від стралковай зброі, у якой куля з канала ствала выштурхоўваецца сілай ціску сціснутага паветра ці інш. газу (найчасцей вуглякіслага).
Паводле спосабаў стварэння павышанага ціску П.з. падзяляецца на: спружынна-поршневую з аднаразовым, шматразовым і папярэднім напампоўваннем і пнеўмабалонную. Кулі чашападобныя (свінцовыя) і круглыя (свінцовы шрот і метал. шарыкі), калібр 4,5, 5,0, 5,6 і 6,0 мм; далёкасць палёту кулі да 400 м, пач. скорасць -300 м/с. У Еўропе вядомая з 1430. Сучасную П.з. звычайна вырабляюць у выглядзе дакладных копій пашыраных баявых вінтовак, пісталетаў, рэвальвераў і нават пісталетаў-кулямётаў. Выкарыстоўваюць для навучання стральбе, палявання на дробную дзічыну (эфектыўная далёкасць стральбы каля 40 м), падводнага палявання. Гл. таксама Паляўнічая зброя.
В.І.Вараб’ёў.
Да арт.Пнеўматычная зброя: а — сістэмы пнеўматычнай зброі (1 — спружынна-поршневая з бакавым рычагом узводу; 2 — спружынна-поршневая з падствольным рычагом узводу; 3 — адна- і шматразовага напампоўвання; 4 — папярэдняга напампоўвання са зменнымі паветранымі балонамі); б — пнеўматыкі-імітатары баявой зброі (1 — пнеўмабалонны пісталет, ЗША; 2 — шасцізарадная пнеўмабалонная вінтоўка, Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЖА ПРА́ЦЫ,
установа, пасрэдніцкае звяно паміж працадаўцамі і наёмнай рабочай сілай. На сучасным этапе біржа працы — як правіла, дзярж. структура, з дапамогай якой дзяржава аказвае ўплыў на рынак працы, рэгулюе праблемы працаўладкавання беспрацоўных і тых, хто жадае змяніць прафесію. Біржы працы рэгіструюць свабодную рабочую сілу, вывучаюць попыт на яе ў розных рэгіёнах краіны і свету, даюць інфармацыю аб тым, якія прафесіі і дзе патрэбны, ажыццяўляюць навучанне работнікаў новым прафесіям і прафес. арыентацыю моладзі, а ў некат. краінах выдаюць дапамогу па беспрацоўі.
Узніклі біржы працы ў 1-й пал. 19 ст. ў Германіі і Вялікабрытаніі, затым у Францыі і інш. краінах. На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі створана агульнанац. Біржа працы. У Расіі з’явіліся на пач. 20 ст. пры гар. управах буйных прамысл. цэнтраў; дзейнічалі і платныя прыватныя пасрэдніцкія канторы. У 1918 дэкрэтам «Аб біржах працы» прыватныя бюро і канторы па найме рабочай сілы ліквідаваны і створаны бясплатныя біржы працы (спынілі сваё існаванне ў сувязі з ліквідацыяй беспрацоўя ў 1930-я г.). На Беларусі на сучасным этапе праблемы працаўладкавання вырашаюць дзярж.цэнтры занятасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТАННЕ,
сацыяльна-паліт. з’ява, якая выяўлялася ў паразуменні паміж салдатамі варагуючых армій; найб. яскрава праявілася ў гады 1-й сусв. вайны і мела антываен. накіраванасць. На рус.-герм. фронце братанне пачалося ў 1915—16, пашырылася пасля Лют. рэвалюцыі 1917. На Зах. фронце да крас. 1917 братанне адбывалася стыхійна і зводзілася пераважна да абмену лістоўкамі і рэчамі салдацкага побыту. Першае арганізаванае масавае братанне адбылося 1.5.1917 на ўчастку фронту паміж азёрамі Нарач і Вішнеўскае. Камандаванне праследавала тых, хто братаўся. У час падрыхтоўкі наступлення на фронце ў чэрв. 1917, ва ўмовах барацьбы з братаннем яно пайшло на спад. З новай сілай пашырылася пасля разгрому карнілаўшчыны. У вер.