стыль у архітэктуры і мастацтве 1-й трэці 19 ст., які завяршыў развіццё класіцызму.
Зарадзіўся ў Францыі на пач. 19 ст. Як і класіцызм, арыентаваўся на ўзоры ант. мастацтва Грэцыі і Рыма, аднак пошукі зграбнай простай формы і дэкору паступова змяняліся імкненнем да іх лапідарнасці і манум. выразнасці. Асн. элементамі арх. кампазіцыі былі масіўныя порцікі (найчасцей дарычнага і тасканскага ордэраў), у арх. дэталях і дэкоры пераважала ваенная эмблематыка (ліктарскія звязкі, воінскія даспехі, лаўровыя вянкі, арлы і інш.). У ампіры адчуваюцца і асобныя стараж.-егіпецкія арх. і пластычныя матывы (вял. нерасчлянёныя плоскасці сцен і пілонаў, масіўныя геам. аб’ёмы, егіпецкі арнамент, стылізаваныя сфінксы, ільвы, гермы, грыфоны). У перыяд імперыі Напалеона I (1804—15) пашырылася буд-ва мемарыяльных манум. збудаванняў: трыумфальных арак (арка на пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.Ф.Шальгрэн), памятных калон і інш. У аддзелцы парадных інтэр’ераў палацаў і атэляў (Мальмезон, Фантэбло, Багарнэ ў Парыжы, перабудаваных арх. Ш.Персье і П.Фантэнам) матывы егіп. рэльефаў, этрускіх вазаў, грэч. і рым. дэкору сугучныя ампірнай мэблі Ф.А.Жакоба, стылізаванай пад абсталяванне багатага стараж.-рым. дома. У розных краінах Еўропы ампір набыў выразныя нац. рысы. У Расіі стаў выразнікам ідэі дзярж. незалежнасці, якую народ адстаяў у вайне 1812. Выдатнымі творамі рус. ампіру з’яўляюцца будынкі Адміралцейства (1806—23, арх. А.Захараў), Горнага ін-та (1806, арх. А.Вараніхін), Біржы (1805—10, арх. Тама дэ Тамон) — усе ў Пецярбургу; помнікі Мініну і Пажарскаму (1804—18, скульпт. І.Мартас), шэраг асабнякоў, пабудаваных арх. А.Грыгор’евым у Маскве.
У бел. дойлідстве стыль ампір развіваўся пад моцным уплывам рус. архітэктуры. Для будынкаў характэрныя масіўныя кубападобныя аб’ёмы з вял. гладкімі плоскасцямі, з якімі кантрастуюць дэкар. элементы ў выглядзе арнаментаваных панэляў, фрызаў, медальёнаў, разетак, выяў людзей і г.д. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вылучаецца строгай прасторай формаў, статычнасцю і манументальнасцю, геам. выразнасцю чляненняў. Нярэдка класічныя ордэрныя элементы перапрацоўваліся ў адпаведнасці з новымі маст. поглядамі, напр., у завяршэнні порцікаў выкарыстоўвалі прамавугольныя або ступеньчатыя атыкі, калоны пераважна дарычнага або тасканскага ордэраў пазбаўлялі энтазіса (патаўшчэння ствала калоны), базы, парушалі іх класічныя прапорцыі (Сноўскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, «Дом паляўнічага» ў Гомелі, 1809—19, арх. Дж.Кларк; асабняк у Слоніме, капліца каля в. Мілавіды Баранавіцкага р-на). У кампазіцыі дамінуе порцік або франтон на гал. фасадзе (жылы дом у Гродне на вул. Замкавай, 16), бельведэр (палац Жамыслаўскай сядзібы). Важнае маст. значэнне набыло афармленне ўваходных дзвярэй глухой разьбой. Фасады будынкаў афармляліся барэльефнымі выявамі вайсковых атрыбутаў (палац у Нясвіжскім замку). У інтэр’еры палацаў выкарыстоўваліся буйныя фрызы і панэлі з барэльефнымі кампазіцыямі (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль), каларыстычнае вырашэнне інтэр’ера грунтавалася на кантрасце інтэнсіўнага па колеры фону сцен і светлай столі, мармуровых дэталяў аддзелкі камінаў, ліштваў. Важную ролю ў маст. вырашэнні інтэр’ера адыгрывалі творы дэкар.-прыкладнога мастацтва (мэбля, гадзіннікі, падсвечнікі і інш.). Прадстаўнікі ампіру надавалі вял. значэнне малым арх. формам (фантан сядзібы ў г.п. Нароўля, брамы сядзібы ў в. Барбароў Мазырскага і г. Давыд-Гарадок Столінскага, надмагілле А.Снядэцкага ў в. Гароднікі Ашмянскага р-наў, лаўка на Трышынскіх могілках у Брэсце і інш.). Для твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва ампіру характэрна статычная маналітная форма, з якой кантрастуе пластыка-дэкар. аддзелка ў выглядзе арнаментальных уставак. У мэблі апорам канап, крэслаў, сталоў надаваліся формы калон, канеліраваных слупоў, яны дэкарыраваліся выявамі грыфонаў, лебедзяў, ільвоў і інш. Цікавы ўзор дэкар. мастацтва стылю ампір — камін з выявамі карыятыдаў (пач. 20 ст.) у жылым доме ў Бабруйску на вул. Пушкіна, 211. У сярэдзіне 19 ст. ампір пачаў змяняцца рознымі эклектычнымі плынямі.
Літ.:
Некрасов А.Н. Русский ампир. М., 1935;
Isermeyer Ch.-A. Empire. München, 1977.
А.М.Кулагін.
Да арт.Ампір. Гадзіннік. 19 ст. Гомельскі абласны краязнаўчы музей.Да арт.Ампір. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя ў Парыжы. Арх. Ж.Ф.Шальгрэн. 1806—37.Да арт.Ампір. Надмагілле А.Снядэцкага ў вёсцы Гароднікі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. 19 ст.Да арт.Ампір. Салон пораў года атэля Багарнэ ў Парыжы. 1804—06.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПАЛЕО́НАЎСКІЯ ВО́ЙНЫ,
войны Францыі ў перыяд праўлення Напалеона I [1799—1814, 1815]. На момант усталявання ў ліст. 1799 ваен. дыктатуры Напалеона I Францыя ваявала з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя, Неапалітанскае каралеўства). Няўдалая Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801, Італьянскі паход Суворава 1799 пазбавілі Францыю б.ч. заваяванняў часоў Французскай рэвалюцыі 1789—99. У чэрв. 1800 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстр. войскі ў Італіі пры Марэнга. Другая франц. армія на чале з ген. Ж.Маро разбіла 3.12.1800 аўстрыйцаў у Германіі пад Гогенліндэнам. У 1801 падпісаны мірныя дагаворы з Аўстрыяй, Турцыяй і Расіяй; Ам’енскі мірны дагавор 1802 з Вялікабрытаніяй. Але ў маі 1803 вайна аднавілася. Паражэнне аб’яднанага франка-ісп. флота ў Трафальгарскай бітве 1805 сарвала планы Напалеона I уварвацца ў Англію. У жн.—вер. 1805 створана 3-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Аўстрыя і Швецыя). У кастр. 1805 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстрыйцаў пры Ульме, а 2.12.1805 — руска-аўстр. войскі ў Аўстэрліцкай бітве. 26.12.1805 Аўстрыя падпісала Прэсбургскі мірны дагавор, паводле якога прызнавала ўсе франц. захопы ў Італіі, у зах. і паўд. Германіі. У вер. 1806 склалася 4-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Прусія, Швецыя). У Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806франц. армія разграміла прускае войска. 14.6.1807 рус. войскі пацярпелі паражэнне пры Фрыдландзе, што прымусіла рас. імператара Аляксандра I падпісаць Тыльзіцкі мір 1807, паводле якога Расія далучалася да кантынентальнай блакады Вялікабрытаніі і пагаджалася на стварэнне Варшаўскага герцагства. У 1807—11 была акупіравана Партугалія. Вясной 1808 Напалеон I акупіраваў Іспанію, арыштаваў ісп. караля Карла IV і яго сына Фердынанда і пасадзіў на ісп. прастол свайго брата Жазефа, што прывяло да нар. паўстання ў Іспаніі. Напалеон I ажыццявіў паход у Іспанію, але не здолеў задушыць паўстанне. У крас. 1809 Аўстрыя і Вялікабрытанія стварылі 5-ю антыфранц. кааліцыю. 5—6.7.1809 у бітве пры Ваграме аўстрыйцы былі разбіты і падпісалі ў кастр. 1809 Шонбрунскі мірны дагавор, які замацоўваў залежнасць Аўстрыі ад Францыі і пазбаўляў яе многіх уладанняў. У выніку Н.в. склалася вялізная імперыя Напалеона I; шэраг краін знаходзіўся ў васальнай залежнасці ад Францыі. Але яму прыйшлося сутыкнуцца з моцным супраціўленнем у падуладных краінах, у т. л. з партыз. вайной (герылья) у Іспаніі, якую падтрымлівалі брыт. войскі. У выніку абвастрэння рус.-франц. супярэчнасцей 24.6.1812 Напалеон I з «Вялікай арміяй» уварваўся ў Расію. У ходзе вайны 1812 Напалеон I стварыў на акупіраванай тэр. Літвы і Беларусі Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага і сфарміраваў шэраг ваен. часцей (гл.Літоўскія войскі 1812). Паражэнне «Вялікай арміі» ў Расіі, у т. л. ў шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812), прывяло да ўздыму антыфранц. руху ў Еўропе. Да створанай у ліп. 1812 6-й антыфранц. кааліцыі (Расія, Вялікабрытанія, Швецыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій) у 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Пасля перамогі саюзнікаў у Лейпцыгскай бітве 1813франц. войскі адступілі на тэр. Францыі. 31.3.1814 саюзнікі занялі Парыж. Пасля адрачэння 6.4.1814 Напалеона I саюзнікі і Францыя падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1814, паводле якога Францыя пазбаўлялася ўсіх заваяванняў пасля 1792, а на франц. троне адноўлена дынастыя Бурбонаў. У вер. 1814 пачаў працу Венскі кангрэс 1814—15, каб вырашыць усе пытанні мірнага ўрэгулявання ў Еўропе. Але ў сак. 1815 Напалеон I аднавіў сваю ўладу ў Францыі (гл.«Сто дзён»), Удзельнікі Венскага кангрэса стварылі 7-ю антыфранц. кааліцыю. Франц. войскі былі разбіты 18.6.1815 пры Ватэрлоо. 22.6.1815 Напалеон I зноў адрокся ад трона. У ліп. 1815 войскі саюзнікаў уступілі ў Парыж і аднавілі на франц. троне Людовіка XVIII, з якім падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1815, чым і завершаны Н.в.
Літ.:
Зак Л.А. Англия и германская проблема: (Из дипломат. истории наполеоновских войн). М., 1963;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965;
Вандаль А. [Сочинения]: Пер. с фр.Т. 1—4. Ростов н/Д, 1995;
Исдейл Ч.Дж. Наполеоновские войны: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНТЫ́Я, Візантыйская імперыя,
дзяржава ў 4 — сярэдзіне 15 ст., якая ўзнікла ў выніку распаду Рымскай імперыі ў яе ўсх. частцы. Сталіца — г.Канстанцінопаль. У перыяд найвышэйшага росквіту займала тэр. Балканскага п-ва, М. Азіі, Сірыі, Палесціны, Егіпта, Італіі, астравоў Міжземнага м., Паўн. Афрыкі, ч. Пірэнейскага п-ва, Закаўказзя, Крыма. У 3 ст. пачалося адасабленне ўсх. частак Рымскай імперыі, якія вызначаліся высокім узроўнем развіцця эканомікі і дзе крызіс рабаўладальніцкай гаспадаркі меў менш вострыя формы. Напады варвараў, сац. рухі і ўнутр. міжусобіцы ў зах.ч. Рымскай імперыі пагражалі існаванню ўсёй дзяржавы. Гэта прымусіла імператара Канстанціна І [324—337] перанесці паліт. цэнтр імперыі на Усход. Прыняцце ім хрысціянства паспрыяла перамяшчэнню сюды і цэнтра ідэйнага жыцця. Новая сталіца імперыі, Канстанцінопаль, была засн. на месцы стараж. мегарскай калоніі Візантый (адсюль пазнейшая назва імперыі). Доўгі час сталіца імперыі наз. Новым Рымам. Самі візантыйцы называлі сябе рымлянамі (па-грэчаску рамеямі), а імперыю — рамейскай. Візант. імператары наз. васілеўсамі («царамі») рамеяў. Канчатковы падзел Рымскай імперыі адбыўся ў 395, пасля смерці апошняга імператара адзінай рымскай дзяржавы Феадосія I. Імператарам Усх. (Візант.) імперыі стаў Аркадзій [395—408], Зах. — яго брат Ганорый [396—423]. На тэр. Візантыі жылі грэкі, сірыйцы, копты, армяне, грузіны, яўрэі, элінізаваныя малаазійскія плямёны, фракійцы, ілірыйцы, дакі, готы, славяне, арабы, печанегі, полаўцы і інш.Гал. роля ў эканоміцы, паліт. жыцці і культуры Візантыі належала грэч. насельніцтву. Дзярж. мова імперыі ў 4—6 ст. лацінская, з 7 ст. грэчаская.
Ранні перыяд у гісторыі Візантыі (4 — сярэдзіна 7 ст.) характарызаваўся разлажэннем рабаўладальніцкага ладу і пачаткам фарміравання феадалізму. Асаблівасці аграрных адносін у ранняй Візантыі — захаванне значнай колькасці свабоднага сялянства, шырокае распаўсюджанне каланата і доўгатэрміновай арэнды, больш інтэнсіўная, чым на Захадзе, раздача рабам участкаў зямлі на правах пекулія. У 7 ст. праца калонаў і рабоў у буйных памесцях стала выцясняцца працай вольных сялян — арандатараў. Гарады Візантыі 4—5 ст. у асноўным заставаліся ант. рабаўладальніцкімі полісамі, новыя гарады, што ўзніклі пасля 5 ст., былі ўжо гандлёва-рамеснымі і адм. цэнтрамі. Візантыя вяла ажыўлены гандаль з Індыяй, Цэйлонам, Кітаем, Іранам, Сярэдняй Азіяй, Аравіяй, Эфіопіяй, Брытаніяй, Скандынавіяй; доўгі час была гегемонам у гандлі з зах.-еўрап. дзяржавамі па Міжземным м. У 7 ст., калі гарады-полісы канчаткова заняпалі, цэнтр грамадскага жыцця перамясціўся ў вёску. У 4—5 ст. Візантыя была цэнтралізаванай ваен.-бюракратычнай манархіяй. Уся ўлада належала імператару (васілеўсу), дарадчым органам пры ім быў Сенат. Усё свабоднае насельніцтва падзялялася на саслоўі. Сур’ёзнай грамадскай сілай з 5 ст. сталі своеасаблівыя паліт. партыі — дзімы. Пануючай рэлігіяй Візантыі з 4 ст. стала хрысціянства. У 4—7 ст. тут выпрацавана хрысц. дагматыка, склалася царк. іерархія. З канца 4 ст. пачалі ўзнікаць манастыры. У выніку барацьбы розных плыняў у хрысціянстве (арыянства, нестарыянства і інш.) пануючым у Візантыі з 6 ст. стала праваслаўе (пры імператару Юстыніяне I). З 370-х г.імперыя пастаянна абаранялася ад нападаў варвараў, якія ў 400 ледзь не захапілі Канстанцінопаль; у 570—80-я г. яна адбіла націск остготаў. Пры імператару Юстыніяне І [527—565] Візантыя дасягнула апагея сваёй паліт. і ваен. магутнасці. Першыя гады яго праўлення адзначаны буйнымі нар. рухамі (паўстанне самарыцян у Палесціне 529—530, паўстанне «Ніка» 532 у Канстанцінопалі). Пры Юстыніяне праведзена кадыфікацыя грамадз. права, узмацнілася цэнтралізацыя дзяржавы, створана моцная армія, адбіты націск персаў на У, славян на Пн, ажыццёўлены значныя заваяванні на З. Пры пераемніках Юстыніяна ў Візантыі настаў перыяд заняпаду. У канцы 6 ст. выступленні нар. нізоў адбываліся ў Канстанцінопалі, хваля сял. паўстанняў пракацілася па Егіпце, не спыняліся масавыя рухі ва ўсх. правінцыях — пастаянных асяродках ерасей і сепаратызму. У пач. 7 ст. пагрозлівы характар набылі хваляванні ў візант. арміі. У часы імператара Фокі [602—610] унутр. смуты перараслі ў грамадз. вайну, якая ахапіла М. Азію, Сірыю, Палесціну, Егіпет. На рубяжы 6—7 ст. Візантыя страціла значную ч. сваіх уладанняў на Захадзе і Усходзе.
З сярэдзіны 7 ст. ў Візантыі інтэнсіўна развіваецца феадалізм. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў вёсках пераважалі свабодныя сял. абшчыны. Гарады па-ранейшаму былі ў заняпадзе. У 7—8 ст. важныя змены адбыліся ў адм. сістэме: дыяцэзы і правінцыі былі заменены ваен.-адм. акругамі — фемамі, уся ваен. і грамадз. ўлада ў якіх належала камандзіру фемнага войска — страцігу. Свабодныя сяляне-страціёты, якія складалі войска, залічваліся ўрадам у разрад спадчынных уладальнікаў зямельных участкаў. Фемны лад быў сведчаннем дэцэнтралізацыі дзяржавы. Разам з тым ён спрыяў умацаванню ваен. патэнцыялу імперыі ў часы Льва III [717—741 ] і Канстанціна V [741—775], дазволіў дамагчыся поспеху ў войнах з арабамі і балгарамі. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў Візантыі пачаўся шырокі рэліг.-паліт. рух — іканаборства. Яго ўзначалілі імператары Ісаўрыйскай дынастыі, якія імкнуліся ўзняць прэстыж цэнтр. улады і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства. У сярэдзіне 7 ст. ў Зах. Арменіі зарадзіўся нар.-ерэтычны рух паўлікіян, які з замкнёнай ерэтычнай секты перарос у 9 ст. ў масавы антыфеад. рух. Антыфеад. паўстанне Фамы Славяніна ў 821—825 ахапіла тэр. М. Азіі, ч. Фракіі і Македоніі. 2-я пал. 10 ст. — перыяд стварэння ў Візантыі цэнтралізаванай феад. манархіі з моцнай дзярж. уладай, разгалінаваным бюракратычным апаратам кіравання. Асн. формай эксплуатацыі сялянства стала цэнтралізаваная рэнта, якая спаганялася ў выглядзе шматлікіх падаткаў. Фарміраванне асн. інстытутаў феадалізму ў Візантыі завяршылася ў 11—12 ст. Сяляне ператварыліся ў феадальна-залежных людзей (парыкаў), свабодныя абшчыны захаваліся толькі на ўскрайках імперыі. Паступова пашырылася пронія (форма ўмоўнага феад. землеўладання). Урад раздаваў феадалам правы экскусіі (асобная форма імунітэту). З 2-й пал. 9 ст. пачаўся ўздым візант. гарадоў, якія набываюць рысы, характэрныя для гарадоў сярэдневяковага тыпу. Асн. фігурай у гар. рамеснай вытв-сці становіцца свабодны рамеснік, уладальнік невял. майстэрні. Візант. мараплаўства і гандаль, нягледзячы на канкурэнцыю арабаў і нарманаў, адыгрывалі гал. ролю ў бас. Міжземнага м.Візант. царква пры патрыярху Фоцію (858—867) стала адстойваць ідэю раўнапраўя духоўнай і свецкай улады, заклікала да інтэнсіўнай хрысціянізацыі суседніх народаў, спрабавала ўвесці праваслаўе ў Маравіі, правяла хрысціянізацыю Балгарыі. Паліт. і дагматычныя рознагалоссі паміж канстанцінопальскім патрыярхам і папскім прастолам прывялі ў 1054 да афіц. разрыву (схізмы) паміж усх. і зах. цэрквамі. Канчатковы падзел цэркваў адбыўся пасля 1204. Знешняя палітыка Візантыі пры імператарах Македонскай дынастыі (867—1056) характарызавалася пастаяннымі войнамі. Візантыя адваявала ў арабаў Верхнюю Месапатамію, ч. Сірыі і М. Азіі, Крыт, Кіпр, вярнула пад свой пратэктарат Грузію і Арменію, заваявала Балгарыю. Пасля асады Канстанцінопаля кіеўскім кн. Алегам (907) Візантыя вымушана была заключыць у 911 гандл. дагавор, які спрыяў развіццю гандл. сувязей Русі і Візантыі па шляху з «варагаў у грэкі». Русь дапамагла імператару Васілію II задушыць мяцеж Фокі Варды [987—989]. У 1030—80-я г. Візантыю скаланулі ўнутр. смуты, барацьба правінцыяльных феадалаў супраць сталічнай знаці і чыноўніцтва. Пагоршылася і знешнепаліт. яе становішча: у выніку разгрому візант. арміі войскамі сельджукаў у 1071 пры Манцыкерце Візантыя страціла Арменію і ч. М. Азіі; на працягу 11 ст. яна вымушана была адбіваць націск печанегаў; да 1071 нарманы заваявалі Паўн. Італію. Зацяжны крызіс завяршыўся кансалідацыяй усіх сіл імперыі вакол дынастыі Камнінаў (1081—1185). Яны ўмацавалі дзяржаву і армію, адваявалі ў сельджукаў амаль усё Малаазійскае ўзбярэжжа, часова падпарадкавалі Сербію і Венгрыю, змагаліся за гегемонію ў Італіі, прадухілілі канфлікты з удзельнікамі 1-га і 2-га крыжовых паходаў. Але ў 1176 візант. армія была разгромлена сельджукамі каля Мірыякефалона, у 1185 нарманы захапілі Дзірахій і Фесалонікі. На ўсіх сваіх межах Візантыя вымушана была перайсці да абароны. Выкарыстаўшы нар. паўстанне ў Канстанцінопалі (1181), да ўлады прыйшоў прадстаўнік бакавой галіны Камнінаў Андронік І [1183—85]. Але ваен. няўдачы, незадаволенасць гараджан, тэрор у адносінах да вышэйшай феад. знаці выклікалі новы мяцеж. Улада перайшла да дынастыі Ангелаў (1185—1204), праўленне якой азнаменавала заняпад унутр. і знешняй магутнасці Візантыі. Узмацніліся феад. раздробленасць, незалежнасць кіраўнікоў правінцый ад цэнтр. улады, заняпалі гарады, аслабелі армія і флот. Пачаўся распад імперыі: у 1187 адпала Балгарыя, у 1190 — Сербія; Венецыя выцясняла з Візантыі сваіх канкурэнтаў Геную і Пізу. У канцы 12 ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж Візантыяй і Захадам: папства імкнулася падпарадкаваць візант. царкву рымскай курыі. Уплывовыя сілы на Захадзе дамагліся, каб 4-ы крыжовы паход (1202—04) быў накіраваны не на Палесціну і Сірыю, а ў Канстанцінопаль, які і быў захоплены 13.4.1204 войскамі крыжаносцаў на чале з Баніфацыем Манферацкім. Візант.імперыя часова перастала існаваць.
На заваяванай крыжаносцамі тэр. Візантыі была засн. Лацінская імперыя (1204—61). Лаціняне душылі ў Візантыі грэч. культуру, італьян. гандляры перашкаджалі адраджэнню візант. гарадоў. Супраціўленне мясц. насельніцтва не дазволіла крыжаносцам пашырыць сваю ўладу на Балканскі п-аў і М. Азію. Тут узніклі незалежныя грэч. дзяржавы Нікейская імперыя (1204—61), Трапезундская імперыя (1204—1461) і Эпірскае царства (1204—1337). У 1261 нікейскі імператар Міхаіл VIII Палеалог пры падтрымцы грэч. насельніцтва Лацінскай імперыі адваяваў Канстанцінопаль, аднавіў Візант. імперыю і засн. новую дынастыю Палеалогаў (1261—1453). Апошнія стагоддзі існавання некалі вял. імперыі азмрочаны значнымі стратамі тэрыторыі, нестабільнасцю эканомікі, бясконцымі феад. ўсобіцамі і ўзмацненнем тур. пагрозы. 29.5.1453 туркі-асманы на чале з султанам Мехмедам II Фатыхам пасля двухмесячнай асады захапілі і разрабавалі Канстанцінопаль. У 1460 заваёўнікі пакарылі Марэю, у 1461 — Трапезундскую імперыю.
Імперыя спыніла сваё існаванне, яе тэр. ўвайшла ў склад Асманскай імперыі.
Візантыйская культура. У гісторыі візант. цывілізацыі адметнае месца належыць візант. культуры — значнаму этапу еўрап. і сусв. культуры. У Візантыі існавала моўная і канфесійная супольнасць. Пры ўсёй шматэтнічнасці імперыі гал. яе этнічным ядром былі грэкі, у культ. жыцці дамінавала грэч. мова. У Візантыі панавала хрысц. рэлігія ў форме праваслаўя. Культуру Візантыі ад культур зах.-еўрап. краін адрознівала наяўнасць элементаў усх. цывілізацый, што рабіла яе сувязным звяном паміж Усходам і Захадам. Гал. тыпалагічныя асаблівасці візант. культуры: плённы сінтэз грэка-рым., усх. і зах. культур з перавагай першай, працяглае і ўстойлівае захаванне ант. традыцый, адрозненне правасл. рэлігіі ад каталіцкай, панаванне дзярж. дактрыны і дамінуючая роля Канстанцінопаля. Усё гэта спрыяла цэнтралізацыі візант. культуры, захаванню свецкай гар. культуры і адукаванасці. Візант. цывілізацыя зрабіла вял. ўплыў на развіццё культур многіх краін сярэдневяковай Еўропы (Паўд. Італія, Сіцылія, Далмацыя, дзяржавы Балканскага п-ва, Стараж. Русь, народы Закаўказзя, Паўн. Каўказа, Крыма). Гэта выявілася ў рэлігіі і філасофіі, грамадскай думцы і касмалогіі, пісьменнасці і адукацыі, паліт. ідэях і праве, ва ўсіх галінах мастацтва — л-ры і дойлідстве, жывапісе і музыцы.
