Усходне-Аўстралійскія горы, горная сістэма ўздоўж усх. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі. Даўж. каля 4000 км. Выш. да 2230 м (г. Касцюшкі). Горы ўтварыліся ў неаген-антрапагене на месцы дэнудзіраванай палеазойскай складкавай краіны. Усх. схілы стромкія, моцна і глыбока расчлянёныя, зах. схілы паката пераходзяць ва ўзгоркавыя перадгор’і (даунсы). На Пн ад 28°паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет дасягае шыр. 650 км і складаецца з берагавых пласкагор’яў і масіваў (выш. да 1000 м), сярэдзінных тэктоніка-эразійных катлавін і слаба выяўленага ў рэльефе горнага ланцуга выш. 500—700 м. На Пд ад 28°паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет — вузкі ланцуг асобных масіваў, дзе вылучаюцца крышт. хрыбет Нью-Інгленд, хрыбты Хейстынгс і Ліверпул, Блакітныя горы і Аўстралійскія Альпы. Горы складзены ў асн. з вапнякоў, гранітаў, гнейсаў, вулканічных парод. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, каменны і буры вугаль, волава, поліметалы, золата, медзь, тытанамагнетытавыя пяскі.
Вялікі Водападзельны хрыбет ляжыць у субэкватарыяльным, трапічным і субтрапічным кліматычных паясах. Сярэднямесячныя т-ры паніжаюцца з Пн на Пд (на ўзбярэжжы ад 26 да 21 °C летам і ад 17 да 10 °C зімой). Ападкаў на вільготных усх. схілах ад 1000 да 2000 мм, на заходніх — 500—700 мм за год. З Вялікага Водападзельнага хрыбта пачынаюцца рэкі Мурэй і Дарлінг, у Каралавае і Тасманава моры сцякаюць кароткія парожыстыя і паўнаводныя рэкі Фіцрой, Хантэр і інш.Усх. схілы парослыя лесам. Да выш. 1000 м на Пн ад 15°паўд. ш. — лістападна-вечназялёныя вільготныя лясы, ад 15 да 28°паўд. ш. — эўкаліптавыя трапічныя лясы, больш на Пд — субтрапічныя мусонныя лясы з эўкаліптаў. На зах. схілах Вялікага Водападзельнага хрыбта развіты лесасаванны, саванны і зараснікі ксерафітных хмызнякоў. У лясах жывуць каала, кускусы, дрэвавы кенгуру; характэрны райскія птушкі, птушка-ліра, казуары, папугаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНЫ САВЕ́Т СССР,
вышэйшы пастаянна дзеючы орган дзярж. улады ў СССР у 1936—91. Да 1989 выбіраўся грамадзянамі СССР на 4 гады на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права тайным галасаваннем. Складаўся з 2 раўнапраўных палат: Савета Саюза і Савета Нацыянальнасцей. Кожная палата стварала пастаянныя камісіі.
Сесіі склікаліся не радзей чым 2 разы на год. Са складу Вярхоўнага Савета СССР выбіраўся Прэзідыум. Вярхоўны Савет СССР ствараў урад Савета Міністраў СССР, выбіраў Вярх. суд СССР, прызначаў Ген. пракурора СССР, зацвярджаў 5-гадовыя планы развіцця краіны. Скліканні Вярхоўнага Савета СССР: 1-е (1937), 2-е (1946), 3-е (1950), 4-е (1954), 5-е (1958), 6-е (1962), 7-е (1966), 8-е (1970), 9-е (1974), 10-е (1979), 11-е (1984). З 1989 склад Вярхоўнага Савета СССР фарміраваўся на з’ездзе народных дэпутатаў СССР. Паводле Закона СССР ад 5.9.1991 «Аб органах дзяржаўнай улады і кіравання Саюза ССР у пераходны перыяд» Вярхоўны Савет СССР складаўся з 2 самаст. палат: Савета Рэспублік і Савета Саюза. Прадугледжвалася, што ў Савет Рэспублік павінна ўваходзіць па 20 дэпутатаў ад кожнай суверэннай рэспублікі з нар. дэпутатаў СССР і рэспублік. Іх дэлегавалі вышэйшыя органы дзярж. улады гэтых рэспублік. У адпаведнасці з пастановай Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 18.9.1991 у склад Савета Рэспублік было дэлегавана 9 нар. дэпутатаў