мінерал групы фельдшпатоідаў, складаны алюмасілікат кальцыю і натрыю, Na6[AlSiO4]Ca2[SO4]S. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Масіўныя, суцэльныя агрэгаты, рэдка крышталі (дадэкаэдры). Колер ад блакітнага да цёмна-сіняга і зеленавата-сіняга. Бляск шкляны да тлустага. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,4 г/см³. Утвараецца ў магнезіяльных і вапняковых скарнах. Сумесь Л. з кальцытам наз. ляпіс-лазурак. Каштоўны вырабны камень; прыродная сіняя фарба (ультрамарын). Радовішчы ў Расіі, Афганістане, Чылі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКАЗІ́Т (позналац. marcasita ад перс. калчадан),
прамяністы калчадан, мінерал класа сульфідаў, сульфід жалеза FeS2. Хім. аналаг пірыту. Змяшчае 46,6% жалеза, часта прымесі нікелю, мыш’яку і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае канкрэцыі, сфераліты, нацёчныя агрэгаты, суцэльныя масы; крышталі таблітчастыя, радзей вострапірамідальныя, прызматычныя. Колер латунна-жоўты.
Бляск металічны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 4,9 г/см³. Трапляецца М. эндагенны ў гідратэрмальных, пераважна жыльных радовішчах, М. экзагенны ў карбанатных пародах, глінах, каменных вуглях. Сыравіна для вырабу сернай кіслаты. Пры акісленні ўтварае ліманіт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫ́Т, серны калчадан, жалезісты калчадан,
найбольш пашыраны мінерал класа сульфідаў, сульфід жалеза, FeS2. Мае жалеза 44,6%, серы 54,3%, дамешкі медзі, золата, нікелю, кобальту, селену, талію і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае крышталі кубічныя (радзей пентагондадэкаэдрычныя і актаэдрычныя) са штрыхоўкай на гранях, зярністыя масы, прарастанні з марказітам і інш. Колер латунна-жоўты. Бляск металічны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 4,9—5,2 г/см³. Палігеннага паходжання. Гал. радовішчы гідратэрмальныя і метасаматычныя. Сыравіна для сернай кіслаты, руда кобальту, золата, медзі, селену і талію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАНІ́Т (ад грэч. rhodon ружа),
мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, сілікат марганцу, CaMn4[Si5O15]. Мае ў сабе аксіду марганцу да 54%, прымесі закісу жалеза да 12%, магнію, алюмінію, цынку. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае тонказярністыя масы, прамяністыя агрэгаты, таблітчастыя крышталі. Колер ад бледнага да ярка-ружовага і чырвонага. Цв. 5—6,5. Шчыльнасць 3,4—3,7 г/см³. Крохкі. Непразрысты, зрэдку (крышталічны) амаль празрысты. Паходжанне кантактава- і рэгіянальна-метамарфічнае, гідратэрмальнае. Парода арлец, складзеная пераважна з Р., выкарыстоўваецца як дэкаратыўна-вырабны камень. Пры выветрыванні ўтварае марганцавыя руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАХРАЗІ́Т (ад грэч. rhodon ружа + chrōsis афарбоўка),
марганцавы шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат марганцу, MnCO3. Мае ў сабе аксід марганцу (да 61,7%), прымесі жалеза, магнію, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя, ныркападобныя агрэгаты, Зямлістыя масы, ромбаэдрычныя крышталі. Колер ружовы, шаравата-белы, зеленавата-шэры. Паўпразрысты, зрэдку да празрыстага. Бляск шкляны з перламутравым адлівам. Цв. 3,5—4. Шчыльнасць 3,7 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гідратэрмальнае, кантактава-метасаматычнае. Выкарыстоўваецца як дэкаратыўны і ювелірна-вырабны (празрысты) камень. Уваходзіць у састаў марганцавых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЯ́КЛЫЯ РУ́ДЫ,
група мінералаў падкласа складаных сульфідаў медзі, якія ўтвараюць ізаморфны рад тэнантыт Cu12As4S13 (мыш’яковістая разнавіднасць) — тэтраэдрыт Cu12Sb4S13 (сурмяністая разнавіднасць). Прымесі серабра (фрайбергіт да 17%), цынку, жалеза, ртуці і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі тэтраэдрычнага, радзей кубічнага і октаэдрычнага выгляду. Часцей зерні і зярністыя агрэгаты. Колер сталёва-шэры да жалезна-чорнага. Бляск металічны. Цв. 3—4,5. Шчыльн. 4,6—5,4 г/см³. Бляклыя руды — гідратэрмальныя мінералы. Лёгка выветрываюцца і замяшчаюцца малахітам, азурытам, купрытам і інш. Другарадныя медныя руды, з іх здабываюць таксама сурму, серабро, ртуць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВІЯНІ́Т (ад прозвішча англ. мінералога Дж.Вівіяна),
мінерал класа фасфатаў, водны фасфат двухвалентнага жалеза Fe3[PO4]2∙8H2O. Прымесі марганцу, магнію, кальцыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчатыя. Зямлістыя і парашкаватыя масы, канкрэцыі. У свежым выглядзе бясколерны, празрысты, на паветры лёгка акісляецца, набываючы блакітную, індыгава-сінюю да чорна-сіняй афарбоўку. Бляск шкляны або зямлісты. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 2,7 г/см³. Асадкавы, радзей гіпергенны, ёсць у многіх тарфяніках. Выкарыстоўваецца як мінер. пігмент (сіняя фарба) і мясц. ўгнаенне. У Беларусі радовішчы вівіяніту ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАКЛА́З (ад арта... + грэч. klasis трэшчына),
мінерал з групы палявых шпатаў, K[AlSi3O8]. Прымесі натрыю, радзей барыю, жалеза, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя (характэрны двайнікі), агрэгаты зярністыя. Бясколерны, белы, шэры, ружовы, чырванаваты і інш. Бляск шкляны. Цв. 5—6,5. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Празрыстыя крышталі артаклазу, найб. чыстыя паводле саставу, наз.адулярам. Паходжанне магматычнае, часткова метамарфічнае; пародаўтваральны мінерал гранітаў, сіенітаў, гнейсаў і інш. На Беларусі пашыраны ў антрапагенных адкладах розных генетычных тыпаў. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРНІЕРЫ́Т (ад прозвішча Франц, геолага Ж.Гарнье),
мінерал класа сілікатаў, нікелевая разнавіднасць серпенціну (Ni, Mg)6 [Si4O10](OH)8. Мае нікелю да 2—5%. Прымесі жалеза, хрому, алюмінію, марганцу. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны канкрэцыі, нацёчныя агрэгаты, шчыльныя, порыстыя і зямлістыя масы. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск матавы. Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,3—2,8 г/см³. На паветры траціць ваду і рассыпаецца ў парашок. Трапляецца ў корах выветрывання ультраасноўных парод і серпенцінітаў. Састаўная ч. сілікатных нікелевых руд. Радовішчы ў Расіі, Казахстане, на в-ве Новая Каледонія.