навука пра кнігу як з’яву культуры і яе бытаванне ў грамадстве. У вызначэнні К. існуе некалькі падыходаў: як комплексная грамадская навука пра кнігу і кніжную справу, якая вывучае працэсы стварэння, распаўсюджвання і выкарыстання твораў пісьменства і друку; як комплекс адносна самаст. дысцыплін (тэорыі і арганізацыі кнігавыдання, кнігагандлю, бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і інш.); як асобная вузкаспецыяльная навука пра гісторыю кнігі і тэорыю яе грамадскіх дачыненняў. Сінонімамі К. ў розныя часы былі тэрміны «бібліялогія», «бібліягнозія», «бібліясофія». У кнігазнаўчых даследаваннях гіст. кірунку вылучаюць гісторыю пісьма, рукапіснай кнігі (кадыкалогія), друкаванай кнігі, гісторыю мастацтва кнігі і бібліяфільства. Сярод дапаможных гісторыка-кніжных дысцыплін — палеаграфія, археаграфія, крыніцазнаўства, філіграналогія (гл.Вадзяныя знакі), бібліяпегія (вывучэнне пераплётаў) і інш.
Пачынальнікам К. лічаць аўстр. бібліёграфа М.Дэніса, які адзін з першых ужыў тэрмін «К.». Яго погляды развілі аўстр. і франц. спецыялісты кніжнай справы 18 ст. У Расіі першымі тэарэтыкамі К. былі В.С.Сопікаў, В.Р.Анастасевіч, М.М.Лісоўскі, А.М.Лавягін, М.А.Рубакін, М.М.Куфаеў. У 1894—96 у Маскве выдаваўся штомесячны час. «Книговедение». Уздым К. пачаўся ў канцы 1950-х г. Праблемамі К. займаецца ЮНЕСКА (з 1982 выдае серыю «Даследаванні пра кнігу і чытанне»).
На Беларусі зараджэнне К. цесна звязана з развіццём пісьменства. Гуманістычную ролю кнігі абгрунтоўвалі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі. Мэтам дэмакратызацыі і ўзвышэння кнігі, яе эстэтычнай прыгажосці, зразумеласці і даступнасці служыў Ф.Скарына. У прадмовах, пасляслоўях, каментарыях да сваіх выданняў Скарына і яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі, браты Мамонічы, друкары брацкіх друкарняў высока ўзнялі кніжную справу Беларусі, сцвердзілі значнасць бел. кніжнасці ў агульным рэчышчы еўрап. Адраджэння. Кнігазнаўчая праца праводзілася ў Віленскай акадэміі, калегіумах, буйных манастырскіх і прыватных бібліятэках. Многія з прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Алелькавічаў, Зяновічаў, Храптовічаў і інш. выдатна разумелі значэнне кнігі ў адукацыі і культуры. Добрае веданне юрыд. л-ры свайго часу Л.Сапега выкарыстоўваў пры ўкладанні і рэдагаванні Статута ВКЛ 1588. Кнігазнаўчы кірунак мелі вопісы бібліятэк. Вопіс б-кі Слуцкага Троіцкага манастыра 1494 — першы з вядомых на Беларусі. У аналагічным вопісе б-кі Супрасльскага манастыра 1557 улічана і часткова апісана афармленне 211 кніг, у т. л. каваных золатам, серабром і інш. У 19 ст. развіццё К. на Беларусі звязана з Віленскім ун-там і дзейнасцю ў ім І.Лялевеля, які ў працах «Дзве бібліяграфічныя кнігі» (т. 1—2, 1823—26) і «Гісторыя бібліятэк» (1827) асвятляў тэарэт. пытанні К. як комплекснай навукі пра кнігу. У 1829 А.М.Багаткевіч чытаў у Віленскім ун-це фактычна першы ў Рас. імперыі курс К. У 19 ст. вялася работа па апісанні бел. старадрукаў, стварэнні каталогаў прыватных і грамадскіх бібліятэк, кнігарняў (П.А.Гільтэбрант, Ф.М.Дабранскі, А.І.Мілавідаў, С.Л.Пташыцкі, Р.А.Зямкевіч і інш.). Асобныя аспекты К. і гісторыі стараж.бел. кніжнасці разглядаліся ў працах П.У.Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні, і мова» (1888) і Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У 1920-я г. на ніве бел. К. працавалі Ю.І.Бібіла, Дз.І.Даўгяла, М.В.Мялешка, У.І.Пічэта, М.М.Шчакаціхін, Б.І.Эпімах-Шыпіла. Многія працы выходзілі за межамі БССР, у т. л. «Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і беларускіх Вялікага княства Літоўскага» А.Шлюбскага (Коўна, 1925), «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» В.Ю.Ластоўскага (Коўна, 1926) — першая вял. анталогія па гісторыі бел. кніжна-літаратурнага і дакументальнага пісьменства 10 — пач. 19 ст. У БССР у 1926 выйшла калектыўнае даследаванне «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925». У 1926—29 у Мінску працавала Беларускае таварыства бібліяфілаў, якое выдала першую ў БССР працу аб кніжных знаках (кніга Шлюбскага «Exlibris’ы А.Тычыны», 1928). У цяперашні час пытанні К. распрацоўваюць б-кі: Нацыянальная Беларусі, Цэнтр.-навук.АН Беларусі, Прэзідэнцкая, БДУ, Нац. кніжная палата Беларусі, Бел.ун-т культуры, кафедры гуманітарнага профілю ВНУ. Шмат зрабілі ў галіне К. вучоныя С.Х.Александровіч, М.Б.Батвіннік, Г.Я.Галенчанка, А.П. і В.П.Грыцкевічы, Л.І.Збралевіч, А.К.Каўка, Г.В.Кісялёў, У.М.Конан, Ю.А.Лабынцаў, А.В.Мальдзіс, Я.Л.Неміроўскі, М.В.Нікалаеў, С.А.Падокшын, Т.І.Рошчына, І.В.Саверчанка, В.У.Скалабан, В.А.Чамярыцкі, В.Ф.Шматаў, Я.Я.Янушкевіч і інш. Артыкулы па К. друкуюцца ў штогодніку «Пытанні бібліяграфазнаўства і бібліятэказнаўства» (выдаецца з 1980). Значны абагульняльны і канкрэтна-гіст. матэрыял па К. сістэматызаваны ў фундаментальных выданнях, тэматычных зборніках і манаграфіях, прысвечаных 500-годдзю Скарыны: «Біблія Скарыны» (факс. выд., т. 1—3, 1990—91), «Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.» (1988), «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. л-ры» Неміроўскага і Л.А.Осіпчыка (1990), «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» Галенчанкі (1993) і інш. Выдатны ўзор вынікаў працы бел. кнігазнаўцаў — выданне да 400-годдзя зацвярджэння Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 (1989). У наш час даследаванне важных праблем К. суправаджаецца выхадам адпаведных серый кнігазнаўчых выданняў. Вызначэнню зместу паняццяў «нацыянальны дакумент», «кніжная спадчына Беларусі» і інш.тэарэт. пытанням прысвечана серыя «Здабыткі: Дакументальныя помнікі Беларусі», рэстытуцыі кніжных каштоўнасцей — серыя «Вяртанне», міжнар. славяназнаўчай праграме «Гісторыя кніжнай культуры Падляшша» — аднайм. серыя, комплексным праблемам культуры і гісторыі — серыя «Беларусіка=Albaruthenica». Выходзяць серыі: «З гісторыяй на «Вы», «Скарыніч: Літ.-навук. гадавік», «Шляхам гадоў: Гіст.-літ.зб.». Пошукам кнігалюбаў і лёсу асобных рарытэтаў прысвечана выданне «Свіцязь: Альманах бібліяфілаў Беларусі» (1989). Пытанні гісторыі кніжнай справы на Беларусі асвятляюцца ў выданнях суседніх краін: «Друкары старажытнай Польшчы з XV да XVIII ст. Сш. 5. Вялікае княства Літоўскае» (1959), «400 гадоў рускага кнігадрукавання» (1964), «Украінская кніга» (1965), «Слоўнік дзеячаў польскай кнігі» (1972), «Кнігазнаўства: Энцыкл. слоўнік», «Гісторыя кнігі Літвы: Паказ. л-ры, 1659—1982» (абодва 1982). У бел. замежжы кнігазнаўчыя даследаванні вялі Бел.бібліягр. служба (Германія), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, даследчыкі М.Панькоў, М.Вакар, Л.Акіншэвіч, В.Тумаш (С.Брага), А.Надсон, В. і З.Кіпелі, Я.Запруднік, А.Ружанец-Ружанцоў і інш.Найб. значныя працы — «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства» (т. 1, Мюнхен; Лондан, 1974—75; т. 2, Кліўленд, 1978) А.Калубовіча, «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (Нью-Йорк, 1989) Тумаша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ ((Mickiewicz) Адам) (24.12.1798, в. Завоссе Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; паводле інш. крыніц, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 26.11.1855),
польскі паэт беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Паходзіў са старадаўняй збяднелай бел. шляхты роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай». Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), Віленскі ун-т (1819). У час вучобы ва ун-це — адзін з лідэраў тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Настаўнічаў у Коўне (1819—23). Быў арыштаваны, з кастр. 1824 у ссылцы. Жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. Зблізіўся з дзекабрыстамі і А.Пушкіным. З мая 1829 у эміграцыі. Жыў пераважна ў Рыме, часам у Швейцарыі. З 1832 у Парыжы, разам з І.Лялевелем — адзін з лідэраў левага дэмакр. крыла польск. эміграцыі, рэдагаваў час. «Pielgrzym Polski» («Польскі пілігрым»), які быў трыбунай свабодалюбівых ідэй. У 1839 праф. Лазанскага ун-та. З 1840 узначальваў кафедру слав. л-р у Калеж дэ Франс у Парыжы. У гэты час на М. моцна паўплывалі містычна-месіянскія ідэі і настроі А.Тавянскага. У 1848 далучыўся да рэв. падзей, што ўскалыхнулі ўсю Еўропу. Выехаў у Італію, дзе ўзначаліў польскі легіён, які змагаўся поруч з войскамі італьян. паўстанцаў. Для польск. легіёна напісаў «Звод прынцыпаў», у якім адбіліся яго дэмакр. і нац.-вызв. ідэі. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў прагрэс.дэмакр.газ. «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»), у сваіх артыкулах выступаў як духоўны лідэр еўрап. дэмакратыі. З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855 выехаў у Турцыю, дзе ствараў польск. атрады для барацьбы супраць царскай Расіі. Памёр раптоўна ў Канстанцінопалі. Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці М. знайшлі адлюстраванне яго грамадска-паліт. погляды на гісторыю і лёс роднага краю, ролю нац.-вызв. барацьбы ў гіст. працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамант. вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асн. тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс...», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага краю, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыят. абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нац.-вызв. пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» М., у якіх змешчаны «Балады і рамансы» (1822), паэмы «Гражына» і «Дзяды» (ч. 2 і 4, 1823). Са з’яўленнем гэтых твораў постаць М. ў польск. л-ры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літ. жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага маст. кірунку — рамантызму, асн. прынцыпы народнасці і нац. самабытнасці якога М. сфармуляваў у літ. маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на бел.гіст. і фалькл. матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыят. пафасам, а ў аснове сюжэта «Дзядоў» стараж.-бел. язычніцкі абрад памінання продкаў. У перыяд рас. ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыят. пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусв. л-ры. У іх паэт. майстэрства М. дасягнула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гіст. змагання стараж. ліцвінаў-беларусаў супраць крыжакоў. У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне М. пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардока», а таксама 3-ю частку драм. паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрап. народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны маст. твор М., вял.нац. эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834; аднайм. кінафільм 1999, рэж. А.Вайда). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясц. шляхты, дадзены шырокая панарама нар. жыцця на Беларусі пач. 19 ст., яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы. Маст. спадчына М. завяршаецца невял. цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі слав. л-р. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на ўсё далейшае развіццё бел. л-ры. У 19 ст. ён адчуваецца ў творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.Вярыгі-Дарэўскага, В.Каратынскага, Я.Лучыны, Ф.Багушэвіча, у пач. 20 ст. — Я.Купалы, Я.Коласа, у сучаснай л-ры — у творчасці У.Караткевіча. З сярэдзіны 19 ст. да сучаснасці яго творы актыўна перакладаліся і перакладаюцца на бел. мову Дуніным-Марцінкевічам (першы перакладчык), А.Ельскім, А.Гурыновічам, Я.Купалам, Я.Коласам, М.Танкам, А.Куляшовым, П.Панчанкам, І.Багдановіч, У.Мархелем, К.Цвіркам і інш. Балады «Тры Будрысы» і «Удагонку» пераклаў Я.Купала, баладу «Пані Твардоўская» — Я.Купала, В.Сёмуха, паэму «Гражына» — С.Дзяргай, П.Бітэль, паэму «Конрад Валенрод» — Вярыга-Дарэўскі, Бітэль, паэму «Мешка, князь Навагрудка» — Караткевіч, паэму «Дзяды» — С.Мінскевіч. Паэма «Пан Тадэвуш» у пер. Б.Тарашкевіча выдадзена ў 1981, у пер. Я.Семяжона — у 1985, у пер. Бітэля — у 1998. У Навагрудку створаны Міцкевіча Адама дом-музей, на Замкавай гары ў яго гонар насыпаны мемарыяльны курган. У Завоссі створаны музей-сядзіба М. і пастаўлены абеліск. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў («Даліна Міцкевіча» М.Калачынскага, «Адаму Міцкевічу» Я.Пушчы, «Вадаспад Адама Міцкевіча» М.Танка і інш.), творы мастакоў. У 1998 грамадскасць Беларусі шырока адзначыла 200-гадовы юбілей М.: адбыліся міжнар.навук.-тэарэт. канферэнцыі ў Гродне, Брэсце, Навагрудку, Мінску, выйшлі новыя выданні яго твораў.
Тв.:
Dzieła. T. 1—16. Warszawa, 1955;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1955;
«Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мн., 1969;
У кн.: Ажэшка А. Зімовым вечарам;
Міцкевіч А. Свіцязанка: Вершы, балады, паэмы. Мн., 1996;
Да Нёмна. Мн., 1998;
Санеты=Sonety. Мн., 1998;
Дзяды=Dziady. Т. 1—2. Мн., 1999;
Рус.пер. — Ода к молодости: Стихотворения. Поэмы. Мн., 1997.
Літ.:
Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Мірачыцкі Л.П. Светлым ценем Адама Міцкевіча. Мн., 1994;
Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;
Мархель У.І. «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел.літ.Мн., 1998;
Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1998. Witkowska A. Mickiewicz: Słowo i czyn. Warszawa, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАСІБІ́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУЗах. Сібіры, у Расійскай Федэрацыі. Утворана 28.9.1937. Пл. 178,2 тыс.км². Нас. 2743 тыс.чал. (1997), гарадскога 74%. Цэнтр — г.Новасібірск. Найб. гарады: Бердск, Іскіцім, Куйбышаў, Барабінск, Татарск, Карасук. Займае паўд.-ўсх.ч.Зах.-Сіб. раўніны, паміж рэкамі Об і Іртыш. Большая ч. тэрыторыі — Барабінская нізіна, на Пн забалочаная Васюганская раўніна, на У адгор’і Салаірскага кража (выш. да 498 м). У цэнтр. і паўд. частках — рэльеф грывісты; «грывы» выш. 6—10 м, выцягнутыя з ПнУ на ПдЗ. Паніжэнні паміж імі заняты балотамі і азёрамі. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, золата, торф, буд. матэрыялы. Ёсць крыніцы мінер. вод. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -16 °C (на Пд) і -20 °C (на Пн), ліп. 18—20 °C. Ападкаў ад 250 мм на ПдЗ да 500 мм на Пн і У вобласці. Гал. рака — Об з прытокамі Бердзь і Іня, на ПнЗ прытокі Іртыша Ом і Тара. Рэкі Карасук, Чулым, Каргат і інш. ўпадаюць у бяссцёкавыя азёры. Больш за 3 тыс. азёр, найб. Чаны, Сартлан, Убінскае. Новасібірскае вадасховішча на р. 06. Шмат балот. Глебы падзолістыя, шэрыя лясныя, чарназёмныя. Лясы займаюць каля 11% тэрыторыі. На Пн — забалочаная тайга (піхта, елка, хвоя, кедр з дамешкамі бярозы, асіны), на У хваёва-бярозава-асінавыя лясы, на Пд — лесастэпы з бярозавымі колкамі. на ПдУ участкі стэпаў.
Вядучае месца ў прам-сці належыць машынабудаванню і металаапрацоўцы (вытв-сць станкоў, гідрапрэсаў, самалётаў, прылад радыёэлектронікі, сродкаў сувязі, у т. л. касмічных, энергет. машын і абсталявання, у т. л. для атамнай энергетыкі, с.-г. машын, абсталявання для тэкст. прам-сці і інш.). Развіты чорная і каляровая металургія, хім. і хіміка-фармацэўтычная, лясная і дрэваапр., лёгкая, харч.прам-сць. Па вытв-сці мяса, малака і кандытарскіх вырабаў Н.в. уваходзіць у лік вядучых рэгіёнаў Расіі. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Новасібірская ГЭС (на р. Об) і Барабінская ДРЭС (г. Куйбышаў). Н.в. — важны с.-г. раён Сібіры. С.-г. ўгоддзі займаюць 8,6 млн.га, у т. л. ворныя землі 4 млн.га. Пасевы збожжавых (пшаніца, жыта, ячмень, авёс) і зернебабовых культур пераважна ў паўд. раёнах. З тэхн. культур вырошчваюць лён і сланечнік, з кармавых — кукурузу і інш. Бульбаводства, агародніцтва. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, коней. Развіта птушкагадоўля. Пчалярства. Асн.значэнне мае чыг. транспарт (каля 90% грузаабароту). Даўж. чыгунак 1,5 тыс.км. Гал. чыгункі: участак Транссібірскай магістралі, Новасібірск—Кузбас, Новасібірск—Барнаул, Татарск—Карасук—Кулунда. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 11,6 тыс.км. Суднаходства па р. Об (497 км). Нафтаправод Башкірыя—Омск—Новасібірск—Іркуцк з адгалінаваннямі. Курорт Карачы.
