МАЛЕКУЛЯ́РНЫ ГЕНЕРА́ТАР,

квантавы генератар, у якім незатухальныя ваганні падтрымліваюцца вымушаным выпрамяненнем пучка ўзбуджаных малекул або атамаў; разнавіднасць мазера. Выкарыстоўваецца як актыўны квантавы стандарт частаты ў службе часу (гл. Квантавы гадзіннік), у касм. навігацыі, геадэзіі, картаграфіі, як радыёспектраскоп высокага раздзялення пры даследаваннях малекул аміяку, атамаў азоту і вадароду, а таксама іх ядраў.

Першы М.г. на малекулах аміяку створаны ў 1955 М.Г.Басавым і А.М.Прохаравым і незалежна амер. фізікам Ч.​Таўнсам. Пучок малекул аміяку накіроўваўся ў сартавальнае прыстасаванне, праз якое ў аб’ёмны рэзанатар праходзілі толькі ўзбуджаныя часціцы. Пучок, які пралятае праз настроены на частату малекулярнага пераходу рэзанатар, выпрамяняе лішак сваёй энергіі. Вызначаецца высокімі стабільнасцю частаты генерацыі і монахраматычнасцю.

Л.​М.​Арлоў.

Схема малекулярнага генератара.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЫ ЗАХАВА́ННЯ ЗАКО́Н,

адзін з захавання законаў, які ўстанаўлівае пастаянства масы рэчыва пры яго ператварэннях і ўзаемадзеяннях. Адкрыты эксперыментальна пры вывучэнні хім. рэакцый (М.​В.​Ламаносаў, 1756; А.​Лавуазье, 1770).

Як асобны закон М.з.з. дзейнічае ў класічнай механіцы, дзе скорасць часціц V значна меншая за скорасць святла ў вакууме C (V≪C) і не адбываецца пераўтварэнняў часціц. У адноснасці тэорыі ўстаноўлена ўзаемасувязь энергіі спакою часціцы з яе масай і таму законы захавання масы і энергіі аб’яднаны ў энергіі захавання закон, які пры пэўных умовах выконваецца ў класічнай і ў рэлятывісцкай механіцы (дзе V~C), а таксама ў ядз. рэакцыях і інш. працэсах пераўтварэння элементарных часціц (гл. Дэфект мас, Энергія сувязі).

А.​І.​Балсун.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ ПО́ЯС,

вобласць каляземнай (каляпланетнай) прасторы з інтэнсіўнымі патокамі энергічных зараджаных часціц (пратонаў, электронаў, іонаў).

Адкрыты ў 1958—60 пры даследаванні касмічных прамянёў ШСЗ. Зараджаныя часціцы ў Р.п. пад дзеяннем магнітнага поля планеты рухаюцца па складаных траекторыях з Паўн. паўшар’я ў Паўд. і наадварот. У Зямлі адрозніваюць унутраны і знешні Р.п. Унутраны мае макс. шчыльнасць часціц (пераважна пратонаў) над экватарам на вышыні 3—4 тыс. км, знешні электронны Р.п. — на вышыні каля 22 тыс. км. Заўважана сувязь часовых варыяцый інтэнсіўнасці часціц знешняга Р.п. Зямлі з магн. бурамі. Магутныя Р.п. маюць Юпітэр і Сатурн. Вывучэнне Р.п. важнае для ацэнкі ступені небяспекі пры палётах касм. лятальных апаратаў. Гл. таксама Магнітасфера, Сонечны вецер.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 13, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КУУМ у квантавай тэорыі поля,

асноўны (энергетычна найніжэйшы) стан квантавых палёў, узбуджэнні якога супастаўляюцца адпаведным элементарным часціцам. Характарызуецца мінім. энергіяй, нулявымі імпульсамі, момантам імпульсу, эл. зарадам і інш. квантавымі лікамі. Пад вакуумам разумеюць таксама стан поля, дзе адсутнічаюць якія-н. рэальныя часціцы.

