унутрана неабходнае самаадвольнае змяненне сістэмы ў выніку супярэчнасцей, апасродкаваных знешнімі ўмовамі і ўплывамі. Уласцівы аб’ектам усіх узроўняў пабудовы — ад мех., квантава-фіз. (змены ў субатамных, атамных і малекулярных сістэмах у выніку няўстойлівасці іх структур) і хім. (працэсы С. ў каталітычных сістэмах) да біял. і сац. ўзроўняў. На хім., біял. і сац. узроўнях С. выяўляецца ў адкрытых і цэласных сістэмах (арганізм, грамадства, біясфера); для іх характэрны вышэйшы тып С., якому ўласцівы пераход на больш высокую ступень арганізацыі — самаразвіццё. Прынцып С. разглядаўся яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі (Арыстоцель, Геракліт). Ідэю С. развіваў Г.Лейбніц, які выявіў дзейны пачатак у цялеснай субстанцыі. Вучэнне пра С. матэрыі прапанавалі франц. матэрыялісты (К.Гельвецый, П.Гольбах, Д.Дзідро). І.Ньютан і шэраг філосафаў-метафізікаў 18 ст. адмаўлялі магчымасць С. і сцвярджалі, што кожны рух мае знешнюю крыніцу (абсалютны першапачатак, Бог). Разгорнутую канцэпцыю С. і яго модусаў распрацаваў Г.Гегель, які разглядаў С. як формы самавыяўлення абсалютнай ідэі. Гл. таксама Рух, Развіццё, Самаарганізацыя, Сінергетыка.
Літ.:
Свидерский В.И. Противоречивость движения и ее проявления. Л., 1959;
Морозов В.Д. Проблема развития в философии и естествознании. Мн., 1969;
Солопов Е.Ф. Движение и развитие. Л., 1974;
Самоорганизация: кооперативные процессы в природе и обществе. Ч. 1—2. М., 1990;
Концепция самоорганизации в исторической ретроспективе. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́КТАРЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
прамысловыя апараты для ажыццяўлення рэакцый хімічных; адны з асн. апаратаў тэхнал, установак хім. вытв-сці. Назва Р.х. (газагенератар, канвертар і інш.) звычайна вызначаецца працэсам, які ў ім праводзіцца. У шырокім сэнсе да Р.х. могуць быць аднесены гарэлкі, рухавікі, акумулятары і інш. апараты, у якіх таксама адбываюцца хім. рэакцыі, але гал. з’яўляецца цеплавы ці эл. эфект, мех. работа і інш., а не іх хім. прадукт.
Р.х. класіфікуюць паводле характару працякання працэсу ў часе (Р.х. перыяд., бесперапыннага і паўбесперапыннага дзеяння), цеплавога рэжыму работы (ізатэрмічныя, адыябатычныя, політрапічныя), рэжыму руху рэакцыйнага асяроддзя (поўнага выцяснення або змяшэння, Р.х. прамежкавага тыпу), фазавага стану рэагентаў (Р.х. для гамагенных рэакцый у газавай ці вадкай фазах, для гетэрагенных рэакцый у сістэмах газ—вадкасць, газ—цвёрдае цела і каталітычных гетэрагенных рэакцый у сістэмах газ—цвёрдае цела, вадкасць—цвёрдае цела або ў вадкай фазе). Паводле тыпу канструкцыі Р.х. падзяляюць на ёмістасныя, калонныя, трубчастыя. Ёмістасныя Р.х. — полыя апараты найчасцей з прыладамі для перамешвання; у газа-вадкасных сістэмах перамешванне можа праводзіцца барбатаваннем. Цеплаабмен у такіх апаратах ажыццяўляецца праз паверхню Р.х. ці шляхам частковага выпарэння вадкага кампанента. Да рэактараў гэтага тыпу адносяць таксама апараты з нерухомым ці псеўдаажыжаным слоем (адным або некалькімі) каталізатара. У ёмістасных Р.х. праводзяць бесперапынныя, перыяд. і паўбесперапынныя працэсы. Калонныя Р.х. — пустацелыя або запоўненыя каталізатарам ці насадкай апараты. Для паляпшэння міжфазнага масаабмену ў іх выкарыстоўваюць дыспергаванне з дапамогай распырсквальнікаў, барбацёраў, мех. ўздзеяння (вібрацыя талерчатай насадкі, пульсацыя патокаў фаз) ці насадкі (цвёрдыя целы рознай формы — кольцы, кольцы з перагародкамі і інш.), якія забяспечваюць высакаскорасны плёначны рух фаз. У такіх Р.х. ажыццяўляюць бесперапынныя працэсы ў двух- ці трохфазных сістэмах. Трубчастыя Р.х. выкарыстоўваюць для правядзення каталітычных рэакцый з цеплаабменам у рэакцыйнай зоне праз сценкі трубак, высокатэмпературных газафазных рэакцый. Спецыфічныя ўласцівасці маюць Р.х. для электрахім, (гл. Электроліз), плазмахім. і радыяцыйна-хім. працэсаў. Разлік Р.х. грунтуецца на даных па тэрмадынаміцы і кінетыцы рэакцый, скорасці цёпла- і масаабмену (гл. Макракінетыка) з улікам структуры патокаў у апаратах; поўны разлік праводзяць метадам мадэліравання (гл. Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы) з выкарыстаннем ЭВМ.
