ЛІБІ́ЛА,

у беларусаў прылада для лоўлі ракаў. Да завостранай на адным канцы палкі ўнізе прывязвалі мяса жабы, малюскаў. Ракаў, што прычапіліся да прылады, выцягвалі на паверхню вады. Была пашырана ў канцы 19 — пач. 20 ст.

т. 9, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРО́К, адказ, выхад,

права селяніна ў ВКЛ на пераход ад аднаго феадала да другога; тое, што і выхад сялянскі.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

...ГАМІЯ (ад грэч. gamos шлюб), другая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да шлюбу, напр., аагамія, аўтагамія.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫЁНЫ,

цяжкія (у параўнанні з электронамі) элементарныя часціцы з напаўцэлым спінам і масай, не меншай за масу пратона; удзельнічаюць ва ўсіх вядомых фундаментальных узаемадзеяннях. Належаць да адронаў і складаюцца з 3 кваркаў, што і вызначае іх квантавыя лікі (дзіўнасць, чароўнасць, прыгажосць і інш.). Да барыёнаў адносяцца нуклоны, гіпероны і некаторыя рэзанансы.

Адзіны стабільны барыён — пратон, усе астатнія нестабільныя і паслядоўным распадам ператвараюцца ў пратон і лёгкія часціцы. Гэты эксперым. факт прывёў да ўвядзення ў 1938 новага квантавага ліку — барыённага зараду і ўстанаўлення закону яго захавання. Дакладнасць, з якой выконваецца закон захавання барыённага зараду, характарызуе ўстойлівасць пратона, эксперым. час жыцця якога перавышае 10​32 гадоў, што ў сваю чаргу забяспечвае стабільнасць Сусвету.

А.​І.​Болсун.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГНУСА ЭФЕ́КТ,

узнікненне папярочнай сілы, якая дзейнічае на цела, што верціцца ў патоку вадкасці або газу. Адкрыты ў 1892 ням. вучоным Г.​Г.​Магнусам.

Напр., пры абцяканні бясконца доўгага кругавога цыліндра, які верціцца, безвіхравым патокам, накіраваным перпендыкулярна да яго ўтваральных, з прычыны вязкасці вадкасці скорасць цячэння з таго боку, дае напрамкі скарасцей патоку і вярчэння цыліндра супадаюць, павялічваецца, а дзе яны процілеглыя — памяншаецца. У выніку ціск на адным баку памяншаецца, а на другім павялічваецца, што прыводзіць да ўзнікнення папярочнай сілы. Аналагічная сіла ўзнікае і пры абцяканні патокам паветра шара, які верціцца, чым тлумачыцца непрамалінейны палёт закручанага тэніснага ці футбольнага мяча.

Да арт. Магнуса эфект: v→ — скорасць патоку вадкасці або газу; F→ — папярочная сіла.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРМО́,

1) драўляная вупраж для валоў і інш. рабочай буйн. раг. жывёлы. Бывае парнае (на пару валоў) і адзінарнае (баўкун, ярэмец). Складалася з падоўжанага корпуса з двума плаўнымі паглыбленнямі, у якія ўпіраліся каркі валоў, і ніжняга бруска, што разам са штырамі ўтвараў раму. Нярэдка ніжнюю частку рамнага корпуса замянялі Г-падобныя кульбакі або лукі, што ў рабочым стане агіналі шыю жывёлы. Найб. архаічнае Я. нарожнае (мацавалася да рагоў). Ярэмная (ярэмна-дышальная) вупраж была пашырана ў зах. ч. Беларусі і на Палессі, дзе яна бытавала да сярэдзіны 20 ст. 2) У пераносным сэнсе — няволя, прыгнёт, уціск.

В.​С.​Цітоў.

Да арт. Ярмо. Валы ў ярэмнай запрэжцы. Пач. 20 ст.

т. 18, кн. 1, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБАРАЧА́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

хімічныя рэакцыі, што адбываюцца толькі ў адным напрамку. Прыводзяць да поўнага ператварэння зыходных рэчываў у канчатковыя прадукты, якія не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Да Н.р. адносяцца, напр., рэакцыі гарэння, раскладання выбуховых рэчываў. Гл. таксама Абарачальныя рэакцыі.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХРАМА..., ХРОМА..., ...ХРОМ (ад грэч. chroma колер, фарба),

часткі складаных слоў, якія паказваюць на адносіны да колеру, афарбоўкі (напр., храмафоры, хромалітаграфія, цытахромы), а таксама да хрому і яго злучэнняў, што ўваходзяць у састаў фарбавальных прэпаратаў (напр., хромамагнезіт).