Асвета. Захаваўшы традыцыі ант. адукаванасці, асвета ў Візантыі да 12 ст. знаходзілася на больш высокім узроўні, чым у інш. краінах Еўропы. Пач. адукацыю (навучанне чытаць і пісаць) тут атрымлівалі ў прыватных школах граматыстаў на працягу 2—3 гадоў. Да 7 ст.навуч. праграма грунтавалася пераважна на міфалогіі язычніцкіх рэлігій, пазней — на хрысц. Псалтыры. Сярэднюю адукацыю («энкікліяс педыа») атрымлівалі пад кіраўніцтвам настаўніка — граматыка або рытара па ант. дапаможніках. У праграму навучання ўваходзілі арфаграфія, грамат. нормы, вымаўленне, прынцыпы вершаскладання, красамоўства, часам — тахіяграфія (мастацтва скарочанага пісьма) і ўмельства складаць дакументы. Да вучэбных прадметаў адносілася і філасофія, пад якой разумеліся самыя розныя дысцыпліны (багаслоўе, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, логіка, этыка, палітыка, эканоміка, вучэнне аб навакольнай прыродзе). У праграмы некат. школ уключалася гісторыя. У Візантыі былі манастырскія школы. У 4—6 ст. функцыянавалі вышэйшыя школы (у Афінах, Александрыі, Бейруце, Антыёхіі, Газе, Кесарыі Палесцінскай), што засталіся з эпохі антычнасці. Створаная ў 425 вышэйшая школа ў Канстанцінопалі (аўдыторый) паступова выцесніла астатнія вышэйшыя школы. Паводле легенды, будынак канстанцінопальскай школы ў 726 спалены імператарам Львом III разам з настаўнікамі і кнігамі. З сярэдзіны 9 ст. пачынаюцца спробы аднаўлення вышэйшай школы. Магнаўрская школа (у Канстанцінопалі), якой кіраваў Леў Матэматык, рыхтавала вышэйшых свецкіх і духоўных саноўнікаў. Яе праграма абмяжоўвалася прадметамі агульнаадук. цыкла. У сярэдзіне 11 ст. ў Канстанцінопалі адкрыты юрыд. і філас. школы, што рыхтавалі чыноўнікаў. У 12 ст. вышэйшая школа аддадзена пад апякунства царквы, на яе ўскладзена задача барацьбы з ерасямі. У канцы II ст. адкрыта Патрыяршая школа, у праграму якой уваходзіла тлумачэнне Свяшчэннага пісання і рытарычная падрыхтоўка. У школе, створанай у 12 ст. пры царкве св. Апосталаў у Канстанцінопалі, апрача традыц. прадметаў, выкладалі медыцыну. Пасля 1204 вышэйшая школа ў Візантыі спыніла сваё існаванне. Дзярж. школы ўсё больш выцясняліся школамі пры манастырах, дзе пасяліліся вучоныя.
Антычныя б-кі не перажылі ранневізант. перыяд.Александрыйская бібліятэка разбурана ў 391; публічная б-ка ў Канстанцінопалі (засн. каля 356) згарэла ў 475. Пра б-кі больш позніх часоў вядома мала. Існавалі б-кі імператара, патрыярха, манастыроў, вышэйшых школ і прыватных асоб.
Тэхніка. Візантыя атрымала ў спадчыну ант. тэхніку сельскай гаспадаркі (драўляны бясколавы плуг, малацільны волак, у які запрагалі жывёлу, штучнае арашэнне) і рамёствы, што дало магчымасць ёй да 12 ст. заставацца перадавой дзяржавай Еўропы ў манументальным буд-ве, суднабудаванні (з 9 ст. стаў выкарыстоўвацца косы ветразь), ювелірным, шаўкаткацкім рамёствах і інш. Аднак імкненне да захавання ант. традыцый запавольвала тэхн. прагрэс і выклікала адставанне (з 12 ст.) большасці візант. рамёстваў ад зах.-еўрапейскіх (выраб шкла, карабельнае рамяство, тэкст.вытв-сць).
Матэматыка і прыродазнаўчыя навукі. Візант. матэматыка 4—6 ст. зводзілася ў асноўным да тлумачэння і распаўсюджвання твораў ант. аўтараў (Эўкліда, Архімеда, Арыстоцеля і інш.). Даследаваліся задачы квадратуры круга і падваення куба. У некат. пытаннях візант. навука пайшла далей за антычную: Іаан Філапон (6 ст.) прыйшоў да высновы пра незалежнасць скорасці падзення цел ад іх масы; Анфімій з Тралаў прапанаваў новае тлумачэнне дзеяння запальных люстраў. Хуткае развіццё прыродазнаўчых навук пачалося з сярэдзіны 9 ст. і асабліва ў 13—14 ст. Вучоны-энцыклапедыст Леў Матэматык (9 ст.) упершыню выкарыстаў літары ў якасці алгебраічных сімвалаў. Даследчык твораў Дыяфанта Максім Плануд (13 ст.) напісаў «Арыфметыку на ўзор індыйцаў», выкарыстаўшы ў ёй арабскія лічбы, а яго вучань Мануіл Масхопулас даследаваў магічныя квадраты, карыстаючыся пры гэтым элементамі камбінаторнага аналізу. У 14 ст. Іаан Педыясім напісаў «Геаметрыю» і трактат аб падваенні куба, а Ісаак Аргір — «Геадэзію» і трактат аб здабыванні квадратных каранёў. Даследаванні па астраноміі грунтаваліся на традыцыях араб. і перс. вучоных, аб чым сведчыць зводная праца Феодара Мелітыяніта «Астраномія ў трох кнігах» (1361). У 14 ст. Нікіфар Грыгара прапаноўваў рэформу календара і прадказваў зацьменні Сонца. Астр. назіранні падпарадкоўваліся патрабаванням астралогіі, якая ў Візантыі была вельмі пашырана. У касмалогіі біблейскія ўяўленні спалучаліся з дасягненнямі эліністычнай навукі (уяўленне пра шарападобнасць Зямлі, элементы геліяцэнтрычнай сістэмы свету і інш.). Хімія давала практычныя навыкі для вырабу фарбавальнікаў, каляровай палівы, шкла і інш. У ранневізант. перыяд была пашырана алхімія, магчыма, з ёй звязана адно з буйнейшых вынаходстваў канца 7 ст. — т.зв. «грэчаскі агонь» (лёгкаўзгаральная сумесь нафты, салетры і інш., якая выкарыстоўвалася ў ваен. справе). У 4 ст. ўрач Арыбасій з Пергама стварыў мед. энцыклапедыю, урач Нікшба — падручнік па хірургіі, Сімяон Сіф склаў кнігу аб уласцівасцях ежы (11 ст.), Нікалай Мірэпс — дапаможнік па фармакалогіі (13 ст.). У Канстанцінопалі існавалі бальніцы са спец. аддзяленнямі (хірург. і інш.), а таксама мед. вучылішчы пры гэтых бальніцах. Пачатак геаграфіі ў Візантыі паклалі афіц. апісанні абласцей, гарадоў, царк. дыяцэзаў. Каля 535 Іерокл склаў «Сінекдэм» — апісанне 64 правінцый і 912 гарадоў, якое лягло ў аснову больш позніх геагр. твораў. Захаваліся апісанні падарожжаў купца Касмы Індыкаплова (6 ст.) у Аравію, Усх. Афрыку, на Цэйлон, Іаана Фокі (12 ст.) — у Палесціну, Андрэя Лівадзіна (14 ст.) — у Палесціну і Егіпет, Канана Ласкарыса (канец 14 або пач. 15 ст.) — у Германію, Скандынавію і Ісландыю. Візантыйцы ўмелі складаць геагр. карты.
Філасофія. Асн. ідэйныя крыніцы візант. філасофіі — Біблія і грэч. класічная філасофія (у асноўным Платон, Арыстоцель, стоікі). У 4—7 ст. у філасофіі панавалі 3 кірункі: неаплатанізм (Ямвліх, Юліян Адступнік, Прокл), што ва ўмовах крызісу ант. свету адстойваў уяўленне аб гарманічным адзінстве Сусвету; гностыка-маніхейскі дуалізм, які зыходзіў з уяўлення пра непрымірымы раскол Сусвету на царствы Дабра і Зла; хрысціянства. Асноўным у развіцці багаслоўя 4—7 ст. было сцвярджэнне вучэння аб Тройцы і богачалавецтве Хрыста. Прызнаючы існую розніцу паміж «зямным» і «нябесным», хрысціянства дапускала магчымасць звышнатуральнага (дзякуючы дапамозе богачалавека) пераадолення гэтага расколу (Афанасій Александрыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі). У сферы касмалогіі паступова ўсталявалася біблейскае ўяўленне аб тварэнні. Антрапалогія (Немесій, Максім Спаведнік) зыходзіла з уяўлення аб чалавеку як цэнтры светабудовы і трактавала яго як мікракосм — мініяцюрны адбітак Сусвету. У этыцы цэнтр. месца займала праблема выратавання. Зазнаўшы моцны ўплыў неаплатанізму, філасофія, асабліва містыка (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт), зыходзіла з магчымасці не столькі карпаратыўнага (праз царкву), колькі індывідуальнага (праз асабістае «абожанне» — фіз. дасягненне чалавекам боскасці) выратавання. Працягваючы традыцыі александрыйскай школы (Клімент Александрыйскі, Арыген), філосафы прызнавалі важнасць ант.Культ. спадчыны.
Завяршэнне станаўлення візант. багаслоўя супадае з заняпадам гарадоў у 7 ст. Таму перад філас. думкай Візантыі паўстала задача не творчага развіцця, а захавання культ. каштоўнасцей ва ўмовах напружанай эканам. і паліт. сітуацыі. Іаан Дамаскін прынцыпам сваёй дзейнасці абвяшчаў кампілятыўнасць. Разам з тым ён імкнуўся да стварэння сістэм выкладання хрысц. веравучэння з уключэннем у праграму абвяржэння ерасей. Яго «Крыніца ведаў» — першая філас.-багаслоўская «сума», якая зрабіла вял. ўплыў на зах. схаластыку. Асн. ідэйныя дыскусіі 8—9 ст. спрэчкі іканаборцаў і іконапаклоннікаў былі працягам багаслоўскіх дыскусій 4—7 ст. Праціўнікі іканаборства (Іаан Дамаскін, Феодар Студыт) разглядалі абразы як матэрыяльныя вобразы нябеснага свету, як пасрэдніцкае звяно, што звязвае «верх» і «ніз». На 2-ю пал. 9—10 ст. прыпадае дзейнасць эрудытаў, якія імкнуліся адрадзіць антычнасць. З 11 ст.філас. барацьба набывае новыя рысы ў сувязі з зараджэннем візант. рацыяналізму. Паслядоўныя містыкі (Сімяон Багаслоў) супрацьпастаўлялі халоднай сістэме эмацыянальнае «зліццё» з бажаством; рацыяналісты знаходзілі ў багаслоўскай сістэме процілегласці. Міхаіл Псел паклаў пачатак новых адносін да ант. спадчыны як да цэласнай з’явы. Яго паслядоўнікі (Іаан Італ, Яўстрацій Нікейскі, Соцірых), апіраючыся на фармальную логіку, ставілі пад сумненне шэраг багаслоўскіх дактрын. Распад Візантыі пасля 1204 на шэраг дзяржаў выклікаў абвостранае адчуванне трагічнасці ўласнага становішча. 14 ст. — час новага ўздыму містыкі (ісіхазм — Грыгорый Сінаіт, Грыгорый Палама). Страціўшы надзею на захаванне сваёй дзяржавы, не верачы ў рэформы, ісіхасты абмяжоўвалі этыку рэліг. самаўдасканаленнем, распрацоўвалі фармальныя «псіхафізічныя» метады малітвы, якія адкрывалі шлях да «абожання». Адносіны да ант. традыцыі становяцца дваістымі: з аднаго боку, у аднаўленні стараж. інстытутаў бачылі апошнюю магчымасць ажыццяўлення рэформаў (Пліфан), з другога — веліч антычнасці спараджала пачуццё адчаю, уласнай творчай бездапаможнасці (Георгій Схаларый).
Гістарычная навука. У візант.гіст. навуцы 4 — сярэдзіне 7 ст. яшчэ захоўваліся ант. традыцыі, панаваў язычніцкі светапогляд. Вострая сац.-паліт. і ідэалаг. барацьба ў Візантыі ў гэты перыяд знайшла адлюстраванне ў творах гісторыкаў як свецкага (Аміян Марцэлін, Яўнапій, Алімпіядор, Засім, Прыск Панійскі, Пракопій Кесарыйскі, Агафій Мірынейскі, Менандр Праціктор, Феафілакт Сімаката), так і царк. кірункаў. Стварэнне хрысц.гіст.-філас. канцэпцыі звязана з дзейнасцю Яўсевія Кесарыйскага і яго паслядоўнікаў (Сакрат, Сазамен, Феадарыт Юрскі, Явагрый), паводле якіх гісторыя не вынік сукупных чалавечых намаганняў, а тэлеалагічны працэс. У хроніцы 6 ст. Іаана Малалы зарадзілася імкненне да глабальнага ахопу гісторыі чалавецтва, што знайшло свой працяг у сусв. хроніках 8—9 ст. Вядомасцю карысталіся «Хранаграфія» Феафана Спаведніка, «Брэвіярый» («Кароткая гісторыя») патрыярха Нікіфара і хроніка Георгія Амартола. У творах гісторыкаў 11—12 ст. (Міхаіл Псел, Нікіфар Врыеній, Ганна Камніна, Іаан Кінам, Нікіта Ханіят) выразна выявілася аўтарская пазіцыя, апавяданне набліжана да сучаснасці, храналагічны прынцып выкладання адыходзіў на задні план, характарыстыкі дзеючых асоб набывалі індывід. афарбоўку. Пасля лац. заваявання Візантыі гістарыяграфія працягвала развівацца ў Нікейскай імперыі («Хроніка» Георгія Акрапаліта). У гістарыяграфіі позняй Візантыі выразна выяўляліся гуманіст. рысы: цікавасць да чалавечай асобы, да прыроды, сусвету. Побач з біблейскай канцэпцыяй гіст. працэсу развіваліся новыя гіст.-філас. тэорыі, у прыватнасці тэорыя заканамернай змены сусв. манархій. Апошняе стагоддзе існавання імперыі і яе гібель апісаны ў творах гісторыкаў Георгія Сфрандзі, Духі, Лаоніка Халкакандзіла, Міхаіла Крытавула.
Юрыдычная навука. Характэрныя для культуры Візантыі традыцыяналізм і імкненне да сістэматызацыі найб. выразна выявіліся ў юрыд. навуцы. Пачатак гэтаму пакладзены сістэматызацыяй рым. права, складаннем збораў цывільнага права; найб. значны з іх Corpus juris civilis (6 ст.), на якім пазней і грунтавалася візант. права. Задача правазнаўцаў абмяжоўвалася ў асноўным тлумачэннем і пераказам збораў. У 6—7 ст. гэты зборнік права часткова перакладзены з лац. на грэч. мову. Падобныя пераклады ляжаць у аснове кампілятыўнага зборніка Васілікі (9 ст.), які часта перапісваўся з каментарыямі. Складаліся і розныя даведачныя дапаможнікі, у т. л. «сінопсісы», дзе артыкулы па асобных пытаннях права размяшчаліся ў алфавітным парадку. Юрыд. навука Візантыі вывучала таксама кананічнае права, якое грунтавалася на пастановах (правілах) царк. сабораў. Уздым юрыд. навукі пачаўся ў 11 ст., калі ў Канстанцінопалі была засн. вышэйшая юрыд. школа. Спроба абагульніць практыку канстанцінопальскага суда зроблена ў 11 ст. ў зборніку суд. рашэнняў, т.зв. «Піры» («Вопыт»), У 12 ст. правазнаўцы Візантыі (Іаан Занара, Арысцін, Феодар Валсамон), імкнучыся ўзгадніць нормы кананічнага і рым. права, выпусцілі шэраг тлумачэнняў да правіл царк. сабораў. У Візантыі існаваў натарыят. У 13—14 ст. асобныя правінцыяльныя канцылярыі выпрацоўвалі лакальныя тыпы фармуляраў для складання дакументаў.
Літаратура. У ранневізант. перыяд захоўваліся традыцыі стараж.-грэч. л-ры, якая ўсё больш трапляла пад уплыў хрысціянства. Ант. традыцыі выразна прасочваюцца ў свецкай паэзіі і прозе (Нон Панапалітанскі, Агафій Мірынейскі, Павел Сіленцыярый, Георгій Пісіда). У патрыстычнай л-ры (Васілій Кесарыйскі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст) ідэі ранняга хрысціянства спалучаліся з неаплатанічнай філасофіяй, ант. рытарычныя формы — з новым ідэйным зместам. Хрысц. ідэалогія ўсталёўвалася ў гімнаграфіі (Яфрэм Сірын, Раман Салодкапевец), агіяграфіі (Афанасій Александрыйскі, Паладый Яленапольскі), хранаграфіі (Іаан Малала). У 7—9 ст.ант. традыцыі амаль знікаюць, развіваецца пераважна рэліг.л-ра. Асн. жанры прозы — хроніка (Феафан Спаведнік) і жыціе; у перыяд іканаборства асаблівы ўздым перажывае агіяграфічная л-ра (Нікіта з Амніі). У паэзіі выступаюць Андрэй Крыцкі, Іаан Дамаскін, Феодар Студыт. Свецкую тэматыку распрацоўваюць Іаан Граматык, Ігнацій Антыяхійскі, паэтэса Касія. Да 9 ст. адносяць афармленне рэліг. рамана «Варлаам і Іаасаф». З сярэдзіны 9 ст. ствараюцца літаратуразнаўчыя зборы («Мірыябібліён» Фоція — першая спроба крытыка-бібліягр. л-ры), слоўнікі (Суда). Сімяон Метафраст склаў збор візант. жыцій. У 9—12 ст. у л-ры Візантыі з’яўляюцца перадрэнесансавыя тэндэнцыі: цікавасць да складанага чалавечага характару, суб’ектыўнае светаўспрыманне, станоўчыя адносіны да антычнасці; развіваюцца свецкая паэзія (Хрыстафор Мітыленскі, Феодар Продрам), гераічны эпас («Дыгеніс Акрыт») і эратычны раман (Нікіта Яўгеніян, Яўстафій Макрэмваліт). Вядучыя пісьменнікі 11—12 ст. — Феафілакт Балгарскі, Яўстафій Салунскі, Міхаіл Ханіят, Нікіта Ханіят, Нікалай Месарыт. Вял. значэнне набыла выкрывальная л-ра (ананімныя «Філапатрыс» і «Тымарыён»). Узнікаюць новыя формы арганізацыі літ. творчасці — літ. гурткі, якія аб’ядноўваюцца вакол уплывовага мецэната. Познавізант. л-ру вызначае кампілятыўнасць, у ёй пануе багаслоўская палеміка. Распад імперыі абумовіў з’яўленне ў л-ры трагічных матываў (пісьменнікі-гуманісты Пліфан, Мануіл Хрысалор, Вісарыён Нікейскі, Феодар Метахіт). Сярод фалькл. помнікаў «Радоскія любоўныя песні» і сатыр. творы «Апавяданне для дзяцей пра чатырохногіх», «Птушкалоў». Падзенне візант. сталіцы апісана ў паэт. «Манодыі на ўзяцце Канстанцінопаля» Іаана Яўгеніка.
Архітэктура. На архітэктуру Візантыі ранняга перыяду значна ўплывала культура Б. Усходу — М.Азіі, Сірыі, Палесціны. У часы Канстанціна пачалося масавае буд-вахрысц. храмаў. У 4—5 ст. склаліся 2 іх тыпы: базіліка і цэнтрычны купальны. У 5 ст. пабудаваны новыя крапасныя сцены, шматпавярховыя дамы ў Канстанцінопалі. У 6 ст. ў час росквіту візант. мастацтва пры Юстыніяне з’явіліся Вял. палац у Канстанцінопалі (каля 528), іпадром, аркі, тэрмы, акведукі. У купальнай базіліцы найб. паслядоўна адлюстраваліся характэрныя для 6 ст. тэндэнцыі да грандыёзнасці і велічнай святочнасці (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Блізкія па асэнсаванні маст. вобраза і арганізацыі прасторы рысы ўвасобіліся ў архітэктуры царквы св. Ірыны ў Канстанцінопалі (530-я г.) — базілікі, перакрытай двума купаламі, размешчанымі па восі сярэдняга нефа. Развівалася буд-ва крыжова-купальных храмаў (царква св. Апосталаў у Канстанцінопалі). Важным цэнтрам тагачаснай архітэктуры была Равена — сталіца остгоцкай дзяржавы Тэадорыха; тут узведзены палац Тэадорыха, базіліка Сант-Апалінарэ Нуова, арыянскія цэрквы і баптыстэрыі, царква Сан-Вітале з багатым інтэр’ерам і сціплым вонкавым выглядам (547). Архітэктура 7 ст. вызначалася больш сціплымі памерамі і кампазіцыяй (царква Успення ў Нікеі). У перыяд найвышэйшага росквіту візант. мастацтва (9—12 ст.) канчаткова склаўся тып крыжова-купальнага храма: Неа («Новая») 5-купальная царква, пабудаваная Васіліем I у Канстанцінопалі (881); царква Мірэлеён (10 ст.) і інш. Пазней развіваліся варыянты гэтага тыпу. У класічным варыянце крыжова-купальнага храма купал узводзіўся пры дапамозе ветразяў на стаячых апорах: цэрквы манастыра Ліпса, Мірэлеён (10 ст.), манастыр Пантакратара (у 12 ст.) у Канстанцінопалі, царква Божай Маці ў Салоніках (1028) і інш. На тэр. Грэцыі быў пашыраны тып храма з купалам на тромпах (храм Каталікон у манастыры Хосіяс Лукас у Факідзе, 11 ст., і інш.). Царк. архітэктура 14—15 ст. у асноўным паўтарала старыя тыпы (цэрквы Фетые і Мала-Гюрані ў Канстанцінопалі, 14 ст.; царква Апосталаў у Салоніках, 1312—15). У Містры пабудаваны цэрквы з рысамі базілікі і крыжова-купальнага храма. У архітэктуры сярэднявечча выкарыстоўваліся некат. матывы італьян. дойлідства і свецкія рэнесансавыя тэндэнцыі (царква Панагіі Парыгарытысы ў Арце, каля 1295; палац Тэкфур-серай у Канстанцінопалі, 14 ст.; палац уладароў Містры, 13—15 ст., і інш.).
Выяўленчае мастацтва. Фарміравалася на аснове раннехрысц. і перадвізант. мастацтва 3—5 ст. Абсалютная перавага жывапісу над аб’ёмнай скульптурай стала характэрнай рысай мастацтва Візантыі. Арх.-пейзажны фон змяняецца абстрактна-ўрачыстым залатым; выявы становяцца плоскаснымі, прапорцыі і колеравы лад набываюць умоўны, сімвалічны характар. У шэрагу твораў заўважаліся жыццёвыя назіранні, рысы якіх увасобіліся ў мазаіках 4—6 ст.: цэрквы св. Георгія ў Салоніках (канец 4 ст.), Сан-Вітале ў Равене (каля 547), Панагіі Канакарыі на Кіпры (6 ст.). У перыяд іканаборства цэрквы ўпрыгожвалі хрысц. сімваламі і дэкар. размалёўкамі. У перыяд «македонскага рэнесансу» (9—10 ст.) завяршаецца фарміраванне іерархічнай сістэмы маст. афармлення храма: фрэскі, мазаікі, іканастас уключаліся ў цэласную кампазіцыю крыжова-купальнай пабудовы і адлюстроўвалі хрысц. мадэль сусвету (мазаікі ў саборы св. Сафіі ў Канстанцінопалі, 9—11 ст., царкве Успення ў Нікеі, 9 ст., абраз св. Панцеляймона, 10 ст.). У кніжнай мініяцюры назіраецца наследаванне ант. узорам («Парыжская псалтыр», 10 ст.). «Камнінаўскі» перыяд адметны развіццём правінцыяльных школ, яркім каларытам, віртуознасцю манеры, разнастайнасцю вобразаў: мазаікі ў манастырах Хосіяс Лукас у Факідзе, Неа Моні на в-ве Хіяс, Дафні каля Афін, саборы ў Тарчэла, фрэскі ў царкве Панагіі Кувелітысы ў Касторыі, у пячорных цэрквах Кападокіі (усе 11 — 12 ст.). Пра скульптуру 9—15 ст. даюць уяўленне рэльефныя абразы і дэкар. разьба. Развіваецца дэкар.-прыкладное мастацтва: шматколерная перагародчатая эмаль, ткацтва, вырабы з металу і слановай косці. Позні перыяд мастацтва Візантыі характарызуецца стылістычнай шматаблічнасцю правінцыйных школ, узмацненнем свецкага пачатку, адлюстраваннем гіст. і тагачасных падзей. Перыяд найвышэйшага яго ўздыму, т.зв. «палеалогаўскі рэнесанс», адметны захапленнем ант. традыцыямі, эмацыянальным багаццем вобразаў, увядзеннем элементаў пейзажу і архітэктуры ў жывапісныя кампазіцыі: мазаікі ў цэрквах манастыра Хора ў Канстанцінопалі, Апосталаў у Салоніках (пач. 14 ст.), фрэскі ў цэрквах Перыўлепта і Пантанаса ў Містры (2-я пал. 14 — 1-я пал. 15 ст.).
Музыка. Вытокі візант. музыкі ў перс., копцкай, яўр., арм. песеннасці, познагрэч. і рым. меласе. Яна аб’ядноўвала элементы сірыйскага, слав. і араб.муз. мастацтва. У літ. крыніцах ёсць звесткі пра вандроўных спевакоў-музыкантаў (гістрыёнаў, мімаў). Пры імператарскім двары гучала свецкая музыка — акламацыі (прывітальныя воклічы і вершаваныя ўслаўленні), харавыя поліхраніі (мнагалецці) і эўфеміі (святочныя акламацыі, часткі прыдворнай літургічнай службы); музыка інстр. ансамбляў (трубачоў, цымбалістаў), ігра на гідраўласе, пнеўматычным аргане. У натаваных помніках захавалася выключна культавая музыка, чыста вакальная і аднагалосая. Найб.стараж. віды культавых спеваў — літургічны рэчытатыў і псалмодыя. З 4 ст. пашырыліся трапары, якія паступова (6—7 ст.) выцеснілі псалмодыю. У 5—6 ст. пачаўся росквіт гімнатворчасці (Раман Салодкапевец). У 7—8 ст. узоры канона стваралі гімнографы Андрэй Крыцкі, Касма Маюмскі. Іаан Дамаскін, пазней Іосіф Гімнограф і інш. адыгралі вял. ролю ў фарміраванні актоіха, у якім гімны змяшаліся ў адпаведнасці з сістэмай асмагласся. З 9 ст. важнейшы цэнтр гімнатворчасці — Студыцкі манастыр у Канстанцінопалі, дзе служыў распеўшчык Феодар Студыт. З 10 ст. стаў пашыраным жанр стыхіры. Новы ўздым гімнічнага мастацтва ў 14—15 ст. звязаны з дзейнасцю Іаана Кукузеля ў Афонскім манастыры. Помнікі візант. музыкі захаваліся ў розных відах натацыі. У 8 ст. пачало складвацца неўменнае пісьмо (гл. ў арт.Нотнае пісьмо). Для пазначэння рытму, дынамікі і характару выканання існавалі хейранамічныя знакі (умоўная жэстыкуляцыя для кіравання хорам). Праблема расшыфроўкі ранневізант. натацыі поўнасцю не вырашана. Асн. прынцыпы сярэдне- і познавізант. натацыі ў 1920—30-я г. раскрылі Г.Тыльярд і Э.Велес. Візант. тэорыя музыкі была схаластычная, адарваная ад жывой практыкі, аўтары трактатаў абмяжоўваліся інтэрпрэтацыямі познаант. спадчыны.
