«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,

літаратурнамастацкі і грамадска-паліт. альманах. Выдаваўся ў 1912 (сш. 1—2) і 1913 (сш.

3) у Пецярбургу на бел. мове бел. выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца». Друкаваўся кірыліцай і лацінкай адначасова. Меў літ.-маст., сац.-паліт. і навук.-краязнаўчы аддзелы. Выступаў з ідэяй пашырэння бел. нац. асветы, культуры, школьнай справы. Сваёй задачай абвясціў «патрапіць першы раз да сэрца несвядомага беларуса, каб... мець у ім беларуса-грамадзяніна» («Да чытачоў», сш. 1). У артыкулах «На дарозе да новага жыцця» (сш. 1), «К пытанню аб нацыянальных адносінах у Беларусі і Літве» (сш.

2) А.​Навіны (А.​Луцкевіч) абгрунтаваў адраджэнскую канцэпцыю бел. гісторыі. Упершыню апублікаваў многія маст. творы, у т. л. паэму Я.​Купалы «Сон на кургане» (сш. 1), цыклы вершаў Ц.​Гартнага з яго аўтабіяграфіяй (сш. 2), гіст.-літ. эцюд А.​Янулайціса «Аб маладым паэце з Крошына» (пра П.​Багрыма, сш. 3), вершаваныя творы «Батрак» і «Як Янка забагацеў» Я.​Коласа, апавяданні «Асеннія лісты» і «Зялёнка» Цёткі, «Амерыканец» А.​Новіча (А.​Ціхановіча), «Апошняе спатканне», «Парабкі» і «Шчырае каханне» У.​Галубка, «Прывід» і «Сябра з каўбасой» Власта (В.​Ластоўскага), першае апавяданне «Хутара-ра, Хутара!» Л.​Гмырака, цыклы вершаў А.​Паўловіча, Ф.​Чарнышэвіча, А.​Гурло, Я.​Журбы, А.​Петрашкевіча. Інфармаваў пра дзейнасць бел. выдавецкай суполкі ў Пецярбургу, змяшчаў бел. бібліяграфію, рэцэнзіі, рэкламу бел. друку.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЧА́НСКІХ РЫБАКО́Ў ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1935,

барацьба сялян прынарачанскіх вёсак супраць забароны ўрадам Польшчы свабодна лавіць рыбу. Паводле прынятага польскім урадам у 1932 закона аб нацыяналізацыі рэк і азёр воз. Нарач перайшло да Дырэкцыі дзярж. лясоў і здадзена ў арэнду акц. т-ву на чале з памешчыкам Яблонскім, які ў 1935 забараніў сялянам рыбны промысел. Сяляне навакольных вёсак адмовіліся выконваць гэтае распараджэнне. Пачаліся сутычкі з паліцыяй, арышты. ЦК КПЗБ накіраваў на Нарач сваіх прадстаўнікоў А.​К.​Шчасную і А.​І.​Багданчука, звярнуўся з адозвай «Брацкае слова да рыбакоў возера Нарач і ўсіх азёр Заходняй Беларусі», выдаў лістоўку «Возера належыць вам». У чэрв. 1935 выбраны забастовачны к-т, у які ўвайшлі рыбакі І.​П.​Зарэцкі, К.​І.​Субач, М.​І.​Субач, І.​А.​Чарняўскі і інш. У жн. пачалася забастоўка, прагнаны арандатар, сяляне не пускалі на працу штрэйкбрэхераў, вялі арганізаваную лоўлю і продаж рыбы. Паліцыя правяла арышты. Да забастоўкі далучыліся рыбакі Браслаўскіх азёр, баставала каля 40 вёсак. Дружыны самаабароны ахоўвалі лодкі і сеткі. Улады вымушаны былі пайсці на частковыя ўступкі: павысілі цану на рыбу, дазволілі сялянам лавіць рыбу сваімі сеткамі. Барацьба за свабодную лоўлю рыбы і адмену закона аб нацыяналізацыі працягвалася да вер. 1939. Выступленню нарачанскіх рыбакоў прысвечана паэма М.​Танка «Нарач» (1937), карціна В.​Цвіркі «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач» (1957) і інш.

Да арт. Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935. Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач. З карціны В.​Цвіркі 1957.

