спадчыны падзяляліся на помнікі саюзнага, рэсп. і мясц. значэння. Да канца 1960-х г пытанні іх аховы ў Беларусі рэгуляваліся нарматыўнымі актамі ўрада або паўнамоцных органаў дзярж. кіравання. У 1960-я г. ў саюзных рэспубліках утвораны добраахвотныя т-вы аховы помнікаў гісторыі і культуры. У Беларусі дзейнасць адпаведнай грамадскай арг-цыі была скіравана пераважна на ўшанаванне памяці абаронцаў Айчыны ў Вял. Айч. вайну. Яна займалася таксама фінансаваннем работ па рэстаўрацыі Сафійскага сабора ў Полацку, падрыхтоўкай праектнай дакументацыі на рэстаўрацыю Мірскага замка і інш. аб’ектаў спадчыны.

У 1969 Вярх. Савет Беларусі прыняў закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», у 1992 — закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны». У наш час дзярж. палітыка ў галіне ўліку і аховы гісторыка-культ. спадчыны вызначаецца Нац. сходам Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляецца Саветам Міністраў, Мін-вам культуры Рэспублікі Беларусь і яго прадстаўнікамі ў мясц. выканаўчых і распарадчых органах. Гэтыя функцыі ўскладзены на ўпраўленні культуры абласных і Мінскага гар. выканаўчых к-таў, аддзелы культуры раённых і гар. выканкомаў. Выпрацоўку навукова-метадычнай палітыкі ў галіне ўліку, аховы, зберажэння, выкарыстання і аднаўлення гісторыка-культ. спадчыны ажыццяўляе Бел. рэсп. навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культ. спадчыны пры Мін-ве культуры.

Закон забараняе дзейнасць, што стварае пагрозу пагаршэння стану або знікнення нерухомых матэрыяльных каштоўнасцей, абмяжоўвае або забараняе дзейнасць, у выніку якой ствараецца пагроза існаванню ці тэхн. стану каштоўнасцей. Усе віды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных каштоўнасцей могуць праводзіцца толькі з пісьмовага дазволу Мін-ва культуры. Асн. правы ўласнікаў каштоўнасцей рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і адпаведнымі артыкуламі закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (1992). Фінансаванне аховы і зберажэння гісторыка-культ. спадчыны ажыццяўляецца за кошт дзярж. выдаткаў, сродкаў уласнікаў ці карыстальнікаў каштоўнасцей, а таксама сродкаў, што спаганяюцца з парушальнікаў рэжыму захоўвання каштоўнасцей і патрабаванняў закона. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помніка (каштоўнасці) прыцягваюцца да адм. або крымінальнай адказнасці.

У 1996 у Беларусі было зафіксавана каля 16 тыс. аб’ектаў, якія валодаюць прыкметамі гісторыка-культ. каштоўнасцей. Яны былі ўключаны ў Дзярж. спіс помнікаў гісторыі і культуры рэсп. значэння, спісы помнікаў мясц. значэння і «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (выдадзены ў 1984—88 у 8 кнігах), які паводле пастановы ўрада меў статус афіц. дакумента па ахове спадчыны. У наш час дзеючым заканадаўствам прадугледжана фарміраванне новага Дзярж. спіса гісторыка-культ. каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. На 1.5.2004 у яго ўключаны 4813 аб’ектаў, з іх 51 адносіцца да катэгорыі духоўных каштоўнасцей (пераважна стараж. гербы бел. гарадоў), 59 з’яўляюцца рухомымі каштоўнасцямі (скарбы, калекцыі посуду, царк. інвентару, абразы, карціны, кнігі; складаюцца з больш як 6 тыс. прадметаў); 1655 аб’ектаў архітэктуры і горадабудаўніцтва, 1788 аб’ектаў археалогіі, 303 помнікі мастацтва, 1067 помнікаў абаронцам Айчыны, памятных мясцін, звязаных са знакавымі асобамі і гіст. падзеямі.

