АМІ́ЛАВЫЯ СПІРТЫ́,
аліфатычныя насычаныя спірты, C5H11OH. Вядома 8 ізамерных амілавых спіртоў, у т. л. ізаамілавы спірт (CH3)2CHCH2CH2OH — асн. кампанент сівушнага масла, з якога яго і атрымліваюць. Бясколерная вадкасць з непрыемным пахам, tкіп132 °C, шчыльн. 0,81·103 кг/м³, мала растваральная ў вадзе, ядавітая. Амілавыя спірты — сыравіна для вытв-сці амілацэтатаў, растваральнікі для лакафарбавых матэрыялаў, пенаўтваральнікі ў флатацыі, кампаненты ў вытв-сці пораху, лекаў і інш. Аказваюць наркатычнае дзеянне на чалавека.
т. 1, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛПРАМБУДПРАЕ́КТ, Беларускі праектны інстытут Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1945 у Мінску як праектная кантора Гал. ўпраўлення мясц. прам-сці пры СМ БССР. У 1961—91 Бел. праектна-тэхнал. ін-т мясц. прам-сці «Белмясцпрампраект». Асн. кірункі дзейнасці: комплекснае праектаванне прамысл. прадпрыемстваў, аб’ектаў сац.-культ. прызначэння, жылых будынкаў для прамысл. прадпрыемстваў; распрацоўка механізмаў і машын для аб’ектаў буд-ва, канструктарскай дакументацыі, а таксама праектна-каштарыснай дакументацыі на тэхн. перааснашчэнне і рэканструкцыю дзеючых прамысл. прадпрыемстваў.
т. 3, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНТАНІ́Т,
бентанітавыя гліны (ад назвы г. Форт-Бентан у ЗША), адбельныя гліны (гл. Гліна), складзеныя пераважна з мінералаў групы мантмарыланіту Al2[Si4O10](OH)2·nH2O. Утвараецца ў выніку падводнай хім. змены вулканічных туфаў і попелаў. Выкарыстоўваецца ў горназдабыўной прам-сці для прыгатавання свідравальных раствораў, для ачысткі прадуктаў нафтаперапрацоўчай, коксахім. і харч. прам-сці, як сувязны матэрыял у ліцейных фармовачных сумесях і керамічных масах. Радовішчы на Украіне, у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Японіі і інш.
т. 3, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАДА́РСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
найбуйнейшы ў Індыі. Размешчаны ў даліне р. Дамодар (штаты Зах. Бенгалія, Біхар). Пл. каля 4500 км². Вугляносныя адклады пярмі. Агульныя запасы да глыб. 600 м — 54 млрд. т, з іх 5,3 млрд. т каксавальныя вуглі. Прамысл. распрацоўка з 1830. Цеплыня згарання 26,8—33,2 МДж/кг. Здабыча падземным спосабам і на кар’ерах. Вугаль выкарыстоўваецца на металург. прадпрыемствах, для вытв-сці электраэнергіі, у цэментнай прам-сці. Асн. цэнтры здабычы: гарады Джхарыя, Бакара, Ранігандж.
т. 6, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎНЯНАСТРУ́ЖКАВЫЯ ПЛІ́ТЫ,
ліставы буд. матэрыял, выраблены гарачым прасаваннем сумесі здробненай драўнянай масы (стружкі) з сінт. смоламі. Сыравіна — адходы дрэваапр. і с.-г. (кастрыца) вытв-сці, недзелавая драўніна, чарот. Бываюць адна- і шматслаёвыя, плоскага і экструзійнага прасавання. Выкарыстоўваюцца як канструкцыйны і аддзелачны матэрыял у буд-ве, вытв-сці мэблі і інш. У Беларусі выпускаюцца з 1960-х г. (у т. л. апрацаваныя сінт. плёнкамі), даследуюцца ў Бел. тэхнал. ун-це і на прамысл. прадпрыемствах.