Беларусы ў Новасібірскай вобласці. Масавыя міграцыі з Беларусі на тэр. сучаснай Н.в. адбываліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Паводле перапісу 1911 у Каінскім пав. было 1113 гаспадарак беларусаў — выхадцаў з Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай губ. Перасяленцы з Магілёўшчыны і Міншчыны заснавалі ў 1906 в. Аляксандраўка (цяпер Балотнінскі р-н), якая ў 1916 налічвала больш за 100 двароў. У 1-ю сусв. вайну ў рэгіёне асела частка бел. бежанцаў, у 1917—18 у в. Казлоўка — стараверы з Мінскай губ. У 1920—30-я г. з Беларусі сюды дэпартавалі раскулачаных, рэпрэсіраваных і інш. Паводле перапісу 1926 у г. Новасібірск жыло 433, у Новасібірскай акрузе — 37 439, у Барабінскай — 26 270 беларусаў. Яны вырошчвалі лён на адваяваных у тайгі землях, займаліся рамёствамі, традыц.нар. творчасцю. Паводле перапісу 1939 у Н.в. жыло 41 713 беларусаў. Тут адбываў ссылку бел. пісьменнік Т.Лебяда. У Вял.Айч. вайну ў Новасібірск эвакуіравана 141 тыс. жыхароў Беларусі, у т. л. калектыў Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР. Пасля вайны ў Н.в. ехалі жыхары Беларусі па вярбоўцы, на новабудоўлі, па размеркаванні выпускнікі ВНУ. Паводле перапісу 1959 у Н.в. 11 684 беларусы (пераважна ў гарадах). На 1989 іх стала 13 137 чал.Бел. фальклор, маст. самадзейнасць, дэкар.-прыкладное мастацтва найб. захаваліся ў Кыштоўскім р-не, дзе сканцэнтравана да 30% нашчадкаў беларусаў-перасяленцаў. Іх побыт, адзенне, культ. спадчыну адлюстроўваюць і экспанаты краязнаўчых музеяў у с. Кыштоўка і г. Новасібірск. Узоры нац. фальклору беларусаў Новасібіршчыны, сабраныя ў час 4 комплексных навук. экспедыцый 1985—92, увайшлі ў працу, якую выдае Сіб. аддзяленне Рас.АН (г. Новасібірск). У 1994 у Новасібірску ўзнікла культ.-асв.т-ва «Беларусы Сібіры» (старшыня У.Галуза). Т-ва правяло сустрэчу прадстаўнікоў бел. арг-цый з Омска, Томска, Барнаула, Кемерава, Новакузнецка, Краснаярска (1995), ініцыіравала абласны фестываль бел. культуры, грамадскія скарынаўскія чытанні, шэраг выставак, у т. л. фотавыстаўку памяці вучонага В.А.Капцюга (усе 1997). У 1997 у Кыштоўцы праведзены раённы фестываль бел. культуры з удзелам фалькл. гуртоў і калектываў маст. самадзейнасці з вёсак Залівіна, Камышынка, Каўбаса, Круціха, Мяжоўка, Пахомава. У 1998 бел. ансамбль «Азарычы» (маст. кіраўнік Н.Шпурык) адзначаны залатым медалём Сіб. кірмашу за «чысціню традыцый і нац. культуру ў рукатворных касцюмах». З 1995 у новасібірскай б-цы імя А.Чэхава існуе аддзел бел. л-ры, з 1998 на абл. тэлебачанні дэманструецца бел. праграма, адкрыта спецыялізацыя «бел. мова і л-ра» на філал. ф-це Новасібірскага дзярж.пед. ун-та. З 1997 у Новасібірску створаны і асвячоны абраз св. Ефрасінні Полацкай, блаславёна буд-ваправасл. царквы ў гонар прападобнай Ефрасінні. Фінансаванне т-ва забяспечваюць М.Сулкоўскі (з 1997 узначальвае т-ва «Беларусы Сібіры», ён жа адзін з фундатараў праграмы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» па стварэнні копіі крыжа св. Ефрасінні Полацкай) і інш. прадпрымальнікі бел. паходжання. У вер. 1997 зарэгістравана Грамадская арг-цыя новасібірскай рэгіянальнай нац.-культ. аўтаноміі беларусаў (прэзідэнт Галуза), якая ўваходзіць у нац.культ. аўтаномію «Беларусы Расіі» і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Дэлегаты ад новасібірскіх беларусаў удзельнічалі ў працы Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (1992), I і II з’ездаў беларусаў свету, нарадзе прадстаўнікоў замежных суполак (Мінск, 1995). Новасібірскія беларусы аказваюць дапамогу тым, хто пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (напр., акадэмік А.Трафімук перадаў сваю Дзярж. прэмію Расіі на карысць бел. дзяцей-чарнобыльцаў, У.Драздоў ініцыіраваў стварэнне спец. фонду ўзаемадапамогі пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС). У 2000 у Новасібірску выдадзена сумесная праца вучоных ін-таў гісторыі Нац.АН Беларусі і Сіб. аддзялення Рас.АН — зб. «Беларусы ў Сібіры».
Літ.:
Фурсова Е.Ф. Традиционно-бытовые особенности культуры белорусов-переселенцев конца XIX — начала XX в. (по материалам этнографических экспедиций) // Белорусы в Сибири. Новосибирск, 2000;
Лыч Л.М. Национально-культурное строительство в БССР и белорусская диаспора Сибири (1920-е — первая половина 1930-х гг.) // Там жа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-АФРЫКА́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (афрыкаанс Republiek van Suid-Afrika, англ. Republic of South Africa),
ПАР, дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн з Намібіяй, Батсванай, Зімбабве, на ПнУ з Мазамбікам і Свазілендам. Унутры краіны знаходзіцца дзяржава Лесота (анклаў на тэр. ПАР). На З абмываецца Атлантычным ак., на Пд і У — Індыйскім ак.Пл. 1219,9 тыс.км². Нас. 43426,4 тыс.чал. (1999). Дзярж. мовы — афрыкаанс, англійская, ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Сталіца — г.Прэторыя, рэзідэнцыя парламента — г.Кейптаўн. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень Свабоды (27 крас.).
Дзяржаўны лад. ПАР — рэспубліка. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца Нац. асамблеяй з яе членаў тэрмінам на 5 гадоў, з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Нац. савету правінцый (верхняя палата, 90 чал., выбіраюцца па 10 чал. ад кожнага правінцыяльнага заканад. органа) і Нац. асамблеі (ніжняя палата, 400 чал., выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў на аснове прапарцыянальнага і прадстаўніцтва).
Прырода. Большая ч. краіны знаходзіцца ў межах Паўд.-Афрыканскага пласкагор’я. У рэльефе пераважаюць плато і пласкагор’і на выш. 800—1500 м, абмежаваныя на У і ПдУ стромкімі схіламі Вял. Уступу (выш. да 3482 м). На ПнЗ частка пустыні Калахары. На Пд сярэдневышынныя Капскія горы. Уздоўж берагоў вузкая паласа нізін. Нетры надзвычай багатыя разнастайнымі карыснымі выкапнямі: залатыя (1-е месца ў свеце), уранавыя (2-е месца), жал., хромавыя, ванадыевыя, сурмяныя, плацінавыя, тытанавыя, цырконавыя, медныя, свінцовыя і інш. руды, алмазы, каменны вугаль, апатыты, азбест; радовішчы каменнай солі, рэдкіх і рэдказямельных металаў, буд. матэрыялаў і інш. Клімат унутр. раёнаў трапічны кантынентальны, на ПдУ — субтрапічны мусонны, на ПдЗ — субтрапічны міжземнаморскі. Сярэднія т-ры зімовых месяцаў (чэрв.—жн.) на пласкагор’і 7—17 °C, летніх 18—24 °C; ападкаў 150—750 мм за год. На Пд сярэднія т-ры летніх месяцаў каля 21 °C, зімовых каля 13 °C; ападкаў 650—750 мм за год. Найб. ападкаў на ўсх. узбярэжжы і на ўсх. схілах Драконавых гор (1000—2000 мм за год), найменш — на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. (менш за 100 мм). Найб. рэкі Аранжавая, Лімпопа, Грэйт-Фіш. Пераважае саванная і стэпавая (на У), паўпустынная і пустынная (на 3) расліннасць. Пад лесам і хмызнякамі 7% тэрыторыі. Адзначаюцца фларыстычная і фауністычная своеасаблівасці (гл.Капская біягеаграфічная вобласць). Характэрныя жывёлы — сланы, насарогі, зебры, антылопы, гіены, віверы, жырафы, ільвы, леапарды. Шмат насякомых. Нац. паркі: Кругера, Калахары-Гемсбак і інш., каля 300 запаведнікаў і фауністычных рэзерватаў. Ахоўваемыя тэр. займаюць 60 тыс.км.
Насельніцтва. ПАР — шматнацыянальная краіна. Афр. народы складаюць 75,2% насельніцтва. Пераважаюць народы групы банту — ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Жывуць таксама гатэнтоты і бушмены. Выхадцаў з Еўропы і іх нашчадкаў 13,6%. Гэта ў асноўным афрыканеры (каля 3,5 млн.чал., 1999) і англа-паўднёваафрыканцы (каля 2 млн.чал.), невял. групы англічан, яўрэяў, немцаў і інш. Больш за 3,5 млн. метысаў, больш за 1 млн. выхадцаў з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў хрысціян 68%, прыхільнікаў мясц.традыц. вераванняў 28,5%, мусульман 2%, індуістаў 1,5%. Сярэднегадавы прырост 1,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. 35,6 чал. на 1 км. Больш шчыльна населена ўсх.ч. краіны, асабліва горна-прамысл. раёны і ўзбярэжжа. Гар. насельніцтва 50%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., 1999): Кейптаўн — 2,4, Іаганесбург — 1,9, Прэторыя — 1,1. У прам-сці занята 29% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 30%, у абслуговых галінах і кіраванні — 41%. Працуюць значныя групы рабочых з суседніх краін.
Гісторыя. Стараж. насельніцтва ПАР — плямёны бушменаў і гатэнтотаў. Да пач. 17 ст.б.ч.тэр. ПАР засялілі плямёны банту: зулу, коса, матабеле і інш. Першы еўрапеец, які наведаў у 1487—88 Паўд. Афрыку, — партуг. мараплавец Б.Дыяш. У 1652 прадстаўнік галандскай Ост-Індскай кампаніі Я.Рыбек заснаваў каля мыса Добрай Надзеі пасяленне Капстад (англ. Кейптаўн — горад каля мыса). У 1680-я г. да галандскіх пасяленцаў далучылася група франц.гугенотаў, якія выратаваліся ад рэліг. праследаванняў на радзіме. У выніку ўзнікла новая этн. супольнасць — буры (афрыканеры), якія размаўлялі на блізкай да галандскай, але асобнай мове — афрыкаанс. Ад шлюбаў бураў з гатэнтотамі ўзнікла супольнасць «метысаў» — т.зв. каляровых. Рух бураў ва ўнутр. раёны Афрыкі прывёў да сутыкнення з народам коса. У выніку т.зв. кафрскіх войнаў (1770—1860-я г.) землі коса далучаны да Капскай калоніі. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў зулу — Чака стварыў зулускую дзяржаву з моцнай арміяй. У 1806 Капскую калонію захапіла Вялікабрытанія. Незадаволенасць бураў брыт. панаваннем прывяла ў 1836—37 да «Вял. трэка» — перасялення ч. бураў на чале з П.Рэтыфам на свабодныя землі. У снеж. 1838 буры на чале з А.Прэторыусам разбілі зулускае войска і стварылі ў 1839 на захопленых у зулусаў землях рэспубліку Наталь, якую Вялікабрытанія анексіравала ў 1843 (з 1856 калонія). Пазней створаны інш. бурскія рэспублікі: Аранжавая свабодная дзяржава (АСД, 1848) і Паўд.-Афр. Рэспубліка (Трансвааль, 1852). У 1879 англічане канчаткова падпарадкавалі зулу і да 1880-х г. наблізіліся да бурскіх рэспублік. Спроба англічан захапіць іх скончылася паражэннем брыт. войск пры Маджубе (1881), што прымусіла Вялікабрытанію прызнаць незалежнасць АСД і Трансвааля. У 1880-я т. ў Капскай калоніі выяўлены буйныя паклады золата, у Трансваалі — алмазаў, што спрыяла хуткаму іх развіццю і прытоку імігрантаў з Еўропы. У выніку англа-бурскай вайны 1899—1902 Вялікабрытанія захапіла АСД і Трансвааль і ператварыла іх у свае пратэктараты. Паводле прынятага ў 1909 брыт. парламентам закона 31.5.1910 Капская калонія, Наталь і бурскія рэспублікі аб’яднаны ў Паўд.-Афр. Саюз (ПАС) з правамі дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. Садружнасці. Першыя ўрады ПАС узначальвалі лідэры Паўд.-афр. партыі (ПАП) Л.Бота (1910—19) і Я.Х.Смэтс (1919—24). Кіраўніцтва ПАС ажыццяўляла палітыку дыскрымінацыі нябелага насельніцтва (78,5% насельніцтва краіны ў 1910), асабліва жорсткую ў дачыненні да карэнных афрыканцаў (67% насельніцтва). У 1913 прыняты закон, які замацоўваў за афрыканцамі толькі 13% тэр. краіны ў 264 рэзерватах. Дыскрымінацыя павялічылася пасля прыходу ў 1924 да ўлады Нацыяналіст. партыі (НП), урад якой на чале з Дж.Герцагам (1924—33) прыняў у 1924—26 законы, што пазбавілі афрыканцаў права займацца кваліфікаванай працай. У 1931 ПАС атрымала пэўную самастойнасць у знешняй палітыцы. У 1933 створаны аб’яднаны ўрад НП і ПАП на чале з Герцагам і Смэтсам, а ў 1934 абедзве партыі злучыліся ў Аб’яднаную партыю. У 1935 найб. кансерватыўныя члены б. НП аднавілі «ачышчаную» НП на чале з Д.Ф.Маланам. У 2-ю сусв. вайну ўрад Смэтса (1939—48) накіраваў на фронт больш за 300 тыс.чал., якія змагаліся ў складзе брыт. войск супраць Германіі і Італіі. На выбарах у маі 1948 перамагла НП. Яе ўрады Малана (1948—54), І.Г.Стрэйдама (1954—58) і Х.Ф.Фервурда (1958—66) ажыццяўлялі дактрыну апартэіду — жорсткую дыскрымінацыю ўсіх нябелых. Афрыканцаў прымусова высялялі з гарадоў у спец. пасяленні (лакацыі), у 1957 ім канчаткова забаранілі займацца кваліфікаванай працай; у 1959 ліквідавана сістэма місіянерскіх школ, што пазбавіла афрыканцаў магчымасці атрымаць добрую адукацыю, забаронены і міжрасавыя шлюбы. Усё гэта выклікала масавыя пратэсты. 21.3.1960 паліцыя расстраляла дэманстрацыю афрыканцаў у Шарпевілі. Неўзабаве забаронена буйнейшая афр.паліт.арг-цыя — Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК), яго лідэры на чале з Н.Мандэлам арыштаваны.
31.5.1961 абвешчана Паўд.-Афр. Рэспубліка, краіна выйшла з Садружнасці. З-за палітыкі апартэіду ў 1962 Ген. Асамблея ААН заклікала ўсіх сваіх членаў да ўвядзення эканам. санкцый і разрыву дыпламат. адносін з ПАР. У час прэм’ерства Б.І.Форстэра (1966—78) афр. рэзерваты аб’яднаны паводле этн. прыкмет у 10 хаўмлендаў («айчын», гл.Бантустаны), некаторыя з якіх (Транскей, Сіскей, Венда і Бапутатсван) абвешчаны «незалежнымі» дзяржавамі, што яшчэ больш пагоршыла становішча афрыканцаў. У чэрв. 1976 расстрэл паліцыяй дэманстрацыі афр. школьнікаў прывёў да паўстання ў лакацыі Соўэта. Пашыралася партыз. барацьба ваен. крыла АНК — «Умконтаве сізве» («Кап’ё нацыі»). Пад націскам выступленняў афрыканцаў і сусв. супольнасці ўрад П.Боты (1978—84) вымушаны быў абвясціць некаторыя рэформы, якія, аднак, не закраналі асноў апартэіду. Новая канстытуцыя 1983 пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта (з 1984 — Бота), каляровыя і азіяты атрымалі права голасу, але карэнныя афрыканцы па-ранейшаму былі пазбаўлены ўсіх грамадз. правоў. Новы прэзідэнт ПАР Ф.В. дэ Клерк (1989—94) быў вымушаны абвясціць праграму ліквідацыі апартэіду. У 1990 вызвалены Мандэла, легалізаваны АНК і інш.афр. партыі. У 1991 апартэід скасаваны. У выніку перагавораў паміж кіраўніцтвам НП, АНК, зулускай Партыі свабоды Інката і інш. арг-цыямі ў 1993 створаны Пераходны выканаўчы савет, які арганізаваў у крас. 1994 першыя шматрасавыя выбары, на якіх перамог АНК, а яго лідэр Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР. Урад Мандэлы (1994—99) намеціў асн. кірункі развіцця краіны, якія разам з паляпшэннем жыццёвых умоў карэннага насельніцтва ПАР прадугледжваюць захаванне прыватнай маёмасці ўсіх расавых груп, шматукладнасць у эканоміцы, прыцягненне замежных інвестыцый. Гэты курс прадоўжыў пераемнік Мандэлы на пасадзе кіраўніка АНК і краіны Т.Мбекі (з чэрв. 1999). ПАР — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі афр. адзінства (з 1994). Дыпламат. адносіны паміж ПАР і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў сак. 1993. Дзейнічаюць паліт. партыі: Афр.нац. кангрэс. Нацыяналіст. партыя, Партыя свабоды Інката, Панафр. кангрэс і інш.
