ПА́ФАС (ад грэч. pathos пакута, пачуццё, страсць),
натхненне, захапленне, уздым; ідэйна-эмацыянальнае асэнсаванне і ацэнка, «пануючы строй пачуццяў» (Ф.Шылер) у маст. творы, ці ўсёй творчасці аўтара. Звычайна П. супрацьпастаўляўся этасу. У ант. эстэтыцы з П. звязвалі змены ў стане героя пад уплывам трагічных абставін, напружаную і бурную рэакцыю на іх, разбурэнне ўнутранай раўнавагі. Арыстоцель разглядаў П. як неабходны элемент трагедыі, характарызаваў яго як пакуты, страх. У развіцці тэорыі П. існуюць 2 тэндэнцыі: адна звязана з распрацоўкай паэт. і аратарскага стылю (рыторыка), выразных сродкаў стварэння эмацыянальна насычанай патэт. мовы (у жанрах оды, трагедыі, гімна, гл.Патэтычнае), другая — з разуменнем П. як элемента ўласна маст. стылю, ідэйна-эмацыянальных адносін мастака да адлюстраванага ім свету. У гэтым сэнсе П. выступае ў творах у адзінстве з тэмай і ідэяй. У мастацтвазнаўстве і эстэтыцы адрозніваюць П. трагічны, драм., гераічны, сентыментальны, рамант., лірычны, сатыр., гумарыстычны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ З’ЕЗД.
Адбыўся 7—11.2.1926. 146 дэлегатаў ад Інбелкульта, Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК), музеяў і 167 краязнаўчых арг-цый (5 тыс.чл.). Абмеркаваў паліт. даклад, інфармацыйны даклад пра дзейнасць Інбелкульта, справаздачу ЦБК, справаздачы з месцаў. Прыводзіліся звесткі пра гісторыка-археал. даследаванні, апрацоўку і выданне стараж. актаў, падрыхтоўку да выдання Літоўскай метрыкі, вывучэнне нар. побыту, этнаграфіі, метэаралаг. і феналагічных назіранняў, збіранне матэрыялаў для слоўніка жывой бел.мовы. Адзначаліся сувязі ЦБК з арг-цыямі Смаленшчыны, Расіі, Узбекістана, Грузіі, Азербайджана, Вільні, Коўна, Рыгі, Лейпцыга і роля час. «Наш край» у наладжванні гэтых сувязей. На з’ездзе выступілі А.Смоліч, С.Некрашэвіч, М.Гарэцкі, І.Пятровіч, М.Доўнар-Запольскі, У.Ігнатоўскі, М.Мароз, М.Мялешка, Я.Дыла, Я.Ракаў, Д.Васілеўскі і інш. З’езд прыняў рэзалюцыі аб навук. дзейнасці, аб час. «Наш край», краязнаўчай працы ў галіне гісторыі і археалогіі, аб ахове помнікаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЫЁЗНАЯ ЛІТАРАТУ́РА (ад франц. précieux вытанчаны, каштоўны),
адна з 2 асн. школ франц. барока 17 ст. (разам з ліберцінажам), роднасная італьян.марынізму і ісп.гангарызму. Узнікла ў свецкіх салонах, першы і найб. вядомы з іх атэль маркізы дэ Рамбуе ў Парыжы (1630—48). П.л. звязана з прэцыёзнасцю — культ. і грамадскім рухам франц. арыстакратыі, для якога характэрна разам з вытанчанасцю думак, мовы, паводзін, арыстакратычным густам, кодэксам гонару імкненне да жаночай эмансіпацыі, абароны маст. фантазіі перад націскам рацыяналістычнага «здаровага сэнсу». Паэты-прэцыёзнікі (В.Вуацюр, І. дэ Бенсерад і інш.) звярталіся ў асн. да малых літ. форм (санет, стансы, рандо, рандэль, трыялет). Асн. жанрам П.л. быў галантна-гераічны і пастаральны (букалічны) раман (А. д’Юрфе, М. дэ Скюдэры і інш.). П.л. значна паўплывала на развіццё еўрап. рамана 18—20 ст.
