УСТАНО́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,

незалежная і самастойная публічная ўлада паводле канстытуцыйнай дактрыны шэрагу краін (Францыя, Калумбія і інш.), якая мае паўнамоцтвы па прыняцці або істотнай змене канстытуцыі дзяржавы. Займае месца ў раздзяленні ўлад нараўне з заканадаўчай, выканаўчай і судовай. У.у. ажыццяўляюць самі заканад. органы, спец. орган У.у. — устаноўчы сход, непасрэдна выбарчы корпус (праз рэферэндум), устаноўчы сход разам з выбарчым корпусам. У выключных выпадках У.у. прымае на сябе кіраўнік дзяржавы або ўрада.

т. 16, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНІЯ СЛАВЯ́НЕ,

адна з трох (разам з заходнімі і паўднёвымі) асноўных груп славян. Склаліся ў 6—9 ст. на тэр. Усх. Еўропы. Займаліся ворным земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам.

Падзяляліся на племянныя саюзы палян, драўлян, валынян, дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў, вяцічаў і інш. У 1-й пал. 9 ст. мелі раннедзярж. аб’яднанні (княжанні) у Сярэднім Падняпроўі і Прыільменні, якія сталі асновай Кіеўскай Русі. Да 16 ст. склаліся народнасці: беларусы, рускія, украінцы.

т. 16, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІ́ЧНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

умацаванне здароўя чалавека і яго правільнае фіз. развіццё, адна з састаўных частак агульнай сістэмы выхавання. Садзейнічае агульнаму развіццю асобы разам з разумовым, маральным, эстэт. і прац. выхаваннем. Асн. сродкі Ф.в. — заняткі фіз. практыкаваннямі, разнастайныя віды турызму і спорту, загартоўванне арганізма, прытрымліванне гігіенічнага рэжыму побыту і працы, авалоданне спец. ведамі (у галіне методык фіз. практыкаванняў, сродкаў загартоўвання і гігіены), якія садзейнічаюць фіз. ўдасканаленню чалавека. Гл. таксама Фізічная культура.

т. 16, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́КАН VII (Haakon, 3.8.1872, Шарлотэнлун, цяпер у межах г. Капенгаген — 21.9.1957),

кароль Нарвегіі [1905—57]. З дынастыі Глюксбургаў. Выбраны каралём Нарвегіі пасля скасавання шведска-нарвежскай уніі 1814—1905 і ўтварэння самаст. нарв. дзяржавы. У 1-ю сусв. вайну захоўваў нейтралітэт краіны. У 2-ю сусв. вайну пасля акупацыі Нарвегіі ням.-фаш. войскамі ў ходзе Нарвежскай аперацыі 1940 разам з урадам знаходзіўся ў эміграцыі (Лондан; 1940—45), не прызнаваў нарв. калабарацыянісцкі ўрад В.Квіслінга.

т. 17, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЬЦКІЯ МО́ВЫ,

група моў, якія адносяцца да індаеўрапейскай сям’і моў (гл. Індаеўрапейскія мовы). У 1-м тыс. да н.э. былі пашыраны ў Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Іспаніі, Паўн. Італіі. Пазней зона іх распаўсюджання значна скарацілася. Паводле геагр. прыкметы падзяляюць на кантынент. і астраўныя. Іх вылучаюць у 3 падгрупы: гальскую (гальская, кельтыберская, лепантыйская), гайдэльскую (ірл., гэльская, мэнская) і брыцкую (валійская, корнская, брэтонская). Мэнская, корнская, кельтыберская, лепантыйская і гальская — мёртвыя мовы; ірландская мова — дзярж. мова Ірландыі (разам з англ.); валійская ўжываецца ў перыёдыцы і на радыё, выкладаецца ў школах (разам з англ.); брэтонская і гэльская мовы — сукупнасць рэгіянальных дыялектаў без устойлівай пісьмовай літ. нормы і ўжываюцца ў вуснай форме. Некат. асаблівасцямі К.м. збліжаюцца з італійскімі мовамі.