Для кожнага асобнага аб’екта, групы ці комплексу каштоўнасцей, гіст. цэнтра горада ўстанаўліваецца ахоўная зона. Кансервацыю і рэстаўрацыю гісторыка-культ. каштоўнасцей, выяўл. і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва праводзіць любая юрыд. або фіз. асоба, што валодае вызначанай кваліфікацыяй і мае адпаведны дазвол на правядзенне работ. Са сродкаў рэсп. бюджэту ажыццяўляецца фінансаванне мерапрыемстваў па развіцці прававой базы аховы спадчыны і рэстаўрацыі, дзейнасці па фарміраванні Банка звестак аб гісторыка-культ. спадчыне Рэспублікі Беларусь, рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ найб. знакавых матэрыяльных каштоўнасцей, напр., замкавы комплекс «Мір», палацава-паркавы ансамбль у г. Нясвіж, будынак Нац. акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і інш. Пры выкананні рэстаўрацыйных работ выкарыстоўваюцца і сродкі мясц. бюджэтаў, якія накіроўваюцца на выкананне розных мерапрыемстваў па зберажэнні забудовы аб’ектаў спадчыны, што знаходзіцца ў камунальнай уласнасці. У 1991 створана рэсп. спецыялізаваная навук. арг-цыя — Дзярж. гісторыка-культ. экспедыцыя па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). Дзейнічаюць і грамадскія аб’яднанні: Бел. добраахвотнае т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел. фонд культуры, Бел. к-т міжнар. рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС) і інш.

На міжнар. узроўні пытанні аховы спадчыны рэгулююцца дакументамі, распрацаванымі ЮНЕСКА. Беларусь ратыфікавала 3 канвенцыі ЮНЕСКА, што разглядаюць пытанні аховы помнікаў культуры ў выпадку ўзбр. канфліктаў (1954), забароны незаконнага вывазу каштоўнасцей (1964), аховы аб’ектаў сусв. культ. і прыроднай спадчыны (1972). У адпаведнасці з апошнім дакументам фарміруецца Спіс сусв. культ. і прыроднай спадчыны, у які ўключаны Белавежская пушча і замкавы комплекс «Мір». Сярод інш. дакументаў, прынятых ЮНЕСКА, асаблівае значэнне для Беларусі маюць рэкамендацыі, скіраваныя на рэгламентацыю археал. даследаванняў, у т. л. падводнай археалогіі (1954), эфектыўных мер забеспячэння агульнадаступнасці музеяў (1960), захаванне адметнасці краявідаў (1962), аховы рухомых каштоўнасцей (1978) і інш. Актыўную пазіцыю ў справе захавання спадчыны, даследавання культ. каштоўнасцей, падрыхтоўкі спецыялістаў займаюць няўрадавыя арг-цыі ІКАМОС, Міжнар. рада музеяў (ІКОМ), міжнар. даследчы цэнтр захавання і рэстаўрацыі культ. набытку (ІККРОМ). Гэтыя арганізацыі падрыхтавалі шэраг метадычных дакументаў па ахове спадчыны, якія істотна дапаўняюць нормы нац. заканадаўства. У дзейнасці, скіраванай на зберажэнне гісторыка-культ. каштоўнасцей, спецыялісты карыстаюцца «Міжнароднай хартыяй захавання і рэстаўрацыі помнікаў і мясцін» (Венецыя, 1964), «Міжнароднай хартыяй зберажэння гістарычных садоў» (Фларэнцыя, 1982), «Міжнароднай хартыяй захавання гістарычных гарадоў і гарадскіх абшараў» (Вашынгтон, 1987), «Міжнароднай хартыяй кіравання археалагічнай спадчынай» (1990), Нарскім дакументам аб аўтэнтычнасці (1994). Рыжская хартыя (2000), якая датычыць правядзення рэканструкцыі гіст. аб’ектаў, распрацоўвалася пры актыўным удзеле бел. спецыялістаў.

Літ.:

Советское законодательство о памятниках истории и культуры: Сб. док. и материалов (1917—1972 гг.). Мн., 1972;

Конвенции и рекомендации ЮНЕСКО по охране культурного наследия. Мн., 2000;

Мартыненко И.Э. Законодательство об охране историко-культурного наследия и прокурорский надзор за его исполнением. Мн., 2001;

Несцярчук Л.М. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Мн., 2003.

І.​М.​Чарняўскі.

т. 18, кн. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМЛЬ МАСКО́ЎСКІ,

старажытная частка, гал. грамадска-паліт. і гіст.-маст. комплекс цэнтра Масквы; месцазнаходжанне вышэйшых органаў дзярж. улады Рас. Федэрацыі. Былая рэзідэнцыя маск. вял. князёў (з 14 ст.), цароў (з сярэдзіны 16 ст.), імператараў (месца каранацый і інш. урачыстасцей, з пач. 18 ст.), сав. ўрада (з сак. 1918), з 1991 рэзідэнцыя прэзідэнта Рас. Федэрацыі.

Узнік на Баравіцкім узгорку на левым беразе р. Масква пры ўпадзенні ў яе р. Няглінная. Першапачаткова на тэр. К.М. было паселішча дзякоўскай культуры, не пазней канца 11 ст. тут узнікла ўмацаванае паселішча славян-вяцічаў. У 1156 паводле загаду кн. Ю.​Далгарукага ўзведзены новыя ўмацаванні. У 1339—40 пабудаваны дубовыя сцены і вежы. Пры Дзмітрыю Данскім у 1367 значна пашыраны, сцены і вежы пабудаваны з белага каменю (адсюль выраз «Масква-белакаменная»), у 1485—95 — з цэглы. У 17 ст. вежы набылі ярусныя і шатровыя завяршэнні.