—кастр. 1917 братанне вызначалася масавасцю, арганізаванасцю, вострай паліт. і антываен. накіраванасцю. Толькі ў кастр. адбылося каля 30 выпадкаў братання. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 братанне на Зах. фронце прыняло паўсюдны характар і стала пралогам заключэння перамір’я на рус.-герм. фронце. Часовы дагавор аб перамір’і на Зах. фронце, падпісаны 4.12.1917, уключаў пункт пра братанне, у адпаведнасці з якім салдатам абодвух бакоў дазвалялася сустракацца ў дзённы час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІ́Д ((David) Жак Луі) (30.8.1748, Парыж — 29.12.1825),
французскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму ў франц. мастацтве. У 1766—74 вучыўся ў Парыжы ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (чл. акадэміі з 1784), у 1775—80 вывучаў ант. мастацтва ў Рыме. Дзеяч франц. рэвалюцыі 1789—94, чл. якабінскага Канвента; стварыў Нац. музей у Луўры. Яго творы вылучаюцца яскравым увасабленнем прынцыпаў класіцызму: «Клятва Гарацыяў» (1784), «Смерць Сакрата» (1787), «Ліктары прыносяць Бруту целы яго сыноў» (1789) і інш. У часы рэвалюцыі ствараў партрэты, карціны пра вядомыя гіст. падзеі сучаснасці: «Клятва ў зале для гульні ў мяч» (1791), «Забіты Лепелецье» і «Смерць Марата» (абедзве 1793). Вял.рэаліст.сілай вызначаюцца партрэты: «Аўтапартрэт» (1794), «Зяленіўшчыца» (1795). З 1804 Давід — прыдворны мастак Напалеона I; маляваў дэкар.-эфектныя парадныя партрэты і карціны («Напалеон пры пераходзе праз Сен-Бернар», 1800, «Каранацыя Жазефіны», 1805—07, і інш.). Пасля рэстаўрацыі манархіі Бурбонаў быў вымушаны пераехаць у Брусель. У Давіда вучыліся А.Гро, Ф.Жэрар, Ж.А.Д.Энгр і інш. мастакі.
Літ.:
Кузнецова И.А. Луи Давид М., 1965.
А.М.Пікулік.
Ж.Л.Давід. Сафо і Фаон. 1809.Ж.Л.Давід. Аўтапартрэт. 1794.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БУХ,
працэс вызвалення вял. колькасці энергіі ў абмежаваным аб’ёме за кароткі прамежак часу. У выніку выбуху выбуховае рэчыва ператвараецца ў газ з высокім ціскам і т-рай, які з вял.сілай уздзейнічае на навакольнае асяроддзе і прыводзіць яго ў рух (гл.Ударная хваля).
Бывае выбух хім. выбуховых рэчываў у выніку ланцуговай хімічнай рэакцыі, ядзерны выбух у выніку рэакцый дзялення або сінтэзу атамных ядраў (гл.Ланцуговыя ядзерныя рэакцыі, Тэрмаядзерныя рэакцыі). Выбух можа адбывацца таксама за кошт энергіі вонкавых крыніц, калі яе дастаткова для выпарэння рэчыва: праходжанне магутных эл. токаў праз рэчыва; імпульснае ўздзеянне лазернага выпрамянення (гл.Лазер), многія прыродныя з’явы (напр., маланка, раптоўнае вывяржэнне вулкана, падзенне буйных метэарытаў). У космасе адбываюцца выбухі каласальных маштабаў: храмасферныя ўспышкі на Сонцы, успышкі новых і звышновых зорак, выбухі ядраў галактык.