Флуктуацыі вакууму тыпу часціца — антычасціца абумоўліваюць спантаннае выпрамяненне атамаў, рассеянне святла па святле, зрух атамных узроўняў, экранаванне эл. зараду і антыэкранаванне каляровага зараду ў квантавай хромадынаміцы (т.зв. асімптатычная свабода). Вакуум можа мець іншую сіметрыю, чым ураўненні зыходнай квантавай тэорыі (напр., В.​Хігса, θ — вакуум). Вакуум нагадвае кандэнсаванае асяроддзе, таму ў ім могуць адбывацца палярызацыя, фазавыя пераходы і інш. эфекты, якія вывучаюцца і ў шэрагу выпадкаў з высокай дакладнасцю пацверджаны эксперыментальна.

Літ.:

Гл. пры арт. Квантавая тэорыя поля.

Я.​А.​Таўкачоў.

т. 3, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,

тэмпература, якая адлічваецца ад абсалютнага нуля. У тэрмадынаміцы вызначана ў вобласці дадатных т-р, дзе працягваецца на +∞. Вымяраецца ў кельвінах. Асн. рэперны пункт шкалы абсалютная тэмпература — т-ра трайнога пункта вады. Параметр стану сістэмы многіх часціц, якая знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі (пры гэтым абсалютная тэмпература ўсіх яе макраскапічных падсістэм аднолькавая). Пры звычайных умовах у стане раўнавагі часціцы размеркаваны па энергіях так, што на высокіх узроўнях знаходзіцца менш часціц, чым на нізкіх (гл. Больцмана размеркаванне). Абсалютная тэмпература +∞ адпавядае раўнамернае размеркаванне часціц па ўсіх узроўнях энергіі, адмоўнай — т.зв. інверсная заселенасць узроўняў энергіі (на высокіх узроўнях больш часціц, чым на нізкіх). Таму лічаць, што з пунктам +∞ супадае пункт -∞, вышэй за якім знаходзіцца вобласць адмоўных т-р.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА-СПЕКТРО́МЕТР,

прылада для вымярэння энергіі квантаў гама-выпрамянення і яго інтэнсіўнасці. Найб. пашыраны сцынтыляцыйныя і паўправадніковыя. Энергія і інтэнсіўнасць патоку гама-квантаў вызначаюцца ўскосна (у крышталь-дыфракцыйных гама-спектрометрах непасрэдна) вымярэннем энергіі і інтэнсіўнасці патоку электронаў або электронна-пазітронных параў, якія выяўляюцца пры ўзаемадзеянні гама-выпрамянення з рэчывам. Асн. характарыстыкі: эфектыўнасць (характарызуецца імавернасцямі ўтварэння і рэгістрацыі другаснай часціцы) і раздзяляльная здольнасць.

У сцынтыляцыйных гама-спектрометрах выкарыстоўваюцца сцынтыляцыйныя лічыльнікі; у паўправадніковых — паўправадніковыя дэтэктары; у вобласці нізкіх энергій гама-квантаў (да 100 кэВ) — газавыя прапарцыянальныя лічыльнікі, крышталь-дыфракцыйныя гама-спектрометры; для вымярэння спектраў высокіх энергій — чаранкоўскія лічыльнікі, якія рэгіструюць выпрамяненне электронна-фатонных ліўняў (гл. Чаранкова—Вавілава выпрамяненне), пузырковыя камеры, у некаторых выпадках — фотарасшчапленне дэйтрона.

А.​В.​Берастаў.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭА́ЛЬНЫ ГАЗ,

тэарэтычная мадэль газу, у якой не ўлічваецца ўзаемадзеянне часціц газу (сярэдняя кінетычная энергія часціц намнога большая за энергію іх узаемадзеяння). Адрозніваюць І.г. класічны і квантавы. Уласцівасці класічнага І.г. апісваюцца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем і яго асобнымі выпадкамі — Бойля—Марыёта законам, Гей-Люсака законам, Шарля законам; часціцы размеркаваны па энергіях у адпаведнасці з Больцмана статыстыкай. Мадэль класічнага І.г. добра апісвае разрэджаныя рэальныя газы пры т-рах, далёкіх ад т-ры іх кандэнсацыі. Пры паніжэнні т-ры або павелічэнні яго шчыльнасці неабходна ўлічваць квантавыя (хвалевыя) уласцівасці часціц І.г., калі даўжыня іх хваль дэ Бройля пры скарасцях, парадку цеплавых, параўнальная з адлегласцямі паміж часціцамі. Пры гэтым квантавы І.г. апісваецца Бозе—Эйнштэйна статыстыкай або Фермі—Дзірака статыстыкай.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССЕ́ЯННЕ МІКРАЧАСЦІ́Ц,

