ПРЫЁНАВЫЯ ХВАРО́БЫ,

інфекцыйныя хваробы чалавека і жывёл, якія выклікаюцца асаблівымі бялкамі — прыёнамі. Крыніца інфекцыі для чалавека — мяса (магчыма, і малако) хворых кароў, для жывёл — харч. дабаўкі (касцявая або мясная мука, прыгатаваная з хворых жывёл). У чалавека П.х. выклікаюць павольнае згасанне рэфлексаў ног, гіпатанію, зніжэнне адчувальнасці, парушэнне голасу і глытання, развіццё слепаты, глухаты, расстройствы псіхікі і смерць ад маразму. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх месяцаў да дзесяткаў гадоў. Для чалавека апісаны 6 назалагічных форм П.х.: куру, хвароба Кройтцфельта—Якаба, амітрафічны лейкаспангіёз (апісаны на Беларусі В.А.Вацяковым, Х.А.Протасам, 1957), сіндром Герстмана—Страўслера, фатальная сямейная бяссонніца, прыёнасацыіраваная міяпатыя. У жывёл найб. вылучаюць спангіяформную энцэфалапатыю буйной рагатай жывёлы (т. зв. «шаленства кароў»), ад мяса якіх адбываецца заражэнне людзей (скрыты перыяд у людзей 5—35 гадоў). Захворванне абумоўлена губчастым перараджэннем галаўнога мозга. Дыягностыка П.х. праводзіцца на аснове клінічных даных, заражэння лабараторных жывёл, электроннай мікраскапіі і інш. Асн. прафілакт. мерапрыемствы — вет. нагляд.

Літ.:

Амиотрофический лейкоспонгиоз. Мн., 1990;

Шлопов В.Г. Прионовые инфекции: медико-социал. и экол. проблемы. Киев, 2000.

А.​Л.​Астапаў.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАБІЯЦЭНО́З,

аграцэноз (ад агра... + біяцэноз), біялагічнае згуртаванне пасяўных культур, пустазелля, жывёл і мікраарганізмаў, створанае ў выніку с.-г. дзейнасці чалавека. У адрозненне ад натуральнага біяцэнозу мае абмежаваны склад раслінных і жывёльных кампанентаў (у аснове культываваныя чалавекам расліны), слаба выяўленае самарэгуляванне, але большую біял. прадукцыйнасць. Комплексы інш. арганізмаў фарміруюцца ў выніку натуральнага адбору і рэгулявальнай дзейнасці чалавека. Аграбіяцэнозы займаюць каля 10% усёй паверхні сушы.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАНТАЦЭФАЛЁЗЫ,

інвазійныя захворванні (гельмінтозы) жывёл, зрэдку чалавека, якія выклікаюцца калючагаловымі чарвямі — скрэбнямі (акантацэфаламі). Паразітуюць у кішэчніку свіней, сабак, лісоў, ваўкоў, барсукоў, качак, рыб, чалавека. На Беларусі найб. небяспечныя макракантарынхоз, палімарфоз, філікалёз, эхінарынхоз і памфарынхоз. Крыніца інвазіі — хворыя жывёлы, што заражаюцца акантацэфалёзамі пры паяданні прамежкавых гаспадароў (малюскаў, ракападобных, насякомых), у целе якіх знаходзяцца лічынкі скрэбняў (акантэлы).

Узбуджальнік акантацэфалёзаў Polymorphus magnus (самец).

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТО́Н ((Martonne) Эмануэль дэ) (1.4.1873, г. Шабры, Францыя — 25.7. 1955),

французскі географ, прадстаўнік франц. школы «геаграфіі чалавека». Чл. Парыжскай АН (1942). Праф. Сарбоны (1909). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы. З 1938 прэзідэнт Міжнар. геагр. саюза (з 1952 ганаровы прэзідэнт). Навук. працы па пытаннях геаграфіі чалавека, агульнай і рэгіянальнай фіз. геаграфіі, краіназнаўстве і інш. Распрацаваў адну з класіфікацый кліматаў Зямлі.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДНЯБЕ́ННЕ,