т. 6, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭЛАЦІ́НА, жэлацін (франц. gélatine ад лац. gelatus замёрзлы, застылы),
сумесь бялковых рэчываў жывёльнага паходжання; прадукт дэнатурацыі калагену. Сухая Ж. без паху, смаку, празрыстая, злёгку афарбаваная ў жоўты колер. Набухае ў вадзе і раствараецца пры награванні, раствор пры ахаладжэнні ўтварае студзіну. Атрымліваюць з касцей, сухажылляў, храсткоў (найб. чыстая — з рыбных), адходаў скуры шляхам працяглага кіпячэння з вадой. Выкарыстоўваюць у харч., папяровай, паліграф. прам-сці, у вытв-сці фота- і кінаплёнак, фотапаперы, у мікрабіялогіі (пажыўнае асяроддзе).
т. 6, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЫЛАМІ́Н, монаметыламін,
першасны амін аліфатычнага рада, CH3NH2. Бясколерны газ з рэзкім пахам аміяку, tкіп -6,32 °C, шчыльн. 662,8 кг/м³. Раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Паводле хім. уласцівасцей моцная аснова: з мінер. к-тамі ўтварае крышт. солі. У прам-сці каталітычным амінаваннем метанолу атрымліваюць сумесь метыламінаў — М., дыметыламін, трыметыламін (CH3)3N. Выкарыстоўваюць у вытв-сці інсектыцыдаў, растваральнікаў (напр., N-метылпіралідону), лек. сродкаў, паверхнева-актыўных і выбуховых рэчываў, фотаматэрыялаў (метол) і інш.
т. 10, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1953 у Мінску як тэхнікум. З 1999 каледж. Рыхтуе спецыялістаў для швейнай прам-сці і быт. абслугоўвання. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): фатаграфія; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; цырульніцкае мастацтва і дэкар. касметыка; машыны і апараты лёгкай прам-сці і быт. абслугоўвання; тэхналогія і канструяванне швейных вырабаў. Прымаюцца асобы з базавай, сярэдняй адукацыяй, а таксама пасля заканчэння прафес.-тэхн. вучылішчаў на скарочаны тэрмін навучання. Навучанне дзённае і завочнае.
т. 10, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ТЫНГЕМ (Nottingham),
горад у цэнтр. ч. Вялікабрытаніі, на р. Трэнт. Адм. ц. графства Нотынгемшыр. Вядомы з 9 ст. Каля 280 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр лёгкай прам-сці (вытв-сць трыкат. і швейных вырабаў, нітак, карункаў і інш.). Вытв-сць матацыклаў і веласіпедаў, прадпрыемствы харчасмакавай, у т. л. тытунёвай; фармацэўтычнай прам-сці. Ун-т. 2 тэатры. Маст. музей. Арх. помнікі 11—18 ст. Паркі, у т. л. Уолатан з палацам Уолатан-хол.
т. 11, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫЯ ГЛІ́НЫ,
легка- і тугаплаўкія гліны, якія пры абпальванні даюць шчыльны чарапок. Легкаплаўкія — полімінеральныя, звычайна жалезістамантмарыланітавыя і гідраслюдзістыя з паказчыкам вогнетрываласці менш за 1350 °C; тугаплаўкія ганчарныя гліны часцей не вытрыманыя паводле мінеральнага саставу, з высокай колькасцю гліназёму (20—42%), высокай звязвальнай здольнасцю і пластычнасцю, паказчыкам вогнетрываласці 1350—1580 °C. Легкаплаўкія ганчарныя гліны выкарыстоўваюць для вытв-сці грубакерамічных вырабаў, цэглы, чарапіцы, дрэнажных труб, радзей — ганчарнага посуду, скульптуры. Тугаплаўкія з’яўляюцца сыравінай для розных керамічных вытв-сцей — сан.-тэхн. фаянсу, глазураваных вырабаў, сценавых і вонкавых камянёў, каналізацыйных труб і інш. На Беларусі сыравінная база для вытв-сці грубай керамікі ўключае 212 радовішчаў легкаплаўкіх глін для вытв-сці цэглы з агульнымі запасамі 208,1 млн. т (распрацоўваецца 113), а таксама 6 радовішчаў тугаплаўкіх глін з агульнымі запасамі 53,6 млн. т (распрацоўваюцца 3).
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)