Гаспадарка. ПАР — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем развіцця, найб. развітая ў эканам. адносінах дзяржава Афрыкі. Складаючы 5% тэр. і 9% насельніцтва кантынента, яна выпускае каля 40% прамысл. і каля 30% с.-г. прадукцыі Афрыкі, па эканам. узроўні займае 25-е месца ў свеце. Валавы ўнутр. прадукт складае 290,6 млрд.дол. — па 6,8 тыс.дол. у год на душу насельніцтва (1998). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі складае 39%, сельскай гаспадаркі — 5%, абслуговых галін — 56%. Важныя пазіцыі ў эканоміцы належаць мясц. і замежнаму капіталу.
Значнае месца займаюць дзярж. прадпрыемствы (асабліва ў чорнай металургіі, электраэнергетыцы, цяжкім машынабудаванні, хім. прам-сці). У прамысловасцінайб. развіта горназдабыўная галіна, засяроджаная гал. чынам у паўн. і цэнтр. раёнах. ПАР займае адно з вядучых месцаў у свеце па здабычы золата (каля 700 т штогод, больш за 50% здабычы ў свеце), плаціны (каля 100 т, больш за 60% здабычы ў свеце), алмазаў (пераважна ювелірныя, штогод больш за 10 млн. каратаў), храмітаў (больш за 3 млн.т), марганцавай руды (больш за 3 млн.т), ванадыю, сурмы, азбесту, уранавых канцэнтратаў. Здабываецца жал. руда (каля 15 млн.т штогод), медзь, волава, нікель, тытан, свінец і цынк, рэдкія і рэдказямельныя металы. Значная здабыча горнахім. сыравіны (флюарыту, фасфатаў, барыту, пірыту і каменнай солі), буд. матэрыялаў, прыроднага каменю і інш. Аснова паліўна-энергет. рэсурсаў — каменны вугаль (каля 170 млн.т штогод). У 1996 атрымана 186,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 93% на ЦЭС, 6,3% на АЭС, 0,7% на ГЭС. Развіта чорная (Прэторыя, Фандэрбейлпарк, Ферыніхінг, Ньюкасл) і каляровая (Спрынгс, Джэрмістан, Прэторыя, Акіп) металургія. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне і металаапрацоўка: вытв-сць горнага, эл. і чыг. абсталявання, рэек, пад’ёмных кранаў, катлоў, с.-г. машын, рухавікоў, буд-ва і рамонт суднаў, зборка аўтамабіляў і інш.; асн. іх цэнтры — гарады Іаганесбург, Кейптаўн, Джэрмістан, Спрынгс, Ферыніхінг. Хім.прам-сць цесна звязана з горназдабыўной. Найб.значэнне маюць нафтаперапрацоўка (Кейптаўн, Дурбан), вытв-сць выбуховых рэчываў, штучных угнаенняў, сернай кіслаты, лакаў і фарбаў (раёны Іаганесбурга, Кейптаўна, Дурбана). Развіты харч. (мукамольная, мясная, вытв-сць цукру, агароднінных, фруктовых, рыбных кансерваў), тэкст. і швейная, радыётэхн. і радыёэлектронная, дрэваапр., гарбарна-абутковая, тытунёвая, шкляная, цэм., буд. матэрыялаў, папяровая, паліграф.прам-сць. Спецыфічная галіна — агранка алмазаў (Кейптаўн і Іаганесбург). Лясная прам-сць. Сельская гаспадарка — асн. крыніца існавання для большасці карэннага насельніцтва. Ёсць буйныя таварныя гаспадаркі белых фермераў (сярэдні памер 1 тыс.га) і нізкапрадукц. дробныя гаспадаркі афрыканцаў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 13,4 млн.га, арашаецца 1,3 млн.га; большая ч. краіны (каля 81,7 млн.га, пераважна на 3), выкарыстоўваецца пад пашу. Найб.значэнне мае жывёлагадоўля — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы, воўнавых авечак, пуховых ангорскіх коз. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 13,8, авечак — 30, коз — 7, свіней — 1,6. Каля гарадоў буйныя птушкагадоўчыя комплексы (59 млн. курэй, 1997). У раслінаводстве найб. развіта збожжавая гаспадарка. Асн. культуры (сярэдні штогадовы збор у канцы 1990-х г.): кукуруза — каля 7 млн.т, пшаніца — 2 млн.т, цукр. трыснёг — 2,2 млн.т цукру-сырцу. Сеюць таксама сорга, жыта, авёс, бабовыя. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, яблыкі) і вінаградарства найб. развіты ў раёне Кейптаўна, цытрусавыя і бананы — на Пн. У паўн. раёнах на арашальных землях значныя пасевы бавоўны і тытуню. Кветкаводства, пчалярства. Марское рыбалоўства (509,4 тыс.т рыбы, 1997), асн. база рыбалоўнага флоту — г. Іст-Лондан. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (тыс.км, 1995): чыгунак — 21,4, аўтадарог — 331,3, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 137,5, магістральных трубаправодаў (для перапампоўвання нафты, нафтапрадуктаў, газу) — 3. У краіне 4,4 млн. легкавых і 1,6 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Дзейнічае 749 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Кейптаўна і Іаганесбурга. Знешнегандл. сувязі пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Кейптаўн, Дурбан, Іст-Лондан, Порт-Элізабет, значная роля мазамбікскага порта Мапуту. У 1998 экспарт склаў 28,7 млрд.дол., імпарт — 27,2 млрд.дол. У экспарце пераважаюць золата (20%), інш. металы і алмазы (разам з брыльянтамі, 20—25%), каменны вугаль, харч. прадукты, хімікаты, шэрсць, віны, кансервы, горнае абсталяванне; у імпарце — машыны, трансп. сродкі, хімікаты, нафта, нафтапрадукты, тэкстыль, навук. абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Італія. ПАР — краіна развітога турызму. У 1997 замежны турызм прынёс даход у 2,4 млрд.дол. Грашовая адзінка — рэнд.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (каля 80 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (паліцыя і інш.), усяго 138 тыс.чал. (1998). Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 54,3 тыс.чал., 224 танкі, больш за 3 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, каля 500 гармат, 600 зенітных установак і інш. У ВПС 11,4 тыс.чал., 114 баявых самалётаў, 14 баявых верталётаў. У ВМС 8 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 6 тральшчыкаў, 9 катэраў, у т. л. 6 ракетных.
Ахова здароўя. Медыцына пераважна платная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 52,7, жанчын 56,9 года (1999). Смяротнасць — 12,8 на 1 тыс.чал., забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 239 чал., урачамі — 1 на 1529 чал. Узровень нараджальнасці — 25,9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,3%. Дзіцячая смяротнасць — 52 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Друк, радыё. тэлебачанне. У 1999 у ПАР больш за 900 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на мове афрыкаанс — «Die Burger» («Грамадзянін», з 1915), «Rapport» («Рапарт», з 1970), на англ. мове — «The Star» («Зорка», з 1887), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1906), «The Citizen» («Грамадзянін», з 1976), «Sowetan» («Жыхар Соўэта», з 1981). Нац.акц.інфарм. агенцтва — Паўд.-Афрыканская асацыяцыя прэсы (САПА, з 1938). Паўд.-Афрыканская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя (САБК, з 1936) трансліруе б.ч. тэлевізійных і некаторыя радыёпраграмы; паралельна працуюць 2 камерцыйныя тэлерадыёкампаніі: М-НЕТ і Боп ТВ. Перадачы вядуцца на 20 мовах. Тэлебачанне з 1976.
Літаратура народаў ПАР развіваецца пераважна на мовах афрыкаанс і англ., а таксама на мовах групы банту (зулу, коса, сута, чуана). Фальклор прадстаўлены гераічным эпасам, гіст. легендамі, стараж. бушменскімі і гатэнтоцкімі казкамі пра жывёл, чарадзейнымі зулускімі казкамі, прыказкамі і прымаўкамі. Першыя пісьмовыя творы адносяцца да сярэдзіны 19 ст., калі з’явілася пісьменнасць на афр. мовах на аснове лац. алфавіта. Заснавальнік л-ры на мове сута — Т.Мофала, аўтар гіст. рамана «Чака» (1925). У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся антыкалан. публіцыстыка, апавяданні і раманы А.Шрэйнер, рэв.-рамант. вершы Я.Селірса, Б.У.Вілаказі, раманы Дж.Дубе, Р.Злома. Трылогія «Ампі» I. ван Бругена (1924—42) — узор крытычнага рэалізму ў л-ры на мове афрыкаанс. Вядомасць набыла паэзія т.зв. трыццатнікаў (Н. ван Вейк Лаўв, М.Крыхе). Узмацненне расісцкай палітыкі пасля 2-й сусв. вайны выклікала моцную хвалю л-ры пратэсту, якая развівалася пераважна ў рэчышчы крытычнага рэалізму (творы А.Пейтана, Н.Гордымер, Дж.Коўпа, Дж.Гордана, Э.Мпахлеле, П.Г.Абрахамса). Антырасісцкая тэма вядучая і ў л-ры 1960—70-х г. (А.Ла Гума). Вастрыня сац. праблематыкі застаецца характэрнай для твораў сучаснай л-ры ПАР (раман «Непажаданыя элементы» К.Барнарда і З.Стэндэра, проза Д.Брутуса, вершы І.Іонкер). На бел. мове выдадзены раман Абрахамса «Вянок для Удома» (1959, пер. С.Дорскі), аповесці і апавяданні Абрахамса і Ла Гумы ў зб. «Закон вольных пашаў» (1987).
Архітэктура. Са старажытнасці на тэр. ПАР пашыраны 2 тыпы нар. жытла: паўсферычныя круглыя ў плане хаціны са звязаных рамянямі жэрдак, прымацаваных да цэнтр. слупа, накрытыя травой ці шкурамі жывёл (у народаў герэра і гатэнтотаў) і круглыя або квадратныя ў плане пабудовы, накрытыя саломай, каркас якіх складаецца з укапаных па перыметры слупоў, а прамежкі паміж імі запоўнены глінай ці гноем (у народаў авамба). Асн. тып сельскага паселішча карэнных народаў — крааль. Развіццё архітэктуры еўрап. тыпу пачалося з сярэдзіны 17 ст. (форт на мысе Добрай Надзеі). Асн.буд-ва вялося ў г. Кейптаўн у духу галандскай архітэктуры 17—18 ст. (пяцівугольны ў плане каменны замак, 1662—72, арх. П.Дамбаер). У канцы 18 ст. дойлід Л.М.Цібо і скульпт. А.Анрэйт прыўнеслі ў архітэктуру элементы франц. рэнесансу (ордэр у апрацоўцы фасадаў, пышны скульпт. дэкор франтонаў). У 19 ст. інтэнсіўна развіваліся гарады (Дурбан, Прэторыя і інш.), у іх забудове да пач. 20 ст. панаваў эклектызм. У Кейптаўне пераважала неаготыка, у Іаганесбургу — неакласіцызм (арх. Х.Бейкер), у Прэторыі захоўваліся традыцыі «капскай архітэктуры». У 1920-я г. паявіліся пабудовы ў духу функцыяналізму (арх. Р.Мартынсен, У.Г.Макінташ). З сярэдзіны 20 ст. пад уплывам архітэктараў Еўропы, ЗША і Лац. Амерыкі ствараюцца добраўпарадкаваныя раёны (будынкі адм. цэнтраў, гандл. фірм, кантор, банкаў, асабнякоў).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. ПАР развівалася мастацтва плямён бушменаў і банту. Высокай тэхнікай выканання вызначаюцца шматлікія наскальныя пятрогліфы і размалёўкі (выявы жывёл, сцэны палявання, бітваў і інш.), якія датуюцца ад 7-га тыс. да н.э. да апошніх ст. да н.э. Узнікненне прафес. мастацтва звязана з культурай еўрап. перасяленцаў. У 18—19 ст. працавалі скульпт. Анрэйт, жывапісцы Д.У.Ангас, Т.У.Баулер, П.Венінг, Я.Х.Пірнеф, Ч.Пірс; у 20 ст. — жывапісцы І.Масіке, Э.Нгкоба, Ю.Нод, А.Нібе, Ж.Секота, скульпт. Дж.Кубхека, С.Кумала, С.К.Седыбане, графікі А.Дламіні, П.Кларк, Дж.Мітчэл, разьбяр па дрэве Дж.Кекана і інш. Развіваюцца традыц.маст. рамёствы: кераміка, апрацоўка металаў, выраб разьбянага начыння, апрацоўка шкур, пляценне і інш.
Музыка. Муз. культура ПАР убірае ў сябе музыку карэнных жыхароў, белага насельніцтва і выхадцаў з краін Азіі — пераважна індыйцаў. Найб.стараж. пласт — музыка бушменаў і гатэнтотаў (магічныя абрады, бытаванне муз. інструмента гора — лук). Пераважае вак. музыка; спевы звычайна шматгалосыя. Тыповыя троххордавыя, тэтрахордавыя, пентатанічныя ладавыя ўтварэнні. У муз. традыцыях народаў банту вылучаюцца традыцыі сота (танец, імітацыя працоўных рухаў у суправаджэнні спеваў і спевы без рухаў), венда са складанай сістэмай муз. жанраў (дзіцячыя і юнацкія спевы-танцы, песенна-танцавальныя жанры складанай метрарытмічнай структуры), шона (хары, інструментальныя ансамблі, характэрны дыятанічныя лады, разнастайная рытміка песень). Муз. інструменты пераважна ўдарныя (найб. ксілафоны). У аснове муз. традыцый белага насельніцтва вак. жанры (сельскія песні, балады і інш.). Вял.значэнне меў узаемаўплыў еўрап. і афр. музыкі, на харавыя спевы паўплывала хрысц. музыка, на вакальную манеру і характар акампанементу — лац.амер. вак.-танцавальныя жанры. У традыц. ансамблі ўключаюцца еўрап.муз. інструменты. Развіццю муз. жыцця ў гарадах у 1-й пал. 20 ст. спрыяла дзейнасць англ. музыканта У.Г.Бела, кампазітараў і дырыжораў А.Коўтса, Э.Чызолма. Пад уплывам зах.-еўрап. музыкі мадэрнізаваліся традыц. песенныя жанры. У 1930—50-я г. ўзніклі стылі квела, мбубе, джайв (кампазітары Р.Калуза, Э.Сангонгі і інш.). На гар.муз. культуру зулу паўплывалі паўн.-амер. джаз і блюз, музыка «кантры», спевы ў стылі «госпел» (спевакі Дж.Нгобені, Сьюзі). У 1940—50-я г. пачала фарміравацца кампазітарская школа (Г.Фаган, Б.Герстман, П.Рэйнір, А, ван Вейк). Развіццю муз. тэатра садзейнічалі Тэатр. кампанія банту (засн. ў 1953, Кейптаўн), Школа музыкі і драмы пры Саюзе артыстаў Паўд. Афрыкі (Іаганесбург), Нац.тэатр.арг-цыя (Прэторыя). Пастаўлены джазавая опера «Кінг-Конг» Т.Матчыкізы (1959), муз. спектаклі А.Трэйсі, Дж.Тэйлара, Б.Лешоая, Г.Скосана. Сярод спевакоў Дж.Магатоі, Н.Мдледле, П.Фанга, М.Макеба, Б.Самхлахла, Т.Кумала, сярод выканаўцаў джазавай музыкі піяніст Д.Брэнд. Развіваюцца формы т.зв. культываванай музыкі белага насельніцтва. Оперныя тэатры і трупы ў г. Кейптаўне (з 1893), Іаганесбургу, Прэторыі, сімфанічныя аркестры ў Іаганесбургу, Кейптаўне, Дурбане і інш. Дзейнічаюць Паўд.-Афр. кансерваторыя (з 1905, Кейптаўн), муз. ф-ты ва ун-тах у г. Кейптаўн, Прэторыя, Натал, Порт-Элізабет, Іаганесбург. Т-ваафр. музыкі ў Іаганесбургу.
