ПРЫГАРО́ЎСКІ (Міхаіл Васілевіч) (24.3.1893, в. Старая Рудня Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 1918),
удзельнік Кастр. паўстання ў Петраградзе 1917. З 1914 вучыўся ў Петраградскім ун-це, вёў нелегальную прапаганду сярод студэнтаў і рабочых. У сак. 1915 арыштаваны. Пасля Лют. рэв. 1917 старшыня выканкома Савета салдацкіх дэпутатаў Гжацкага гарнізона. З сак. 1917 у Петраградзе, у час падрыхтоўкі Кастр. паўстання чл. Петраградскага ВРК. З кастр. 1917 гал. камісар Смольнага, камендант Таўрычаскага палаца. У сак. 1918 камандзір атрадаў Чырв. гвардыі. Загінуў у час прарыву акружэння на станцыі Рауту (Саснова Ленінградскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛО́ГІЯ ПРА́ЦЫ,
галіна прыкладной псіхалогіі, якая вывучае псіхалагічныя аспекты і заканамернасці працоўнай дзейнасці. Гал. яе задачы звязаны з праблемамі ўдасканальвання вытв. адносін, павышэння якасці працы, паляпшэння ўмоў працы, ліквідавання аварыйных сітуацый і г.д. Пачала фарміравацца ў пач. 20 ст. ў сувязі з навуковай арганізацыяй працы і вырашэннем пытанняў прафес. адбору, прафесійнай арыентацыі. Цесна звязана з медыцынай, фізіялогіяй, тэхнікай, сацыялогіяй і г.д. Створаны спец. метады — тэсты, з дапамогай якіх праводзіцца прафес. адбор. Вылучыліся кірункі: інжынерная псіхалогія, авіяц. і касм. псіхалогіі, эрганоміка, псіхалогія кіравання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМЕ́ННЕ,
універсальная аперацыя мыслення, якая характарызуецца засвойваннем новых ведаў і іх уключэннем у сфарміраваную сістэму светапогляду; здольнасць усвядоміць сэнс і значэнне аб’ектаў сацыякульт. і прыроднай рэчаіснасці. Вызначаецца лагічнай упарадкаванасцю, асэнсаваннем прычынна-выніковых сувязей навакольных з’яў. Развіваецца ў працэсе зносін паміж людзьмі і засваення культ.-гіст. спадчыны. Гал. функцыя Р. — каардынацыя дзеянняў чалавека і ўсіх відаў камунікацыі. Да псіхал. механізмаў Р. адносяцца ідэнтыфікацыя, інсайт, інтуіцыя, каузальная атрыбуцыя, праекцыя, сац. перцэпцыя і эмпатыя. Р. даследуецца ў псіхалогіі, філасофіі, сацыялогіі, літ.-знаўстве і інш.; з’яўляецца асн. катэгорыяй навукі аб Р. тэкстаў — герменеўтыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́МА (стараж.-інд. цёмны),
у рэлігіі і міфалогіі індуізму богападобны герой, сёмае ўвасабленне (аватара) бога Вішну, у вішнуізме разам з Крышнайгал. аб’ект культу. Паводле стараж.-інд. эпасаў «Рамаяна» і «Махабхарата», сын цара Дашаратхі Р. і яго зводны брат Лакшмана здзейснілі паход з паўн. Індыі на в-аў Ланка (Шры-Ланка), каб вызваліць жонку Р. Сіту, якую выкраў цар ракшасаў Равана. Браты вызвалілі Сіту і перамаглі Равану, чым пазбавілі людзей ад яго тыраніі. У вобразе Р. ўвасоблены мужчынская доблесць, вернасць доўгу, сыноўняя пакорлівасць, сямейная і братняя адданасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 18 ст. ў мяст. Раманава (цяпер в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл.). Драўляныя збудаванні былі абнесены валам і астрогам. У цэнтры замкавага двара стаяў гал. жылы дом з сенцамі (2 жылыя пакоі, алькеж, 3 каморы), накрыты драніцай; унутры сцены памяшканняў атынкаваны. Непадалёку стаялі турма, дом старасты (меў сенцы, 2 жылыя памяшканні, камору), варыўня, пякарня. Гасп. двор уключаў 2-павярховую скарбніцу, свірны, вазоўню, стайню, пограб, з замкам злучаўся варотамі. Па-за межамі Р.з. размяшчаўся комплекс са стадолай, гумном з 2 асецямі, броварам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ ЛЮДО́ВА (АЛ; Armia Ludowa літар. народная армія),