Літ.:
Потемкина Л.Я. Пути развития французского романа в XVII в. Днепропетровск, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯКА́РСКІ (Эдуард Карлавіч) (25.10.1858, в. Пятровічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. —29.6.1934),
расійскі этнограф, географ, мовазнавец, фалькларыст. Чл.-кар. (1927), ганаровы акад. (1931) АНСССР. Вучыўся ў Мінскай, Мазырскай і Чарнігаўскай гімназіях, Харкаўскім вет. ін-це (1877—88). За ўдзел у народніцкім руху арыштаваны (1879) і сасланы ў Якуцію. Удзельнік экспедыцый Усх.-Сібірскага аддзялення Рус.геагр.т-ва (РГТ, 1894—96) і Аяна-Нельканскай (1903). З 1905 працаваў у музеях Пецярбурга, з 1911 у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі Рас.АН, з 1914 сакратар этнагр. аддзела РГТ, у апошнія гады жыцця ў у Ін-це усходазнаўства АНСССР. Аўтар артыкулаў па геаграфіі, этнаграфіі, лінгвістыцы і фальклору якутаў і тунгусаў. Асн. праца — «Слоўнік якуцкай мовы» (вып. 1—13, 1907—30; у сааўт.).
Літ.:
Э.К.Пекарский: (К 100 летию со дня рождения). Якутск, 1958;
Грыцкевіч В. Эдуард Пякарскі: Біягр. нарыс. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова. Існавала з 1.7.1906 да 1918 у г. Рагачоў Магілёўскай губ. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі. Мела 3 класы, з 1911—7 кл. і падрыхтоўчае аддзяленне. Выкладаліся: закон Божы, рус., ням. і франц.мовы, геаграфія, прыродазнаўства, гісторыя, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, маляванне, чарчэнне, чыстапісанне, спевы, гімнастыка. Выпускнікі мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г.навуч. ўстановы, а таксама на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. У вучылішчы працавалі дырэктар, інспектар, 3 законанастаўнікі, 13 выкладчыкаў, урач. У 1906 у вучылішчы 51 выхаванец, у 1908—106, у 1911—223, у 1915—256. Скасавана ў 1918.
Літ.:
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЕ́ТАЧ»
(«Swietač»),
грамадска-палітычная газета ліберальна-асветніцкага кірунку. Выдавалася з 1(14).11 да 31.12.1916 (13.1.1917) у Петраградзе на бел. мове лацінкай штотыднёва. Рэдактар-выдавец Э.Будзька. Прызначалася для беларусаў-католікаў. Прапагандавала ідэі культ.-нац. адраджэння Беларусі з клерыкальна-каталіцкім ухілам. Выступала за пашырэнне кааперацыі, школ на роднай мове, газет, культ.-асв. гурткоў. Інфармавала пра падзеі 1-й сусв. вайны, дзейнасць Бел.т-ва ў Петраградзе па аказанні Дапамогі пацярпелым ад вайны, паведамляла пра бел. вечарынку, на якой ставіліся п’есы М.Крапіўніцкага «Па рэвізіі» і А.Валодзьскага «Як яны жаніліся». Друкавала творы А.Паўловіча, А.Зязюлі, высока цаніла творчасць Г.Сянкевіча, падкрэслівала, што ён выводзіў «свае тыпы з нашага краю». У арт. «Думкі да граматыкі» Будзькі (пад псеўд. Акцуб) адзначалася неўнармаванасць бел.мовы ў выданнях «Нашай нівы» і суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», прапаноўваліся нормы правапісу. Выйшла 7 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ Існавала ў 1916—18. Засн. ў 1916
(заняткі пачаліся 15.10.1916) у мяст. Свіслач Ваўкавыскага пав. Рыхтавала настаўнікаў для бел.пач. школ зах. Беларусі, акупіраванай войскамі Германіі. Паводле статуса ў семінарыю павінны былі прымацца асобы абодвух полаў і рознага веравызнання, якія скончылі 4 класы гімназіі або гар. ці вышэйшага пач. вучылішча (фактычна прымаліся і з меншым адукац. цэнзам). Навучанне вялося на бел. мове, тэрмін — 3—4 месяцы. Дазвалялася здаць курс навучання экстэрнам. Выкладаліся: бел. мова і л-ра, ням. мова, рэлігія, педагогіка, арыфметыка, асновы геаграфіі, гісторыя Беларусі, гімнастыка, спевы, маляванне, гігіена, садоўніцтва і агародніцтва, ручная праца. У 1917 у семінарыі чытаў лекцыі па гісторыі бел. л-ры праф. Брэслаўскага (Вроцлаўскага) ун-та Р.Абіхт, сярод выкладчыкаў Б.Пачопка (паводле лекцый у 1918 выдаў лацінкай у Вільні «Граматыку беларускай мовы»),
