ВЭ́ЭТАМ (Veetamm) Муя

(сапр. Рыстмягі Эльтс; н. 2.3.1907, Трыйгійская воласць Хар’юскага пав., Эстонія),

эстонская пісьменніца. Вучылася ў Талінскім каледжы Т-ва нар. ун-таў (1929—31). Друкуецца э 1936. У кнігах вершаў «Вачамі і сэрцам» (1949), «Успаміны пра пройдзены шлях» (1955) грамадзянская і пейзажная лірыка, у зб-ках «Жалейка і люстэрка» (1959), «Сцяжыны і дзверы» (1968), «На мяжы мора і сушы» (1974), «Канапляны парус» (1982) актуальныя праблемы сучаснага грамадскага жыцця. Аўтар паэт. і празаічных твораў для дзяцей, публіцыст. кн. «Кветкі і карані» (1962), п’ес, лібрэта опер. На эст. мову пераклала асобныя творы П.Броўкі (у зб. «А дні ідуць», 1964), Я.Купалы (у зб. «А зязюлька кукавала...», 1966), Я.Коласа (у зб. «Звон шыбаў», 1968).

Н.М.Басель.

т. 4, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́МА (Zima) Міласлаў

(н. З.1.1920, Прага),

чэшскі мовазнавец-славіст. Д-р слав. філалогіі (1953). Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1950). З 1954 у Ін-це славяназнаўства Чэхаславацкай АН, у 1961—84 супрацоўнік Слав. б-кі ў Празе. Даследаваў пытанні транскрыпцыі, транслітарацыі, арфаграфіі і анамастыкі бел., польск., рус., балг. і славенскай моў («Некаторыя прапановы па транслітарацыі алфавіта і іх тэарэтычная аснова», 1963, «Транслітэрацыя, транскрыпцыя і іншыя віды перадачы», 1986). Шэраг артыкулаў прысвяціў праблемам бел. мовазнаўства: «Паходжанне назвы «Белая Русь» (1957), «Умовы так званага пералівання імён у нацыянальныя формы паміж усходнеславянскімі мовамі» (1972), «Нататкі пра беларускую літаратурную мову» (1980), «Францішак Скарына і яго імя» (1990) і інш. Перакладае з слав. моў, у т.л. з беларускай.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ КАЛЯНДА́Р»,

штогадовае выданне Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ) у Польшчы. Выдаецца з 1957 у Беластоку на бел. мове (у 1993 друкаваўся ў Гродне, у 1994 і 1995 у Мінску). Змяшчае матэрыялы, прысвечаныя юбілейным і памятным датам Беларусі і Польшчы, дзейнасці БГКТ, бел.-польскім грамадскім, культ. і эканам. сувязям, даведкі пра найб. значныя падзеі і славутых дзеячаў свету, даследаванні па гісторыі, культуры і краязнаўстве Беласточчыны. Друкуе бел. фальклор, рэпертуарныя старонкі для аматарскіх фалькл. і тэатр. калектываў, творы членаў літ.-маст. аб’яднання «Белавежа», біяграфіі і творы бел. пісьменнікаў, старонкі гумару, юрыд. і гасп. парады, астр. звесткі, імяніны, царк. правасл. і каталіцкі календары паводле старога і новага стыляў і інш. Выданне ілюстраванае.

Л.У.Языковіч.

т. 2, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІЯ ВЕ́ДАМАСЦІ»,

штотыднёвая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 14.9.1921 да 15.1.1922 у Вільні на бел. мове. Выйшла 19 нумароў. Рэдактар-выдавец М.Гарэцкі. Адно з першых беларускамоўных выданняў пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора. Пісала пра паліт. і эканам. жыццё беларусаў у т.зв. Сярэдняй Літве, дамагалася адкрыцця школ на роднай мове, змяшчала матэрыялы аб школьным і культ. жыцці ў БССР, Латвіі, на Украіне. Друкавала творы Ф.Багушэвіча, А.Абуховіча, К.Каганца, Я.Купалы і інш., гіст. артыкулы У.Ігнатоўскага, М.Кахановіча, А.Смоліча і інш. Змясціла раздзелы з «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век — 1905 г.» М.Гарэцкага. З лепшых надрукаваных у газеце маст. твораў быў складзены дадатак да «Беларускіх ведамасцяў» «Беларускі дэкламатар». У 1921 выйшлі 3 зборнікі «Беларускіх ведамасцяў». Газета закрыта ўладамі.

С.В.Говін.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ ПРЭС-БЮРО́,

інфармацыйныя бюро і карэспандэнцкія пункты, якія ствараліся ўрадам Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) для інфармавання замежнай грамадскасці пра Беларусь, бел. пытанне і дзейнасць урада БНР. 1-е прэс-бюро існавала з лета 1919 да 1925 пры Надзвычайнай місіі БНР у Берліне. Выдавала інфарм. бюлетэнь на бел. і ням. мовах. Беларускія прэс-бюро дзейнічалі таксама ў Рызе пры Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі (1919—21; кіраўнік У.Грунтоў), Капенгагене (1919—21; І.Лур’е), Коўне (пры дыпламат. прадстаўніцтве БНР у Літве, 1921—24; выдавала свой бюлетэнь), Нью-Йорку (1921; Бубешка), Таліне (наз. інфарм. аддзел, 1921—22; М.Чарвякоў). Карэспандэнцкія пункты ў розны час існавалі ў Парыжы, Празе, Варшаве, Вене, Бялградзе, Сафіі, Вільні, Гданьску, Канстанцінопалі.