т. 11, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛО́ГІЯ ТВО́РЧАСЦІ,

галіна псіхалагічных даследаванняў творчай дзейнасці людзей у навуцы, вынаходніцтве і рацыяналізатарстве, літаратурным, выяўленчым, муз., сцэнічным і інш. мастацтвах. Вывучае псіхалогію чалавека як творцы, агульныя і асобныя заканамернасці творчага працэсу — ад узнікнення задумы да яе рэалізацыі. Тэарэтычна П.т. дазваляе раскрыць спецыфіку творчай дзейнасці, практычна — развіваць творчыя здольнасці чалавека. Да праблематыкі П.т. адносяць: размежаванне тыпаў творчых працэсаў у залежнасці ад тыпаў мыслення, у якіх пераважаюць рацыяналістычныя, суб’ектыўна-экспрэсіўныя ці аналітыка-сінт. тэндэнцыі; вывучэнне фактараў, якія стымулююць творчую актыўнасць (групавая дыскусія, «мазгавая атака», некат. псіха-фармакалагічныя сродкі і г.д.); дзейнасць асобы ў творчым калектыве; роля інтуіцыі, мыслення, натхнення, уяўлення, індывід.-псіхал. асаблівасцей у творчым працэсе.

Ужо ў антычнасці вызначалася дваякая трактоўка прыроды творчасці: як «свяшчэннага натхнення» (Платон) і як рэалізацыі ўсвядомленай задумы, што абапіраецца на вопыт і пэўныя прынцыпы (Арыстоцель). У 1740—60-я г. вылучана ідэя аб дэтэрмінаванасці творчай дзейнасці мастака, залежнасці характару гэтай дзейнасці ад часу і соцыуму (Д.​Дзідро, Г.​Э.​Лесінг, І.​Г.​Гердэр). Класікі ням. ідэаліст. філасофіі сцвярджалі, што дзейнасць мастака абумоўлена часам, і крытыкавалі думку аб несвядомасці творчага працэсу (І.​Кант, Ф.​Шэлінг, Г.​Гегель). Як навука П.т. пачала складвацца ў 2-й палавіне 19 ст. З канца 19 ст. П.т. развівалася ў межах асобных кірункаў у псіхалогіі («неўрапатычныя» канцэпцыі Ч.​Ламброза і М.​Нордаў, тэорыя псіхааналізу З.​Фрэйда, К.​Г.​Юнга і інш.).

т. 13, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫНІЯ́НСТВА,

антытрынітарны рэлігійна-філас. рух 16—17 ст., распаўсюджаны пераважна ў Польшчы і ВКЛ. Асн. палажэнні С. сфармуляваны яго заснавальнікам Ф.​Соцынам. Для С. характэрна далейшая рацыяналізацыя ідэй антытрынітарыяў. аднаўленне догмату аб Тройцы і боскай прыроды Хрыста, прызнанне прыярытэту розуму ў пытаннях веры. Адзінай крыніцай веравучэння сацыніяне лічылі Свяшчэннае пісанне. Яны сцвярджалі, што не існуе першароднага граху, адмаўлялі патрэбнасць збаўлення, абвяргалі кальвінісцкі догмат аб прадвызначэнні. Агульным цэнтрам С. быў г. Ракаў Сандармірскага ваяв. ў Польшчы (цяпер вёска ў Свентакшыскім ваяв.), на Беларусі — г. Навагрудак. Соцын і яго першыя паслядоўнікі (на Беларусі Я.​Ліцыній Намыслоўскі, Я.​Даманеўскі, М.​Цвердахлеб, Ц.​Кузьміч і інш.) — прадстаўнікі ранняга С. Тэарэтыкі позняга С. (2-я пал. 17 ст.) Я.​Крэль, С.​Пшыпкоўскі, А.​Вішаваты і інш. патрабавалі верацярпімасці, аддзялення царквы ад дзяржавы, вял. ўвагу аддавалі развіццю асветы, прыродазнаўства і матэматыкі. У час Контррэфармацыі ў 1658—60 сацыніяне былі выгнаны з Рэчы Паспалітай і эмігрыравалі ў Германію, Англію і Галандыю. Ідэі С. распаўсюдзіліся ў некат. краіны Зах. Еўропы, паўплывалі на філас. погляды Б.​Спінозы, Дж.​Лока, англ. дэістаў. Філас. спадчына ідэолагаў С. была выдадзена ў 1665—68 у Амстэрдаме пад назвай «Бібліятэка польскіх братоў».

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;

Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.

С.​А.​Падокшын.

т. 14, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УДА́Р цвёрдых цел,

сукупнасць з’яў, якія адбываюцца пры сутыкненні рухомых цвёрдых цел, а таксама пры некаторых відах узаемадзеяння цвёрдага цела з вадкасцю ці газам (У. струменя аб цела, У. цела аб паверхню вадкасці, гідраўлічны ўдар, дзеянне ўдарнай хвалі на цвёрдае цела і інш.).

