апошняе зледзяненне плейстацэну ў еўрап.ч. Расіі. Адбылося 80—11 тыс.г. назад. У пачатку зледзянення ледавік дасягаў макс. памераў і даходзіў да цяперашняга г. Цвер (ранневалдайская, калінінская, падпарожская стадыя), пасля чаго настала пацяпленне (сярэдневалдайскае, ленінградскае, манчалоўскае). У канцы валдайскага зледзянення ледавік зноў пашырыўся і падыходзіў да сучаснага Валдайскага узв. (познавалдайская, асташкаўская стадыі). Валдайскае зледзяненне адпавядае паазерскаму зледзяненню ў Беларусі, вюрмскаму зледзяненню ў Альпах, віскансінскаму ў Паўн. Амерыцы, вейхзельскаму, віслінскаму ў Зах. Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РБАЛА,
гарадзішча 12—14 ст. у Эстоніі, у Рапласкім р-не, за 60 км на Пд ад Таліна. Пл. каля 2 га, умацавана валам выш. да 10 м. Даследавана ў 1938—41 і 1953.
У 1212 Варбала было абложана наўгародцамі і пскавічамі і прымушана плаціць даніну. У пач. 13 ст. апорны пункт эстаў у барацьбе з ням. і дацкімі захопнікамі. Разбурана, верагодна, у сярэдзіне 14 ст.пасля паўстання Юр’евай ночы 1343—45.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТАКРЫ́Л,
лятальны апарат, у якога пад’ёмная сіла, неабходная для падтрымання яго ў палёце, ствараецца нясучым вінтом (вінтамі) і крылом, а цяга — паветр. вінтамі або рэактыўнымі рухавікамі. Узлёт, завісанне, пасадку і палёт на малых скарасцях В. ажыццяўляе як верталёт, а пасля дасягнення скорасці, пры якой становяцца эфектыўнымі аэрадынамічныя рулі, ляціць як самалёт (з выкарыстаннем пад’ёмнай сілы крыла). Канструктыўна больш складаныя і цяжкія, чым верталёты. Бываюць грамадзянскія і ваенныя. Выкарыстоўваюцца абмежавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Першапачаткова ахоплівала, верагодна, тэр. Віцебскай зямлі, намеснікі якой з 1503 карысталіся тытулам ваяводы. Пасляадм.-тэр. рэформы 1565—66 складалася з Віцебскага і Аршанскага пав. Мела харугву зялёнага колеру з выявай «Пагоні» ў белым полі. Першы ваявода Ю.Глябовіч. У 1772 амаль уся тэр. Віцебскага ваяводства (акрамя зах. часткі Аршанскага пав.) адышла да Рас. імперыі, аднак пасада віцебскага ваяводы захоўвалася ў ВКЛ да 1794.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ СКАРБ,
манетны скарб, знойдзены ў Віцебску ў 1926. У гліняным гаршку былі 792 грошы пражскія сярэдзіны 14 — пач. 15 ст. Сярод манет Вацлава IV [1378—1419] 2 экз. з кантрамаркай г. Аўгсбурга, 1 — Рэгенсбурга. Грош часоў праўлення Іржы Падэбрада [1458—71] — адзіная знаходка на тэр. Беларусі. Большая частка скарбу (767 манет, 2000 г) захоўвалася ў Віцебскім аддз.Бел.дзярж. музея, астатняя — у Бел.дзярж. музеі (г. Мінск). Пасля 1941 лёс скарбу невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ КАЛУ́МБІЯ (La Gran Colombia),
Калумбія, федэратыўная рэспубліка на ПнПаўд. Амерыкі ў 1819—30. Утворана ў ходзе Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Уключала Новую Гранаду (сучасная Калумбія) і Венесуэлу (з 1819), Панаму (з 1821), Кіта (цяпер Эквадор; з 1822). Сталіца — г. Багата. Прэзідэнт рэспублікі — С.Балівар, віцэ-прэзідэнт — Ф.Сантандэр. Пасля распаду федэрацыі (1830) б. яе члены сталі незалежнымі рэспублікамі (акрамя Панамы, якая ўвайшла ў склад Новай Гранады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БРУСЁЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (н. 1.1.1922, в. Гарошкава Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1945). З ліст. 1941 на Зах., Варонежскім, 1-м Укр. франтах, удзельнік абароны Масквы, вызвалення Польшчы, Чэхаславакіі. Старшы сяржант Габрусёў вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра каля г. Вышгарад (Украіна): пераправіўся з групай разведчыкаў цераз раку, пасля гібелі камандзіра ўзначаліў узвод, які адбіў 10 контратак праціўніка, утрымліваў плацдарм да падыходу падмацавання. Да 1964 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАНЦЫЛЯ́РЫЯ,
вышэйшая ваен. і адм. ўстанова ў Левабярэжнай Украіне ў 17—18 ст.Засн. ў ходзе вызв. вайны 1648—54 укр. народа супраць польскага панавання. Размяшчалася пры рэзідэнцыях укр.гетманаў. Складалася з генеральнай старшыны. У пач. 18 ст. Генеральнай вайсковай канцылярыі перададзена кіраванне Левабярэжнай Украінай. Яе дзейнасць кантралявала Маларасійская калегія. У 1734 пераўтворана ў Праўленне гетманскага ўрада (складалася з трох афіцэраў і трох «выбарных» прадстаўнікоў вышэйшай казацкай старшыны). Ліквідавана пасля скасавання гетманства (1764).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ Ю́Р’ЕВІЧ (1155? — 7.3.1195),
князь дубровіцкі і тураўскі. Сын кн.Юрыя Яраславіча, унук Яраслава Святаполчыча. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1183 удзельнічаў у паходзе за Дняпро на полаўцаў, дзе аб’яднаныя дружыны рус. князёў разбілі войска хана Канчака і ўзялі шмат палонных. Гісторык В.М.Тацішчаў памылкова назваў Глеба Юр’евіча князем дабранскім і лічыў яго ўнукам Яраслава Яраполчыча, у якога таксама быў сын Юрый. Тураўскім князем стаў, відаць, пасля смерці брата Святаполка (1190).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ВЕР ((Hoover) Герберт Кларк) (10.8.1874, г. Уэст-Бранч, штат Аява, ЗША — 20.10.1964),
дзяржаўны і паліт. дзеяч ЗША. У час 1-й сусв. вайны арганізатар харч. дапамогі для Бельгіі і Францыі. У 1917—19 узначальваў Федэральную харч. адміністрацыю, у 1919—23 — Амерыканскую адміністрацыю дапамогі. У 1921—28 міністр гандлю. У 1929—33 прэзідэнт ЗША (ад Рэсп. партыі). Садзейнічаў аднаўленню ваенна-прамысл. патэнцыялу Германіі. Пасля 2-й сусв. вайны кіраваў арганізацыяй амер. дапамогі многім краінам.