ДЫЗА́ЙН (ад англ. design задума, праект, чарцёж, малюнак),
від творчай дзейнасці па праектаванні і фарміраванні эстэт. і функцыян. якасцей прадметнага асяроддзя; вынік праектнай дзейнасці. Асн. аб’екты Д. — прадметна-прасторавае асяроддзе: яго кампаненты, рэчы і сувязі паміж імі, якія ўзяты ў адносінах да людзей і разглядаюцца ў разнастайных сістэмных сувязях з сацыякультурным асяроддзем. Мэта Д. — задавальненне матэрыяльных і духоўных патрабаванняў чалавека шляхам праектавання розных аб’ектаў: прамысл. вырабаў, элементаў візуальнай камунікацыі, адзення і інш.; фарміраванне гарманічнага прадметнага асяроддзя. Мае розныя галіны: Д. прамысловы, графічны, інтэр’ера і інш. З ім звязаны паняцці «тэхнічная эстэтыка» (тэорыя Д.) і «мастацкае канструяванне» (праектная практыка Д.).
Д. пачаў фарміравацца з развіццём масавай вытворчасці ў высокаразвітых прамысл. краінах (з 1754 Каралеўскае т-ва мастацтва ў Вялікабрытаніі пачало прысуджаць прэміі за лепшыя праекты прамысл. вырабаў). Развіццё Д. ў сучасным разуменні пачалося з 1-й пал. 20 ст. (нямецкі Веркбунд, 1907; Баўгауз, 1919—33; Вышэйшыя дзярж.маст.-тэхн. майстэрні ў Расіі, 1918—30). Важную ролю ў станаўленні Д. адыгралі Дж.Рэскін, У.Морыс, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ і інш., якія прапагандавалі прынцыпы функцыяналізму, стварэнне тыповых, але старанна распрацаваных формаў. У 1959 на 1-й ген. асамблеі Міжнар. савета арг-цый прамысл. Д. прыняты тэрмін industrial design (індустрыяльны дызайн; прафес. скарачэнне — дызайн).
У Беларусі Д. развіваецца з канца 1910. Гэтаму спрыяла дзейнасць аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», створанага ў рамках Віцебскага маст.-практычнага ін-та па ініцыятыве К.Малевіча (існаваў да 1923). Новы ўздым Д. пачынаецца ў 1960-я г., асабліва ў вытв-сці трансп. сродкаў, быт. тэхнікі, мэблі, адзення і інш. У 1987 створаны Саюз дызайнераў Беларусі. Дызайнерская дзейнасць ажыццяўляецца ў Нацыянальным дызайн-цэнтры, дызайн-студыях Бел. саюза дызайнераў, на вытв. прадпрыемствах. З 1995 на Беларусі існуе Аддзяленне Міжнар. асацыяцыі «Саюз дызайнераў». Дызайнераў рыхтуюць Бел.АМ і Еўрапейскі гуманітарны ун-т.
Літ.:
Безмоздин Л.Н. Художественно-конструктивная деятельность человека. Ташкент, 1975;
Глазычев В.Л. О дизайне. М., 1970;
Лазарев Е.Н. Дизайн машин. Л., 1988;
Нестеренко О.И. Краткая энциклопедия дизайна. М., 1994;
Селезнев И.Ф. Дизайн. Мн., 1978.
Ф.Р.Вількін, Я.Ю.Ленсу.