Літ.:
Лев Диакон. История: Пер. с греч. М., 1988;
Михаил Пселл. Хронография: Пер. с греч. М., 1978;
Прокопий Кесарийский. Война с персами;
Война с вандалами;
Тайная история: Пер. с греч. М., 1993;
Комнина А. Алексиада: Пер. с греч М., 1965;
Советы и рассказы Кекавмена: Сочинение визант. полководца XI в.: Пер. с греч. М., 1972;
Робер де Клари. Завоевание Константинополя: Пер. с фр.М., 1986;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968;
Памятники византийской литературы IX—XIV вв. М., 1969;
Византийский временник. Т. 1—55. СПб.;
М., 1894—1994;
История Византии. Т. 1—З. М., 1967;
Курбатов Г.Л., Фролов Э. Д., Фроянов И.Я. Христианство: Античность. Византия. Древняя Русь. Л., 1988;
Культура Византии, IV — первая половина VII в. М., 1984;
Культура Византии, вторая половина VII—XII в. М., 1989;
Культура Византии, XIII — первая половина XV в. М., 1991;
Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988;
Липшиц Е.Э. Право и суд в Византии в IV—VIII вв. Л., 1976;
Яе ж. Законодательство и юриспруденция в Византии в IX—XI вв.: Ист.-юридич. этюды. Л., 1981;
Византийская литература. М., 1974;
Аверинцев С.С. Поэтика ранневизантийской литературы. М., 1977;
Лихачева В.Д. Искусство Византии IV—XV вв. 2 изд. Л., 1986;
Лазарев В.Н. История византийской живописи. [Кн. 1—2. 2 изд.]. М., 1986;
Банк А.В. Прикладное искусство Византии IX—XII вв.: Очерки. М., 1978;
Герцман Е.В. Византийское музыкознание. Л., 1988;
Bury J.B. A history of the later roman empire. London, 1989;
Runciman S. The Byzantine theocracy. London, 1980;
Dvornik F. Early Christian and Byzantine political philosophy. Vol. 1-2. Washington, 1967;
Да арт.Візантыя. Царква манастыра Хосіяс Лукас у Факідзе. 11 ст.Да арт.Візантыя. Царква Сан-Вітале ў Равене. Інтэр’ер. 526—547.Да арт.Візантыя. Інтэр’ер базілікі Сант-Апалінарэ Нуова ў Равене. 533— 549.
Да арт.Візантыя. Імператрыца Феадора з прыбліжанымі. Мазаіка царквы Сан-Вітале ў Равене. Фрагмент. Каля 547.Да арт.Візантыя. Давід, які іграе на ліры. Мініяцюра т.зв. «Парыжскай псалтыры». 1-я пал. 10 ст.Да арт.Візантыя. Царква Апосталаў у Салоніках. 1312—15.Да арт.Візантыя. Хрыстос. Мазаіка сабора св. Сафіі ў Канстанцінопалі. 13 ст.Да арт.Візантыя. Маці Божая Адзігітрыя. Мазаіка царквы манастыра Хора ў Канстанцінопалі. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ,
рэлігійныя войны заходнееўрап. феадалаў супраць мусульм. дзяржаў, язычнікаў, ерэтычных рухаў, прыбалт. і слав. народаў у 11—15 ст. Вяліся пад патранажам каталіцкай царквы. Былі выкліканы ростам матэрыяльных патрэб знаці ў сувязі з развіццём гарадоў і таварна-грашовых адносін у Зах. Еўропе, спрыяльнымі міжнар. абставінамі (паліт. раздробленасць мусульм. свету ў канцы 11 ст.; Візантыя перажывала вял. цяжкасці ў сувязі з нападамі сельджукаў, печанегаў, нарманаў). Іх удзельнікі, падкрэсліваючы свае рэліг. памкненні, нашывалі на адзенне крыжы (адсюль — крыжакі, крыжаносцы). У 1096—1270 адбылося 8 вял. паходаў на Усход. У 1-м К.п. (1096—99), абвешчаным рым. папам Урбанам II у 1095 на Клермонскім саборы дзеля вызвалення труны Гасподняй у Іерусаліме, удзельнічала каля 100 тыс.чал. Выступленню крыжацкага войска папярэднічаў паход незаможных сялян на чале з прапаведнікам Пятром Ам’енскім, якія былі разбіты туркамі-сельджукамі пад Нікеяй. Крыжацкія атрады пераправіліся ў М. Азію, захапілі Нікею (1097), Эдэсу (1098), Антыёхію (1098) і Іерусалім (1099), стварылі на заваяваных землях Іерусалімскае каралеўства (кароль Готфрыд Бульёнскі). Узніклі таксама духоўна-рыцарскія ордэны. Пасля захопу сельджукамі Эдэсы (1144) адбыўся 2-і К.п. (1147—49), ініцыіраваны і арганізаваны абатам Бернарам Клервоскім. Узначалілі яго франц. кароль Людовік VII і герм. імператар Конрад III. Удзельнічала каля 140 тыс. воінаў. Ням. рыцары былі разбіты мусульманамі каля Дарылея (1147). Няўдалая аблога Дамаска, дрэнная арг-цыя прывялі да правалу паходу. 3-і К.п. (1189—92) ажыццёўлены, каб адваяваць Іерусалім, захоплены ў 1187 егіп. султанам Салах-ад-дзінам. Яго ўзначалілі герм. імператар Фрыдрых I Барбароса, франц. кароль Філіп II і англ. кароль Рычард I Львінае Сэрца. Ням. войска, якое першым рушыла (1189) пасля нечаканай гібелі імператара пры пераправе цераз р. Салефа (М. Азія), было фактычна дэзарганізавана. У 1190 выступілі англічане і французы. У 1191 крыжакі авалодалі Акрай, Рычард I захапіў в-аў Кіпр, дзе было заснавана каралеўства. У 1192 Рычард I заключыў з Салах-ад-дзінам мір, паводле якога за крыжакамі засталося ўзбярэжжа ад Тыра да Яфы. 4-ы К.п. (1199—1204), арганізаваны рым. папам Інакенціем III, меў на мэце заваёву Егіпта. Аднак Венецыя, якой крыжакі завінавацілі частку сумы за прадастаўлены ім флот, дамаглася захопу хрысц. гарадоў (Задара ў Далмацыі ў 1202, Канстанцінопаля ў 1204). На захопленых землях Візант. імперыі ўзнік шэраг дзяржаў, у т. л.Лацінская імперыя. У 1212 адбыліся т.зв. дзіцячыя К.п. (сярод удзельнікаў было шмат дзяцей і падлеткаў). Большасць з іх загінула ад голаду і хвароб. У 5-м К.п. (1217—21), арганізаваным Інакенціем III супраць Егіпта, удзельнічалі франц., англ., ням. і італьян. рыцары. Яго кульмінацыяй была паўтарагадовая аблога і захоп у 1219 г. Дам’ета (Егіпет). 6-ы К.п. (1228—29) узначаліў герм. імператар Фрыдрых II Гогенштаўфен. У 1229 у Яфе падпісаны мір тэрмінам на 10 гадоў, паводле якога Іерусалім (акрамя 2 кварталаў) і некат. інш. землі (у т. л. Віфлеем і Назарэт) адыходзілі пад уладу Фрыдрыха II. У 1244 Іерусалім канчаткова заваяваны мусульманамі. У 7-м К.п. (1248—54), арганізаваным франц. каралём Людовікам IX, удзельнічала 12—25 тыс.чал. У 1249 захоплены г. Дам’ета, у лют. 1250 — крэпасць Мансура, дзе крыжакі былі абложаны і прымушаны да здачы. У палон трапіў і Людовік IX (выпушчаны ў 1250 за 200 тыс. ліўраў). 8-ы К.п. (1270), арганізаваны Людовікам IX у Туніс, спыніўся пасля яго смерці, не дасягнуўшы мэты. Неўзабаве былі страчаны апошнія ўладанні крыжаносцаў у Сірыі і Палесціне (у 1289 Трыпалі, у 1291 Акра). Пад іх уладай застаўся толькі Кіпр (да 1489). К.п. прывялі да значных чалавечых і эканам. страт як на З, так і на У, аднак яны пашырылі кантакты паміж дзвюма цывілізацыямі, далучылі зах. свет да дасягненняў араб. і інш.усх. культур. У 12—15 ст. К.п. былі накіраваны супраць славян, ліваў, эстаў, прусаў і інш. (гл.Крыжовы паход супраць славян 1147, Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.), альбігойцаў (гл.Альбігойскія войны 1209—29), у 15 ст. — супраць гусітаў (гл.Гусіцкія войны). Экспансія крыжакоў ва Усх. Еўропу (у т. л. на бел. землі) спынена ў выніку барацьбы слав. і прыбалтыйскіх народаў (гл.Лядовае пабоішча 1242, Грунвальдская бітва 1410, Трынаццацігадовая вайна 1454—66).
Літ.:
Заборов М.А. История крестовых походов в документах и материалах. М., 1977;
Яго ж. Крестоносцы на Востоке: Пер. с нем. М., 1980;
Куглер Б. История крестовых походов. Ростов н/Д, 1995.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.Крыжовыя паходы. Адбыццё войска Людовіка IX у восьмы крыжовы паход у 1270. Мініяцюра невядомага майстра 15 ст. з «Вялікіх французскіх хронік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 17—19 ст.,
войны паміж Расіяй і Турцыяй за панаванне на Чорным м. і ў раёнах, што прылягаюць да яго; працяг барацьбы Расіі супраць Асманскай імперыі і яе васала — Крымскага ханства. Вайна 1676—81 выклікана агрэсіўнымі дзеяннямі Турцыі ў 2-й пал. 17 ст. У выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1672—76 (гл.Польска-турэцкія войны 17 ст.) Турцыя захапіла Падолію і планавала падпарадкаваць Правабярэжную Украіну. Баявыя дзеянні праходзілі з пераменным поспехам і завяршыліся Бахчысарайскім перамір’ем 1681. Вайна 1686—1700 пачалася ў выніку далучэння Расіі ў 1686 да антытурэцкай «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Рэч Паспалітая, Венецыя). У 1687 і 1689 рас. армія ажыццявіла Крымскія, у 1695—96 Азоўскія паходы. У сувязі з падрыхтоўкай Расіі да вайны супраць Швецыі і заключэннем інш. дзяржавамі на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 міру з Турцыяй рас. ўрад таксама заключыў з ёю Канстанцінопальскі мірны дагавор 1700, паводле якога ч. ўзбярэжжа Азоўскага м. і г. Азоў адышлі да Расіі. Вайна 1710—13 адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21. Турцыя запатрабавала вярнуць Азоў. Пруцкі паход 1711 скончыўся няўдачай для Расіі (страчаны Азоў з прылеглымі раёнамі). Вайна 1735—39 з’явілася вынікам рас.-тур. супярэчнасцей, якія абвастрыліся ў сувязі з рус.-польск. вайной 1733—35 (гл.Польская спадчына). Зачэпкай да ваен. дзеянняў паслужылі набегі крымскіх татар на ўкр. землі і паход крымскага хана на Каўказ. Рас. армія двойчы (май—чэрв. 1736 і май 1737) уваходзіла ў Крым, але адступала з-за эпідэмій і недахопу харчавання. У 1737 на баку Расіі выступіла Аўстрыя, аднак яе войскі пацярпелі шэраг паражэнняў і ў вер. 1739 Аўстрыя заключыла сепаратны мір. Рас. войскі занялі Хацін і Ясы, але пагроза нападу Швецыі прымусіла заключыць з Турцыяй Бялградскі мірны дагавор 1739, паводле якога Расія зноў вярнула сабе Азоў. Вайна 1768—74 была працягам барацьбы Расіі за выхад да Чорнага м. Асманская імперыя імкнулася пашырыць свае ўладанні на Каўказе і Прычарнамор’і і захапіць Астрахань; яна выступала таксама супраць узмацнення рас. ўплыву ў Польшчы, дзе ў 1764 каралеўскі пасад заняў стаўленік Расіі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Зачэпкай да вайны паслужыла адхіленне Расіяй тур. ультыматуму аб вывадзе рас. войск з Польшчы, дзе яны з 1768 вялі ваен. дзеянні супраць Барскай канфедэрацыі. У гэтай вайне больш удала дзейнічалі рас. армія і флот, поспехі якіх прымусілі Турцыю заключыць Кючук-Кайнарджыйскі мір 1774, паводле якога Расія атрымала Кінбурн, Керч, Енікале — выхад да Чорнага м.Вайна 1787—91 абвешчана Турцыяй у адказ на далучэнне да Расіі Крыма і пераход пад яе апеку Грузіі (гл.Георгіеўскі трактат 1783). З 1788 на баку Расіі ваявала Аўстрыя.
Летам 1789 саюзнікі нанеслі тур. войскам шэраг паражэнняў. У снеж. 1790 рас. войскі занялі Ізмаіл, у 1791 — Анапу, у 1791 перамогу пад Каліякрыяй атрымаў рас. флот. Яскі мірны дагавор 1791 пацвердзіў далучэнне да Расіі Крыма, устанавіў рас.-тур. мяжу па Днястры. Вайну 1806—12 ініцыіравала Турцыя, якая пры падтрымцы Напалеона I імкнулася аднавіць панаванне на Чорным м. У ліст. 1806 рас. войскі занялі Бесарабію, Малдову, Валахію. У снеж. 1806 Турцыя абвясціла вайну Расіі. Перамір’е паміж Турцыяй і Расіяй, заключанае ў жн. 1807, доўжылася да сак. 1809, пасля якога рас. войскі атрымалі шэраг буйных перамог. Гэта прымусіла Турцыю заключыць Бухарэсцкі мірны дагавор 1812, які пацвердзіў далучэнне да Расіі Бесарабіі і Зах. Грузіі. Вайна 1828—29 адбылася ў выніку абвастрэння барацьбы еўрап. дзяржаў за падзел уладанняў Асманскай імперыі, яна актывізавалася ў сувязі з грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыяй 1821—29. Саюзны флот Расіі, Англіі і Францыі ў Наварынскай бітве 1827 разграміў тур. флот. Турцыя абвясціла «свяшчэнную вайну» супраць Расіі. У 1828 рас. войскі занялі Валахію і Малдову, крэпасці на Каўказе Ахалцых, Поці, Баязет; у 1829 перайшлі Балканы, занялі Адрыянопаль і выйшлі на подступы да Стамбула. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 да Расіі адышло каўказскае ўзбярэжжа Чорнага м. (да Батумі) і раён Ахалцыха; Грэцыя атрымала незалежнасць, а Сербія, Малдова і Валахія — аўтаномію. Вайна 1853—56, гл.Крымская вайна 1853—56. Вайна 1877—78 выклікана ўздымам нац.-вызв. руху на Балканах і абвастрэннем міжнар. адносін на Б. Усходзе (гл.Герцагавінска-Баснійскае паўстанне 1875—78, Красавіцкае паўстанне 1876). Імкнучыся аднавіць страчанае ў Крымскай вайне 1853—56 пануючае становішча на Балканах, Расія пад лозунгам «абароны братоў-славян» выступіла супраць Турцыі. На баку Расіі змагаліся рум. войскі і балг. апалчэнцы, Сербія і Чарнагорыя. Летам 1877 рас. армія фарсіравала Дунай, атрад І.У.Гуркі (гл. ў арт.Гуркі) перайшоў Балканы. Пасля гераічнай абароны Шыпкі ў жн. 1877 рас. войскі да студз. 1878 занялі Плеўну, Сафію, узялі ў палон тур. армію (30 тыс.чал.) у раёне Шыпка—Шэйнава і падышлі да Стамбула. На Каўказе рас. армія заняла Карс і выйшла да Эрзурума. У гэтай вайне актыўна ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. 54-ы пях. Мінскі полк адзін з першых фарсіраваў Дунай, вызваліў г. Свіштоў, вызначыўся пад Шыпкай і Шыпкай—Шэйнава. З шэрагу гарадоў Беларусі накіроўваліся добраахвотнікі. Нац.-вызв. рух слав. народаў падтрымалі і бел. рэвалюцыянеры-эмігранты, у т. л. М.К.Судзілоўскі. На карысць балгар і на падтрымку рас. арміі збіралі грошы. Паводле Сан-Стэфанскага міру 1878 (абмежаваны Берлінскім кангрэсам 1878) да Расіі далучаны паўд. Бесарабія, Карс і Батум з акругамі; Румынія, Сербія, Чарнагорыя атрымалі незалежнасць; Балгарыя абвешчана аўтаномным княствам; Боснія і Герцагавіна атрымалі аўтаномію ў межах Турэцкай імперыі. У гонар перамогі на вайск. могілках у Мінску пабудаваны храм-помнік — Мінская царква Аляксандра Неўскага. Ген. М.Дз.Скобелеў выбраны ганаровым грамадзянінам Мінска.
У час Р.-т.в. 17—19 ст. вызначыліся рас. палкаводцы і флатаводцы: Б.К.Мініх, П.А.Румянцаў, Р.А.Пацёмкін, А.В.Сувораў, М.І.Кутузаў, П.І.Баграціён, Ф.Ф.Ушакоў, П.С.Нахімаў і інш.
Літ.:
Смирнов Н.А. Россия и Турция в XVI—XVII вв. Т. 1. М. 1946;
Петров А.Н. Война России с Турцией и польскими конфедератами, 1769—1874. Т. 1—5. СПб., 1866—74;
Яго ж. Вторая турецкая война в царствование императрицы Екатерины II, 1787—1791 Т. 1—2. СПб., 1880;
Яго ж. Война России с Турцией, 1806—1812. Т. 1—3. СПб., 1885—87;
Мегрелидзе Ш.В. Закавказье в русско-турецкой войне 1877—1878 гг. Тбилиси, 1972;
100-летие освобождения Болгарии от османского ига, 1878—1978. М., 1978;
Морской атлас. Т. 3, ч. 1. [М.]. 1958;
Мельцер Д.Б. Из истории белорусско-болгарских связей // Вопросы истории БССР. Мн., 1969. Вып. 37;
Широкорад А.Б. Русско-турецкие войны, 1676—1918 гг.Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭЧНЯ́, Чэчэнская Рэспубліка (саманазва Ічкерыя). Размешчана на Пдеўрап.ч.Рас. Федэрацыі, на Паўн. Каўказе. Пл. 15,7 тыс.км².
Нас. 609,5 тыс.чал. (2001), гарадскога 26%. Сярэдняя шчыльнасць 38,8 чал. на 1 км². Жывуць чэчэнцы, рускія, інгушы і інш. Сталіца — г.Грозны.
Прырода. Займае цэнтр.ч.паўн. схілаў Вял. Каўказа (выш. да 4493 м, г. Тэбуласмта) і прылеглыя да яе Чэчэнскую раўніну і Церска-Кумскую нізіну. Карысныя выкапні: нафта, газ, мінер.буд. матэрыялы. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -3 °C на Церска-Кумскай нізіне да -12 °C у гарах, ліп. адпаведна 25 і 21 °C. Ападкаў 300—1000 мм за год. Гал. рэкі — Церак і Сунжа з прытокам Аргун. Глебы на раўніне каштанавыя, светла-каштанавыя і чарназёмныя, у гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць на Церска-Кумскай нізіне палынна-салянкавая, на Чэчэнскай раўніне стэпавая і лесастэпавая, у гарах да 1600—2000 м шыракалістыя лясы (пераважна букавыя), вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. У складзе жывёльнага свету ў гарах каменная і лясная куніцы, буры мядзведзь, дзік, казуля, воўк, лясны кот, з птушак — чорнагаловы грыф, каменная курапатка, каўказскі цецярук, у стэпах і лесастэпах шмат грызуноў, з птушак — дзікія качкі, драфа, гусі, у далінах рэк — каўказскі фазан.
Гісторыя. Першыя звесткі аб чэчэнцах (саманазва нахчый) у арм. крыніцах 7 ст.н.э.Асн. іх заняткамі былі горная жывёлагадоўля і земляробства. У 10 ст. на тэр. Ч. з Грузіі пашырылася хрысціянства, у 16 ст. з Дагестана пачаў пашырацца іслам, які з 18 ст. стаў у Ч. пануючай рэлігіяй. У час Персідскага паходу 1722—23рас. войскі ўпершыню сустрэліся з плямёнамі нахчый каля аула Чэчэн, і з таго часу ў Расіі народ нахчый сталі паз. чэчэнцамі, а яго зямлю — Ч. Да 20 ст. тут захаваўся стараж. падзел на роды (тайпы) і звычай кроўнай помсты. Рас.імперыя шляхам ваен. экспедыцый і пабудовы крэпасцей імкнулася заваяваць чэчэнцаў і выцесніць іх з урадлівых раўнін (засялялі казакамі) у горы. У Каўказскую вайну 1817—64 горная Ч. была ядром дзяржавы Шаміля. Пасля яго капітуляцыі (1859) Ч. ў складзе Церскай вобл. У 1859—65 каля 22 тыс. чэчэнцаў перасяліліся ў Турцыю. У канцы 19 — пач. 20 ст. сельская гаспадарка станавілася таварнай, развівалася нафтаздабыча, пракладваліся чыгункі, крэпасць Грозная вырасла ў буйны эканам. цэнтр г. Грозны. Сав. ўлада ў Ч. ўстаноўлена ў студз.—сак. 1918, канчаткова — у сак. 1920. З 20.1.1921 Ч. ў складзе Горскай АССР, з якой 30.11.1922 вылучана Чэчэнская аўт.вобл. У студз. 1934 утворана Чэчэна-Інгушская аўт.вобл., 5.12.1936 — Чэчэна-Інгушская АССР (ЧІАССР) са сталіцай у г. Грозны. У вер. 1942 — студз. 1943 невял. ч. ЧІАССР акупіравана ням.-фаш. войскамі. У 1944 рэспубліка скасавана, чэчэнцы і інгушы (459 486 чал.) выселены ва ўсх. раёны СССР за «антысавецкія выступленні» і «супрацоўніцтва з немцамі». У 1944—57 большасць тэр. Ч. ў складзе Грозненскай вобл., паўд.-ўсх. раёны — Дагестана. 9.1.1957 ЧІАССР адноўлена, чэчэнцы і інгушы вернуты на месцы ранейшага жыхарства. З 2-й пал. 1980-х г. актывізаваўся рух за незалежнасць Ч. 27.11.1990 Вярх. Савет ЧІАССР абвясціў яе дзярж. суверэнітэт; створаны каардынацыйны орган чэчэнскага нац. руху — Выканком чэчэнскага нац. з’езда (з чэрв. 1991 — Агульнанац. кангрэс чэч. народа — АКЧН) на чале з ген.-маёрам Сав. Арміі Дж.Дудаевым 3.9.1991 АКЧН зверг Вярх. Савет ЧІАССР. 27.10.1991 прэзідэнтам рэспублікі выбраны Дудаеў, які 2 ліст. абвясціў незалежную Чэч. Рэспубліку (Ічкерыю). Гэтыя акты не прызнала Рас. Федэрацыя. У снеж. 1991 утварылася асобная ад Ч. Інгушская Рэспубліка. Пасля безвыніковых перагавораў рас. ўрад 26.11.1994 увёў у Ч. войскі для «навядзення канстытуцыйнага парадку». Быў сфарміраваны ўрад Ч. на чале з Д.Заўгаевым. Сепаратысты адышлі ў горы і разгарнулі дыверсійную вайну, у ходзе якой 22.4.1996 рас. вайскоўцамі забіты Дудаеў. У жн. 1996 атрады сепаратыстаў захапілі Грозны і неўзабаве, паводле пагаднення ў г. Хасав’юрт, рас. войскі пакінулі Ч. У студз. 1997 прэзідэнтам рэспублікі выбраны А.Масхадаў. 12.5.1997 ён падпісаў з рас. урадам мірны дагавор, паводле якога вызначэнне паліт. статусу Ч. адкладалася да 2000. Да канца 1990-х г. у Ч. аформіўся звязаны з міжнар.тэрарыст. групоўкамі моцна мілітарызаваны ісламскі паліт. рэжым вахабісцкага кшталту, які імкнуўся экспартаваць мусульм.паліт. экстрэмізм у суседнія рэспублікі Рас. Федэрацыі. У жн.—вер. 1999 рас. войскі адбілі ўварванне вахабітаў з Ч. ў Дагестан і ў канцы 1999 — пач. 2000, пасля працяглых баёў, зноў занялі Ч. Сепаратысты на чале з Масхадавым перайшлі да тэрарыст. метадаў барацьбы. З дапамогай федэральнага цэнтра часовая адміністрацыя на чале з А.Кадыравым пачала аднаўляць разбураную за часы баёў эканоміку рэспублікі. Намаганні ўрада Расіі па ўсталяванні міру ў Ч. падтрымлівае міжнар. супольнасць, якая разглядае дзейнасць чэчэнскіх сепаратыстаў як адну з праяў міжнар.тэрарызму. У сак. 2003 на рэферэндуме больш за 90% яго ўдзельнікаў прагаласавала за прыняцце канстытуцыі Ч., якая замацавала яе аўт. статус у складзе Рас. Федэрацыі. У кастр. 2003 паводле новай канстытуцыі прэзідэнтам Ч. абраны А.Кадыраў.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці — нафтаздабыўная, нафтаперапр. і нафтахімічная. Ч. панесла вял. страты ад ваен. дзеянняў, у выніку чаго значна знізіўся ўзровень эканам. развіцця. Здабыча нафты (у т. л. газавы кандэнсат) у 2000 склала 72,8 тыс.т, газу — 118 млн.м³. Вытв-сць электраэнергіі 117 млн.кВт∙гадз. (1998) пераважна на ЦЭЦ. Машынабудаванне (нафтавае абсталяванне, мед. інструменты і інш.), харч., лясная і дрэваапр., лёгкая, вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент і інш.). Маст. промыслы (разьба па дрэве, апрацоўка металу, дыванаткацтва). Пладаводства. Вінаградарства. Пасяўныя пл. ў 1993 займалі 330,8 тыс.га, у т. л. пад збожжавымі культурамі (пшаніца, кукуруза, рыс) 46,2%, тэхн. (сланечнік, цукр. буракі) 5,8%, бульбай і агароднінай 4,7%, кармавымі культурамі 43,3%. Збор (тыс.т., 1993) збожжа — 213,4, бульбы — 36, агародніны — 49,2. Гадуюць танкарунных авечак, коз, буйн. раг. жывёлу (244,7 тыс. галоў, 1993), свіней (7,3 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Шаўкаводства. Даўж. чыгункі 304 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 3057 км (2000). Гал. чыгунка Растоў-на-Доне—Баку, аўтадарогі Грозны—Уладзікаўказ, Грозны—Махачкала. Нафтаправоды Грозны—Туапсэ, Грозны—Махачкала, газаправод Грозны—Уладзікаўказ і інш.