Пры У. ў месцах кантакту цел узнікаюць вял. сілы ўзаемадзеяння, якія наз. ўдарнымі, (сярэднія велічыні ціску на пляцоўках кантакту дасягаюць ~ 10​4—10​5 атм.); у выніку за вельмі малы час (~ 10​−4—10​−5 с) адбываецца значная змена скарасцей цел. Лінія, перпендыкулярная да паверхняў цел у пункце іх сутыкнення, наз. лініяй удару. Адрозніваюць У : прамы — скорасці цел да У. паралельныя лініі У.; косы — скорасці да У. непаралельныя; цэнтральны — пры У. цэнтры мас знаходзяцца на лініі У.; пругкі — сумарная кінетычная энергія цел пасля У. такая ж, як да У. Вынікамі У. могуць быць астаткавыя дэфармацыі, гукавыя ваганні, нагрэў цел, змена мех. уласцівасцей матэрыялаў (напр., умацаванне цел), разбурэнне (пры скарасцях сутыкнення, большых за крытычныя). Вял. напружанні пры У. выкарыстоўваюцца пры штампоўцы, выцісканні, коўцы і інш. Важнае значэнне мае ўлік гідраўл. У. ў трубах, уздзеяння ўдарнай хвалі на збудаванні і інш. Пра У. у мікрафізіцы гл. ў арт. Сутыкненні атамныя, Рассеянне мікрачасціц.

Літ.:

Кильчевский Н.А. Динамическое контактное сжатие твердых тел. Удар. Киев, 1976.

Удавы: 1 — анаконда паўднёвая, або парагвайская; 2 — вузкабрухі паўднёваамерыканскі; 3 — удаўчык пясчаны; 4 — мадагаскарскі Дзюмерыля.

т. 16, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАЛО́ГІЯ (ад грэч. uron мача + ...логія),

навука аб этыялогіі, клініцы, дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы захворванняў органаў мочапалавой сістэмы, нырак і мочавывадных шляхоў чалавека. Частка клінічнай медыцыны, якая вылучылася з хірургіі. Уключае анкауралогію, фтызіяуралогію, дзіцячую У., андралогію, урагінекалогію.

Анкауралогія — навука аб узнікненні, развіцці, клінічных праявах, лячэнні пухлін нырак і мочавывадных шляхоў у чалавека, таксама новаўтварэнняў у палавых органах мужчын. Фтызіяуралогія вывучае праблемы туберкулёзу мочапалавой сістэмы, дзіцячая У. — асаблівасці уралагічных захворванняў у дзяцей, прыроджаныя хваробы органаў мочапалавой сістэмы, андралогія — праблемы хвароб органаў палавой сістэмы ў мужчын. Урагінекалогія даследуе пытанні спалучаных захворванняў органаў мочапалавой сістэмы.

На Беларусі як самаст. спецыяльнасць вылучылася ў 1953 (кафедра У. Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі). У 1954 адкрыта уралагічнае аддзяленне ў Мінскай абл. клінічнай бальніцы. Праводзяцца навук. даследаванні, укараняюцца новыя метады дыягностыкі і лячэння, ажыццяўляецца падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі уролагаў (курсы ў Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі). Уклад у развіццё У. зрабілі А.І.Міхельсон, М.Я.Саўчанка (лячэнне прыроджаных захворванняў органаў мочапалавой сістэмы), А.А.Грэсь, В.А.Мохарт (лячэнне пейрагеннага мачавога пузыра), А.С.Маўрычаў, А.У.Строцкі, М.​А.​Нечыпарэнка (анкауралогія), Скобеус, З.​А.​Трафімава (дзіцячая У.), В.С.Пілатовіч, Саўчанка, Г.​Т.​Казлоў (гемадыяліз і перасадка ныркі) і інш.

Літ.:

Савченко Н.Е., Мохорт В.А. Нейрогенные расстройства мочеиспускания. Мн., 1970;

Мавричев А.С. Почечно-клеточный рак. Мн., 1996;

Савченко Н.Е., Строцкий А.В. Консервативное лечение доброкачественной гиперплазии предстательной железы. Мн., 1996;

Мохорт В.А. История развития урологии в Белоруссии, 1950—1998 гг. Мн., 1999.

А.​У.​Строцкі.

