ГАРЧАКО́Ў (Аляксандр Міхайлавіч) (15.6.1798, г. Хаапсалу, Эстонія — 11.3.1883),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, дзярж. канцлер (з 1867). Са стараж. княжацкага роду Гарчаковых. На дыпламат. службе з 1817. Да 1854 на розных дыпламат. пасадах у Лондане, Рыме, Берліне, Вене. У 1856—82 міністр замежных спраў. На Венскай канферэнцыі (1854) прадухіліў уступленне Аўстрыі ў Крымскую вайну 1853—56 на баку Францыі. Палітыка Гарчакова садзейнічала захаванню Расіяй нейтралітэту ў войнах Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866), Францыяй (1870—71). У 1871 на міжнар. канферэнцыі ў Лондане дамогся адмены абмежавальных артыкулаў Парыжскага мірнага дагавора 1856, падпісання канвенцыі, якая пацвердзіла суверэнныя правы Расіі на Чорным м. Удзельнік стварэння «Саюза трох імператараў» (1873). Забяспечыў нейтралітэт еўрап. дзяржаў у рус.-тур. вайне 1877—78. Адмоўныя для Расіі вынікі Берлінскага кангрэса 1878 падарвалі прэстыж Гарчакова. У 1879 фактычна адышоў ад спраў, з 1882 у адстаўцы.

Літ.:

Семанов С.Н. А.​М.​Горчаков — русский дипломат XIX в. М., 1962;

Хитрова Н.И. Триумф А.​М.​Горчакова. Отмена нейтрализации Черного моря // Российская дипломатия в портретах. М., 1992.

т. 5, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГЭЛНІЧА́НУ ((Kogálniceanu) Міхаіл) (6.9.1817, г. Ясы, Румынія —20.6.1891),

румынскі і малд. паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. Вучыўся ў Францыі і Германіі (1834—48). У 1843—44 выкладаў у Міхайлаўскай акадэміі ў Ясах. Удзельнік рэв. руху 1848 у Малд. княстве, пасля яго задушэння (май 1848) у эміграцыі (Чарнавіцы, да 1849). Склаў дакумент «Пажаданні нацыянальнай партыі ў Малдове», у якім прапанаваў праграму рэформ (роўнасць грамадз. і паліт. правоў, асабістая свабода, адданне зямлі сялянам за выкуп) і выступаў за аб’яднанне Малдовы і Валахіі ў адзіную Рум. дзяржаву. У 1860—61 кіраўнік урада Малдовы, у 1863—65 — Рум. княства; правёў агр. (1864) і інш. рэформы. У 1876 і 1877—78 міністр замежных спраў Румыніі; напярэдадні рус.-тур. вайны 1877—78 падпісаў канвенцыю аб праходзе рас. войск праз рум. тэрыторыю. 21.5.1877 абвясціў незалежнасць Румыніі. У 1868—70 і 1879—80 міністр унутр. спраў. У 1887—90 прэзідэнт Рум. акадэміі. Аўтар «Гісторыі Валахіі, Малдовы і задунайскіх валахаў» (1837), шэрагу навел, нарысаў і п’ес. Апублікаваў архіўныя матэрыялы «Летапісы Малдаўскай дзяржавы» (т. 1—3, 1845—52).

М.Кагэлнічану.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СКВІТ (Asquith),

лорд Оскфард і Асквіт Герберт Генры (12.9.1852, Морлі, графства Ланкашыр, Англія — 15.2.1928), англійскі дзярж. дзеяч. Адукацыю атрымаў у Оксфардскім ун-це, адвакат. Член парламента з 1886, у 1892—95 міністр унутр. спраў, у 1906—08 канцлер казначэйства. Кіраўнік Ліберальнай партыі (1908—26). У 1908—16 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Урад Асквіта ўвёў пенсіі па старасці, спрыяў абмежаванню правоў палаты лордаў (1911), прызнанню аўтаноміі Ірландыі (1914), 4.8.1914 абвясціў вайну Германіі.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НА-ФРАНЦУ́ЗСКІ ДАГАВО́Р 1778.

