ГУКАВО́Е КІНО́,

вытворчасць і паказ кінафільмаў з гукавым суправаджэннем, зафіксаваным на фанаграме; від кінематаграфіі. Фанаграма бывае аптычная і магн., адна- і шматканальная. З дапамогай кінапраекцыйнага апарата відарыс праецыруюць на экран з адначасовым (сінхронным) узнаўленнем фанаграмы праз гучнагаварыцелі, размешчаныя за экранам (звычайнае і шырокаэкраннае кіно) або за экранам, на сцэнах і столі (шырокафарматнае, стэрэаскапічнае, панарамнае кіно, кругавая кінапанарама).

Практычныя сістэмы гукавога кіно створаны ў канцы 1920-х г. амаль адначасова ў СССР (фанаграма пераменнай аптычнай шчыльнасці, П.​Р.​Тагер у 1926; фанаграма пераменнай шырыні, А.​Ф.​Шорын у 1927), ЗША і Германіі. Пры стварэнні фільмаў звычайна гук і відарыс запісваюць паасобку з дапамогай гуказапісвальных (гл. Гуказапіс) і кіназдымачных апаратаў; часам мову, музыку, шумы і інш. запісваюць паасобку, потым аб’ядноўваюць у адну фанаграму. Выкарыстоўваюць таксама дубліраванне фільмаў, спец. гуказапіс са стварэннем гукавых эфектаў і інш.

З’яўленне гуку мела вял. значэнне ў эстэтыцы кіно, узбагаціла яго маст. палітру, выявіла новыя магчымасці драматургіі фільма і акцёрскага мастацтва. Першы сав. поўнаметражны маст. фільм з запісам гуку па сістэме Тагера — «Пуцёўка ў жыццё» (1931, рэж. М.​Эк).

У 1929 на кінастудыі Белдзяржкіно ў Ленінградзе створана гукавая лабараторыя пад кіраўніцтвам В.​Ахотнікава і А.​Машковіча. Па іх сістэме запісана бел. эксперым. гукавая праграма «Пераварот» (1930, рэж. Ю.​Тарыч), якая дэманстравалася ў першым гукавым кінатэатры рэспублікі «Чырвоная зорка» ў Мінску. У далейшым запіс гуку пры здымцы бел. стужак рабіўся па сістэмах Тагера і Шорына. Першыя бел. гукавыя маст. фільмы — «Адбітак часу» і «Баям насустрач» (абодва 1932, рэж. адпаведна Г.​Кроль і Э.​Аршанскі).

т. 5, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЦКА-ПРУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1848—50,

вайна Прусіі супраць Даніі за валоданне герцагствамі Шлезвіг і Гольштэйн, звязанымі з Даніяй асабістай уніяй. У насельніцтве герцагстваў пераважалі немцы, таму пад уплывам рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў герцагствах 21.3.1848 адбылося антыдацкае паўстанне, 23 сак. створаны часовы ўрад, які абвясціў іх незалежнасць і вайну Даніі. Шлезвіг-гальштэйнскія апалчэнцы на чале з ген. А.​Кронам занялі крэпасці Рэндсбург і Фленсбург, аднак 9 крас. разбіты дацкімі войскамі каля Бау і адкінуты за р. Айдэр. 6 крас. на дапамогу паўстанцам прыйшлі прускія і саксонска-гановерскія войскі (каля 35 тыс. чал.) на чале з прускім ген. Ф.​Урангелем, якія 23 крас. перамаглі 30-тысячную дацкую армію ген. Ф.​Бюлава каля г. Шлезвіг і ў пач. мая занялі крэпасць Фрэдэрысія на п-ве Ютландыя. Баі на сушы прыпынены 26 жн., калі Прусія ва ўмовах блакады яе гаваней дацкім ВМФ і дыпламат. націску з боку Вялікабрытаніі, Францыі, Швецыі, Расіі (апошняя ў ліп. дэманстратыўна прыслала эскадру ў дацкія воды) падпісала ў г. Мальмё (Швецыя) перамір’е, паводле якога герцагствы вернуты Даніі, а іх урад распушчаны. 3.4.1849 Прусія аднавіла ваен. дзеянні, у ходзе якіх яе войскі (каля 40 тыс. чал.) зноў занялі герцагствы і ў канцы крас. ўступілі ў Ютландыю. Дыпламат. дэмаршы Вялікабрытаніі і Францыі, паўторны выхад у мора рас. эскадры і паражэнне шлезвіг-гольштэйнскіх паўстанцаў 6 ліп. каля Фрэдэрысіі прымусілі Прусію заключыць 10.7.1849 другое перамір’е. 2.7.1850 у Берліне падпісаны мірны дагавор, паводле якога адноўлены даваен. межы Даніі і былы статус герцагстваў; іх апалчэнне на чале з ген. В.​Вілізенам спрабавала працягваць вайну, аднак 25.7.1850 разбіта датчанамі і расфарміравана.

