АМЕРЫКА́НСКАЯ АДМІНІСТРА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ (American Relief Administration; АРА),

урадавая арг-цыя ЗША у 1919—23 па аказанні харчовай і інш. дапамогі еўрап. краінам, што пацярпелі ў 1-ю сусв. вайну. Узначальваў Г.Гувер. Фактычна выкарыстоўвалася для ўмацавання эканам. і паліт. пазіцый ЗША, стрымлівання рэв. руху ў Венгрыі, Румыніі, Балгарыі і інш. У 1921—22 аказала дапамогу ў час голаду ў Паволжы, На Украіне. У выніку канкурэнцыі з боку Англіі, Францыі і Італіі яе дзейнасць у Еўропе спынена.

Да арт. Амерыканская адміністрацыя дапамогі. Пастанова сав. ўрада ад 10.7.1923 з падзякай амерыканскай адміністрацыі за дасланыя пасля 1-й сусветнай вайны прадукты харчавання.

т. 1, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-БІРМА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

захопніцкія войны Англіі супраць Бірмы (цяпер М’янма). У першай англа-бірманскай вайне (1824—26) англ. войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне бірманскай арміі на чале з Бандулам. Аднак пасля смерці Бандулы англічанам удалося прасунуцца да бірманскай сталіцы Ава. Паводле навязанага Бірме дагавора яна страціла вобласці Аракан, Тэнасерым, княствы Асам і Маніпур, абавязвалася выплаціць кантрыбуцыю і заключыць з Англіяй гандл. дагавор. У выніку другой англа-бірманскай вайны (1852) да англ. уладанняў далучана бірманская вобл. Пегу. У трэцяй англа-бірманскай вайне (1885) бірманская армія разгромлена і капітулявала. Бірма трапіла пад англ. панаванне і ўключана ў склад Індыі як асобная правінцыя.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́САЎ (Сяргей Рыгоравіч) (парт. псеўд. Пеця, Казлоўскі Мікалай; 19.10.1906, в. Тур’я Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 7.3.1987),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. У 1927—32 на камсамольскай рабоце ў БССР. З 1932 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, з 1934 1-ы сакратар ЦК КСМЗБ, з 1935 сакратар Брэсцкага акр. к-та КПЗБ. У кастр. 1935 зняволены, з 1939 у ням. лагеры ваеннапалонных. Пасля Вял. Айч. вайны працаваў у друку. Аўтар прац «З гісторыі камсамольскага падполля Заходняй Беларусі» (1958), «За волю і шчасце народа» (1959), «Палымянае юнацтва» (1969), «У змаганні гартаваліся» (1975).

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́ШЧЫК (Міхаіл Трафімавіч) (16.10.1905, в. Була Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 8.2.1973),

дзеяч нац.-вызв. і рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1926 у Бел. сялянска-работніцкай грамадзе. З 1929 сакратар Слонімскага акр. к-та КСМЗБ, з 1934 — КПЗБ. Тройчы зняволены польск. ўладамі. З 1939 старшыня Слонімскага гарвыканкома. У Вял. Айч. вайну ў Чырв. Арміі, з 1943 у тыле ворага, пам. упаўнаважанага ЦК КП(б)Б і БШПР па Баранавіцкай вобл., сакратар Слонімскага падп. РК КП(б)Б, рэдактар падп. газеты «Вольная праца». Пасля вайны на парт. і сав. рабоце. Дэп. ВС БССР у 1955—63.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТА́НТА БАЛКА́НСКАЯ,

саюз Грэцыі, Румыніі, Турцыі і Югаславіі. Заключаны 9.2.1934 у Афінах пад эгідай Францыі з мэтай захавання суадносін сіл на Балканах, што склаліся пасля 1-й сусв. вайны. Першапачаткова адпавядаў інтарэсам Францыі як сродак узмацнення яе пазіцый у краінах Паўд.-Усх. Еўропы. Дагавор аб стварэнні Антанты Балканскай прадугледжваў узаемную гарантыю бяспекі балканскіх граніц краін-удзельніц, а таксама ўзаемную дапамогу ў выпадку нападу на адну з іх. Дзеянні Германіі і Італіі, якія абапіраліся на фаш. групоўкі ў Грэцыі, Румыніі, Турцыі і Югаславіі, падарвалі франц. ўплыў на краіны Антанты Балканскай, у 2-ю сусв. вайну яна распалася.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НІЙ (Марк) (Marcus Antonius; каля 82—30 да н.э.),