Літ.:
Вяткина Р.Р. Создание Южно-Африканского Союза (1902—1910). М., 1976;
Егоров В.В., Тищенко Т.Ф. История Юга Африки (60—70-е гг.). М., 1982;
Вышинский М.П. Юг Африки: апартеид, геноцид, агрессия. М., 1988;
Асоян Б.Р. Сквозь 300 лет — от Кейпа до Трансвааля: Штрихи к портрету Южной Африки. М., 1991;
Современные литературы Африки: Вост. и Юж. Африка. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБО́ДЖА, Каралеўства Камбоджа (Preahreacheanachakr Kampuchea),
дзяржава ў Азіі на п-ве Індакітай. Мяжуе на З і ПнЗ з Тайландам, на Пн з Лаосам, на У з В’етнамам; паўд.-зах. яе берагі абмываюцца водамі Сіямскага заліва. Пл. 181 тыс.км². Нас. 11163,9 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Пнампень. Падзяляецца на 18 правінцый (кхэтаў) і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Дзярж. мова — кхмерская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (9 ліст.).
Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы прадстаўнічы орган — Нац. сход (120 членаў, выбіраюцца на 5 гадоў). Вышэйшы орган выканаўчай улады — Каралеўскі ўрад.
Прырода. Большую ч. краіны займае Камбаджыйская раўніна, размешчаная ў ніжнім цячэнні р. Меконг. На З — горы Кравань выш. да 1813 м (г. Араль), на Пн — паўд. адгор’і куэставага ўступа Дангрэк, на У — зах. адгор’і Чыангшон. Карысныя выкапні: жал. і марганцавыя руды, фасфарыты, каменны вугаль, баксіты, алавяныя, свінцова-цынкавыя і вальфрамавыя руды, золата. Буд. матэрыялы: вапняк, пясчанік. базальт, гліна, жвір, мармур, граніт. Запасы каштоўных камянёў (сапфір, рубін, цыркон). Клімат субэкватарыяльны, з сухім сезонам у снеж.—красавіку. Т-ра паветра ўвесь год 25—30 °C. Ападкаў на раўніне 700—1500 мм, у гарах да 2000 мм за год. Рачная сетка густая. Гал. рака — Меконг. Для рэк характэрны ваганні ўзроўню вады (12—15 м у гарах, 7—9 м на раўніне). Глебы чырвоныя і алювіяльныя. Лясы і рэдкалессі займаюць 76% тэр. краіны. На У — лістападныя трапічныя, у гарах — вечназялёныя лясы, шмат каштоўных парод дрэў (сал, цік, лакавае, камфорнае). Пашыраны саванны. На водмелях — мангравыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. У лясах — тыгры, пантэры, чорныя мядзведзі. Шмат птушак. Буйное мелкаводнае воз. Танлесап багатас рыбай. Нац. парк Ангкор, некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Каля 90% насельніцтва — кхмеры, жывуць в’етнамцы (5%), кітайцы (1%), цямы (чамы), таі і інш. Большасць вернікаў — будысты (95%). За час праўлення рэжыму Пол Пота (1975—78) загінула і прапала без вестак каля 3 млн. чалавек; знішчана каля 90% мусульман, усе хрысціяне, большасць прадстаўнікоў нац. меншасцей. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 61,7 чал. на 1 км²Найб.шчыльн. у даліне р. Меконг, на ўзбярэжжы воз. Танлесап і Сіямскага заліва. Гар. насельніцтва 21%. Найб. гарады (тыс.чал.): Пнампень — 920 (1994), Кампонгсаам — 75 (1990).
Гісторыя. Продкі кхмераў (сучасных жыхароў К.) жылі на тэр. краіны з часоў неаліту (5-е тыс. да н.э.). У 1—2 ст.н.э. ў дэльце р. Меконг узнікла дзяржава Фунань. У сярэдзіне 5 ст.засн. дзяржава Чэнла (напачатку васальная Фунані, пазней незалежная). У сярэдзіне 6 ст. правіцелі Чэнлы, выкарыстаўшы дынастычныя спрэчкі ў Фунані, падпарадкавалі ўсю тэр. сучаснай К. У канцы 7 ст. Чэнла распалася на 2 дзяржавы — Чэнлу Зямлі і Чэнлу Вады. У 9 ст. пры ангкорскай дынастыі (заснавальнік Джаяварман II) на землях Фунані і Чэнлы пачала фарміравацца аб’яднаная дзяржава кхмераў Камбуджадэша. На 9—12 ст. прыпадае перыяд паліт. ўздыму і росквіту культуры, пераважна архітэктуры (гл.Ангкор).Пры Джаявармане VII (каля 1181 — каля 1219] Камбуджадэша дасягнула магутнасці і ўключала акрамя К. тэр. сучасных Бірмы, Лаоса, Тайланда, В’етнама і Малайзіі. Сталіцай імперыі быў Ангкор, пануючай рэлігіяй — індуізм. У канцы 13 ст. Камбуджадэша распалася, адначасова тут пашырыўся будызм. Пасля захопу Ангкора тайцамі (1432) сталіца К. перанесена ў Пнампень. У 15 ст. краіна трапіла ў залежнасць ад Сіяма (сучасны Тайланд) і В’етнама. У 16 ст. ў К. прыбылі першыя еўрапейцы. У 1863 кароль Нарадом I прызнаў пратэктарат Францыі, у 1884 К. стала франц. калоніяй (з 1887 у складзе Індакітая Французскага), што ў канцы 19 — пач. 20 ст. выклікала шэраг нац.-вызв. паўстанняў. У 2-ю сусв. вайну К. з 1941 акупіравана войскамі Японіі (да 1945) і Тайланда (да 1946). Пасля вайны нац.-вызв. барацьбу супраць французаў узначалілі рух Свабодныя кхмеры і камуніст. партыя.
У 1949 Францыя прызнала незалежнасць К. ў рамках Франц. Саюза, а ў 1953 дала ёй поўны дзярж. суверэнітэт і вывела свае войскі. Незалежнасць К. пацверджана Жэнеўскімі нарадамі 1954—59. У 1966 кароль К. ( з 1941) Нарадом Сіянук адрокся ад прастола на карысць свайго бацькі Нарадома Сурамарыта і стварыў паліт. арг-цыю Нар.-сацыяліст. супольнасць (Сангкум), якая перамагла на парламенцкіх выбарах 11.9.1955. Урад Сіянука ўзяў курс на пабудову «каралеўскага сацыялізму» (аднапарт. сістэма, планаванне ў эканоміцы, каапераванне ў сельскай гаспадарцы). У 1957 прыняты закон, які замацаваў за К. статус нейтральнай дзяржавы. У 1960 пасля смерці бацькі Сіянук абвешчаны кіраўніком дзяржавы. У час в’етн. вайны 1964—73 тэр. К. выкарыстоўвалася для стварэння баз В’етконга, што стала прычынай інспіраванага ў 1970 ЗША дзярж. перавароту ген. Лон Нола і ўводу ў К. амер. і паўд.-в’етн. войск. Была абвешчана Кхмерская рэспубліка. Сіянук эмігрыраваў у Кітай, дзе заснаваў Нац. адзіны фронт К. (НАФК), у склад якога ўвайшла і мааісцкая фракцыя камуніст. партыі «чырвоныя кхмеры»). НАФК вёў барацьбу супраць урадавых, амер. і паўд.-в’етн. войск, у 1975 яго атрады занялі Пнампень. Улада перайшла да «чырв. кхмераў», іх лідэр Пол Пот стаў прэм’ер-міністрам; у 1976 Сіянук прымушаны да адстаўкі. Паводле канстытуцыі 1976 К. стала наз.Дэмакр. рэспублікай Кампучыя. У выніку праўлення «чырв. кхмераў», якія шляхам тэрору ўстанавілі рэжым генацыду, за няпоўныя 4 гады загінула да 3 млн. камбаджыйцаў. У снеж. 1978 праціўнікі Пол Пота стварылі Аб’яднаны фронт нац. выратавання Кампучыі, падтрыманы В’етнамам. В’етн. войскі ў студз. 1979 занялі Пнампень. Была абвешчана Нар. рэспубліка Кампучыя. У 1982 Сіянук узначаліў кааліцыйны ўрад у эміграцыі з удзелам груповак (у т. л. «чырв. кхмераў»), якія змагаліся з прав’етн. рэжымам у К. Паводле рашэння Парыжскай міжнар. канферэнцыі 1989 у вер. 1989 В’етнам пачаў вывад сваіх войск з К. У кастр. 1991 на Парыжскай канферэнцыі прынята рашэнне аб стварэнні Найвышэйшага нац. савета на чале з Сіянукам і правядзенні парламенцкіх выбараў пад кантролем Часовай адміністрацыі ААН. На выбарах у маі 1993 перамаглі прыхільнікі Сіянука. У вер. 1993 Канстытуцыйная асамблея абвясціла К. спадчыннай манархіяй, каралём стаў Сіянук. Быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з 2 прэм’ерамі — сынам Сіянука Нарадомам Ранарытам і Хун Сенам. «Чырв. кхмеры», якія байкатавалі выбары, распачалі ўзбр. барацьбу супраць новага ўрада. У ліп. 1997 Хун Сен абвінаваціў Ранарыта ў змове з «чырв. кхмерамі» і накіраваў супраць яго верныя яму войскі; прыхільнікі Ранарыта разбіты, сам ён пакінуў краіну. Прэм’ер-міністрам прызначаны Унг Хуот. К. — чл.ААН (з 1955), АСЕАН (з 1997). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1995.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць Адзіны нац. фронт за суверэнную, незалежную, нейтральную, мірную К., Нар. партыя К., Будыйская ліберальна-дэмакр. партыя, Нац. ліберальны рух К., Федэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. К. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7 млрд.дол. ЗША, на душу насельніцтва — 660 дол. ЗША. У сельскай гаспадарцы запята 69% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і сферы паслуг — 31%. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП (%) — 47, прам-сці — 15, сферы паслуг — 35. Апрацоўваецца 2,9 млн.га зямлі (каля 50% пад рысам), каля 0,6 млн.га пад пашай. Пераважае дробнае землеўладанне і пач. формы кааперавання. Пасевы рысу (збор 3390 тыс.т, 1996), кукурузы (60 тыс.т), маніёку, ямсу, батату, соевых бабоў. Вырошчваюць какосавую і цукр. пальмы, цукр. трыснёг, бавоўнік, джут, кунжут, рамі, капок, сезам, арахіс, тытунь. Вял.значэнне маюць плантацыі гевеі. Вытв-сць натуральнага каўчуку каля 30 тыс.т за год. Развіта пладаводства (бананы, апельсіны, мандарыны, ананасы, манга), агародніцтва (баклажаны, гарбузы, перац, капуста і інш.). Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 2,8 (пераважна буйвалы), свіней — 2. Птушкагадоўля (куры, качкі, гусі). У харч. балансе краіны рыба займае другое месца пасля рысу. Улоў рыбы ў 1994—103 тыс.т. Штогод нарыхтоўваюць больш за 100 тыс.м³ каштоўнай драўніны (сандал, цік, палісандр, чорнае дрэва і інш.). У лесе збіраюць кардамон, гутаперчу, сыры лак. Прам-сць развіта слаба і спецыялізуецца пераважна на перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Асн. галіны — харч. (рысаачышчальная, мукамольная, цукр., рыбаперапрацоўчая), лёгкая (баваўняная, джутавая, гарбарная), дрэваапр., папяровая, каўчукавая. Гал. цэнтры — Пнампень, Батамбанг, Кампонгсаам, Кампонгцям, Кампот. Ёсць металаапр., аўта- і трактаразборачны, суднарамонтны з-ды ў Пнампені і Кампонгсааме. На імпартнай сыравіне працуе нафтаперапр.з-д у Кампонгсааме. Вытв-сць фасфатных угнаенняў у Батамбанзе, буд. матэрыялаў (цэментны з-д) у Кампоце. Пашыраны невял. прадпрыемствы па вырабе цэглы, мыла, цыгарэт. Вытв-сць электраэнергіі 190 млн.кВтгадз (1995), пераважна на ЦЭС. Невял. здабыча жал. (запасы 6,5 млн.т) і марганцавых (запасы каля 120 тыс.т) руд, фасфарытаў, руд каляровых металаў, каштоўных камянёў, буд. матэрыялаў (запасы мармуру каля 65 тыс.т). Даўж. чыгункі 649 км, аўтадарог 14,8 тыс.км. Аўтапарк 37 тыс. машын, у т. л. 11 тыс. грузавых (1995). Вял.значэнне ў грузаабароце маюць унутр. водныя шляхі, асабліва па р. Меконг. Гал. рачны порт — Пнампень, марскі — Кампонгсаам. Міжнар. аэрапорт у Пнампені. Экспарт (630,5 млн.дол. ЗША, 1994): каўчук, драўніна, рыс, рыба, фрукты, вострыя прыправы). Імпарт (240 млн.дол. ЗША, 1994): нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, буд. матэрыялы, харч. прадукты). Асн.гандл. партнёры: Сінгапур, Тайланд, В’етнам, Малайзія, Японія, Кітай. Грашовая адзінка — рыель.
Літаратура. Развіваецца на кхмерскай мове. Першыя вядомыя пісьмовыя помнікі — надпісы на камянях 7 ст. на санскрыце (у паэт. формах) і стараж.кхмерскай мове. Росквіт кхмерскай культуры, якая развівалася пад уплывам брахманізму і будызму махаяны, адносіцца да ангкорскага перыяду (9 — сярэдзіна 15 ст.); у гэты час у л-ры выкарыстоўвалася таксама мова палі. Да 15 ст. адносяць паэму «Тум і Тэаў» (зап. ў 19 ст.) пра трагічны лёс двух закаханых. У пасляангкорскі перыяд (сярэдзіна 15 — сярэдзіна 19 ст.) вылучаецца лірычная творчасць караля Сампхія (17 ст.) і яго творы ў жанры цьбапаў (законаў). Асобнае месца займае эпас «Рэамкер», сюжэт яго заснаваны на адной з версій «Рамаяны». Вельмі пашырана была будыйская л-ра (зб. «Панясаджатака»), У перыяд франц. каланіяльнага панавання (сярэдзіна 19 ст. — 1953) л-ра К. прадстаўлена пераважна паэзіяй, а таксама раманамі, сюжэты якіх запазычаны з будыйскіх зборнікаў (джатак). Сучасная проза пачала фарміравацца ў 1930-я г. (Ньёк Тхаем, Рым Кін, Ну Хач і інш.). Распрацоўваліся тэмы «маленькага чалавека», бяспраўя жанчыны, барацьбы з феад. перажыткамі. Адчуваецца некат. ўплыў франц. рамантызму. Пасля атрымання незалежнасці (1953) пачалі выдавацца часопісы, развіваліся публіцыстыка, літ.-знаўства. Прыкметнай з’явай стала творчасць празаіка Кіма Саета. На развіццё нац. культуры, у т. л. л-ры, адмоўна адбіліся падзеі ў краіне 2-й пал. 1970-х г. З 1980-х г.л-ра К. набыла магчымасць далейшага развіцця.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Фарміраваліся пад уплывам інд. мастацтва. Найб.стараж. помнікі — арнаментаваная кераміка неаліту, бронз. вырабы сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. У 6—7 ст. будаваліся свяцілішчы (прасаты) — прамавугольныя ў плане цагляныя вежы, падзеленыя пілястрамі і завершаныя пірамідай з несапраўдных паверхаў (Ангкор-Барэй і Самбор-Прэй-Кук); іх сцены аздаблялі разьбой па стуку, несапраўднымі парталамі. Індуісцкія і будыйскія статуі 2-й пал. 6 ст. вылучаліся абагульненай мадэліроўкай, умоўнай перадачай празрыстага адзення, падпарадкаванасцю архітэктуры. У сярэдзіне 6 ст. пачаў фарміравацца ўласна кхмерскі стыль. У 7—8 ст. з аслабленнем уплываў Індыі скульптура стала больш самабытнай (скульптура Харыхары з храма Прасат-Андэт, 8 ст.). Манум. цэласнасць аб’ёмаў спалучалася з мяккай лепкай аголенага цела і строгасцю фігуры. У 9—13 ст. статуі страцілі арх. залежнасць, набылі строгую франтальнасць, часам статычнасць, маналітную веліч і абагульненасць аб’ёмаў, што спалучалася з графічнай стылізацыяй дэталей. У 9 ст. склаўся тып арх. ансамбля з прасаты і дапаможных будынкаў з агароджай і павільёнамі-брамамі «гапура», пазней з галерэямі і каналамі (Баконг у Ролуасе). У 10 ст. будавалі з латэрыту і пясчаніку, пашырыўся разны дэкор, у пышны раслінны арнамент упляталіся выявы божастваў, нябесных паннаў, жывёл і пачвар (барэльефы ў храме Тула Баці). У 9—13 ст. склаўся гіганцкі комплекс Ангкор. З 14 ст. мураванае дойлідства заняпала, стараж. гаралы пакінуты. Будавалі драўляныя палацы і будыйскія храмы (каралеўскі палац і «Сярэбраная пагада» ў Пнампені; храм у г. Удонг) з галерэямі, аздобленыя разьбой, лепкай, размалёўкай золатам па лаку. Узводзілі каменныя звонападобныя ступы. Каменную скульптуру замяніла драўляная, рэльефы — размалёўка на тэмы будыйскіх паданняў. З 2-й пал. 19 ст. гарады забудоўвалі ў стылі франц. эклектыкі. У жывапісе канца 19 — пач. 20 ст.дэкар. стылізацыя спалучалася з рэаліст. выразнасцю твараў (Окна Тэп Німіт Тлак). З 1950-х г. пачалося планамернае горадабудаўніцтва ў традыцыях мясц. архітэктуры (арх. Ванмаліван) і сучасным стылі Масавая забудова — каркасныя дамы на палях. Развіваліся жывапіс і графіка (Нгок Дзім, Сам Юн). Традыц.нар. рамёствы — ручное шаўкаткацтва, батык, разьба па дрэве і слановай косці, гравіроўка па метале, размалёўка керамікі, вышыўка, выразанне са скуры (ажурныя пано, фігуры тэатра ценяў). У перыяд ваен. дзеянняў 1970—75 і праўлення «чырв. кхмераў» (1975—78) большасць кхмерскіх помнікаў мастацтва знішчана.