т. 6, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у г. Гомель і прыгарадзе пад кіраўніцтвам Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала больш за 40 груп (каля 400 чал.). Найб. актыўныя групы: на падшыпнікавым (кіраўнік В.​І.​Сухаў), паравозавагонарамонтным (М.​В.​Півавараў) з-дах, паравозным дэпо (А.​Ц.​Брыкс), чыг. вузле (Ф.​С.​Варонін), лесакамбінаце (М.​Д.​Жызнеўскі, Р.​М.​Каралёў), тлушчакамбінаце (Е.​І.​Каленікаў), у пашпартным стале (Н.​Я.​Заўгародні), у Навабеліцы (А.​В.​Мацвіенка, Ф.​С.​Кусцін, В.​Ц.​Папоў). Адной з першых пачала дзейнасць група Ц.С.Барадзіна, члены якой наладзілі друкаванне антыфаш. лістовак, бланкаў дакументаў, правялі шэраг дыверсій, перадавалі сав. ваеннапалонным у лагер адзенне, прадукты, лістоўкі, арганізоўвалі іх уцёкі. У ліст. 1941 створаны аператыўны цэнтр для каардынацыі дзейнасці падп. груп, наладжана сувязь з Гомельскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі сав. газеты і зводкі Саўінфармбюро, уладкоўвалі сваіх людзей у акупацыйны апарат, учынялі дыверсіі на прадпрыемствах, чыгунцы і інш. месцах. Выкарыстоўваючы звесткі падпольшчыкаў, сав. авіяцыя рабіла налёты на скопішчы варожых войск, ваен. тэхнікі ў Гомелі, Рэчыцы, Жлобіне. У маі 1942 і лютым 1943 фашысты правялі шматлікія арышты і расстрэлы. За час акупацыі загінуў кожны трэці падпольшчык Гомеля. Барадзіну, І.П.Кожару і Е.І.Барыкіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У Гомелі на магілах падпольшчыкаў пастаўлены помнікі, на пл. Працы запалены Вечны агонь.

Літ.:

Кожар И.П., Рудак А.Д., Романовский В.Ф. Сильные духом // Герои подполья. 2 изд. М., 1970. Вып. 2;

Михайлашев Н.А. Невидимый фронт // Неман. 1968. № 2;

Рудак А.Д. Экзамен на зрелость. Мн., 1981.

Л.​В.​Аржаева.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + ...логія],

раздзел біялогіі і медыцыны, які вывучае працэс старэння жывых арганізмаў, у т. л. чалавека. Уключае герыятрыю, герагігіену і герантапсіхалогію; вылучаюць таксама эксперым., клінічную і сацыяльную геранталогію, якія ахопліваюць шырокае кола біял., мед. і сац. пытанняў, узроставую марфалогію, фізіялогію, біяхімію. Гал. мэта геранталогіі — кіраванне працэсам старэння і працягласцю жыцця. Задачамі геранталогіі з’яўляюцца вывучэнне малекулярна-генетычных механізмаў старэння, узроставых змен рэгулявання генет. апарату, фіз.-хім. і структурных пераўтварэнняў у нуклеінавых кіслотах арганізма, сувязі паміж узроставымі зменамі біясінтэзу бялку і функцыямі клетак, працэсы запавольвання тэмпу старэння і павелічэння працягласці жыцця.