Стараж. К.м. былі флектыўнымі, для сучасных характэрны аналіт. тып марфалогіі. У фанетыцы розныя камбінаторныя змяненні гукаў (галосных і зычных), інкарпарацыя, спрашчэнне канцавых складоў, сілавы націск, спецыфічнае ўжыванне аддзеяслоўных назоўнікаў, цвёрды парадак слоў. Першыя пісьмовыя помнікі кантынент. К.м. датуюцца прыблізна 5—1 ст. да н.э. (надпісы на камянях, графіці на вазах, этрускае пісьмо і інш.), астраўных — 4—11 ст. (агамічныя надпісы, глосы і інш.). Вывучае К.м. кельталогія.

Літ.:

Льюис Г., Педерсен Х. Краткая сравнительная грамматика кельтских языков: Пер. с англ. М., 1954.

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАСЦЬ,

катэгорыя, якая выяўляе неаддзельную ад быцця аб’екта яго істотную акрэсленасць, дзякуючы якой ён з’яўляецца менавіта гэтым, а не іншым аб’ектам. Адлюстроўвае ўстойлівыя ўзаемаадносіны складаных элементаў аб’екта, якія характарызуюць яго спецыфіку, што дае магчымасць адрозніваць гэты аб’ект ад іншых. Дзякуючы Я. кожны аб’ект існуе і мысліцца як нешта адмежаванае ад інш. аб’ектаў. Разам з тым Я. выяўляе і тое агульнае, што характарызуе ўвесь клас аднародных аб’ектаў.

Катэгорыя Я. ўпершыню прааналізавана Арыстоцелем, які вызначаў яе як відавое адрозненне сутнасці; ён адзначаў цякучасць якасных станаў рэчаў, іх здольнасць ператварацца ў процілеглае. Сярэдневяковая схаластыка тлумачыла т.зв. схаваныя Я. як вечныя і нязменныя «формы». На глебе механіст. светапогляду і філасофіі новага часу склаўся падзел на першасныя і другасныя Я. Г.​Гегель вызначыў Я. як лагічную катэгорыю, якая складае пач. ступень пазнання рэчаў і станаўлення свету, як непасрэдную характарыстыку быцця аб’екта. Дыялектычны матэрыялізм зыходзіць з прызнання аб’ектыўнасці і ўсеагульнасці якаснай пэўнасці рэчаў. Разам з катэгорыяй колькасці Я. утварае дыялектычнае адзінства ўнутры пэўнай меры прадмета, яны ўвесь час пераходзяць адна ў адну. Гэтае ўзаемадзеянне якаснай і колькаснай пэўнасцей прадмета выражае дыялектычны закон пераходу колькасных змяненняў у якасныя.

т. 18, кн. 1, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛІНГ, Паўлінг (Pauling) Лайнус Карл (н. 28.2.1901, г. Портленд, штат Арэгон, ЗША — 19.8.1994), амерыканскі фізік і хімік, грамадскі дзеяч. Чл. Нац. АН ЗША (1933), Амер. АН мастацтваў і навук (1944). Замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т у Пасадэне (1925; д-р філасофіі), дзе і працаваў у 1927—64 (з 1931 праф.). У 1969—74 у Станфардскім ун-це. З 1975 у Ін-це навукі і медыцыны. Навук. працы па тэорыі хім. сувязей, даследаванні структуры малекул, біяхіміі, імунахіміі, малекулярнай генетыцы. Распрацаваў квантава-механічны метад разліку структуры малекул — метад валентных сувязей (1931, адначасова з амер. фізікахімікам Дж.​К.​Слейтэрам), на аснове якога стварыў новую тэорыю будовы хім. злучэнняў — тэорыю рэзанансу (1931—33). Увёў паняцце электраадмоўнасці, прапанаваў спосаб яе колькаснага вызначэння (1932) і шкалу адносных лікавых значэнняў электраадмоўнасцей хім. элементаў. Заклаў асновы структурнага аналізу бялкоў (1946—50, разам з Дж.Д.Берналам, У.​Л.​Брэгам), выказаў думку пра спіральную будову поліпептыднага ланцуга ў бялках. Адзін з ініцыятараў Пагуашскага руху. Нобелеўская прэмія 1954, Нобелеўская прэмія міру 1962, Міжнар. Ленінская прэмія 1970.

