рашэнне некаторых геаметрычных задач з выкарыстаннем дапаможных інструментаў (цыркуля, лінейкі і інш.), якія мяркуюцца абсалютна дакладнымі.
Падзяляецца на геаметрычныя пабудаванні на плоскасці і ў прасторы. Геаметрычнае пабудаванне лічыцца выкананым, калі па зададзеных элементах выяўлены (пабудаваны) шуканыя элементы: пункты, прамыя, акружнасці і інш. У даследаваннях па геаметрычных пабудаваннях выяўляецца шэраг задач, якія можна вырашаць дадзенымі сродкамі, і спосабы рашэння гэтых задач. Напр., з дапамогай цыркуля і лінейкі (аднабаковай, без дзяленняў) можна рашаць задачы, у якіх каардынаты шуканага пункта могуць быць запісаны выразам з канечным лікам складанняў, множанняў, дзяленняў і здабыванняў квадратнага кораня з каардынат зададзеных пунктаў. Напр., цыркулем і лінейкай можна пабудаваць агульную датычную прамую да 2 акружнасцей, але немагчыма рашаць стараж. задачы пра трысекцыю вугла, квадратуру круга, падваенне куба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́ЦЫН Барыс Барысавіч (2.3.1862, Пецярбург — 17.5.1916),
рускі фізік і геафізік, адзін з заснавальнікаў сейсмалогіі; князь. Акад. Пецярбургскай АН (1908). Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1886) і Страсбурскі ун-т (1890). Выкладаў у ВНУ Пецярбурга; з 1913 дырэктар Гал. фізічнай абсерваторыі. Навук. працы па тэорыі цеплавога выпрамянення, крытычнага стану рэчыва, сейсмалогіі, оптыцы, спектраскапіі. Увёў паняцце т-ры выпрамянення абсалютна чорнага цела. Знайшоў рашэнне задачы пра вызначэнне ачага землетрасення па звестках адной сейсмічнай станцыі (1902). Стварыў электрадынамічны сейсмограф і інш. сейсмічныя прылады. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1916). Яго імем названа зона ў ніжняй частцы верхняй мантыі Зямлі (пласт Галіцына).
Тв.:
Избр. Труды. Т. 1—2. М., 1960.
Літ.:
Предводителев А.С. О работах Б.Б.Голицына // Исторня и методология естеств. наук. 1966. Вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПО́ВІЧ Пётр Уладзіміравіч (15.10.1874, г. Гомель ? — 13.4.1917),
удзельнік бел. і рас.рэв. руху. Вучыўся ў Гомельскай і Слуцкай гімназіях, Маскоўскім (1895—96), Тартускім (1898—99), Берлінскім (1899—1901) ун-тах. У 1896—98 вёў рэв. агітацыю ў Гомелі і Нясвіжы. Адзін з арганізатараў Гомельскага к-таРСДРП. У лют. 1901, калі даведаўся пра рашэннерас. улад аддаць у салдаты студэнтаў Кіеўскага і Пецярбургскага ун-таў, якія ўдзельнічалі ў студэнцкіх хваляваннях, смяротна параніў міністра асветы М.П.Багалепава; асуджаны на 20 гадоў катаргі. У 1907 уцёк, уступіў у Пецярбургу ў Баявую арг-цыю партыі эсэраў, стаў пам. Е.Ф.Азефа. Пасля выкрыцця Азефа (1908) адышоў ад парт. спраў, эмігрыраваў у Вялікабрытанію. Загінуў пры вяртанні ў Расію на судне, патопленым герм. падводнай лодкай у Паўн. моры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСАНА́ЛЬНАЯ ЭВМ, персанальны камп’ютэр,
малагабарытная мікраЭВМ індывідуальнага карыстання. Дае карыстальніку магчымасць працаваць у дыялогавым рэжыме. Адрозніваюць прафесійныя і бытавыя П. ЭВМ.