Геранталогія вядома з глыбокай старажытнасці. Працы па папярэджанні заўчаснага старэння друкаваліся ў 15—19 ст. Асновы геранталогіі закладзены працамі рус. і сав. вучоных С.​П.​Боткіна, І.​І.​Мечнікава, І.​П.​Паўлава, А.​А.​Багамольца, А.​В.​Нагорнага, Дз.​Ф.​Чабатарова, англ. Б.​Стрэлера, А.​Комфарта і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па геранталогіі вядуцца з 1958, калі ў сістэме АН быў створаны сектар геранталогіі, які ў 1987 пераўтвораны ў Ін-т радыебіялогіі АН. Вывучаліся працэсы старэння, роля ў іх мікраэлементаў, узроставыя асаблівасці біяэнергетыкі клеткі, функцыі эндакрыннай сістэмы, гарманальнай рэгуляцыі метабалізму, фізіялогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы і вышэйшай нерв. дзейнасці чалавека (В.А.Лявонаў, М.І.Арынчын, Г.Р.Гацко, Я.Ф.Канапля, Л.​М.​Лабанок і інш.). Клінічныя аспекты геранталогіі вывучаюцца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (У.​П.​Сыты). Гл. таксама Даўгалецце.

Літ.:

Конопля Е.Ф., Гацко Г.Г., Милютин А.А. Гормоны и старение: мембранные механизмы гормональной регуляции. Мн., 1991;

Лобанок Л.М. Гормоны и старение: Регуляция сократительной функции сердца. Мн., 1994.

Г.​Р.​Гацко.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1919—24,

аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырв. Арміі. Створаны 12—19.2.1919 Гал. камандаваннем Узбр. сіл РСФСР для абароны паўн.-зах. і зах. граніц. Штаб сфарміраваны з ліквідаванага штаба Паўн. фронту і размяшчаўся ў пач. 1919 у Старой Русе, потым у Маладзечне, Дзвінску, Смаленску, Мінску. У розны час у З.ф. уваходзілі 3, 4, 7, 12, 15-я (да 7.6.1919 армія Сав. Латвіі), 16-я (да 13.3.1919 — Зах., да 9.6.1919 Бел.-Літоўская), Запасная, Эстляндская, 1-я конная арміі і Мазырская група войск; у аператыўным узаемадзеянні з войскамі З.ф. знаходзіліся Дняпроўская ваенная флатылія і Заходнядзвінская ваенная флатылія. Камандуючыя фронтам: Дз.​М.​Надзёжны (люты—ліп. 1919), У.​М.​Гіціс (ліп. 1919—крас. 1920), М.​М.​Тухачэўскі (крас. 1920—сак. 1921, студз. 1922—сак. 1924), І.​М.​Захараў (в.а. сак.вер. 1921), А.​І.​Ягораў (вер. 1921—студз. 1922), А.​І.​Корк (в.а. сак.крас. 1924), АІ.​Кук (в.а. крас. 1924). У 1919 войскі З.ф. разам з Балт. флотам пераважна трымалі абарону на лініі ад ПнЗ Расіі да Беларусі (тут стаяла Зах. армія) супраць т. зв. белых і інтэрвентаў (англійскіх, фінскіх, польскіх і інш.). З.ф. налічваў (люты 1919) 90 тыс. штыкоў і шабляў, 1941 кулямёт і 677 гармат (пра дзеянні З.ф. ў 1920 гл. ў арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22, Савецка-польская вайна 1920). Пасля спынення 18.10.1920 баявых дзеянняў на фронце войскі З.ф. (часці 7-й і 16-й армій) дзейнічалі супраць Булак-Балаховіча паходу 1920, інш. антысавецкіх выступленняў. 8.4.1924 пераўтвораны ў Зах. ваен. акругу (гл. Беларуская ваенная акруга).