Літаратура чэчэнскага народа развіваецца з пач. 20 ст. ў цеснай узаемасувязі з інгушскай л-рай (гл. ў арт.Інгушэція). Заснавальнік чэчэнскай л-ры — С.Бадуеў (аўтар першых аповесці «Голад» і рамана «Петымат», абодва 1930). Складальнік чэчэнскага алфавіта (на аснове лац. графікі) — Х.Ашаеў (аўтар нарысаў, п’ес, гіст.-рэв. тэтралогіі «Палымяныя гады», 1957—64). Асн. тэмы твораў пісьменнікаў — гіст. мінулае народа, грамадз. і Вял.Айч. войны, жыццё вёскі, духоўнае аблічча сучасніка і інш. Сярод паэтаў Р.Ахматава, М. і А. Мамакаевы, Н.Музаеў, М.Сулаеў, празаікаў і драматургаў А.Айдаміраў, С.Арсанаў, У.Гайсултанаў, М.Мусаеў, А.Хамідаў. На бел. мову перакладзены асобныя творы М.Мамакаева, Ахматавай, М.Шамсуддзінава. Сярод перакладчыкаў Р.Баравікова, М.Маляўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯ́НЕ,
найбуйнейшая ў Еўропе група народаў, аб’яднаная блізкасцю моў і агульнасцю паходжання. Размаўляюць на мовах слав. групы (гл.Славянскія мовы) індаеўрапейскіх моў. Падзяляюцца на 3 групы: усходнія (беларусы, рускія, украінцы), заходнія (палякі, чэхі, славакі, лужычане) і паўднёвыя (балгары, сербы, славенцы, харваты, чарнагорцы, баснійцы-мусульмане, македонцы). Складаюць асн. частку насельніцтва Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Чэхіі, Югаславіі; жывуць і ў Германіі. Агульная колькасць слав. народаў — каля 300 млн.чал. (сярэдзіна 1990-х г.).
Гісторыю стараж. С. вывучаюць паводле археал., антрапалагічных, лінгвістычных і этнаграфічных даных, звестак стараж.-грэчаскіх, рымскіх і візантыйскіх гісторыкаў (Пліній Старэйшы, Тацыт, Пталамей, Іардан, Пракопій і інш.), раннесярэдневяковых летапісаў і хронік. Найб. старажытныя гіст. звесткі пра С., вядомых тады пад імем венедаў, адносяцца да 1—2 ст.н.э. З сярэдзіны 6 ст. найменне «С.» неаднаразова сустракаецца ў працах Пракопія, Іардана і інш. Этнонім «С.» выводзяць ад «слова» (г. зн. «славяне» — «тыя, хто разумее словы, мову», у адрозненне ад «нямых» — немцаў).
Звесткі мовазнаўства, у т. л. гідранімікі, звязваюць стараж. С. з шырокай вобласцю Цэнтр. і Усх. Еўропы, ад Эльбы і Одэра на З, у басейне Віслы, у Верхнім Паднястроўі і да Сярэдняга Падняпроўя на У. Паўн. іх суседзямі былі германцы і балты, якія разам са С. складалі паўн. групу індаеўрапейскіх плямён; усх. суседзямі — зах.-іранскія плямёны (скіфы, сарматы), паўднёвымі — фракійцы і ілірыйцы, заходнімі — кельты. Пытанне пра найстаражытнейшую «прарадзіму» С. застаецца дыскусійным.
Паводле меркавання многіх археолагаў, стараж. С., таксама як і германцы і балты, былі нашчадкамі жывёлагадоўча-земляробчых плямён шнуравой керамікі культуры, што на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. з Паўн. Прычарнамор’я і Прыкарпацця рассяліліся па Цэнтр., Паўн. і Усх. Еўропе. У наступныя часы даследчыкі прасочваюць С. сярод носьбітаў некалькіх генетычна звязаных археал. культур, у т. л. тшцінецкай культуры (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), пашыранай паміж Віслай і Сярэднім Дняпром, лужыцкай культуры (15—4 ст. да н.э.) і паморскай культуры (7—2 ст. да н.э.) на тэр. Польшчы, зах. раёнаў Беларусі і Украіны. Некаторыя археолагі лічаць праславянамі носьбітаў чарналескай культуры (10—7 ст. да н.э.) у Падняпроўі, неўраў і скіфаў-земляробаў (паводле Герадота). Існуе меркаванне пра сувязь са С. мілаградскай культуры (7—3 ст. да н.э.) і зарубінецкай культуры, якая існавала з канца 1-га тыс. да н.э. на Прыпяці і ў Сярэднім Падняпроўі; яе пераемніцу кіеўскую культуру (2—5 ст.н.э.) звязваюць з продкамі ўсх. славян.
У 2—4 ст.н.э. ў выніку руху на Пд германскіх плямён (готаў, гепідаў) цэласнасць тэрыторыі С. парушана, што, верагодна, паўплывала на адасабленне заходніх і ўсходніх С. У 3—4 ст. у Сярэднім Падняпроўі і Паўн. Прычарнамор’і жылі плямёны, якія пакінулі чарняхоўскую культуру; мяркуецца, што ў яе складзе быў слав. элемент. Бясспрэчна славянскай была пражская культура, якая ў 5—7 ст. займала вялізную тэр. паміж Дняпром, Прыпяццю, Эльбай і Дунаем.
У канцы 5 ст., пасля падзення дзяржавы гунаў, пачалося прасоўванне С. на Пд (да Дуная, у Паўн.-Зах. Прычарнамор’е) і іх уварванне ў балканскія правінцыі Візантыйскай імперыі (гл.Візантыя). Тады плямёны С. падзяляліся на 2 групы — антаў (урываліся на Балканскі п-аў праз нізоўі Дуная, носьбіты пянькоўскай культуры) і склавінаў (нападалі на візантыйскія правінцыі з Пн і ПнЗ, носьбіты пражскай культуры). У 2-й пал. 1-га тыс. С. занялі Верхняе Падняпроўе і яго паўн. перыферыю, што раней належалі ўсх. балтам і фіна-угорскім плямёнам, а таксама землі на ніжняй Эльбе і паўд.-зах. узбярэжжы Балтыйскага мора (палабскія С.) і ператварыліся ў буйнейшую этнічную групу Еўропы. У 3-й чвэрці 1-га тыс.слав. элементы прасочваюцца ў банцараўскай культуры, калочынскай культуры, доўгіх курганах і інш. помніках лясной зоны Усх. Еўропы. С. распадаліся на асобныя племянныя групоўкі: ужо ў 6 ст. вядомы дулебы, пазней у «Аповесці мінулых гадоў» названы паляне, севяране, драўляне, улічы, ціверцы, харваты, бужане, валыняне, дрыгавічы, крывічы, радзімічы, вяцічы і інш.
У выніку рассялення С. іх этнічная і моўная супольнасць паступова разбуралася, што прывяло да ўтварэння 3 слав. груповак — заходняй, усходняй і паўднёвай. З распадам родавага ладу і ўзнікненнем старажытнейшых слав. дзяржаў (Першае Балгарскае царства, дзяржава Сама, Вялікамараўская дзяржава, Карантанія, Кіеўская Русь і інш.) у канцы 1-га тыс. пачалі фарміравацца сярэдневяковыя слав. народнасці: палякі і чэхі, крыху пазней — славакі (зах. С.), славенцы, сербы, харваты і балгары (паўд. С.). Ва ўсх. С. ішоў працэс фарміравання стараж.-рус. народнасці. У наступныя стагоддзі тэр. рассялення С. зведала істотныя змены. Мадзьярскія (венгерскія) плямёны, якія ў канцы 9 ст. прасунуліся ў даліну сярэдняга Дуная, адрэзалі зах. С. ад паўднёвых, пры гэтым частка слав. насельніцтва Паноніі асімілявана венграмі. Тэрыторыя зах. С. скарачалася пад націскам немцаў, якія знішчылі або асімілявалі амаль усіх палабскіх і паморскіх С. (акрамя лужычан і кашубаў); палякі на Пн былі ў значнай меры адрэзаны ад Балтыйскага мора, а на Пд, дзе немцы пранікалі ў Сілезію, апынуліся адмежаванымі ад чэхаў. Немцы занялі і частку чэшскіх зямель. Скарацілася і тэрыторыя паўд. С. Большая іх частка на Пелапанескім п-ве асімілявана грэкамі. Ішоў працэс асіміляцыі аўстрыйцамі карынтыйскіх славенцаў. З 9—10 ст. сярод С. пачало распаўсюджвацца хрысціянства. Браты Кірыла і Мяфодзій распрацавалі літургію на слав. мове, азбуку (глаголіцу), зрабілі пераклад некаторых рэліг. кніг. У большасці паўд. С. і на Русі зацвердзілася хрысціянства ўсх. абраду, у астатніх С. — заходняга. У 10—11 ст. аформіліся раннефеадальныя манархіі ў палякаў, чэхаў, харватаў, у 12 ст. — у сербаў. У 12—13 ст. этнічнае і паліт. развіццё С. затарможана і нават перапынена знешнімі фактарамі: мангола-татарскім нашэсцем на Русь, нападамі візантыйцаў і венграў на балканскіх С. (ужо ў 1-й пал. 11 ст. яны падпарадкавалі славакаў, у канцы 11 ст. — харватаў). У 2-й пал. 14 ст. пачалося наступленне туркаў, якія занялі тэрыторыю балгар і сербаў, прымусілі частку сербаў перасяліцца з т. зв. Старой Сербіі на Пн у вобласць Ваяводзіна. Частка балканскіх С. прыняла мусульманства.
У 1348 у Празе заснаваны першы на слав. землях ун-т. Каля 1470 у г. Пльзень (Чэхія) надрукавана 1-я кніга на чэшскай мове. 1-я кніга глагалічнага шрыфту надрукавана каля 1483 (як мяркуюць, у г. Косцін, Харватыя), кірылічнага шрыфту — у 1491 у Кракаве. Ва ўсх. С. 1-ю кнігу выдаў Ф.Скарына ў Празе ў 1517. Заняцце ў 1526 Габсбургамі трона ў Празе вярнула Чэхію пад нямецкі ўплыў, краіна зноў увайшла ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі».
Ва ўсх. С. у 13 ст. ў выніку мангола-татарскага нашэсця многія паўд. і паўд.-ўсх. вобласці абязлюдзелі. Зах.дзярж. ўтварэнні (княствы) усх. С. з 13—14 ст. аб’яднаны ў складзе Вялікага княства Літоўскага (з 1569 у складзе Рэчы Паспалітай). У ходзе барацьбы з Залатой Ардой і татарскімі ханствамі, што ўзніклі пасля яе распаду, у выніку ўзмацнення Маскоўскага вялікага княства з 15 ст. аднавілася засяленне С. паўд.-ўсх. абласцей. У гэты час актывізаваўся і працэс фарміравання ўсх.-слав. народнасцей — беларусаў, рускіх, украінцаў. Пасля заваявання ў 16 ст. Казанскага і Астраханскага ханстваў рускія пашырылі тэрыторыю свайго рассялення, прасунуліся ў Паволжа, Прыуралле і далей — у Сібір. Украінцы пасля вызвалення іх зямель ад татара-манголаў, асабліва пасля падзення Крымскага ханства (канец 18 ст.) засялялі прычарнаморскія стэпы і разам з рускімі — стэпавыя і перадгорныя раёны Паўн. Каўказа. Этнічная тэрыторыя беларусаў пашыралася ў паўн.-зах. напрамку за кошт асіміляцыі літоўскага насельніцтва. Ператварэнню Расіі ў магутную еўрапейскую дзяржаву садзейнічала імперская палітыка Пятра I [1682—1725] і Кацярыны II [1762—95]. У выніку заняпаду Рэчы Паспалітай яе землі ў 1772—95 былі захоплены і падзелены паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. На мяжы 18—19 ст. адзінай незалежнай слав. дзяржавай засталася Расійская імперыя. Слав. народы знаходзіліся пад нямецкай (Прусія, Аўстрыя), турэцкай і рас. уладай. Адраджэнне ў 19 ст.нац. самасвядомасці слав. народаў і ідэі іх моўна-культурнай супольнасці, якую прапагандавалі гал.ч. чэхі і славакі (Я.Колар і інш.), а таксама ажыўленне нац.-вызв. рухаў на Балканах спрабавала выкарыстаць рас. самадзяржаўе, якое высунула лозунг аб’яднання пад сваёй уладай усіх С. Розныя падыходы ў дачыненні да шляхоў нац. і паліт. вызвалення заняволеных слав. народаў сфарміравалі мноства ідэйна-паліт. кірункаў, якія разам з ідэяй слав. агульнасці (гл.Панславізм) прапаноўвалі таксама ідэі лаялізму ў адносінах да дзяржаў-захопнікаў. Пытанне пра слав. вызваленне было ў цэнтры ўвагі Слав. з’езда ў Празе ў 1848. На працягу 19 ст. ў выніку нац. паўстанняў, падтрыманых Расіяй, паліт. незалежнасць здабылі балканскія народы: чарнагорцы (1796, поўны суверэнітэт з 1878), сербы (1804—29, поўны суверэнітэт з 1878), балгары (1878—1906). Нац. прыгнёт і цяжкае эканам. становішча слав. народаў у канцы 19 — пач. 20 ст. выклікалі моцную іх эміграцыю ў інш. краіны Еўропы (напр., у Францыю) і за акіян (гал.ч. у ЗША і Канаду). Агульная колькасць слав. народаў на пач. 20 ст. складала каля 150 млн.чал., у т. л. рускіх — больш за 65 млн., украінцаў — каля 31 млн., беларусаў — каля 7 млн., палякаў — больш за 19 млн., чэхаў — больш за 7 млн., славакаў — больш за 2,5 млн., сербаў і харватаў — больш за 9 млн., балгар — 5,5 млн., славенцаў — 1,5 млн.Асн. маса слав. насельніцтва знаходзілася ў Рас. імперыі — 107,5 млн.чал., у Аўстра-Венгрыі — каля 25 млн.чал., Германіі — больш за 4 млн., у краінах Амерыкі — больш за 3 млн. чал.
Пераломнымі момантамі для С. былі Лют. і Кастр. рэвалюцыі ў Расіі (1917), крах Германскай імперыі і Аўстра-Венгрыі (1918), у выніку якіх незалежнасць здабылі Польшча і народы, што знаходзіліся пад уладай Аўстра-Венгрыі — чэхі, славакі, харваты, славенцы. Утварыліся шматнацыянальныя слав. дзяржавы — Чэхаславакія, Югаславія, а таксама СССР. У 1939 адбылося ўз’яднанне ўсіх бел. і ўкр. зямель, пасля 2-й сусв. вайны — аднаўленне спрадвечнай этнічнай тэрыторыі палякаў і чэхаў. У канцы 20 ст. ў выніку распаду СССР, ЧССР і СФРЮ утварыліся новыя незалежныя слав. дзяржавы, і цяпер усе буйнейшыя слав. народы (у якіх насельніцтва больш за 1 млн.чал.) маюць уласную дзяржаўнасць.
Літ.:
Свод древнейших письменных известий о славянах. Т. 1—2. М., 1991—95;
Славянские древности: Этнолингвистич. словарь: В 5 т. Т. 1—2 М., 1995—99;
Седов В.В. Славяне в древности. М., 1994;
Яго ж. Славяне в раннем средневековье. М., 1995;
Славянское движение XIX—XX вв.: съезды, конгрессы, совещания, манифесты, обращения. М., 1998;
Славянская идея: история и современность. М., 1998;
Słownik starożytności słowiańskich: Encyklopedyczny zarys kultury Słowian od czasów najdawniejszych do schyłku wieku XII. T. 1—7. Wrocław etc., 1961—82;
Łowmiański H. Początki Polski. T. 1—6. Warszawa, 1963—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРЫЯ (Österreich), Аўстрыйская Рэспубліка (Republic Österreich),
дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на Пн з ФРГ і Чэхіяй, на У з Славакіяй і Венгрыяй, на Пд з Славеніяй і Італіяй, на З з Швейцарыяй і Ліхтэнштэйнам. Пл. 83,8 тыс.км², нас. 8 млн.чал. (1994). Афіц. Мова — нямецкая. Сталіца — г.Вена. Складаецца з 9 федэратыўных адзінак — зямель: Бургенланд, Карынтыя, Ніжняя Аўстрыя, Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Штырыя, Ціроль, Форарльберг, да зямлі прыраўнаваны г. Вена. Нац. свята — гадавіна прыняцця закону аб нейтралітэце (26 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле федэральнага канстытуцыйнага закону 1920 у рэдакцыі 1929 Аўстрыя — дэмакр. парламентарная і федэратыўная рэспубліка. На чале дзяржавы — федэральны прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы орган заканад. улады — парламент, які складаецца з 2 палат: Нац. савета (183 дэпутаты, выбіраюцца на 4 гады) і Федэральнага савета (63, прызначаюцца ландтагамі — парламентамі зямель). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з федэральным канцлерам, якога прызначае прэзідэнт. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю.
Прырода. Аўстрыя — пераважна горная краіна. 70% тэрыторыі займаюць Усх. Альпы, 10% — ускраінныя ўзвышшы Чэшскага масіву (на Пн ад Дуная), 20% — узгорыстыя і раўнінныя мясцовасці (на ПнУ і У). Найб. вышынёй і расчлянёнасцю вылучаюцца Альпы на З краіны, дзе ў масіве Высокі Таўэрн найвыш. пункт г. Гросглокнер (3797 м). Снегавая лінія на выш. 2500—2800 м, ёсць ледавікі. З перавалаў найважнейшы Брэнер (1371 м) на З краіны, праз які (у тунэлях) праходзяць чыгунка і шаша з ФРГ у Італію. Карысныя выкапні: магнезіт, графіт, вальфрамавая руда, невял. запасы нафты, прыроднага газу, бурага вугалю, жал., свінцова-цынкавай і меднай рудаў і інш. Мінеральныя крыніцы. Клімат раўнін і перадгор’яў умераны (сярэдняя т-растудз. ад -1 да -5 °C, ліп. 17—19 °C). Ападкаў 600—1000 мм, у гарах да 1500—2000 мм за год. Амаль усе рэкі Аўстрыі (Ін, Зальцах, Энс, Драва, Марава і інш.) належаць бас. Дуная (даўж. ў межах Аўстрыі 350 км). Вял. азёры Бодэнскае, Нойзідлер-Зе. Пад лясамі каля 40% краіны. На схілах гор да ўзроўню 600 м сады і вінаграднікі, да 2000—2200 м лясы (дуб, бук, елка, піхта, лістоўніца), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі.
Насельніцтва. Каля 97% — аўстрыйцы. Ёсць славенцы, харваты, чэхі, венгры, яўрэі. Паводле веравызнання больш за 90% католікаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 95 чал. на 1 км², ва ўсх.ч. — каля 200 чал. на 1 км², у горных раёнах — каля 15—20 чал. на 1 км². З агульнай колькасці насельніцтва, занятага ў нар. гаспадарцы (каля 3,4 млн.чал. у 1990), у прам-сці і на буд-ве 37%, у сельскай і лясной гаспадарках 8%, у гандлі і на транспарце 24%; астатнія пераважна ў сферы абслугоўвання. У гарадах жыве больш за 2/3 насельніцтва. Буйнейшыя гарады (тыс.ж., 1991): Вена (1600), Грац (232,2), Лінц (203), Зальцбург (144), Інсбрук (115).
Гісторыя. Чалавек на тэр. Аўстрыі жыве з эпохі палеаліту. У апошнія стагоддзі да нашай эры тут пераважалі кельцкія плямёны. З канца 1 ст. да нашай эры да 5 ст. нашай эры тэр. Аўстрыі ў складзе Рымскай імперыі. З пач. 6 ст. ў прыдунайскай і прыальпійскай абласцях (сучасныя Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Паўн. і Паўд. Ціроль) пасяляліся бавары, на У краіны ў час існавання там Аварскага каганата (гл.Авары) — славяне (славенцы). Пасля ўключэння баварскіх уладанняў у склад Франкскай дзяржавы і разгрому авараў Карл Вялікі стварыў на тэр. сучаснай Ніжняй Аўстрыі пагранічную вобласць (марку) і назваў яе Аварскай. У 9 ст. яна трапіла пад уладу венграў. Пасля іх паражэння ў 955 на р. Лех (каля сучаснага г. Аўгсбург у ФРГ) ад войска герм. караля Атона I была адноўлена як Усходняя марка. У 996 яна ўпершыню названа Аўстрыяй (Ostarrîchi — Усходняя імперыя). У 976 створана герцагства Карынтыя, ад яго ў 1180 аддзялілася герцагства Штырыя, у 13 ст. ўтварылася графства Ціроль. Годам заснавання Аўстр. дзяржавы лічыцца 1156, калі баварская Усх. марка (Ніжняя Аўстрыя) стала самаст. герцагствам. Першымі правіцелямі Аўстрыі былі Бабенбергі (976—1246), якія далучылі тэр. сучаснай Верхняй Аўстрыі (12—13 ст.) і Штырыі (1192). Пасля спынення дынастыі Бабенбергаў іх уладанні трапілі да чэш. караля Атакара II Пшэмысла, у 1278 іх заваяваў Рудольф I Габсбург (з 1273 герм. кароль). З 1282 герцагствы Аўстрыя і Штырыя сталі леннымі ўладаннямі сыноў Рудольфа. Пазней Габсбургі (правілі ў Аўстрыі да 1918) набылі Карынтыю і Крайну (1335), Ціроль (1363), Унутр. Істрыю (1374), Трыест (1382), Герц (1500). З 1453 Аўстрыя — эрцгерцагства. У 1438—1806 землі Аўстрыі былі цэнтрам «Свяшчэннай Рымскай імперыі» на чале з Габсбургамі. У выніку дынастычных шлюбаў Максіміляна I і яго сына Філіпа Прыгожага Габсбургі набылі ўладу над Нідэрландамі і Іспаніяй разам з яе калоніямі, у 1526 атрымалі ў спадчыну землі венг. і чэш. карон. Унук Максіміляна Карл V (з 1519 імператар) зрабіў наследнікам аўстр. уладанняў свайго малодшага брата Фердынанда (з 1556 імператар), які стаў заснавальнікам аўстр. лініі Габсбургаў. У 16—18 ст.цэнтр. праблема знешняй палітыкі Аўстрыі — барацьба з Асманскай імперыяй (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.). Шырокі водгук у Аўстрыі мела Рэфармацыя: імператар Максімілян II (1564—76) даў аўстр. дваранам свабоду веравызнання. Аднак пры Рудольфе II (1576—1612) краіна стала апорай каталіцызму і Контррэфармацыі ў Цэнтр. Еўропе. Антыпратэстанцкая палітыка Габсбургаў у Чэхіі прывяла да Трыццацігадовай вайны 1618—48 і паслаблення пратэстантызму. Вестфальскі мір 1648 захаваў пазіцыі Габсбургаў у Аўстрыі, якая стала пераважна каталіцкай дзяржавай. У 1687 аўстр. Габсбургі атрымалі ў спадчыну венг. карону і стварылі аўстра-венг. «падвойную манархію». У выніку вайны за іспанскую спадчыну 1701—14 імператар Карл VI далучыў да Аўстрыі ісп. ўладанні ў Нідэрландах і Італіі. Пасля яго смерці (1740) актуальнасць набыло пытанне пра аўстрыйскую спадчыну, паколькі не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, а супраць перадачы кароны дачцэ Карла VI Марыі Тэрэзіі выступілі Прусія, Баварыя, Саксонія, Францыя і Іспанія. У выніку вайны 1740—48 Аўстрыя страціла Сілезію і землі ў Італіі (Парма, П’ячэнца). На троне Аўстрыі замацавалася Марыя Тэрэзія, якая рэфармавала дзярж. кіраванне ў чэш. і аўстр. спадчынных землях. Яе сын Іосіф II (1780—90) скасаваў прыгон, секулярызаваў уласнасць царквы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай да Аўстрыі адышлі Галіцыя (1772) і Букавіна (1795). У канцы 18 — пач. 19 ст. Аўстрыя (з 1804 Аўстр.імперыя) удзельнічала ў войнах з рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыяй, у стварэнні Свяшчэннага Саюза 1815. Нявырашаныя сац. і нац. праблемы ўнутры краіны выклікалі рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі. Пасля яе паражэння аўстр. ўлады правялі ў 1850-я г. шэраг рэформаў, у т. л. аграрную. Саперніцтва з Прусіяй за гегемонію ў Германіі скончылася паражэннем Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866. У 1867 Аўстр.імперыя пераўтворана ў двухадзіную манархію Аўстра-Венгрыю. З распадам Аўстра-Венгрыі і адрачэннем ад трона імператара Карла I дэпутаты ад ням. партый Аўстрыі 21.10.1918 канстытуіраваліся ў Часовы Нац. сход краіны і 12.11.1918 абвясцілі «Нямецкую Аўстрыю» часткай Герм. рэспублікі. З гэтага часу да сак. 1938 існавала Першая Аўстрыйская Рэспубліка. Пад націскам дзяржаў — пераможцаў у 1-й сусв. вайне аўстр. дэлегацыя на чале з канцлерам К.Рэнерам вымушана была прыняць цяжкія ўмовы Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919: адмовіцца ад Паўд. Ціроля і зямель у Судэцкай вобл., прызнаць новыя дзяржавы (Чэхаславакію, Польшчу, Венгрыю і Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў), адмовіцца ад аншлюса, выплаціць высокія рэпарацыі за развязванне вайны і прычыненыя страты. У пасляваен. час Аўстрыя эканамічна аслабла. Пры канцлеры І.Сейпелу (з 1921) эканам. заняпад спынены. Пад гарантыі Лігі нацый Аўстрыя атрымала ад Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Чэхаславакіі вялізныя пазыкі. Дзякуючы знешняй палітыцы канцлера І.Шобера (1929—30) Аўстрыя дамаглася адмены ўсіх рэпарацыйных абавязацельстваў, палепшыла адносіны з Італіяй і Венгрыяй. Але беспрацоўе, працяглыя парламенцкія крызісы, правал у 1931 мытнага саюзу з Германіяй і інш. сталі прычынай уступлення часткі грамадзян Аўстрыі ў Саюз франтавікоў і Хаймвер. У процівагу ім левыя сілы ўзмацнілі «Шуцбунд». Канцлер Э.Дольфус забараніў дзейнасць у Аўстрыі нацыянал-сацыялістаў і іх паўваен. арг-цый. У лют. 1934 «Шуцбунд» (таксама забаронены) падняў паўстанне, якое задушылі Хаймвер і ўрадавыя войскі. У ліп. 1934 адбыўся няўдалы путч аўстр. фашыстаў, у час якога забіты Дольфус. Новы канцлер К.Шушніг пад націскам Гітлера і яго прыхільнікаў у Аўстрыі вымушаны быў перадаць уладу А.Зейс-Інкварту, які даў згоду на аншлюс. 12.3.1938 герм. войскі акупіравалі Аўстрыю, і яна абвешчана адной з зямель Германіі пад назвай «Усходняя марка». У 1939—45 у складзе ням.-фаш. войскаў знаходзілася больш за 1,5 млн. аўстрыйцаў, на тэр. Аўстрыі дзейнічала больш за 600 ваен. прадпрыемстваў, існаваў канцлагер Маўтгаўзен. 13.4.1945 сав. Войскі вызвалілі Вену (святкуецца як дзень незалежнасці Аўстрыі), да пач. мая 1945 уся тэр. Аўстрыі занята войскамі антыгітлераўскай кааліцыі. Пытанне пра аднаўленне незалежнай Аўстрыі вырашана на падставе Маскоўскай дэкларацыі саюзнікаў ад 1.11.1943. Новаўтвораны ўсепартыйны ўрад К.Рэнера 27.4.1945 абвясціў незалежнасць Другой Аўстрыйскай Рэспублікі. У 1946 і 1953 саюзныя дзяржавы (СССР, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя) добраахвотна змякчылі акупац. рэжым у Аўстрыі.
