ПО́ЛЬСКІЯ ЯКАБІ́НЦЫ,

група прыхільнікаў радыкальных грамадска-паліт. рэформ, якія дзейнічалі напярэдадні і ў час паўстання 1794, а таксама ў першыя гады пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). Уваходзілі прадстаўнікі шляхты, інтэлігенцыі і незаможнага мяшчанства. Назву «П.я.» атрымалі ад паліт. праціўнікаў з-за пэўнага падабенства іх поглядаў з поглядамі франц. якабінцаў. Гал. дзеячы — К.​Канопка, Ю.​Меер, Я.Ясінскі і інш. — былі паслядоўнікамі Гуга Калантая (адсюль іх другая назва — «гуганісты»). П.я. патрабавалі раўнапраўя мяшчан, скасавання паншчыны і сял. прыгону, устанаўлення рэспублікі; заклікалі да барацьбы з тыраніяй, абвяшчалі братэрства народаў. У крас. 1794 заснавалі ў Варшаве Якабінскі клуб, у маі і чэрвені кіравалі выступленнямі варшавян (у т. л. самасудамі) і дамагаліся пакарання караля і прыхільнікаў Таргавіцкай канфедэрацыі. Пасля задушэння паўстання ў 1797 засн. Т-ва польскіх рэспубліканцаў.

Літ.:

Leśnodorski B. Połścy jakobini: Karta z dziejów insurekcji 1794 roku. Warszawa, 1960.

т. 12, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭКТАРА́Т (ад лац. protektor абаронца, заступнік),

форма залежнасці адной дзяржавы ад другой. Пры П. фармальна захоўвалася бачнасць дзяржаўнасці, але за пратэктарам прызнаваліся шырокія правы і паўнамоцтвы на ўмяшанне ва ўнутр. справы дзяржавы, якая пратэжыруецца. Пратэктар, як правіла, прысвойваў сабе многія сферы дзярж. дзейнасці: знешнія зносіны, вярх. ваен. камандаванне, правасуддзе, збіранне некаторых падаткаў і інш. Усе гэтыя функцыі кіравання былі падсправаздачныя рэзідэнту пратэктара. П. быў этапам на шляху ўстанаўлення каланіяльнага панавання ў дзяржавах, супраціўленне якіх каланізатарам не ўдавалася адразу і поўнасцю пераадолець. Напр., у Мадагаскары П. 1885—96 папярэднічаў устанаўленню Францыяй там свайго каланіяльнага панавання; японскі П., устаноўлены ў Карэі ў 1905, папярэднічаў яе анексіі ў 1910. Нацысцкая Германія ўстанавіла свой П. у Чэхіі і Маравіі пасля таго, як акупіравала іх. У канцы 20 ст. П., як і любая форма каланіяльнай залежнасці, не існуе.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБАЛТЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА.

жуцаўская культура, археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. жылі на ПнЗ Беларусі і ПдУ Прыбалтыкі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, жывёлагадоўляй і земляробствам; карысталася крамянёвымі прыладамі працы і зброяй, вырабляла каменныя шліфаваныя сякеры лодкападобнай формы, свідраваныя матыкі. Жыло каля вадаёмаў у прамавугольных жытлах на слупах, з двухсхільным дахам. Унутры іх размяшчаліся адкрытыя агнішчы, выкладзеныя камянямі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах у скурчаным становішчы; пахаванні адзінкавыя і групавыя. З керамічных вырабаў найб. пашыранымі былі гаршкі з выразнай шыйкай і амфары, арнаментаваныя гарыз. шнуравымі адбіткамі, насечкамі, нарэзкамі, наколамі, наляпнымі гафрыраванымі каўнерыкамі-валікамі. Сустракаюцца ўпрыгожанні з зубоў жывёл, бурштыну, стылізаваныя фігуркі чалавека і інш. Найб. выразныя матэрыялы П.к. на бел. Панямонні выяўлены на стаянках Лічыцы, Ярэмічы, Русакова, у пахаваннях каля пас. Краснасельскі.