СССР і 11 нар. дэпутатаў Беларусі. Савет Саюза фарміраваўся дэпутацыямі суверэнных рэспублік толькі з нар. дэпутатаў СССР па ўзгадненні з вышэйшымі органамі дзярж. улады рэспублік. Ад Рэспублікі Беларусь у Савет Саюза ўваходзіла 10 дэпутатаў. Вярхоўны Савет СССР сумеснымі рашэннямі абедзвюх палат мог уносіць змены ў Канстытуцыю СССР, прымаць у склад Саюза ССР новыя дзяржавы, заслухоўваць Прэзідэнта СССР па найб. важных пытаннях і інш. У снеж. 1991 у сувязі са стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў і дэнансацыяй Дагавора 1922 аб стварэнні СССР Вярхоўны Савет СССР спыніў сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭ́ЗІЯ (ад геа... + грэч. daiō дзялю, падзяляю),
навука аб вызначэнні формы, памераў, гравітацыйнага поля Зямлі, вымярэнні аб’ектаў мясцовасці з мэтай стварэння картаў і планаў, правядзення праектна-вышукальных работ інж. прызначэння. Цесна звязана з астраноміяй, геаграфіяй, геафізікай, картаграфіяй і інш. Падзяляецца на вышэйшую геадэзію (вывучае форму і гравітацыйнае поле Зямлі, тэорыю і метады пабудовы апорнай геад. сеткі) і ўласна геадэзію (распрацоўвае спосабы вымярэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў інж. справе). Раздзел геадэзіі, які ўключае тэхналогію і арганізацыю вымярэнняў на мясцовасці з мэтай стварэння картаў і планаў, адносяць да тапаграфіі. Інжынерная геадэзія вывучае комплекс геад. работ, што выконваюцца пры праектаванні, буд-ве і эксплуатацыі гідратэхн., трансп., прамысл., гар. і сельскіх збудаванняў. Касмічная геадэзія на аснове назіранняў штучных спадарожнікаў вывучае форму Зямлі і метады вызначэння каардынат геадэзічных пунктаў на зямной паверхні. Для выканання геад. работ на мясцовасці ўжываюцца спец.геадэзічныя прылады і інструменты. Асноўныя геафіз., тапагр., фотаграмметрычныя, картаграфічныя работы на Беларусі выконваюць Мінскае ВА «Аэратапагеадэзія», Мінская картаграфічная фабрыка.
Геадэзія ўзнікла за некалькі тысячагоддзяў да н.э., калі з’явілася неабходнасць правядзення вымярэнняў на зямлі і складання планаў і картаў у гасп. мэтах. Прасцейшыя геад. вымярэнні былі вядомы ў Вавілоне, Асірыі, Егіпце, Грэцыі, Кітаі, Індыі і Рыме. З 18 ст. вядуцца градусныя вымярэнні для вызначэння формы і памеру Зямлі і інш.
На Беларусі геад. работы ў 19 ст. выконвалі М.Глушневіч і І.Ходзька. І.І.Жылінскі быў нач. трыянгуляцыі зах.тэр. Расіі, кіраваў градусным вымярэннем дугі паралелі 52°паўн. шыраты. Па матэрыялах аэрафотаздымкі складзены дробнамаштабныя карты тэр. ўсёй краіны. Вял. ўклад у тэорыю і практыку інж. вылічэнняў зрабілі вучоныя Беларусі А.А.Дражнюк, І.В.Зубрыцкі, І.І.Купчынаў, Я.Г.Ларчанка, Д.А.Куляшоў, С.М.Лебедзеў, В.Ю.Мінько, В.В.Папоў, А.А.Саламонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ГА,
спецыяльна падрыхтаваная паласа на зямной паверхні, надземнае або падземнае збудаванне для перамяшчэння трансп. і інш.тэхн. сродкаў, людзей, грузаў. Адрозніваюць Д.: бязрэйкавыя (аўтамабільныя дарогі, трактарныя, веласіпедныя, для гужавога транспарту, прагону жывёлы, падвесныя канатныя дарогі і інш.); рэйкавыя наземныя (чыгунка), падземныя (метрапалітэн), навясныя або падвесныя манарэйкавыя дарогі, наземныя канатныя (для перамяшчэння ваганетак з грузам па вузкакалейных пуцях з дапамогай канатнай цягі). На Д. будуюць масты, тунэлі, пуцеправоды, ставяць агароджы, знакі дарожныя і інш. сродкі тэлекамунікацый.
