Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́КАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, што выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі ў лекавых або прафілактычных мэтах. Больш за 10 тыс. відаў. На Беларусі больш за 130 відаў. Дзейныя рэчывы (алкалоіды, гліказіды, вітаміны, флаваноіды і інш.) Л.р. аказваюць фізіял. ўздзеянне на арганізм чалавека і жывёл ці маюць біял. актыўнасць да ўзбуджальнікаў розных захворванняў. Падзяляюцца на сардэчна-сасудзістыя, кроваспыняльныя, заспакаяльныя, жаўцягонныя, слабільныя, патагонныя, мачагонныя, вяжучыя, адхаркавальныя і інш. Выкарыстоўваюцца таксама ў харч., парфумернай, лакафарбавай, металургічнай прам-сці.
Літ.:
Мурох В.И., Стекольников Л.И. Наш зеленый исцеляющий друг. Мн., 1985;
Шмярко Я.П., Мазан І.П. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. Мн., 1989.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СЕГЕТА́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ (ад лац. segetalis які расце сярод збажыны),
расліны ў пасевах с.-г. культур, жыццёвы цыкл якіх прыстасаваны да пэўных культур і звязаны з іх цыклам развіцця. Напр., рыжак ільняны і жыцік ільняны сустракаюцца толькі ў пасевах лёну, а брыца рысавая — у пасевах рысу. Зрэдку тэрмін «С.р.» ўжываюць як сінонім пустазелля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВЕНТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
заносныя расліны, ненаўмысна занесеныя ў пэўны рэгіён чалавекам або прыродным шляхам (вада, вецер, міграцыі жывёл, птушак і інш.) віды раслін, якія ў ім прыжыліся. Заносу садзейнічаюць гандаль с.-г. прадукцыяй (зернем, бавоўнай, воўнай), інтэнсіўны транспартны абмен, перасяленне людзей і інш. Адвентыўныя расліны могуць выцясняць абарыгенныя віды, парушаць структуру біягеацэнозаў, супраць пашырэння асобных з іх (небяспечнае пустазелле) прымаюць меры каранціну. У флоры Беларусі больш за 100 відаў адвентыўных раслін. З Еўропы занесены авёс шчаціністы, палявічка малая, з Амерыкі — купалка аднагадовая, аксамітнік сіняваты, галінзога драбнакветная, аксамітнік адкінуты, з Азіі — грэчка татарская, торбачнік палявы, аксамітнік хвастаты і інш.; з Афрыкі — лебяда пахучая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВАНО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ,
нізкарослыя, часцей паўзучыя травяністыя расліны з разнастайна афарбаваным лісцем, якія выкарыстоўваюць у дэкар. кветкаводстве для стварэння дывановых кветнікаў. Выш. звычайна 5—15 см. Большасць Д.р. шматгадовыя. На Беларусі як Д.р. выкарыстоўваюць многія віды агатак, агератуму, альтэрнантэры, бягоніі, ірэзінэ, палыну, партулаку і інш. Размнажаюць пераважна чаранкамі. Догляд за Д.р.: паліўка, падстрыганне і пасынкаванне.
Схіл з дывановымі раслінамі каля станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВАРО́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, у якіх на наземных органах (у кветках, суквеццях, пладах, на лісці) фарміруюцца невял. зялёныя раслінкі, клубеньчыкі, цыбулінкі, пупышкі і інш., што потым падаюць на зямлю і развіваюцца ў новую асобіну. Пашыраны пераважна ў тундрах, стэпах, на высакагорных альпійскіх лугах, дзе расліны за кароткі вегетацыйны перыяд не могуць прайсці поўны цыкл развіцця і насенне не выспявае. На Беларусі з Ж.р. растуць метлюжок цыбульны, цыбуля (агародная, прычасночная, вінаградная), зубніца клубняносная, скочкі атожылкавыя; як лек. і дэкар. пакаёвую расліну вырошчваюць каланхоэ. Да Ж.р. належаць і многія насельнікі мангравых лясоў, у якіх насенне прарастае яшчэ ў няспелых пладах. У гэтай з’явы ёсць вонкавае падабенства з «прарастаннем на корані» збожжавых злакаў, у якіх пачынаюць расці спелыя зярняўкі, што страцілі фізіял. сувязь з мацярынскай раслінай.