т. 16, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗА́МЕНЫ (ад лац. examen выпрабаванне), іспыты,

форма выніковай праверкі ведаў па якім-н. вучэбным прадмеце. Бываюць вусныя і пісьмовыя; выпускныя, пераводныя (пачынаючы з 4-га класа) і прыёмныя (пры паступленні ў вышэйшыя, сярэднія спец. і інш. навуч. ўстановы); экстэрнам (за пэўны курс у навуч. установе без навучання ў ёй). У адрозненне ад залікаў веды на Э. ацэньваюцца адзнакай. Парадак правядзення Э. вызначаецца Мін-вам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Паводле яго пастановы (25.4.2001) выпускныя Э. праводзяцца ў школах агульнаадукацыйных у 9-х кл. за курс базавай школы і ў 11(12)-х кл. за курс сярэдняй школы, спец. агульнаадукацыйных (школах-інтэрнатах) — у 9(10)-х кл. за курс базавай школы і ў 11(12)-х кл. за курс сярэдняй школы. Тым, хто вытрымаў іх, выдаюць адпаведна пасведчанне аб заканчэнні няпоўнай сярэдняй школы і атэстат аб сярэдняй адукацыі. У школах, прафес.-тэхн. навуч. установах у якасці адзнакі выпускнога Э. залічваюцца вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па адпаведным прадмеце. Па выніках тэсціравання і алімпіяд, што праводзяцца ВНУ, абітурыентаў залічваюць у адпаведныя ВНУ без экзаменаў. У сістэме вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі існуюць курсавыя семестравыя і дзярж. выпускныя Э., да якіх дапускаюць пасля здачы ўсіх залікаў і семестравых Э. У ВНУ, вышэйшых каледжах замест дзярж. Э. па спец. дысцыплінах праводзіцца абарона дыпломных работ, праектаў.

Т.​У.​Люковіч.

т. 18, кн. 1, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВЯШЧЭ́ННЕ ВАЙНЫ́,

папярэдняе матываванае паведамленне адной дзяржавы аб ваен. дзеяннях супраць другой дзяржавы. Рэгулюецца 3-й Гаагскай канвенцыяй 1907, паводле якой вайна не павінна пачынацца без папярэджання, неабходнага для мірных перагавораў канфліктуючых дзяржаў і інфармавання нейтральных дзяржаў. Абвяшчэнне вайны з’яўляецца кампетэнцыяй вышэйшых органаў улады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гэта права належыць Вярх. Савету. Існуючае міжнар. права, зыходзячы з прынцыпу неўжывання сілы і пагрозы сілай, кваліфікуе любы ваен. напад як агрэсію, міжнар. злачынства. Выкарыстанне ўзбр. сіл дапускаецца толькі як мера ў адказ супраць агрэсара.

Л.​В.​Паўлава.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БІХТ (Abicht) Рудольф (9.8.1850, г. Намыслаў, Польшча — 12.2.1921),

нямецкі філолаг-славіст, адзін з першых даследчыкаў і папулярызатараў бел. культуры ў Германіі. З 1900 праф. слав. філалогіі Вроцлаўскага (Брэслаўскага) ун-та. У працах «Паказальнік крыніц Супрасльскага рукапісу» (1893—98), «Слова аб палку Ігаравым» (1895) даследаваў стараж.-бел. помнікі. Бел. матэрыялы і пераклады друкаваў у газ. «Гоман», «Deutschland» («Германія»), «Wilensker Zeitung» («Віленская газета») і інш. У сааўт. з Я.​Станкевічам выдаў бел. буквар «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» (Вроцлаў, 1918); пры яго садзейнічанні выйшаў зб. «Беларусь» (Берлін, 1919).

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДСУ́ТНАСЦЬ БЕЗ ВЕ́СТАК,

у цывільным праве ўстаноўлены судом факт працяглай (не менш за адзін год) адсутнасці асобы і звестак пра яе ў месцы яе пастаяннага жыхарства. Прызнанне факта адсутнасці без вестак праводзіцца па заяве зацікаўленай фіз. або юрыд. асобы і цягне за сабой пэўныя юрыд. вынікі: над маёмасцю адсутнага ўстанаўліваецца апека, з яго маёмасці выдаецца забеспячэнне асобам, якіх ён паводле закону абавязаны ўтрымліваць, пагашаюцца даўгі па яго абавязацельствах. У выпадку яўкі ці выяўлення месца знаходжання адсутнага суд адмяняе сваё рашэнне аб прызнанні факта адсутнасці без вестак. Гл. таксама Абвяшчэнне памерлым.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)