На першых пасляваен. выбарах у Нац. савет краіны (восень 1945) перамаглі Аўстр.нар. партыя (АНП) і сацыял-дэмакраты. З 1951 прэзідэнт Аўстрыі выбіраецца ўсенародна. Унутр. палітыка пасляваен. Аўстрыі была скіравана на аднаўленне эканомікі. Нацыяналізаваны энергетыка і горная прамысловасць. Дапамога паводле Маршала плана, паспяховая барацьба з інфляцыяй, дзярж. інвестыцыі і інш. спрыялі эканам. росту краіны. Поўны дзярж. суверэнітэт Аўстрыі замацаваны Дзярж. дагаворам ад 15.5.1955 паміж СССР, ЗША, Францыяй, Вялікабрытаніяй і Аўстрыяй. Нейтралітэт краіны зафіксаваны законам ад 26.10.1955. Да 1966 аўстр. ўрады фарміраваліся з кааліцыі АНП і сацыял-дэмакратаў, пасля — папераменна. На пач. 1980-х г. у Аўстрыі назіраўся эканам. спад. У 1986 створаны ўрад вял. кааліцыі на чале з Ф.Враніцкім, які пасля выбараў 1990 захаваў і пасаду федэральнага канцлера. У маі 1992 федэральным прэзідэнтам Аўстрыі выбраны Т.Клесціль. Аўстрыя — член ААН (з 1955) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы: Сацыял-дэмакр. партыя Аўстрыі (засн. ў 1991), Аўстр.нар. партыя (засн. ў 1945), Аўстр. партыя свабоды (засн. ў 1955), партыя «Зялёная альтэрнатыва» (засн. ў 1987), Аўстр. аб’яднанне прафсаюзаў (створана ў 1945).
Гаспадарка. Аўстрыя належыць да найб. развітых краін Еўропы. У апошнія гады яе эканоміка развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю прамысловасці прыпадае каля 30%, буд-ва — каля 7, сельскай і лясной гаспадарак — каля 3, транспарту і сувязі — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — 38%. Горназдабыўная прамысловасць базіруецца на невялікіх, але разнастайных рэсурсах карысных выкапняў. Здабыча жал. руды, магнезіту, бурага вугалю, графіту, свінцова-цынкавай і вальфрамавай рудаў, каменнай солі. Здабыча нафты складае 1,2 млн.т (1991). Дзейнічае нафтаперапр.з-д (Швехат), дзе перапрацоўваюць айч. і імпартную (з краін Б.Усходу) нафту, якая паступае па нафтаправодзе з Трыеста (Італія). Аўстрыя ўвозіць каменны і буры вугаль, прыродны газ.Вытв-сць электраэнергіі складае 49,5 млрд.кВт∙гадз (1992), большую палавіну яе даюць ГЭС у горных раёнах (найб. на рэках Ін, Зальцах, Дунай). Каля Вены працуе АЭС. Частка электраэнергіі экспартуецца ў ФРГ, Італію, Швейцарыю. Вытв-сць чыгуну 3,5 млн.т, сталі 4,3 млн.т, пракату 3,7 млн.т (1991; асн. цэнтры Лінц і Леобен). Значная ч. чорных металаў ідзе на экспарт, легіравальныя металы і кокс імпартуюцца. Важнае значэнне мае вытв-сць алюмінію (Рансгофен). У невял. аб’ёмах выплаўляюць медзь і свінец. Машынабудаванне сканцэнтравана пераважна ў Вене, Грацы, Лінцы, Штайры. Вырабляецца абсталяванне для лёгкай і харч. прамысловасці, электраэнергетыкі, хатняй гаспадаркі. Развіты трансп. машынабудаванне і галіны ляснога комплексу (нарыхтоўка драўніны, вытв-сць цэлюлозы, паперы і кардону). Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (0,3 млн.т у 1991), хім. валокнаў і нітак (200 тыс.т), сінт. смолаў і пластмасаў (920 тыс.т); буйнейшыя цэнтры — Лінц (азотныя ўгнаенні), Ленцынг (штучныя валокны, віскозны шоўк). На Пд ад Вены і на З краіны прадпрыемствы тэкст. (170 млн.м² тканін у 1990), гарбарна-абутковай (17,2 млн. пар абутку ў 1991), швейнай шкляной прам-сці. Сельская гаспадарка. Аўстрыя амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў большасці відаў с.-г. прадукцыі, па асобных відах мае значныя экспартныя лішкі. С.-г. землі займаюць каля палавіны тэр. Аўстрыі, з іх каля 40% ворыва, 38 лугі і пашы, 22% альпійскія лугі. Асноўныя вытворцы таварнай прадукцыі — фермы памерам больш як па 100 га, пераважна ў даліне Дуная і на У. Больш за 2/3 прадукцыі дае жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн.гал., 1991): буйн. раг. жывёлы 2,5, свіней 3,6. Развіта птушкагадоўля. Земляробства характарызуецца спалучэннем паляводства, агародніцтва, садоўніцтва, вінаградарства. У пасевах пераважаюць збожжавыя (пшаніца, жыта, кукуруза), кармавыя, бульба і тэхн. культуры, у т. л.цукр. буракі. Збор (млн.т, 1990): пшаніцы 1,4, бульбы 0,9, цукр. буракоў 2,8. Большая ч. пасяўных плошчаў, садоў і вінаграднікаў ва ўсх.ч. краіны, асн.ч. лугоў і пашы ў зах. горных раёнах. Транспарт. У агульным грузаабароце асн. роля належыць чыг. транспарту. Даўж.чыг. сеткі 6350 км (1990), з іх большая палавіна электрыфікавана. Гал.чыг. вузлы — Вена, Лінц, Інсбрук. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 107 тыс.км (1989). У Аўстрыі больш за 3 млн. легкавых і 250 тыс. грузавых аўтамашын. Суднаходства па Дунаі і ніжніх участках яго прытокаў. Агульная даўж. суднаходных водных шляхоў каля 1,7 тыс.км. Аўстрыя — вузел паветр. шляхоў паміж У і З, Пн і Пд Еўропы. Буйнейшы з 9 міжнар. аэрапортаў — Швехат каля Вены. Замежны турызм (зімовы і летні, каля 15 млн.чал. штогод) — адна з найб. прыбытковых галін эканомікі (штогадовыя паступленні больш за 160 млрд. шылінгаў). Аўстрыя гандлюе больш як са 150 краінамі свету. Каля 65% экспарту і 68% імпарту прыпадае на краіны — члены Еўрап. супольніцтва, каля 10% экспарту і 7% імпарту — на Еўрап. аб’яднанне свабоднага гандлю. Асн.гандл. партнёры — ФРГ (каля 40%), Італія і Швейцарыя; доля краін СНД — каля 2%. Беларусь экспартуе ў Аўстрыю нафтапрадукты, азотныя ўгнаенні, халадзільнікі, трактары; імпартуе з Аўстрыі цукар, збожжа, гербіцыды, легкавыя аўтамабілі і аўтобусы, вылічальныя машыны, мед. прылады і інструменты, абутак і інш. На Беларусі заснавана 36 сумесных бел.-аўстр. прадпрыемстваў (1993). Грашовая адзінка Аўстрыі — аўстрыйскі шылінг.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухапутных войскаў і ВПС. Узначальвае ген. інспектар (прафесійны вайсковец), які падпарадкоўваецца міністру нац. абароны (цывільная асоба, прадстаўнік кіруючай партыі). У ваен. час вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Ва ўзбр. сілах 44 тыс.чал. (1991). Сухапутных войскаў 38 тыс.чал., у т. л. сіл пастаяннай баявой гатоўнасці 15 тыс.чал. На ўзбраенні танкі, артылерыя, стралк. зброя і інш. У ВПС 6 тыс.чал.; на ўзбраенні баявыя і трансп. самалёты, верталёты. Камплектуюцца ўзбр. сілы на аснове воінскай павіннасці (прызыўны ўзрост 18 гадоў) і па найме (узрост 17 гадоў). Тэрмін вайск. службы для прызыўнікоў 6 месяцаў, для рэзервістаў 60 дзён. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміі і шэрагу ваен. школ; радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях і падраздзяленнях.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя падпарадкавана мін-ву аховы здароўя і навакольнага асяроддзя, у якое ўваходзяць 14 ведамстваў, адказных за сан.-эпідэміял. стан краіны і кантроль за лек. прэпаратамі. Страхавы фонд, што ствараецца з адлічэнняў работадаўцаў, аплачвае выдаткі па мед. дапамозе насельніцтву і знаходжанне ў шпіталі. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 6,7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстрыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, 8-гадовыя нар.агульнаадук. школы абавязковага навучання 1-й і старэйшай (гал. школы) ступеняў, сярэднія агульнаадук. павышаныя школы 3 тыпаў (гімназіі, рэальныя гімназіі, жаночыя эканам. рэальныя гімназіі), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ. Навучанне ў нар. школах сумеснае, у гімназіях — раздзельнае. Існуюць прыватныя школы, пераважна канфесійныя (каталіцкія). У 1985/86 навуч.г. ў Аўстрыі: 3,6 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (175 тыс. дзяцей); 4,9 тыс. школ, у т. л. 3,4 тыс. 1-й ступені (341,9 тыс. вучняў), 1218 гал. школ (285, 5 тыс. вучняў), 316 павышаных школ (170 тыс. навучэнцаў); 30 ВНУ (160,9 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты ў Вене (з 1365), Грацы (з 1585), Зальцбургу (з 1622, адноўлены ў 1962), Інсбруку (з 1669), вет.-мед.ун-т у Вене (з 1767), тэхн. ун-ты ў Грацы (з 1811) і Вене (з 1815) і інш. Акадэмія выяўл. мастацтваў у Вене (з 1692), ін-ты сусв. гандлю, с.-г. ў Вене, сац.-эканам. навук у Лінцы. Найбольшыя б-кі: Нацыянальная ў Вене, універсітэцкія ў Вене, Грацы, Інсбруку. Музеі: Аўстр. галерэя; збор карцін Акадэміі выяўл. мастацтваў; Мастацка-гістарычны; Гістарычны ў Вене; музеі Л.Бетховена, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстрыйскай АН (з 1847), ва ун-тах, даследчых цэнтрах, навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстрыі каля 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Neue Kronen Zeitung» («Новая каралеўская газета», з 1900), «Kurier» («Кур’ер», з 1954), «Die Presse» («Прэса», з 1848). Агенцтвы друку: Аўстрыя Прэсэ Агентур (АПА, з 1946), Католішэ Прэсэ Агентур (КАТПРЭС, з 1946). Радыё дзейнічае з 1924, тэлебачанне — з 1954. У 1960 створана Эстэррайхішэр Рундфунк унд Фэрнзэер (ОРФ), якая з 1974 мае статус грамадскага радыё і тэлебачання. ОРФ мае федэральную структуру. Яе дзейнасцю кіруе савет, куды ўваходзяць прадстаўнікі гал.Паліт. партый, урада, грамадскасці і Цэнтр. рады супрацоўнікаў ОРФ. Радыё ОРФ трансліруе 3 агульнанац., 9 мясц. праграм, праграму для іншаземцаў (на англ. і франц. мовах) і для замежжа (на англ., ням., ісп. і эсперанта мовах). Тэлебачанне ОРФ (з 1969 каляровае) вядзе перадачы па 2 агульнанац. праграмах; з 1959 дзейнічае кабельнае тэлебачанне. Аўстрыя належыць да тэлекамунікацыйнай спадарожнікавай сістэмы ІНТЭЛЬСАТ, супрацоўнічае з міжнар. арг-цыяй ІНТЭРСПАДАРОЖНІК, удзельнічае ў стварэнні праграмы спадарожнікавага тэлебачання 3САТ.
Літаратура. У 11—12 ст. у манастырах развівалася духоўная л-ра на лац. мове. У 12—13 ст. у Аўстрыі створаны агульнагерм. помнікі гераічнага эпасу («Песня пра Нібелунгаў», «Плач пра Нібелунгаў», «Дзітрых Бернскі», «Кудрун»), развіваліся мінезанг (гл.Мінезінгеры) і прыдворная рыцарская паэзія (У. фон Ліхтэнштайн). Рэакцыяй на рыцарскую л-ру стала «прыдворная вясковая паэзія» (Н. фон Роенталь). Уздым гарадоў у 13 ст. выклікаў з’яўленне бюргерскай л-ры, скіраванай супраць феадалаў, рыцараў, духавенства (Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Г.Тэйхнер і інш.). Выразнікам ідэй Адраджэння ў аўстр. л-ры стаў паэт, драматург і гісторык К.Цэльтыс. З 16 ст.л-ра пад уплывам рэакц. палітыкі Габсбургаў і каталіцкай царквы. У канцы 16 — пач. 17 ст. яна стала вылучацца з агульнагерм. рэчышча, набываць нац. рысы. Адметную афарбоўку мела ў Аўстрыі культура барока, якая прадвызначыла развіццё л-ры па шляху сінтэзу каталіцызму і асветніцкага рацыяналізму: «Запіскі аб маскоўскіх справах» З.Герберштэйна, пропаведзі і духоўна-дыдактычныя творы Абрахама а Санкта-Клара, містэрыі і міраклі «тэатра езуітаў», камедыі І.А.Страніцкага і інш. У творах 2-й пал. 18 ст. адчуваецца ўплыў ідэй франц. і ням. Асветніцтва (журналісты І.Рыхтэр і І.Пецль, паэт А.Блумаўэр). Буйнейшыя прадстаўнікі рамантызму ў л-ры 1-й пал. 19 ст. — Ф.Грыльпарцэр (пачынальнік самабытнай аўстр. л-ры), Н.Ленаў з яго цягай да бідэрмеера («камернага» рэалізму). Бідэрмеер расквітнеў у венскім нар. т-ры (драматургія Ф.Раймунда і І.Н.Нестрая). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму (творы Нестрая, А.Штыфтэра, Л.Анцэнгрубера). У творчасці Ф. фон Заара, П.Розегера, М. фон Эбнер-Эшэнбах, Л.Захер-Мазаха і інш. проціборствуюць рэаліст. і натуралістычныя тэндэнцыі. На мяжы 19—20 ст. узніклі разнастайныя літ.-эстэт. канцэпцыі і кірункі. На развіццё л-ры уплывалі махізм, фрэйдызм, неапазітывізм, фенаменалогія Э.Гусерля, «дыялектычная фізіягноміка» Р.Каснера, «містычны іудаізм» М.Бубера, ідэалогія сіянізму Т.Херцля. Тэарэтыкам мадэрнісцкіх плыняў стаў пісьменнік і крытык Г.Бар. У канцы 19 ст. на літ. арэну выйшаў імпрэсіянізм (П.Альтэнберг). Пераадольваючы неарамант. дэкаданс і эстэтызм, у рэаліст. кірунку развівалася творчасць прадстаўнікоў венскай школы мадэрну (Г. фон Гофмансталь, А.Шніцлер, Альтэнберг). Вяршыня нямецкамоўнай і еўрап. лірыкі пач. 20 ст. — паэзія Р.М.Рыльке. У рэчышчы экспрэсіянізму працавалі Г.Тракль, Ф.Верфель. З пазіцый класічна-нарматыўнага рэалізму палеміку з экспрэсіяністамі вёў сатырык К.Краўс, выдавец апазіцыйнага час. «Die Fackel» («Факел», 1899—1936). У перыяд паміж сусв. войнамі развівалася творчасць Ф.Кафкі, С.Цвэйга, Верфеля, Р.Музіля, Г.Броха, І.Рота, Х. фон Додэрэра, Э. фон Хорвата і інш. Распад Аўстра-Венгрыі, успрыняты імі як трагедыя, спрыяў пошуку новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, глыбокаму пранікненню ў сутнасць грамадскіх адносін. У перыяд далучэння Аўстрыі да гітлераўскай Германіі многія пісьменнікі эмігрыравалі (Цвэйг, Рот, Музіль, Брох). У пасляваен. час найб. значныя дасягненні звязаны з творчасцю паэтаў філас. складу П.Цэлана і І.Бахман. Пасля «Новай хвалі» і ўспышкі неаавангардызму ў 1970-я г.аўстр. літаратары вярнуліся да рэаліст. прыёмаў (Т.Бернхард, П.Хандке, Б.Фрышмут). З гуманіст. пазіцый выступілі Г.Айзенрайх, Ф.Каін, К.Буста.
На бел. мове выйшлі асобнымі выданнямі: «Санеты Арфею» (1982) Рыльке, «Зірні ў паток» (1991) Ленаў, «Пякучая таямніца» (1994) Цвэйга. У бел. перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы В. фон дэр Фогельвайдэ, Рыльке, Ленаў, Тракля, В.Томана, Верфеля, Т.Крамера, Ф.Хабека, Кафкі, Цвэйга і інш. На бел. мову іх перакладалі В.Сёмуха, М.Навіцкі, А.Зарыцкі, М.Танк, Л.Баршчэўскі, У.Чапега.
Архітэктура. У ант. перыяд тут будавалі крэпасці рым. гарнізонаў з форумам у цэнтры, акведукамі, тэатрамі, храмамі, тэрмамі. У сярэднявеччы напачатку панаваў раманскі стыль (базілікі ў Гурку і Зекаў, 11—13 ст.), потым гатычны (сабор св. Стэфана, 1340—1435, царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ ў Вене і замак Рабенштайн у Ціролі, 12 ст.). У эпоху Адраджэння вызначальнымі тыпамі пабудоў былі бюргерскія дамы і муніцыпальныя будынкі, упрыгожаныя рэнесансавым дэкорам і кампазіцыямі ў тэхніцы сграфіта. У гарадах ствараліся рыначныя плошчы з ратушай, вежай з гадзіннікам і званамі. У эпоху барока (17—18 ст.) вакол Вены будаваліся палацы, якія разам з рэгулярнымі садамі стваралі адкрытыя ансамблі; асабліва вылучаюцца Бельведэр (арх. І.Л.Гільдэбрант) і пабудовы І.Б.Фішэра фон Эрлаха. Велічныя палацы, манастыры і цэрквы пабудаваны ў правінцыяльных гарадах (Зальцбург, Мельк і інш.). У 2-й пал. 18 ст. архітэктары Аўстрыі пераймалі прынцыпы франц. класіцызму (паркавыя збудаванні «Гларыета» ў Шонбруне). У 1850—80-я г. ў Вене на месцы крапасных валоў і ўздоўж іх пабудавана шырокая кальцавая магістраль Рынгштрасэ са шматкватэрнымі жылымі дамамі, дамамі палацавага тыпу, грамадскімі будынкамі. Параднасць т.зв. «стылю Рынгштрасэ» паўплывала на ўсталяванне эклектызму ў еўрап. архітэктуры. З канца 19 ст. супраць засілля эклектызму выступілі прадстаўнікі венскага мадэрну, якія ўваходзілі ў аб’яднанне «Венскі Сецэсіён» (І.Ольбрых, О.Вагнер, І.Гофман) і стварылі свой варыянт стылю мадэрн. Адмаўленне ад дэкар. празмернасці мадэрну, імкненне да геам. прастаты і яснасці аб’ёмаў найб. выявілася ў творчасці арх. А.Лоза. Для архітэктуры 1920—30-х г. характэрны рацыянальная планіроўка жылых масіваў, рабочых пасёлкаў, грамадскіх будынкаў (Ф.Шустэр, І.Франк), нац. рамантыка (К.Гольцмайстэр). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюць дасягненні «Сецэсіёна», прыёмы і метады функцыяналізму, што вядзе да стварэння унікальных арх. аб’ектаў (гар. зала універсальнага прызначэння Штатгале ў Вене і інш.).
Выяўленчае мастацтва. На тэр. Аўстрыі выяўлены шматлікія помнікі мастацтва палеаліту і неаліту (у т. л. «Венера з Вілендорфа»), керамічныя і бронзавыя вырабы часоў гальштацкай культуры, узоры мастацтва кельтаў, рымскай эпохі (1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры). Вядомы фрэскавыя цыклы ў Зальцбургу, рукапісы, упрыгожаныя мініяцюрамі («Евангелле Бертольда», каля 1050). У скульптуры доўга захоўвалася арнаментальна-плоскасная трактоўка фігур. У гатычнай скульптуры і станковым жывапісе ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. У статуях сабора св. Стэфана ў Вене (каля 1375—90) прыкметнае ўздзеянне мастацтва кола П.Парлера. З 15 ст. выяўляюцца рысы Адраджэння (творы скульпт. Я.Кашаўэра, жывапісца Р.Фруаўфа Старэйшага, асабліва М.Пахера). У 16 ст. пабольшала цікавасць да быт. сюжэта, партрэта, пейзажа, вылучаліся работы майстроў дунайскай школы. Міжнар. прызнанне атрымала мастацтва эпохі барока (17—18 ст.), яго вяршыня — творчасць жывапісца Ф.А.Маўльберча, скульптараў Б.Пермазера, Г.Р.Донера, Ф.К.Месершміта. Для рамантызму 19 ст. характэрна цікавасць да дэталяў побыту, імкненне да непасрэднасці і лірычнасці (І.А.Кох). Гэтыя рысы развіты прадстаўнікамі бідэрмеера (М. фон Швінд, Ф.Вальдмюлер і інш.). З канца 19 ст. цэнтрам новых плыняў у выяўл. мастацтве стаў «Сецэсіён». Яго вядучы прадстаўнік Г.Клімт стварыў поўны вытанчанай фантазіі венскі варыянт стылю мадэрн. На пач. 20 ст. сфарміравалася прасякнутая фантастыкай і містыкай творчасць А.Кубіна. Гал. прадстаўнік экспрэсіянізму — О.Какошка. У 2-й пал. 20 ст. побач з абстракцыянізмам (скульпт. Ф.Вотруба), т.зв. венскім неасюррэалізмам (жывапісец Э.Фукс) і інш. мадэрнісцкімі плынямі развіваюцца традыцыі рэалізму (творы І.Добраўскі, кола О.Файля і інш.).
Музыка. Да пач. нашай эры на тэр. Аўстрыі асноўнай была культура кельтаў. У 1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры пашырыўся эліністычны ўплыў. Да канца 19 ст.аўстр. музыка развівалася па шляху аб’яднання многіх нац. традыцый (аўстр., славенскай, харвацкай, сербскай, мараўскай, чэш., венг., цыганскай, рум., укр., ням., італьян. і інш.). Найб.стараж. формамі аўстр. фальклору з’яўляюцца імітацыйныя песні-іодлі горцаў-пастухоў, рэчытатыўныя песні-прытчы (т.зв. шпрухі). У 19 ст. пашыраны нар. песні і танцы, харавое і інстр. музіцыраванне.
