ХЛАРНАВА́ЦІСТАЯ КІСЛАТА́,

слабая аднаасноўная кіслата, HClO.

Няўстойлівая, існуе толькі ў водных растворах, якія пры захоўванні раскладаюцца з выдзяленнем малекул кіслароду. Моцны акісляльнік. Солі — гіпахларыты. Атрымліваюць растварэннем хлору ці аксіду хлору (Cl2O) у вадзе. Выкарыстоўваюць як дэзінфекцыйны і адбельвальны сродак, для абясшкоджвання сцёкавых вод.

т. 17, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЛАВЕ́К,

вышэйшая ступень эвалюцыі жывых арганізмаў на Зямлі, прадстаўнік біял. віду, сацыяльная істота і суб’ект гісторыі. Вывучэннем Ч. займаюцца біял. і грамадскія навукі: анатомія, фізіялогія, антрапалогія, псіхалогія, шэраг мед. навук, а таксама гісторыя, філасофія, сацыялогія, этнаграфія, педагогіка і інш. Усе выкапнёвыя формы Ч. (архантрапы, палеантрапы, неаантрапы) і Ч. сучаснага віду — Homo sapiens — адносяцца да атрада прыматаў і складаюць асобнае сям. гамінідаў. З жывёльнага свету Ч. вылучаюць свядомасць, здольнасць рабіць прылады працы і выкарыстоўваць іх для ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Ад антрапоідаў (якія бліжэй за ўсё стаяць да яго) Ч. адрозніваюць: прамахаджэнне, здольныя да маніпуляцыі рукі, высокаразвіты мозг, членараздзельная мова. Першыя прадстаўнікі сям. гамінідаў цалкам залежалі ад прыроды, біял. заканамернасці ў іх адаптацыі адыгрывалі асн. ролю, кліматычныя змены адбіваліся на структурных асаблівасцях, узмацнялі працэсы марфал. зменлівасці, садзейнічалі расаўтварэнню (гл. Расы). З завяршэннем антрапагенезу Ч., захоўваючы сваю біял. аснову, ператварыўся ў істоту сацыяльную. У яго існаванне і дзейнасць уключаюцца сац. фактары, якія паступова займаюць вядучую ролю ў развіцці грамадства. Біял. асаблівасці Ч. запісаны ў яго генетычнай праграме пры дапамозе малекулы ДНК, якая забяспечвае перадачу спадчынных адзнак. На тэр. Беларусі Ч. сучаснага віду з’явіўся прыкладна 26 тыс. гадоў назад (гл. Каменны век).

У ант. філасофіі Ч. разглядаўся як частка космасу, «малы сусвет», мікракосм (Дэмакрыт) — адлюстраванне і сімвал Сусвету, макракосму. Паводле Арыстоцеля, Ч. — істота, надзеленая духам, розумам («разумнай душой») і здольнасцю да грамадскага жыцця. У хрысціянстве Ч. — вобраз і падабенства Бога. Філасофія эпохі Адраджэння зыходзіла з прынцыпу аўтаномнасці, дасканаласці і бязмежнасці творчых магчымасцей Ч., разумення яго як цэнтра ўсяго Сусвету (макракосму). Р.​Дэкарт сфармуляваў палажэнне аб мысленні як адзіным дакладным сведчанні чалавечага існавання. Г.​Гегель лічыў Ч. суб’ектам духоўнай дзейнасці, які стварае свет культуры, з’яўляецца носьбітам агульназначнай свядомасці, усеагульнага ідэальнага пачатку — духу. Л.​Феербах у межах антрапал. канцэпцыі ставіў у цэнтр філасофіі Ч., як пачуццёва-цялесную істоту. Марксісцкая канцэпцыя Ч. грунтавалася на яго трактоўцы як «сукупнасці ўсіх грамадскіх адносін». Прадстаўнікі розных філас. кірункаў 18—20 ст. рабілі акцэнт на такіх спецыфічных асаблівасцях Ч., як пачуццё (І.​Гаман), воля (А.​Шапенгаўэр), «гульня жыццёвых сіл» (Ф.​Ніцшэ), інтуіцыя (А.​Бергсон), перажыванне страху і канечнасці існавання (М.​Хайдэгер) і інш. Ідэі філасофіі жыцця і фенаменалогіі паслужылі асновай для ўзнікнення філасофскай антрапалогіі. Натуралістычны падыход да Ч. характэрны для прадстаўнікоў фрэйдызму.