Сетка Д. (звычайна без пакрыццяў) пачала складвацца ў Еўразіі ў 5-м тыс. да н.э. Хеты і асірыйцы будавалі Д. значнай працягласці, часта з каменнымі пакрыццямі. У Стараж. Рыме ў канцы 4 ст. да н.э. пабудавана першая брукаваная Апіева дарога. З 2 ст. да н.э. наладжаны караванны Вялікі шаўковы шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі. На тэр. Беларусі сетка грунтавых Д. пачала складвацца ў 7—9 ст. З 9 ст. наладжаны водны шлях з «варагаў у грэкі» з выкарыстаннем паміж рэкамі прасцейшых сухапутных Д. З 11—12 ст. паступова будуецца і набывае значэнне Д. Масква—Смаленск—Мінск—Брэст (наз. «Вялікая Смаленская», або «Пасольская»). Пашырыліся паштовыя дарогі са станцыямі, корчмамі. мытнямі, ямской службай. У 19 ст. праз Беларусь пракладзены 2 важнейшыя шашэйныя Д. Расійскай імперыі — Масква—Варшава і Санкт-Пецярбург—Кіеў. У пач. 19 ст. вынайдзена дарожнае адзенне з суцэльнага слоя ўтрамбаванага друзу, што выклікала інтэнсіўнае буд-ва ва ўсіх краінах Д. з цвёрдым (пераважна друзавым) пакрыццём. Са з’яўленнем аўтамабіляў пачалося буд-ва Д. з асфальтавым пакрыццём. Развіццё дарожнага буд-ва стымулявала стварэнне спец.дарожных машын, вытв-сцьдарожна-будаўнічых матэрыялаў, распрацоўку тэхналогій дарожна-будаўнічых работ.
І.І.Леановіч.
Да арт.Дарога. Дарожны вузел (развязка) э мостам цераз раку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКТАТУ́РА,
1) сістэма неабмежаванага паліт., эканам., сац., духоўнага панавання на чале з лідэрам-дыктатарам. Яго імя або вызначаемая ім сац.-паліт. ідэя дае назву адпаведнай разнастайнасці дыктатарскага рэжыму (цэзарызм, банапартызм, абсалютызм, фашызм, таталітарызмі г.д.). Характарызуецца падаўленнем грамадзянскай супольнасці, паліт. тэрорам, канцэнтрацыяй улады ў руках дыктатара, усталяваннем юрыд. абмежаванняў паліт. правоў і свабод. Унутраная і знешняя палітыка ва ўмовах Д. грунтуецца на ідэалогіі месіянізму, прымусу непакорных. Паводле марксісцка-ленінскай тэорыі Д. — заканамерная з’ява класава-антаган. грамадства. Д. пралетарыяту ўстанаўліваецца ў выніку сацыяліст. рэвалюцыі і ахоплівае пераходны перыяд ад капіталізму да сацыялізму і мае на мэце буд-ва камунізму. Пры неабходных умовах яна выкарыстоўвае насілле для падаўлення супраціўлення эксплуататарскіх класаў і дзейнасці варожых сацыялізму элементаў. Ва ўмовах канчатковай перамогі сацыялізму Д. пралетарыяту завяршае сваю гіст. місію і ператвараецца ў агульнанародную дзяржаву пры захаванні кіруючай ролі камуніст. партыі да пабудовы камунізму. Д. — з’ява гіст., таму яе трэба разглядаць толькі ў канкрэтным гіст. кантэксце. Пры некаторых абставінах яна адыгрывала станоўчую ролю, захоўвала законнасць, парадак і тэр. цэласнасць краіны ў перыяд паліт. і сац.-эканам. крызісаў, а таксама адбіцця знешняй агрэсіі і прадухілення грамадз. вайны. Таму ў канстытуцыях некаторых краін (Францыя, Італія) прадугледжана магчымасць стварэння т.зв. «канстытуцыйнай Д.», якая мае магчымасць у надзвычайных сітуацыях ажыццяўляць экстранныя захады для аднаўлення законнасці і парадку ў краіне.
2) Спосаб ажыццяўлення дзярж. уладай непасрэднага выкарыстання ўзбр. насілля ў надзвычайных становішчах.
