ПАВЕ́Т,

1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ. Тэрмін «П.» ужываецца на Беларусі з 15 ст., напачатку як сінонім стараж.-рус. тэрміна воласць; з 1-й пал. 16 ст. пад. П. звычайна разумелі буйную воласць, цэнтрам якой быў горад або замак, што належаў дзяржаве, у т. л. скасаванае ўдзельнае княства. Часам пад П. разумелі толькі тэрыторыю, падкантрольную намесніку; у гэтым сэнсе П. быў сінонімам намесніцтва. Афіцыйна статус П. акрэслены ў выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 (гл. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел). П. ўваходзілі ў склад ваяводстваў. Усе намесніцтвы і воласці, якія не атрымалі статус П., увайшлі ў іх склад як звычайныя маёнткі. З таго часу ўсе землеўладальнікі на тэр. П. падлягалі юрысдыкцыі пав. органаў улады. Структура пав. кіравання замацавана Статутамі ВКЛ 1566 і 1588. Зрэдку тэрмін «П.» ўжываўся для вызначэння гіст. воласці з цэнтрам у горадзе, які неабавязкова меў пав. ўстановы (у такім сэнсе ў крыніцах сустракаюцца назвы «Магілёўскі павет», «Крычаўскі павет» і інш.).

2) Адм.-тэр. адзінка Расійскай імперыі як эквівалент рус. тэрміна «уезд». Пасля далучэння да Расіі П. ўваходзілі ў склад губерняў. Пасля рэформы 1861 падзяляліся на воласці. Падзел на П. ў БССР скасаваны 20.6.1924.

3) Адм.-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1919—39. Пасля заняцця часткі тэр. Беларусі ў 1919 польск. ўлады захавалі падзел на П., якія былі ўключаны ў склад акруг. П. падзяляліся на гміны. На працягу 1919—20 утвораны шэраг новых П., 4.2.1921 яны ўвайшлі ў склад новаўтвораных Навагрудскага і Палескага ваяв. Пазней межы і колькасць П. у Польшчы мянялася. Падзел на П. ў Зах. Беларусі скасаваны 15.1.1940.

В.Л.Насевіч.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НТАМ ((Bentham) Іерэмія) (15.2.1748, Лондан — 6.6.1832),

англійскі філосаф, сацыёлаг, юрыст. Заснавальнік утылітарызму — светапогляднай і сац.-філас. арыентацыі ў навуках аб чалавеку, якая зыходзіць з прынцыпу карыснасці як асноватворнага. У сваёй асн. працы «Дэанталогія, або Навука аб маралі» (т. 1—2, 1834) сцвярджаў, што крытэрый маралі — «дасягненне карысці, выгады, здавальнення, дабра і шчасця» і што імкненне кожнага клапаціцца толькі пра сябе прыводзіць да «найб. шчасця найб. колькасці людзей». Лічыў індывід. інтарэсы адзіна рэальнымі, грамадскія ж — сукупнасцю індывідуальных («Тэорыя пакаранняў і ўзнагарод», т. 1—2, 1811). Крытыкаваў тэорыю грамадскага дагавору Ж.Ж.Русо, бо яна, на думку Бентама, узбуджае дух паўстання, аднак абараняў патрабаванне рэформы англ. парламента на аснове пашырэння выбарчага права. Адстойваў ідэю свабоднага гандлю і канкурэнцыі, што павінна забяспечыць у грамадстве спакой, справядлівасць і роўнасць.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯСНА́ ГОЛА́ ПЕРАПА́ЛА»

(у некат выданнях «Вясна, голад, перапала»),

бел. ананімны верш 19 ст. Знойдзены ў архіве В.Дуніна-Марцінкевіча, перапісаны яго рукой, але, відаць, аўтарства яму не належыць. Упершыню апубл. ў брашуры М.Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896), іншы варыянт — у брашуры Е.Раманава «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (Магілёў, 1900). Напісаны, верагодна, напярэдадні рэформы 1861, бо выяўляе настроі бел. сялянства перад адменай прыгону. Прасякнуты пафасам крытыкі прыгонніцтва, панства; разам з тым у ім выразна відаць абмежаванасць сял. уяўленняў аб справядлівасці і свабодзе, якія нібыта можна атрымаць ад цара. Твор кампазіцыйна зладжаны, просты, матывамі блізкі да нар. паэзіі. Мова яго багатая фразеалагізмамі. Напісаны 4-стопным харэем, гучыць лёгка, свабодна.