Сутнасць Ч., яго паходжанне і прызначэнне, яго месца ў свеце былі і застаюцца цэнтр. праблемамі філасофіі, рэлігіі, навукі і мастацтва. Генетычна звязаны з інш. жывымі арганізмамі, Ч. адрозніваецца ад іх наяўнасцю свядомасці, абстрактнага мыслення і мовы, здольнасцю пранікаць у сутнасць навакольных прадметаў і самога сябе. Ён з’яўляецца суб’ектам грамадска-гіст. працэсу, творцам каштоўнасцей матэрыяльнай і духоўнай культуры, носьбітам традыцый, якія змяшчаюць у сабе дасягненні цывілізацыі. Ч. ставіць перад сабой мэты і ўсведамляе матывы, якія заахвочваюць яго да дзейнасці. Неад’емнымі атрыбутамі Ч. з’яўляюцца перакананасць і вера — ад веры ў лагічныя ісціны да веры ў духоўны Абсалют. Як асоба Ч. — своеасаблівае адзінства агульначалавечых і індывід. якасцей. Ступень свабоды яго дзеянняў абмяжоўваецца прынятымі грамадствам маральнымі, прававымі нормамі і правіламі пэўнага віду дзейнасці. Аднак Ч. у пэўнай ступені свабодны ў выбары сац. роляў, вызначэнні ў іх межах варыянтаў сваіх дзеянняў, праяўленні творчага падыходу да выканання сваіх абавязкаў. У працэсе далучэння да культуры ў Ч. выпрацоўваюцца механізмы самакантролю, якія выяўляюцца ў здольнасці намаганнямі волі рэгуляваць спектр сваіх імкненняў, захапленняў, інстынктаў, каштоўнасных арыентацый і да т.п.

Літ.:

Алексеев В.П. Человек: Эволюция и таксономия. М., 1985;

Андреев И.Л. Происхождение человека и общества. 2 изд. М., 1988;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989;

Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Пер. с англ. М., 1990;

Харитонов В.М. Введение в теорию антропогенеза и археологию палеолита. М., 1998;

Парсонс Г. Человек в современном мире: Пер. с англ. М., 1985;

Тараткевич М.В. Человек и его потребности. Мн., 1989;

Трибулев Б.С. Природа и сущность человека. Мн., 1999;

Человек: Филос.-энцикл. словарь. М., 2000;

Ананьев Б.Г. Человек как предмет познания. 3 изд. СПб., 2001;

Тейяр де Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 2002;

Хамитов Н.В. Философия человека: от метафизики к метаантропологии. Киев;

М., 2002.

С.​Ф.​Дубянецкі, В.​Дз.​Марозаў, Л.​І.​Цягака.

