ЗАРЭ́ЦКАЯ (Соф’я Майсееўна) (1881, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1934),

дзеяч рэв. руху. З 1899 удзельнічала ў с.-д. гуртках Пецярбурга, Екацярынаслава, Харкава, Полацка. У 1904 у Швейцарыі, далучылася да меншавікоў. Са студз. 1905 у Расіі, чл. аб’яднанага ЦК РСДРП. Сакратар с.-д. фракцый 1, 2 і 4-й Дзярж. думы. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. выканкома Маскоўскага Савета. На 1-м Усерас. з’ездзе Саветаў выбрана чл. ВЦВК, са жн. 1917 чл. ЦК РСДРП (меншавікоў). Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняла. У 1921 жыла ў Ніжагародскай губ., у 1932 — у Ніжнім Ноўгарадзе, у 1934 — у Цверы.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ДКА,

1) малое судна (вёславае, ветразевае або маторнае). Вядомая з неаліту. На Беларусі здаўна бытавалі Л., выдзеўбаныя са ствала дрэва (камяга, човен, дуб), з 2-й пал. 19 ст. дашчаныя з прамымі і разагнутымі бартамі. Спараныя Л. з дашчаным насцілам служылі паромам. Многія народы вырабляюць Л. з кары дрэў («веткі», «амарочкі» народаў Сібіры, «пірогі» лясных індзейцаў Паўн. Амерыкі і інш.), са скур марскіх жывёл («байдаркі» алеутаў, «каякі» эскімосаў). У наш час Л. пашыраны ў вяслярным спорце і турызме. Іх вырабляюць з лёгкіх метал. сплаваў, пластмас, гумы.

2) Судны спец. прызначэння (падводная Л., кананерская Л.).

І.​М.​Браім.

Дашчаныя лодкі.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ДЫВЕРСІ́ЙНАРАЗВЕДВАЛЬНАЯ ГРУ́ПА ў вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з лют. 1942 да ліп. 1944 на чыг. ст. Маладзечна ў складзе 7 чал. (кіраўнік Д.​Я.​Гярновіч). Са снеж. 1942 падтрымлівала сувязь з партыз. брыгадай імя Чкалава, пазней — са спецатрадам «Дзіма». Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам звесткі пра склад і ўзбраенне гарнізона, рух ням. войск і тэхнікі праз чыг. вузел, правялі каля 20 буйных дыверсій, у т. л. падарвалі сховішча гаруча-змазачных матэрыялаў, паваротны круг у дэпо, чыг. састаў у в. Шнуры, чым затрымалі рух на 12 гадзін, рабілі дыверсіі на шашэйных дарогах.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТРЫЮ ГІДРАКСІ́Д, едкі натр, каўстычная сода,

моцная аснова, адносіцца да шчолачаў, NaOH.

Бясколерныя крышталі (тэхн. прадукт — белая непразрыстая маса), tпл 323 °C, шчыльн. 2020 кг/м³. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле, гліцэрыне. Паглынае з паветра ваду і вуглякіслы газ. Са спіртамі ўтварае алкагаляты. Атрымліваюць электролізам раствору хларыду NaCl, узаемадзеяннем гарачага раствору карбанату Na2CO3 з гідраксідам кальцыю Са(OH)2. Выкарыстоўваюць для ачысткі нафтапрадуктаў, асушвання газаў і многіх арган. вадкасцей, у вытв-сці паперы, мыла, штучных валокнаў; водныя растворы — як электраліты ў паветрана-цынкавых элементах. Выклікае цяжкія апёкі скуры і слізістых абалонак. ГДК у паветры 0,5 мг/м³.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЦЯ́НКА (Андрэй Антонавіч) (23.2.1906, в. Дубраўка Крупскага р-на Мінскай вобл. — 29.1.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, паранены трапіў у палон, уцёк, потым у партызанах. Са жн. 1944 на 1-м Прыбалт. фронце, кулямётчык. Вызначыўся ў баі ў студз. 1945 на тэр. Усх. Прусіі; адзін з першых пераправіўся цераз Куршскі заліў, удзельнічаў у адбіцці 6 контратак. Застаўшыся з разліку адзін, з адкрытай пазіцыі садзейнічаў утрыманню пазіцыі; загінуў у баі. У в. Дубраўка яго барэльеф на адной са стэл помніка землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну.

А.А.Парцянка.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АР (ад лац. area плошча),

пазасістэмная адзінка плошчы ў метрычнай сістэме мер. Роўны плошчы квадрата са стараной 10 м. Абазначаецца ар. 1 ар = 100 м². На Беларусі наз. соткай.

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЙСРЫЗЕНВЕЛЬТ,

(Eisriesenwelt), карставая пячора ва Усх. Альпах, у Аўстрыі, на Пд ад Зальцбурга. Буйнейшая ў Еўропе. Даўж. 42 км. Глыб. 407 м. Шматлікія залы са сталактытамі і сталагмітамі. Турызм.

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁПЕРАХВА́Т,

выяўленне, прыём і рэгістрацыя выпраменьванняў па працуючых радыёстанцыях; адзін са спосабаў радыёразведкі. Робіцца з мэтай раскрыцця зместу перадач або месцазнаходжання групоўкі (аб’ектаў і інш.) праціўніка. Гл. таксама Пеленгацыя.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́ЎСКА-БУ́ГСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943.

Праведзена партыз. брыгадай імя Молатава Пінскай вобл. (камандзір М.​І.​Герасімаў) з мэтай вывесці са строю шлюзы, плаціны і вадаспускі Дняпроўска-Бугскага канала і сарваць перавозкі праціўніка. Распрацавана БШПР у канцы 1942.

У лют.сак. 1943 дыверсійныя групы атрадаў імя Лазо, імя Кутузава, імя Суворава вывелі са строю шлюзы Оўзіцкі, Ляхавіцкі, Рагадашчанскі, у маі — Пераруб і Радастаўскі на Белаазерскім канале. У пач лета 1943 праціўнік спрабаваў аднавіць Дняпроўска-Бугскі канал. З гэтай мэтай прыбыла аднаўленчая каманда, якую прыкрывалі 6 ваен. катэраў рачной флатыліі. Пачаліся рамонтныя работы. Даведаўшыся аб намерах праціўніка, камандаванне брыгады ў ноч на 19.6.1943 сіламі 3 атрадаў (каля 400 чал.) правяло аперацыю па вывадзе са строю Гарадзецкага, Ляхавіцкага, Оўзіцкага, Перарубскага, Селішчанскага, Старога і Новага Рагадашчанскага гідравузлоў. У выніку аперацыі ўзровень вады панізіўся да 30—60 см. 120 км канала на ўчастку Пінск—Кобрын сталі непрыгоднымі для эксплуатацыі. 129 суднаў праціўніка, якія былі перакінуты з Дняпра. засталіся ў Пінскім порце і ў ліп. 1944 захоплены Дняпроўскай ваен. флатыліяй.

А.​М.​Літвін.

т. 6, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСПО́Р КІМЕРЫ́ЙСКІ,

стараж.-грэчаская назва Керчанскага праліва. Звязана са стараж. насельніцтвам Паўн. Прычарнамор’я — кімерыйцамі. На берагах Баспора Кімерыйскага ў 5 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры існавала Баспорская дзяржава.

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)