ІНФІЛЬТРА́Т,

зацвярдзенне ў тканках (падскурнай клятчатцы, мышцах) ці органе (лёгкіх, печані) з прычыны назапашвання клетачных элементаў, крыві, лімфы і хім. рэчываў. Найчасцей бываюць запаленчыя і пухлінныя І. Запаленчыя могуць разыходзіцца, расплаўляцца, склеразавацца, з утварэннем каверны, абсцэсу, рубца і інш. Пухлінныя складаюцца з пухлінных клетак рознай прыроды (рак, саркома) і праяўляюцца іх ростам. Пры І. тканка павялічваецца ў аб’ёме, мяняе колер, становіцца цвёрдай, іншы раз балючай. І. наз. таксама зацвярдзенне тканак пры насычэнні іх растворамі для мясц. абязбольвання.

т. 7, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСТМІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ, Істміі,

у Стараж. Грэцыі святы і спаборніцтвы ў гонар Пасейдона. Праходзілі на Істме (цяпер Карынфскі перашыек), верагодна з 582 да н.э. адзін раз у 2 ці 4 гады. Паводле міфа, засн. Тэсеем. Праводзіліся гімнастычныя, конныя, пазней муз. і паэт. спаборніцтвы. Пераможцу ўзнагароджвалі вянком з сельдэрэю ці хвоі, у які ўпляталася галінка пальмы. На час І.г. у Грэцыі абвяшчаўся «свяшчэнны мір», не вяліся ваен. дзеянні. Да ўдзелу ў І.г. не дапускаліся арганізатары Алімпійскіх гульняў — элейцы.

т. 7, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАІТАФО́БІЯ (ад коітус + ...фобія),

назойлівая боязь палавога акта. Абумоўлена псіхасацыяльнымі фактарамі, пераважна асобаснымі: думкі, пачуцці, успаміны, сумненні, страхі, што ўзнікаюць незалежна ад жадання хворага. К. бывае пры псіхатраўмах, агрэсіўных паводзінах ці няўпэўненасці партнёра, пры палавым акце ў неадэкватных абставінах (спешка, страх быць заспетым пабочнай асобай, антыгігіенічныя ўмовы і інш.), неасцярожных першых зносінах і інш. Найчасцей К. ўзнікае ў мужчын у форме псіхагеннай імпатэнцыі; у жанчын К. звязана з анаргазміяй і вагінізмам. Лячэнне псіхатэрапеўтычнае, іншы раз хірургічнае.

І.​У.​Дуда.

т. 7, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕМА́ТЫКА МЕХАНІ́ЗМАЎ,

раз дзел механізмаў і машын тэорыі, у якім вывучаецца рух звёнаў механізмаў незалежна ад прыкладзеных да іх сіл. Адрозніваюць кінематычны аналіз і сінтэз механізмаў.

Асн. задачы аналізу: вызначэнне становішчаў звёнаў, траекторый, вуглавых скарасцей і паскарэнняў асобных пунктаў механізмаў пры зададзеных асн. памерах. Асн. задача кінематычнага сінтэзу — вызначэнне структуры (кінематычнай схемы) і памераў звёнаў механізмаў, якія забяспечваюць зададзеныя (патрэбныя) рухі. Задачы К.м. рашаюцца аналітычна (з дапамогай сістэм ураўненняў), графічна (метадамі кінематычных дыяграм, планаў скарасцей і паскарэнняў) і эксперыментальна.

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я АЎЦЮКІ́,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля вадасх. Аўцюкі, на аўтадарозе Калінкавічы — Гомель. Цэнтр сельсавета. За 12 км на У ад г. Калінкавічы, 110 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Галявіцы. 978 ж., 458 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У вёсцы праводзіцца Усебел. фестываль нар. гумару (1 раз у 2 гады).

