ПЕ́РШЫ СХОД БЕЛАРУ́САЎ БЛІ́ЗКАГА ЗАМЕ́ЖЖА Адбыўся 19—20.12.1992 у Мінску; прысутнічалі 240 дэлегатаў з рэгіёнаў былога СССР, Польшчы, а таксама ганаровыя госці — вядомыя дзеячы, прадстаўнікі дзярж. і грамадскіх арг-цый Беларусі. Арганізаваны згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына». Удзельнікі сходу прынялі заяву і звароты да народаў Беларусі, да беларусаў свету, да парламентаў і ўрадаў на тэр. былога СССР, урада Беларусі. Прынята рашэнне аб правядзенні Першага з’езда беларусаў свету.
Літ.:
Канус К. Мы не пасынкі твае, Беларусь! // Бел. мінуўшчына. 1993. № 1.
Г.І.Сурмач.
т. 12, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́РСАН (Pearson) Лестэр Боўлс (23.4.1897, г. Таронта, Канада — 27.12.1972),
дзярж. дзеяч Канады. Вучыўся ў юрыд. школе ў Таронта (1919) і Оксфардскім ун-це (1923, 1925). У 1928—48 на дыпламат. службе. З 1948 чл. парламента. У 1948—57 міністр замежных спраў. За ўдзел ва ўрэгуляванні ўзбр. канфлікту 1956 вакол нацыяналізацыі Егіптам Суэцкага канала прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1957. У 1958—68 лідэр Ліберальнай партыі. У 1963—68 прэм’ер-міністр. Заключыў пагадненне з ЗША аб размяшчэнні на тэр. Канады амер. ядзернай зброі (1963).
т. 12, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯВА́КА Фёдар Нічыпаравіч (25.4.1842, г. Троіцк Арэнбургскай вобл., Расія — 5.1.1909),
рускі юрыст, адвакат. Скончыў юрыд. ф-т Маскоўскага ун-та (1870). Удзельнік буйных паліт. і крымін. працэсаў: справы лютарыцкіх (1880), сеўскіх (1905) сялян, аб стачцы рабочых ф-кі Т-ва С.Марозава (1886), рабочых ф-кі Коншынскай мануфактуры (1897) і інш. Дэпутат 3-й Дзярж. думы ад партыі акцябрыстаў.
Тв.:
Речи. Т. 1—2. М., 1909—10.
Літ.:
Кони А.Ф. Собр. соч. Т. 5. М., 1968;
Смолярчук В.И. Адвокат Федор Плевако. Челябинск, 1989.
т. 12, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́СЕЛ, Расел (Russell) Генры Норыс (25.10.1877, г. Ойстэр-Бей, ЗША — 18.2.1957), амерыканскі астраном. Скончыў Прынстанскі ун-т (1900), дзе і працаваў з 1911, у 1912—47 дырэктар астр. абсерваторыі гэтага ун-та. Навук. працы па астрафізіцы, зорнай астраноміі і касмалогіі. Вызначыў залежнасць паміж свяцільнасцю і спектральнымі класамі зорак (гл. Герцшпрунга—Рэсела дыяграма). Аўтар адной з першых гіпотэз аб эвалюцыі зорак.
Тв.:
Рус. пер. — Солнечная система и ее происхождение. М.; Л., 1944.
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.
т. 14, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т ЭКАНАМІ́ЧНАЙ УЗАЕМАДАПАМО́ГІ (СЭУ),
міжнародная эканам. арганізацыя краін сацыяліст. арыентацыі ў 1949—1991. Штаб-кватэра знаходзілася ў Маскве. Члены: Албанія (спыніла ўдзел у 1961), Балгарыя, Венгрыя, В’етнам, ГДР (да 1990), Куба, Манголія, Польшча, Румынія, СССР, Чэхаславакія. У рабоце асобных органаў СЭУ з 1964 удзельнічала Югаславія, у якасці назіральнікаў — прадстаўнікі Анголы, Лаоса, КНДР, Эфіопіі. Дзейнасць рэгламентавалася Статутам і будавалася на аснове шматбаковых і двухбаковых пагадненняў аб сумесным планаванні, будаўніцтве аб’ектаў, спецыялізацыі і каапераванні вытв-сці, навук.-тэхн. супрацоўніцтве. Спыніў дзейнасць у 1991.