рымскі паліт. дзеяч і палкаводзец, прыхільнік Цэзара. Нар. трыбун у 49, консул у 44. Пасля забойства Цэзара і паражэння ў грамадз. вайне ў 43 заключыў саюз з Актавіянам і Лепідам, т.зв. 2-і трыумвірат, для барацьбы супраць Брута і Касія — забойцаў Цэзара. У 42 кіраваў усх. правінцыямі. Шлюб з Клеапатрай і сварка з Актавіянам прывялі да аднаўлення грамадз. вайны. У баі каля Акцыя 2.9.31 аб’яднаны флот Антонія і Клеапатры разбіты. Антоній адступіў у Егіпет і скончыў самагубствам.

Марк Антоній. Скульптура. 1 ст. да н.э.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЯ́Н ((Briand) Арыстыд) (28.3.1862, г. Нант, Францыя — 7.3.1932),

дзяржаўны дзеяч Францыі, дыпламат. Адвакат па адукацыі. З 1880-х г. удзельнік сацыяліст. руху. У 1902 абраны ў парламент. У 1906 увайшоў у склад урада, за што быў выключаны з Сацыяліст. партыі. У 1909—31 займаў пост прэм’ер-міністра 11 разоў і міністра замежных спраў 17 разоў. Пасля 1-й сусв. вайны праводзіў палітыку раззбраення і бяспекі. У 1909—31 выступаў за «прымірэнне» з Германіяй. Адзін з ініцыятараў Лакарнскай канферэнцыі 1925, Келага—Брыяна пакта 1928, праекта стварэння «Пан-Еўропы». Нобелеўская прэмія міру 1926 (разам з Г.Штрэземанам).

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫСТРЫ́ЦКАЯ (Эліна Аўраамаўна) (н. 4.4.1928, Кіеў),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1978). Скончыла Кіеўскі ін-т тэатр. маст. імя І.​Карпенкі-Карага (1953). З 1958 у Малым т-ры Расіі. Праф. (1979) Расійскай акадэміі тэатр. мастацтва. Сярод роляў: Юлія Піліпаўна («Дачнікі» М.​Горкага, і ў кіно), Дона Ганна («Каменны ўладар» Лесі Украінкі), баранэса Штраль («Маскарад» М.​Лермантава), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага); выканала 7 роляў у спектаклі «Выпадковы вальс» паводле кнігі С.​Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» (т-р Эстрады). З 1951 здымаецца ў кіно: «Няскончаная аповесць», «Ціхі Дон», «Добраахвотнікі» і інш.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1660—61.

Праводзілася казакамі і войскамі Рэчы Паспалітай у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У снеж. 1659 Быхаў занялі рас. войскі (гл. Быхава абарона 1659). З 1660 рас. гарнізон безупынна асаджалі казацкі палкоўнік Дз.​Мурашка і гетман С.​Чарнецкі, што стаялі лагерам каля Баркалабаўскага манастыра. У асаджаных было 18 гармат і 2 пішчалі-бамбарды, не хапала ежы. 1.12.1661 да Быхава падышло войска Рэчы Паспалітай з 7 тыс. конных і пешых салдат з 11 гарматамі пад камандаваннем Чарнецкага. Рас. гарнізон аблогі не вытрымаў і праз некалькі дзён горад здаў.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГУ́Н (Аляксей Васілевіч) (16.1.1885, в. Пярэжыр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 7.2.1943),

удзельнік рэв. руху на Беларусі. З 1904 настаўнічаў на Міншчыне. У рэв. 1905—07 кіраўнік сял. выступленняў у Ігуменскім пав. У 1906 арыштаваны і сасланы ў Архангельскую губ., адкуль уцёк. Эмігрыраваў у ЗША, быў чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі, пасля Кампартыі ЗША, дэлегат яе 1-га з’езда (1919). Пасля грамадз. вайны на радзіме. З 1921 супрацоўнік інфарм. аддзела ЦБ КП(б)Б. У 1924—41 на парт. і гасп. рабоце ў Мінскай і Магілёўскай абл. З 1941 на прафс. рабоце ва Узбекістане.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)