Сучасны К.М. ў плане — няправільны трохвугольнік (пл. 27,5 га), абнесены цаглянымі сценамі (даўж. 2.25 км, таўшчыня 3,5—6,5 м, выш. 5—19 м) з 20 вежамі, у т. л. 6 праезных, гал. — Спаская з гадзіннікам (т.зв. крамлёўскімі курантамі). У цэнтры — Саборная пл. з Успенскім саборам (1475—79, арх. А.​Фіяраванці; размалёўкі 15—16 і 17 ст., Дыянісій, І. і Б. Паісеіны і інш.; калекцыя абразоў 11—17 ст.). Сярод інш. помнікаў стараж.-рус. архітэктуры: саборы Благавешчанскі (1484—89, пскоўскія дойліды, дабудаваны ў 1562—64; іканастас са старога сабора, 1405, з абразамі Андрэя Рублёва, Феафана Грэка, Прохара з Гарадца, размалёўкі 1508, Феадосій і інш.), Архангельскі (1505—08, арх. Алевіз Фразін Новы; размалёўкі 1652—66, майстры Я.​Т.​Казанец, С.​Г.​Разанец, І.​Уладзіміраў і інш.); Гранавітая палата (1487—91), званіца «Іван Вялікі» (3 ярусы 1505—08, арх. Бон-Фразін; у 1600 надбудавана да 81 м, шатровыя прыбудовы 1635); Церамны палац (1635—36, арх. А.​Канстанцінаў, Б.​Агурцоў, Л.​М.​Ушакоў, Т.​Шаруцін) і інш. У 18—19 ст. узведзены будынкі Арсенала (1702—36, арх. Дз.​Іваноў, Х.​Конрад; барока), Сената (1776—87, арх. М.​Ф.​Казакоў; класіцызм), Вял. Крамлёўскі палац (1839—49, арх. К.​А.​Тон і інш.) і Аружэйная палата [цяпер музей; 1844—51, арх. Тон; сярод майстроў выхадцы з Беларусі П.​Абросімаў, Арсеній, С.​Палубес (Іваноў) і інш.; у рус.-візант. стылі]. Пабудовы 20 ст.: Крамлёўскі т-р (1932—34, арх. І.​І.​Рэрберг, рэканструкцыя інтэр’ераў 1958, А.​Ф.​Хракаў, Л.​Б.​Сегал), Палац з’ездаў (цяпер Дзярж. Крамлёўскі палац; 1959—61, арх. М.​В.​Пасохін, А.​А.​Мндаянц, Я.​М.​Стама, П.​П.​Штэлер і інш.; Ленінская прэмія 1962). На тэр. К.М. помнікі рус. ліцейнай справы Цар-гармата (1586, майстар А.​Чохаў) і Цар-звон (1733—35, майстры І.Ф. і М.​І.​Маторыны); створаны музеі. У 1920—30 знесены многія помнікі архітэктуры, у т. л. сабор Спаса на Бары (1330), ансамблі манастыроў Чудава з саборам (1503) і Вазнясенскага з Кацярыненскай царквой (1808—17), Малы Мікалаеўскі палац (з 1775) і інш. К.М. з ансамблем Краснай плошчы ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Древности Московского Кремля. М., 1971;

Иванов В. Московский Кремль. М., 1971.

Крэмль Маскоўскі.
Успенскі сабор Крамля Маскоўскага.
Благавешчанскі сабор Крамля Маскоўскага.

т. 8, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ КАРБЮЗЬЕ́, Карбюзье

[Le Corbusier Corbusier; сапр. Жанерэ-Гры (Jeanneret-Gris) Шарль Эдуар; 6.10.1887, г. Ла-Шо-дэ-Фон, Швейцарыя — 27.8.1965],

