ПОСТЭМБРЫЯНА́ЛЬНАЕ РАЗВІЦЦЁ, паслязародкавае развіццё,

перыяд развіцця жывёл і чалавека пасля выхаду з абалонак або нараджэння да палаваспеласці. Пачынаецца адразу за эмбрыягенезам. Прамое П.р. адбываецца, калі арганізм мае асн. марфал. адзнакі палаваспелай асобіны; пры значным адрозненні лічынка, што вылупліваецца з яйца, пераходзіць да дарослага стану шляхам метамарфозу. У працэсе П.р. працягваецца рост, далейшае развіццё органаў, тканак, ускладненне функцый, станаўленне канчатковых прапорцый цела. У некат. жывёл П.р. займае большую ч. жыцця. Напр., у шэрагу цыкад лічынка жыве 17 гадоў, а палаваспелае насякомае — адно лета. Працягласць П.р. ў чалавека — 13—16 гадоў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТРА́ВЫ,

хімічныя прэпараты для апрацоўкі (пратручвання) насення, клубняў, цыбулін і інш. пасяўнога і пасадачнага матэрыялу. Асн. кампанент большасці П. — фунгіцыд.

Паводле прызначэння бываюць аднамэтавыя (засцерагаюць расліны ад хвароб) і камбінаваныя. Камбінаваныя П. акрамя фунгіцыдаў маюць інсектыцыды, мікраэлементы і розныя дапаможныя рэчывы, дадаткова ахоўваюць насенне і ўсходы ад глебавай мікрафлоры і насякомых, што жывуць у глебе, засцерагаюць насенныя клубні і караняплоды пры захоўванні, насенне — ад здзёўбвання птушкамі, паляпшаюць развіццё раслін і павышаюць іх устойлівасць да неспрыяльных умоў надвор’я, а часам і да ўздзеяння гербіцыдаў. Пратручванне праводзяць пераважна ў спец. машынах — пратручвальніках.

Літ.:

Химическая защита растений. 3 изд. М., 1987.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́НЦЫП Гаўрыла (30.6 або 25.7.1894, Грахава, Боснія і Герцагавіна — 29.4.1918),

удзельнік сербскага нац. руху. З 1914 чл. сербска-харвацкай арг-цыі «Маладая Боснія», якая выступала за вызваленне краю ад аўстра-венг. акупацыі і стварэнне адзінай югасл. дзяржавы. Па яе заданні 28.6.1914 забіў у г. Сараева наследніка аўстра-венг. прастола Франца Фердынанда і яго жонку (паводле інш. звестак дзеянні П. і яго паплечнікаў накіроўвала блізкая да сербскай ваен. разведкі тайная арг-цыя «Чорная рука», гл. Сараеўскае забойства), што стала зачэпкай для развязвання 1-й сусв. вайны. Непаўналетні П. прыгавораны да 20 гадоў катаргі, памёр у турме ад сухотаў.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭСВІТЭРЫЯ́НЕ (ад прэсвітэр),

1) прыхільнікі прэсвітэрыянства.

2) Паліт. партыя ў Англіі ў перыяд Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Узнікла на базе абшчын прыхільнікаў прэсвітэрыянства (памяркоўных пурытан), якія існавалі з 1570-х г., прадстаўляла інтарэсы гандл.прамысл. буржуазіі і часткі «новага» (схільнага да капіталіст. гаспадарання) дваранства. У 1640—48 П. мелі большасць у парламенце і дамагліся ў 1644 абвяшчэння прэсвітэрыянства дзярж. царквой. У час 2-й грамадз. вайны (1648) схіляліся да пагаднення з каралём, за што выгнаны з парламента праціўнікамі манархіі — індэпендэнтамі (гл. Кангрэгацыяналісты). Актывізаваліся пасля смерці О.Кромвеля (1658).

У 1660 спрыялі рэстаўрацыі манархіі Сцюартаў, пасля чаго зышлі з паліт. арэны.

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЕ́ЦКІ КА́МЕНЬ,

базальтавая пліта з ідэнтычнымі надпісамі на стараж.-егіпецкай мове, накрэсленымі іерогліфамі і дэматычным пісьмом, і на стараж.грэч. мове. Знойдзены ў 1799 афіцэрам франц. войск у Егіпце Бушарам пры буд-ве форта Сен-Жульен (каля Разеты на зах. рукаве дэльты Ніла). Захоўваецца ў Брытанскім музеі ў Лондане. Тэксты Р.к. высечаны ў 196 да н.э. і ўяўляюць сабой падзячны надпіс егіпецкіх жрацоў Пталамею V Епіфану [204—180 да н.э.]. Іерагліфічны тэкст Р.к. дэшыфраваны ў 1882 1822 Ж.Ф.Шампальёнам, што дало пачатак вывучэнню егіп. іерагліфічнай пісьменнасці.

