ЦЫНГА́, скорбут,
хвароба, выкліканая працяглай нястачай аскарбінавай кіслаты ў арганізме. Прыкметы: стамляльнасць, зніжэнне апетыту, бледнасць, сухасць і лушчэнне скурнага покрыва, кровазліццё ва ўнутр. органы, мышцы, скуру; гінгівіт, выпадзенне зубоў, мышачная слабасць і інш.
Пры Ц. павялічваецца пранікальнасць капіляраў, змяншаецца ўсмоктванне жалеза ў кішэчніку і інш. Часам далучаюцца інфекц. захворванні, абвастраюцца хранічныя інфекцыі. Лячэнне: прэпараты вітаміну С і інш. Прафілактыка: ужыванне прадуктаў, багатых вітамінам C.
І.М.Семяненя.
т. 17, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЫ́ АДБО́Р,
прыватная форма натуральнага адбору, якая выклікае значныя разыходжанні ў прыкметах самцоў і самак (палавы дымарфізм). Прапанаваў паняцце і выявіў значэнне П.а. ў эвалюцыі жывёл Ч.Дарвін (1859, 1871).
Прыкметы П.а. развіваюцца пад уплывам натуральнага адбору як сродак распазнавання разнаполых асобін свайго віду і прадухілення скрыжоўвання з асобінамі інш. віду. У выніку П.а. або пры яго ўдзеле ў многіх відаў жывёл (у т. л. ў чалавека) у працэсе эвалюцыі ўзніклі і развіліся другасныя палавыя прыкметы. Найб. выяўлены ў палігамных жывёл, у якіх самцы актыўна змагаюцца за самку (напр., баі аленяў у час гону). П.а. уплывае на развіццё органаў абароны ў самцоў як зброі барацьбы за самку (іклы ў сланоў, рогі ў аленяў і інш.) і прыкмет, якія прывабліваюць і ўзбуджаюць асобін інш. полу (яркі колер і пах самцоў у многіх жывёл, такаванне, спеў у птушак). П.а. як фактар філагенет. развіцця найб. характэрны для жывёл на вышэйшых этапах развіцця, пераважна птушак і млекакормячых, у сувязі з найб. складанай арганізацыяй нерв. сістэмы і яе сігнальнай дзейнасці, але адзначаецца і ў інш. групах жывёл (напр., многія насякомыя і інш. беспазваночныя). У раслін адсутнічае.
А.М.Петрыкаў.
т. 11, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРНЕФРО́МА (ад гіпер... + нефр... + ...ома), гіпернефроідны рак, пухліна Гравіца,
злаякасная пухліна ныркі, што развіваецца з клетак кары наднырачнікаў ці з эпітэлію нырачных канальцаў. Апісана ням. патолагам П.А.Гравіцам у 1883. Найчасцей бывае ў мужчын. Прычына хваробы невядомая (магчыма, запаленчыя працэсы, траўмы, радыеактыўныя рэчывы). Прыкметы гіпернефромы на ранняй стадыі (т. наз. «малыя» сімптомы): умераныя болі ў паясніцы і ў падрабрынні, павышаны артэрыяльны ціск, мікрагематурыя, пратэінурыя, поліцытэмія. Лячэнне хірургічнае.
М.Я.Саўчанка.
т. 5, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРЭ́НЬ (ад франц. migraine),
прыступападобны галаўны боль (звычайна адной паловы галавы) з моташнасцю і рвотай. Назіраецца пры парушэнні мазгавога кровазвароту ад рэзкай спазмы сасудаў і застою крыві. Часцей хварэюць жанчыны. Адрозніваюць М. сапраўдную і сімптаматычную. Прыкметы: галаўны боль звычайна ў лобна-скроневай вобласці, бывае пульсуючы, узмацняецца пры яркім святле, шуме, кашлі, халадзеюць канечнасці і інш. Пры М. развіваецца мігрэнозны статус (прыступы паўтараюцца адзін за адным з кароткімі інтэрваламі). Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўтычнае.