Л.​А.​Селіванаў.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

сістэма планавых мерапрыемстваў па стварэнні, зберажэнні і выкарыстанні зялёных насаджэнняў; састаўная ч. горадабудаўніцтва. Выконвае структурна-планіровачныя, сан.-гігіенічныя, рэкрэацыйныя, дэкар.-маст. функцыі.

Паводле прызначэння аб’екты З.б. падзяляюць на насаджэнні агульнага карыстання (паркі, сады, скверы, бульвары, пасадкі на вуліцах, плошчах і інш.) і абмежаванага карыстання (насаджэнні на тэр. школ, бальніц, дзіцячых садоў, дамоў адпачынку і санаторыяў, прамысл. прадпрыемстваў, сядзіб калгаснікаў, вакол вадаёмаў і інш.). Элементамі З.б. лічаць: масівы, групы, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, кветкавае афармленне, алеі; да іх далучаюць таксама добраўпарадкаванне азялененых тэрыторый: дарожна-сцяжынкавыя сеткі, аб’екты паркавага дэкору (вазы, скульптуры, фантаны і інш.), быт. абслугоўвання (лаўкі, навесы, альтанкі, павільёны і інш.). Пры распрацоўцы праектаў садоў і паркаў улічваюць дынаміку росту дрэў, стан і афарбоўку іх крон у залежнасці ад пораў года. У сістэму зялёных насаджэнняў уваходзяць і загарадныя паркі (леса-, луга-, гідрапаркі, гіст., этнагр., мемарыяльныя) і зоны адпачынку. У комплексе З.б. асобна вылучаюць азеляненне, ландшафтную архітэктуру, садова-паркавае мастацтва.

На Беларусі ў З.б. выкарыстоўваюць прыёмы планіроўкі і забудовы жылых раёнаў у адзінстве з прыродным ландшафтам. З улікам патрабаванняў З.б. створаны паркі імя Я.​Купалы ў Мінску, культуры і адпачынку ў Брэсце, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Жлобіне, Оршы, парк «Юбілейны» ў Гродне, бульвары і інш. Плошча зялёных насаджэнняў у Мінску 3216,4 га, што складае 19 м² на 1 чал. (1997); работы па З.б. вядзе акц. прадпрыемства «Мінскзелянбуд».

Літ.:

Боговая И.О., Теодоронский В.С. Озеленение населенных мест. М., 1990;

Горохов В.А. Городское зеленое строительство. М., 1991.

Т.​П.​Вадап’янава.

Да арт. Зялёнае будаўніцтва. Цэнтральная плошча г. Маладзечна.

т. 7, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ВА,

вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Краўлянка, каля аўтадарогі Ашмяны—Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад горада і 20 км ад чыг. ст. Смаргонь, 222 км ад Гродна. 812 ж., 357 двароў (1998).

Упершыню згадваецца ў ням. хроніках (13 ст. як сталіца Нальшчанаў. З 1260-х г. (пасля ўцёкаў мясц. князя Даўмонта) у складзе ВКЛ. У 14 ст. цэнтр Крэўскага княства, пабудаваны Крэўскі замак. У К. падпісана Крэўская унія 1385, у 1387 заснаваны адзін з першых у ВКЛ касцёл. Пасля 1391 К. ў Ашмянскім пав. Да 17 ст. неаднаразова было месцам барацьбы ў час усобіц і войнаў. У 17—18 ст. мястэчка. мела магдэбургскае права. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з буйнейшых цэнтраў керамічнай вытв-сці (гл. Крэўская кераміка). У 1897 у К. 1380 ж., 217 двароў. 2 царквы, сінагога, вучылішча, школа, 2 магазіны, 5 кірмашоў штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Смаргонскім р-не. У 1972—1155 ж. У 1998 створаны міжнар. фонд «Крэва» — грамадская недзярж. арг-цыя з мэтай садзейнічання захаванню і адраджэнню Крэўскага замка.