Да арт.Дызайн. 1. Ю.Жуцяеў, С.Паланевіч, В.Сонца, С.Хлебародава. МАЗ-2000. 1994. 2. В.Сямёнаў. Цяжкавоз БелАЗ-7924. 1997. 3. Трактар «Беларусь». 4. Т.Кузюкова, А.Пастухоў, А.Цэхановіч. Мікраскоп. 1993. 5. Двухкамерны халадзільнік «Атлант». Мадэль 152-01. 6. А.Дольнікаў. Бінокль. 1997. 7. Г.Шакавец. Пыласос. 1995. 8. Т.Лісавенка. Калекцыя адзення «Мадыльяні». 1994.Да арт.Дызайн. 1,2. С.Саркісаў. Рэкламна-інфармацыйная графіка да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны. 1989. 3. Т.Гардашнікава, Дз.Сурскі. З серыі плакатаў «Эканомія ў быце». 1991. 4. Э.Жакевіч. Знакі-інфарматары да выдання У.А.Чантурыя «Гісторыя архітэктуры Беларусі». 1977.Да арт.Дызайн. 1. У.Цэслер, С.Войчанка. Лагатып фірмы. 1992. 2. Л.Мялоў, С.Саркісаў. Лагатып Целяханскай лыжнай фабрыкі 1985. 3. Я.Круглоў. Лагатып транспартнай фірмы. 1988.Да арт.Дызайн. В.Мінько, А.Хількевіч. Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. Разварот кнігі. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́ГІ (познагрэч. Barangoi ад стараж.-сканд. vaeringjar нарманскія воіны, якія служылі ў візант. імператараў),
1) у Візантыі любы наёмны воін.
2) Назва скандынаваў (продкаў датчан, нарвежцаў і шведаў) ва Усх. Еўропе ў 2-й пал. 9 — 1-й пал. 11 ст. У час сваёй экспансіі ў Еўропе ў эпоху вікінгаў (793—1066) датчане і нарвежцы рабілі марскія паходы гал. чынам у Зах. Еўропу (гл.Нарманы), шведы — пераважна ва Усходнюю. Апошнія гандлявалі, рухаючыся па водным шляху «з варагаў у грэкі» (праходзіў праз Беларусь), і па Волзе — да булгараў, хазараў і закаспійскіх народаў; абкладалі данінай і часткова захоплівалі слабаразвітыя вобласці Балт. рэгіёна; асн. сферамі іх дзейнасці на Русі паступова сталі гандаль і служба ў дружынах князёў. Варажскія паселішчы на землях усх. славян былі разрозненыя і адзінкавыя, а самі варагі хутка асіміляваліся. Ад факта знаходжання варагаў на Русі паходзіць т.зв. нарманская тэорыя. У «Аповесці мінулых гадоў» пад 859 згадваюцца крывічы, якія плацілі даніну варагам. У 862 крывічы разам з інш. плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым чудзь, наўгародскія славяне і крывічы запрасілі да сябе варажскіх князёў. Летапіс паведамляе, што Полацк заснавалі крывічы, а варагі ў ім прышлыя. Пра кантакты стараж. насельніцтва Беларусі з варагамі сведчаць таксама археал. матэрыялы (знаходкі сканцэнтраваны пераважна ўздоўж Зах. Дзвіны і Дняпра, а таксама на Гродзеншчыне).
Літ.:
Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;
Ловмяньский Х. Русь и норманы: Пер. с пол. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КЦЫЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ,
сукупнасць свецкіх арг-цый вернікаў-католікаў, дзейнасць якіх каардынуе Ватыкан. Пачалі стварацца ў 19 ст. дзеля захавання ўплыву каталіцкай царквы і магчымасці непасрэднай паліт.дзейнасці духавенства. Арганізацыйна аформілася пасля 1922 па ініцыятыве папы Пія XI, які вызначыў яе паліт. мэты: спрыяць укараненню ў грамадстве асн. ідэй каталіцкай сац. праграмы, папскіх энцыклік (пасланняў), пашыраць грамадскую базу каталіцкай царквы, актыўна ўплываць на паліт. асяроддзе. У час парламенцкіх выбараў арг-цыі акцый каталіцкіх вядуць агітацыю пераважна за прадстаўнікоў каталіцкіх партый. Некаторыя з гэтых партый (ХДП у Італіі, ХДС/ХСС у Германіі, СХП у Бельгіі, АНП у Аўстрыі і інш.) прыходзілі да дзярж. улады. У залежнасці ад рэгіёна і гіст. умоў дзейнасць акцый каталіцкіх набывае спецыфічныя рысы: у 1929—43 у Італіі ў адпаведнасці з Латэранскімі пагадненнямі яна падпарадкоўвалася рэжыму Мусаліні; у Германіі дзейнічае пры епархіях як сістэма камісій па наглядзе за выхаваннем у школе, а праз сродкі масавай інфармацыі — за «маральным станам нацыі». У 1925—39 акцыя каталіцкая (пераважна суполкі пры касцёлах) дзейнічала ў Зах. Беларусі. Старшыні і сакратары гэтых суполак падпарадкоўваліся Віленскаму епархіяльнаму «Інстытуту акцыі каталіцкай», які ў сваю чаргу нёс адказнасць перад Ватыканам. Члены акцыі каталіцкай спалучалі прапаганду каталіцкіх ідэй з культ.-асв. работай. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) арг-цыі акцыі каталіцкай як антысав., а іх арганізатары і кіраўнікі ў 1949—52 рэпрэсіраваны.