т. 10, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧА́НКА туберкулёзная,

найбольш цяжкая форма туберкулёзу скуры. Узбуджальнік (туберкулёзная палачка) трапляе ў скуру праз яе пашкоджанні, часцей — з раней пашкоджаных туберкулёзам унутр. органаў і лімфатычных вузлоў. Хвароба пачынаецца ў дзіцячым і юнацкім узросце з бугаркоў (3—4 мм у дыяметры) чырвонага ці жоўта-чырвонага колеру. З цягам часу бугаркі зліваюцца; на іх месцы застаецца стончаны белы рубец, на якім могуць з’явіцца новыя бугаркі. Лакалізацыя: скура твару, вушных ракавін, шыі, іншы раз скура ягадзіц, рук і ног. Лячэнне: супрацьтуберкулёзныя прэпараты, полівітаміны, агульнаўмацавальныя сродкі.

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАХАБА́Д,

горад у паўн. ч. Індыі, у штаце Утар-Прадэш, пры зліцці рэк Ганг і Джамна. 650 тыс. ж. (1981). Транспартны вузел. Харчасмакавая прам-сць, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Рэліг. цэнтр індуізму, дзе раз у 12 гадоў адбываюцца масавыя індуцкія рэлігійныя фестывалі «Кумбх-мела», святкаванні збана нектару бессмяротнасці (у рэках веруючыя змываюць з сябе грахі і хваробы). Каменная калона цара Ашокі (каля 242 да н.э., выш. за 10 м), інш. гіст. помнікі. Ун-т.

Алахабад. Рэлігійны фестываль «Кумбх-мела».

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

буйныя комплексныя спарт. спаборніцтвы краін Азіі. Праводзяцца з 1951 раз у 4 гады (праз 2 гады пасля Алімпійскіх гульняў). Іх арганізацыю і правядзенне ажыццяўляе федэрацыя Азіяцкіх гульняў (засн. ў 1949), у якую ўваходзяць нац. алімп. к-ты азіяцкіх краін. У праграме Азіяцкіх гульняў абавязковыя віды спорту (лёгкая атлетыка, плаванне) і не менш як 8 інш. відаў, якія ўключаюцца Аргкамітэтам Азіяцкіх гульняў пры ўмове, што яны існуюць не меней, як у 6 краінах, 4 з якіх — удзельнікі чарговых гульняў.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРА́Д у біялогіі,

таксанамічная катэгорыя ў сістэматыцы жывёл, прамежкавая паміж сямействам і класам. Іншы раз у сувязі з павелічэннем драбнення сістэмы вылучаюць таксама пад-, інфра- і надатрады. Тэрмін уведзены ў 18 ст. шведскім вучоным К.​Лінеем для абазначэння групы жывёл, якая аб’ядноўвае блізкароднасныя сямействы. Напрыклад, сям. сабачыя, янотавыя, куніцавыя, кашэчыя і інш. ўтвараюць атрад драпежных звяроў. Блізкія атрады складаюць клас, часам спачатку надатрад. Напрыклад, атрад бязногіх, хвастатых і бясхвостых земнаводных складаюць клас земнаводных, або амфібій. У сістэматыцы раслін атраду адпавядае парадак.

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБІГЕРЫ́НАВЫ МУЛ, фарамініферавы мул,

акіянскі і марскі асадак, які складаецца пераважна з ракавін планктонных фарамініфер і іх абломкаў. Звычайна да глабігерынавага мула адносяць асадкі, у якіх больш за 30% (іншы раз да 99%) вуглякіслага кальцыю CaCO3, паводле памеру зерняў — ад пяскоў да тонкіх мулаў. Афарбоўка светлая, часта амаль белая. Глабігерынавы мул укрывае больш як ​1/3 плошчы Сусв. акіяна. Асабліва пашыраны ў трапічных і субтрапічных шыротах, у адкрытых частках акіянаў і буйных мораў, на глыбінях ад некалькіх соцень да 5 тыс. метраў.

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)