Літ.:
Джилас М. Лицо тоталитаризма: [Пер. с серб.-хорв.]. М., 1992;
Маркс К. Восемнадцатое брюмера Луи Бонапарта // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 8;
Ленін У.І. Дзяржава і рэвалюцыя // Тв. Т. 25. (Полн. собр. соч. Т. 33);
Яго ж. Аб дыктатуры пралетарыяту // Тв. Т. 30. (Там жа. Т. 39).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКАНАГРА́ФІЯ (ад грэч. eikōn выява, відарыс +... графія) у выяўленчым мастацтве, дакладна вызначаная сістэма адлюстравання якіх-н. персанажаў ці сюжэтных сцэн. У стараж.рэліг. мастацтве каноны І. былі прызначаны для таго, каб палегчыць пазнаванне выявы і ўзгадніць яе прынцыпы з тэалагічнай канцэпцыяй (напр., І.Маці Божай, Ісуса Хрыста, Буды і інш.). З пашырэннем у мастацтве новага зместу схемы І. паступова змяняліся і ўскладняліся; развіццё свецкага мастацтва, маст. стыляў і творчых індывідуальнасцей мастакоў абумовілі большую свабоду тлумачэння іканаграфічных схем і з’яўленне новых, менш рэгламентаваных. У мастацтвазнаўстве І. (іканаграфічны метад) — апісанне і сістэматызацыя тыпалагічных прыкмет і схем, прынятых пры адлюстраванні персанажаў ці сюжэтаў. Метад склаўся ў Францыі ў 1840-я г. як сродак вывучэння сярэдневяковага мастацтва, тлумачэння яго сімволікі, алегорый, атрыбутаў; у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пашырыўся і на інш.краіны. Звяртанне да І., якое спалучаецца з рознабаковым даследаваннем сац. і эстэт. аспекту) мастацтва, з’яўляецца адной з умоў правільнага разумення маст. твора. Пад І. таксама разумеюць сукупнасць выяў якога-н. чалавека (напр., І. Ф.Скарыны, Ефрасінні Полацкай і інш.) ці сюжэтаў, характэрных для пэўнай эпохі, кірункаў у мастацтве і інш.
У музыказнаўстве — апісанне, вывучэнне, сістэматызацыя і каталагізацыя твораў выяўл. мастацтваў на муз. тэматыку; дапаможная навук. дысцыпліна па гісторыі музыкі, інструментазнаўства, муз. этнаграфіі. Наскальныя малюнкі, археал. прадметы, фрэскі і абразы царк. храмаў, мініяцюры рукапісных і друкаваных кніг, жывапіс, скульптура, кераміка і інш. захавалі каштоўныя дакумент. звесткі пра муз. культуру розных гіст. эпох і народаў, функцыянаванне муз. мастацтва ў грамадстве, пра формы, канструкцыі і спосабы трымання муз. інструментаў, практыку сольнага і ансамблевага музіцыравання, пра кампазітараў, выканаўцаў і іх асяроддзі. Першая спроба І. музычнай — праца ням. лексікографа Э.Л.Гербера (1783), дзе прыведзена І. музыкантаў. Актыўна распрацоўваецца ў музыказнаўстве з пач. 20 ст. З 1961 у ФРГ выдаецца шматтомная «Гісторыя музыкі ў выявах».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАНІ́СТЫКА,
комплекс дысцыплін, звязаных з вывучэннем гісторыі, мовы, філас. і культ. спадчыны народаў Ірана і іранамоўных народаў, а ў найноўшы час — таксама — эканам., сац. і паліт. праблем Ірана і іранамоўных краін. Узнікненне І. ў Зах. Еўропе стымулявалася развіццём гандл. і дыпламат. зносін з Іранам. У 13—14 ст. з’явіліся першыя апісанні падарожжаў у іранамоўныя краіны Дж. дэ Плана Карпіні, Марка Пола і інш., пазней — італьян. падарожніка П. дэла Вале, франц. Ж.Тавернье, ням. А.Алеарыя і інш. У 17 — пач. 18 ст. паявіліся першыя пераклады твораў іранскіх класікаў і гіст. крыніц, слоўнікі, гіст. даследаванні. Як навука І. склалася ў сярэдзіне 19 ст. У Расіі першыя звесткі пра Іран — з часу падарожжа Афанасія Нікіціна (15 ст.), навук. працы па І. — з канца 18 ст. Колькасць іх павялічылася ў 19 ст. ў сувязі з актывізацыяй палітыкі Расіі ў Іране. Найб. значныя працы па І. стварыў В.У.