Літ.:
Ковальский Н.А. Международные католические организации. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛЮСТРАВА́ННЯ ТЭО́РЫЯ,
сукупнасць палажэнняў, катэгорый і прынцыпаў, якія выражаюць агульныя заканамернасці эвалюцыйнага развіцця ўсіх формаў адлюстравання ў неарганічнай і жывой прыродзе, у сац. рэальнасці. Зыходны прынцып адлюстравання тэорыі: вынікі пазнання павінны быць адносна адэкватныя сваёй крыніцы — арыгіналу. У якасці гнасеалагічнага прынцыпу адлюстраванне прызнавалася і ў стыхійным матэрыялізме, але разглядалася як пасіўнае, мёртвае «фатаграфаванне» навакольнага свету. Дыялектыка разглядае яго як складаны і супярэчлівы працэс узаемадзеяння пачуццёвага і рацыянальнага пазнання, мысліцельнай і практычнай дзейнасці. Пры гэтым свядомасць у сваім развіцці не вычэрпваецца паняццем адлюстравання, паколькі ўключае ў сябе творчасць і прадбачанне.
У распрацоўцы адлюстравання тэорыі вылучаюць 2 канцэпцыі: функцыянальную і атрыбутыўную. Прыхільнікі першай канцэпцыі сцвярджаюць, што ў неарганічных аб’ектах ёсць толькі перадумовы ўласцівасці адлюстравання, але не яго актыўнае праяўленне. Прыхільнікі другой настойваюць на ўсеагульнасці ўласцівасцяў адлюстравання. Збліжэнню гэтых канцэпцый садзейнічае ўсведамленне суадносін катэгорыі адлюстравання з агульнанавук. паняццем інфармацыі, далейшай распрацоўкай прынцыпу глабальнага эвалюцыянізму ў навуцы і сінергетыцы.
Катэгорыі і прынцыпы адлюстравання тэорыі ўвайшлі ў філас. абгрунтаванне тэорыі функцыянальных сістэм, канцэпцыі сістэмагенезу ў біялогіі, распрацаванай П.К.Анохіным. Асн. прынцыпы адлюстравання тэорыі процілеглыя прынцыпу тоеснасці мыслення і быцця, які з’яўляецца зыходным для філас. сістэм аб’ектыўнага ідэалізму, а ў шэрагу філас. вучэнняў (напр., у Спінозы, Спенсера) трактуецца ў духу паралелізму паміж зместам свету і зместам яго пазнання (гл. таксама Пазнанне).
Літ.:
Коршунов А.М. Теория отражения и современная наука. М., 1968;
Тюхтин В.С. Отражение. Системы. Кибернетика. М., 1972;
Петушкова К.П. Отражение в живой природе: Динамика теорет. моделей. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́ДКАВЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
горныя пароды, якія ўтвараюцца асаджэннем рэчыва ў водным асяроддзі, радзей з паветра і ў выніку дзейнасці ледавікоў. У залежнасці ад характару асаджэння падзяляюцца на абломкавыя, хім. і арганагенныя (біягенныя). Утвараюць пласты, слаі, лінзы і інш.геал. целы рознай формы і памераў, якія залягаюць у зямной кары гарызантальна, нахільна або ў выглядзе складаных складак. Адрозніваюць больш як 10 груп асадкавых горных парод: абломкавыя, гліністыя, глаўканітавыя, гліназёмістыя, жалезістыя, фасфатныя, марганцавыя, карбанатныя, солі, каўстабіяліты і інш., а таксама мяшаныя вулканагенна-асадкавыя пароды. Сярод асадкавых горных парод пераважаюць гліністыя (гліны, аргіліты, гліністыя сланцы — каля 50%), пясчаныя (пяскі і пясчанікі) і карбанатныя (вапнякі, даламіты і інш.; разам каля 45%), астатнія тыпы (солі і інш.) складаюць менш за 5%. Утварэнне і размяшчэнне на зямной паверхні асадкавых горных парод (асадканамнажэнне) вызначаецца пераважна кліматычнымі і тэктанічнымі ўмовамі, мае перыядычны характар і падобныя ўмовы ў мінулыя геал. эпохі і ў сучаснасці. Асадкавыя горныя пароды складаюць каля 10% масы зямной кары, укрываюць 75% паверхні Зямлі. Асн. іх маса сканцэнтравана на мацерыках (752 млн.км³), шэльфах і кантынентальных схілах (158 млн.км³), менш на дне акіянаў (190 млн.км³). Многія асадкавыя горныя пароды — карысныя выкапні (нафта, прыродны газ, вугаль, фасфарыты, баксіты, вапнякі, нярудныя буд. матэрыялы). Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі, асабліва гліны, алеўраліты, пяскі, каменная і калійная солі, ангідрыт, вапнякі, даламіты, мергелі, мел.