Тв.:

Рус. пер. — Природа химической связи. М., Л., 1947;

Общая химия. М., 1974;

Химия. М., 1978 (разам з П.​Полінгам).

Літ.:

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981. С. 315.

Л.Полінг.

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЦКЕ́ВІЧ Аляксандр Фёдаравіч (14.3.1923, в. Тартак Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 19.11.1995),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1969), праф. (1970). Засл. работнік Вышэйшай школы Беларусі (1980). Скончыў Рэсп. школу прапагандыстаў пры ЦК КП(б)Б (1946), БДУ (1950). У 1946—58 на камсам. і парт. рабоце ў Івянецкім р-не, Баранавіцкім, Маладзечанскім абкомах КП(б)Б, заг. аддзела абл. газ. «Красное знамя» (г. Маладзечна). З 1961 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН БССР. З 1965 выкладчык Мінскага радыётэхнічнага, з 1973 заг. кафедры Бел. тэатр.-мастацкага, з 1977 — Бел. політэхн. ін-таў. Даследаваў гісторыю Кастр. рэвалюцыі 1917, польска-сав. вайну 1919—20, антыфаш. і партыз. рух у Вял. Айч. вайну, рэпрэсіі 1930—50-х г.

Тв.:

Польские интернационалисты в борьбе за власть Советов в Белоруссии. Мн., 1967;

Становление партизанского движения в Белоруссии и дружба народов СССР. Мн., 1980 (разам з Р.​Р.​Кручком);

Вдохновитель и организатор великой Победы. Мн., 1985 (разам з Г.​А.​Алдакушыным);

Солдат великих боев: Жизнь и деятельность Ф.​Э.​Дзержинского. 5 изд. Мн., 1987;

Арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях Беларусі (1939—1941 гг.) // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1—2;

Аб раззбраенні груповак Арміі Краёвай у Нарачанскай і Налібоцкай пушчах (1943—1944) // Там жа. 1996. № 1, 3.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 16, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́НАЎ Пётр Аляксандравіч (1.11.1905, г. Віцебск — 26.1.1990),

бел. мікрабіёлаг-імунолаг. Д-р біял. н., праф. (1942). Чл.-кар. АН Казахстана (1954). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1930). З 1934 у Алма-ацінскім зоавет. ін-це, з 1961 у Ін-це біялогіі АН БССР, з 1964 у БДУ. Вывучаў уласцівасці змяінага яду. Вынайшаў проціядныя вакцыны і сывараткі, антыбіётык актынаміцын К. Навук. працы па мікробных меланінавых пігментах, бруцэлёзе буйн. раг. жывёлы.

Тв.:

Общая микробиология. Мн., 1969 (разам з В.​І.​Калешка).

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРГАМІ́СТР (ням. Bürgermeister),

1) выбарная асоба, якая ўзначальвала мясц. самакіраванне ў сярэдневяковых гарадах, дзе дзейнічала магдэбургскае права. У феад. гарадах Беларусі наз. бурмістр.

2) У час Вял. Айч. вайны на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі пад выглядам мясц. самакіравання ў гарадах і раёнах назначалі бургамістра з мясц. жыхароў і з асоб, якія прыбылі разам з акупантамі і супрацоўнічалі з імі.

3) У шэрагу краін Зах. Еўропы (Германія, Бельгія і інш.) — кіраўнік органаў мясц. самакіравання.

А.​М.​Літвін.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)