т. 17, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́ЙЦЫ, арыі,

індаеўрапейскія плямёны, што ў 4—3-м тысячагоддзях да нашай эры насялялі стэпавую зону паўднёва-ўсходняй Еўропы (паводле іншых звестак — Поўдзень Сярэдняй Азіі і прылеглую да яго тэрыторыю Іранскага плато). Размаўлялі на мове, якая была ранняй формай санскрыту. У канцы 2-га тысячагоддзя да нашай эры. Арыйцы праніклі ў Іран і Індыю, што паводле адной з версій, прывяло да гібелі Інда даліны цывілізацыі і распаўсюджання культуры шэрай размаляванай керамікі. Арыйцы эпохі «Рыгведы» (канец 2-га — пачатак 1-га тысячагоддзя да нашай эры) яшчэ не ведалі жалеза і карысталіся меднымі прыладамі працы, посуд выраблялі ўручную. У іх існавалі культы каня, птушак і агню. Разглядаюцца як непасрэдныя продкі сучасных індаіранскіх і большасці еўрапейскіх народаў. Ад слова «арыйцы» паходзіць шэраг геаграфічных і этнічных назваў (Іран, даліна Ганга Ар’яварта і іншыя). Гл. таксама Арыйская раса.

Ж.​А.​Коршун.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРО́Н (ад грэч. neuron нерв, жыла), нервовая клетка, нейрацыт,

асноўная структурная і функцыян. адзінка нерв. сістэмы, якая валодае спецыфічнымі праяўленнямі ўзбуджальнасці. Здольны ўспрымаць сігналы, перапрацоўваць іх у нерв. імпульсы і праводзіць да нерв. канцоў, што маюць кантакт з інш. Н. або эфекторнымі органамі (мышцы, залозы). Утвараюцца ў эмбрыягенезе з нейрабласта на стадыі нерв. трубкі. Гал. структурная асаблівасць — наяўнасць адросткаў (аксонаў і дэндрытаў), якія адыходзяць ад цела клеткі. Успрымальная ч. Н. — разгалінаваныя дэндрыты. Сумацыя мясц. працэсаў узбуджэння і тармажэння выклікае нерв. імпульсы. Яны распаўсюджваюцца ад цела клеткі па аксоне да нерв. канцоў, што выслабаняюць медыятар, які прыводзіць да актывацыі мембран нерв. клетак, што ўспрымаюць імпульсы. Адрозніваюцца Н. формаю цела (пірамідныя, многавугольныя, круглыя, авальныя), памерам (5—150 мкм) і колькасцю адросткаў. Паводле функцый бываюць Н. чуллівыя (сенсорныя), якія ўспрымаюць сігналы з вонкавага ці ўнутр. асяроддзя, асацыятыўныя — звязваюць Н. паміж сабой і рухальныя, што перадаюць нерв. імпульсы ад Н. да выканаўчых органаў. Паслядоўнае сінаптычнае аб’яднанне чуллівых, асацыятыўных і рухальных Н. утварае рэфлекторную дугу. Паводле характару ўздзеяння Н. на клеткі, з якімі яны маюць кантакт пры дапамозе сінапсаў, адрозніваюць узбуджальныя і тармазныя Н., паводле тыпу выдзеленага медыятара — норадрэнэргічныя, пептыдэргічныя, халінэргічныя і інш. Нейрасакраторныя Н. выпрацоўваюць і выдзяляюць нейрагармоны. Для Н. характэрны высокі ўзровень абмену рэчываў, асабліва сінтэзу бялкоў і РНК. У філагенезе колькасць Н. павялічваецца і дасягае ў чалавека некалькіх мільярдаў. У большасці жывёл дыферэнцыраваныя Н. не дзеляцца.

А.​С.​Леанцюк.

Нейрон: 1 — цела клеткі; 2 — дэндрыт; 3 — аксон.

т. 11, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)