М.​М.​Чарняўскі.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВО́НАЎ (Мікалай Ільіч) (28.12.1906, С.-Пецярбург — 28.5.2000),

расійскі і бел. акцёр. Нар. арт. Расіі (1957). З 1927 працаваў у тэатрах Ленінграда, Карэліі. У 1957—76 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Мастацтву Р. былі ўласцівы дакладны вонкавы малюнак ролі, псіхалагізм у распрацоўцы характараў, імкненне раскрыць складанасць чалавечай натуры. Сярод лепшых роляў у бел. драматургіі: Сямён Кныш і Бонч-Бруевіч («Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Іваноў («Усяго адно жыццё» А.​Маўзона), Малахаў («Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага), Слесар («Гэта было ў Магілёве» Я.​Тарасава), Палкоўнік і стары Сахон («Мурын Бор» І.​Ісачанкі). З інш. роляў: Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Прэзідэнт («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Гельмер («Нора» Г.​Ібсена), Бернарда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Нананкур («Саламяны капялюшык» Э.​Лабіша), Дронаў («Усё застаецца людзям» С.​Алёшына), Даброцін («Марыя» А.​Салынскага).

Г.​Р.​Герштэйн.

М.І.Радзівонаў.
М.Радзівонаў у ролі Бернарда.

т. 13, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МУЛ (Romulus),

заснавальнік Рыма і першы рымскі цар [753—716 да н.э.]. Паводле стараж.-рым. падання Р. і яго брат-блізня Рэм былі сынамі весталкі Рэі Сільвіі і бога вайны Марса. Кінутых паводле загаду дзядзькі Рэі Амулія ў р. Тыбр братоў-немаўлят рака вынесла на бераг. Ваўчыца выкарміла іх сваім малаком (Капіталійская ваўчыца), пасля братоў знайшоў пастух Фаўстул, які разам з жонкай выхаваў іх. Р. і Рэм вярнулі свайму дзеду Нумітару царскую ўладу над Альба-Лонгай, несправядліва захопленай Амуліем, а на месцы свайго выратавання заснавалі горад. Падчас сваркі Р. забіў Рэма і стаў адзіным уладаром горада, які атрымаў яго імя. Ва ўяўленнях нашчадкаў Р. быў ініцыятарам выкрадання сабінянак, заснавання рым. сената, курый, арганізацыі войска, падзелу грамадзян на патрыцыяў і плебеяў. Пасля смерці Р. абагаўлёны, пазней атаясамліваўся з богам Квірынам.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛДА́ЦКІЯ КАМТТЭ́ТЫ.

армейскія камітэты, выбарныя органы ў расійскай арміі (ад франтавых да ротных) у 1917—18. Узніклі ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917 у адпаведнасці з загадам № 1 Петраградскага Савета ад 1(14).3.1917. У сак.—маі 1917 у дзеючай арміі ўзнікла каля 50 тыс. С.к., якія кантралявалі выкарыстанне зброі, вырашалі пытанні ўмацавання дысцыпліны, гасп., культ.-асв. і інш. (рашэнні зацвярджаліся адпаведным начальнікам); у іх склад уваходзілі таксама афіцэры і ваен. чыноўнікі. Паводле характару дзейнасці С.к. былі аднатыпныя з Саветамі рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў, дзейнічалі ў кантакце з імі, удзельнічалі ў мясц. і Усерас. з’ездах Саветаў. Да восені 1917 у С.к. панавалі меншавікі і эсэры, пасля задушэння Карнілава мяцяжу 1917 — бальшавікі. У ходзе Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 да С.к. перайшла ўся паўната ўлады ў войсках. Скасаваны вясной 1918 пры роспуску старой рас. арміі.