Бартальд, які распрацоўваў сац.-эканам. пытанні. У б.СССР І. інтэнсіўна развівалася ў 1950—80-я г. Даследаваліся праблемы нац. гісторыі і культуры іранамоўных народаў, іх нац.-вызв. барацьба, паліт. і сац. пытанні (З.А.Арабаджан, Б.Г.Гафураў, А.І.Калеснікаў, В.С.Кузняцоў, Н.В.Пігулеўская, В.В.Струвэ і інш.); выдадзены шэраг манаграфій, калект. прац і зборнікаў. У самаст. галіны вылучыліся іранская філалогія (М.С.Андрэеў, І.І.Зарубін, Б.У.Мілер, І.М.Аранскі, А.А.Фрэйман і інш.), літаратуразнаўства і тэксталогія (С.Айні, Я.Э.Бертэльс, А.М.Болдыраў і інш.). Пытанні І. ў сучаснай Расіі распрацоўваюцца ў ін-тах этнаграфіі, філасофіі, сусв. эканомікі і міжнар. зносін, сусв. л-ры і мовазнаўства АН Расіі, Ін-це ўсходазнаўства ў Маскве, у Ін-це краін Азіі і Афрыкі пры Маскоўскім ун-це. Праблемы І. даследуюцца ў навук. установах краін Сярэдняй Азіі і Закаўказзя, вядучых краін Еўропы, Азіі і Амерыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́КАС (Caracas),
горад, сталіца Венесуэлы. Знаходзіцца ў горнай даліне Карыбскіх Андаў, за 13—14 км ад узбярэжжа Карыбскага м.Адм. ц. Федэральнай (сталічнай) акругі. 3007 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Майкетыя. Марскі аванпорт К. на Карыбскім м. — Ла-Гуайра. Гал.эканам., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, хім., фармацэўтычная, нафтаперапр., гумава-тэхн., цэлюлозна-папяровая, маш.-буд. (у т. л. зборка аўтамабіляў), шкляная, цэментная. Метрапалітэн. 4 ун-ты, у т. л. дзяржаўны (з 1725). Музеі, у т. л. прыгожых мастацтваў, музей С.Балівара. Нац. тэатр.
Засн. ў 1567 іспанцамі на месцы спаленага пасялення індзейцаў племя каракас. У 16—17 ст. на горад напалі піраты. З 1577 рэзідэнцыя ісп. губернатара, з 1777 сталіца генерал-капітанства Венесуэла. З 1810 цэнтр барацьбы за незалежнасць Венесуэлы, з 1811 яе сталіца (акрамя 1812—24). Неаднаразова знішчаўся землетрасеннямі (1812, 1900, 1967). У 20 ст. пачалося хуткае эканам. развіццё горада.
Многія старыя пабудовы К. амаль цалкам зруйнаваны землетрасеннямі. На цэнтр. плошчы захаваўся сабор (пачаты, верагодна, у 1614, будаваўся пераважна ў 1664—74, арх. П. дэ Медына). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. створана Ла Пастора — квартал шматкватэрных дамоў і асабнякоў, грамадскіх будынкаў (Нац. каліголій, арх. Л.Урданета, Р.Гарсія; Нац т-р, 1905, арх. А.Чатаінг). З 1936 вядзецца рэканструкцыя старых і ўзвядзенне новых парадных ансамбляў грамадскіх і дзелавых будынкаў грамадскі цэнтр «Сімон Балівар» (1938, арх. С.Дамінгес), універсітэцкі гарадок (1944—57, арх. К.Р.Вільянуэва), плошчы ўздоўж гал. магістралі Авеніда Балівар (Эль-Сіленсіо), Пласа Венесуэла з вышынным домам Эдыфісіо полар (1952—54, арх. ХМ. Галія, М.Вэгас Пачэка); азелянёныя раёны Сера-Грандэ, Эль-Параіса з сучаснымі будынкамі і віламі. На зах. ускраіне — рабочыя кварталы, хаціны беднаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭСК’Ё ((Montesquieu) Шарль Луі) (18.1.1689, Лабрэд, каля г. Бардо, Францыя — 10.2.1755),