Лясніцтва. Дрэваапр. цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл Праабражэння Гасподняга (1997). Брацкія могілкі салдат рус. арміі, што загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Аляксандра Неўскага (1854). На зах. ускраіне вёскі захаваліся руіны Крэўскага замка і гарадзішча.

В.​У.​Шаблюк (гісторыя).

т. 8, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕР (англ. laser, скарачэнне ад Light Amplification by Stimulated Emission of Radiation узмацненне святла вымушаным выпрамяненнем),

аптычны квантавы генератар эл.-магн. выпрамянення ў бачным, інфрачырвоным ці ультрафіялетавым дыяпазонах даўжынь хваль. Прынцып работы Л. заснаваны на ўзмацненні святла пры наяўнасці адваротнай сувязі. Выкарыстоўваецца ў навук. фіз., хім., біял. даследаваннях, прам-сці, медыцыне, экалогіі, лініях валаконна-аптычнай сувязі, для запісу, апрацоўкі, перадачы і захоўвання інфармацыі і інш., а таксама ў ваен. справе (прамянёвая зброя).

Л. мае актыўнае асяроддзе, прылады напампоўкі для ўзбуджэння рэчыва ва ўзмацняльны стан і адваротнай сувязі, якая забяспечвае шматразовае праходжанне выпрамянення праз актыўнае рэчыва. Адваротная сувязь ствараецца люстэркамі (гл. Аптычны рэзанатар) або перыядычнымі неаднастайнасцямі актыўнага рэчыва (Л. з размеркаванай адваротнай сувяззю). Паводле актыўнага рэчыва адрозніваюць газавы лазер, паўправадніковы лазер, цвердацелы лазер, вадкасны на арган. фарбавальніках, эксімерны Л. (на малекулах галагенаў з высакароднымі газамі), Л. на свабодных электронах і інш.; паводле рэжыму работы — неперарыўны і імпульсны (выпрамяняюцца адзінкавыя імпульсы ці перыядычная паслядоўнасць імпульсаў з частатой паўтарэння да 10​7 с​−1.

На Беларусі даследаванні і распрацоўкі Л. праводзяцца ў ін-тах фізікі, электронікі, малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ, БПА і інш. Бел. вучонымі і інжынерамі створаны лазеры на арган. фарбавальніках, рэалізаваны розныя метады кіравання параметрамі лазернага выпрамянення і выкарыстання Л. ў навук. даследаваннях, медыцыне, апрацоўцы інфармацыі.

Літ.:

Степанов Б.И. Лазеры на красителях. М., 1979;

Яго ж. Лазеры сегодня и завтра. Мн., 1987;

Качмарек Ф. Введение в физику лазеров: Пер. с пол. М., 1981;

Тарасов Л.В. Лазеры действительности и надежды. М., 1985;

Войтович А.П., Севериков В.Н. Лазеры с анизотропными резонаторами. Мн., 1988.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 9, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БЛІН (Lublin),

горад на У Польшчы, на р. Быстшыца. Адм. ц. Люблінскага ваяводства. 350 тыс.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Эканам. і культ. цэнтр усх. ч. Польшчы. Прам-сць: машынабуд. (у т. л. аўтамабільная і вытв-сць с.-г. машын), харч. і харчасмакавая (цукр., мясная, мукамольная, макаронная, тытунёвая, піваварная, спіртагарэлачная), гарбарна-абутковая, швейная, галантарэйная, буд. матэрыялаў, паліграфічная. 5 ВНУ, у т. л. ун-т. Бат. сад. Біскупства. Люблінскі музей. Арх. помнікі: каралеўскі замак (13—19 ст., цяпер музей), ратуша, дамы, палацы і касцёлы (14—18 ст.) у стылях готыкі, рэнесансу, барока.