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии: (к Межведомств. стратигр. Совещанию, Минск, октябрь, 1981 г.). Мн., 1981;
Логвиненко Н.В. Петрографяя осадочных пород с основами методики исследования. 3 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ШТАБ ПАРТЫЗА́НСКАГА РУ́ХУ (БШПР),
рэспубліканскі орган ваен. кіраўніцтва партыз. рухам на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Дзейнічаў з 9.9.1942 да ліст. 1944. Сфарміраваны ў паласе 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту, у вёсках Шэйна і Цімохіна Тарапецкага р-на Калінінскай вобласці. З ліст. 1943 размяшчаўся ў Маскве, з мая 1943 — на ст. Сходня пад Масквой, з лютага 1944 — у в. Чонкі Гомельскага р-на, з ліп. 1944 — у в. Лошыца пад Мінскам. Нач. штаба: П.З.Калінін, з кастр. 1944 А.А.Прохараў; нам.нач. штаба: І.М.Арцём’еў, І.П.Ганенка, В.І.Закурдаеў, І.А.Крупеня, А.А.Прохараў, І.І.Рыжыкаў, Р.Б.Эйдзінаў. У сваёй дзейнасці штаб кіраваўся дырэктывамі ЦКВКП(б), Дзярж.к-та абароны СССР і інш. вышэйшых органаў дзярж. і ваен. ўпраўлення. Працаваў пад непасрэдным кіраўніцтвам Цэнтральнага штаба партызанскага руху і ЦККП(б)Б. Штаб распрацаваў і ажыццяўляў мерапрыемствы па разгортванні партыз. барацьбы, планаваў, арганізоўваў і кантраляваў баявую дзейнасць брыгад і атрадаў, вырашаў пытанні забеспячэння партызанаў сувяззю, зброяй і боепрыпасамі; арганізоўваў авіяперавозкі ваен. грузаў і асабовага складу; праводзіў эвакуацыю параненых у сав. тыл; кіраваў падрыхтоўкай і ўлікам партыз. кадраў. 14.11.1944 расфарміраваны. У в. Чонкі (Гомельскі р-н) у гонар БШПР пастаўлены помнік.
Літ.:
Калинин П.З. Партизанская республика. 3 изд. Мн., 1973;
Артемьев И.Н. В эфире партизаны. М., 1971;
Брюханов А.И. В штабе партизанского движения. Мн., 1980.
А.Л.Манаенкаў.
Мемарыяльная стэла ў гонар Беларускага штаба партызанскага руху ў в. Чонкі Гомельскага раёна.