Літ.:
Миго А. Кхмсры: История Камбоджи с древнейших времен: Пер. с фр.М., 1973;
История Кампучии: Краткий очерк. М., 1981;
Бектимирова Н.Н., Дементьев Ю.П., Кобелев Е.В. Новейшая история Кампучии. М., 1989;
Бектимирова Н.Н. Кризис и падение монархического режима в Кампучии (1953—1970). М., 1987;
Мосяков Д.В. Кампучия: Особенности рев. процесса и полпотовский «эксперимент». М, 1986;
Яго ж. Камбоджа: внутреннее развитие, 1979—1989. М., 1991.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Камбоджы.Да арт.Камбоджа. Вёска кхмераў.Да арт.Камбоджа. Верхняя частка вежы храма Баён у Ангкор-Тхоме. 12—13 ст.Да арт.Камбоджа. Барэльеф у храме Тула Баці.Да арт.Камбоджа. Храм у г. Удонг.Да арг.Камбоджа. Вышэйшы тэхналагічны інстытут у г. Пнампень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕДО́НІЯ (Македонија),
Рэспубліка Македонія (Република Македонија), дзяржава ва ўнутр.ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Югаславіяй (часткова з б.аўт. краем Косава), на У з Балгарыяй, на Пд з Грэцыяй, на З з Албаніяй. Пл. 25,3 тыс.км². Нас. 2009 тыс.чал. (1998). Дзярж. мова — македонская. Сталіца — г.Скоп’е. Падзяляецца на 34 абшчыны. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (2 жн.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу, выканаўчая — ураду на чале з прэм’ер-міністрам. Дзярж. герб не зацверджаны.
Прырода. Большую ч.тэр. займаюць сярэдневышынныя горы (выш. да 2764 м, хр. Карабі на мяжы з Албаніяй). Горы падзелены тэктанічнымі паніжэннямі, занятымі азёрамі або далінамі рэк. Частыя землетрасенні (у 1963 дзесяцібальным землетрасеннем разбураны г. Скоп’е). Карысныя выкапні: храміты, свінцова-цынкавыя, марганцавыя, вальфрамавыя, нікелевыя, жал. руды, азбест, буры вугаль і інш. Клімат пераходны ад умеранага да міжземнаморскага. У далінах і катлавінах лета гарачае і сухое, зіма параўнальна цёплая і дажджлівая, сярэднямесячныя т-ры ў студз. 4 °C, у ліп. — 22—25 °C. Ападкаў за год 900 мм на 3, 400 мм на У. У гарах халадней, зімой выпадае снег, ападкаў больш. Гал. рака Вардар. У катлавінах значныя азёры — Ахрыдскае (на мяжы з Албаніяй), Прэспа (на мяжы з Албаніяй і Грэцыяй), Дайранскае (на мяжы з Грэцыяй). Даліны і катлавіны асвоены, на схілах да выш. 2000 м — мяшаны лес і хмызнякі, вышэй — горныя лугі. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. З жывёл захаваліся ў гарах буры мядзведзь, рысь, дзік, воўк, алень, лань, сарны, дзікія козы і інш.Нац. паркі: раён г. Охрыд (уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны), Маўрава, Галічыца, Пелістар.
Насельніцтва. 65% складаюць македонцы, нар.паўд.-слав. моўнай групы. Жывуць таксама албанцы (21%; найб. на ПнЗ), туркі (3%), цыганы, сербы і інш. Сярод вернікаў праваслаўных 67%, мусульман 30%. Сярэднегадавы прырост 0,68% (1997). Сярэдняя шчыльн. 79 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены даліны і катлавіны. У гарадах жыве 54% насельніцтва. Найб. горад Скоп’е — 541,3 тыс.ж. (1994). Каля 50 тыс.ж. у гарадах Куманава, Цітаў-Велес, Бігала, Охрыд. Каля 40% працоўных занята ў прам-сці, каля 35% — у сельскай гаспадарцы.
Гісторыя. У антычнасці паўд. частка сучаснай М. ўваходзіла ў склад Македоніі Старажытнай, у 5 — пач. 20 ст. ўсе тэр. (Вардарская М.) у складзе гіст. вобласці Македонія. Пасля 2-й Балк. вайны (гл.Балканскія войны 1912—13), якая завяршылася Бухарэсцкім мірным дагаворам 1913, гіст. вобласць М., што раней была пад уладай Турцыі, падзелена паміж Сербіяй (большая ч. — Вардарская М.), Грэцыяй (Эгейская М.) і Балгарыяй (Пірынскі край). У 1918 Вардарская М. ў складзе Сербіі ўвайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну з часоў Балканскай кампаніі 1941 большай ч. Вардарскай М. валодала Балгарыя, зах. частку акупіравалі італьян. войскі. На акупіраваных землях М. разгортваўся партыз. рух. Пасля вызвалення з 1945 Вардарская М. — адна з 6 рэспублік у складзе Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўная Рэспубліка Югаславія). У час грамадз. вайны ў Грэцыі 1946—49, у якой удзельнічалі і грэч. македонцы, камуніст. партыя Грэцыі намагалася далучыць да Югаславіі Эгейскую М.; частка македонцаў эмігрыравала ў Югаславію і СССР (каля 20 тыс.чал., пасяліліся пераважна ў г. Ташкент). У выніку распаду югасл. федэрацыі М. стала самаст. дзяржавай. У вер. 1991 на рэсп. рэферэндуме большасць выказалася за суверэнітэт і дзярж. самастойнасць М., 17.11.1991 прынята яе канстытуцыя. З 1992 незалежнасць М. прызналі Рас. Федэрацыя, Турцыя, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Філіпіны, Літва і інш. Незалежную М. не прызнае Грэцыя (у яе складзе ёсць вобласць М. з цэнтрам у г. Салонікі), кіраўніцтва якой патрабуе перайменаваць М. ў Рэспубліку Скоп’е. М. — чл.ААН (з 1993), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1993.
У М. дзейнічаюць Унутр.макед.рэв.арг-цыя — Дэмакр. партыя за макед. нац адзінства, Дэмакр. альтэрнатыва, Партыя дэмакр. працвітання, Дэмакр. партыя албанцаў, С.-д. саюз М., Ліберальна-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Саюз цыганоў М., прафс. аб’яднанне — Асацыяцыя прафсаюзаў М.
Гаспадарка. М. — аграрна-індустр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. складае 1060 дол. ЗША (1998). У канцы 1990-х г. на эканоміку адмоўна ўплываюць: аслабленне эканам. сувязей з б. рэспублікамі Югаславіі, паліт. спрэчкі з Грэцыяй, ваен. дзеянні ў суседніх раёнах і вял. прыток бежанцаў з Косава. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., лёгкая (пераважна тэкстыльная), харчасмакавая (асабліва тытунёвая і кансервавая), горназдабыўная і энергетычная. Новыя галіны прам-сці: каляровая металургія, хім. і буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 5,4 млрд. кВт∙гадз (1995), 87% выпрацавана на ЦЭС (працуюць пераважна на імпартнай нафце). Ёсць некалькі ГЭС, найбольшая — «Маўрава» на р. Чорны Дрын. Найбольшыя прадпрыемствы машынабудавання ў Скоп’е, Бітале і інш., дзе вырабляюць станкі, аўтобусы, с.-r. машыны, халадзільнікі, электрапрылады, аўтадэталі, інструмент. Асн. цэнтры тэкст. прам-сці — Цетава (камбінат шарсцяных вырабаў), Шціп (баваўняны камбінат), Цітаў-Велес (шаўкаткацкі камбінат). Тытунёвыя вырабы выпускаюць ф-кі ў Прылепе і Скоп’е. Харч.прам-сць (мукамольная, алейная, цукр., мясная, плодакансервавая, вінаробчая) пашырана ўсюды, гал. цэнтры Скоп’е, Куманава, Бітала, Прылеп. На базе лясных рэсурсаў сфарміравалася дрэваапр. і папяровая прам-сць (Прылеп, Кочані і інш.). Чорная (Скоп’е, Ягунаўцы, Куманава) і каляровая (Цітаў-Велес, Ягунаўцы, Скоп’е) металургія. Хім.прам-сць (Скоп’е) дае пластмасы, сінт. валокны, сродкі аховы раслін і інш. Развіты прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, мармур, керамічныя вырабы, вогнетрывалыя матэрыялы) і горназдабыўная. Здабываюць свінцова-цынкавыя (цэнтр Злетава), хромавыя (Скоп’е, Цетава, Куманава), жал., марганцавыя, сурмяныя, нікелевыя руды і буд. матэрыялы. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, мэблевай, паліграф., фармацэўтычнай і інш. галін прам-сці. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы Скоп’е. Развіты нар. промыслы і саматужныя рамёствы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку і сувеніраў, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па дрэве, чаканка па серабры і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн. га зямель, палавіна іх пад ворывам і шматгадовымі культурамі, палавіна пад пашай. Раслінаводства развіта ў далінах і катлавінах, жывёлагадоўля — пераважна на горных пашах. Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс (83 тыс. га арашальных зямель), з тэхнічных — тытунь (штогадовы збор 17—20 тыс. т), цукр. буракі, бавоўну, опіумны мак, кунжут, арахіс, аніс і інш. Развіты агародніцтва (экспартнае значэнне маюць памідоры і перац), садоўніцтва (найб. яблыкі і слівы, на Пд аліўкі, інжыр, тутавае дрэва), вінаградарства (штогадовы збор каля 200 тыс. т). З галін жывёлагадоўлі лепш развіта авечкагадоўля. Пагалоўе (1997, тыс.гал.): авечак — 1800, буйн. раг. жывёлы — 300, свіней — 200, коней — 66,5, буйвалаў — 1. Птушкагадоўля. Рыбалоўства на буйных азёрах. Лясная гаспадарка. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 699 км, у т. л. 232 км электрыфікавана, аўтадарог 8,5 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,4 тыс. км. У краіне 263 тыс. легкавых, 23 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Важнае міжнар.значэнне маюць чыгунка і аўтамагістраль Бялград (Югаславія) — Скоп’е — Салонікі (Грэцыя). Амаль усе знешнегандл. сувязі праз грэч. порт Салонікі. У краіне 14 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Скоп’е і Охрыда (курортны і турыст. цэнтр). У 1996 экспарт складаў 900 млн.дол., імпарт — 1,4 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, харч. прадукты, віно і тытунёвыя вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, хімікаты, паліва. Гал.гандл. партнёры — рэспублікі б. Югаславіі, Балгарыя, Германія, Італія. Гандаль з Беларуссю (1997, млн.дол.): экспарт — 4,3, імпарт — 1,9. М. — краіна развітога міжнар. турызму. Грашовая адзінка — дэнар.
Літаратура. Прыгожае пісьменства на макед. мове зарадзілася ў 19 ст. і звязана з дзейнасцю асветнікаў К. і Дз.Міладзінавых, П.Зографскага, К.Самарджыева і інш. У станаўленні новай макед. пісьменнасці і л-ры вял. роля належыць К.Місіркаву, які даў першы ўзор кадыфікацыі макед.літ. мовы. У рэчышчы рэв. і нар.-патрыят. традыцый развівалася паэзія (К.Нядзелкаўскі, В.Маркоўскі), рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў драматургіі (В.Ілёскі). Першы паэт.зб. на макед. мове — «Белыя досвіткі» К.Раціна (1939). Пасля 2-й сусв. вайны засн. Саюз макед. пісьменнікаў (1946), Т-вамакед. мовы і л-ры (1954), пачалі выходзіць літ.перыяд. выданні. Найб. росквіту дасягнула паэзія (С.Янеўскі, Б.Хонескі, А.Шопаў, Г.Тадароўскі) і навелістыка (У.Малескі, І.Бошкаўскі, Г.Абаджыеў). Асновы новай драматургіі заклалі К.Чашуле і Ілёскі. У 1950—60-я г. вядучым літ. жанрам стаў раман («Вёска за сямю ясенямі» і «І боль, і гнеў» Янеўскага, «Тое, што было небам» і «Ткацкі станок» Малескага, «Пабрацімы» і «Глухія досвіткі» І.Леава, «Зоркі падаюць самі» С.Дракула), зарадзілася аповесць (Дз.Солеў). Асн. тэмы твораў — нац.-вызв. барацьба, чалавекі рэвалюцыя, антыфаш. супраціўленне, сацыяліст. пераўтварэнні. У гэтыя гады ў л-ры адзначыўся т.зв. працэс дэдагматызацыі, адмаўлення ад лініі развіцця, вызначанай сав. ўзорамі, сацыяліст. рэалізмам; дэклараваліся ідэйна-эстэт. плюралізм, разнастайнасць творчай метадалогіі. У 1970-я г. ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. Найб. прыкметныя творчыя здабыткі належалі паэтам Тадароўскаму, Р.Паўлоўскаму, А.Попаўскаму, М.Матэўскаму, празаікам Ж.Чынгу, Дракулу, Т.Геаргіеўскаму, Дж.Абаджыеву, драматургам Ілёскаму, Т.Арсоўскаму. Для сучаснай л-ры М. характэрна суіснаванне разнастайных ідэйна-эстэт. і маст. кірункаў. На бел. мове выдадзены макед. казкі ў зб. «Ці страшны страх?» (1970), «Югаславянскія казкі» (1999) і апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975). На бел. мову паасобныя творы макед. пісьменнікаў перакладалі Н.Гілевіч, П.Кавалёў, М.Паслядовіч, А.Разанаў, М.Ракітны, І.Чарота.
Архітэктура. Ад часоў неаліту і бронз. веку на тэр. М. захаваліся рэшткі кругавых паселішчаў, каменных і глінабітных дамоў, умацаванняў, складзеных насуха з неабчасанага каменю. Сярод помнікаў архітэктуры 5—11 ст. рэшткі цыклапічных абарончых сцен Скоп’е (535), замка балг. цара Самуіла каля г. Охрыд, крэпасці ў Струміцы (абодва 11 ст.). Найб. ранні тып культавай архітэктуры — 3-нефавая базіліка з купаламі і харамі, часам з трансептам (сабор св. Сафіі ў Охрыдзе, каля 1037—50). У 12—14 ст. усталяваўся тып крыжова-купальнага, звычайна квадратнага ў плане храма з купалам (цэрквы св. Клімента ў Охрыдзе, 1295; Міхаіла і Гаўрыіла ў Леснаве, 1341) ці з 5 купаламі (царква св. Панцеляймона ў Неразі, 1164). Будавалі таксама 1-нефавыя скляпеністыя цэрквы (св. Міколы ў Варашы каля г. Прылеп, 1299). У перыяд тур. панавання ў Скоп’е, Бітале, Шціпе і інш. узводзілі цагляныя і каменныя купальныя мячэці, мінарэты, заезныя дамы («ан»), крытыя базары («безістэн»), лазні («амам»), вежападобныя ўмацаваныя жытлы («кулы»). Да 18—19 ст. належаць маляўнічыя ансамблі манастыроў (Іаана Бігорскага), разнастайныя прыклады нар. дойлідства: на раўнінах — 1-павярховыя 2-часткавыя дамы (стойла і жылы пакой з ачагом), у горных раёнах — 2-павярховыя (унізе стойла і кухня, наверсе — жыллё) з навесам-галерэяй, дамы тур. тыпу з сіметрычным размяшчэннем пакояў вакол сенцаў і ізаляваным ад вуліцы дваром. У гарадах будавалі 2—3-павярховыя дамы з эркерамі, лоджыямі ці балконамі. Своеасаблівыя крытыя чарапіцай дамы Охрыда з драўлянымі каркаснымі верхнімі паверхамі, гладкія атынкаваныя сцены якіх навісаюць над ніжнім паверхам, складзеным з каменю. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў буйных гарадах будавалі ў духу еўрап. эклектычнай архітэктуры. Пасля 2-й сусв. вайны разгарнулася рэканструкцыя гарадоў і сёл, пабудаваны буйныя прамысл. комплексы са зборнага жалезабетону, раёны 2—3-секцыйных і вежавых жалезабетонных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў у ’сучасных стылях. У Скоп’е пасля землетрасення 1963 паводле праекта яп.арх. Тангэ Кэндзо ўзведзены будынкі Гіст. архіва, Макед.нар.т-ра, акадэміі навук і мастацтваў і інш. Ствараюцца новыя жылыя раёны. Раён г. Охрыд уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З часоў неаліту і бронзавага веку захаваліся керамічныя пасудзіны, мадэлі дамоў, фігуркі людзей і жывёл, помнікі мастацтва ілірыйцаў (залатыя маскі і інш. з Трэбенішце каля Охрыда, 6 ст. да н.э.), з 2 ст. да н.э. — рэшткі мазаік і фрэсак, скульптура. У 6—7 ст. развівалася культура стараж. славян. У мастацтве сярэдневякоўя важную ролю адыгрываў самабытны фрэскавы жывапіс, які дасягнуў росквіту ў 11—14 ст.: размалёўкі ў храме св. Сафіі ў Охрыдзе (сярэдзіна 11 ст.), у царкве св. Панцеляймона ў Неразі (1164), у цэрквах св. Клімента ў Охрыдзе (пасля 1295) і св. Георгія ў Стара-Нагарычане (1317—18, у абедзвюх майстры Міхаіл і Яўціхій, малявалі таксама абразы), у царкве Маці Божай у Мацейчы (каля 1355) і інш. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па дрэве, якая мела фалькл. характар (разныя дзверы з плеценымі ўзорамі, фігурамі святых і ваяроў, выявамі звяроў, царква св. Міколы Болнічкага ў Охрыдзе, 12—13 ст.). 17—19 ст. — росквіт глыбокай і ажурнай разьбы з расл. ўзорамі і рэаліст. фігуркамі жывёл і людзей (у т. л. аўтапартрэтамі рэзчыкаў), у якой візант. і грэч. ўплывы, элементы барока і ракако спалучаліся з рысамі наіўнага гратэску. У эпоху асманскага панавання развіццё жывапісу запаволілася. Паступовы адыход ад стараж. канонаў пачаўся з 2-й пал. 18 ст. пад уплывам мастацтва Зах. Еўропы і Расіі (сям’я Фрчкоскіх). У канцы 19 — пач. 20 ст. Дж.Зографскі і Дз.Андонаў уключалі ў царк. жывапіс фалькл. і сатыр. матывы, патрыят. кампазіцыі, партрэты, пейзажы, сцэны нар. жыцця. У 1920—30-я г. жывапісцы Л.Лічэноскі, М.Марціноскі і інш. ў свабоднай дэкар. манеры стваралі нац. пейзажы, жанравыя кампазіцыі, партрэты і нацюрморты. Сярод першых прафес. скульптараў Дз.Тадароўскі, П.Хаджы-Бошкаў і інш.Вял. ўклад у развіццё выяўл. мастацтва М. зрабілі жывапісцы Р.Анастасаў, П.Мазеў, скульптар Б.Мітрычэўскі і інш. У 1960—80-я г.рэаліст. традыцыі часта спалучаліся з пошукамі новых сродкаў пластычнай выразнасці (жывапісцы Д.Кандоўскі, Г.Чэмерскі, С.Шэмаў, Т.Шыяк, графік Д.Перчынкаў, скульптар С.Манеўскі і інш.). Развіваюцца нар. промыслы (чаканка па серабру, вышыўка, выраб дываноў і інш.).
