ПАРО́Г ЧУ́ТНАСЦІ,

найменшае значэнне гукавога ціску, пры якім гук дадзенай частаты можа ўспрымацца вухам чалавека. Залежыць ад частаты гуку, узросту, фізіял. стану і трэніраванасці чалавека. Пры наяўнасці шуму ці інш. гукавых раздражненняў П.ч. дадзенага гуку павышаецца. П.ч. вывучаецца метадамі аўдыёметрыі. Іл. гл. да арт. Гук.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТАКРА́ТЫЯ,

1) палітычны лад, пры якім вярхоўная паліт. і заканадаўчая ўлада, выканаўчыя органы і кіраванне гаспадаркай належаць і падпарадкоўваюцца адзінай партыі, якую, як лічыцца, падтрымлівае ўвесь народ.

2) Вузкі слой парт. бюракратыі, якая фактычна сканцэнтроўвае ў сваіх руках уладу ў партыі і ў краіне.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛОСКАПАРАЛЕ́ЛЬНЫ РУХ цвёрдага цела,

механічны рух, пры якім усе пункты цела перамяшчаюцца паралельна некат. нерухомай плоскасці. Вывучэнне П.р. зводзіцца да разгляду руху нязменнай плоскай фігуры ў яе плоскасці, што адпавядае паступальнаму руху фігуры разам з выбраным полюсам і яе вярчальнаму руху вакол гэтага полюса.

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,

від ацяплення, пры якім асн. колькасць цяпла ў памяшканне перадаецца выпрамяненнем. Ацяпляльныя прылады размяшчаюць у сценах, пад столлю або ў перакрыццях. Цепланосьбітам служаць гарачая вада, радзей пара ці нагрэтае паветра. Выкарыстоўваюцца таксама інфрачырвоныя газавыя ці эл. выпрамяняльнікі. Часам да П.а. адносяць панэльнае ацяпленне.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНЫ ЗА́ПІС,

сістэма запісу і ўзнаўлення інфармацыі, заснаваная на выкарыстанні аптычнага выпрамянення. Пры запісе аптычнае выпрамяненне, мадуляванае сігналамі інфармацыі, што запісваецца, уздзейнічае на аптычны носьбіт даных (фотаплёнку, аптычны дыск, фотахромны матэрыял, ферамагн. плёнку і інш.) і стварае ў ім устойлівыя лакальныя змены фіз. уласцівасцяў (каэф. адбіцця ці паглынання, колеру, намагнічанасці і г.д.), адпаведныя зыходнаму сігналу. Пры ўзнаўленні адбываецца адваротны працэс: счытвальны прамень пры ўзаемадзеянні з носьбітам мадулюецца па інтэнсіўнасці і потым з яго вылучаюцца сігналы інфармацыі. Па спосабе запісу адрозніваюць сістэмы фатаграфічнага запісу, галаграфічнага (гл. Галаграфія), сістэмы з запісам на аптычных дысках і інш. Існуюць аналагавы аптычны запіс, пры якім фіксуюць усе значэнні ўваходнага сігналу ў пэўным дыяпазоне частот, і лічбавы, пры якім уваходныя сігналы падлягаюць квантаванню (дыскрэтызацыі), а затым пераўтвараюцца ў двайковыя лічбы для запісу на носьбіце (у выглядзе кода).

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРС у эканоміцы,

фактычны (у адрозненне ад намінальнага) кошт, па якім на фондавых біржах ажыццяўляюцца здзелкі па куплі-продажы каштоўных папер. К. аблігацый — кошт, па якім прадаюцца і купляюцца аблігацыі дзярж. пазык. Намінальны кошт аблігацый вызначаецца пры іх выпуску. Ён уключаецца ў дзярж. доўг і выплачваецца трымальнікам аблігацый у момант пагашэння. Для продажу аблігацый банкам дзяржава вызначае эмісійны (гл. Эмісія) кошт, які звычайна ніжэйшы за намінальны. Рыначны курс (кошт) аблігацый вызначаецца шляхам каціроўкі на рынку крэдытных капіталаў і друкуецца ў біржавых бюлетэнях. К. акцый — прадажны кошт акцый. Вызначаецца на фондавай біржы. Ва ўмовах свабоднага рынку ён не з’яўляецца пастаяннай велічынёй, а залежыць ад попыту і прапановы на дадзены від акцый. У перыяды крызісаў К.а. падаюць, у перыяды эканам. уздымаў павышаюцца. Гл. таксама Валютны курс.

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫПЕРЫСТА́ЛЬТЫКА (ад анты... + перыстальтыка),

хвалепадобнае скарачэнне сценак полых трубчастых органаў (стрававальнага тракту, страўніка, мачаточнікаў і інш.) чалавека і жывёл, пры якім іх змесціва перамяшчаецца ў напрамку, адваротным звычайнаму. Фізіял. ўласцівасць тоўстых кішак. У тонкіх кішках, страўніку ў норме адсутнічае, узнікае пры рвоце і некаторых паталаг. з’явах.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯНО́ЧАК», «Вяночкі»,

бел. сцэнічны танец, у якім сінтэзаваны тыповыя рысы дзявочых карагодаў. Вызначаецца лірычнасцю і дэкаратыўнасцю. Муз. памер 24. Тэмп умераны. Створаны К.Мулерам для пастаноўкі нац. балета «Князь-возера» В.​Залатарова (1949), увайшоў у рэпертуар Дзярж. ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, самадз. калектываў.

Ю.​М.​Чурко.

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАРА́Д,

паслядоўнасць муз. тонаў якой-н. сістэмы (ладу, строю) у пэўным парадку (узыходным ці сыходным), абертонаў (натуральны гукарад), гукаў, якія можна здабыць на пэўным муз. інструменце, а таксама ўсіх гукаў, што выкарыстаны ў якім-н. муз. творы, яго частцы, асобнай муз. тэме. Гукарад танальнасці наз. гамай.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТЭРМІ́ЧНАЯ СТУПЕ́НЬ,

інтэрвал глыбінь у зямной кары, на якім т-ра павышаецца на 1 °C. У сярэднім складае 30—40 м; у крышт. пародах большы (120—200 м), чым у асадкавых. Чым меншая геатэрмічная ступень, тым хутчэй нарастае т-ра з глыбінёй. Гл. таксама Геатэрмічны градыент.

т. 5, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)