французскі архітэктар, тэарэтык архітэктуры, жывапісец, дызайнер; адзін са стваральнікаў сучасных кірункаў у архітэктуры (рацыяналізму, функцыяналізму). Вучыўся ў Школе мастацтваў Ла-Шо-дэ-Фона; вучыўся і працаваў у арх. І.​Гофмана ў Вене (1907), А.​Перэ ў Парыжы (1908—10) і П.​Берэнса ў Берліне (1910—11). З 1917 жыў у Парыжы. Распрацаваў з А.​Азанфанам у жывапісе канцэпцыю пурызму. У 1922 заснаваў арх. майстэрню і да 1940 працаваў разам з братам П.​Жанерэ. Выступаў за абнаўленне архітэктуры, вызваленне пабудоў ад эклектычных упрыгожанняў, стварэнне функцыян. структуры пабудовы і яе архітэктанічнай выразнасці, падкрэсліваў вял. магчымасці архітэктуры ў пераўтварэнні грамадства (кнігі «Да архітэктуры», 1923; «Горадабудаўніцтва», 1925, і інш.). У ранніх творах імкнуўся да стварэння суладдзя пабудовы і наваколля, распрацоўваў метады індустр. буд-ва: жылы дом «Сітраэн» (1922), комплекс асабнякоў у Парыжы (1923—24; з 1970 ін-т Ле К.), віла Савой у Пуасі каля Парыжа (1929—31). Распрацаваў «пяць зыходных пунктаў сучаснай архітэктуры»: будынак на апорах-слупах, плоскі дах-сад, адвольная ўнутр. планіроўка, суцэльнае стужачнае акно, нясучая фасадная сцяна. У праектах 1920—30-х г. развіваў ідэю «вертыкальнага» горада-сада з вял. шчыльнасцю насельніцтва, вежападобнымі будынкамі і вял. азелянёнымі прасторамі паміж імі, з падзелам шляхоў руху пешаходаў і транспарту, зон жылля, дзелавой актыўнасці і прам-сці: праект горада на 3 млн. жыхароў (1922), планы «Вуазен» (планы рэканструкцыі Парыжа, Буэнас-Айрэса, Алжыра, Антверпена і інш.). Шэраг яго тэарэт. ідэй, рэалізаваныя пры ўзвядзенні вял. збудаванняў канца 1920—30-х г. (дом Цэнтрасаюза ў Маскве, 1928—35, з удзелам М.​Дж.​Колі; інтэрнаты швейц. студэнтаў ва універсітэцкім гарадку, 1930—32; цэнтр Арміі выратавання, 1932—33; абодва ў Парыжы і інш.), ляглі ў аснову «Афінскай хартыі» (прынята ў 1933 Міжнар. кангрэсам сучаснай архітэктуры) і выкладзены ў яго кнігах «Прамяністы горад» (1935), «Тры вызначэнні чалавека» (1945). У 1940-я г. стварыў сістэму рацыянальных велічынь, заснаваную на прапорцыях чалавечага цела (мадулёр), якую прапанаваў як шкалу зыходных памераў для буд-ва і маст. канструявання. Пабудовам 1950—60-х г. уласцівы магутная і тонка нюансіраваная пластыка, выразная архітэктоніка форм і мас, кантрастнасць святлоценявых, колеравых і фактурных эфектаў, выкарыстанне тыпавых зборных і арыгінальных элементаў і канструкцый, спалучэнне розных матэрыялаў, сакавітая паліхромія: жылы дом у Марселі (1947—52), капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане (1950—53), манастыр Ла-Турэт у Эвё каля Ліёна (1956—59) — усе ў Францыі, Нац. музей зах. мастацтва ў Токіо (1957—59), Цэнтр мастацтваў Гарвардскага ун-та ў Кембрыджы (ЗША; 1964), бальніца ў Венецыі (1965). Стварыў вял. цыкл работ у Індыі (1950—57): генплан горада і ансамбль урадавых будынкаў у Чандыгарху, музей і вілы ў Ахмадабадзе і інш. Паводле яго праекта ўзведзены «Цэнтр Ле Карбюзье» ў Цюрыху (Швейцарыя; 1967).

Тв.:

Рус. пер. — Планировка города. М., 1933;

Творческий путь. М., 1970;

Модулор. М., 1976;

Архитектура XX в. 2 изд. М., 1977.

Літ.:

Эрн И.В. Последние работы Ле Корбюзье. М., 1975;

Choay F. Le Corbusier. New York, 1960.

В.​Я.​Буйвал.

Ле Карбюзье.
Ле Карбюзье. Капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане. 1950—53.

т. 9, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ РАЁН.

Размешчаны на ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,9 тыс. км². Нас. 46,2 тыс. чал. (2000), гарадскога 41,1%. Сярэдняя шчыльн. 51 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Нясвіж. Уключае г.п. Гарадзея, 117 сельскіх нас. пунктаў, 13 сельсаветаў: Астроўскі, Гарадзейскі, Грыцкавіцкі, Казлоўскі, Карцэвіцкі, Ланскі, Ліпскі, Лявонавіцкі, Навасёлкаўскі, Нясвіжскі, Сейлавіцкі, Сноўскі, Юшавіцкі.