амерыканскі сацыёлаг, палітолаг і дзярж. дзеяч. Скончыў ун-т Мак-Гіла ў Манрэалі (Канада, 1949) і Гарвардскі ун-т (1953). У 1977—81 нам. прэзідэнта ЗША па нац. бяспецы. З 1981 праф. Калумбійскага ун-та і дарадчык Цэнтра стратэг. і міжнар. даследаванняў Джорджтаўнскага ун-та (Вашынгтон). У працы «Паміж двух вякоў. Роля Амерыкі ў тэхнатронную эру» (1970) распрацаваў адзін з варыянтаў тэорыі «пост-індустрыяльнага грамадства», паводле якога новы этап развіцця чалавецтва вызначаецца яго эвалюцыйным пераходам ад ніжэйшай стадыі (аграрнай) да «тэхнатроннай эры» і якаснымі зменамі ў сац.-паліт. і эканам. адносінах. Даследуе сац.-філас. аспекты паходжання, праяўленняў і шляхоў вырашэння глабальных праблем чалавецтва (глабалістыка). Адзін са стваральнікаў тэорыі таталітарызму. Упершыню сфармуляваў гіпотэзу пра распад камуніст. сістэмы ў Цэнтр. і Усх. Еўропе, даў характарыстыку спецыфікі пераходу былых сацыяліст. краін ад таталітарнай мадэлі развіцця да цывілізаванага грамадства, якое абапіраецца на прынцыпы дэмакратыі і рыначнай эканомікі («Палітычная ўлада: ЗША/СССР», 1964; «Вялікі крах: зараджэнне і смерць камунізму ў XX ст.», 1989, і інш.). Бжазінскі лічыць, што ў новых абставінах ключавымі момантамі ў дзейнасці Захаду павінны стаць палітыка стрымлівання і пашырэнне дэмакр. ўплыву, уключэнне краін Усх. Еўропы ў НАТО, супрацоўніцтва ў галіне бяспекі з Расіяй, садзейнічанне новым незалежным дзяржавам б.СССР у захаванні рэальнага суверэнітэту.
Тв.:
Totalitarian dictatorship and autocracy. Cambridge, 1956 (разам з К.І.Фрыдрых);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад бія... + геаграфія),
навука пра заканамернасці геагр. пашырэння і размяшчэння ў межах рэгіёнаў жывых арганізмаў і іх згуртаванняў (біяцэнозаў), уваходзіць у комплекс навук пра біясферу. Біягеаграфію падзяляюць на зоагеаграфію і геаграфію раслін.
Пачатак біягеаграфіі пакладзены ў 19 ст. працамі натуралістаў (А.Гумбальт, А.Дэкандоль, А.Уолес, Ф.Склетэр, П.Палас, М.А.Северцаў і інш.), якія вывучалі флору і фауну розных рэгіёнаў зямнога шара. Сучасныя біягеагр. даследаванні маюць некалькі кірункаў: арэалаграфія вывучае тыпы арэалаў, іх структуру і паходжанне, размяшчэнне асобін унутры відавых арэалаў, што дае магчымасць стварэння кадастравых картаў; рэгіянальная біягеаграфія займаецца фларыстычным і фауністычным раянаваннем на аснове вывучэння сістэматычнага складу флоры і фауны пэўных раёнаў Зямлі; экалагічная біягеаграфія вывучае залежнасць пашырэння арганізмаў ад экалагічных фактараў асяроддзя, пераважна клімату, але таксама і гасп.дзейнасці чалавека; гістарычная біягеаграфія высвятляе ўплыў мінулых геал. эпох Зямлі на сучасны склад згуртаванняў арганізмаў і іх цяперашняе размяшчэнне па планеце. Вынікі даследаванняў на біягеаграфіі ўлічваюцца пры ахове і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, а таксама правядзенні мерапрыемстваў па знешнім каранціне, ахове раслін і барацьбе з пераносчыкамі прыродна-ачаговых захворванняў чалавека і свойскіх жывёл.
На Беларусі значны ўклад у развіццё біягеаграфіі зрабілі І.Д.Юркевіч, М.Дз.Несцяровіч, В.І.Парфёнаў, А.Е.Агаханянц і інш. Пытанні біягеаграфіі распрацоўваюцца ў н.-д. ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, заалогіі, лесу, геал. навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, Цэнтр.бат. садзе), Бел. геолагаразведачным НДІ.