Выкарыстоўваюць Р.х., у т. л. на прадпрыемствах Беларусі, у тэхналогіі неарган. (вытв-сць аміяку, салянай і азотнай кіслот, аміячнай салетры і інш.) і арган. рэчываў (дэгідрыраванне н-бутэнаў, атрыманне ацэтылену з вуглевадародаў, перапрацоўка вадкага і газападобнага паліва і інш.), тэхналогіі асн.арган. сінтэзу і палімераў (атрыманне ацэтылену крэкінгам метану, нітрабензолу, стыролу, полімерызацыя этылену, хлорыстага вінілу і інш.), а таксама ў інш. галінах прам-сці. Гл. таксама Хімічная тэхналогія.
Асноўныя тыпы рэактараў хімічных: а — праточны ёмісты рэактар з мяшалкай і цеплаабменнай абалонкай, б — мнагаслойны каталітычны рэактар з прамежкавымі цеплаабменнымі элементамі (ЦЭ), в — калонны рэактар з насадкай (Н) для двухфазнага працэсу, Г — трубчасты рэактар; 3 — зыходныя рэчывы, П — прадукты рэакцыі, Ц — цепланосьбіт, К — каталізатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
уключае галіны вытв-сці па перапрацоўцы прамысл. і с.-г. сыравіны. Да яе адносяцца прадпрыемствы па вытв-сці чорных і каляровых металаў, пракату, хім. і нафтахім. прадуктаў, машын і абсталявання, вырабаў дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, цэменту і інш.буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па рамонце прамысл. вырабаў, цеплаэлектрастанцыі, тэкстыльная, мясная, цукр.прам-сць і інш. Доля апрацоўчай прамысловасці ва ўсёй прамысл. прадукцыі адлюстроўвае ступень індустр. развіцця краін і прагрэсіўнасць галіновай структуры прам-сці. У структуры прам-сці Беларусі пераважае апрацоўчая прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗІСНАЯ ЦАНА́,
1) база для вызначэння індэкса цэн у міжнар. гандлі (экспартных і імпартных) у цэлым і па асобных групах тавараў. Гэтыя звесткі друкуюцца ў міжнар. і нац. знешнегандл. статыстыцы, перыяд. выданнях ААН.
2) У рыначнай эканоміцы — цана тавару з пэўнымі фіксаванымі параметрамі (якасць, памер, хім. састаў), якая служыць базай цэн на дадзеную прадукцыю. Пры змене кан’юнктуры рынку базісная цана звычайна захоўвае пэўную стабільнасць, мяняюцца надбаўкі і скідкі да яе, што вядзе да ўстанаўлення рэальнага ўзроўню (росту ці зніжэння) цэн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ БАВАЎНЯ́НАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.