Паўн. частка тэр. раёна размешчана на Стаўбцоўскай раўніне, паўд. — у межах Капыльскай грады. Паверхня хвалістая, на Пд дробнаўзгорыстая, 63% яе на выш. 180—200 м, 30% — вышэй за 200 м. Найвыш. пункт 230 м (на Пд ад г. Нясвіж). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-ра студз. -6,2 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 195 сут. Найб. рэкі Уша са Сноўкай, Тур’я, Лань з Цапрой. На р. Уша маляўнічыя сажалкі. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (61,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,2%). Пад лесам 12% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, дубовыя, альховыя. Пад балотамі 596 га (0,6%) тэрыторыі. У раёне гідралагічны заказнік мясц. значэння Малеўскі; помнікі прыроды рэсп. значэння: хвоя крымская, звычайная і горная (насаджэнне) у Вінклераўскім лясніцтве, дуб пірамідальны ў в. Заазер’е, дуб у в. Казлы, лесапарк «Альба», 8 дубоў-волатаў, дуб і хвоя звычайная («Брат і сястра») у нясвіжскім лясніцтве, парк «Нясвіж»; помнікі прыроды мясц. значэння: паркі «Новая вёска» і «Сноў».

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 58,6 тыс. га (65%), з іх асушаных 14,1 тыс. га. На 1.1.2000 у раёне 12 калгасаў, 3 саўгасы, 3 фермерскія гаспадаркі, сортавыпрабавальная станцыя, дзяржплемпрадпрыемства, Бел. занальная доследная станцыя па цукр. бураках, рыбгас «Альба». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя і тэхн. культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (крухмал, макарона, цэльнамалочныя і хлебапрадукты; Гарадзейскі цукровы камбінат), пачатковай апрацоўкі лёну (ільновалакно, кастрапліта, валакно катанізаванае), паліўнай (торфабрыкет), швейнай, хіміка-фармацэўтычнай (лекавыя сродкі) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць электрыфікаваная чыгунка Мінск—Брэст, аўтамагістраль Брэст—Мінск. Цэнтр раёна аўтадарогамі звязаны з Баранавічамі, Капылём, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, Асіповічамі і інш. У раёне 19 сярэдніх (у т. л. гімназія, 2 сярэднія школы — дзіцячыя сады і 1 школа — вытворчы камбінат), 7 базавых (у т. л. базавая школа—дзіцячы сад), 3 пачатковыя, 2 маст., 2 муз. і спарт. школы, цэнтр пазашкольнай працы, вячэрняя школа, 22 дашкольныя ўстановы, дзіцячы дом сямейнага тыпу, раённы цэнтр культуры і адпачынку, 34 дамы культуры і клубы, 41 б-ка, 3 бальніцы, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты, санаторый «Нясвіж». Гісторыка-краязн. музей, музей-кватэра бел. мастака М.К.Сеўрука. Помнікі архітэктуры: царква Раства Багародзіцы (1844) у в. Астроўкі, сядзіба (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква са званіцай (канец 18 ст.) у в. Вялікая Ліпа, Свята-Крыжаўзвіжанская царква (18 ст.) у в. Вялікая Лысіца, сядзібна-паркавы комплекс «Завушша» (2-я пал. 18 ст. — пач. 20 ст.) у в. Завушша, царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Кунаса, Свята-Пакроўская царква з брамай-званіцай (1842) у в. Лань, Мікалаеўская царква (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Мацылёўшчына, Козьмадзям’янаўская царква (1836) і сядзібны дом (сярэдзіна 19 — пач. 20 ст.) у в. Новы Сноў, касцёл са званіцай (19 ст.) у в. Салтанаўшчына, касцёл (канец 18 ст.) і палацава-паркавы ансамбль (1827) у в. Сноў. Выдаецца газ. «Чырвоны сцяг».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 11, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІНАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі, развядзенне свіней на мяса, сала і інш. прадукты. Свініна — каштоўны харч. прадукт, са скуры свіней робяць абутак і інш. рэчы, з крыві — каўбасы, альбуміны, крывяную муку, са шчаціння — шчоткі і пэндзлі, з касцей — касцявую муку, кішкі ідуць у каўбасную вытв-сць і на выраб струн. Свінні рана дасягаюць палавой спеласці, ужо ў гадавым узросце могуць мець прыплод. Высокая пладавітасць (10—12 парасят за апарос) разам з кароткім эмбрыянальным перыядам даюць магчымасць атрымліваць ад кожнай свінаматкі да 2,5 т свініны ў жывой масе за год. Рэалізацыйнай жывой масы 100—120 кг свінні дасягаюць за 5—7 месяцаў пры сярэднясутачнай прывазе 600—300 г (а пры збалансаваных рацыёнах кармлення да 1000—1200 г) пры спажыванні на 1 кг прыбаўлення ў масе 3,5—4,5 кг у кармавых адзінках. Свінні маюць высокую забойную масу (да 75—85% ад жывой масы), у ёй да 52% мяса і да 32% падскурнага тлушчу. З мяса свіней гатуюць разнастайныя харч. прадукты, многія з якіх вытрымліваюць працяглае захоўванне. У мясным балансе Беларусі свініна складае 47,7% (2000).