узброеныя партыз. і падп. фарміраванні Польскай рабочай партыі (ППР) у 2-ю сусв. вайну. Створана дэкрэтам Краёвай Рады Нарадовай (КРН) ад 1.1.1944 замест Гвардыі Людовай. У гал. камандаванне АЛ уваходзілі галаўком ген. М.Жымерскі («Роля»), нач. штаба, чл.ЦК ППР Ф.Юзвяк, прадстаўнік КРН Я.Чахоўскі. Мела 6 тэр. акруг (аб’ядноўвалі 23 раёны). Армія складалася з 16 партыз. брыгад (у т. л. некалькі фарміраванняў з Беларусі і Украіны) і 20 асобных батальёнаў і атрадаў (летам 1944 налічвала каля 60 тыс.чал.). Гал. задачы — барацьба супраць ням. акупантаў і падрыхтоўка да захопу ўлады ў пасляваен. Польшчы. Праводзіла дыверсіі на прамысл. аб’ектах і чыгунцы, тэрарыст. акты супраць ням.акупац. адміністрацыі і жандармерыі. Вясной і летам 1944 атрады АЛ разам з сав. дыверсійна-разведвальнымі групамі вялі жорсткія баі з намнога большымі сіламі гітлераўцаў у Парчэўскіх і Яноўскіх лясах, Сольскай пушчы. На польска-бел. паграніччы супрацоўнічала з сав. партызанамі, якія дзейнічалі на Беларусі. Вясной 1944 для каардынацыі дзеянняў АЛ з войскамі Чырв. Арміі сав. камандаванне стварыла пры Ваен. савеце 1-га Бел. фронту Польскі партыз. штаб (адзін з кіраўнікоў С.В.Прытыцкі). Атрады АЛ дапамагалі наступаючым сав. войскам, вызвалілі некалькі польск. гарадоў. Камандаванне Чырв. Арміі перадавала АЛ кантроль над вызваленымі польск. тэрыторыямі. 21.7.1944 дэкрэтам КРН АЛ аб’яднана з Польскай арміяй у СССР у адзінае Войска Польскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 34,9 тыс.км². Нас. 1466,9 тыс.чал. (1994), гарадскога — 61%. Цэнтр — г.Бранск. Найб. гарады: Клінцы, Навазыбкаў, Унеча.
Прырода. Бранская вобласць размешчана ў цэнтр.ч.Усх.-Еўрап. раўніны. Пераважная выш. 200—250 м, найб. да 288 м; нахіл паверхні з ПнУ на ПдЗ. У рэльефе — спалучэнне моцна расчлянёных Сярэднярускага ўзвышша і Смаленскага ўзвышша і плоскай эразійнай Прыдняпроўскай нізіны. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 600 мм за год. Гал.р. Дзясна (сістэма Дняпра) з прытокамі Балва, Наўля, Няруса, Судасць; на З рэкі Іпуць і Беседзь (прытокі р. Сож). Пераважаюць падзолістыя, дзярнова-падзолістыя і шэрыя лясныя глебы. Ландшафты ў асн. мяшаных лясоў — хваёвыя, значная ч. бярозавых і асінавых (найб. Бранскі лясны масіў); на ПдУ — лесастэп.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прамысловасці — машынабудаванне (дызелі, цеплавозы, рэфрыжэратарныя секцыі, аўтамабілі, станкі, веласіпеды; с.-г., буд.-дарожныя, ірыгацыйныя машыны, электратэхніка і інш.) і металаапрацоўка. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў (азбестацэментныя вырабы, цэмент, шкло, шкловалакно, ізаляцыйныя матэрыялы і інш.), хім. (фасфатная мука), лёгкая (шарсцяная, гарбарна-абутковая, швейная), харч. (кансервавая, крухмальная, мясная і інш.), лясная і дрэваапр.прам-сць. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — вырошчванне збожжавых культур, малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля. Пашыраны пасевы тэхн. культур. Бульбаводства. Пладаводства. Птушкагадоўля. У Бранскай вобласці густая сетка чыгунак, найб. важныя магістралі Масква—Кіеў, Арол—Валгаград, значная сетка аўтадарог. Суднаходства па Дзясне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАЦЬБА́ ЗА ІСНАВА́ННЕ,
сукупнасць складаных узаемаадносін жывых арганізмаў паміж сабой і з навакольным асяроддзем, у выніку якіх выжываюць і пакідаюць патомства найб. прыстасаваныя асобіны. Асн. палажэнні тэорыі барацьбы за існаванне распрацаваў англ. вучоны Ч.Дарвін (1859), які адзначыў вял. ролю гэтай з’явы ў эвалюцыі. Паводле Дарвіна, барацьба за існаванне — вынік, з аднаго боку, імкнення арганізмаў да бязмежнага размнажэння, з другога — абмежаванасці прыродных рэсурсаў, неабходных для існавання асобін дадзенага віду. Тэрмін «барацьба за існаванне» Дарвін прапаноўваў разумець у шырокім і метафарычным сэнсе: словам «барацьба» ён абазначаў канкурэнцыю, а словам «існаванне» — не толькі захаванне жыцця дадзенай асобіны, але і яе поспех ва ўзнаўленні патомства. Сав. вучоны І.І.Шмальгаўзен барацьбу за існаванне адносіў да гал. фактараў эвалюцыі. Асн. формы барацьбы за існаванне — гэта адносіны арганізмаў з фіз. ўмовамі жыцця, узаемаадносіны паміж асобінамі розных відаў (міжвідавыя), узаемаадносіны паміж істотамі аднаго віду (унутрывідавыя). Яны цесна пераплятаюцца паміж сабой. Важнейшай формай барацьбы за існаванне Дарвін лічыў унутрывідавую канкурэнцыю, паколькі асобіны аднаго віду маюць найб. блізкія жыццёвыя патрэбнасці. Вынікам барацьбы за існаванне на аснове спадчыннай зменлівасці арганізмаў з’яўляецца натуральны адбор, гал. фактар відаўтварэння. Сацыял-дарвінізм спрабаваў выкарыстаць канцэпцыю барацьбы за існаванне для тлумачэння і апраўдання супярэчнасцяў і канфліктаў у чалавечым грамадстве.