т. 17, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫТВО́РЧЫЯ АДНО́СІНЫ,

сістэма рэальных узаемадзеянняў паміж людзьмі ў працэсе вытворчасці, размеркавання, абмену і спажывання матэрыяльных даброт; сац.-эканам. форма развіцця прадукц. сіл; неад’емны бок любога спосабу вытв-сці. Асновай вытворчых адносін з’яўляюцца формы ўласнасці на сродкі вытв-сці, якія характарызуюць адпаведны гіст. спосаб прысваення людзьмі ствараемых даброт, злучэння вытворцаў са сродкамі вытв-сці. Вядучай і вызначальнай ступенню з’яўляецца ўласна вытв-сць. Вытворчыя адносіны праяўляюцца як эканам. інтарэсы ўсіх удзельнікаў, суб’ектаў грамадскай вытв-сці, як галоўны стымул развіцця вытв-сці, прадукц. сіл і прадукцыйнасці працы. У працэсе грамадскай вытворчасці вытворчыя адносіны відазмяняюцца, удасканальваюцца. Кожная сістэма вытворчых адносін мае гіст. характар. На змену аджылай сістэме прыходзіць новая, якая параджаецца папярэдняй. Кожны цыкл вытворчых адносін абумоўлены развіццём прадукц. сіл і абвастрэннем супярэчнасцей паміж імі і вытворчымі адносінамі, у сістэме якіх узнікаюць пераходныя формы, спалучаюцца папярэднія, аджываючыя і новыя, што нараджаюцца (напр., у прыгонных адносінах спалучаюцца паншчына і аброк, адработачная рэнта і рэнта прадуктамі і нават грашовая рэнта; акцыянерны капітал і манапалістычны капітал ва ўмовах капіталізму ўтвараюць пераходныя да сацыялізму эканам. формы). Новыя вытворчыя адносіны, як правіла, адпавядаюць прыродзе больш развітых прадукцыйных сіл. Сукупнасць вытворчых адносін складае эканам. базіс грамадства, які спараджае адпаведную надбудову — маральныя, навук., прававыя, маст. погляды і адпаведныя ім установы, што садзейнічаюць развіццю і ўмацаванню эканам. базісу. Вытворчыя адносіны — аб’ект эканам. палітыкі грамадства, якое праз дзярж. ўладу ўздзейнічае на вытв-сць, больш-менш адэкватна выкарыстоўвае тэарэт. палажэнні паліт. эканоміі, пераводзячы іх на мову сац.-паліт. дзеяння мас, народа.

С.​Я.​Янчанка.

т. 4, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФАРНІ́ЙСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адна з буйнейшых вышэйшых навуч. устаноў ЗША. Дзяржаўны. Засн. ў 1868 у г. Окленд. У 1996/97 навуч. г. больш за 160 тыс. студэнтаў; 9 універсітэцкіх гарадкоў (кампусы — ун-ты Каліфорніі), кожны з іх самастойная навуч. ўстанова з каледжамі, школамі і інш. падраздзяленнямі (выліч. цэнтры, б-кі, н.-д. цэнтры, ін-ты, лабараторыі). Буйнейшыя універсітэцкія гарадкі: Берклі (засн. ў 1873 як каледж Каліфорніі, з 1952 ун-т) — каледжы л-ры і навукі, хіміі, тэхнікі, дызайну навакольнага асяроддзя і інш.; школы права, адукацыі, кіравання бізнесам і інш.; буйнейшы цэнтр па атамнай фізіцы; больш за 30 тыс. студэнтаў; Дэйвіс (з 1905) — каледжы сельскай гаспадаркі і павукі пра навакольнае асяроддзе, л-ры і навукі, тэхнікі; школы права, медыцыны, ветэрынарыі, менеджменту; мае некалькі цэнтраў, лабараторый, ін-таў і інш.; больш за 20 тыс. студэнтаў; Лос-Анджэлес (з 1919) — каледж л-ры і навукі; школы мастацтва і архітэктуры, адукацыі і інфармацыі, тэхнікі і прыкладных навук, права, медыцыны і інш.; ін-ты стаматалагічных даследаванняў, малекулярнай біялогіі, вытв. адносін, сацыялогіі, археалогіі і інш.; цэнтры праблем розных рэгіёнаў, вывучэння 17 і 18 ст., сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння і інш.; больш за 30 тыс. студэнтаў. Універсітэцкія гарадкі таксама ў Санта-Барбары (з 1891), Сан-Францыска (засн. ў 1873 як мед. цэнтр), Сан-Дыега (засн. ў 1903 як станцыя біялогіі і мора, з 1912 ун-т), Рыверсайдзе (з 1907), у Ірвіне і Санта-Крузе з 1965.

В.​М.​Навумчык.