Р.А.Лобаў.

т. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКОЕ Э́ХО»,

штотыднёвая грамадска-паліт., літ. і эканам. газета. Выдавалася 30.5—1.11.1918 у Кіеве на рус. мове, частку матэрыялаў друкавала па-беларуску. Асн. задача — гуртаванне беларусаў, якія жылі на Украіне, забеспячэнне іх сувязі з радзімай. Праводзіла ідэю нац. аб’яднання бел. сіл на Украіне і Беларусі ў цэлым. Выступала за адбудову, умацаванне і незалежнасць бел. дзяржавы, яе свабоднае нац. і эканам. развіццё, нац. адраджэнне, аб’яднанне ўсіх грамадскіх сіл бел. народа дзеля рэалізацыі нац. інтарэсаў, прызнанне суверэннасці Беларусі з боку суседніх дзяржаў. Пісала пра мінулае, сучаснае і перспектывы бел. адраджэнскага руху, асвятляла дзейнасць урада БНР, пытанні дзярж. буд-ва і культ. жыцця на Беларусі і інш. Выйшла 9 нумароў.

А.С.Ліс, А.Я.Шорахава.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРГЕЛЬСО́Н Давыд Рафаілавіч

(12.8.1884, с. Сарны Чаркаскай вобл., Украіна — 12.8.1952),

яўрэйскі пісьменнік. Дэбютаваў аповесцю «Вакол вакзала» (1909). Вытанчаны псіхалагізм Бергельсона выявіўся ў раманах «Пасля ўсяго» (1913), «Адыход» (1920), дзе аўтар даў шырокі малюнак жыцця розных пластоў яўр. буржуазіі, паказаў розныя лёсы яўр. інтэлігенцыі. У 1921 выехаў за мяжу, жыў у Берліне. Тэма правамернасці Кастр. рэв. і грамадз. вайны — у рамане «Мера строгасці» (1926—27) і зб. апавяданняў «Бурныя дні» (1927). У 1929 вярнуўся ў СССР. Раман «На Дняпры» (кн. 1—2, 1932—40) — эпапея пра жыццё і барацьбу нар. мас на пач. 20 ст. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1957;

На Днепре. Т. 1—2. М., 1960.

т. 3, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНА́РТ ДЭ ВЕНТАДО́РН, Бернарт дэ Вентадур (Bernart de Ventadorn; Bernart de Ventadour ; каля 1125, замак Вентадур, дэпартамент Карэз, Францыя — каля 1195),

правансальскі паэт-трубадур. Адзін з выдатных песняроў кахання. Напалову легендарную біяграфію Бернарта дэ Ветадорна склалі шматлікія гісторыі пра захапленні паэта рознымі Доннамі. Захаваліся паэт. і муз. тэксты 44 яго песень. Выкарыстоўваў жанр кансоны (любоўнай песні з кананічнай строфікай і рыфмоўкай), версу (які не абмяжоўваўся тэмай кахання, а закранаў і пытанні маралі), тэнсоны (літаральна — спрэчка, песня-дыялог). Тэксты Бернарта дэ Ветадорна адметныя шчырасцю, эмацыянальнасцю, вытанчанасцю формы.

Тв.:

Рус. пер. — Песни. М., 1979.

Літ.:

Дынник В.А. Бернарт де Вентадорн и «радостная наука» трубадуров // Бернарт де Вентадорн. Песни. М., 1979.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НІН Сяргей Аляксеевіч

(н. 13.7.1913, г. Любім Яраслаўскай вобл., Расія),

рускі пісьменнік. Гал. рэдактар час. «Нева» (1957—63). Першы зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1947). Вострыя пытанні жыцця і маралі ў раманах «На сваёй зямлі» (кн. 1—2, 1948—52), «Два жыцці» (1962), аповесці «Непатрэбная слава» (1955). Манера пісьма Вароніна сціслая, псіхалагічна ёмістая: зб-кі апавяданняў «Дом насупраць» (1954), «У паводку» (1958), «У чаканні цуду» і «Раман без кахання» (1968). Аўтар аповесцяў «Мілы ты мой!..» (1976), «У цябе ёсць усё, Ягораў!» (1983), «Жыццяпіс І.П.Паўлава» (1989) і інш., кнігі пра пісьменніцкую працу «Час вынікаў» (1978).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1981—82.

Літ.:

Емельянов Л. Сергей Воронин. Л., 1983.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧ Уладзімір Аляксандравіч

(н. 9.1.1952, Мінск),

бел. фалькларыст і этнограф. Канд. філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1974). У 1974—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 у Бел. пед. ун-це імя М.Танка. Даследуе пытанні бел. фалькларыстыкі і этнаграфіі. Аўтар манаграфіі «Усходнеславянская гумарыстычная песня» (1979), кн. «Збіральнікі» (1991, пра бел. фалькларыстаў), «Беларускі народны каляндар» (1993). Укладальнік тома «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986, яго ўступ і каментарыі), зб-каў «Хто з’еў прасвірку» (1979, з А.Фядосікам), «Дай Божа знаць, з кім век векаваць: Беларуская народная варажба» (1993), «Міфы Бацькаўшчыны» (1994), «Беларускі народны соннік» (1996) і інш. На бел. мову з польскай пераклаў аповесць Я.Корчака «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве» (1982).

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)