ПАНТО́РМА [Pontormo; сапр.Каручы (Carucci) Якопа; 25.5.1494, Панторме, каля г. Эмпалі, Італія — пахаваны 2.1.1557],
італьянскі жывапісец; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Вучыўся ў М.Альберцінелі і П’ера ды Казіма (1507—12). Зазнаў уплывы Андрэа дэль Сарта, Мікеланджэла і А.Дзюрэра. Раннія работы створаны ў духу Высокага Адраджэння (фрэска «Сустрэча Марыі з Елізаветай» у царкве Сантысіма-Анунцыята ў Фларэнцыі, 1515), з 1520-х г. працаваў у рэчышчы маньерызму. Творы вызначаюцца высокім кампазіцыйным майстэрствам (алегарычныя фрэскі на віле Медычы ў Поджа-а-Каяна, 1520), унутр. напружанасцю і светлавой насычанасцю каларыту (цыкл фрэсак у Чэртозе ды Валь д’Эма, 1522—24; партрэт юнака, каля 1525—26; «Палажэнне ў труну» ў капэле Капоні царквы Санта-Фелічыта ў Фларэнцыі, 1526—28; партрэт жанчыны, каля 1543—45). Эскізам і графічным работам уласцівы выразнасць контуру, гнуткасць і рухавасць ліній («Тры грацыі», каля 1535—36, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРУДЖЫ́НА [Perugino; сапр.Ванучы
(Vannucci)] П’етра (каля 1448, Чыта-дэла-П’еве, Італія — люты—сак. 1523),
італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння; прадстаўнік умбрыйскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы П’ера дэла Франчэска, А.Верок’ё (з 1470 працаваў у яго майстэрні ў Фларэнцыі), нідэрл. мастакоў. Творчасці ўласцівы плаўнасць кампазіцыйных рытмаў, гарманічная ураўнаважанасць прасторавых пабудоў, лірызм пейзажных фонаў. Аўтар фрэсак «Св. Себасцьян з двума святымі» ў царкве Санта-Марыя ў Чэрквета (1478), «Перадача ключоў св. Пятру» ў Сіксцінскай капэле Ватыкана (1481—92), «Укрыжаванне» ў царкве Санта-Марыя Мадалена дэі Пацы ў Фларэнцыі (1496), трыпціха «Укрыжаванне з прадстаячымі» (каля 1485), «Паліпціх Альбані» (1491), карцін «Апалон і Марсій» (каля 1495), «З’яўленне Мадонны св. Бернару» (каля 1490—94), тонда «Мадонна з анёламі і святымі», партрэтаў Франчэска дэле Аперэ (1494), дон Б’яджа Міланезі, дон Бальдасарэ ды Антоніо ды Анджэла, маладога чалавека (каля 1495—1500) і інш. У майстэрні П. вучыўся Рафаэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНТУРЫ́К’Ё [Pinturicchio; сапр.Бернардзіна ды Бета ды Б’яджа (Bernardino di Betto di Biagio); каля 1454, г. Перуджа (?), Італія — 11.12.1513],
італьянскі жывапісец, прадстаўнік умбрыйскай школы жывапісу эпохі Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплыў П.Перуджына, якому дапамагаў пры стварэнні фрэсак Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане (1481—82). У творчасці спалучаў імкненне да натурнай дэталёвасці з дэкаратыўнасцю і паэтызацыяй вобраза чалавека і навакольнага свету. Манум. размалёўкі вызначаюцца стракатым каларытам і багаццем арнаментальных матываў: фрэскі ў капэле Буфаліні царквы Санта-Марыя ін Арачэлі (каля 1485) і царквы Санта-Марыя дэль Попала (1509) у Рыме, апартаментаў Борджа ў Ватыкане (1493—94), бібліятэкі Пікаломіні ў Сіенскім саборы (1503—08). У станковым жывапісе працаваў у партрэтным і міфалагічным жанрах: «Партрэт хлопчыка» (1485), «Адысей і Пенелопа» (1509) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
