МАТАЦЫ́КЛ (ад лац. motor які прыводзіць у рух + грэч. kyklos круг, кола),
двухколавы трансп. сродак з рухавіком унутр. згарання з рабочым аб’ёмам больш за 50 см³. Выпускаюцца таксама М. з бакавым прычэпам — каляскай для аднаго пасажыра ці невял. грузу. Паводле прызначэння падзяляюцца на дарожныя, спарт. і спецыяльныя. Рухавік карбюратарны 2- або (радзей) 4-тактавы, ахаладжэнне сустрэчным патокам паветра (асобныя мадэлі спарт. і высокафарсіраваных дарожных М. маюць вадзяное ахаладжэнне). На Беларусі вырабляюцца на Мінскім матацыклетным і веласіпедным заводзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЕ́ ((Meillet) Антуан) (11.11.1866, г. Мулен, Францыя — 12.9.1936),
французскі мовазнавец; прадстаўнік індаеўрапейскага параўнальна-гіст. мовазнаўства. Чл. Французскай акадэміі, чл.-кар. Пецярбургскай АН (1906). З 1906 праф. Французскага калежа, сакратар Парыжскага лінгвістычнага т-ва. Аўтар прац па агульным мовазнаўстве, слав., герм., стараж.-грэч., армянскай стараж.-персідскай і татарскай мовах: «Індаеўрапейскія дыялекты» (1908), «Гістарычнае і агульнае мовазнаўства» (т. 1—2, 1921—36) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Общеславянский язык. М., 1951;
Сравнительный метод в историческом языкознании. М., 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛАНО́МА [ад грэч. melas (melanos) чорны + -ōma канчатак у назвах пухлін],
меланабластома, у чалавека злаякасная пухліна, якая развіваецца з пігментаўтваральных клетак меланацытаў. Часцей узнікае на скуры (90%), радзей — на слізістых абалонках страўнікава-кішачнага тракту, верхніх дыхальных шляхоў, мазгавых абалонак, у воку. Схільная даваць раннія метастазы. Для М. характэрна назапашванне ў клетках меланіну, бываюць і беспігментныя. Лячэнне хірург., прамянёвае, хіміятэрапеўтычнае. У жывёл М. — дабраякасная пухліна з клетак эпідэрмісу; можа ператварацца ў злаякасную. Гл. таксама Пухліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУДАНІ́ЙСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1922,
падпісана 11.10.1922 у г. Муданья (Турцыя) прадстаўнікамі Вял.нац. сходу Турцыі з аднаго боку і ўрадаў Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі — з другога; 13.10.1922 да іх далучылася Грэцыя. М.п. скончыла грэка-турэцкую вайну 1919—22 і канстатавала перамогу кемалісцкай рэвалюцыі. Прадугледжвала вывад у 30-дзённы тэрмін грэч. войск з Усх. Фракіі за р. Марыца і часовае захаванне войск саюзнікаў у г. Стамбул і раёне Чарнаморскіх праліваў да падпісання мірнага дагавора. Дзейнічала да заключэння Лазанскага мірнага дагавора 1923.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАА́НТРАПЫ (ад неа... +грэч. anthrōpos чалавек),
абагульненая назва людзей сучаснага віду (Homo sapiens). Асн.антрапал. асаблівасці Н., якія адрозніваюць іх ад палеаантрапаў і архантрапаў — аб’ёмісты мазгавы чэрап з высокім скляпеннем, лоб, які вертыкальна падымаецца, адсутнасць надвочнага валіка, добра развіты падбародачны выступ. Выкапнёвыя Н. мелі больш масіўны шкілет, чым сучасныя людзі. Самыя стараж. з вядомых касцявых рэшткаў Н. (на в-ве Каліманган) датуюцца радыевугляродным метадам у 39 тыс.г., але больш верагодна, што Н. ўзніклі 70—60 тыс.г. назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАГІ́Я (ад грэч. panagia прасвятая),
1) нагрудны медальён-абразок з выявай Маці Божай або Ісуса Хрыста. Лічыцца знакам архірэйскага і свяціцельскага сану. Бываюць круглай, авальнай, ромбападобнай, квадратнай формы, выкананыя з металу (літыя і чаканеныя, з эмаллю, сканню, чэрню), слановай косці, дрэва, мяккіх парод каменю.
2) Іканаграфічны тып Маці Божай, выяўленай у выглядзе аранты (у поўны рост з паднятымі да ўзроўню твару рукамі і звернутымі да гледача далонямі) з выявай Хрыста-дзіцяці ў медальёне на грудзях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНДЭМІ́Я (ад грэч. pandēmia увесь народ),
катэгорыя інтэнсіўнасці эпідэмічнага працэсу, калі інфекц. хвароба пашырана сярод насельніцтва краіны, некалькіх краін ці кантынентаў. Ступень пашыранасці інфекц. хвароб абумоўлена ўспрымальнасцю чалавека да інфекцый, частатой зменлівасці ўзбуджальніка (напр., вірус грыпу), шляхамі перадачы інфекцыі (часцей узнікаюць П. інфекц. хвароб, што перадаюцца паветрана-кропельным шляхам), войнамі, эміграцыяй і інш. Апісаны П. чумы, халеры, грыпу, малярыі і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. адсутнічаюць (за выключэннем грыпу). Гл. таксама Эпідэмія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́ГРАФ [ад грэч. pan (pantos) усё + ...граф],
прылада для перачэрчвання карт, планаў, рысункаў змененага, звычайна больш дробнага маштабу. Бываюць розных памераў і канструкцый, у т. л. падвесныя, на колцах і інш. Падвесны П. дае больш высокую дакладнасць копій. П. складаецца з 4 папарна паралельных лінеек, злучаных шарнірамі. Суадносіны маштабаў арыгінала і копій мяняюцца перамяшчэннем лінеек.
Пантограф: AB, CD, AE, BF — папарна паралельныя лінейкі; A — нерухомая кропка; у кропцы F — арыгінал схемы; у кропцы K — зменшаная копія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАЛО́ГІЯ (ад грэч. pathos пакута, хвароба + ...логія),
навука, якая вывучае заканамернасці ўзнікнення, развіцця і вынікі хвароб; тэарэтычная аснова медыцыны. Дае магчымасць выявіць сутнасць хваробы; яе функцыян. і структурныя праявы, вызначыць прынцыпы прафілактыкі і лячэння. Найб. агульныя прычыны і заканамернасці паталаг. працэсаў (алергіі, атрафіі, гарачкі, дыстрафіі, запалення, некрозу, парушэнняў лімфа- і кровазвароту) вывучае агульная П., канкрэтныя хваробы — асобная П. Падзяляецца на паталагічную анатомію і паталагічную фізіялогію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕГА́С,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі чароўны (часта крылаты) конь, які нарадзіўся з крыві або з тулава забітай Персеем гаргоны Медузы як плод яе сувязі з Пасейдонам. П. узнёсся на Алімп, дзе прыносіў Зеўсу грамы і маланкі. Паводле другога міфа, багі падаравалі П. герою Белерафонту, а той узляцеў на ім і забіў крылатую пачвару Хімеру, якая спусташала краіну. Ударам капыта П. выбіў на гары Гелікон крыніцу Гіпакрэну (грэч. «конская крыніца»), вада якой надае натхненне паэтам. Адсюль выраз «асядлаць П.» — стаць паэтам.