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.А.Чарота (літаратура).
Сцяг Македоніі.Да арт.Македонія. Узбярэжжа Ахрыдскага возера.Да арт.Македонія. Удзельнікі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1903.Да арт.Македонія. Царква святога Клімента ў г. Охрыд. 13 ст.Да арт.Македонія. Аплакванне Хрыста. Размалёўка царквы святога Панцеляймона ў Нерэзі. 1164.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШКІН (Аляксандр Сяргеевіч) (6.6.1799, Масква — 10.2.1837),
рускі пісьменнік; пачынальнік новай рус. літаратуры, заснавальнік сучаснай рус. літаратурнай мовы. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Ліцэйскія гады — перыяд інтэнсіўнага творчага развіцця П.: своеасабліва выкарыстаўшы каноны рацыяналіст. паэтыкі класіцызму, ён напісаў вершы «Успаміны ў Царскім Сяле», «Гарадок», «Ліцынію» і інш. Па заканчэнні ліцэя служыў у Калегіі замежных спраў. Уваходзіў у літ. гурткі «Зялёная лямпа», «Арзамас». У вершах гэтага часу вольналюбівыя настроі, імкненне пераадолець нарматыўнасць паэтыкі 18 — пач. 19 ст., адысці ад жанрава-стылявой рэгламентацыі, дасягнуць свабоды паэт. слова («Вольнасць», 1817, апубл. 1856, у Расіі цалкам 1906; «Да Чаадаева», 1818, часткова без ведама аўтара апубл. 1826; «Вёска», 1819, апубл. 1826 і інш.). У падобным кірунку напісана паэма «Руслан і Людміла» (1820), у якой карціны гераічнага мінулага прасякнуты рамант. патэтыкай і гумарам, умоўнасць жанру паэмы-казкі спалучаецца з жыццёвасцю характараў, стылістычным багаццем і моўнай свабодай. Вольналюбівыя і антытыранічныя матывы ранняй лірыкі, незалежнасць асабістых паводзін сталі прычынай ссылак: паўд. (1820—24, Екацярынаслаў, Каўказ, Крым, Адэса) і ў в. Міхайлаўскае (Пскоўская вобл., маёнтак маці, 1824—26). Паўд. ссылка — перыяд росквіту рамантызму П., які найб. выявіўся ў створаных тут паэмах. У творчасці П. «паўднёвыя паэмы» адыгралі вял. ролю: «Каўказскі нявольнік» (1820—21, апубл. 1822) у многім падрыхтаваў «Яўгена Анегіна»; важнае месца ў далейшым будзе адведзена тэме мяцежнай «волі» і маральнага закона, заяўленай у «Братах-разбойніках» (1821—22, апубл. 1825), супастаўленню і проціпастаўленню гармоніі і стыхіі, «анёльскага» і «дэманічнага», пачатыя ў «Бахчысарайскім фантане» (1821—23, апубл. 1824). У гэтых паэмах упершыню выразна акрэсліваецца філас. падыход П. да праблем свабоды, кахання, асобы. Шлях у Міхайлаўскае пралягаў праз бел. гарады Магілёў, Оршу, Віцебск і інш. У Міхайлаўскім стварыў шэраг паэт. шэдэўраў: «Перайманне Карана», «Да***» («Я помню дзіўнае імгненне...»), «Жаданне славы» і інш., сатыр. паэму «Граф Нулін» (1825, апубл. 1827), цэнтр. главы (3—6) рамана ў вершах «Яўген Анегін»; вывучаў гісторыю Расіі, летапісы, запісваў нар. песні і казкі.
Вырашальным момантам творчай эвалюцыі П. стала трагедыя «Барыс Гадуноў» (1824—25, апубл. 1831; паст. 1870), якая заклала асновы рэалізму, народнасці, гістарызму ў рус. л-ры. У ёй вял. колькасць рознахарактарных тыпаў, раскрыты высокі этычны сэнс «меркавання народнага», звернутага да наступных пакаленняў. Думкі пра драму, да якіх прыйшоў П. у час працы над трагедыяй (у накідах прадмовы да «Барыса Гадунова» і нататках «Пра народную драму...», 1830) маюць вял.эстэт. і філас.значэнне. Маніфест пушкінскага разумення творчасці — верш «Прарок». У вер. 1826, пасля пакарання і ссылкі дзекабрыстаў, П. атрымаў «дараванне», але за ім была ўстаноўлена асабістая царская цэнзура. У яго павялічылася цікавасць да гісторыі Расіі як дзяржавы, да дзейнасці Пятра I, да праблемы месца і ролі асобнага чалавека ў гісторыі краіны. Раман пра свайго продка «Арап Пятра Вялікага» (1827—28, не завершаны, апубл. 1837) — першая спроба працы П. ў буйных празаічных жанрах; гіст. мінулае ў ім паказана ў паўсядзённым побыце, у канкрэтных асобах і лёсах. Апафеоз дзярж. пачатку — паэма «Палтава» (1828, апубл. 1829), у якой асобы і лёсы людзей пятроўскай эпохі шмат у чым паглынаюцца гіст. працэсам. Восень 1830 П. правёў у в. Болдзіна (Ніжагародская вобл., маёнтак бацькі), дзе за 3 месяцы стварыў каля 50 твораў розных жанраў. Тут у асноўным завершаны «Яўген Анегін», у якім узноўлены вобраз жыцця і духоўны склад «тыповага» героя, уклад жыцця сталічнага і правінцыяльнага дваранства. У своеасаблівым жанры рамана ў вершах сюжэт непарыўна пераплецены з аўтарскімі роздумамі («адступленнямі»), а кожная страфа (асобай будовы «анегінская страфа»), з’яўляючыся часткай адзінага цэлага, у той жа час — завершаная маст. адзінка. Апавяданне пра эпоху і чалавечыя лёсы адначасова паўстае ў рамане як лірычная гісторыя аўтарскага духу і як філас. даследаванне жыцця грамадства і чалавечай душы. У «Казцы пра папа і пра работніка яго Балду» (1830, апубл. 1840), «Казцы пра цара Салтана...» (1831, апубл. 1832), «Казцы пра мёртвую царэўну і пра сем асілкаў» (1833, апубл. 1834), «Казцы пра рыбака і рыбку» (1833, апубл. 1835), «Казцы пра залатога пеўніка» (1834, апубл. 1835) П. упершыню выкарыстаў фальклор, у ярка нац. форме ўвасобіў шэраг агульначалавечых праблем. 1830—31 — перыяд актыўнай дзейнасці П. як журналіста і крытыка, гал.ч. у «Литературной газете», паглыблення цікавасці да тэарэт.літ. праблем.
У 1836 пачаў выдаваць час.«Современник». У паэме «Медны коннік» (1833, апубл. 1837) на велізарную вышыню абагульнення ўзнята тэма дзяржавы і асобы, гісторыі і асобнага лёсу, узаемаадносін чалавека і свету, у сімвалічным плане спрадвечна-трагедыйных калізій, якія ўзнікаюць у гэтых узаемаадносінах, глыбокі філас. сэнс набывае тэма вар’яцтва («Медны коннік»; «Пікавая дама» 1833, апубл. 1834; верш «Не дай мне божа страціць розум» і інш.). П. упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», 1823—31, цалкам апубл. 1833; «Медны коннік»); лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна», 1830, апубл. 1831; «Стрэл», «Завея», «Трунар», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. У маленькіх трагедыях («Скупы рыцар», 1830, апубл. 1836; «Моцарт і Сальеры», 1830, апубл. 1831; «Каменны госць», 1830, апубл. 1839, і інш.) на матэрыяле розных краін і гіст. эпох у гранічна лаканічнай форме даследуюцца філас. і маральныя праблемы ўсечалавечага маштабу (свабода, страсць і мараль; асоба, грамадства і гісторыя; жыццё, смерць і бессмяротнасць), дадзены глыбокія ўзоры філас.-псіхал. драмы. У філас. лірыцы 1830-х г. зварот да карэнных пытанняў быцця: кахання, творчасці, смерці. Аўтар антырэліг.сатыр. паэмы «Гаўрыліяда» (1821, апубл. 1861, Лондан; у Расіі 1908 з купюрамі), паэм «Браты-разбойнікі» (1821—22, апубл. 1825), «Домік у Каломне» (1830, апубл. 1833), «Анджэла» (1833, апубл. 1834), раманаў «Дуброўскі» (1832—33, апубл. 1841), «Капітанская дачка» (1836), аповесці «Егіпецкія ночы» (1835, не завершана, апубл. 1837), трагедыі ў вершах «Русалка» (1829—32, не завершана, апубл. 1837), нарыса «Падарожжа ў Арзрум у час паходу 1829 года» (1835, апубл. 1836), «Гісторыі Пугачова» (1834) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі з Ж.Дантэсам. Эстэт. асваенне кантэкстаў рус. жыцця (інтэлектуальнага, сац.-гіст., бытавога) спалучалася ў П. з жывым успрыняццем разнародных еўрап. уплываў, дарам пранікнення ў інш. культуры і эпохі. Значэнне творчасці і маштабы генія П. дазваляюць назваць яго выключнай з’явай сусв. культуры. Яго маст. дасягненні вызначылі і шмат у чым абумовілі далейшае развіццё рускай і інш. л-р. Творы П. перакладзены амаль на ўсе мовы свету, большасць з іх інсцэніравана і экранізавана.
Пэўнае месца ў творчасці П. занялі гісторыя Беларусі, лёс бел. народа. У маі 1820 і жн. 1.824 паэт праязджаў праз бел. землі. У арт. «Збор твораў Георгія Каніскага, архіепіскапа Беларускага» (1836) ён пісаў пра пакуты «народа, спрадвечна нам роднага, але адлучанага ад Расіі лёсам вайны», сцвярджаючы адзінства рус. і бел. народаў. Добра ведаў бел. фальклор. Доказ таму — мова чарняца Варлаама («Барыс Гадуноў»), насычаная прымаўкамі, якія ў той час бытавалі на Беларусі. Ведаць пра Беларусь П. мог ад кіраўніка Болдзінскага маёнтка беларуса В М.Пянькоўскага. Сучаснікі сцвярджалі, што прататыпам гал. героя рамана «Дуброўскі» быў бел. дваранін Астроўскі (як спачатку і называўся раман). Творчасць П. зрабіла велізарны ўплыў на развіццё бел. л-ры. Гэты ўплыў адчуваўся ўжо ў паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» (абедзве нап. 4-стопным ямбам), якія ствараліся пад уплывам не толькі травестацый М.Осіпава і І.Катлярэўскага, але і вольналюбівай лірыкі П., яго парадыйных паэм «Бава» і «Гаўрыліяда». У паэме «Тарас на Парнасе» засведчана глыбокая сімпатыя да П. Мара пра вял.нац. л-ру — асн. ідэя і пафас гэтага твора, дзе імя П. пастаўлена першым сярод найвыдатных пісьменнікаў суседніх л-р. У канцы 19 ст. з’явіўся першы бел. пераклад верша П. «Рэха» (пер. А.Гурыновіч). Шырокае асваенне бел. л-рай ідэйна-маст. традыцый П. пачалося з прыходам у л-ру Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Творчасць Я.Купалы захавала і развівала характэрныя для пушкінскай паэт. школы традыцыі грамадзянскасці, народнасці, гуманізму. Тыпалагічна блізкія погляды П. і Я.Купалы на вырашэнне тэм «паэт і паэзія», «паэт і натоўп», ідэнтычнае асэнсаванне імі ролі паэта ў грамадстве («Чэрнь», «Помнік» П., «Я не для вас», «Блізкія і далёкія», «Песняру беларусу» Я.Купалы). У героіка-рамантычным эпасе Я.Купалы і рамант. паэмах П. выявіўся тоесны падыход да асэнсавання нар. творчасці як з’явы мастацтва, выкарыстанне фальклору ў літ. творчасці, адлюстраванне нац.-вызв. ідэалаў.
Пры стварэнні рамант. паэм «Курган», «Бандароўна», «Яна і я» і інш. Я.Купала апіраўся на пушкінскую традыцыю ўспрымання гіст. працэсу ў яго прычынна-выніковых сувязях; у спосабах адлюстравання жыцця, у імкненні да выключнага і гераічнага ён блізкі найперш да П.-рамантыка. Уплыў П. абумовіў фарміраванне рэалістычна-канкрэтнай паэтыкі ў дарэв. лірыцы Я.Коласа. Як і П., Я.Колас паэтызаваў простае слова, што памагло яму вывесці нац. лірыку на пушкінскі шлях прастаты як найбольшага маст. майстэрства. У шэрагу вершаў Я.Коласа 1920-х г., прысвечаных тэме паэта. назіралася непасрэдная пераклічка з творамі П. («Водгулле» Я.Коласа, «Рэха» П.), арыентацыя на яго маст. пафас. Многія Коласавы вершы ваен. і пасляваен. часу («Мая просьба», «Самому сабе», «У бяссонне» і інш.) сталі ўзорамі бел.філас. лірыкі, развіваюць традыцыю сцвярджэння перамогі разумнага пачатку — традыцыю. каля вытокаў якой стаяў П. У артыкулах і аўтабіягр. матэрыялах Я.Коласа нямала прызнанняў пра велізарны ўплыў на яго П. Бясспрэчная і тыпалагічная сувязь «Новай зямлі» і «Яўгена Анегіна» як энцыклапедый нар. жыцця; абедзве нап. 4-стопным ямбам. Вял. ўздзеянне паэзіі П. адчуў на сабе Багдановіч: распрацоўка тэмы «народ і гісторыя», традыцый вольналюбівай лірыкі, сцвярджэнне пафасу мастацкасці, пашырэнне тэм і форм бел. л-ры.