французскі філосафа-светнік, сацыёлаг, правазнаўца, пісьменнік. Чл. Ін-та Францыі (1727). Скончыў каталіцкі каледж (1705). Вывучаў права ў г. Бардо і Парыж. З 1714 саветнік, з 1716 віцэ-прэзідэнт парламента (суда) Бардо. З 1726 у Парыжы. У 1729—31 у Вялікабрытаніі. У творы «Пра дух законаў» (1747), зыходзячы з ант.паліт. тэорый, вылучаў 3 правільныя формы праўлення (дэмакратыя, арыстакратыя і манархія) і адну няправільную (дэспатыя). Найлепшым спосабам недапушчэння дэспатыі лічыў раздзяленне ўлад на заканадаўчую, выканаўчую, судовую, свабоднае функцыянаванне дэмакр. ін-таў грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Прынцыпы раздзялення ўлад і 3 відаў праўлення пакладзены ў аснову паліт. ўладкавання шэрагу краін Еўропы і ЗША, служаць важнай навук.-тэарэт. крыніцай для даследчыкаў і заканадаўцаў. Жорсткасці і бессэнсоўнасці дэспатызму проціпастаўляў сац. роўнасць грамадзян, паліт. плюралізм, свабоду слова і друку, забеспячэнне законнасці і асабістай бяспекі грамадзян. У дэмакратыі рухаючай сілай і ўмовай росквіту краіны абвяшчаў доблесць — павагу да законаў і любоў да Айчыны, адданасць кожнай асобы дэмакр. ідэалам і агульнадзярж. справе. Развіваў канцэпцыю функцыянальнай ролі рэлігіі, якая, на яго думку, паляпшае норавы падданых, змякчае дэспатызм і садзейнічае падтрыманню сац. парадку ў грамадстве. У рамане «Персідскія пісьмы» (1721) крытыкаваў норавы франц. грамадства, яго паказную «цывілізаванасць» і адарваную ад жыцця «вучонасць», прыгон з боку ўлады і царквы. У духу палітыка-прававой і гіст. канцэпцыі М. развівалі вучэнне аб формах сац.-эканам. і паліт. ладу, грамадзянскай супольнасці, пастаянным прагрэсе прававых норм і законапалажэнняў бел. мысліцелі-асветнікі К.Вырвіч, Ф.Карпінскі, М.Карповіч, А.Нарушэвіч, І.Страйноўскі, М.Чацкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШАЛА ПЛАН, Праграма аднаўлення Еўропы,
канцэпцыя эканам. дапамогі, якую ЗША аказвалі краінам Еўропы і Турцыі пасля 2-й сусв. вайны. Прапанаваны як ідэя 5.6.1947 дзярж. сакратаром ЗША Дж.К.Маршалам (адсюль назва) у яго выступленні ў Гарвардскім ун-це, папярэдне абмяркоўваўся на Парыжскай нарадзе міністраў замежных спраў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і СССР (чэрв.—ліп. 1947). Згоду на атрыманне амер. дапамогі далі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Аўстрыя, Швейцарыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Партугалія, Грэцыя, Турцыя, якія ў ліп. 1947 заключылі канвенцыю аб стварэнні Арг-цыі (спачатку К-т) еўрап.эканам. супрацоўніцтва. План садзейнічаў умацаванню пазіцый ЗША у Еўропе. Ад прапаноў амер.эканам. дапамогі адмовіліся СССР і саюзныя яму краіныУсх. Еўропы (вер. 1947), а таксама Фінляндыя. Ажыццяўляўся з 3.4.1948, калі ў ЗША набыў сілу закон аб 4-гадовай праграме «дапамогі замежным дзяржавам». Прадугледжваў папаўненне валютных запасаў еўрап. дзяржаў, стымуляванне іх эканам. аздараўлення, умацаванне эканам. і паліт. супрацоўніцтва ЗША з Еўропай, падштурхоўванне працэсу агульнаеўрап. інтэграцыі. Дапамога аказвалася на падставе двухбаковых пагадненняў паміж ЗША і кожнай з 17 краін Зах. Еўропы (падпісаны ў 1948, у 1949 далучыліся ФРГ і Югаславія; Швейцарыя не падпісала пагадненне, але атрымлівала амер. дапамогу) з федэральнага бюджэту ЗША у выглядзе бязвыплатных субсідый і пазык. З крас. 1948 да снеж. 1951 ЗША выдаткавалі паводле М.п. каля 17 млрд. долараў, прыбл. 60 % гэтай сумы атрымалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, ФРГ. Каардынацыяй і кантролем выканання М.п. займалася Адміністрацыя эканам. супрацоўніцтва (размяшчалася ў Вашынгтоне) на чале з б. прэзідэнтам кампаніі «Студэбекер» П.Гофманам. Афіцыйна дзейнічаў да 30.12.1951, заменены законам «аб узаемным забеспячэнні бяспекі» (прыняты кангрэсам ЗША 10.10.1951), які прадугледжваў адначасовае аказанне эканам. і ваен. дапамогі. М.п. садзейнічаў пачатку 25-гадовага перыяду пасляваен. эканам. росту краін Зах. Еўропы, актывізацыі працэсу іх рэгіянальнай інтэграцыі (у 1950 узнік Еўрап. плацежны саюз).