Пінтурык’ё. Імператар Фрыдрых III вянчае лаўрамі паэта Энеа Сільвіо Пікаломіні. Фрэска ў бібліятэцы Пікаломіні ў Сіенскім саборы. 1503—08.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́НСЕ, Понсе Куэльяр (Ponce Cuellar) Мануэль Марыя (8.12.1882 ці 1886, г. Фрэснільё, Мексіка — 24.4.1948), мексіканскі кампазітар, дырыжор, педагог; адзін з вядучых мекс. кампазітараў 1-й пал. 20 ст. Вучыўся ў Нац. кансерваторыі ў Мехіка (з 1909 выкладаў у ёй), удасканальваўся ў Італіі, Германіі, Францыі (у т. л. ў П.Дзюка). У 1917—19 гал. дырыжор Нац. сімфанічнага аркестра, у 1933—35 дырэктар Нац. кансерваторыі і ў 1945 Вышэйшай муз.школы пры Нац. аўтаномным ун-це ў Мехіка. Заснавальнік нац. кірунку ў мекс. музыцы. Аўтар арк. твораў: «Начныя эстампы» (1923), сімф. трыпціх «Чапультэпек» (1929), «Песня і танец старажытных мексіканцаў» (1933), сімф. дывертысмент «Кірмаш» (1940) і інш.; «Паўднёвы канцэрт» для гітары з арк. (1941), канцэрт для скрыпкі з арк.; камерна-інстр. ансамбляў; твораў для фп., для гітары; больш за 100 рамансаў і песень. З 1982 у Мексіцы праводзіцца Міжнар. конкурс гітарыстаў імя П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛО́ГІЯ КІРАВА́ННЯ,
галіна псіхалогіі, якая вывучае псіхал. заканамернасці кіраўніцкай дзейнасці, уласцівасці і якасці асобы, неабходныя для паспяховага ажыццяўлення гэтай дзейнасці. Развіваецца на стыку псіхалогіі працы, псіхалогіі сацыяльнай, педагагічнай псіхалогіі, інжынернай псіхалогіі, біялогіі і фізіялогіі. Узнікла на аснове школы «навуковага менеджменту» (засн. Ф.Тэйлар), якая вывучала кіраванне і арг-цыю вытв-сці без уліку псіхал. аспектаў прац. дзейнасці. П.к. даследуе праблемы аптымальнага размеркавання прафес. і сац. роляў у калектыве, згуртавання, узаемаадносін, лідэрства, асобы кіраўніка і механізмы прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў. Асн. кірункі П.к.: вывучэнне ролі камп’ютэрных тэхналогій у кіраўніцкай дзейнасці, аптымізацыя ролі «радавых» супрацоўнікаў у кіраванні, стварэнне універсальных форм і метадаў кіравання.
Літ.:
Генов Ф. Психология управления: Основные пробл.: Пер. с болг. М., 1982;
Шипунов В.Г., Кишкель Е.Н. Основы управленческой деятельности. М., 1996;
Кремень М.А., Манцевич Г.Ф. Инженерно-психологические аспекты управления производством. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Георгій Іванавіч) (31.5.1912, г. Пінега Архангельскай вобл., Расія — 13.5.1987),
расійскі вучоны ў галіне аэрагідрадынамікі, стваральнік навук.школы па газадынаміцы. Акад.АНСССР (1958, чл.-кар. 1953), Герой Сац. Працы (1961). Скончыў Маскоўскі ун-т (1935). З 1934 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це, з 1944 у НДІ цеплавых працэсаў, з 1965 у Ін-це касм. даследаванняў АНСССР (дырэктар, з 1973 заг. аддзела). Адначасова з 1952 у Маскоўскім ун-це (з 1955 заг. кафедры). Навук. працы па прыкладной газавай дынаміцы, касм. аэрадынаміцы, цеплафізіцы.
Даследаваў распаўсюджванне мех. хваль у вязкай вадкасці, устойлівасць віхравых слаёў, фіз. ўмовы распаду ламінарнага цячэння. Распрацаваў метады цеплавой аховы спускальных касм. апаратаў. Прапанаваў адно з тлумачэнняў праблемы Тунгускага метэарыта. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1978.
Тв.:
Космические исследования в СССР. М., 1970;
Аэромеханика больших скоростей и космические исследования. Избр. тр.М., 1992.