Літ.:
Воронов А.Г., Дроздов Н.Н., Мяло Е.Г. Биогеография мира. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНЫ САВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы пастаянна дзеючы прадстаўнічы і заканадаўчы орган дзярж. улады ў Беларусі ў 1991—96. Валодаў вяршэнствам і паўнатой заканад. улады і ажыццяўляў яе ад імя народа ў межах і формах, вызначаных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь. Складаўся з адной палаты (260 дэпутатаў). Дэпутаты выбіраліся грамадзянамі краіны на аснове ўсеагульнага выбарчага права тэрмінам на 5 гадоў (першыя выбары ў Вярх. Савет Беларускай ССР, які з’яўляўся прадстаўнічым і заканад. органам саюзнай рэспублікі да набыцця ёю самастойнасці, адбыліся ў 1938). Парадак дзейнасціВярх. Савета, яго органаў і дэпутатаў вызначаўся Канстытуцыяй 1994, законам «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», а таксама Рэгламентам Вярх. Савета. Для арганізацыі работы Вярх. Савета выбіраліся Старшыня, яго намеснікі, ствараліся камісіі. Штогод праводзіліся веснавая і асенняя сесіі, пры неабходнасці — спец. і нечарговыя пасяджэнні. Да кампетэнцыі Вярх. Савета належала прыняцце Канстытуцыі і ўнясенне ў яе змяненняў і дапаўненняў, прыняцце законаў і пастаноў, кантроль за іх выкананнем, назначэнне чарговых выбараў дэпутатаў усіх узроўняў, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, правядзенне рэсп. рэферэндумаў, вызначэнне асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, інш. пытанні. Выдаваў «Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь». Старшыні Вярх. Савета: М.І.Дземянцей (1990—91), С.С.Шушкевіч (1991—94), М.І.Грыб (1994—96), С.Г.Шарэцкі (з 10.1.1996 да 27.11.1996). Дзейнасць Вярх. Савета спынена 27.11.1996 у выніку праведзенага рэферэндуму і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), паводле якой функцыі былога вышэйшага прадстаўнічага органа адышлі да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСКРЫМІНА́ЦЫЯ (ад лац. discriminatio адрозніванне),
абмежаванне або пазбаўленне грамадзянскіх, паліт. і інш. правоў і свабод з-за нац., расавай прыналежнасці, полу, веравызнання, паліт. поглядаў і г.д. У гісторыі краін свету Д. практыкавалася даволі часта. Адначасова дэмакр. сілы вялі барацьбу супраць Д. У ЗША вынікам Грамадз. вайны паміж Поўначчу і Поўднем 1861—65 было абвяшчэнне раўнапраўя неграў і яго юрыд. замацаванне ў форме паправак да Канстытуцыі. Прыкладамі жорсткай Д. шматлікіх груп грамадзян на глебе расізму былі Германія (1933—45), Радэзія і Паўд.-Афрыканская Рэспубліка, дзе расісцкі рэжым праіснаваў да пач. 1990-х г. (гл.Апартэід). Міждзярж. супрацоўніцтва для пераадолення Д. і абароны асн. правоў чалавека і грамадзяніна прывяло да афіц. асуджэння дыскрымінацыйнай практыкі на дзярж. узроўні і скасавання адкрыта дыскрымінацыйных заканад. актаў. Найб. агульныя антыдыскрымінацыйныя прынцыпы сфармуляваны ў Дэкларацыі правоў чалавека 1948. Пашыранымі відамі Д. з’яўляюцца пазбаўленне выбарчых правоў, звальненне з работы, адмова ў грамадзянстве ці візе на ўезд або выезд, ушчамленне правоў бежанцаў, імігрантаў і інш. Асаблівае месца займае Д. жанчын у прац., паліт. і інш. грамадскай дзейнасці. У міжнар. адносінах Д. азначае абмежаванне суверэннай роўнасці пэўных дзяржаў як суб’екта міжнар. права шляхам выкарыстання інш. дзяржавамі эканам. і паліт. мер, якія не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам міжнар. адносін. Праявай дыскрымінацыйнай палітыкі з’яўляецца стварэнне дзяржавамі закрытых арг-цый з мэтай абароны сваіх рынкаў ад тавараў інш. дзяржаў, свабоднага перамяшчэння працоўнай сілы і г.д. Праблема ўсебаковага пераадолення Д. ва ўсіх галінах міжнар. і грамадскага жыцця пакуль застаецца адной з глабальных праблем сучаснага чалавецтва.