Гадоўляй свіней людзі пачалі займацца ў неаліце (5—3-е тыс. да н.э.). У развітых антычных краінах (Егіпет, Грэцыя, Рым) ужо існавалі іх пароды. У краінах феад. Зах. Еўропы С. была прымітыўная. Яе развіццё звязана з ростам гарадоў і попыту на мяса. У 19 ст. пачалася інтэнсіўная праца па паляпшэнні мясц. і фарміраванні новых парод, у выніку з’явіліся высокапрадукцыйныя, многія з якіх (асабліва буйная белая, выведзеная ў Англіі) не страцілі значэння да нашага часу. Найб. развіццё С. атрымала ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы. Амаль палова сусв. пагалоўя ў краінах Азіі (найб. Кітай, Японія, Індыя, В’етнам), каля 25% у Еўропе (Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, Расія, Украіна, Польшча) і каля 10% у ЗША. Па рэліг. матывах С. не атрымала развіцця ў мусульманскіх краінах. У сусв. гандлі свінінай гал. месца займаюць Нідэрланды, Бельгія, Данія, Кітай і Канада.

На Беларусі да пач. 20 ст. С. была адной з развітых галін жывёлагадоўлі. Гадаваліся пераважна мясц. пароды, у памешчыцкіх гаспадарках — палепшаныя пароды. У 1916 было 2,4 млн. свіней. Племянная і таварная С. пачала развівацца ў 1920-я г. У час калектывізацыі ўзніклі таварныя свінагадоўчыя фермы (больш за 4 тыс. ў 1934). На пач. 1941 мелася 2,5 млн. свіней. З 1970-х г. С. пераводзілася на прамысл. аснову. Пабудаваны буйныя высокамеханізаваныя комплексы і ўкаранёна паточна-цэхавая сістэма вытв-сці на фермах калгасаў і саўгасаў. На Беларусі (2000) 100 свінагадоўчых комплексаў і больш за 1 тыс. ферм трох тыпаў: з закончаным абаротам статка, рэпрадукцыйных і адкормачных. Буйныя комплексы на 108 тыс. галоў гадавога адкорму свіней і сярэднія на 54 тыс. галоў — у дзярж. уласнасці. Асн. пароды: буйная белая, чорна-белая, беларуская мясная, эстонская беконная, ландрас і інш. Племянную работу праводзяць спецыялізаваныя заводы, саўгасы, раённыя племянныя станцыі; навук. даследаванні — Бел. НДІ жывёлагадоўлі, лабараторыі пры ВНУ. Колькасць свіней 3,6 млн. галоў, у т. л. 1,3 млн. ў насельніцтва (2000). Эфектыўнасць С. апошнія гады паніжана ў сувязі з высокімі выдаткамі корму (каля 6,6 кг у кармавых адзінках на 1 кг прывагі, у т. л. каля 6 кг у кармавых адзінках канцэнтратаў).

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Свінагадоўля. Свінагадоўчы комплекс у саўгасе-камбінаце «Сож» Гомельскага раёна.

т. 14, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАБО́ЛЬСК,

горад у Цюменскай вобл. Расіі, порт на р. Іртыш, каля ўпадзення ў яе р. Табол. 97 тыс. ж. (1999). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Прам-сць: дрэваапр., лёгкая, харчовая; нафтахім. і ёдавы камбінаты; суднаверф, суднарамонтны з-д; прадпрыемствы: мэблевая, дыванаткацкая ф-кі, маст. разьбы па косці, па вытв-сці буд. матэрыялаў. Пед. ін-т, філіял Казанскага тэхнал. ун-та. Драм. тэатр (з 1705). Гіст.-арх. музей-запаведнік (з 1870).