У 8—12 ст. цэнтрамі прафес., у асноўным царк., муз. культуры былі манастыры і храмы, дзе існавалі школы пеўчых і арганістаў. У 12—14 ст. са свецкай муз.-паэт. культуры шпільманаў і вагантаў сфарміраваліся прыдворная капэла і цэх гар. музыкантаў, узнікла прыдворнае мастацтва мінезінгераў. Муз. мастацтва эпохі Адраджэння (14—16 ст.) развівалася пераважна ў прыдворным асяроддзі: засн. Венская прыдворная капэла (1498), муз. капэлы ў Зальцбургу, Інсбруку, Грацы; актывізавалася нотадрукаванне (Вена, Зальцбург, Грац); склаўся і пласт гар.быт. музыкі. У 17 ст. пачалося станаўленне аўстр.т-ра. У 1620 адкрыты т-р у Венскім калегіуме езуітаў, муз.-драм. пастаноўкі якога папярэднічалі оперным спектаклям у Гельбруне і т-ры бенедыкцінскага ун-та ў Зальцбургу. Пад уплывам італьян. музыкі ў сярэдзіне 17 ст. ў Вене створана італьян. прыдворная трупа. У 1708 адкрыты прыдворны т-р, у якім разам з італьян. выступалі і аўстр. спевакі, ставіліся аўстр. оперы. У творчасці аўстр. кампазітараў барока (Г.І.Ф.Бібер і Г.Муфат) упершыню выявілася нац. спецыфіка. У сярэдзіне 18 ст. пашыранымі сталі арыстакратычныя хатнія т-ры і капэлы, канцэртныя аб’яднанні. Муз. цэнтрам Вены стаў «Бургтэатр» (1741). З 1712 у «Кернтнертортэатры» (засн. ў 1709) ставіліся спектаклі венскай муз. камедыі і нац. камічнай оперы — аўстр. зінгшпіля, вяршыня якога — «Чароўная флейта» (1791) В.А.Моцарта. У сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. ў Вене працавалі прадстаўнікі ранняй венскай (Муфат, Г.К.Вагензайль, М.Мон) і венскай класічнай школы (І.Гайдн, Моцарт, Л.Бетховен, блізкі да іх К.В.Глюк), якія зацвердзілі класічныя формы сімфоніі, уверцюры, санаты, канцэрта, квартэта і інш.Вял. значэнне для рэфармавання опернага жанру мелі оперы Моцарта («Вяселле Фігера», 1786; «Дон Жуан», 1787), Глюка і Гайдна. «Рэквіем» і меса c-moll Моцарта — кульмінацыя развіцця традыцый аўстр. духоўнай музыкі. У 19 ст. традыцыі венскай класічнай школы прадаўжалі кампазітары-рамантыкі, у т. л. Ф.Шуберт, І.Брамс, А.Брукнер, Г.Малер. У творчасці сям’і Штраусаў і І.Ланера зацвердзілася танцавальная музыка, пераважна венскі вальс, і інш.быт. жанры. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. склалася венская аперэта. Яе класічныя ўзоры — «Цудоўная Галатэя» (1865) Ф.Зупе, «Лятучая мыш» (1874) І.Штрауса-сына, «Сільва» (1915) І.Кальмана. Другім муз. цэнтрам Аўстрыі ў сярэдзіне 19 ст. стаў Зальцбург, дзе ў 1841 адкрыты міжнар. цэнтр моцартазнаўства Моцартэум. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры Аўстрыі зрабілі Малер і Р.Штраус, пад кіраўніцтвам якіх у Венскай прыдворнай оперы (з 1918 Венская дзярж. опера) адбыліся прэм’еры многіх значных сучасных опер. У 1922 у Зальцбургу засн.Міжнар.т-ва сучаснай музыкі. Новая венская школа зрабіла моцны ўплыў на развіццё сусв.муз. мастацтва. Яе прадстаўнікі А.Шонберг, А.Берг, А.Веберн распрацоўвалі новыя маст.-эстэт. і тэхніка-кампазіцыйныя прынцыпы (дадэкафонія, серыяльнасць і інш.). Музыка Аўстрыі 20 ст. ўключае розныя кірункі, у т. л. неакласіцызм (Э.Тытэль, А.Уль), неафалькларызм (В.Келер), авангардызм (Э.Кшэнек), творчасць паслядоўнікаў новай венскай школы (Э.Велес, Г.Э.Апостэль, Г.Елінек), аўтараў аперэт (Р.Штольц, Н.Досталь), опер (Г.Айнем). Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Бём, Г.Караян; піяністы П.Бадура-Скода, Ф.Гульда, І.Дэмус; спевакі Х.Гюдэн, А.Дэрмота, І.Зефрыд, К.Людвіг, Э.Шварцкопф. У Вене працуюць Венская дзярж. опера (з 1918), т-р «Фольксопер» (з 1898), Венскі філарманічны аркестр (з 1842), муз. выд-вы, т-вы, Саюз кампазітараў (з 1913), Акадэміі музыкі і сцэнічнага мастацтва ў Вене (з 1817), Грацы (з 1963), Зальцбургу (з 1914), кансерваторыі ў Клагенфурце (з 1931) і Вене (з 1938). У буйных гарадах праводзяцца міжнар.муз. конкурсы і фестывалі.
Тэатр. Станаўленне нац.т-ра ў Аўстрыі пачалося ў 16 ст., калі вандроўныя трупы акцёраў-імправізатараў паказвалі сцэнкі з нар. жыцця, гал. герой якіх — камічны персанаж Гансвурст. У 17—18 ст. у Вене існавалі прыдворны т-р і школьны т-р езуітаў. У 1628 пабудаваны т-р у Інсбруку, пазней — у Грацы, Лінцы, Зальцбургу, Бадэне. У 1712 акцёр і драматург І.А.Страніцкі стварыў у Вене пастаянны нар.т-р, у 1741 адкрыты «Бургтэатр», дзейнасць акцёраў і рэжысёраў якога грунтавалася на рэаліст. традыцыях нац.тэатр. мастацтва (у 19 ст. — С.Шродэр, М.Корн, Г.Аншуц, К.Фіхтнер, І.Шрэйфогель, Г.Лаўбе, А.Зоненталь, І.Левінскі, Ш.Вольтэр, Ф.Дзінгельштэт, у 20 ст. — І.Кайнц, Р.Аслан, Э.Бальзер, К.Дорш і інш.). У канцы 18 — пач. 20 ст. ў прадмесцях Вены працавалі дэмакр. т-ры, якія працягвалі традыцыі нар.т-ра, а іх акцёры-драматургі Ф.Раймунд і І.Н.Нестрай стварылі своеасаблівы жанр нац. камедыі. У рэпертуары т-раў 19 — пач. 20 ст. пераважалі п’есы аўстр. драматургаў Ф.Грыльпарцэра, Л.Анцэнгрубера, Г.Гофмансталя, А.Шніцлера, ставіліся і класічныя замежныя творы. У 1920—30-я г. асаблівую вядомасць набыў «Іозефштаттэатр» (засн. ў 1778), якім у 1924—38 кіраваў М.Райнгарт. Пасля 2-й сусв. вайны аднавілі дзейнасць нац. т-ры, у т. л. «Бургтэатр» і «Фольксопер». У 1948 створаны т-р «Скала». З канца 1940-х г. папулярнымі сталі паўпрафесійныя калектывы, т.зв. «келертэатры» («падвальныя тэатры»). Цэнтр тэатр. мастацтва краіны — Вена, дзе знаходзяцца «Бургтэатр», «Штатсопер», «Фольксопер», прыватныя т-ры, Ін-т тэатразнаўства. У Зальцбургу штогод адбываюцца міжнар.тэатр. фестывалі (з 1920).
Кіно. З 1896 у Вене дэманстраваліся фільмы вынаходнікаў кінематографа братоў Люм’ер. Першыя айч. кінастужкі знялі каля 1908 Ф.Дорман, І.Якабсан і Г.Ганус. З 1912 кінавытворчасцю займаліся фірмы «Саша-фільм» і «Вінер Кунстфільм» (рэж. Г.Марышка і К.Зоскі). Пасля 1-й сусв. вайны ствараліся пераважна відовішчныя карціны (рэж. А.Корда, М.Кертыц). Уклад у экспрэсіянізм зрабілі фільмы Г.В.Пабста, Э.Куна, В.Краўса, Р.Віне. З’яўленне гукавога кіно на некалькі гадоў зрабіла Вену сталіцай сентыментальных камедый і муз. фільмаў (рэж. В.Форст, Г.Якобі, Марышка, Г. фон Больвары, Э.В.Эма; акцёры і спевакі М.Іорыц, І.Новатна, З.Ліндэр, П.Веселі, В.Чэхава, М.Шнайдэр, В.Альбах-Рэці). Пасля 2-й сусв. вайны ў кіно Аўстрыі працавалі рэжысёры Г.Койтнер («Апошні мост»), Пабст («Працэс», «Апошняя дзея»); значнае месца па-ранейшаму займалі муз. фільмы («Гераічная сімфонія», «Франц Шуберт», «Улюбёнец Вены») і фільмы-рэвю («Дзіця Дуная», «Залатая сімфонія», «Чароўнае рэвю»). Дэбютавалі рэжысёры К.Штайнвендэр, Э.Збоўска, П.Кубелка. Многія акцёры Аўстрыі выехалі за мяжу (Максімілян і Марыя Шэл, Н.Тылер, К.М.Брандаўэр, Р.Шнайдэр). З 1966 у Вене кожныя 2 гады адбываецца міжнар. кінафестываль Венале.
Беларусы ў Аўстрыі з’явіліся ў 2-ю сусв. вайну, якая выклікала 3-ю хвалю эміграцыйнага руху. Найб.бел. асяродкі былі ў г. Зальцбург і ў акрузе Рыд. Некаторы час у 1944 на ваен. фабрыцы ў Швадорфе намаганнямі А.Змагара працавала школа для дзяцей. Тут выкладалі паэт А.Салавей, мастак П.Мірановіч. Група бел. літаратараў на чале з Салаўём выдавала ў Зальцбургу часопісы «Пагоня» (№ 1—4, 1946), «З беларускага жыцця» (№ 1—38, 1946—47). У Верхняй Аўстрыі працавалі 2 бел. школы: у Кірхсгайме (1945) і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701—А Рыд (1948), дзе настаўнікам быў А.Яцэвіч. З пач. 1950-х г. у Вене дзейнічае т-ва «Родина», якое займаецца культ.-асв. работай сярод выхадцаў з Беларусі, Расіі, Украіны. Узначальвае т-ва А.Э.Кухар; яго аддзелы працуюць у Зальцбургу (старшыня Т.Н.Гаўрылюк), Інсбруку (старшыня А.П.Радл).
Літ.:
Сакалоўскі У.Л. Нямецкая і аўстрыйская літаратура ў Беларусі // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986;
Schmidt A. Dichtung und Dichter Österreich im. 19. und 20. Jahrhundert. Bd. 1—2.Salzburg;
Stuttgart, 1964;
Feuchtmuller R. Kunst in Österreich. Bd. 1—2. Wiena, 1972—73;
Die Kunst der 70-er Jahre in Österreich. Wiena, 1980;
Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера: Пер. с нем. Л., 1926;
Черная Е. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;
Яе ж. Австрийский музыкальный театр до Моцарта. М., 1965.
Герб і сцяг Аўстрыі.Да арт.Аўстрыя. Ландшафт у паўночным Ціролі.Да арт.Аўстрыя. Статак кароў на пашы на ўсходзе краіны (зямля Бургенланд).Да арт.Аўстрыя. Сялянская сядзіба ў Альпах (зямля Зальцбург).Да арт.Аўстрыя. Вінаграднікі ў даліне Дуная (зямля Ніжняя Аўстрыя).Да арт.Аўстрыя. Царква на Рынгштрасэ ў Вене. Арх. Г.Ферстэль. 1856—79.Да арт.Аўстрыя. Адна з залаў палаца Разумоўскага ў Вене. Арх. Л.Мантуае. 1805— 11.Да арт.Аўстрыя. Фрагмент інтэр’ера манастыра ў г. Мельк.Да арт.Аўстрыя. Марыя-Тэрэзіенштрасэ з калонай св. Ганны (1706) у Інсбруку.Да арт.Аўстрыя. Панарама Зальцбурга.Да арт.Аўстрыя. Дом Штайнера ў Вене.Да арт.Аўстрыя. І.А.Кох. Каскад. 1796.Да арт.Аўстрыя. «Маёлікавы дом» у Вене. Арх. О.Вагнер. 1898—99.Да арт.Аўстрыя. Клавікорды венскай работы. Майстар М.Зейферт. Чырвонае дрэва, бронза. Каля 1810.Да арт.Аўстрыя. М.Швінд. Сімфонія. 1840-я г.Да арт.Аўстрыя. Г.Клімт. Чырвоныя рыбкі. 1901-02.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РЦЫЯ (Türkiye), Турэцкая Рэспубліка (Türkiye Cumhuriyeti),
дзяржава ў Зах. Азіі (97% тэр.) і на крайнім ПдУ Еўропы. На ПнЗ мяжуе з Грэцыяй і Балгарыяй, на ПнУ з Грузіяй, Арменіяй, Азербайджанам, на У з Іранам, на ПдУ з Іракам і Сірыяй. На Пн абмываецца Чорным м., на З — пралівамі Басфор і Дарданелы, Мармуровым і Эгейскім морамі, на Пд — Міжземным м.Пл. 780,6 тыс.км². Нас. 65 666,7 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — турэцкая. Сталіца — г.Анкара. Падзяляецца на 80 іляў (вілаетаў). Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (29 кастр.).
Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 7 гадоў. Заканад. ўлада належыць Вялікаму нац. сходу Турцыі — аднапалатнаму парламенту, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і ўрад — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Еўрапейская ч. (Усх. Фракія) займае невял., пераважна раўнінную ч. Балканскага п-ва (вылучаецца хр. Істранджа выш. да 1030 м); азіяцкая — п-аў М.Азія з Анаталійскім пласкагор’ем (выш. 800—1900 м) з бяссцёкавымі ўпадзінамі і патухлымі вулканамі, якое на Пн абмежавана Пантыйскімі гарамі (выш. да 3937 м), на Пд гарамі Таўр (выш. да 3726 м) і масівам Хакяры (выш. да 4168 м). На У частка Армянскага нагор’я (выш. 1500—2000 м) з катлавінамі і пласкагор’ямі. Найвыш. пункт — патухлы вулкан Вял. Арарат (выш. 5165 м). Уздоўж марскіх берагоў вузкія нізіны. На Пн, ад Мармуровага м. да воз. Ван, — зона моцных землетрасенняў. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, храміты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, нафта, каменная соль і інш. Клімат у прыморскіх раёнах субтрапічны міжземнаморскі, ва ўнутр. — сухі, кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. на ўнутр. пласкагор’ях ад 0 °C да -5 °C на З да -13 °C на У, на ўзбярэжжах 6 °C на Пн і 10 °C на Пд. Сярэдняя т-раліп. на пласкагор’ях адпаведна 16 і 22 °C, на ўзбярэжжах 23 і 32 °C. Ападкаў на ўзбярэжжах каля 600 мм, на У узбярэжжа Чорнага м. да 3000 мм. ва ўнутр. раёнах 200—400 мм. Рачная сетка густая, але рэкі малаводныя. Вял. азёры: Ван і Туз (салёныя). Расліннасць ва ўнутр. раёнах стэпавая і паўпустынная. У гарах лясы (26% тэр. краіны) з лаўрам, міртам, каменным дубам, грэцкім арэхам, вышэй — з клёнам, букам, грабам, вольхай і інш. Пашыраны ксерафітныя цвердалістыя хмызнякі. Фауна міжземнаморская і горна-лясная (казулі, дзікі, шакалы, ваўкі, гіены; многа змей, яшчарак). Нац. паркі: Алімпас-Бейдаглары, Мунзур-Вадысі, Кёпрулю-Каньён і інш.; ёсць запаведнікі і заказнікі.
Насельніцтва. Каля 87% складаюць туркі. Жывуць таксама курды — каля 8 млн.чал. (па інш. звестках каля 16 млн.чал., на У), арабы — каля 1 млн.чал. (на ПдУ), чэркесы, лазы, аджарцы і інш. Амаль усе вернікі мусульмане-суніты. Найб. шчыльна заселены Усх. Фракія і прыморскія раёны Анатоліі (200—300 чал. на 1 км²), найменш — Цэнтр. і Усх. Анатолія (месцамі 10—20 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 74% насельніцтва (2000). Найб. гарады (1996, тыс.ж.): Стамбул — 10 250 (метрапалітэнская тэрыторыя), Анкара — 2890, Ізмір — 1920,1, Адана — 1010,4, Бурса — 949,8, Газіянтэп — 683,6. У сельскай гаспадарцы занята каля 50% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 20%, у абслуговых галінах — каля 30%. Больш за 2 млн. грамадзян Т. працуюць за мяжой.
Гісторыя. Тэр. Т. — адзін з асяродкаў стараж.. цывілізацый. Археал. даныя сведчаць пра існаванне ў М.Азіі (Анатоліі) каля пач. 6-га тыс. да н.э. пасяленняў гар. тыпу (Чатал-Хююк і інш.). Першы гіст. вядомы народ — хеты прыйшлі ў Анатолію да пач. 2-га тыс. да н.э.; у сярэдзіне 2-га тыс. да н.э.Хецкае царства ўключала побач з Анатоліяй стараж. Сірыю і значную ч. Месапатаміі. У 12—6 ст. да н.э. ў М.Азіі існаваў шэраг дзяржаў: Фрыгія, Лідыя і інш., якія ў 6 ст. да н.э. далучаны да Ахеменідаў дзяржавы. У 334—331 да н.э. М.Азія ўвайшла ў склад дзяржавы Аляксандра Македонскага; пасля яе распаду асобныя раёны ўвайшлі ў склад Селеўкідаў дзяржавы, Пергама, Пантыйскага царства і інш., якія ў 1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. заваяваны Рымам. У 330 імператар Канстанцін I перанёс сталіцу Рым. імперыі ў г. Візантый, які атрымаў назву Канстанцінопаль (цяпер Стамбул). пасля падзелу ў 395 імперыі — сталіца Усх.-рым. імперыі (Візантыі). У 11 ст. ў М.Азію ўварваліся сельджукі, якія разбілі візант. армію пры Манцыкерце (1071), пасля чаго заваявалі б.ч. М.Азіі, дзе ўзнік Канійскі султанат. Паступова хрысціянства і грэч. мова выцеснены ісламам і тур. мовай. Пасля разгрому ў сярэдзіне 13 ст. Канійскага султаната манголамі на мяжы 13—14 ст. узвысілася княства (бейлік) у Паўн.-зах. Анатоліі, якое атрымала назву ад імя заснавальніка дынастыі бея Асмана [1299—1324]. Пры яго пераемніках да пач. 15 ст. створана магутная ваенна-феад. дзяржава (султанат), якая займала вял. тэрыторыі ў М.Азіі і на Балканах. У выніку заваёўніцкіх войнаў 15—1-й пал. 16 ст. захоплены Канстанцінопаль (1453), далучаны Крым (1475), шэраг тэрыторый у Паўд.-Усх. і Цэнтр. Еўропе, б.ч. Арабскага Усходу і Паўн. Афрыкі Стварылася Асманская імперыя, якая прэтэндавала на ролю лідэра ісламскага свету. Тур. султаны прынялі тытул халіфа — духоўнага лідэра мусульман-сунітаў. Найб. магутнасці імперыя дасягнула пры Сулеймане I Кануні [1520—66]. З канца 16 ст. пачалося яе аслабленне, пра што сведчылі паражэнні тур. флоту ў бітве пры Лепанта (1571) і арміі пры аблозе Вены (1683). Асабліва выразна заняпад Асманскай імперыі выявіўся ў ходзе рус.-тур. войнаў 2-й пал. 18 ст. (гл.Руска-турэцкія войны 17—19 ст.). Уздым нац.-вызв. барацьбы грэч. і слав. народаў стварыў пагрозу існаванню імперыі. Адначасова еўрап. дзяржавы пачалі барацьбу за падзел асманскіх уладанняў. што паклала пачатак т.зв. «Усходняму пытанню». З канца 18 ст. кіруючыя вярхі Асманскай імперыі спрабавалі прадухіліць яе распад і ўзмацніць шляхам рэформ. Рэформы Селіма III і Махмуда II, а таксама часоў танзімату (1839 — пач. 1870-х г.) спрыялі паскарэнню сац.-эканам. развіцця тур. грамадства. У 2-й пал. 19 ст. на паліт. арэну выйшлі новыя сілы — прадстаўнікі тур. інтэлігенцыі, якія аб’ядналіся ў тайным т-ве «Новыя асманы». У 1876 яны дамагліся прыняцця канстытуцыі і стварэння парламента. але ў 1877 султан Абдул-Хамід II прыпыніў дзейнасць канстытуцыі і разагнаў парламент, усталяваўшы рэакц. рэжым. Для барацьбы з дэспатызмам у 1889—91 створана тайнае т-вамладатуркаў. У выніку младатурэцкай рэвалюцыі 1908 адноўлена канстытуцыя, скліканы парламент і скінуты Абдул-Хамід II. Але младатуркі былі няздольныя вырашыць над. пытанне і спыніць распад імперыі. У выніку італа-турэцкай вайны 1911—12 Асманская імперыя страціла апошнія ўладанні ў Афрыцы, а ў выніку балканскіх войнаў 1912—13 амаль выцеснена з Еўропы. Гэта прывяло да пераходу младатуркаў на пазіцыі панцюркізму, гал. ідэяй якога было аб’яднанне ўсіх цюркаў пад уладай тур. султана і атурэчванне ўсіх нетур. народаў імперыі. Младатур. ўрад пайшоў на збліжэнне з Германіяй, што ўцягнула Т. ў Першую сусветную вайну 1914—18 на баку аўстра-герм. блоку. Паражэнне Германіі і яе саюзнікаў азначала крах Асманскай імперыі. Мудроскае перамір’е 1918 пакінула пад уладай султана толькі тыя землі, якія складаюць сучасную тэр. Т. Частка тур. тэрыторыі. у т. л. сталіца Стамбул, была акупіравана брыт., італьян.. грэч. і франц. войскамі. Паводле навязанага султанскаму ўраду Сеўрскага мірнага дагавора 1920 Т. пазбаўлялася шэрагу тэрыторый і ператваралася ў залежную дзяржаву. У гэтых умовах нац.-вызв. барацьбу тур. народа ўзначаліў ген. М.К.Атацюрк. У выніку Кемалісцкай рэвалюцыі 1920—23 разгромлены прыхільнікі султана і войскі інтэрвентаў, што было замацавана Лазанскім мірным дагаворам 1923. 1.11.1922 султанат скасаваны. У крас. 1923 створана Нар. партыя (пазней Нар.-рэсп. партыя. НРП). 23.10.1923 абвешчана Тур. Рэспубліка. У 1920—30-я г. ажыццяўлялася палітыка мадэрнізацыі ў розных сферах культ., сац.-эканам. і паліт. жыцця. У сак. 1924 скасаваны халіфат. 20.4.1924 прынята 1-я рэсп. канстытуцыя. У Т. ўсталяваўся аднапартыйны рэжым НРП. У гэты час праведзены комплекс мерапрыемстваў па аддзяленні ісламу ад дзяржавы (лаіцызм). У 1925—28 прыняты новыя, на еўрап. ўзор. крымінальны і грамадз. кодэксы. забаронена мнагажонства, уведзены еўрап. каляндар. еўрап. адзенне. тур. мова пераведзена на лац. алфавіт замест арабскага. Гал. зместам эканам. палітыкі стаў этатызм — палітыка дзярж. капіталізму. У ходзе рэформ канчаткова вызначылася ідэалогія кемалізму (або атацюркізму) — адной з плыняў тур. нацыяналізму. Пасля смерці ў 1938 Атацюрка прэзідэнтам Т. стаў яго бліжэйшы паплечнік І.Інёню. З пач. 2-й сусв. вайны Т. абвясціла нейтралітэт, толькі ў лют. 1945 тур. ўрад абвясціў вайну Германіі.
Першыя пасляваен. гады адзначаны змякчэннем паліт. рэжыму і яго дэмакратызацыяй, дазволена шматпартыйнасць. Найб. уплывовай з новых партый стала Дэмакр. партыя (ДП), створаная ў 1946. У гэты час вызначылася збліжэнне Т. з ЗША і краінамі Захаду, яна была ўключана ў Маршала план. На парламенцкіх выбарах перамагла ДП, прэзідэнтам Т. стаў яе лідэр М.Дж.Баяр, кіраўніком урада — А.Мендэрэс. У час кіравання ДП (1950—60) унутрыпаліт. становішча ў Т. абвастрылася. Атрымаўшы шэраг ільгот, замежныя манаполіі пацяснілі слабы тур.нац. капітал. Імкнучыся задушыць апазіцыю пад выглядам барацьбы з «інтрыгамі камунізму», урад ДП парушаў канстытуцыйныя нормы. У гэтых умовах у маі 1960 адбыўся ваен. пераварот, які прывёў да ўлады К-тнац. адзінства (КНА) на чале з ваеннымі. Была скасавана канстытуцыя 1924, распушчаны парламент і забаронена ДП. КНА падрыхтаваў праект новай канстытуцыі, ухвалены на рэферэндуме ў ліп. 1961. Найважн. рысай 2-й рэспублікі (1961—80) стала ўсталяванне сапраўднай шматпартыйнасці. У 1960—70-я г. Т. ператварылася ў аграрна-індустр. краіну. Але дзярж. кіраўніцтва не змагло забяспечыць устойлівы эканам. рост, уладзіць вострае саперніцтва паміж прыхільнікамі этатызму і прыхільнікамі лібералізацыі. Нарастанню крызіснай сітуацыі садзейнічаў левы і правы экстрэмізм. У вер. 1980 ваен. кіраўніцтва Т. здзейсніла пераварот. Улада перайшла да Савета нац. бяспекі на чале з ген. К.Эўрэнам. У 1982 прынята новая канстытуцыя. Фактычна абвешчаны курс пабудовы рэжыму «кіруемай дэмакратыі», узрасла роля выканаўчай улады. На выбарах 1983 перамагла Партыя Бацькаўшчына (ПБ) на чале з Т.Азалам. Урад Азала (у 1989—93 прэзідэнт Т.) ажыццяўляў палітыку лібералізацыі эканомікі, умацавання рыначных адносін і адмовы ад жорсткага дзярж. рэгулявання, што спрыяла хуткаму эканам. росту Т. ў 1980-я г. Пасля смерці Азала ў 1993 прэзідэнтам Т. стаў лідэр. Партыі сапраўднага шляху С.Дэмірэль, прэм’ер-міністрам — Т.Чылер (1-я ў Т. жанчына на гэтай пасадзе). На выбарах у снеж. 1995 перамагла Партыя дабрабыту на чале з Н.Эрбаканам, якая стаяла на ісламісцкіх пазіцыях. Гэта прывяло да скарачэння замежных інвестыцый і пагаршэння эканам. становішча. Пад націскам ваенных у чэрв. 1997 Эрбакан падаў у адстаўку. На парламенцкіх выбарах у крас. 1999 перамагла Дэмакр. левая партыя на чале з Б.Эджэвітам, які стаў прэм’ер-міністрам Т. Але працяг сац.-эканам. крызісу прывёў у кастр. 2002 да ўлады кансерватыўную Партыю справядлівасці і развіцця (прэм’ер-міністр А.Гюль). На працягу ўсяго існавання Тур. Рэспублікі адной з гал. застаецца праблема Курдыстана. Курс Атацюрка на стварэнне нац.тур. дзяржавы адмаўляў правы нац. меншасцей, найб. з якіх курды цярпелі ад прымусовага атурэчвання. У 1979 засн. Курдская рабочая партыя (КРП) на чале з А.Аджаланам, якая з 1984 вяла ўзбр. барацьбу супраць цэнтр.тур. ўрада. Арышт Аджалана ў 1999 і адмова ў 2000 КРП ад узбр. барацьбы прыпынілі ваен. канфлікты, якія забралі жыцці дзесяткаў тыс.чал., але курдскае пытанне так і не вырашана. Распад СССР прывёў да аднаўлення ў кіруючых колах Т. элементаў панцюркізму ў новай рэдакцыі, што праяўляецца ў спробах тур. ўрада пашырыць свой уплыў у цюркскіх рэспубліках б.СССР. Т. — чл.ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны Т. з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў сак. 1992.