У 10—11 ст. гандл. паселішча. У 13 ст. неаднаразова быў разбураны татарамі, русінамі, яцвягамі. З канца 13 ст. належаў галіцка-валынскім князям (да 1302). Гар. правы з 1317. Прывілей на гандаль з ВКЛ (1383), мытныя прывілеі і інш. спрыялі хуткаму развіццю горада. Гал. цэнтр гандлю паміж Каронай (Польшчай) і ВКЛ, месца правядзення міжнар. кірмашоў; значны асяродак рамеснай вытв-сці. З 1474 цэнтр ваяводства. У Л. адна з буйнейшых і найб. значных у Польшчы яўр. абшчын (з 11 ст.); з 1623 месца правядзення сеймаў яўрэяў Кароны. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў Рэфармацыі; да 1648 існавала абшчына антытрынітарыяў (М.Чаховіц і інш.), кальвінская абшчына. Месца заключэння Люблінскай уніі 1569. У 1795 уключаны ў склад Аўстрыі, у 1809 — Варшаўскага герцагства, у 1815 — Каралеўства Польскага. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны аўстр. войскамі. У 2-ю сусв. вайну ў прадмесці Л. створаны ням.-фаш. канцэнтрацыйны лагер Майданак. У ліп. 1980 у горадзе адбыліся забастоўкі рабочых.

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

Каралеўскі замак у Любліне.

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРО́ННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, прадпрыемствы якой выпускаюць макаронныя вырабы. Каля 80% прадукцыі вырабляецца з мукі вышэйшых гатункаў, у некаторыя вырабы дадаюцца малочныя прадукты, яйкі і інш. Атрымала шырокае развіццё ў многіх краінах свету, паколькі макаронныя вырабы пажыўныя і высокакаларыйныя, добра зберагаюцца, хутка і проста гатуюцца. Найбуйнейшыя вытворцы макаронных вырабаў з’яўляюцца Італія (35 кг на 1 чал. за год), Японія (12 кг), Францыя (6 кг), Венгрыя, Германія, Расія, ЗША.

На Беларусі да 1920-х г. вытв-сць макаронных вырабаў вялася пераважна саматужным спосабам. Толькі ў Брэсце працавала паравая макаронная ф-ка (17 рабочых у 1908). Як самастойная галіна М.п. створана ў пач. 1920-х г. У 1931 у Барысаве, на базе дражджавога з-да пабудаваны макаронна-мукамольны камбінат (з 1944 макаронная ф-ка). На базе арцелі ўзнікла макаронная ф-ка ў Віцебску. У 1940 выпушчана 13,5 тыс. т макаронных вырабаў. У 1963 на базе арцелі створана Слуцкая макаронная ф-ка. У 1977 дзейнічала 14 аўтаматычных, 18 механізаваных паточных ліній, комплексна-механізаваны ўчастак; выпушчана 49,1 тыс. т макаронных вырабаў. У 1997 М.п. давала 0,9% валавой прадукцыі харч. прам-сці. У ёй занята 1,2% прамысл. персаналу харч. прам-сці. Вытв-сць макаронных вырабаў склала 41,5 тыс. т, што ў 1,5 раза менш, чым у 1990. Працуюць 57 прадпрыемстваў і вытв-сцей па выпуску макаронных вырабаў, найбуйнейшыя з іх Барысаўская макаронная фабрыка (адкрытае акц. т-ва «Барымак»), ф-кі ў Слуцку і Віцебску, цэх пры Магілёўскім хлебазаводзе. Створаны шэраг сумесных прадпрыемстваў, у т. л. чэшска-бел. прадпрыемства Pastaala у Нясвіжы, якое вырабляе 10 найменняў макаронных вырабаў.

П.​І.​Рогач.

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)