верхняя сценка ротавай поласці ў пазваночных жывёл і чалавека. У чалавека П. — шчыльная пласцінка, якая раздзяляе ротавую і насавую поласці. Складаецца з касцявога (цвёрдага) і мяккага П. (працяг цвёрдага — з слізістай абалонкі з падслізістай і мышачнага слоя з тлушчавай клятчаткай), якія разам утвараюць верхнюю сценку поласці рота. Пры парушэнні фарміравання зародка могуць узнікаць заганы развіцця П., напр., воўчая зяпа.

т. 11, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ДАЧНІКАЎ (Павел Пятровіч) (29.7.1915, С.-Пецярбург — 2.5.1988),

расійскі кінаакцёр. Нар. артыст СССР (1979). Герой Сац. Працы (1985). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1935). Дэбютаваў у кіно ў 1935 (фільм «Паўналецце»). У лепшых фільмах дасягнуў шматпланавасці вобразаў: «Подзвіг разведчыка» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Далёка ад Масквы» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Утаймавальніца тыграў» (1955), «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна» (1977), «Сібірыяда», «Сюды не заляталі чайкі» (абодва 1979), «Расказ невядомага чалавека» (1981), «Шалёныя грошы» (1982) і інш. Рэжысёр фільмаў «Музыканты аднаго палка» (1965, з Казанскім), «Снягурка» (1970), «Я цябе ніколі не забуду» (1984) і інш.

П.Кадачнікаў у ролі А.​Мярэсьева ў кінафільме «Аповесць пра сапраўднага чалавека».

т. 7, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАБІЯЦЭНО́З (ад антрапа... + біяцэноз),

біяцэноз, які знаходзіцца пад пастаянным уплывам гасп. дзейнасці чалавека.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАТЭРМІ́Я (ад гіпа... + грэч. thermē цяпло),

ахаладжэнне, паніжэнне т-ры цела цеплакроўных жывёл і чалавека ў выніку цеплааддачы, якая перавышае цеплапрадукцыю. Памяншае спажыванне кіслароду органамі і тканкамі арганізма, павышае ўстойлівасць яго да гіпаксіі. Штучная гіпатэрмія выкарыстоўваецца ў хірургіі пры аперацыях на сэрцы, вял. сасудах і нейрахірургічных (траўмы ц. н. с., ацёкі, інтаксікацыі). Пры зніжэнні т-ры цела чалавека да 20—23 °C спыняюцца дыханне, дзейнасць сэрца.

т. 5, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВА́ЗІЯ (ад лац. invasio напад),

пранікненне ў арганізм чалавека, жывёлы і расліны паразітаў жывёльнага паходжання (прасцейшых, кляшчоў, гельмінтаў). Яны трапляюць праз скуру (актыўная І.), плацэнту (унутрычэраўная І.), заносяцца з ядой, вадой (пасіўная І.); здольныя паразітаваць за кошт арганізма гаспадара. Пры ўзаемадзеянні ўзнікаюць пэўныя сімптомы, іншы раз са смяротным зыходам (узаемадзеянне бывае і адносна няшкодным). Інвазійныя працэсы жывёл і чалавека вывучае паразіталогія, раслін — фітапаталогія. Гл. таксама Інвазійныя хваробы.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРАФІ́ЛЫ [ад лац. neuter ні той, ні іншы + ...філ(ы)],

мікрафагі, спецыяльныя лейкацыты, гетэрафілы, адна з форм зярністых лейкацытаў (гранулацытаў) у пазваночных жывёл і чалавека. Дыяметр 9—12 мкм. Цытаплазма мае нейтрафільныя гранулы, лізасомы. Утвараюцца Н. са стваловых крывятворных клетак і праходзяць паслядоўныя стадыі дыферэнцыроўкі. У чалавека Н. складаюць 48—78% лейкацытаў перыферычнай крыві. Асн. іх функцыя — фагацытоз, растварэнне (лізіс) амярцвелых тканак.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)