Творы П. на бел. мову перакладалі Багдановіч («Вязень»), Я.Купала («Медны коннік»), Я.Колас («Палтава»), К.Чорны («Капітанская дачка», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка», «Трунар», «Дуброўскі»), К.Крапіва («Капітанская дачка»), А.Куляшоў («Цыганы», «Яўген Анегін»), П.Глебка («Барыс Гадуноў»), А.Александровіч («Руслан і Людміла»), А.Якімовіч (казкі), Р.Барадулін, А.Бачыла, П.Броўка, А.Вечар, Ю.Гаўрук, М.Лужанін, М.Паслядовіч, Ю.Свірка, М.Танк, М.Хведаровіч, У.Шахавец і інш. Творчасць П. даследавалі і даследуюць бел.літ.-знаўцы І.Замоцін, Ф.Куляшоў, М.Ларчанка, Ю.Пшыркоў, А.Лойка, М.Тычына, А Шалемава і інш. Жыццё і творчасць П. — крыніца шматлікіх твораў л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва. П’есы паводле твораў П. пастаўлены ў т-рах Беларусі: у Нац. т-ры імя Я.Купалы — «Капітанская дачка» (1937), спектакль па творах П. (сцэны «Келля», «Карчма», «Каля фантана» з трагедыі «Барыс Гадуноў» і «Скупы рыцар», 1949); у Нац.рус. т-ры — «Паненка-сялянка» і «Каменны госць» (абодва 1938), «Баляванне ў час чумы і...» (1999); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Дуброўскі» (1937); у Бел. т-ры юнага гледача — «Пушкінскія казкі» (1974), «Казка пра папа і работніка яго Балду» (1989); у Бел. т-ры лялек — «Казка пра папа і пра работніка яго Балду» (1939); у Нац. т-ры оперы — «Яўген Анегін» (1933), «Пікавая дама» (1934), «Мазепа» (паводле паэмы «Палтава») П.Чайкоўскага (1952), «Русалка» А.Даргамыжскага (1937), «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Алека» (паводле паэмы «Цыганы») С.Рахманінава (1949), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (1972); у Нац. т-ры балета — «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1939) і інш. На тэксты П. напісаны многія творы бел. кампазітараў М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, А.Клумава, П.Падкавырава, Р.Пукста. Ю.Семянякі, А.Туранкова. Я.Цікоцкага і інш. Кнігі П. ілюстравалі бел. мастакі М.Бельскі, Т.Беразенская, А.Волкаў, М.Гуціеў, А.Кашкурэвіч, М.Селяшчук, В.Славук і інш.; карціну «А.С.Пушкін у Міхайлаўскім» напісала Р.Кудрэвіч, «Пушкін у Магілёве» Ю.Падляскі, «Кветкі каханай» І.Пратасеня і інш. Помнікі П. пастаўлены ў Мінску і Магілёве.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—10. М., 1974—78;
Бел.пер. — Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1993;
Выбр. творы. Мн., 1949;
Выбр. творы: Вершы. Паэмы. Мн., 1999;
Выбр. проза. Мн., 1936;
Барыс Гадуноў. Мн., 1937;
Каўказскі нявольнік. Мн., 1937;
Медны коннік. Мн., 1937;
Цыганы. Мн., 1937;
Бахчысарайскі фантан. Мн., 1937;
Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна. Мн., 1938;
Палтава. Мн., 1938;
Капітанская дачка. Мн., 1948; Яўгеній Анегін. Мн., 1949; Вершы. Мн., 1949; Казка аб мёртвай царэўне і аб сямі асілках. Мн., 1955; Казка пра папа і пра работніка яго Балду. Мн., 1957; Руслан і Людміла. Мн., 1978; О муза... Мн., 1999; Прарок = Пророк: Вершы і казкі. Мн., 1999; Яўгеній Анегін = Евгений Онегин: Раман у вершах. Мн., 1999.
Літ.:
Белинский В.Г. Сочинения Александра Пушкина. М., 1985;
А.С.Пушкин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1974;
Бэлза И.Ф. Пушкин и Мицкевич в истории музыкальной культуры. М., 1988;
Ахматова А.А. О Пушкине: Ст. и заметки. 3 изд. М., 1989;
Анненков П.В. Пушкин: Материалы для биогр. А.С.Пушкина. М., 1999;
Афонин В. Религия и А.С.Пушкин. Невинномысск, 1999;
Гаспаров Б.М. Поэтический язык Пушкина как факт истории русского литературного языка. СПб., 1999;
Духовный труженик: А.С.Пушкин в контексте рус. культуры. СПб., 1999;
Кибальник С.А. Художественная философия Пушкина. СПб., 1999;
Кожинов В.В. Великое творчество. Великая Победа. М., 1999;
Лотман Ю.М. Пушкин: Биогр. писателя: Ст. и заметки, 1960-1990;
«Евгений Онегин»: Коммент. СПб., 1999;
Пушкин и поэтический язык XX в. М., 1999;
Щеголев П.Е. Дуэль и смерть Пушкина. 5 изд. СПб., 1999;
Виноградов В.В. Стиль Пушкина. М., 1999;
Кондаков И.М. Психология в зеркале пушкинской судьбы. М., 2000;
Купала Я. Любімы паэт // Купала Я. Публіцыстыка. Мн., 1972;
Колас Я. Друг человечества. Сонца нашай паэзіі // Зб. твораў. Мн., 1976. Т. 12;
Замоцін І.І. А.С.Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1937;
Пшыркоў Ю.С. Уплыў творчасці А.С.Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;
Барысенка В.В., Івашын В.У. Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.Мн., 1963;
Степунин И. Прототип пушкинского Дубровского // Неман. 1968. № 8;
Лойко О. Его живые ветви // Там жа. 1974. №6;
Ларчанка М.Р. Пушкінскія традыцыі ў беларускай паэзіі // Ларчанка М.Р. Яднанне братніх літаратур. Мн., 1974;
Бярозкін Р. Звенні. Мн., 1976;
Симанович Д.Г. Подорожная Александра Пушкина. Мн., 1977;
Шалемава А.А. Пушкінскія традыцыі ў лірыцы Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 101—116;
А.С.Пушкін і беларуская літаратура: Рэсп.навук.канф.: Матэрыялы і паведамл. Брэст, 1994;
Соломевич Я. «Нет, весь я не умру...» // Нёман. 1998. №6;
Лиокумович Т.Б. Потомки А.С.Пушкина в Беларуси. Мн., 1999;
Пушкін — беларуская культура — сучаснасць: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1999;
А.С.Пушкін і Беларусь = А.С.Пушкин и Беларусь. Мн., 1999;
Тычына М.А. Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ (ад грэч. historia апавяданне аб мінулых падзеях, фактах, аб тым, што пазнана, даследавана),
гістарычная навука; у шырокім сэнсе — працэс развіцця ў грамадстве. У спецыфічным сэнсе гісторыя — навука аб заканамернасцях разгортвання ў прасторы і часе сусв.-гіст. працэсу і ўзаемадзеянняў этнапаліт. супольнасцей (гл. таксама Гістарычны працэс). Яна вызначае і тлумачыць канкрэтны ход і заканамернасці развіцця чалавечага грамадства ва ўсёй шматграннасці, адлюстроўвае патрэбу грамадства ў самасвядомасці, у разуменні свайго мінулага, каб глыбей асэнсаваць сучаснае і перспектывы будучага развіцця.
Аб’ект пазнання гіст. навукі — уся сукупнасць з’яў грамадскага жыцця на працягу ўсёй гісторыі грамадства. У параўнанні з інш. грамадска-гуманітарнымі навукамі гісторыя выступае як навука комплексная, інтэгральная. Яна мае справу з усімі грамадскімі з’явамі, што вывучаюцца гэтымі навукамі. Прадметам яе пазнання з’яўляецца раскрыццё чалавечай дзейнасці ва ўсёй шматбаковасці, прасторавай і часавай канкрэтнасці. Унутраная аснова гіст. навукі — збіранне фактаў, іх сістэматызацыя і аналіз ва ўзаемасувязі. Гісторыя абапіраецца на факты, у якіх адлюстраваны аб’ектыўныя працэсы развіцця грамадства; выкарыстоўвае шырокі спектр агульнанавук., спецыфічна гіст. метадаў (гісторыка-генетычны, гісторыка-параўнальны і інш.), у т. л. колькасныя метады даследавання. Як навука гісторыя павінна быць непрадузятым уваскрашэннем і аднаўленнем мінуўшчыны, а не судом над жыццём ці вынікамі дзейнасці продкаў для пацвярджэння якой-н. прыватнай паліт. і эканам. ідэі. Прыкладное значэнне гісторыі не адмаўляецца ў выпадках, калі ў ёй шукаюць тлумачэнне ці вытокі аб’ектыўных працэсаў, якія маюць месца ў сучасным жыцці. Гал.сац. функцыя гіст. навукі — навукова-пазнавальная (канкрэтнае навук. вывучэнне ўсяго шляху грамадскага развіцця ад старажытнасці да сучаснасці, якое дае фундаментальныя тэарэт.навук. веды).
У глыбокай старажытнасці назапашванне гіст. ведаў вялося ў вусных пераказах. Найдаўнейшыя пісьмовыя помнікі з аглядам гіст. падзей вядомы ў дзяржавах Стараж. Усходу (канец 4 — пач. 3-га тыс. да н.э.). Вялікі ўклад у распрацоўку гіст. уяўленняў пакінулі ант. гісторыкі (Герадот, Фукідыд, Ксенафонт, Палібій, Плутарх у Стараж. Грэцыі; Лівій, Тацыт, Апіян у Стараж. Рыме). У першыя стагоддзі н.э. з’явіліся стараж.арм. і груз.гіст. творы. У 10 ст. ўзнікла стараж.-рус.гіст.л-ра. Сярэдневяковыя зах.-еўрап.гіст. веды мелі даволі складаную структуру і падзяляліся (у залежнасці ад крыніцы) на свяшчэнную і свецкую гісторыю. Цесна звязаная з тэалогіяй, гісторыя разглядалася як працэс, прадвызначаны Богам. У эпоху Адраджэння ў цэнтры гісторыі аказваюцца падзеі і факты. У эпоху Асветніцтва гісторыкі адмовіліся ад тэалагічнага тлумачэння гісторыі, склаўся погляд на гісторыю як на працэс заканамернага развіцця, прызнавалася адзінства лёсу ўсяго чалавецтва (Вальтэр, Э.Гібан і інш.). Працэс станаўлення гісторыі як навукі звязаны з ням. філосафамі і гісторыкамі 18—19 ст. (І.Г.Гердэр, І.Кант і інш.), з франц. гісторыкамі Ф.П.Г.Гізо, А.Мінье, А.Цьеры. Тэарэт.-філас. асэнсаванне сусв.-гіст. працэсу зроблена Г.Гегелем; галоўнае ў яго канцэпцыі — дыялектычны прынцып развіцця. У сярэдзіне 19 ст. К.Маркс і Ф.Энгельс распрацавалі матэрыяліст. дыялектыку. У аснове марксісцкага аналізу гісторыі — гістарызму прынцып, вучэнне аб фармацыях грамадска-эканамічных. Сярод гісторыкаў Расіі ў сярэдзіне 19 ст. традыцыйнымі былі спрэчкі паміж славянафіламі (І.С.Аксакаў і К.С.Аксакаў, І.В. і П.В.Кірэеўскія і інш.) і заходнікамі (П.В.Аненкаў, Ц.М.Граноўскі, К.Дз.Кавелін, С.М.Салаўёў і інш.). У гіст. навуцы і філасофіі вядучых краін Еўропы (акрамя Германіі) і ЗША ў 2-й пал. 19 ст. панавала тэорыя пазітывізму (А.Конт, Г.Спенсер, Г.Т.Бокль, Дж.У.Дрэйпер, Г.Ч.Лі, Дж.Р.Грын, К.Лампрэхт і інш.). Яе прадстаўнікі звярталіся да ідэі эвалюц. развіцця чалавецтва, аднолькавую ўвагу аддавалі пытанням эканомікі, сац. жыцця і культуры. На мяжы 19—20 ст. на фарміраванні ўяўленняў аб гісторыі адбіліся погляды Ф.Ніцшэ, які адмаўляў аб’ектыўную заканамернасць гіст. развіцця, прапаноўваў ідэю развіцця па крузе. У гэты час праявіліся таксама неакантыянства, неагегельянства, эмпірыякрытыцызм. У 1920—30-я г. пашырыўся неапазітывізм. У 1930—60-я г. папулярнымі былі ідэі англ. даследчыка А.Дж.Тойнбі, які разглядаў сусв.гіст. працэс як з’яднанне волі і неабходнасці. У Сав. Саюзе ў 1920-я — пач. 1990-х г.гіст. навука знаходзілася пад уплывам марксізму-ленінізму. Пасля 2-й сусв. вайны пашыранымі сталі погляды на гісторыю з пазіцый неатамізму, ірацыяналізму і канцэпцыі экзістэнцыялізму. Значны ўплыў на развіццё гіст. навукі ў Зах. Еўропе мела франц.«Аналаў» школа. Апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. адзначаны крызісам гіст. навукі ў Еўропе і Амерыцы; папулярнымі сталі гіст. антрапалогія, канцэпцыя «маральнай эканомікі» Э.Томпсана, тэорыя «культурнай гегемоніі» А.Грамшы і інш.
Развіццё ўяўленняў пра гісторыю ў Беларусі, якая знаходзілася на мяжы культ. уплываў, адбывалася ў сувязі з культ.-паліт. працэсамі. Да 14 ст.мясц.гіст. свядомасць тут развівалася пад уплывам візантызму з яго артадаксальна-правасл. формай ідэалогіі. Пісьмовыя крыніцы гэтага перыяду — летапісы, хронікі, жыціі, у якіх спалучаліся рацыянальнае і эмацыянальнае асвятленне гісторыі, правідэнцыялізм, дакументальна-дзелавое і маст. апісанне гіст. падзей. У 15—18 ст.гіст. веды і ўяўленне пра гісторыю ў Беларусі фарміраваліся пад уплывам еўрап.культ. традыцыі: хронікі, гіст.-мемуарная л-ра (дыярыушы), прадмовы Ф.Скарыны, «Песня пра зубра» М.Гусоўскага, публіцыстычныя творы, розныя зборнікі аповесцей і навел, якія ўспрымаліся тагачаснымі чытачамі як цалкам гістарычныя. Скарына ацэньваў развіццё грамадства пад уплывам хрысціянскіх абстрактна-гуманіст. прынцыпаў чалавекалюбства і справядлівасці, хоць і не адмаўляў існавання ў грамадстве класавых процілегласцей. Пазней яго ідэі ўзбагаціліся і канкрэтызаваліся ў творах М.Літвіна, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана і інш.Гіст. погляды 18 ст., нягледзячы на некат. праявы патрыят. («краёвай») думкі, вызначаліся паланафільствам, сувяззю з ідэямі мысліцеляў-асветнікаў Еўропы. Станаўленне гіст. ведаў у Беларусі на ўзроўні навук. асэнсавання адбылося ў 19 ст.Тэарэт. пытанні агульных падыходаў да разумення гісторыі ў бел.гіст. навуцы ўпершыню ўзняты ў працах М.В.Доўнар-Запольскага.
Гісторыя як навука ў працэсе свайго развіцця падзялілася на цесна звязаныя паміж сабой спецыялізаваныя часткі. Гісторыя грамадства ў цэлым (гл.Усеагульная гісторыя) на аснове характэрных рыс прынята падзяляць на эпохі: гісторыю першабытнага грамадства, гісторыю стараж. свету, сярэдневяковая гісторыя (медыявістыка), новая і навейшая гісторыя. Яны ў сваю чаргу падзяляюцца на гісторыю вялікіх гістарычна звязаных паміж сабой рэгіёнаў (гісторыю Еўропы, гісторыю Лацінскай Амерыкі і інш.) і гісторыю асобных краін і народаў (гісторыю Беларусі, гісторыю Расіі, гісторыю Германіі і інш.); паводле комплексных праблем, калі даследуюцца з’явы, уласцівыя групам краін і народаў (гісторыю Адраджэння, гісторыю Рэфармацыі) і інш. У залежнасці ад таго, які бок або з’ява грамадскага жыцця вывучаецца, вылучаюць сац.-эканам. гісторыю, паліт. гісторыю, ваен. гісторыю, гісторыю мастацтва і інш. Да гісторыі адносяцца таксама спец. (дапаможныя) гіст. навукі: крыніцазнаўства, археаграфія, дыпламатыка, храналогія, сфрагістыка, генеалогія, геральдыка, нумізматыка, гістарыяграфія і інш.Самаст. месца займаюць археалогія і этнаграфія.
Літ.:
Ерофеев Н.А. Что такое история. М., 1976;
Болингброк. Письма об изучении и пользе истории: Пер. с англ.М., 1978;
Блок М. Апология истории, или Ремесло историка: Пер. с фр. 2 изд. М., 1986;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Сб.: Пер. с англ.М., 1991;
Февр Л. Бои за историю: Пер. с фр.М., 1991;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994;
Философия и методология истории: Сб. ст.М., 1977;
Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Ленін У.Л. Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм // Тв. Т. 14 (Полн. собр. соч. Т. 18);
Carr E.H. What is history? London, 1961;
Schieder T. Geschichte als Wissenschaft. München;
Wien, 1968;
Topolski J. Metodologia historii. 3 wyd. Warszawa, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАНА́ЎТЫКА (ад космас + грэч. nautikē майстэрства мараплавання, караблеваджэнне),
астранаўтыка, палёты ў касм. прастору; сукупнасць галін навукі і тэхнікі для даследавання і асваення космасу і пазаземных аб’ектаў для патрэб чалавецтва з выкарыстаннем розных касм. апаратаў. Уключае праблемы: тэорыі касм. палётаў — разлікі траекторый і інш.; навук.-тэхнічныя — стварэнне касмічных апаратаў, касмадромаў, ракет-носьбітаў, рухавікоў, бартавых сістэм кіравання, навук. прылад, наземных сістэм кантролю і кіравання палётамі; медыка-біялагічныя — стварэнне бартавых сістэм жыццезабеспячэння і інш.; юрыдычныя — міжнародна-прававое рэгуляванне пытанняў выкарыстання касм. прасторы, нябесных цел і інш.