М.А.Лазарук.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАДЗІДЫ́ЗМ (ад араб. джадзід — новы),

культурна-рэфарматарскі, асветны і грамадска-паліт. рух мусульман Паволжа, Крыма і Сярэдняй Азіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Джадзіды выступалі за пашырэнне сеткі мусульм. культ.-асв. устаноў, выданне кніг, часопісаў, газет на нац. мове, развіццё нац. мастацтва і л-ры, рэарганізацыю мусульм. духавенства. Быў распрацаваны праект школьнай рэформы, у пач. 1880-х г. адкрыта першая джадзіцкая школа ў Бахчысараі, потым школы дзейнічалі ў Турцыі, Персіі, Індыі, Кітаі. У рэвалюцыю 1905—07 джадзіды выступалі з патрабаваннямі рэформаў паліт. ладу краіны, арганізоўвалі паліт. стачкі, антыўрадавыя дэманстрацыі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 частка джадзідаў прызнала сав. ўладу, інш. сталі ініцыятарамі стварэння ў Туркестане аўтаномнага ўрада (гл. Какандская аўтаномія), удзельнічалі ў басмацтве, мелі сувязі з белай гвардыяй, пазней эмігрыравалі.

т. 6, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р ((Duponts de Nemours) П’ер Самюэль) (14.12.1739, Парыж — 7.8.1817),

французскі эканаміст і паліт. дзеяч. Прадстаўнік школы фізіякратаў (увёў гэты тэрмін). Вучань і супрацоўнік Ф.Кенэ, дарадчык А.Р.Ж.Цюрго і яго паслядоўнікаў. У 1767 апублікаваў працу «Аб узнікненні і развіцці новай навукі», у якой даў найб. поўны сістэм. выклад вучэння фізіякратаў. У 1780 ініцыіраваў правядзенне ў Францыі фін. рэформ. У 1789 абраны ў Нац. сход. Прыхільнік усеагульнай асветы, распрацаваў шэраг адукац. праектаў, заснаваных на вучэнні фізіякратаў, у т. л. для Цюрго ў Францыі (1775) і Т.Джэферсана ў ЗША (1800), а таксама для Адукацыйнай камісіі ў Рэчы Паспалітай (у 1774 кароткі час быў яе сакратаром). У сваіх працах адзначаў узорны характар асв. рэформы ў Рэчы Паспалітай. У 1814 эмігрыраваў у ЗША.

Н.К.Мазоўка.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́Ў (Уладзімір Лявонавіч) (13.10.1869, Пецярбург — 5.12.1945),

расійскі батанік і географ, грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1920; чл.-кар. Пецярбургскай АН з 1914). Герой Сац. Працы (1943). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894) і выкладаў у ім, з 1918 прафесар. Адначасова з 1899 працаваў у Пецярбургскім бат. садзе. З 1930 віцэ-прэзідэнт, з 1936 прэзідэнт АН СССР. Удзельнік рэформы АН, арганізатар яе баз і філіялаў. Навук. працы па сістэматыцы, фларыстыцы і геаграфіі раслін. Даследаваў флору Д.Усходу, Маньчжурыі. Кіраваў стварэннем «Флоры СССР» (т. 1—30, 1934—64). Адзін з аўтараў географа-марфал. канцэпцыі віду ў раслін. Імя К. прысвоена Бат. ін-ту АН Расіі (Санкт-Пецярбург). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942.

Тв.:

Избр. соч. Т. 1—12. М.; Л. 1945—58.

т. 7, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАСА́ЦЫЯ (польск. komasacja),

ліквідацыя цераспалосіцы звядзеннем сялянскіх зямель у адзін участак з наступным выхадам на хутары; састаўная частка агр. рэформы ў Польшчы, абвешчанай сеймам у 1919. Праводзілася паводле закону ад 28.12.1925 «Пра парцэляцыю, камасацыю і асадніцтва» з мэтай умацаваць у Зах. Беларусі заможнае сялянства як апору польск. ўрада. Закон абавязваў памешчыкаў прадаваць сялянам і асаднікам участкі зямлі па 15 га у Польшчы і па 26 га у Зах. Беларусі і Зах. Украіне. З 1 млн. га зямлі, прададзенай у 1926—30 памешчыкамі, 90% купілі заможныя сяляне і асаднікі. Бяднейшым сялянам даставаліся горшыя землі. Расходы на К. цалкам клаліся на сялян. Правядзенне К. асабліва паскорылася ў гады эканам. крызісу 1929—30. Як і ўся агр. рэформа, К. ўзмацніла сац. размежаванне зах.-бел. вёскі.

І.П.Хаўратовіч.