У Т. легальна дзейнічаюць паліт. партыі: Партыя справядлівасці і развіцця; Нар.-рэсп. партыя; Дэмакр. левая партыя, Партыя Бацькаўшчына, Партыя сапраўднага шляху, Партыя дабрадзейнасці, Партыя нац. руху, партыя “Новая Турцыя”, партыя Вялікага адзінства, Партыя за дэмакр. Турцыю, Партыя нар. дэмакратыі (пракурдская).
Гаспадарка. Т. — індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 6600 дол. (2000). Каля 30% яго ствараецца ў прам-сці, каля 20% — у сельскай гаспадарцы, каля 50% — у абслуговых галінах. У прам-сці развіты здабыўная і апрацоўчыя галіны. Найб. значэнне мае здабыча бурага (45—55 млн.т штогод, Зах. Анатолія) і каменнага (3 млн.т, раён г. Зангулдак) вугалю, нафты (4 млн.т), жал. руды (4 млн.т), храмітаў, марганцавай, меднай, свінцова-цынкавай руд, сурмы, ртуці, серы, буд. матэрыялаў. У 1998 атрымана 106,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Каля 34% яе атрымліваюць на ГЭС (каскад на Еўфраце і інш.), каля 66% — на ЦЭС. У чорнай металургіі выплаўляецца каля 12 млн.т сталі. Палавіну сталі даюць 3 дзярж. камбінаты поўнага цыкла (гарады Карабюк, Эрэглі, Іскендэрун), працуюць 15 прыватных міні-заводаў (раён Ізміра). У каляровай металургіі выплаўка алюмінію, свінцу, цынку, медзі. Развіта шматгаліновае машынабудаванне. Штогод выпускаецца каля 15 тыс. грузавых аўтамабіляў і цягачоў, 5—7 тыс. аўтобусаў, 160—200 тыс. легкавых аўтамашын, 20 тыс. трактароў; суднабудаванне, выпуск чыг.трансп. сродкаў, авіяц.прам-сць. Ёсць прадпрыемствы прыладабудавання, радыёэлектроннай і электратэхн. прам-сці. Працуюць 5 нафтаперапр. прадпрыемстваў (магутнасць 33,5 млн.т за год), 2 нафтахім. комплексы, газавыя з-ды, прадпрыемствы па выпуску хімікатаў і ўгнаенняў. У лёгкай прам-сці найб. развіты тэкст. (баваўняная, шарсцяная, шаўковая), трыкат., дыванаткацкая, гарбарна-абутковая. Шмат прадпрыемстваў харч. прам-сці. Найб. развіты мукамольная, садавіна- і агароднінакансервавая, цукр., мяса-малочная. 60% прадукцыі апрацоўчай прам-сці выпускаюць прадпрыемствы Стамбула, Ізміра. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 40 млн.га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 24,7 млн.га, пад шматгадовымі насаджэннямі — 3 млн.га, пад пашай — 12,3 млн.га. 90% зямель у прыватнай уласнасці, у т. л. 2/3 належаць буйным і сярэднім уласнікам. Каля 40% сялян — арандатары. Вядучая галіна — раслінаводства (2/3 кошту с.-г. прадукцыі), асн. яго раёны — прыбярэжныя нізіны і міжгорныя катлавіны. Значная частка зямель арашаецца. 82% пасяўной пл. пад збожжавымі. Збор (2000, млн.т): пшаніцы — 17,5, ячменю — 8,2. Вырошчваюць таксама кукурузу, жыта, авёс, проса, рыс, бабовыя. З тэхн. культур найб. значэнне маюць (збор, 1998, млн.т); бавоўнік-сырэц — 2,1, цукр. буракі — 18,5, сланечнік — 0,8, тытунь — 0,2. Агародніцтва, вінаградарства, садоўніцтва. Вырошчваюць інжыр (каля 240 тыс.т штогод), фундук (400 тыс.т), абрыкосы, персікі, слівы, яблыкі, цытрусавыя, аліўкі і інш. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, выкарыстоўвае пашы ў гарах і сухіх стэпах. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 11,2, авечак 30,2, коз 8,4 (у т. л. ангорскія), буйвалаў 0,2. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў, вярблюдаў. Птушкагадоўля, развядзенне тутавага шаўкапрада, пчалярства. Развіта марское рыбалоўства (у 1999 вылаўлена 500,3 тыс.т рыбы). Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (тыс.км, 2000): аўтадарог з цвёрдым пакрыццём — 59, чыгунак — 8,4. У краіне 3,3 млн. легкавых, 1,05 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Т. мае гандл. флот агульнай грузападымальнасцю 4 млн.т. Гал. марскія парты: Стамбул, Ізмір, Самсун, Іскендэрун. Сетка нафта- і газаправодаў, у т. л. міжнародныя. У краіне 26 буйных аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Стамбуле, Анкары, Ізміры, Адане. У 2000 экспарт склаў 21,6 млрд.дол., імпарт — 33,7 млрд.дол. У экспарце пераважаюць тэкст. і швейныя вырабы, чорныя металы, садавіна і арэхі, тытунь, электраэнергія (у Балгарыю і Румынію), у імпарце — нафта, газ, прамысл. сыравіна, машыны і абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: краіны ЕС (да 60% экспарту і 50% імпарту), ЗША, краіны Паўд.-Зах. Азіі. Знешні доўг больш за 60 млрд.дол. (2000). Т. — краіна развітога турызму і адпачынку на марскіх узбярэжжах. Штогод наведваюць 10—12 млн. турыстаў, даход перавышае 5 млрд.дол. Для пакрыцця адмоўнага знешнегандл. балансу маюць значэнне таксама грашовыя пераводы грамадзян, якія працуюць за мяжой. Грашовая адзінка — турэцкая ліра.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (каля 615 тыс.чал., 2002) і ваенізаваныя фарміраванні, або жандарскія войскі (больш за 130 тыс.чал.). Камандуючы ўзбр. сіламі — нач.Ген. штаба (прызначаецца прэзідэнтам і яму падпарадкоўваецца). Камплектаванне: служаць паводле прызыву больш за 480 тыс.чал., па кантракце каля 133 тыс.чал.; тэрмін службы паводле прызыву — 18 месяцаў. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. У сухап. войсках каля 500 тыс.чал., больш за 3,8 тыс. танкаў, 4,2 тыс. браніраваных машын, у т. л. каля 500 баявых машын пяхоты, 4,1 тыс.артыл. сістэм, у т. л. 102 рэактыўныя сістэмы залпавага агню, 259 пускавых установак процітанк. кіроўных ракет, а таксама больш за 1600 гармат зенітнай артылерыі, 890 пераносных зенітна-ракетных комплексаў, 243 баявыя верталёты. У ВПС і ППА больш за 63 тыс.чал., 457 баявых і 96 трансп. самалётаў, 92 пускавыя ўстаноўкі зенітных ракетных комплексаў і інш. У ВМС каля 54 тыс.чал., 115 баявых караблёў, 13 падводных лодак, 16 трансп. верталётаў.
Ахова здароўя. Існуе дзярж., страхавая, прыватная медыцына. Большасць мед. кадраў сканцэнтравана ў гарадах. Дзярж. цэнтры і пункты аховы здароўя бясплатна даюць лякарствы для лячэння інфекц. хвароб і аказваюць мед. дапамогу насельніцтву сельскіх раёнаў і бяднейшым слаям гар. насельніцтва. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 71, жанчын 76 гадоў. Узровень нараджальнасці — 18 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 6 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,3%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 431 чал., урачамі — 1 на 867 чал. Дзіцячая смяротнасць 33 на 1 тыс. нованароджаных (2001).
Асвета. У сістэме адукацыі Т. дашкольныя ўстановы (для дзяцей ад 3 да 6—7 гадоў), агульнаадук. школы, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 8-гадовая базавая (5 гадоў навучання ў пач. школе і 3 гады ў няпоўнай сярэдняй) і поўная сярэдняя школа (ліцэй) — 3—4 гады навучання пасля базавай школы. У першы год навучанне ў ліцэі вядзецца па адзінай праграме, у наступныя гады навучэнцы размяркоўваюцца па профілях (гуманітарны і прыродазнаўча-матэматычны). Прафесійна-тэхн. адукацыю набываюць у тэхн. і прафесійных ліцэях. У сістэме вышэйшай адукацыі 75 ун-таў, з іх 22 прыватныя (2002). Буйнейшыя дзярж.ВНУ: Стамбульскі універсітэт, Стамбульскі тэхн.ун-т, ун-т Багазічы і тэхн. Йылдыз (усе ў Стамбуле), ун-ты Анкарскі, Хаджэт-Тэпе, Газі, тэхн. Орта Догу (усе ў Анкары); Акдэніз (г. Анталья), Анадолу (г. Эскішэхір), Тракія (г. Эдырне), Эге і Докуз Ейлул (г. Ізмір), тэхн. Карадэніз (г. Трабзон), ун-т імя Джэляля Баяра (г. Маніса). Найб. б-кі: Нац., ун-та Білкент (Анкара). У Т. больш за 130 музеяў, найб. з іх археал. (г. Адана), анаталійскіх цывілізацый (Анкара), турэцкага і ісламскага мастацтва, палацаў Тапкапы і Йылдызскага (усе ў Стамбуле), падводнай археалогіі (г. Мугла), пад адкрытым небам «Эфес» і «Сельджукі» (г. Ізмір). Навук. даследаванні вядуцца ў Акадэміі навук Т. і ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у Т. каля 830 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Hürnyet» («Свабода», з 1948), «Sabah» («Раніца», з 1985), «Milliyet» («Нацыя», з 1950), «Günaydin» («Добры дзень», з 1968), «Cumhuriyet» («Рэспубліка», з 1923). Інфарм. агенцтвы: Анаталійскае (АА; з 1920, акц.т-ва, падтрымліваецца дзяржавай) і Анкарскае (АНКА; з 1950, прыватнае). Радыёвяшчанне з 1927. Тэлебачанне з 1968. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Турэцкая радыётэлевізійная карпарацыя (засн. ў 1964 як Т-ва радыё і тэлебачання Т.). Мае 6 тэлевізійных і 4 радыёканалы. Функцыянуюць таксама 16 прыватных тэле- і радыёкампаній.
Літаратура. Развіваецца на турэцкай мове. Вытокі л-ры ў даісламскім агульнацюрк. фальклоры і пісьмовых помніках (эпас «Агуз-намэ» і інш.). Асн. формы нар. творчасці — ліра-эпічны жанр дастан, 4-радковыя песні «мані», полістрафічныя лірычныя песні «цюркю», прыказкі, каламбуры, анекдоты (пра Хаджу Насрэддзіна і інш.). Вальнадумствам вылучалася творчасць нар. паэтаў Юнуса Эмрэ, Піра Султана Абдала. Першыя пісьмовыя помнікі (13 ст.) мелі рэліг. характар (суфійскія творы Дж.Румі, Султана Веледа, Ашык-пашы). Побач з нар. і суфійскай л-рай узнікла т.зв. прыдворная паэзія, якая адлюстроўвала эстэт. погляды султанскага двара і вышэйшай знаці. Лексіка паэзіі дывана насычана арабізмамі і фарсізмамі, адметная дасканаласцю формы (творы Неджаці, Міхры Хатун, М.Бакы, А.Недыма). Заняпад Асманскай імперыі (з 17 ст.) выклікаў развіццё сатыр. і павучальнай л-ры (творы А.Нефі, Ю.Набі). Ствараліся таксама трактаты, мемуары, кнігі падарожжаў (Эўлія Чэлебі). У 18 ст. ў суфійскай паэзіі вылучылася творчасць Шэйха Галіба (паэма «Прыгажосць і каханне»). У 1830—70-я г. развівалася т.зв. л-ра Танзімату (пісьменнікі і публіцысты І.Шынасі, Зія-паша, Намык Кемаль, Ахмет Мідхат, С.Шэмсецін і інш.), якая мела асветніцкі характар. Наватарскімі пошукамі вылучалася паэзія А.Х.Тархана і М.Э.Рэджаізадэ. У 1890-я г. пры час. «Serveti fünun» («Багацце навук») узнікла літ. група (кіраўнік паэт Тэўфік Фікрэт). У прозе канца 19 — пач. 20 ст. з’явіліся матывы «маленькага чалавека» (заснавальнік рэаліст. рамана Х.З.Ушаклыгіль, Ахмет Хікмет, Х.Р.Гюрпынар, Р.Мехмет). Пасля младатур. рэвалюцыі 1908 у л-ры акрэсліліся 3 кірункі: асманісты (апявалі эпоху асманскіх заваяванняў і распрацоўвалі пераважна інтымныя матывы; Я.К.Беятлы, Ахмет Хашым); панцюркісты (прапагандавалі тэорыі аб’яднання ўсіх цюркаў у міфічную дзяржаву Туран; З.Гёкальп, Х.Э.Адывар, Мехмет Эмін); прыхільнікі нац. кірунку (рэалістычна адлюстроўвалі адсталасць тур. вёскі; Р.Х.Карай, Ака Гюндзюз, А.Сейфеддзін). Гал. тэма л-ры 1920—30-х г. — нац.-вызв. барацьба тур. народа (раманы «Вогненная кашуля» Адывар, «Садом і Гамора» Я.К.Караасманаглу, «Зялёная ноч» Р.Н.Гюнтэкіна, «Зорка Дыкмена» Акі Гюндзюза, «Незалежнасць» Р.Мехмета). Група т.зв. кемалісцкіх пісьменнікаў аддавала перавагу абароне новых ідэалаў чалавека і грамадства, абгрунтоўвала тэзіс класавай гармоніі і «самабытнага шляху» развіцця Т. Пісьменнікі левага кірунку шукалі шляхі да змены парадкаў, папярэджвалі пра пагрозу фашызму. Рэв.-дэмакр. кірунак у л-ры ўзначальвалі Назым Хікмет Ран, Садры Эртэм, Сабахацін Алі, Суад Дэрвіш. Дэмакр. ідэі развівалі паэты т.зв. Трыножніка (Архан Велі Канык, М.Дж.Андай, А.Р.Харазджу). У 1950—70-я г. ў л-ры Т. праявіліся мадэрнісцкія плыні — «другое новае» ў паэзіі і «новыя раманісты» ў прозе; адначасова ўмацаваліся пазіцыі сац. л-ры (п’есы і вершы Назыма Хікмета, раманы Архана Кемаля, Яшара Кемаля, Факіра Байкурта, п’есы Халдуна Танера, сатыр. апавяданні і п’есы Азіза Несіна і інш.), развіваўся «вясковы раман» (Яшар Кемаль, Махмуд Макал, Факір Байкурт і інш.). Празаік Кемаль Тахір зноў вярнуўся да тэмы нац.-вызв. барацьбы (раманы «Людзі паланёнага горада», «Стомлены баец»). У паэзіі сац. і грамадз. матывы распрацоўвалі Ф.Х.Дагларджа, Б.Неджатыгіль, Б.Р.Эюбаглу. У л-ры 1980—90-х г. вядучае месца займалі творы пісьменнікаў Э.Оза, І.Гюнея, Й.Бекіра, Э.Тоя, Д.Акчама, А.Аз’ялчынера і інш. Развіваюцца драматургія і літ.-знаўства. У 1970 створаны Саюз дзеячаў мастацтваў Т. Паасобныя творы Назыма Хікмета, Сабахаціна Алі, Суада Дэрвіша, С.Шырвані на бел. мову перакладалі М.Аўрамчык, А.Вялюгін, У.Дубоўка, А.Зарыцкі, У.Паўлаў, А.Русецкі, М.Танк і інш.
Архітэктура. На тэр. Т. захаваліся помнікі першабытнага мастацтва, дзяржаў стараж. Усходу (гл.Хеты, Урарту). У М. Азіі развіваліся культуры, што ўваходзілі ў сістэмы эгейскай і элінскай цывілізацый, дзяржаў эпохі элінізму (гл.Эгейскае мастацтва, Эліністычнае мастацтва), Рым. імперыі, Візантыі (царква св. Ірыны ў Стамбуле, 6 ст.). З утварэннем у 12—13 ст. Сельджукскага (Канійскага) султаната склалася маст. культура, што спалучала мясц. малаазійскія культ. традыцыі з іранскімі, іракскімі, арм. і азербайджанскімі. У гарадах узводзілі манум. палацы, караван-сараі, мячэці (Алаадзіна ў Коньі, 1156—1220), медрэсэ з багатым разным дэкорам на партале (Каратай-медрэсэ ў Коньі, 1252), кампактнымі аб’ёмамі, маўзалеі, лазні. З 14 ст. будавалі велічныя крэпасці з высокімі абарончымі вежамі на берагах праліва Басфор, каля Канстанцінопаля (Анадалухісары, канец 14 ст., Румеліхісары, 1452), інтэнсіўна развіваліся гарады (Бурса, Эдырне). Грамадз. і культавыя пабудовы набылі большую відовішчнасць, ускладненасць прасторавых і пластычных эфектаў, у аздобе інтэр’ераў выкарыстоўвалася паліхромная керамічная абліцоўка: мячэць Ешыль-джамі (Зялёная мячэць; 1413—21, дойлід Хаджы Іваз) і маўзалей Ешыль-цюрбэ (Зялёны маўзалей) Мехмеда I Чэлебі (1420—21) у Бурсе, мячэць Уч Шэрэфелі ў Эдырне (1437—47), грамадскія лазні, крытыя базары. У 15—16 ст. у час росквіту асманскай архітэктуры сфарміравалася нац.буд. школа. У гарадах узводзілі вял. комплексы палацавых, гандл., навуч. і інш. збудаванняў. Вылучаецца комплекс султанскага палаца ў Стамбуле (з 18 ст.наз. Тапкапы): павільёны Чынілі-кёшк (Кафельны павільён; 1472), Ерэванскі (1635), Багдадскі (1638), Мустафы-пашы (1704), Меджыдые (1840), б-ка Ахмеда III (1719), кухні, гарэм, парк, сады; цяпер музей. На аснове візант. дойлідства выпрацаваны тып манум. цэнтрычнай купальнай мячэці з 4 высокімі мінарэтамі па вуглах будынка, з багатай керамічнай абліцоўкай інтэр’ера. Станаўленне класічнай тур. архітэктуры звязана з творчасцю Сінана. У 17 ст.грамадз.буд-ва было ў заняпадзе. Культавае дойлідства апіралася на традыцыі 16 ст. (мячэць Ахмеда I, т.зв. Блакітная мячэць, у Стамбуле, 1609—17, дойлід Мехмет-ага). У 18—19 ст. у буд-ве выявілася сувязь з еўрап. стылямі, развіваліся элементы рэтра і эклектычных вырашэнняў. З сярэдзіны 19 ст. пачалося комплекснае планаванне горадабудаўніцтва паводле зах. узораў. Старыя часткі горада (у Стамбуле, Ізміры і інш.) захавалі ўсх. нерэгулярную планіроўку, у новых ствараліся шырокія праспекты, дзелавыя цэнтры з банкамі, офісамі, атэлямі, біржамі. Пабудовам 1-й пал. 20 ст. архітэктары імкнуліся надаць нац. характар шляхам капіравання форм сельджукскага і асманскага дойлідства (Этнагр. музей у Анкары, 1927; творчасць Кемаледдзіна, Ведата Тэка). Гарады забудоўваліся паводле генпланаў (Анкара і інш.), будавалі ў духу функцыяналізму, неакласіцызму, а таксама ў сучасных стылях (творчасць С.Х.Эльдэма, Э.Аната і інш.). У 2-й пал. 20 ст. створаны рэгіянальны стыль канструктывізму з выкарыстаннем зах. і ўсх. прынцыпаў: маўзалей Кемаля Атацюрка ў Анкары (1944—53, арх. Анат, А.Арда), атэль «Хілтан» (1952, амер. фірма «СОМ» з арх. Эльдэмам), прамысл. банк (1972, арх. М.Хепгюлер) у Стамбуле. У 1925 створана Аб’яднанне тур. архітэктараў у Стамбуле, у 1954 — Саюз палат тур. інжынераў і архітэктараў у Анкары.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У 12—13 ст. развіваліся ткацтва, дыванаробства, маст. апрацоўка металу, разьба па дрэве. У 16 ст. дасягнула росквіту мастацтва мініяцюры, у якім побач з традыцыйным кірункам іранскай мініяцюры сефевідскага перыяду, акрэсліліся самабытныя рысы (рытмізаваныя шматфігурныя сцэны, рэзкія лініі малюнка, яркія лакальныя колеры; Насух, Асман і інш.). Сярод дэкар. мастацтваў вядучае месца займала арх. (пано і фрызы з плітак з падпаліўнай арнаментальнай размалёўкай) і быт. (пасудзіны са шматколернымі рэалістычнымі кветкавымі матывамі) кераміка. У 16—17 ст. росквіту дасягнулі дыванаробства (цэнтр. Ушак; «медальённыя», «зоркавыя» дываны), маст. апрацоўка косці, скуры, металу. У 2-й пал. 17—18 ст. мініяцюра набыла рысы еўрап. жывапісу, узнік жывапіс (Леўні). Значнае развіццё атрымала каліграфія, цесна звязаная з мініяцюрай. Пад еўрап. уплывам у 2-й пал. 19 ст. жывапісцы працавалі ў духу акадэмізму, рэалізму (Асман Хамдзі, С.Сейіт-бей). У пач. 20 ст. пашырыліся імпрэсіянізм і постімпрэсіянізм (Н.З.Гюран, І.Чалы, Ф.Дуран, Х.А.Ліфіж), праніклі рысы экспрэсіянізму, кубізму і канструктывізму, з 1950-х г. — абстрактнага мастацтва. Для творчасці шэрагу мастакоў 2-й пал. 20 ст. характэрна спалучэнне вопыту навейшых еўрап. плыней з традыц. відамі мастацтва (М.Аслыер, І.Балабан, Н.Берк, Х.Гезер, Дж.Талу). Развіваюцца традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка. Нар. песні ў сваёй аснове дыятанічныя, вызначаюцца ладавай разнастайнасцю. Побач з простымі, пераважна цотнымі, метрамі трапляюцца мяшаныя. Песні часцей выконваюцца унісонна з інстр. суправаджэннем. Нар. танцы звязаны з абрадамі, прац. працэсамі, рэліг. культам. Многія з іх суправаджаюцца ігрой на муз. інструментах, часам са спевамі. Сярод муз. інструментаў: балабан, зурна, кавал (духавыя), кеманча, саз (стр.), давул, дэф, дарабука (ударныя). З канца 16 ст. ў Т. пранікае еўрап. музыка, на якую, у сваю чаргу, паўплывала тур. музыка (гл.Янычарская музыка). У развіццё нац.прафес. музыкі значны ўклад зрабілі Бухуры-задэ Мустафа Ітры-эфендзі (2-я пал. 17 ст.), Дз.Кантэмір, Дж.Даніцэці (1-я пал. 19 ст., яго вучні сталі пачынальнікамі тур. кампазітарскай школы). З 19 ст. развіваецца жанр аперэты. Першая тур. аперэта — «Леблебіджы» («Гандляр гарохам») Т.Чухаджана (1875). У 1930—40-я г. вылучыліся нац. кампазітары: А.А.Сайгун, Дж.Р.Рэй, У.Дж.Эркін, Н.К.Аксес, Х.Ф.Алнар. Сярод вядучых музыкантаў Т. 2-й пал. 20 ст.: кампазітары С.Х.Арэль, Н.Кадалы, М.Сун, Б.Тарджан, Ф.Цюзюн, І.Усманбаш; дырыжоры Рэй, Г.Айкал; піяністы І.Бірэт, Д.Сайдам, М.Фенмен; скрыпачы С.Кан, А.Эрдуран; спевакі А.Баран, А.Гюн, А.Манізадэ, М.Чагалы; выканаўца нар. песень З.Мюрэн; даследчыкі фальклору Арэль, Г.Арансай, Сайгун, М.З.Эзгі. У Т. дзейнічаюць: Анкарская дзярж. опера (1949), Стамбульскі дзярж.т-р оперы і балета (1960), Стамбульскае (1946) і Анкарскае (1953) філарманічныя т-вы, Прэзідэнцкі аркестр у Анкары, Стамбульскі (1945) і Ізмірскі (1962) дзярж.сімф. аркестры, Анкарская (1936), Ізмірская (1951) і Стамбульская дзярж. (1973) і Стамбульская муніцыпальная (1923) кансерваторыі. З 1972 штогод праводзіцца міжнар.муз. «Стамбульскі фестываль мастацтваў».
Тэатр. Пачатак развіцця прафес.т-ра Т. ў традыц. формах нар. творчасці — лялечны і ценявы т-ры (карагёз), плошчавыя гульнявыя прадстаўленні (орта оюну), выступленні апавядальнікаў-імправізатараў (меддахаў). У 19 ст. ў Стамбуле гастраліравалі еўрап.тэатр. трупы. У 1869—84 працаваў т-р «Гедык-паша» (кіраўнік А.Вардавян, псеўд. Гюлю Акоп), у рэпертуары якога п’есы тур. пісьменнікаў (А.Мідхат, Н.Кемаль і інш.), сусв. класіка. Першыя тур. акцёры А.Фехім, А.Неджып і інш. У 1879 А.Вефік-паша стварыў т-р у г. Бурса (існаваў 3 гады), у які ўвайшлі і акцёры т-ра «Гедык-паша». На мяжы 19—20 ст. вылучаўся т-р «Тулуат» (Т-р імправізацыі). Пасля 1908 з’явіліся паўпрафес. і аматарскія т-ры. У 1914 у Стамбуле адкрыўся нац.т-р «Дарульбедайі Асмані» (Асманскі храм мастацтва, з 1934 — Гар.т-р), які з 1927 узначальваў М.Эртугрул. Ставіліся п’есы Фарука Нафыза, Бехчэта Кемаля Чаглара, Назыма Хікмета і інш. Пасля 1923 узніклі т-ры ў Анкары, Адане, Ізміры і інш., у 1934 — дзіцячы т-р. Некат. трупы папулярызуюць стараж. мастацтва карагёз і орта оюну. У 1960-я г. павялічылася колькасць прыватных т-раў. У рэпертуары пераважае нац. драматургія, ставяцца п’есы замежных аўтараў. Сярод дзеячаў сцэны: Б.Алчан, Дж.Гёкчэр, М.Джанава, Э.Джэзар, Х.Дармен, В.Забу, І.Кентэр, Г.Суруры, Эркал і інш. Штогод праводзіцца Стамбульскі тэатр. фестываль. У 1993 традыц.т-р ценяў «Карагёз» удзельнічаў у 2-м Міжнар. фестывалі т-раў лялек у Мінску.