Прафесійныя П.ЭВМ па функцыянальных магчымасцях і матэм. забеспячэнні ідэнтычныя ЭВМ агульнага прызначэння сярэдняй прадукцыйнасці, маюць знешнюю памяць вял. ёмістасці, каляровыя графічныя прылады высокай раздзяляльнасці, сродкі для работы з камп’ютэрнымі сеткамі, у т. л.Інтэрнетам, і інш. Пераважна выкарыстоўваюцца як аўтаматызаваныя рабочыя месцы. Бытавыя П.ЭВМ арыентаваны на распрацоўку і рашэнне задач карыстальнікамі без спец. (прафесійнай) падрыхтоўкі ў галіне выліч. тэхнікі і праграмавання. Іх матэм. забеспячэнне мае сродкі навучання, у т. л. саманавучання. карыстальніка. Выкарыстоўваюцца для кіравання быт. тэхнікай, самастойнага навучання і работы, гульняў і інш.
Літ.:
Мячев А.А. Персональные ЭВМ: краткий энцикл. справ. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЭДЭ́Т [ад лац. praecedens (precedentis) папярэдні)] судовы, вынесенае судом па канкрэтнай справе рашэнне, абгрунтаванне якога становіцца правілам, абавязковым для ўсіх судоў той жа або ніжэйшай інстанцыі пры вырашэнні аналагічнай справы. П. адыгрываў важную ролю ўжо ў рымскай юстыцыі. У некат. краінах (напр., у Вялікабрытаніі, большасці штатаў ЗША, Канадзе, Аўстраліі) П. прызнаецца крыніцай права і ляжыць у аснове прававой сістэмы. У адпаведнасці з дактрынай, што пануе ў гэтых краінах, суддзя не стварае прававой нормы, а на падставе П. фармулюе толькі тое, што вынікае з агульных пачаткаў права. У інш. краінах П. мае значэнне для рашэння пытанняў прымянення права, для папаўнення прагалаў у законе, прызнання звычаю. На аснове П. ўносяцца асобныя дапаўненні ў дзеючае заканадаўства, даецца тлумачэнне закона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВА́ЛЕВАЯ ФУ́НКЦЫЯў квантавай механіцы,
камплексная функцыя, якая поўнасцю апісвае стан мікрачасціцы (электрона, атама, малекулы і інш.) або інш. квантавамех. сістэмы (напр., крышталя); рашэннеШродынгера ўраўнення.
Дазваляе вызначыць імавернасці і сярэднія значэнні фіз. велічынь, якія характарызуюць стан сістэмы. Напр., квадрат модуля Х.ф. роўны імавернасці (ці шчыльнасці імавернасці) таго, што гэтыя велічыні прымаюць пэўныя значэнні (або знаходзяцца ў пэўных інтэрвалах значэнняў). Х.ф. таксама часта наз. амплітудай імавернасці. Для Х.ф. выконваецца суперпазіцыі прынцып: калі сістэма можа знаходзіцца ў станах з Х.ф. ψ1, ψ2, ..., то магчымы стан з Х.ф., роўнай любой лінейнай камбінацыі гэтых функцый. Для сістэм з многіх аднолькавых часціц істотныя ўласцівасці сіметрыі Х.ф., што вызначае статыстыку дадзенай сістэмы часціц (гл.Бозе—Эйнштэйна статыстыка, Фермі—Дзірака статыстыка). Гл. таксама Хвалі дз Бройля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВА́РЦШЫЛЬД (Schwarzschild) Карл (9.10.1873, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 11.5.1916),
нямецкі астраном і фізік. Чл. Берлінскай АН (1912). Скончыў Мюнхенскі ун-т. З 1901 праф. Гётынгенскага ун-та і дырэктар абсерваторыі пры ун-це, з 1909 дырэктар Патсдамскай астрафіз. абсерваторыі, з 1912 праф. Берлінскага ун-та. Навук. працы па зорнай астраноміі і астрафізіцы, агульнай тэорыі адноснасці, тэорыі гравітацыі, геам. оптыцы. Заклаў асновы тэорыі зорных атмасфер і ўнутр. будовы зорак (1906). Склаў каталог фатагр. велічынь больш як 3500 зорак. Атрымаў агульныя ўраўненні зорнай статыстыкі (1910—12). Упершыню знайшоў дакладнае рашэнне ўраўнення Эйнштэйна для статыст. цэнтральна-сім. гравітацыйнага поля (1916). Прадказаў гравітацыйны калапс і вывеў формулу гравітацыйнага радыуса (Шварцшыльдаўскі радыус).