Засн. ў 1587 атрадам казакоў Д.​Чулкова. Да 1590 адміністрацыйна падпарадкаваны г. Цюмень. У 1606—09 пабудаваны драўляны горад, які поўнасцю знішчаны пажарамі 1643, 1677, 1680. У 17—18 ст. Т. — гал. ваенна-адм., паліт., культ. (тут пісаліся летапісы, адкрыты першыя ў Сібіры школы, тэатр. друкарня, выдаваўся час. «Иртыш, превращающийся в Ипокрену») і царк. (у 1620 створана Сібірская епархія, у далейшым — Табольская мітраполія) цэнтр Сібіры. З 1708 горад, цэнтр Сібірскай губ., з 1782 — Табольскага намесніцтва, у 1796—1917 — Табольскай губ. Горад меў гандл. сувязі з Бухарой, Джунгарыяй, Кітаем. У 1773—74 апорны пункт урада пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. Месца паліт. ссылкі, у т. л. Авакума, П.С. і М.С. Бабрышчавых-Птушкіных, А.М.Радзішчава, В.К.Кюхельбекера, М.М.Мураўёва, М.А.Фанвізіна і інш. У канцы 19 ст. эканам. значэнне Т. паменшала. У жн. 1917 — крас. 1918 тут пад арыштам знаходзіўся апошні рас. імператар Мікалай II з сям’ёй.

Напачатку ў Т. пераважала драўляная забудова. З канца 17 ст. пачалося мураванае будаўніцтва: у нагорнай яго частцы ўзведзены першы ў Сібіры мураваны крэмль (17—пач. 18 ст.), Сафійска-Успенскі (1681—86) і Пакроўскі (1743—46) саборы. Захаваліся комплекс Гасцінага двара (1703—05), «Шведская палата» (1714—16); Святыя вароты (1748), цэрквы Спаская (1709—13), Андрэеўская (1744—59), Раства Багародзіцы (1744—61), Міхаіла Архангела (1745—54), Крыжаўзвіжанская (1754—71), Захарыя і Лізаветы (1759—76), Параскевы Пятніцы (1762), Пятра і Паўла (1768—88), жылыя і адм. будынкі ў стылі барока, класіцызму, эклектыкі і мадэрна. Помнік Ермаку (1839).

З Т. звязаны лёс многіх беларусаў, якія траплялі сюды пераважна прымусова ў выніку рус.-польскіх войнаў 17 ст. Яны адыгралі вял. ролю ў культ. развіцці Т., адрозніваліся больш высокай пісьменнасцю. Адзін з паплечнікаў Ермака полацкі шляхціц Корсак на мяжы 17 ст. склаў т.зв. Пагодзінскі спіс Есіпаўскага летапісу. Барысаўскі шляхціц С.​Станкевіч, сасланы ў Т. у 1659, склаў летапіс «Сібірская гісторыя» задоўга да летапісу С.У.Рэмезава, якога лічаць першым гісторыкам Сібіры. Беларус І.​Даніловіч быў у 1673 табольскім стралецкім галавой. У 18 ст. царскі ўрад працягваў выкарыстоўваць ваеннапалонных з ВКЛ з мэтай фарміравання ў Т. казацкіх атрадаў для Сібірскіх і Калыванскіх ліній. Праз перасыльную турму ў Т. ў 19 ст. прайшлі ссыльныя дзекабрысты. у т. л. ўраджэнцы Беларусі, на катаргу і пасяленне ў Сібір з Беларусі адпраўлена 12 483 удзельнікі паўстання 1863—64. Доўгі час у Т. жылі сасланыя А.Петрашкевіч, удзельнікі паўстання 1863—64 К.​Кастравіцкі (у 1868 у яго нарадзіўся тут сын, вядомы бел. паэт К.​Каганец). Я.​Ф.​Ястржэмбскі. Я.​Дамель і інш.

Літ.:

400 лет Тобольску: Сб. док. и материалов. Свердловск, 1987;

Заварихин С.П. В древнем центре Сибири. М., 1987;

Белорусы в Сибири. Новосибирск, 2000;

Очерки истории белорусов в Сибири в XIX—XX вв. Новосибирск, 2001.

Г.​А.​Лаўрэцкі (архітэктура), В.​А.​Ярмоленка (беларусы ў Т.).

Да арт. Табольск. Сафійска-Успенскі сабор. 17 ст.

т. 15, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭХНАЛОГІЯ І МЕХАНІЗАЦЫЯ ЗДАБЫЧЫ ТОРФУ