т. 7, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБАША́НСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Любашанскае староства,

дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 15—18 ст. Вылучылася, верагодна, са Свіслацкага княства, уключанага ў ВКЛ у сярэдзіне 14 ст. Да пач. 16 ст. мела двайное падпарадкаванне Віленскаму і Трокскаму ваяв., пазней кіравалася намеснікам (дзяржаўцам) на ўмовах закладу, калі намеснік за пазычаную дзярж. казне суму мог карыстацца даходам з воласці. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая частка воласці (на левым беразе р. Бярэзіна) увайшла ў Аршанскі павет, невял. частка (на правым беразе) з мяст. Беразіно, сёламі Палажаны і Жорнаўка — у Мінскі павет. У 1775 у склад воласці ўваходзілі 3 мястэчкі і 30 вёсак, 577 дымоў; у 1790—651 дым. У 1793 Л.в. далучана да Рас. імперыі, захавала статус т.зв. старасцінскага дзярж. маёнтка ў Ігуменскім пав. Мінскай губ.

В.Л.Насевіч.

т. 9, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 16—20 ст. у ВКЛ, Рас. імперыі, Польскай Рэспубліцы. Цэнтр — г. Ліда. Папярэднікам Л.п. было Лідскае намесніцтва, вядомае з 1382. З 1413 уваходзіла ў Віленскае ваяв., часам Лідскае намесніцтва называлі паветам. Пасля адм. рэформы 1565—66 да Лідскага намесніцтва далучаны суседнія Васілішскае і Эйшышкскае намесніцтвы (са складу Трокскага ваяв.), а іх агульная тэр. ўтварыла ўласна Л.п. з фіксаванымі межамі. Л.п. увайшоў у Віленскае ваяв., меў павятовую харугву чырв. колеру з выявай «Пагоні». Пасля далучэння да Рас. імперыі ў 1794 уключаны ў Віленскае, у 1795 — у Слонімскае намесніцтвы, у 1796 — у Літоўскую, у 1801 — у Віленскую губ. Межы павета пры гэтым практычна не мяняліся. Пасля рэформы 1861 падзелены на 24 воласці: Аляксандраўскую, Арлянскую, Астрынскую, Беліцкую, Беняконскую, Васілішскую, Вялікамажэйкаўскую (скасавана ў пач. 20 ст.), Ганчарскую, Дакудаўскую, Дубіцкую, Жалудскую, Жырмунскую, Забалацкую, Каняўскую, Лебядскую, Лідскую, Ляцкую, Мытлянскую, Пакроўскую, Радунскую, Ражанкаўскую, Тарноўскую, Шчучынскую, Эйшышкскую. Тэр. больш за 4,9 тыс. кв. вёрст. У 1864 нас. каля 110 тыс. ж., у т. л. больш за 75 тыс. католікаў, каля 30 тыс. праваслаўных, каля 6 тыс іудзеяў, 31 касцёл, 19 цэркваў, 18 яўр. малітоўных дамоў; 15 мястэчак, 15 сёл, 866 вёсак, 876 інш. паселішчаў (калоній, фальваркаў, аколіц, хутароў і інш.). У 1910 дзейнічалі 244 ф-кі і з-ды з 2160 рабочымі. У 1913—252,5 тыс. ж. З 2.2.1919 у складзе ЛітБел, неўзабаве заняты польскім войскам. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у Польшчы, у Навагрудскім ваяв. Пазней Дубіцкая, Ляцкая і Пакроўская вол. перайменаваны адпаведна ў Навадворскую, Дамброўскую і Сабакінцкую гміны. З 1939 Л.п. у БССР, яго паўн. частка (Каняўская і Эйшышкская вол.) адышла да Літвы, а астатняя тэр. 2.12.1939 уключана ў Баранавіцкую вобл. 15.1.1940 Л.п. скасаваны.

В.Л.Насевіч.

т. 9, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́ЛЬЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Абалянка. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Дзяржынскага. За 36 км на Пн ад г. Талачын, 116 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Лемніца. 450 ж., 156 двароў (1994).

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1385 як маёмасць вял. кн. ВКЛ Ягайлы. Пад назвай «Оболчи» згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (14 ст.). У 15 — пач. 16 ст. цэнтр Аболецкага намесніцтва (павета) Віцебскай зямлі. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 уключаны ў Аршанскі пав. На 1885 у Абольцах 265 ж., 60 дамоў. У 1924—31, 1946—56 Абольцы — цэнтр сельсавета Коханаўскага, у 1931—46 і з 1956 — Талачынскага р-наў.

Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аптэка, дзіцячы сад, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)