т. 14, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕЎКІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

найбуйнейшая эліністычная дзяржава, якая існавала ў 312—64 да н.э. на Блізкім і Сярэднім Усходзе. Часам яе наз. паводле асн. тэр. Сірыйскім царствам. Засн. пасля распаду імперыі Аляксандра Македонскага адным з яго палкаводцаў Селеўкам I Нікатарам. Сталіцы — Селеўкія на р. Тыгр (да 300 да н.э.), потым — Антыёхія на р. Аронт. Найб. магутнасці дасягнула пры Антыёху III Вялікім (223—187 да н.э.), калі ўключала Сірыю, Месапатамію, частку М. Азіі, Іранскае нагор’е, частку Сярэдняй Азіі. Да С.дз. ў гэты час былі далучаны Келесірыя, Фінікія, Палесціна. Зручнае геагр. становішча С.дз. спрыяла росквіту земляробства, жывёлагадоўлі, гандлю, росту гарадоў. З 2 ст. да н.э. С.дз., аслабленая шэрагам паўстанняў і ўнутр. разладам (з 163 па 64 да н.э. змянілася 19 цароў), пачала страчваць свае ўладанні. У 64 да н.э. апошняя яе частка (Сірыя) стала рым. правінцыяй.

т. 14, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-КЛЕР ДЭВІ́ЛЬ ((Sainte-Claire Deville) Анры Эцьен) (11.3.1818, в-аў Сент-Томас, Віргінскія а-вы, ЗША — 1.7.1881),

французскі хімік. Чл. Парыжскай АН (1861). Замежны чл.-кар. Пецярб. АН (1869). Скончыў Парыжскі ун-т (д-р медыцыны і хіміі; 1843). З 1845 праф. ун-та ў Безансоне, з 1851 Вышэйшай нармальнай школы ў Парыжы, у 1870—80 у Сарбоне. Навук. працы па агульнай і неарган. хіміі. Распрацаваў прамысл. спосаб атрымання алюмінію: аднаўленнем хларыду алюмінію метал. натрыем (1854), метады ачысткі плаціны (разам з А.​Ж.​Дэбрэ; 1855—59). Ажыццявіў класічныя даследаванні па тэрмічнай дысацыяцыі; паказаў, што малекулы вады, хлоравадароду, дыаксіду вугляроду пры высокіх т-рах дысацыіруюць (1857). Атрымаў сплаў плаціны з ірыдыем (1872), з якога былі выраблены міжнар. эталоны метра і кілаграма.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 14, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБАДА́,

тып сельскага паселішча. Назва звязана з тым, што ў перыяд феадалізму жыхары С. карысталіся часовым вызваленнем ад падаткаў. У зах. рэгіёнах Беларусі (асабліва ў Пінскім Палессі) такія пасяленні наз. Волямі, Вулькамі. Такія назвы атрымлівалі паселішчы, жыхары якіх вызваляліся (станавіліся вольнымі) на тэрмін ад 2 да 12 гадоў ад чыншу і павіннасцей з прычыны неўрадлівасці зямель, якія яны на інш. умовах адмаўляліся апрацоўваць. Такая сістэма асабліва пашырылася пасля Паўночнай вайны 1700—21. Пазней С. сталі называць невял. пасёлкі гар. тыпу каля павятовых гарадоў, дзе жылі рамеснікі, што пакінулі абшчыну і толькі часткова былі звязаны з сельскай гаспадаркай. Пад уплывам розных сац.-эканам. і паліт. прычын С. зліліся з гарадамі або трансфармаваліся ў звычайныя сельскія паселішчы і сталі назвамі вёсак (напр., Слабада ў Мінскім р-не) або часткамі назвы вёсак (напр., Чырвоная Слабада ў Салігорскім р-не).

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,

вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.​Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.

У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.​П.​Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.​М.​Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс. чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс. чал.) наказнога гетмана І.​Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.​Радзівілам (да 20 тыс. чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.​Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.​Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.​К.​Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.

У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.​Ф.​Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.​І.​Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал. рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.​Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.

Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц. правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.

У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.​Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.​Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.​Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.​А.​Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.​Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.​Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.​Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.

3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.​Сапегі (6 тыс. чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.​Чарнецкага (4 тыс. чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.​Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.​Далгарукава (да 30 тыс. чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.​Залатарэнкам (25 тыс. чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.​Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс. чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.​Жаромскага (12 тыс. чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн. чал. да 1,4 млн. чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;

Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;

Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.

А.​П.​Грыцкевіч

Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)