Кіно. У 1914 аператар Ф.Узкынай зняў першы дакумент. фільм. З 1915 відавыя і дакумент. фільмы здымала Цэнтр. армейскае ўпраўленне па пытаннях кінематаграфіі. Першыя маст. фільмы — «Пяцярня» і «Лазутчык» (1917, рэж. Седат Сімаві). У 1919—22 кінематаграфіяй кіравала Т-ва дапамогі інвалідам і ветэранам вайны. Сярод пастановак: «Гувернантка» (1919) і «Біназ» (1920, рэж. абодвух А.Фехім), трылогія «Настаўнік Біджан-эфецдзі», «Сон Біджан-эфендзі» і «Эканом Біджан-эфендзі» (1921, рэж. Ш.Карагёзаглу). У 1919 браты К. і Ш. Седэнь стварылі ў Стамбуле першую кінафабрыку па пракаце фільмаў (з 1922 кінастудыя «Кемаль-фільм»). Яе гал.рэж. М.Эртугрул экранізаваў некалькі аперэт, зняў карціны на гіст. і тагачасныя тэмы («Вогненная кашуля», 1923, і інш.), у 1928 ён узначаліў кінафірму «Іпек-фільм», дзе зняў першы гукавы фільм «На вуліцах Стамбула» (1931) і кінааповесць «Нацыя прачынаецца» (1933). У 1950—60-я г. ў кіно Т. распрацоўвалася сац. праблематыка: «Белая хустка», «Чырвоная рака» (1955, 1967, рэж. Л.Акад), «Помста змей» (1962, рэж. М.Эрксан), «Бясконцая дарога» (1965, рэж. Д.Сахыраглу) і інш. Значная з’ява ў кінематографе Т. 1970-х г. — фільмы рэж., акцёра і прадзюсера І.Гюнея: «Надзея» (1970), «Смутак», «Бацька» (абодва 1971), «Неспакой» (1975), «Дарога» (1981, з Ш.Гёрэнам, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) і інш. У 1980-я г. кіно Т. выйшла на міжнар. арэну. Найб. значныя фільмы 1990-х г. атрымалі прызы міжнар. і нац. фестываляў: «Бердэль» (1990, рэж. А.Йылмаз), «Piano, piano, свавольнік!» (1991, рэж. Т.Башаран) і «Блакітнае выгнанне» (1992, рэж. Э.Кірал), «Маё дзяцінства» (1993, рэж. М.Юн), «Хамам» («Турэцкая лазня») (1996, рэж. Ф.Азпетэк), «Лодачнік» (1999, рэж. Б.Ільхан). З 1955 развіваецца жанр навук. і навуч. фільмаў. З 1964 штогод праводзяцца нац. кінафестывалі ў Антальі і Адане. У 1975 створаны Ін-т кінематаграфіі і тэлебачання.
Літ.:
Турция: Новые тенденции экон. развития в 80-е гг.М., 1991;
Новичев А.Д. История Турции. Т. 1—3. Л., 1963—73;
Новейшая история Турции. М., 1968;
Гасратян М.А., Орешкова С.Ф., Петросян Ю.А. Очерки истории Турции. М., 1983;
Миллер А.Ф. Турция: Актуальные пробл. новой и новейшей истории. М., 1983;
Гачечиладзе Р.Г. Турция. М., 1983;
Данилов В.И. Политическая борьба в Турции, 50-е—нач. 80-х гг. XX в.: (Политич. партии и армия). М., 1985;
Турция: История и современность: Сб. ст.М., 1988;
Петросян Ю.А. Османская империя: могущество и гибель: Ист. очерки. М., 1990;
Кинросс Л. Расцвет и упадок Османской империи: Пер. с англ.М., 1999;
Алькаева Л., Бабаев А. Турецкая литература: Краткий очерк. М., 1967;
Утургаури С. Турецкая проза 60—70-х гг.М., 1982;
Гусейнов А.А. Турецкое кино. М., 1978.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Дз.У.Івасік (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.П.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Турцыі.Да арт.Турцыя. Краявід на Армянскім нагор’і.Да арт.Турцыя. На ўзбярэжжы Эгейскага мора.Да арт.Турцыя. Царква святой Ірыны ў Стамбуле.Да арт.Турцыя. Партал Каратай-медрэсэ ў г. Конья.Да арт.Турцыя. Маўзалей Ешыль-цюрбэ (Зялёны маўзалей) Мехмеда I Чэлебі ў Бурсе.Да арт.Турцыя. Комплекс палаца Тапкапы ў Стамбуле.Да арт.Турцыя. Этнаграфічны музей у Анкары.Да арт.Турцыя. Крэпасць Румеліхісары.Да арт.Турцыя. Мячэць Селіма II у Эдырне. Архітэктар Сінан.Да арт.Турцыя. Дыван. 15 ст.Да арт.Турцыя. Цырыманіяльны трон. 16 ст.Да арт.Турцыя. Насух. Мініяцюра кнігі Сулеймана. 16 ст.Да арт.Турцыя. Каліграфічная кампазіцыя ў выглядзе птушкі. 17 ст.Да арт.Турцыя. Стамбульскі дзяржаўны т-р оперы і балета. Сцэна з аперэты «Цыганскі барон» І.Штрауса.Да арт.Турцыя. Прэзідэнцкі сімфанічны аркестр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЕ
Нарастанне ў канцы 19 — пач. 20 ст.эканам. і геапалітычных супярэчнасцей паміж вядучымі дзяржавамі свету прывяло да ўтварэння процілеглых ваен.-паліт. блокаў — Траістага саюза і Антанты. 19.7(1.8).1914 паміж імі ўспыхнула вайна, якая паступова ўцягнула ў сваю арбіту 33 дзяржавы на ўсіх кантынентах з насельніцтвам 1,5 млрд. чалавек (3/4 усяго чалавецтва) і ўпершыню ў гісторыі набыла сусв. характар. Беларусь, не маючы сваёй дзяржаўнасці і ўласнага войска, не з’яўлялася самастойным удзельнікам вайны. Але яна апынулася ў зоне сутыкнення геастратэгічных інтарэсаў Германіі, якая імкнулася адарваць ад Рас. імперыі яе зах. правінцыі, і Расіі, якая разлічвала на зах. напрамку адабраць ад Германіі і Аўстра-Венгрыі ўсе польскія землі і Галіцыю, а на паўд. — авалодаць пралівамі Басфор і Дарданелы. Таму тэр. Беларусі стала адным з эпіцэнтраў сусв. ваеннага канфлікту.
На рас.-ням. фронце вайна пачалася ў жніўні 1914 баямі ва Усх. Прусіі, Польшчы і Галіцыі. Бел. губерні апынуліся паблізу тэатра баявых дзеянняў і ў першыя дні вайны былі аб’яўлены на ваен. становішчы. Уся цывільная адміністрацыя тут падпарадкоўвалася начальнікам Мінскай і Дзвінскай ваен. акруг, утвораных замест скасаванай Віленскай ваен. акругі. У Баранавічах размясцілася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі вял. князя Мікалая Мікалаевіча. У бел. губернях значна павялічылася колькасць паліцыі і жандармерыі, пашырылася сетка ваен. контрразведкі; аднавілася дзейнасць скасаваных у 1907 ваен.-палявых судоў, якія выносілі прысуды па законах ваен. часу. Былі забаронены апазіц. сходы, шэсці і дэманстрацыі, а таксама забастоўкі. За ўдзел у забастоўках (асабліва на чыгунках) пагражала адпраўка ў штрафныя роты. Праца на прадпрыемствах, якія выпускалі ваен. прадукцыю, разглядалася як асобы від вайсковай службы. Працягласць рабочага дня фактычна не рэгламентавалася, адмяняліся выхадныя і святочныя дні, шырока практыкаваліся звышурочныя работы. Жорсткай рэгламентацыі падлягала распаўсюджванне інфармацыі. Друкаваная прадукцыя, паштовыя і тэлеграфныя адпраўленні падвяргаліся ваен. цэнзуры. Папярэдняя цэнзура існавала на лекцыі, канцэрты, спектаклі і інш. відовішчы.
У пачатковы перыяд вайны значная частка насельніцтва Беларусі трапіла пад уплыў афіц. прапаганды, якая ўкараняла ў масавую свядомасць уяўленне аб справядлівым, абарончым характары вайны з боку Расіі і фарміравала вобраз агрэсіўнага, антыгуманнага праціўніка. У Мінску, Магілёве, Пінску, Гомелі, інш. гарадах і мястэчках у першыя дні вайны праведзены патрыят. маніфестацыі з выказваннем вернападданніцкіх пачуццяў, гатоўнасці ахвяраваць сабой у імя цара і Айчыны. Асаблівым патрыят. уздымам былі ахоплены маладыя людзі, многія з якіх добраахвотна запісваліся ў войска. Сялянства ўспрыняло вайну больш стрымана. Вайна несла селяніну не толькі гора і пакуты, але прымусова адрывала яго ад працы на зямлі. Усведамленне гэтага стала прычынай гвалтоўных эксцэсаў у час мабілізацыі прызыўнікоў у бел. губернях у ліп. 1914. У многіх паветах мабілізаваныя на вайну сяляне ўчынялі разгромы памешчыцкіх маёнткаў, самавольныя высечкі лесу, уступалі ў сутычкі з паліцыяй. Нярэдка такія эксцэсы суправаджаліся пагромамі вінных крам і складоў, што было справакавана забаронай з пачаткам вайны легальнага продажу спіртнога. Улады прымянілі жорсткія пакаранні (у т. л. смяротныя) і ўціхамірылі бясчынствы. Мабілізацыя з бел. губерняў прайшла ў цэлым паспяхова. Паводле наяўных фрагментарных звестак можна меркаваць, што ўсяго за гады вайны ў рас. армію было прызвана прыблізна 0,8—0,9 млн. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі (дакладныя падлікі адсутнічаюць).
Сярод асноўных грамадска-паліт. сіл уступленне Рас. імперыі ў вайну адназначна падтрымалі кансерватыўна-манархічныя партыі і групы. Аналагічную пазіцыю занялі і партыі рас. лібералаў — акцябрысты і кадэты. Свае праграмныя ўстаноўкі пра дэмакратызацыю сац.-паліт. ладу краіны яны адсунулі на другі план, аддаўшы прыярытэт задачы захавання і пашырэння ў ходзе вайны імперскай велічы Расіі. З ліберальна-бурж. колаў зыходзіла ініцыятыва стварэння ўлетку 1914 няўрадавых ваен.-грамадскіх арг-цый — Усерасійскага земскага саюза дапамогі хворым і параненым воінам (УЗС) і Усерасійскага саюза гарадоў (УСГ), праз якія буржуазія наладжвала пастаўкі на фронт абмундзіравання, медыкаментаў, баявога рыштунку, а таксама спрабавала выкарыстаць іх для пашырэння свайго доступу да ўлады. У прыфрантавых бел. губернях адкрываліся падведамасныя УЗС і УСГ рамонтныя майстэрні, харчовыя пункты, шпіталі, для працы ў якіх на Беларусь прыбывалі тысячы рабочых і абслуговага персаналу з унутр. губерняў Расіі.
У асяроддзі агульнарасійскіх сацыяліст. партый сфарміравалася абаронніцкае крыло (пераважна з эсэраў і меншавікоў), якое заклікала прыпыніць рэв. барацьбу да поўнага разгрому праціўніка, і інтэрнацыяналісцкая плынь, што імкнулася захаваць вернасць міратворчым прынцыпам II Інтэрнацыянала. Сярод інтэрнацыяналістаў найбольшым радыкалізмам вызначаліся бальшавікі на чале з У.І.Леніным: яны выставілі лозунг ператварэння імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую. На Беларусі ва ўмовах ваен. становішча разрозненыя групы эсэраў і сацыял-дэмакратаў схіляліся да абаронніцкага крыла, аддавалі перавагу легальнай дзейнасці ва ўстановах УЗС і УСГ, дабрачынных арганізацыях. Аналагічную пазіцыю на пачатку вайны заняў і Бунд, засяродзіўшыся на дабрачыннай дапамозе беспрацоўным, уладкаванні яўрэяў-высяленцаў і бежанцаў.
У бел.нац. руху на пачатку вайны пераважалі пацыфісцкія настроі. Газета «Наша ніва» (пад рэдакцыяй Я.Купалы), а таксама блізкая да бел. руху віленская «Вечерняя газета» ўстрымліваліся ад публікацыі афіц.-патрыятычных матэрыялаў, у падцэнзурных умовах праводзілі думку пра бессэнсоўнасць і катастрафічнасць наступстваў вайны. Разам з тым бел. адраджэнцы ўсведамлялі магчымасць змены ў ходзе вайны геапаліт. становішча Беларусі і заклікалі суродзічаў «гуртаваць свае сілы», каб сцвердзіць сябе ў пасляваен. свеце ў якасці самастойнай нац. супольнасці.
У выніку паражэнняў, панесеных на працягу першага года вайны рас. арміямі Паўн.-Заходняга і Паўд.-Заходняга франтоў ва Усх. Прусіі, Галіцыі і Польшчы, тэатр баявых дзеянняў улетку 1915 наблізіўся непасрэдна да Беларусі. 13(26) жніўня рас. армія пакінула Брэст, 21 жніўня (3 вер.) Гродна. Каб палепшыць кіраванне войскамі, рас. камандаванне ў жніўні 1915 падзяліла Паўн.-Зах. фронт на Паўночны фронт, які павінен быў прыкрываць шляхі на Петраград, і Зах. фронт, каб абараняць шляхі на Маскву. Арміі Зах. фронту [1-я (да крас. 1916), 2-я (жн. 1915 — пач. 1918), 3-я (жн. 1915 — чэрв. 1916; жн. 1916 — пач. 1918), 4-я (да снеж. 1916), 10-я (жн. 1915 — пач. 1918) і Асобая (жнівень—вер. 1916 і ліст. 1916 — ліп. 1917)], а таксама большая частка злучэнняў 5-й арміі Паўн. фронту да выхаду Расіі з вайны дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. Штаб Зах. фронту размясціўся ў Мінску.
8(21).8.1915 Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага была пераведзена ў Магілёў. 23.8(5.9).1915 цар Мікалай II адхіліў ад пасады вял. князя Мікалая Мікалаевіча і ўзяў абавязкі Вярх. галоўнакамандуючага на сябе. Начальнікам свайго штаба ён прызначыў ген. М.В.Аляксеева, у руках якога фактычна і сканцэнтравалася стратэгічнае кіраванне войскамі. Аднак арганізацыйныя і кадравыя перамены не прадухілілі далейшага адступлення царскай арміі. Выявілася тэхн.-эканам. непадрыхтаванасць Рас. імперыі да працяглай вайны. Армія дрэнна забяспечвалася артылерыяй, стралк. зброяй і боепрыпасамі. Недастаткова развіты транспарт не спраўляўся з перавозкай жывой сілы і ўзбраенняў. Мелі месца шматлікія выпадкі некампетэнтнасці каманднага складу.
У канцы жніўня 1915 герм. войскі нанеслі з раёна Коўна ўдар у напрамку Свянцян і прарвалі рас. абарону на стыку Паўн. і Зах. франтоў. Ва ўтвораны Свянцянскі прарыў 1915 немцы кінулі моцныя кавалерыйскія злучэнні, якія рушылі ў раён Смаргоні, Вілейкі, Маладзечна і выйшлі ў тыл 10-й рас. арміі. У пач. верасня 1915 перадавыя раз’езды герм. конніцы дасягнулі Смалявіч і перарэзалі чыг. лінію Мінск—Масква. Каб пазбегнуць акружэння ў Літве і зах. Беларусі, 5(18).9.1915 рас. войскі без бою пакінулі Вільню і працягвалі адступленне на ўсход. Пасля складанай перагрупоўкі яны павольна перайшлі ў контрнаступленне і выцеснілі немцаў з раёна Маладзечна, Вілейкі да азёр Свір і Нарач. У пач.кастр. 1915 Свянцянскі прарыў ліквідаваны.
Герм. наступленне выклікала неабходнасць эвакуацыі на ўсход прадпрыемстваў і ўстаноў. Яна праходзіла неарганізавана, з вял. стратамі. З зах. Беларусі ва ўмовах хуткага наступлення немцаў удалося эвакуіраваць толькі асобныя фабрыкі і заводы; з Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губ. эвакуацыя прадпрыемстваў абароннага значэння была арганізавана лепш. Усяго за гады вайны з Беларусі вывезена або дэманціравана 432 прадпрыемствы, у 1915 таксама эвакуіравана 201 навуч. ўстанова.
Адначасова з перамяшчэннем абсталявання і маёмасці на ўсход рушыў вял. паток бежанцаў. Многія бежанцы, знясіленыя голадам і эпідэміямі, гінулі ў дарозе. Паводле прыблізных звестак, з Беларусі сышлі ў бежанства да 1,5 млн.чал. Больш за ўсё бел. бежанцаў асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Саратаўскай, Калужскай губ., у Петраградзе і Маскве. Для дапамогі ім у сак. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у студз. 1916 — Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Дзейнічалі таксама аналагічныя польскія, літоўскія, яўрэйскія т-вы.
Агульным вынікам наступлення ням. войск у 1915 стала акупацыя імі Царства Польскага, часткі Латвіі, Літвы і зах. Беларусі. У кастр. 1915 рас.-нямецкі фронт надоўга стабілізаваўся па лініі Зах. Дзвіна—Дзвінск—Паставы—Смаргонь—Баранавічы—Пінск, падзяліўшы этнічную тэр. беларусаў на дзве часткі.
З мэтай дамагчыся рэваншу рас. камандаванне правяло ў сак.Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова, а ўлетку 1916 ажыццявіла наступленне сіламі Зах. фронту, якія павінны былі наносіць гал. ўдар (але ў ходзе Баранавіцкай аперацыі 1916 не дасягнулі поспеху) пры падтрымцы войск Паўд.-Зах. фронту, чые дзеянні мелі вынікам прарыў аўстра-венгерскіх пазіцый.
Акупіраваная ўвосень 1915 зах. частка бел. этнічнага абшару была ўключана немцамі ў ваен.-адм. акругі «Літва» (уваходзілі Ковенская, Віленская і Сувалкаўская губ.) і «Беласток—Гродна». Разам з акругай «Курляндыя» яны падпарадкоўваліся Гал. камандаванню Усх. фронту (Обер Ост). На ўсход ад лініі Дукшты—Нова-Свянцяны—Варняны—Медзішкі—Воранава—Ліда—Дзятлава—Ваўкавыск—Свіслач—Белавежа—Высокае—р. Буг да лініі ням.-рас. акопаў праходзіла ваен.-аперацыйная паласа, якая знаходзілася пад кантролем ням. этапных інспекцый. Парадак кіравання акупіраванымі землямі быў нацэлены на першачарговае задавальненне інтарэсаў Германскай імперыі і яе арміі. Нягледзячы на развал эканомікі і абязлюдзенне краю ў выніку баявых дзеянняў, немцы інтэнсіўна эксплуатавалі яго гасп. і працоўныя рэсурсы. Сістэматычна ўчыняліся масавыя рэквізіцыі харч. прадуктаў, жывёлы, футра і г.д. Пад выглядам штрафаў за розныя правіннасці ажыццяўляліся грашовыя паборы. Выпампоўванню сродкаў з мясц. насельніцтва служыла сістэма шматлікіх падаткаў, пошлін, даходаў ад дзярж. манаполій. Дзеля нарыхтоўкі драўніны масава высякаліся лясы, асабліва ў Белавежскай пушчы. На ваен. аб’ектах, у сельскай гаспадарцы і лесанарыхтоўках выкарыстоўвалася прымусовая праца мясц. насельніцтва. Несанкцыянаваная паліт. дзейнасць была забаронена. Выключна строга кантраляваліся перамяшчэнні жыхароў.
Нац.-культ. палітыка акупантаў мела на мэце, з аднаго боку, як мага больш выразнае адасабленне краю ад Расіі, з другога — нейтралізацыю тут польскіх уплываў, якія ўзмацніліся пасля сыходу ў бежанства значнай часткі бел. праваслаўнага насельніцтва. Акупац. ўлады ўзялі курс на пераважную падтрымку літ., бел., яўр. культуры. У школах краю навучанне па-руску забаранялася, як абавязковы прадмет уводзілася ням. мова. Выкладанне навуч. дысцыплін магло ажыццяўляцца на ням. або роднай мове вучняў. Падкрэслівалася, што бел. мова не ідэнтычная рускай і дапускаецца без абмежаванняў. Поруч з інш. мовамі бел. мова пачала ўжывацца ў зваротах улад да насельніцтва, друкаваліся нямецка-бел. пашпарты, дазвалялася адчыняць бел. школы. Першая бел. пачатковая школа пачала працаваць у Вільні ў ліст. 1915. Восенню 1916 рэарганізавана ў беларускую Свіслацкая настаўніцкая семінарыя, адкрыты бел. настаўніцкія курсы ў Вільні. Паводле афіц. нямецкіх звестак, у снежні 1917 на тэр. Обер Осту налічвалася 50, у сак. 1918—89 бел. школ. З лютага 1916 да канца 1918 у Вільні выходзіла бел. грамадска-паліт. і літ. газета «Гоман».
Змяненне ў ходзе вайны геапалітычнай сітуацыі паставіла на парадак дня і праблему дзярж.-паліт. самавызначэння беларусаў. У першыя гады вайны бел.нац. актывісты, што дзейнічалі ў Вільні, спрабавалі рэалізаваць ідэю самавызначэння шляхам аднаўлення шматнацыянальнай дзяржавы на ўзор Вялікага княства Літоўскага. Для дасягнення гэтай мэты ў канцы 1915 арганізаваны блок літоўскіх, беларускіх, польскіх і яўрэйскіх палітыкаў — Канфедэрацыя Вялікага княства Літоўскага. Але кіраўнікі літ. руху неўзабаве адышлі ад гэтага праекта, асцерагаючыся колькаснай перавагі беларусаў і верагоднага культ.-паліт. дамінавання палякаў у мяркуемай супольнай дзяржаве. Вылучыўшы на першы план мэту стварэння ўласнай этнанацыянальнай дзяржавы, літоўцы з санкцыі акупац. улад правялі ў вер. 1917 у Вільні Літоўскую канферэнцыю, на якой сфарміравалі Раду Літоўскай зямлі (Тарыбу). У процівагу гэтаму бел. дзеячы склікалі ў студз. ў Вільні Беларускую канферэнцыю 1918, якая ўтварыла орган бел. прадстаўніцтва — Віленскую беларускую раду. Гэта быў крок на шляху да стварэння бел. дзяржавы ў межах рассялення бел. этнасу.
Тэр. Беларусі на ўсход ад лініі ням.-рас. акопаў служыла тылавой зонай рас.Зах. фронту. Ва ўмовах вайны тут хуткімі тэмпамі развіваліся галіны прам-сці, якія працавалі на патрэбы арміі (хлебапякарная, тэкстыльная, абутковая, металаапрацоўчая), астатнія апынуліся ў заняпадзе. У 1916 вытворчасць мірнай прадукцыі ва ўсх. Беларусі складала ўсяго 15—16% ад даваен. ўзроўню. На стан сельскай гаспадаркі згубна паўплывала скарачэнне рабочай сілы ў выніку мабілізацыі і прыцягнення сялян на абарончыя работы. Многія сял. гаспадаркі засталіся без работнікаў-мужчын. Рэквізіцыі коней пакінулі шмат гаспадарак і без цяглавай сілы. У выніку пасяўныя плошчы пад асн. культурамі скараціліся ў 1917 (у параўнанні з 1914) на 15,6%, пагалоўе жывёлы ў 1916 — на 11,4%. За гады вайны адбылося істотнае абясцэньванне рубля: да пач. 1917 яго рэальная пакупная здольнасць знізілася да 27 капеек (паводле інш. падлікаў — да 14 кап.). Усё гэта значна пагоршыла становішча шырокіх мас народа. Ва ўсх. Беларусі ў сувязі з наплывам вайскоўцаў і бежанцаў вострыя формы набыў харчовы крызіс, дэфіцыт прадметаў першай неабходнасці, жыллёвая праблема. У 1916 над гарадамі навісла пагроза голаду. З-за недаядання рэзка вырасла захваральнасць людзей.
Эканам. бязладдзе, зніжэнне жыццёвага ўзроўню, згасанне надзей на хуткую перамогу развейвалі вернападданніцкі энтузіязм. З 1915 заўважалася ажыўленне рабочага руху, нарастала колькасць сял. хваляванняў. Гібель соцень тысяч людзей на фронце, недастатковае забеспячэнне войска ўзбраеннем, харчаваннем і амуніцыяй паглыблялі незадаволенасць з боку вайскоўцаў. Шматтысячнае выступленне салдат і матросаў на Гомельскім размеркавальным пункце ў кастр. 1916 стала адным з сімптомаў разлажэння арміі — гал.узбр. апоры царскага рэжыму. Адначасова нарасталі апазіцыйныя настроі ў асяроддзі паліт. і інтэлектуальнай эліты. У 1916 актывізавалася антыўрадавая апазіцыя ў Дзярж. думе Расіі. Цэнтрам апазіцыі стала фракцыя кадэтаў на чале з П.М.Мілюковым. Сярод насельніцтва распаўсюджваліся чуткі пра здрадніцтва ва ўрадзе, у вярхах арміі і нават у царскай сям’і. Уцягнуўшыся ў 1-ю сусв. вайну, Рас.імперыя паставіла сябе на грань усёабдымнага, сістэмнага крызісу.
Літ.:
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Савицкий Э.М. Революционное движение в Белоруссии (август 1914 — февраль 1917 гг.). Мн., 1981;
Первая мировая война: Указ. лит. 1914—1993 / Сост. В.И.Бабенко, Т.М.Демина. М., 1994;
Весялкоўскі Ю. Беларусь у першай сусветнай вайне: (Гіст. нарыс). Беласток; Лондан, 1996;
Первая мировая война: Пролог XX в М., 1998;
Россия и первая мировая война: (Материалы науч. колоквиума). СПб., 1999;
Зайончковский А.М. Первая мировая война. СПб., 2000;
Бежанства 1915 года. Беласток, 2000;
Мировые войны XX века: В 4 кн. Кн. 1. Первая мировая война: Ист. очерк; Кн. 2. Первая мировая война: Док. и материалы. М., 2002.
С.С.Рудовіч.
Рускія акопы на Заходнім фронце 1915.Лагер бежанцаў у Слуцку. 1915.Лістоўка, выдадзеная Беларускім таварыствам у Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. 1916.Першая сусветная вайна. Гарыць беларуская вёска.