фізічны працэс, пры якім узаемадзеянне часціц (атамаў, малекул, нуклонаў, атамных ядраў і інш.) вядзе да змены іх імпульсу. Пры Р.м. з невялікай энергіяй выяўляюцца іх хвалевыя ўласцівасці і працэс нагадвае рассеянне святла, пры Р.м. з высокай энергіяй — карпускулярныя ўласцівасці. Бывае пругкае і няпругкае (разам са зменай імпульсу часціц змяняюцца іх унутр. станы ці ўтвараюцца новыя часціцы).

Важнейшая колькасная характарыстыка Р м. — эфектыўнае сячэнне, вымярэнне якога дае магчымасць даследаваць унутр. структуру часціц і вывучаць законы іх узаемадзеяння (гл. Рэзерфарда формула). Класічная тэорыя Р.м. грунтуецца на законах класічнай механікі. У квантавамех. тэорыі Р.м. апісваецца матрыцай рассеяння, праз элементы якой выражаюцца вымераныя фіз. велічыні (сячэнне рассеяння, палярызацыя часціц і інш.). Р.м. пры высокіх энергіях апісваецца метадамі квантавай тэорыі паля.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАСВЕ́Т І МІКРАСВЕ́Т,

сферы аб’ектыўнай рэчаіснасці, якія адрозніваюцца структурным узроўнем матэрыі. Кожная сфера характарызуецца своеасаблівасцю будовы матэрыі, прасторава-часавых і прычынных адносін, заканамернасцей руху. Макрасвет — гэта звычайны свет, дзе жыве і дзейнічае чалавек (планеты, зямныя целы, крышталі і інш.). Аб’екты макрасвету маюць рэзка выяўленую карпускулярную або хвалевую прыроду і іх рух падпарадкаваны дынамічным законам класічнай механікі. Сфера мікрасвет у — аб’екты, недаступныя непасрэднаму назіранню (малекулы, атамы, ядры атамныя, элементарныя часціцы і інш.). Для з’яў мікрасвету характэрна цесная сувязь карпускулярных і хвалевых уласцівасцей, што адлюстроўваецца ў статыстычных законах квантавай механікі. Своеасаблівая мяжа паміж М. і м. усталявана ў сувязі з адкрыццём пастаяннай Планка — кванта дзеяння. Спецыфіка кожнай сферы знаходзіць сваё адлюстраванне ў пазнанні, прыводзіць да абмежавання дастасоўнасці старых фіз. тэорый і ўзнікнення новых (адноснасці тэорыя, квантавая механіка, фізіка элементарных часціц).

т. 9, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ РА́ДЫУС у агульнай тэорыі адноснасці,

радыус паверхні (сферы Шварцшыльда) у гравітацыйным полі сферычнага невярчальнага цела, на якой сіла прыцягнення імкнецца да бясконцасці; выпрамяненне ад крыніцы на гэтай паверхні мае бясконцае гравітацыйнае чырвонае зрушэнне. Гравітацыйны радыус вызначаецца масай цела M і роўны rg = 2GM/c​2, дзе G — гравітацыйная пастаянная, c — скорасць святла ў вакууме.

Гравітацыйны радыус астр. аб’ектаў надзвычай малы ў параўнанні з іх сапраўднымі памерамі, напр., для Зямлі rg = 0,9 см, для Сонца rg = 3 км. Пры рэлятывісцкім гравітацыйным калапсе цела дасягае памераў, меншых за гравітацыйны радыус, і ніякія сілы не здольныя спыніць яго далейшага сціскання пад уздзеяннем сіл прыцягнення. Сфера Шварцшыльда з’яўляецца «гарызонтам падзей» для вонкавага назіральніка (з-пад яе не могуць выходзіць ні выпрамяненне, ні часціцы), таму вобласць r < rg наз. шварцшыльдаўскай чорнай дзірой, а сферу r = rg — шварцшыльдаўскай паверхняй.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)