У семінарыі вучыліся А.Грыкоўскі, В.Мурашка (Маслоўская), У.Шалешка. Закрыта 15.11.1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСО́РНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
мэтанакіраванае развіццё і ўдасканаленне сенсорных працэсаў (адчуванняў, успрымання, уяўленняў). Садзейнічае ўсебаковаму развіццю асобы, пачуццёваму пазнанню; з’яўляецца асновай для разумовага выхавання, фізічнага выхавання, эстэтычнага выхавання. Уключае фарміраванне ўспрымання формы, памеру, прасторавых адносін паміж прадметамі, колеру, развіццё гукавога аналізу мовы, муз. слыху, рухальных адчуванняў і інш. У працэсе С.в. падрыхтоўваецца пераход ад пачуццёвага да рацыянальнага пазнання, ад успрымання да мыслення, фарміруецца аснова для практычнай і інтэлектуальнай дзейнасці. У сувязі з тым, што сенсорныя працэсы найб. інтэнсіўна развіваюцца ў дашкольным дзяцінстве, С.в. — адна з цэнтр. праблем дашкольнай педагогікі (Я.А.Каменскі, І.Г.Песталоці, Ф.Фрэбель, М.Мантэсоры і інш). У раннім і дашкольным дзяцінстве развіццё сенсорных працэсаў цесна звязана з практычнай дзейнасцю, таму найважнейшую ролю ў С.в. адыгрываюць гульні, заняткі маляваннем, лепкай, музыкай, канструяваннем, а таксама славеснае абазначэнне якасцей прадметаў. Развіццё агульных інтэлектуальных здольнасцей чалавека ў значнай ступені абумоўлена асаблівасцямі яго С.в. ў дзяцінстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛОН,
граматычная словазмяняльная катэгорыя іменных часцін мовы, якая служыць для сінтакс. адносін з інш. словамі ў складзе словазлучэнняў ці сказаў. У бел. мове 6 склонаў: назоўны (прамы), родны, давальны, вінавальны, творны, месны (ускосныя). Сустракаецца ўстарэлая клічная форма.
Кожнай склонавай форме ўласціва пэўнае грам. значэнне. Напр., формай назоўнага склону выражаецца значэнне суб’екта дзеяння («прыйшлі вясна»), формамі ўскосных — аб’екта дзеяння («будаўніцтва школы», «падарунак дзецям»), прыналежнасці («хата рыбака»), якаснай ацэнкі («дзяўчына з гонарам»), сродку ці спосабу дзеяння («жніво камбайнам»), месца («працаваць у лесе»), часу («адпачыць пасля працы») і інш.
Найб. семантычна ёмкія і прадуктыўныя ва ўжыванні родны, вінавальны, творны і месны С Назоўны і давальны больш абмежаваныя па значэннях і канструктыўна. С. прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, абагульнена-якасных займеннікаў, дзеепрыметнікаў залежыць ад С. назоўніка і самастойнага значэння не мае.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГТЭ́ХНІКА, арганізацыйная тэхніка,
тэхн. сродкі для аўтаматызацыі і механізацыі інжынерна-тэхн., навук.-даследчай, кіраўнічай і прадпрымальніцкай працы. Развіццё і ўдасканаленне аргтэхнікі абумоўлена навук.-тэхн. прагрэсам, ускладненнем працэсаў кіравання і сістэм дыспетчарызацыі, павелічэннем аб’ёму апрацоўваемай інфармацыі. Эфектыўнасць сродкаў аргтэхнікі і зручнасць іх выкарыстання вызначаюцца комплексным падыходам да іх стварэння, рацыяналізацыяй (у т. л. спецыялізаваным абсталяваннем) рабочага месца і службовага памяшкання, выкананнем патрабаванняў эрганомікі.
Да аргтэхнікі адносяць вылічальныя машыны (у т. л.мікракалькулятары, персанальныя ЭВМ), капіравальна-размнажальную тэхніку (пішучыя машынкі і апараты аператыўнай паліграфіі і рэпраграфіі, мікрафільмавання), сродкі захоўвання і аўтам. пошуку дакументаў (картатэкі, спец. шафы, інфармацыйна-пошукавыя сістэмы і прыстасаванні), чарцёжна-канструктарскую тэхніку, сродкі апрацоўкі дакументаў (нумаратары, штэмпелявальныя і адрасавальныя машыны і інш.), сродкі запісу і ўзнаўлення мовы, прагляду слайдаў і мікрафільмаў (дыктафоны, магнітафоны, дыяскопы), апаратуру адм.-вытв. сувязі (гл.Аператыўная сувязь, Дыспетчарская сувязь). Да сродкаў малой аргтэхнікі адносяць таксама канц. прыналежнасці.
Аргтэхніка: электронная пішучая машынка і іншыя прылады аргтэхнікі (уверсе); пераносны персанальны камп’ютэр тыпу «блакнот».