Створана ў 1960—63 у г. Баранавічы як баваўняны камбінат. З 1980 сучасная назва. Уключае ф-кі: 1-ю (працуе з 1963) і 2-ю (з 1965) прадзільныя, ткацкую (з 1966), аддзелачную (з 1969), мех. і ліцейную майстэрні. Працуе на прывазной бавоўне. Асн. прадукцыя (1995): пража для трыкат. вытв-сці, тканіны (паркаль, бязь, сацін, сукеначныя, адзежныя, тэхн.), вацін для мэблі, нятканыя матэрыялы для абутковай і хім. прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАЎ (Валянцін Уладзіміравіч) (н. 24.6.1949, Мінск),
бел. вучоны ў галіне мікраэлектронікі. Д-ртэхн.н.(1991), праф. (1993). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1971), працуе ў ім (цяпер Бел.дзярж.ун-т інфарматыкі і радыёэлектронікі). Навук. працы па тэхналогіі танкаплёначных элементаў. Распрацаваў фізіка-хім. асновы тэхналогіі шматслойных структур на базе пераходных металаў, іх сіліцыдаў і аксідаў для вытв-сці вырабаў цвердацельнай электронікі і мікраэлектронікі. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.
Тв.:
Пленочные токопроводящие системы СБИС. Мн., 1989 (разам з А.П.Дастанкам, В.В.Шаталавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АСТРО́Н»,
савецкая аўтаматычная касмічная станцыя для астрафізічных даследаванняў галактычных і пазагалактычных крыніц касм. выпрамянення. Выведзены на арбіту 23.3.1983. Створаны на базе міжпланетнай аўтам. станцыі «Венера», частка навук. апаратуры — сумесна са спецыялістамі Францыі. Арбіта «Астрона» (выш. ў перыгеі 2 тыс.км, у апагеі 200 тыс.км; нахіленне 51,5°; перыяд абарачэння 98 гадз) дае магчымасць больш за 90% часу весці вымярэнні па-за ценем Зямлі і радыяцыйных паясоў. Вывучаліся нестацыянарныя з’явы ў зорках, анамаліі іх хім. саставу, уласцівасці ультрафіялетавага выпрамянення галактык, квазараў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАДЫСПЕ́ТЧАР (ад аўта... + англ. dispatcher адпраўшчык),
комплексная сістэма (клас сістэм «Чалавек—машына»), якая аўтаматычна (поўнасцю або часткова) выконвае функцыі дыспетчара. У склад аўтадыспетчара ўваходзяць кіравальная выліч. машына і сродкі сувязі дыспетчара з машынай і кіроўным аб’ектам. Задача аўтадыспетчара: збор і апрацоўка інфармацыі пра ход тэхнал. працэсу; выбар аптымальнага рэжыму працэсу з магчымых варыянтаў; выдача камандаў, каб рэалізаваць аптымальны рэжым. Найпрасцейшы аўтадыспетчар збірае і рэгіструе інфармацыю, неабходную ў аператыўнай рабоце дыспетчара. Выкарыстоўваюць у энергетыцы, сістэмах сувязі, на транспарце, металургічных і хім. прадпрыемствах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАНО́МІЯ (ад аэра... + грэч. nomos закон),
раздзел фізікі атмасферы, які вывучае верхнія слаі атмасферы (вышэй за 30 км), дзе адбываюцца значная дысацыяцыя і іанізацыя атм. газаў. Узнікла ў 1950-я г. ў Англіі і Францыі (працы Д.Р.Бейтса і М.Нікале). Развіццё аэраноміі звязана з ракетнымі і спадарожнікавымі даследаваннямі фіз.-хім. працэсаў у верхняй атмасферы. Даследуе размеркаванне т-ры, шчыльнасці і нейтральных часцінак паветра на вышыні, канцэнтрацыю электронаў у іанасферы, серабрыстыя воблакі, свячэнне начнога неба, палярныя ззянні, радыяцыйныя паясы Зямлі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШКІ́РАЎ (Леанід Андрэевіч) (н. 24.12.1930, г. Рыльск Курскай вобл., Расія),
бел. фізікахімік. Д-рхім.н. (1973), праф. (1987). Скончыў Варонежскі ун-т (1954). З 1959 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1985 у Бел.тэхнал. ун-це. Навук. даследаванні па вывучэнні магнітных уласцівасцяў, механізма і кінетыкі цвердафазных рэакцый у сістэмах аксідаў металаў і стварэнні на іх аснове матэрыялаў для электроннай тэхнікі (ферытаў, звышправаднікоў, сегнетаэлектрыкаў).
Тв.:
Механизм и кинетика образования ферритов. Мн., 1988 (разам з У.У.Паньковым).