Падпісаны 6 лют. ў Парыжы Б.Франклінам і франц. міністрам замежных спраў Ш.​Вержэнам. Прадугледжваў уступленне ў вайну з Англіяй Францыі, якая абавязалася абараняць «свабоду, суверэнітэт і незалежнасць» 13 паўн.-амер. калоній і не складаць зброі да таго часу, пакуль Англія не прызнае іх незалежнасць. Дагавор перастаў дзейнічаць у 1794, калі ЗША абвясцілі пра свой нейтралітэт у вайне Францыі супраць кааліцыі еўрап. дзяржаў на чале з Англіяй.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДЭПАРТА́МЕНТ (De partment of State),

галоўнае знешнепалітычнае ведамства ЗША (з ліп. 1789), якое выконвае функцыі Міністэрства замежных спраў. Ўзначальваецца дзярж. сакратаром. Юрыдычна з’яўляецца дарадчым органам (Канстытуцыя ЗША ускладвае ажыццяўленне знешняй палітыкі на прэзідэнта). Фактычна дэпартамент плануе і, пасля адабрэння прэзідэнтам і кангрэсам, ажыццяўляе знешнепалітычны курс, нясе адказнасць за яго выкананне. Каардынуе таксама дзеянні іншых выканаўчых дэпартаментаў, якія датычаць знешняй палітыкі, садзейнічае грамадскаму яе разуменню шляхам інфармацыйных паслуг і публікацый.

т. 6, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р 1229, Смаленская гандлёвая праўда,

гандлёвае і паліт. пагадненне паміж Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі з аднаго боку і Рыгай і Гоцкім берагам (Готландам) — з другога. Дагавор замацоўваў мірныя добрасуседскія адносіны бакоў, вызначаў меры адказнасці за злачынствы супраць прыезджых, рэгламентаваў парадак разгляду судовых спраў. Усім купцам гарантаваўся вольны гандаль і свабоднае карыстанне воднымі шляхамі па ўсёй Зах. Дзвіне, яе прытоках, па вадзе і па беразе.

Я.​А.​Юхо.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЎЧАК Афанасій, бел. майстар залатых і сярэбраных спраў сярэдзіны 18 ст. Працаваў у Магілёве з П.Сліжыкам. Прадстаўнік ракако ў бел. маст. апрацоўцы металу. З падпісаных яго работ вядомыя гарэльефныя чаканеныя абклады да абразоў магілёўскіх цэркваў (1749, захоўваліся ў Магілёўскім гіст. музеі, зніклі ў Вял. Айч. вайну) і абклады да абразоў Маці Божай (1767) і Хрыста (1769) аршанскіх храмаў.

Літ.:

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984.

І.​М.​Каранеўская.

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМО́ВІЧ (Гарольд Іванавіч) (н. 4.9.1938, Мінск),

бел. вучоны-юрыст. Д-р юрыд. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1961). У 1961—71 працаваў у органах унутр. спраў. З 1971 на выкладчыцкай рабоце ў ВНУ сістэмы МУС. З 1990 нач. кафедры крыміналістыкі Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы крыміналістыкі. Аўтар прац «Асновы крыміналістычнай тэхнікі» (1981), па тактыцы выкарыстання спец. ведаў у раскрыцці і расследаванні злачынстваў, адзін з аўтараў дапаможніка «Крыміналістыка» (1996).

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РЗАН ((Curzon) Джордж Натаніел) (11.1.1859, Кедлстан-Хол каля г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 20.3.1925),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, дыпламат. У 1886—89 чл. палаты абшчын ад Кансерватыўнай партыі. У 1899—1905 віцэ-кароль Індыі. У 1916—24 старшыня палаты лордаў, у 1919—24 міністр замежных спраў. Адыграў гал. ролю ў заключэнні Лазанскага мірнага дагавора 1923 з Турцыяй, паспрыяў стварэнню міжнар. камісіі па распрацоўцы рэпарацыйнага плана для Германіі (гл. Даўэса план). Гл. таксама «Керзана лінія».

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПРЫЯНУ́ ((Kyprianu) Спірас) (н. 28.10.1932, г. Лімасол, Кіпр),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Кіпр. Атрымаў юрыд. і эканам. адукацыю ў Вялікабрытаніі. Удзельнік заключэння Цюрыхска-Лонданскіх пагадненняў 1959 пра незалежнасць Кіпра. У 1960—72 міністр замежных спраў. У 1976 заснаваў і ўзначаліў Дэмакр. партыю. У 1976—77 старшыня палаты прадстаўнікоў. У 1977—88 прэзідэнт Рэспублікі Кіпр. Актыўны ўдзельнік руху недалучэння, выступаў супраць акупацыі паўн. ч. Кіпра тур. войскамі.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)