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКАНТЫЯ́НСТВА,

ідэалістычны філас. кірунак, які ўзнік у 2-й пал. 19 ст. ў Германіі. Сфарміраваўся ва ўмовах крызісу метадалаг. асноў прыродазнаўства і гіст. навукі, уяўляў сабой спробу яго пераадолення з дапамогай тэарэт. спадчыны І.Канта. Адным з першых філосафаў, які заявіў пра неабходнасць «вярнуцца да Канта» і «ачысціць» вучэнне Канта ад наслаенняў яго паслядоўнікаў, быў О.​Лібман. Н. пашырылася ў Германіі, Аўстрыі, Францыі, Расіі і інш. Найб. вядомымі былі марбургская (Г.​Коген, П.Натарп, Э.Касірэр і інш.) і бадэнская (В.​Віндэльбанд, Г.​Рыкерт і інш.) школы. Нягледзячы на часам прынцыповыя адрозненні ў тлумачэнні кантавай спадчыны, усе неакантыянцы зыходзіліся ў адным — крытычных адносінах да кантавай «рэчы ў сабе». У адрозненне ад самога Канта, які прызнаваў «рэч у сабе» як незалежную ад суб’екта, як рэальна існуючую, яны трактавалі яе, як чалавечы вопыт. Калі Кант спрабаваў строга акрэсліць межы пазнавальнай здольнасці суб’екта і ўрэшце перайшоў на пазіцыі агнастыцызму і суб’ектыўнага ідэалізму, то неакантыянцы ў большай ступені апелявалі да пастулатаў аб’ектыўнага ідэалізму (бога, логаса і г. д.). Яны адрывалі пазнанне ад прадмета пазнання. Прадмет, па іх меркаванні, не дадзены, а зададзены суб’екту. Такім чынам, пазнанне ёсць лагічная пабудова і яна здзяйсняецца па законах мыслення. Н. паўплывала на неагегельянства, экзістэнцыялізм і інш. кірункі.

Літ.:

Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997;

Хайдеггер М. Кант и проблема метафизики: Пер. с нем. М., 1997;

Гайденко П.П. Прорыв к трансцемдентмому: Новая онтология XX в. М., 1997.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ННЕ ў філасофіі,

акт мыслення, пры дапамозе якога класіфікуецца, упарадкоўваецца і ацэньваецца змест быцця і пазнання. Заключаецца ў папарным супастаўленні аб’ектаў з мэтай выяўлення іх адносін; пры гэтым істотным з’яўляюцца ўмовы, або асновы П., — адзнакі, якія дэтэрмінуюць магчымыя адносіны паміж прадметамі. Найб. важны і просты тып адносін, якія выяўляюцца праз П. — адносіны тоеснасці і адрознення. Паводле адносін парадку П. звычайна звязвацца з іерархічнымі класіфікацыямі прадметаў, а П. па ўласцівасцях — з т.зв. разбіваннямі на класы абстракцый.

П. ў літаратуры — мастацкі прыём, пабудаваны на супастаўленні прадметаў ці з’яў, у выніку якога сутнасць аднаго з іх вытлумачваецца праз сутнасць другога; найб. пашыраны від тропа. Граматычна афармляецца з дапамогай злучнікаў і злучальных слоў («як», «нібы», «быццам», «няйначай» і інш.), творным склонам назоўніка, апісальным зваротам, інтанацыйнай (бяззлучнікавай) сувяззю. Бываюць разгорнутыя П., дзякуючы якім падрабязна характарызуецца пэўная з’ява. Асобны від П. — адмоўнае П., у якім пры знешнім проціпастаўленні двух паняццяў ці з’яў наглядаецца іх глыбокае ўнутр. супастаўленне: «Не каліна над вадою // Пахіліла голле — // Плача маці сярод поля, // Праклінае долю» (П.​Трус). Ад П. паходзяць паралелізм, метанімія, метафара, сінекдаха, гіпербала, літота і інш. Гутарковай мове ўласцівы ўстойлівыя, або нар. П.: «чысты як сляза», «чорны як сажа» і інш. У л-ры часам увесь твор — адно разгорнутае П., напр., верш М.​Багдановіча «Зразаюць галіны таполі адну за адной...». П. робіць тэкст твора па-мастацку дакладным, наглядным, жывапісным, выяўляе мастакоўскую своеасаблівасць паэта, яго стаўленне да таго, што адлюстроўваецца ў творы.

В.​П.​Рагойша (літаратура).