Літ.:
Воспоминания об академике Г.И.Петрове. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Магдалена Іванаўна) (дзявочае Завіша, у 1-м шлюбе Красінская; 8.7.1861, Варшава — 6.1.1945),
дзеяч бел.культ. руху, мецэнатка. Дачка Яна (Івана) Казіміра Завішы. Пасля смерці бацькі спадчынніца яго маёнткаў на Беларусі і ў Вял. Польшчы. Была выхавана ў духу бел. культуры, сімпатызавала хрысціянскім дэмакратам. Фінансавала выд-ва«Загляне сонца і ў наша аконца», «Беларускае выдавецкае таварыства, газ.«Беларус», т-вы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш. Адкрыла бел.школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах, Уздзе, Каменцы. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск у Уздзенскім р-не) наведалі І. і А.Луцкевічы, Р.Скірмунт, А.Уласаў і інш. дзеячы бел. нац.-культ. руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг М.Багдановіча, К.Буйло і інш.; у знак удзячнасці І.Луцкевіч змясціў герб Завішаў «Лебедзь» на тытульным лісце зб. вершаў Багдановіча «Вянок». Пасля 1917 у эміграцыі ў Польшчы, Літве, Германіі, з 1932 у Швейцарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́КЕРТ ((Rickert) Генрых) (25.5.1863, г. Гданьск, Польшча — 30.7.1936),
нямецкі філосаф, адзін з заснавальнікаў бадэнскай школы неакантыянства. Праф. Фрайбургскага (з 1894) і Гайдэльбергскага (з 1916) ун-таў. Супрацьпастаўляў прыродазнаўчыя навукі як свабодныя ад каштоўнасцей, накіраваныя на вызначэнне агульных законаў, гіст. навукам, якія даследуюць непаўторныя з’явы і падзеі і адносяцца да сферы каштоўнасцей. Лічыў філасофію навукай пра каштоўнасці, якія ствараюць самаст. «свет трансцэндэнтнага сэнсу». Вызначаў 6 асн. катэгорый каштоўнасцей: ісціна, прыгажосць, безасобасная і асобасная святасць, маральнасць, шчасце. Распрацаваў анталагічную канцэпцыю свету, які разумеў як сукупнасць 4 сфер: фіз. і псіхічнага быцця; «інтэлігібільнага» быцця (свет каштоўнасцей і сэнсавых утварэнняў); неаб’ектывуемай суб’ектыўнасці (злучэнне каштоўнасцей і існага); «незямнога» быцця (супадзенне каштоўнасцей і існага, зразумелае толькі пры дапамозе рэліг. веры).
Тв.:
Рус.пер. — Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т«Ла Сапіенца»
(La Sapienza),
адзін са старэйшых і найбуйнейшых ун-таў Еўропы. Засн. ў 1303 папам рымскім Баніфацыем VIII. Пасля аб’яднання Італіі (1870) буйнейшы навуч. і навук.цэнтр. Каля 1575 для ун-та пабудаваны спец. палац «Сапіенца» (арх. Дж. дэла Порта), назву якога іншы раз пераносяць і на ун-т. Новы комплекс будынкаў узведзены ў 1935. Ун-т з’яўляецца дзярж. установай, мае адм. аўтаномію. Навучанне вядзецца на італьян. мове. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: права; паліталогіі; эканомікі і камерцыі; статыстыкі, дэмаграфіі і актуарнай навукі; філалогіі і філасофіі; псіхалогіі; матэматыкі, фізікі і прыродазнаўчых дысцыплін; сацыялогіі; тэхн. дысцыплін; архітэктуры; медыцыны, хірургіі, стаматалогіі; фармакалогіі. У складзе ун-та школы (аэракасмічнай тэхнікі, архіў і бібліятэчныя навукі), музеі (мінералогіі, геалогіі, палеанталогіі, фізікі, антрапалогіі, класічнага мастацтва, заалогіі, гісторыі медыцыны, ін-таў), б-ка (1 млн. тамоў), б-кі ф-таў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙЗЕН (Марк Восіпавіч) (3.7.1895, с. Зайцава Сінельнікаўскага р-на Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 25.11.1392),
расійскі спявак (бас), педагог; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рус.вак.школы. Нар.арт.СССР (1937). Вучыўся ў Харкаўскай кансерваторыі (1917—18). З 1921 у Харкаўскім оперным т-ры. З 1925 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета, у 1930—54 — Вял.т-ра. У 1965—70 заг. кафедры ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1967 праф.). Валодаў моцным голасам рэдкай прыгажосці і шырокага дыяпазону. Выконваў усе вядомыя басовыя партыі з рус. опер. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Тонкі інтэрпрэтатар камернай лірычнай музыкі. Удзельнічаў у выкананні вак.-сімф. твораў В.А.Моцарта, Л.Бетховена, Дж.Вердзі. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949, 1951.