Літ.:
Амбарцумян В.А. Карл Шварцшильд // Творцы науки о звездах... Л., 1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧЫЯ СУДЫ́Рэспублікі Беларусь,
судовыя органы, якія ў межах сваёй кампетэнцыі вырашаюць спрэчкі, што ўзнікаюць пры заключэнні і выкананні гаспадарчых дагавораў паміж прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі незалежна ад формаў уласнасці і падпарадкавання. Утвораны ў 1991. Арганізацыя і парадак дзейнасці вызначаюцца законам аб гасп. судзе ад 5.6.1991 і Гаспадарчым працэсуальным кодэксам. Сістэма гаспадарчых судоў складаецца з Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь і гаспадарчыя суды абласцей. Гаспадарчыя суды абласцей вырашаюць усе гасп. спрэчкі, акрамя спрэчак, якія разглядае Вышэйшы гасп.суд. Спрэчкі разглядаюцца суддзёй аднаасобна, па складаных справах старшыня суда мае права ўвесці ў склад суда яшчэ двух суддзяў. Рашэнне гаспадарчага суда па спрэчцы набывае законную сілу адразу ж пасля яго вынясення. Выкананне рашэння гаспадарчага суда праводзіцца на падставе загаду, які выдаецца гаспадарчым судом і з’яўляецца выканаўчым дакументам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭСТА́ЦЫЯ,
1) службовая — вызначаны заканадаўствам парадак праверкі кваліфікацыі і дзелавых якасцяў работнікаў праз перыядычную ацэнку іх ведаў, вопыту, навыкаў і здольнасцяў да выканання канкрэтных абавязкаў па дадзенай спецыяльнасці ці пасадзе. Праводзіцца не радзей як 1 раз у 3—5 гадоў атэстацыйнай камісіяй, прызначанай вышэйстаячымі органамі ці адміністрацыяй, узгодненай з прафсаюзамі. Па выніках атэстацыі камісія можа прапанаваць адміністрацыі заахвоціць работніка, змяніць службовы аклад, уключыць у рэзерв на больш высокую пасаду, панізіць на пасадзе ці звольніць. Канчатковае рашэнне прымае кіраўнік адміністрацыі не пазней як праз 2 месяцы пасля атэстацыі.
2) атэстацыя рабочых месцаў — праверка рабочых месцаў на адпаведнасць нарматыўным параметрам.
3) атэстацыя прадукцыі — афіцыйнае вызначэнне якасці прадукцыі з выдачай спец. дакумента.
4) У бухгалтэрыі — аўдытарскае заключэнне, якое пацвярджае дакладнасць фін. справаздач (гл.Аўдыт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́ЧНЫЯ СЯЧЭ́ННІ,
лініі, якія атрымліваюцца пры перасячэнні прамога кругавога конуса з плоскасцямі, што не праходзяць праз яго вяршыню. Пры розных становішчах сякучай плоскасці адносна конуса атрымліваюцца эліпс, парабала, гіпербала.
Калі ў плоскасці выбрана дэкартава сістэма каардынат, то кожнае з К.с. вызначаецца ўраўн. 2-й ступені: Ax2 + 2Bxy + Cy2 + 2Dx + 2Ey + F = 0. Наадварот, калі такое ўраўн. мае хоць адно сапраўднае рашэнне і левая частка ўраўн. не распадаецца на 2 лінейныя множнікі, то гэтае ўраўн. задае адно з К.с. Такім чынам, К.с. вызначаюцца яшчэ як крывыя 2-га парадку, якія не распадаюцца. К.с. пашыраны ў з’явах прыроды і ў розных галінах навукі. Напр., планеты сонечнай сістэмы і ШСЗ рухаюцца па эліпсах; траекторыя цела, кінутага нахілена да гарызонту, падобна на парабалу.
Да арт.Канічныя сячэнні: а — эліпс; б — парабала; в — гіпербала.