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́СТЛІ (Priestley) Джон Бойнтан (13.9.1894, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 14.8.1984),

англійскі пісьменнік. Скончыў Кембрыджскі ун-т. Дэбютаваў як эсэіст і крытык (кнігі «Постаці сучаснай літаратуры», 1924; «Англійскія камічныя характары», 1925, і інш.). Вядомасць прынёс раман «Добрыя сябры» (1929) аб прыгодах вандроўнай трупы. Аўтар сац.-псіхал. («Вуліца Анёла», 1930; «Яны бадзяюцца па горадзе», 1936) і антыфаш. («Зацямненне ў Грэтлі», 1942) раманаў. У раманах «Трое ў новых касцюмах» (1945), «Чараўнікі» (1954), «Сэр Майкл і сэр Джордж» (1964), дылогіі «Стваральнікі вобразаў» (1968) і «Лонданскі тупік» (1969) пасляваен. рэчаіснасць. У п’есах «Ракітавы гай» (1933), «Час і сям’я Конвей» (1937), «Містэр Кетл і місіс Мун» (1955), «Шкляная клетка» (1958) і інш. маральна-філас. праблемы. Драмы пабудаваны на парадоксе, насычаны гумарам і сатырай. Як празаік зазнаў уплыў Ч.​Дзікенса, як драматург — А.​Чэхава. Аўтар аўтабіягр. кн. «За высокай сцяной» (1982), апавяданняў, кінасцэнарыяў, тэле- і радыёп’ес, літ.-крытычных прац, у т. л. «Англійскі гумар» (1976). На бел. сцэне паводле п’ес П. пастаўлены спектаклі «Небяспечны паварот» (1940, Дзярж. рус. драм. т-р), «Ён прыйшоў» (1946, Бел. т-р імя Я.​Купалы).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1987;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1990;

Гендель и гангстеры: Рассказы. М., 1983;

Заметки на полях: Худож. публицистика. М., 1988;

Затемнение в Грэтли: Повести, рассказы, пьесы. М., 1988.

Літ.:

Бабенко В.Г. Драматургия современной Англии. М., 1981;

Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984.

Е.​А.​Лявонава.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБО́ДКА,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., паміж азёрамі Поцех, Недрава і Ільмёнак, на аўтадарозе Браслаў—Друя. Цэнтр сельсавета. За 9 км на ПнУ ад г. Браслаў, 220 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Друя. 860 ж., 387 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, абл. псіхіятрычная і ўчастковая бальніцы, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Лабараторыя азёразнаўства БДУ, турысцкая база нац. парку Браслаўскія азёры, летнія базы адпачынку. Помнік архітэктуры — Слабодкаўскі касцёл Сэрца Ісуса. Каля вёскі 2 гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры.

У гіст. крыніцах вядома таксама пад назвамі Слабада, Слабодка Заверская, Быхаўка, Юзафова. Упершыню ўпамінаецца ў 1618 як паселішча Друйскага двара. У інвентары Браслаўскага староства за 1649 згадваецца як мяст. Слабада. У 18—19 ст. адносілася да маёнтка Завер’е, што належала Мірскім. У 1806 С.​Мірскі фундаваў буд-ва мураванага касцёла. У сярэдзіне 19 ст. С. — мястэчка, цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., 303 ж., 27 двароў, валасное праўленне, пазыковая каса, касцёл. У 1865 адкрыта нар. школа. 643 ж., 124 двары (1897). У 1-ю сусв. вайну побач з мястэчкам пабудавана вузкакалейка, якая ў 1920—60-я г. дзейнічала як пасажырская лінія. Летам 1919 С. была адным з цэнтраў антыбальшавіцкага паўстання «зялёных». З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. У 1931 у С. 848 ж., 146 двароў, чыг. станцыя, школа, пошта, аптэка, карчма, крамы. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не.

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 14, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБСТРА́Т (ад позналац. substratum аснова, літар. — падсцілка),