Літ.:

Шампольон Ж.-Ф. О египетском иероглифическом алфавите: Пер. с фр. Л., 1950.

т. 13, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л МО́ЛАДЗІ (СІМ),

міжнародная маладзёжная арг-цыя сацыял-дэмакр. кірунку. Засн. на Міжнар. канферэнцыі сацыяліст. саюзаў моладзі (24—26.8.1907, г. Штутгарт, Германія), да 1912 аб’ядноўваў каля 170 тыс. чл. маладзёжных арг-цый 17 краін. У 1-ю сусв. вайну фактычна распаўся. Пад уплывам Кастр. рэвалюцыі 1917 значная ч. арг-цый, што ўваходзілі ў СІМ, перайшла на камуніст. пазіцыі і ў ліст. 1919 засн. Камуністычны інтэрнацыянал моладзі. Адноўлены ў 1923 на міжнар. канферэнцыі ў г. Гамбург (Германія). Прымыкаў да Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала, распаўся ў пач. 2-й сусв. вайны. Пераемнікам СІМ стаў засн. ў 1946 Міжнар. саюз маладых сацыялістаў.

т. 14, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫ́ПКА,

у беларусаў традыц. прылада для зімовай лоўлі рыбы; стаўная пастка ў выглядзе аднагорлавага буча з прыбудаваным да ўваходу карытцам. Наз. таксама кош. С. ставілі ў палонцы на неглыбокім месцы так, каб карытца знаходзілася ў адкрытай вадзе, а конус — пад лёдам. Рыба, што з-за недахопу кіслароду ў вадзе імкнулася да паверхні вадаёма, трапляла ў карытца, а пасля, шукаючы выхаду з яго, праз горла заходзіла ў буч. Як і пры лоўлі каробкамі, палонку закрывалі галінкамі, сенам і снегам (каб не замярзала вада). Рыбачылі С. на Палессі, вядома таксама на Магілёўшчыне і ПнУ Гомельшчыны.

І.​М.​Браім.

Скрыпка.

т. 14, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗБРАЕ́ННЕ,

1) комплекс розных відаў ваен. зброі і сродкаў, што забяспечваюць яе выкарыстанне; асн. састаўная частка ваен. тэхнікі. Паводле прыналежнасці да пэўнага віду ўзбр. сіл, роду войск адрозніваюць У. сухап., ракетных войск, войск ППА, ВПС, ВМФ і інш.; паводле відаў носьбітаў — авіяц., карабельнае, танкавае і інш. Асобныя віды У. падзяляюцца паводле прынцыпаў дзеяння, прызначэння, канстр. асаблівасцей, спосабаў дастаўкі да цэлі і інш. 2) Працэс аснашчэння войск зброяй, а таксама колькасны рост і якаснае развіццё ваен. тэхнікі.

3) Сукупнасць элементаў аснасткі ветразевага судна (ветразевае У.) або сродкі аховы воіна ў баі (засцерагальнае У.).

т. 16, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРЫСЕ́І (грэч. Pharisaioi ад арамейскага — тыя, што аддзяліліся),

грамадска-рэлігійная плынь у Іудзеі ў 2 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. Паводле сац. складу Ф. — сярэднія і дробныя землеўласнікі, гандляры, рамеснікі, вучоныя-кніжнікі. Мелі вял. ўплыў на нар. масы і часам узначальвалі нар. паўстанні. Ёсць сведчанні і пра ўзаемную варожасць Ф. і простага люду. Ф. — стваральнікі т.зв. Вуснага вучэння, пісьмова зафіксаванага ў пач. 3 ст. н.э. ў Мішне. У сваім тлумачэнні Торы (пяцікніжжа) імкнуліся прыстасаваць «бацькоўскія законы» да новых сац.-эканам. умоў, заклалі ідэалагічныя асновы далейшага развіцця іудаізму. У пераносным сэнсе Ф. — крывадушнікі, ханжы.

т. 16, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРУ́ЛА (Ferula),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 140 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Трапляюцца ў пустынях, паўпустынях, па сухіх горных схілах.

Шматгадовыя травяністыя, часам гіганцкія расліны выш. да 2 м, з дыям. сцябла да 10 см. Лісце шматперыстарассечанае, прыкаранёвае — у разетцы. Кветкі дробныя, жоўтыя, у складаных парасоніках, што ўтвараюць мяцёлчатыя суквецці. Плод — двухсямянка. Многія віды, напр. Ф. камедзяносная (Egumosa), мускусная (F. moschata), маюць у сабе смолы, камедзі, эфірны алей. Выкарыстоўваюцца ў лакафарбавай і тэкст. прам-сці, медыцыне, парфумерыі. Крухмал з каранёў спажываецца ў ежу, лісце — на корм жывёле. Лек., харч., тэхн. і кармавыя расліны.

Ферула.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)