Літ.:
Современные проблемы эволюционной теории. Л., 1967;
Шмальгаузен И.И. Факторы эволюции. 2 изд. М., 1968;
Галл Я.М. Борьба за существование как фактор эволюции. Л., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КРАЁВАЯ АБАРО́НА (БКА),
вайсковае фарміраванне на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр.Беларусі ў Вял.Айч. вайну.
Стваралася ў пач. 1944 паводле дазволу А.Гітлера на правядзенне мабілізацыі на Беларусі, загадаў в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга ад 23.2.1944 і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Р.Астроўскага ад 6.3.1944 шляхам прымусовай мабілізацыі мужчынскага насельніцтва 1908—24 г. нараджэння. Узначальвала БКА гал. камандаванне на чале з маёрам Ф.Кушалем, якому падпарадкоўваліся акр. аддзелы БКА. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс.чал., з якіх да крас. 1944 створана 36 пях. і 6 сапёрных батальёнаў. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-тыднёвых курсах у Мінску, радавыя — на месцах службы. Для афіцэраў уведзены знакі адрознення чыноў і званні: лейтэнант, старшы лейтэнант, капітан, маёр, падпалкоўнік; для падафіцэраў — дружынавы і звязовы. Гал. мэты БКА — арганізацыя бел.нац. войска, барацьба супраць сав. партызанаў, Чырв. Арміі, польскай Арміі Краёвай. БКА не апраўдала надзей акупантаў. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складоў і інш.гасп. мэт. Значная частка мабілізаваных у БКА, у т. л. са зброяй у руках, пераходзілі да партызанаў. Пасля вызвалення Беларусі былі мабілізаваны ў Чырв. Армію, многія з іх пазней панеслі адм. ці крымінальнае пакаранне. Частка вайскоўцаў БКА, што апынуліся ў Германіі, увайшлі ў 1-ю бел грэнадзёрскую брыгаду СС «Беларусь» ці ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС «Беларусь № 1», якая перайшла на бок амерыканцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР БРЫГІ́ТАК,
помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны ў 1634—42 у Гродне па фундацыі К. і А.Весялоўскіх. Уключаў Благавешчанскі касцёл, жылы корпус, гасп. пабудовы (збярогся толькі лямус, гл. ў арт.Гродзенскія лямусы), мураваную агароджу з брамамі (захавалася часткова), сад, агарод, званіцу-капэлу (стаяла асобна, на другім баку вуліцы; знішчана ў 1960-я г.). Касцёл — аднанефавы 2-вежавы храм з паўцыркульнай апсідай. Гал. фасад мае стройную сіметрычную кампазіцыю з 3-часткавым дзяленнем па вертыкалі на цэнтр. плоскасць і 2 вуглавыя вежы. Ніжні ярус члянёны плоскімі пілястрамі з карынфскімі капітэлямі, прарэзаны дзвярным і аконным праёмамі. Над пілястрамі праходзіць антаблемент, фрыз якога аформлены манум.-дэкар. жывапісам у тэхніцы сграфіта. Гал. фасад завершаны аднолькавымі па вышыні атыкам, трохвугольным франтонам і 2-яруснымі дэкар. вежачкамі. Інтэр’ер вырашаны як адзіны аб’ём, перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках. Жылы корпус — прамавугольны ў плане 2-павярховы аб’ём з вял.унутр. дваром. На паўн. фасадзе захаваўся партал, аздоблены маст. тынкоўкай. Па перыметры будынка з боку двара праходзіць светлавы калідор з келлямі. Агароджа з брамай уяўляе сабой глухую цагляную атынкаваную сцяну, па вуглах якой былі невял. 6-гранныя вежы (захаваўся 1-ы ярус адной з іх). Агароджа мела 4 брамы (захаваліся 3 найб.манум. перад касцёлам). Зберагліся таксама брамы для пешага люду і праезная брама гасп. двара.
С.Г.Багласаў, Т.Р.Маліноўская.
Гродзенскі кляштар брыгітак. Галоўны фасад касцёла.