сукупнасць адносна простых, якасна элементарных утварэнняў, узаемадзеянне якіх абумоўлівае ўласцівасці пэўнай сістэмы ці працэсу; агульная аснова ўсіх з’яў і працэсаў. Паняцце «С.» блізкае да субстанцыі, таму першапачаткова ў філасофіі іх не адрознівалі, але кожнае з іх датычыцца розных аспектаў рэчаіснасці. У адрозненне ад субстанцыі як фундаментальнай сутнасці быцця, якая забяспечвае ўнутр. адзінства канкрэтных рэчаў, з’яў і працэсаў, пад С. разумеюць найб. элементарны (ніжні) слой рэальнасці. У некат. матэрыяліст. вучэннях С. прызнаваліся непадзельныя атамы, у ідэаліст. — нематэрыяльная энергія (энергетызм), «элементы свету» (эмпірыякрытыцызм) і інш. Адрозніваюць метафізічна-матэрыяліст. тлумачэнне С., дзе С. разглядаецца як элементарны нязменны першапачатак і зыходны носьбіт усіх уласцівасцей, стану і атрыбутаў аб’ектыўнай рэальнасці, і дыялектыка-матэрыяліст. разуменне С., дзе прызнаецца змяняльная прырода С. як вынік узаемадзеяння форм руху і субстратнага аспекту матэрыяльнага быцця. Ў гэтых межах паняцце С. выкарыстоўваецца для характарыстыкі якаснай неаднароднасці сістэмнай арганізацыі матэрыі і разнастайнасці структурных узроўняў розных форм руху. С. фіз. працэсаў лічацца элементарныя часціцы і палі, фундаментальныя ўздзеянні якіх (гравітацыйныя, электрамагнітныя, слабыя і моцныя) абумоўліваюць фізіка-хім. формы руху. С. хім. рэакцый выступаюць атамы, якія захоўваюць устойлівасць пры стварэнні і пераўтварэнні розных відаў рэчываў. С. у біялогіі — аснова, да якой прымацаваны нерухомыя арганізмы (для мікраарганізмаў і раслін адначасова з’яўляецца пажыўным асяроддзем); апорны элемент навакольнага асяроддзя, напр., грунт вадаёмаў для бентасу. У біяхіміі С. — рэчыва, на якое ўздзейнічае фермент. С. сац. форм руху з’яўляецца чалавек, мэтанакіраваная дзейнасць якога ляжыць у аснове ўсіх сац. змен.

А.​Б.​Савеня.

т. 15, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УА́ЙТХЕД (Whitehead) Алфрэд Норт (15.2.1861, г. Рэмсгіт, Вялікабрытанія — 30.12.1947),

англійскі логік, філосаф і матэматык. Праф. Кембрыджскага і Лонданскага (з 1914), Гарвардскага (з 1924) ун-таў. Адзін з заснавальнікаў лагістычнай школы ў філасофіі матэматыкі, якая ў значнай ступені вызначыла развіццё матэматычнай логікі («Principia mathematica», т. 1—3, 1910—13, з Б.​Раселам). Для эвалюцыі філас. поглядаў У. характэрны пераход з пазіцый неарэалізму да аб’ектыўнага ідэалізму, набліжанага да платанізму. Імкнуўся да ўзгаднення філасофіі з прыродазнаўчымі дысцыплінамі, да рацыянальнага абгрунтавання навукі і яе ролі сярод інш. сістэм ведаў (мастацтва, рэлігія, філасофія). Уяўляў прыроду ў выглядзе адзінства падзей («элементарных фактараў пачуццёвага вопыту») і аб’ектаў («вечных элементаў у прыродзе»), што, на яго думку, дазваляе разумець прыроду як працэс і сумясціць палажэнні пра незалежнасць прыроды ад думкі і пра тоеснасць прыроды і вопыту. Лічыў, што ўсё існае з’яўляецца часткай вопыту: індывідуальнага для канечных рэчаў і божага для свету наогул. Сусв. працэс разглядаў як «вопыт Бога», у якім «вечныя аб’екты» пераходзяць з ідэальнага божага свету ў свет фізічны і якасна вызначаюць падзеі. Сцвярджаў, што паколькі падзея мае часовы, зменлівы характар, яна арганічная; прапанаваў замяніць паняцце матэрыі паняццем «арганізм». Лічыў, што аб’ектам вывучэння навукі з’яўляюцца арганізмы (напр., біялогія вывучае больш буйныя арганізмы, фізіка — меншыя). Для сацыялагічных поглядаў У. характэрны разуменне ідэй як гал. рухальных сіл грамадства і абсалютызацыя ролі вучоных у сац. развіцці.

Тв.:

Рус. пер. — Избранные работы по философии. М., 1990;

Символизм, его смысл и воздействие. Томск, 1999.

А.​Б.​Савеня.

т. 16, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)