Даследаванні па тэхналогіі і механізацыі здабычы торфу вядуцца з 1930-х г. У 1932 на базе тарфянога аддзела Ін-та прамысловасці Беларусі створаны Ін-т торфу ў складзе АН Беларусі (у 1989 на яго базе створаны Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі). У 1940 удзельная вага торфу ў паліўным балансе краіны склала 64%. У даваенны перыяд выкананы работы па ўдасканаленні механізаваных спосабаў здабычы торфу і ўстанаўленні паказчыкаў, неабходных для разліку тэхнал. працэсаў тарфяной вытв-сці (І.​Р.​Блох, В.​Р.​Гарачкін). У пасляваенныя гады з мэтай інтэнсіфікацыі здабычы фрэзернага торфу абгрунтавана аптымальная норма асушэння тарфяных палёў і вільготнасці фрэзеравальнага слоя (Ф.​А.​Малышаў), выкананы работы па паляпшэнні якасці фрэзернага торфу шляхам перапрацоўкі фрэзераванай масы і атрымання грануляванага торфу (Ф.​А.​Апейка, Я.​А.​Жук, Н.​С.​Касцюк, М.​С.​Крывашэін), распрацаваны тэарэт. асновы яго штучнай сушкі і брыкетавання (В.​М.​Навумовіч), абгрунтаваны рэжымы пнеўматранспарту і яго выкарыстання ў торфабрыкетнай вытв-сці (У.​І.​Бакшанскі, М.​У.​Кіслоў). Вырашаны пытанні аўтаматызаванага кантролю тэхнал. працэсаў тарфяной і торфабрыкетнай вытв-сці (Ф.​А.​Апейка, М.​І.​Бохан, М.​А.​Гаціх, Л.​С.​Ліс). Створаны новыя схемы комплекснага выкарыстання торфу і тарфяных радовішчаў на аснове даследаванняў працэсаў рэгулявання складу і ўласцівасцей торфу шляхам кіравання структураўтварэннем і цепламасапераносам (І.​І.​Ліштван). У выніку вывучэння біял. і аграхім. прыроды торфу прапанавана тэхналогія атрымання торфагумінавых угнаенняў (А.​В.​Цішковіч). Устаноўлены асн. заканамернасці перамены саставу і ўласцівасцей торфу і яго кампанентаў пры антрапагенным уздзеянні на ўсіх стадыях тэхнал. працэсу здабычы, што стала тэарэт. асновай для абгрунтавання рэсурсазберагальных эколага-сумяшчальных тэхналогій асваення тарфяных радовішчаў (А.​П.​Гаўрыльчык). Навукова абгрунтавана тэхналогія і створаны комплекс машын для вытв-сці камунальна-быт. кускавога торфу (А.​П.​Гаўрыльчык, І.​С.​Нашкевіч, А.​А.​Цярэнцьеў).

У Бел. нац. тэхн. ун-це распрацаваны тэарэт. асновы механізацыі тарфяной вытв-сці (Ф.​А.​Апейка), устаноўлены заканамернасці пнеўматранспарціроўкі сыпкіх рэчываў і абгрунтаваны рацыянальныя рэжымы працэсу пнеўматычнай уборкі, транспартавання і сепарацыі фрэзернага торфу (М.​У.​Кіслоў); прапанаваны матэм. метады аптымізацыі тэхнал. рэжымаў пры здабычы торфу і кіравання распрацоўкай тарфяных радовішчаў (Б.​А.​Багатаў); распрацавана тэорыя ўзаемадзеяння гусенічных і колавых рухачоў тарфяных машын з пакладам (А.​Ф.​Апейка, Ф.​А.​Апейка, Г.​В.​Казачэнка).

У праектна-тэхнал. і канструктарска-доследным БелНДІпалівапраект выкананы даследаванні па тэхналогіі торфаздабычы і мех. перапрацоўцы торфу, механізацыі і аўтаматызацыі тарфяной вытв-сці, тэхн. нарміраванні і арганізацыі здабычы торфу, правядзенні разведвальных работ, праектаванні торфапрадпрыемстваў і брыкетных з-даў.

Літ.:

Горячкин В.Г. Основы технологии торфяного производства. М., 1953;

Малышев Ф.А. О нормативах сбора фрезерного торфа на низинной залежи. Мн., 1956;

Наумович В.М. Теоретические основы процесса брикетирования торфа. Мн., 1960;

Опейко Ф.А. Торфяные машины. Мн., 1968;

Кислов Н.В., Бакшанский В.И., Вакунов В.М. Основы пневмотранспорта сыпучих торфяных сред. Мн., 1981;

Физико-химические основы технологии торфяного производства. Мн., 1983;

Лиштван И.И. Проблемы рационального использования и охраны торфяных ресурсов. Мн., 1985;

Богатов Б.А. Управление процессами разработки торфяных месторождений. Мн., 1985;

Кислов Н.В. Аэродинамика измельченного торфа. Мн., 1987;

Богатов Б.А., Копенкин В.Д. Математические методы в торфяном производстве. М., 1991;

Хрусталев Б.М., Кислов Н.В. Пневматический транспорт. Мн., 1997;

Богатов Б.А. Математические методы в горном деле. Мн., 2003.

М.​У.​Кіслоў.

т. 18, кн. 2, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)