Тэарэт. абгрунтаванне магчымасці палётаў у касм. прастору даў К.Э.Цыялкоўскі ў канцы 19 ст. У сваіх працах ён паказаў рэальнасць тэхн. ажыццяўлення касм. палётаў і даў прынцыповае рашэнне шэрагу асн. праблем К. Далейшае рашэнне тэарэт. і практычных пытанняў К. звязана з імёнамі Ф.А.Цандэра, Ю.В.Кандрацюка, М.І.Ціхамірава, М.К.Ціханравава, С.П.Каралёва, В.П.Глушко, С.А.Косберга, Р.Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годарда, Г.Оберта, І.Вінклера (Германія), В. фон Браўна. Пачатак касм. эры звязаны з запускам у СССР 4.10.1957 першага штучнага спадарожніка Зямлі (ШСЗ). 12.4.1961 адбыўся першы ў свеце палёт чалавека ў космас, які ажыццявіў грамадзянін СССР Ю.А.Гагарын. Буйнейшым гіст. дасягненнем у галіне К. стаў першы палёт і высадка на Месяцы 21.7.1969 амер. экспедыцыі з касманаўтамі Н.Армстрангам, Э.Олдрынам і М.Колінзам. 12.4.1981 у ЗША пачала эксплуатавацца касм. сістэма шматразовага выкарыстання «Спейс шатл». У 1959 пачаліся касм. даследаванні Месяца, а з 1961 — планет Сонечнай сістэмы, іх спадарожнікаў, малых планет, камет і Сонца з выкарыстаннем аўтаматычных міжпланетных станцый (гл.табл.). Гэта дало магчымасць сфатаграфаваць адваротны бок Месяца, атрымаць здымкі паверхні Меркурыя, Венеры, Марса, спадарожнікаў Юпітэра, Сатурна, Урана, Нептуна, даследаваць атмасферы гэтых планет, а таксама камету Галея, некат. малыя планеты, атрымаць даныя пра будову і працэсы на Сонцы, даставіць на Зямлю ўзоры месяцовага грунту. Ракеты-носьбіты створаны і выкарыстоўваюцца ў Расіі (СССР) з 1957, ЗША з 1958, Францыі з 1965, Японіі і Кітаі з 1970, Вялікабрытаніі з 1971, Індыі з 1980, Ізраілі і Бразіліі. На 1.6.1998 каля 20 дзяржаў вывелі ў космас уласныя ШСЗ (самастойна або ракетамі-носьбітамі інш. краін); каля 380 касманаўтаў (прадстаўнікі 23 краін) здзейснілі касм. палёты на сав. (рас.) і амер.касм. апаратах, сярод іх ураджэнцы Беларусі П.І.Клімук і У.В.Кавалёнак. Акрамя Расіі (СССР) і ЗША К. інтэнсіўна развіваецца ў Францыі, Японіі, Кітаі, ФРГ, Індыі. Будучае К. — даследаванне і выкарыстанне ў мірных мэтах касм. прасторы, міжнар. супрацоўніцтва ў асваенні космасу: стварэнне буйной арбітальнай станцыі «Альфа», сонечных электрастанцый на калязямной арбіце, буд-ва базы на Месяцы, падрыхтоўка і палёт на Марс, глабальны экалагічны маніторынг, вынас зямной індустрыі ў космас і інш. (гл. таксама Інтэркосмас, «Каспас—сарсат»).
У Беларусі вял. ўклад у вывучэнне тэарэт. праблем ракетабудавання зрабіў інжынер і мысліцель-гуманіст 17 ст. К.Семяновіч, які вынайшаў шматступеньчатую ракету (1650), прапанаваў ідэю стабілізатара тыпу «дэльта». У ажыццяўленні касм. праграм удзельнічаў канструктар авіяц. і касм. рухавікоў ураджэнец Беларусі Косберг. На тэр. рэспублікі размешчаны шэраг буйных касм. аб’ектаў. Даследаванні і распрацоўкі па касм. праграмах праводзяцца ў ін-тах Нац.АН, БДУ, Бел.політэхн. акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі і інш. Распрацаваны і створаны сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання зямной паверхні, оптаэлектронныя сістэмы траекторных вымярэнняў і шэраг фотаастр. установак, апаратна-праграмныя комплексы апрацоўкі відарысаў, атрыманых з космасу, цеплаахова ракетна-касм. комплексаў, у т. л. «Бурана». Многія станцыі сачэння, цэнтры апрацоўкі касм. інфармацыі, ШСЗ і арбітальныя станцыі абсталяваны апаратурай, распрацаванай і зробленай у Беларусі. У 1993 створаны рэсп. Савет па космасе. Вял.значэнне для нар. гаспадаркі рэспублікі мае касмічная сувязь, касмічнае тэлебачанне, касмічнае землязнаўства, касмічная экалогія, касм. метэаралогія.
Літ.:
Идеи К.Э.Циолковского и современность. М., 1979;
Глушко В.П. Развитие ракетостроения и космонавтики в СССР. 3 изд. М., 1987;
Келдыш М.В., Маров М.Я. Космические исследования. М., 1981;
Кубасов В.Н., Дашков А.А. Межпланетные полеты. М., 1979;
1-я аўтам. міжпланетная станцыя (АМС, запушчана да Месяца); дасягненне 2-й касм. скорасці.
12.9.1959
СССР
«Месяц-2»
Першае дасягненне інш. нябеснага цела — Месяца (14.9.1959).
4.10.1959
СССР
«Месяц-З»
Аблёт Месяца (6.10.1959), фатаграфаванне яго адваротнага боку і перадача адлюстравання на Зямлю.
12.2.1961
СССР
«Венера-1»
Першы старт да Венеры і пралёт каля яе.
12.4.1961
СССР
«Усход»
Першы палёт чалавека ў космас (Ю.А.Гагарын).
27.8.1962
ЗША
«Марынер-2»
Першае даследаванне Венеры з пралётнай траекторыі (14.12.1962).
16.6.1963
СССР
«Усход-6»
Першы палёт жанчыны-касманаўта (В.У.Церашкова).
18.3.1965
СССР
«Узыход-2»
Першы выхад чалавека ў адкрыты космас (А.А.Лявонаў).
28.11.1965
ЗША
«Марынер-4»
Першае фатаграфаванне паверхні Марса з пралётнай траекторыі.
31 1.1966
СССР
«Месяц-9»
Першая мяккая пасадка на Месяц АМС.
21.12.1968
ЗША
«Апалон-8»
Першы палёт чалавека да Месяца (Ф.Борман, У.Андэрс, Дж.Ловел).
16.7.1,969
ЗША
«Апалон-11»
Першая пілатуемая экспедыцыя на Месяц; першы выхад касманаўтаў на яе паверхню (Н.Армстранг, Э.Олдрын).
17.8.1970
СССР
«Венера-7»
Першая мяккая пасадка на паверхню Венеры.
12.9.1970
СССР
«Месяц-16»
Дастаўка на Зямлю ўзораў месяцовага грунту.
10.11.1970
СССР
«Месяц-17»—«Месяцаход-1»
Першы самаходны апарат на Месяцы.
19 4.1971
СССР
«Салют-1»
Першая даўгачасная пілатуемая арбітальная станцыя.
2.12.1971
СССР
«Марс-З»
Першая мяккая пасадка на паверхню Марса.
3.3.1972
ЗША
«Піянер-10»
Першы пралёт АМС пояса астэроідаў і Юпітэра (1973) з далейшым выхадам за межы Сонечнай сістэмы.
6.4.1973
ЗША
«Піянер-11»
Пралёт АМС паблізу Юпітэра і ўпершыню Сатурна (1979).
3.11.1973
ЗША
«Марынер-10»
Першы пралёт АМС паблізу Меркурыя (1974—75); перадача фотаздымкаў паверхні планеты на Зямлю.
15.7.1975
СССР—ЗША
«Саюз-19»—«Апалон»
Першы міжнародны сумесны касм. палёт з удзелам 5 касманаўтаў.
20.8.1977
ЗША
«Вояджэр-2»
Першы пралёт паблізу Урана (1986) і Нептуна (1989).
12.4.1981
ЗША
«Калумбія»
Вывад на арбіту ШСЗ першага касм. карабля (КК) шматразовага выкарыстання «Спейс шатл».
20.2.1986
СССР
«Мір»
Вывядзенне на арбіту ШСЗ базавага блоку арбітальнага комплексу.
3.1986
СССР, краіны Зах. Еўропы, Японія
«Вега-1», -2», «Джота», «Суйсей», «Сакічаке»
Даследаванне каметы Галея.
21.12.1987
СССР
«Саюз ТМ-4»—«Мір»
Работа касманаўтаў на борце арбітальнага комплексу «Мір» (366 сутак; У.Г.Цітоў. М.Х.Манараў).
1988—95
СССР (Расія)
«Мір»
Сусветны рэкорд знаходжання ў космасе — 678 сутак (В.У.Палякоў).
29.6.1995
Расія—ЗША
«Мір»—«Атлантыс»
Першая стыкоўка арбітальнага комплексу «Мір» і КК «Спейс шатл»; сумесная работа рас. і амер. касманаўтаў.
20.2.1998
СССР (Расія)
«Мір»
За 12 гадоў на арбітальным комплексе «Мір» працавалі больш за 100 касманаўтаў.
4.7.1998
ЗША
Работа на Марсе самаходнага апарата «Соджэнер».
Да арт.Касманаўтыка: 1 — запуск касмічнага карабля «Саюз»; 2 — амерыканскі касманаўт Б.Мак-Кандлес у скафандры з аўтаномнай сістэмай перамяшчэння ў адкрытым космасе; 3 — макет арбітальнай станцыі ў басейне (Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына); 4 — першы ў свеце савецкі касманаўт Ю.А.Гагарын; 5, 6 — касманаўты з Беларусі П.І.Клімук і У.І.Кавалёнак; 7 — трэніроўка ў стане бязважкасці (экіпаж: Л.Папоў, А.Сераброў, С.Савіцкая).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ВІ (чычэва Malaŵi, англ. Malawi),
Рэспубліка Малаві (чычэва Mfuko la Malaŵi, англ. Republic of Malawi), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на 3 з Замбіяй, на Пд з Мазамбікам; на У мяжа з Танзаніяй і Мазамбікам праходзіць па воз. Ньяса (Малаві). Пл. 118,5 тыс.км², у т. л. водная паверхня азёр 24,4 тыс.км². Нас. 9,8 млн.чал. (1998). Дзярж. мовы — чычэва (малаві) і англійская. Сталіца — г.Лілонгве. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Народнаму сходу, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які прызначаецца прэзідэнтам.
Прырода. У рэльефе пераважае пласкагор’е, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Характэрны вышыні 1000—1500 м, найб. вышыня — г. Сапітва (3002 м). На У грабен (ч. Усходне-Афр. рыфавай сістэмы) з воз. Ньяса (на выш. 472 м над узр. м.) і р. Шырэ, якая выцякае з возера і ўпадае ў р. Замбезі. У М. ёсць невял. радовішчы баксітаў, каменнага вугалю, уранавых руд, буд. матэрыялаў і інш. Клімат субэкватарыяльны з летнім дажджлівым (ліст.—май) і сухім (май—лістапад) сезонамі. Сярэднямесячныя т-ры ад 14—19 °C (ліп.) да 23—27 °C (лістапад). Ападкаў 1500—3000 мм за год. У расліннасці пераважаюць акацыевыя саванны з баабабамі, паркавая саванна з пальмамі; у гарах — лістападныя трапічныя лясы, участкі стэпаў, па далінах рэк — галерэйныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэр. краіны. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: бегемоты, кракадзілы, львы, леапарды, павіяны, зебры, антылопы. Ёсць малярыйныя камары і муха цэцэ. Воз. Ньяса багатае рыбай (асн. від тылапія). Нац. паркі: Касунгу, Ленгве, Лівондэ, Ньіка; некалькі паляўнічых рэзерватаў. Нац. парк воз. Малаві (Ньяса) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 99% складаюць блізкія паміж сабой народы, што адносяцца да ўсх. групы банту. Найб. — малаві (каля 55% насельніцтва), асн. этнічная група чэва (гавораць на мове чычэва). На Пд жывуць макуа, ломве, ваяа, суахілі, нгоні. Выхадцы з краін Азіі і Еўропы (больш за 30 тыс.чал.) жывуць пераважна ў гарадах. Сярод вернікаў 55% пратэстантаў, па 20% католікаў і мусульман, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост 1,5% (1997), у асобныя гады перавышае 3%. Сярэдняя шчыльн. 104 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны. У гарадах жыве 14% насельніцтва. Найб. гарады: Блантайр-Лімбе — каля 500 тыс.ж., Лілонгве — каля 400 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%, у абслуговых галінах — каля 9%. Некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў М. сезонна працуюць у Паўд.-Афр. Рэспубліцы (ПАР).
Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — бантумоўныя плямёны н’янджа (на Пд), чэва (у цэнтры) і тумбука (на Пн). У канцы 15 ст. каля воз. Ньяса склалася племянное аб’яднанне Малаві на чале з правадыром Каронгі. Пазней сюды перасяліліся народы нгоні і яо. У сярэдзіне 19 ст. тэр. М. наведваў Д.Лівінгстан, у 1876 брыт. місіянеры заснавалі пасяленне Блантайр. З 1891 М. — брыт. пратэктарат Ньясаленд. У 1915 тут адбылося антыбрыт. паўстанне на чале з Дж.Чылембве, задушанае ўладамі. У 1920—30-я г. ўзніклі туземныя асацыяцыі, у 1944 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр. Кангрэс Ньясаленда (АКН). У 1953—63 М. ўваходзіла ў Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда. Пасля забароны АКН на яго базе ў вер. 1959 створана партыя Кангрэс М. (КМ) на чале з Х.Бандам. У 1961 уведзена ў дзеянне канстытуцыя Ньясаленда. На першых усеагульных выбарах у Заканад. сход у 1961 перамог КМ. У лют. 1963 Ньясаленд атрымаў унутр. самакіраванне, а Банда стаў прэм’ер-міністрам краіны.
6.7.1964 абвешчана незалежная дзяржава М. ў складзе Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1966 М. — рэспубліка, прэзідэнт — Банда, адзіная легальная партыя — КМ. У краіне ўсталяваўся рэжым асабістай улады Банды, які ў ліп. 1971 абвешчаны яе пажыццёвым прэзідэнтам. Жорстка душылася ўсялякая апазіцыя. Праводзілася палітыка спрыяння прыватнаму сектару, асабліва ў галіне забеспячэння харчаваннем. У знешняй палітыцы кіраўніцтва М. падтрымлівала цесныя сувязі з краінамі Зах. Еўропы, ЗША і ПАР. З пач. 1990-х г. краіну ахапілі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем адраджэння дэмакратыі, якія ўзначальвала каталіцкае духавенства. Восенню 1992 створаны альянс за дэмакратыю і Аб’яднаны дэмакр. фронт (АДФ). У студз. 1993 урад быў вымушаны дазволіць шматпартыйнасць. У 1994 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам М. выбраны лідэр АДФ Б.Мулузі. З мая 1995 набыла сілу новая канстытуцыя краіны. М. — чл.ААН і арг-цыі афр. адзінства (з 1964). Дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаны Дэмакр. фронт, Кангрэс М.
Гаспадарка. М. — аграрная краіна са слаба развітой эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Штогадовы даход на 1 чал. каля 180 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 45% валавога нац. прадукту, прам-сць — 30%, абслуговыя галіны — 25%. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — земляробства. Апрацоўваецца каля 1,7 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца саванны і рэдкастойныя лясы агульнай пл. каля 2 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, але асн. экспартную прадукцыю даюць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям і еўрап. каланістам (каля 10% апрацаваных зямель). Штогод збіраюць асн. экспартныя культуры (тыс. т): чай (займае 6% с.-г. зямель) — каля 50, тытунь — каля 130. Меншае экспартнае значэнне маюць бавоўнік, тунг, цукр. трыснёг, арахіс, каўчуканосы. Харч. культуры (у сял. гаспадарках): кукуруза (займае 80% с.-г. зямель, штогадовы збор 1,5—2 млн. т), афр. сорга, проса, рыс, пшаніца, бабовыя, маніёк, батат. Агародніцтва, трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля абмежавана з-за распаўсюджання мухі цэцэ і нізкай якасці пашы. Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 1000, авечак і коз — каля 800. Птушкагадоўля. Азёрнае і рачное рыбалоўства — 65 тыс. т (1993). Лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прам-сць развіта слаба, арыентавана на перапрацоўку с.-г. прадукцыі, вытв-сць спажывецкіх тавараў. Вытв-сць электраэнергіі 782 млн. кВт гадз (1993), пераважна на невялікіх ЦЭС і ГЭС. Найб.ГЭС на р. Шырэ. Асн. прадпрыемствы звязаны з апрацоўкай тытуню і чаю (Блантайр-Лімбе, Лілонгве, Зомба). Ёсць бавоўнаачышчальныя, тэкст., швейныя, кансервавыя, цукр., па вытв-сці тунгавага алею, мукамольныя, цагельныя, лесапільныя, цэм. прадпрыемствы. Невял. здабыча мармуру, жал. руды, кіяніту, баксітаў, буд. матэрыялаў. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, унутр. водны. У М. 49,8 тыс. км аўтадарог, у т. л. 5,7 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 15 тыс. легкавых, 19 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Даўж. чыгункі 789 км. Знешнегандл. сувязі пераважна па чыг. Блантайр-Лімбе—Бейра (Мазамбік). Унутр. водныя шляхі па воз. Ньяса і асобных участках р. Шырэ. У краіне 41 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. каля Блантайр-Лімбе і Лілонгве. У 1995 экспарт склаў 431 млн.дол., імпарт — 348 млн. долараў. М. экспартуе тытунь (40% па кошце), чай (35%), цукар, каву, арахіс, драўніну, імпартуе харч. прадукты, нафту і нафтапрадукты, тавары шырокага ўжытку, трансп. сродкі. Асн.гандл. партнёры: ПАР, ЗША, Японія, Германія. Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР і замежны турызм. Эканоміка М. залежыць ад эканам. дапамогі МВФ, Сусв. банка і асобных краін-донараў (найб. — Вялікабрытаніі і ПАР). Грашовая адзінка — квача.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Малаві.Да арт.Малаві. Узбярэжжа возера Ньяса.Да арт.Малаві. Краявід на Пд краіны.