Выбух выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях, даследаваннях атмасферы і ўнутранай будовы Зямлі, у тэхніцы, нар. гаспадарцы і ваен. тэхніцы. Гл. таксама Вакуумная зброя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ШАЛЬ,
засцерагальны складанарэфлекторны акт, які ўзнікае пры раздражненні слізістай абалонкі дыхальных шляхоў, пашкоджанні цэнтр.нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм. Найчасцей К. — сімптом захворвання органаў дыхання; іншы раз бывае пры ўзбуджэнні ц. н. с. і раздражненні перыферычных рэцэптараў (неўратычны і рэфлекторны К.) без раздражнення дыхальных шляхоў: Адрозніваюць К. сухі (без макроты) і вільготны. Сухі бывае пры запаленчых хваробах глоткі, гартані, трахеі, іншародных целах у дыхальных шляхах, раздражненні плеўры, фіброзных і аб’ёмных працэсах у лёгкіх (рак, калагенозы і інш.), пач. стадыях бранхіту і пнеўманіі, мокры — сімптом хвароб з гіперсакрэцыяй, эксудацыяй і распадам (бранхіты, пнеўманіі, абсцэсы і інш.).
Пач. фаза К. — глыбокі ўдых, за ім — фаза напружанага выдыху пры замкнутай галасавой шчыліне, рэзкім павышаным унутрыгрудзінным ціску (да 140 мм рт. сл. і вышэй). Пры размыканні галасавой шчыліны паветра праз рот з сілай вырываецца і захоплівае макроту, часцінкі пылу і інш. з гартані, трахеі і бронхаў. Такі К. мае спрыяльны ўплыў. Пры доўгім і частым К. павышаецца ўнутрыбранхіяльны і ўнутрыгрудзінны ціск, што выклікае эмфізему лёгкіх, сардэчна-лёгачную недастатковасць. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМБРА́ННЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗДЗЯЛЕ́ННЯ,
метады раздзялення вадкіх і газавых сумесей, якія ажыццяўляюць з дапамогай селектыўна пранікальных (раздзяляльных) мембран. Растворы раздзяляюць метадамі адваротнага осмасу, ультрафільтрацыі, дыялізу, электрадыялізу, выпарвання праз мембрану, калоідныя сістэмы — метадамі мікрафільтрацыі і ультрафільтрацыі.
М.м.р. заснаваны на рознай пранікальнасці мембран адносна кампанентаў сумесі, якую раздзяляюць. Рухальнай сілай працэсаў раздзялення з’яўляецца градыент ціску, канцэнтрацыі, эл. патэнцыялу, т-ры з розных бакоў мембраны. Рухальную сілу працэсу раздзялення, селектыўнасць і тэрмін выкарыстання мембран памяншае т.зв. канцэнтрацыйная палярызацыя — павелічэнне канцэнтрацыі кампанента з найменшай скорасцю пранікальнасці каля паверхні мембраны. Для паслаблення ўплыву гэтай з’явы ў мембранных апаратах сумесь, якую раздзяляюць, эфектыўна перамешваюць. М.м.р. выкарыстоўваюць для апраснення марской вады, ачысткі прамысл. і быт. сцёкавых вод, канцэнтравання і ачысткі раствораў высокамалекулярных злучэнняў, у т. л. біялагічна актыўных, стэрылізацыі паветра, раздзялення і абагачэння тэхн. газаў (напр., пры сінтэзе аміяку) і інш.
Літ.:
Дытнерский Ю.И. Мембранные процессы разделения жидких смесей. М., 1975;
Хванг С.-Т., Каммермейер К. Мембранные процессы разделения: Пер. с англ.М., 1981;
Кестинг Р.Е. Синтетические полимерные мембраны: Пер. с англ.М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ.