т. 14, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭХІЯМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. stoicheion аснова, элемент + ...метрыя),
вучэнне аб колькасных суадносінах паміж масамі або аб’ёмамі рэчываў, што ўступаюць у хім. рэакцыю. Уключае правілы састаўлення хім. формул і ўраўненняў хімічных. Тэрмін «С.» ўвёў у 1793 ням. хімік І.В.Рыхтэр. Заснавана на масы захавання законе, эквівалентаў законе, Авагадра законе, Гей-Люсака законе (закон аб’ёмных адносін), пастаянства саставу законе, кратных адносін законе. Суадносіны, у якіх адпаведна законам С. рэчывы ўступаюць у рэакцыю, наз. стэхіяметрычнымі, таксама наз. злучэнні, састаў якіх адпавядае гэтым законам.
т. 15, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКА́З,
нарматыўны акт кіраўніка дзяржавы або пастаяннага калегіяльнага органа — вышэйшага прадстаўнічага органа дзярж. улады. Павінен адпавядаць Канстытуцыі і законам краіны, а таксама прымацца з улікам норм міжнар. права. У Рэспубліцы Беларусь права выдаваць У. належыць прэзідэнту дзяржавы. Маюць абавязковую сілу, вяршэнства над актамі інш. дзярж. органаў і службовых асоб. Пэўныя У. (аб увядзенні ваен. становішча, абвяшчэнні поўнай або частковай мабілізацыі) падлягаюць зацвярджэнню ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У. або іх асобныя палажэнні, якія разыходзяцца з законам, не маюць юрыд. сілы.
т. 16, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКЛА́Д,
грашовыя сродкі, якія на пэўных умовах унесены ў банк ці інш. фін. ўстанову з мэтай захавання і атрымання даходаў у выглядзе працэнтаў. Існуюць У.: імянныя, на прад’яўніка (можа карыстацца асоба, якая мае дакумент аб укладзеных сродках), нумарны (гарантуе асобую канфідэнцыяльнасць). Адрозніваюць таксама У.: да запатрабавання (без пазначэння тэрміну захоўвання), тэрміновы (на пэўны тэрмін, звычайна не менш як на год), мэтавы — уносіцца з пэўнай мэтай (напр., для накаплення сродкаў на куплю дома); выйгрышны (даход выплачваецца ў форме выйгрышу па тыражах) і інш.
т. 16, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛАРЫСТЫ́ЧНЫ КАДА́СТР,
сістэматызаваны збор звестак аб сукупнасці відаў раслін. якая эвалюцыйна-гістарычна склалася на пэўнай тэрыторыі. Аб’екты ўліку — дзікарослыя расліны, што растуць у натуральных умовах. Уключае звесткі пра склад флоры, сістэматычны стан відаў, іх навук. назву, паказчыкі пашырэння, колькасць, тэндэнцыі змянення стану, гасп. выкарыстанне раслін. Прызначаны для інфармавання пра аб’екты расл. свету з мэтай захавання іх біял. разнастайнасці, кантролю за зменамі ў расл. свеце, арганізацыі ўзнаўлення рэдкіх і знікаючых відаў, эканам. ацэнкі расл. рэсурсаў, іх рацыянальнага выкарыстання і інш.
П.І.Лабанок.
т. 16, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРА́ТЭ (ад літ. jura мора),
у літоўскай нар. міфалогіі каралева (багіня) Балтыйскага мора. Паводле падання (запісана ў 1842), Ю. пакахала простага рыбака Касціціса. Раззлаваны вярх. бог Пяркунас забіў маланкай Ю. і разбурыў яе падводны палац (бурштын, які хвалі выкідваюць на бераг, — кавалкі гэтага палаца), а Касціціса прыкаваў да скалы на дне мора. Паданне аб Ю. і Касціцісе ў аснове паэт. балады Майроніса. «Юратэ і Касціціс» (1920), тэме іх кахання прысвечаны многія інш. творы літ. л-ры, музыкі, харэаграфіі і выяўл. мастацтва.
т. 18, кн. 1, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)