Адбылася нелегальна 30.11.1924 у Вільні. У рабоце канферэнцыі ўдзельнічала 17 дэлегатаў, з іх 14 з рашаючым голасам ад Баранавіцка-Слонімскай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай, Гродзенскай і Пінскай акруг, ЦККПЗБ, ЦК КСМЗБ. Парадак дня: справаздача ЦККПЗБ; даклад аб V кангрэсе Камінтэрна; пытанні тактыкі; арганізац. і бягучыя пытанні; выбары ЦККПЗБ, дэлегатаў на III з’езд Кампартыі Польшчы. Канферэнцыя адзначала, што за перыяд ад Першай канферэнцыі КПЗБ (1923) партыя вырасла колькасна, умацавалася арганізацыйна, стала сур’ёзнай паліт.сілай у Зах. Беларусі і Польшчы. Паставіла перад партыяй нерэальную задачу «пачаць арганізацыйную і палітычную падрыхтоўку ўзброенага паўстання». Адхіліла лозунг аўтаноміі для Зах. Беларусі ў межах Польшчы, выстаўлены ППС і інш. партыямі, і проціпаставіла яму лозунг уз’яднання Зах. Беларусі з БССР. Асудзіла сэцэсію як антыпарт. групоўку. У склад ЦККПЗБ абраны Л.Н.Аранштам, А.П.Данялюк, А.Р.Капуцкі, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), С.А.Мертэнс, С.Т.Мілер, Л.І.Родзевіч, В.З.Харужая і інш., дэлегатамі на III з’езд КПРП — Аранштам, Данялюк, Лагіновіч, Мертэнс, Харужая.
Літ.:
Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАСЬНЕ́ЎСКІ ((Kwaśniewski) Аляксандр) (н. 15.11.1954, г. Бялогард, Польшча),
польскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Гданьскім ун-це. У 1977—90 чл. Польскай аб’яднанай рабочай партыі. У 1977—81 нам. старшыні ваяводскага праўлення Сацыяліст. саюза польск. студэнтаў, заг. аддзела культуры і чл. выканкома Гал. савета саюза. У 1981—85 гал. рэдактар штотыднёвіка «ITD» («ІТД»), газ. «Sztandar Młodych» («Сцяг маладых»), заснаваў першы ў Польшчы камп’ютэрны часопіс для моладзі. У 1985—87 міністр па справах моладзі і спорту. Старшыня К-та па справах моладзі і фіз. культуры (1987—88), Польскага Алімп.к-та (1988—91); грамадска-паліт.к-та Савета Міністраў Польшчы (1988—89). Садзейнічаў легалізацыі прафсаюза «Салідарнасць». Адзін з заснавальнікаў (1990) партыі Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі Польшча і старшыня (1990—95) яе Гал. савета. У 1991 заснаваў Саюз дэмакратыі левых сіл (СДЛС), які пасля перамогі на парламенцкіх выбарах 1993 стаў гал.сілай урадавай кааліцыі. У 1991—95 дэп. сейма Польшчы, старшыня парламенцкай фракцыі СДЛС і Канстытуцыйнай камісіі Нац. асамблеі Польшчы. З 1995 прэзідэнт Польшчы. Выступае за міжнар. супрацоўніцтва і інтэграцыю Польшчы ў еўрап. і еўраатлантычныя паліт., эканам. і ваенныя структуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЫН ВАДЗЯНЫ́,
мукамольны млын, які прыводзіўся ў рух энергіяй вады. Будаваўся на беразе ракі ці праточнага возера. Рабочы орган — пастаў з пары круглых апрацаваных камянёў з верт. воссю вярчэння; верхні камень прыводзіўся ў дзеянне ад вадзянога кола (сілай падаючай вады), у наплаўных М.в. (ставіліся на палі, паром ці баржу) — ад плыні (цячэння) вады.
Вядомыя са стараж. часоў (у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі і Рыме), калі вынайдзенае для мэт арашэння вадзяное кала было прыстасавана круціць жорны. На Беларусі М.в. вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 16—18 ст. (пераважна колавыя). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць турбінныя М.в., у якіх замест кола ставілася вадзяная турбіна. Для млына звычайна рабілі зрубную, радзей каркасную прамавугольную ў плане пабудову на некалькі паверхаў, накрытую двух- або шматсхільным дахам з драніцы, гонты, саломы. У гарадах, некат. мястэчках, пры княжацкіх дварах, у манастырскіх вотчынах і буйных маёнтках М.в. будавалі з цэглы і каменю. Буйныя млыны часам абсталёўваліся абарончымі прыстасаваннямі, жылымі памяшканнямі, каморамі і крамамі. М.в., як і ветракі, выкарыстоўваліся да 1-й пал. 20 ст. (заменены млынамі спачатку з паравым, пазней з эл. прыводам). Захаваліся як помнікі нар. архітэктуры.