т. 10, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОТАСКЛЕРО́З, отаспангіёз,
захворванне вуха, у аснове якога ляжыць анкілоз стрэмечка. Пры О. адбываецца акасцяненне кольцападобнай звязкі падножнай пласцінкі стрэмечка (адной з 3-х костачак гукаправоднага апарата сярэдняга вуха, які перадае ваганні барабаннай перапонкі да вадкасцей унутр. вуха), потым настае яго нерухомасць. Часцей О. пашкоджвае абодва вухі. Прыкметы: паніжэнне слыху (скачкападобна), пастаянны шум у вушах (нават перашкаджае сну), на позніх стадыях пашкоджваюцца рэцэптары слыхавога нерва. Лячэнне хірургічнае.
І.А.Склют.
т. 11, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКІЛАСТАМО́З,
гельмінтозная хвароба чалавека і жывёл, пры якой пашкоджваецца тонкі кішэчнік. Узбуджальнік — нематоды з роду анкіластом (Ancylostoma). Сустракаецца пераважна ў раёнах з цёплым і вільготным кліматам, на Беларусі адзначаецца ўсюды. Прыкметы: ірвота, паносы з прымешкамі крыві ў фекаліях, схудненне. Яйцы паразіта з калам інвазіраваных чалавека і жывёл трапляюць у вонкавае асяроддзе, з іх развіваюцца рухомыя лічынкі, якія праз рот ці скуру пранікаюць у арганізм гаспадара і ператвараюцца ў кішэчніку ў палаваспелых анкіластом. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 1, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯТЭ́З ГЕМАРАГІ́ЧНЫ,
прыроджаныя ці набытыя хваробы крыві, асн. прыкмета якіх павышаныя крывацёк і кровазліццё. Развіццё Д.г. звязваюць з паталогіяй кампанентаў згусання крыві (плазмавых і тромбацытарных), узмацненнем фібрынолізу, наяўнасцю антыкаагулянтаў у крыві, павышэннем пранікальнасці сасудаў ці анамаліяй іх сценак. Прыкметы: кровазліццё пад скуру, у суставы, мышачныя гематомы, крывацёкі (страўнікава-кішачныя, нырачныя, са слізістых абалонак і інш.), крывацёк з пупочнай ранкі пры нараджэнні дзіцяці, калі прарэзваюцца ці мяняюцца зубы, схільнасць да інфекц. хвароб.
М.З.Ягоўдзік.
т. 6, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАТЫ́Т (ад дэрма + ...іт),
запаленне скуры. Узнікае ад дзеяння на скуру фіз. (доўгае трэнне і ціск, высокія і нізкія т-ры, радыяцыя), хім. (к-ты, солі, лек. прэпараты, касметыка і інш.), раслінных фактараў. Штучныя Д. бываюць ад уздзеяння раздражняльнікаў, алергічныя — ад паўторных уздзеянняў раздражняльнікаў, якія выклікаюць сенсібілізацыю арганізма. Адрозніваюць Д. востры і хранічны. Прыкметы; пачырваненне і ацёк, пухіры, боль, сверб, пякота. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу, мясцовае — процізапаленчыя сродкі.
М.З.Ягоўдзік.
т. 6, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСАНАНТЫ́ЗМ [ад лац. consonans (consonantis) зычны гук],
сістэма зычных гукаў мовы або дыялекту на пэўным этапе развіцця. У розных мовах адрозніваецца колькасцю зычных фанем, іх прыкметамі, адносінамі паміж сабой. У сучаснай бел. літ. мове сістэму К. ўтвараюць 39 зычных фанем. У аснову іх класіфікацыі пакладзены дыферэнцыяльныя прыкметы, якія вызначаюцца ўдзелам голасу і шуму, спосабам і месцам утварэння перашкоды ў ротавай поласці, дадатковай артыкуляцыяй (у бел. мове палаталізацыяй). К. процілеглы вакалізму — сістэме галосных гукаў мовы.
т. 7, с. 590
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБУ́НКУЛ (лац. carbunculus літар. вугалёк; стараж.-рус. назва вуглявік, скула),
вострае дыфузнае гнойна-некратычнае запаленне глыбокіх слаёў скуры і падскурнай клятчаткі вакол групы валасяных мяшочкаў і тлушчавых залоз. Узбуджальнікі — гнаяродныя бактэрыі. Найчасцей бывае на патыліцы, паясніцы, твары. Узнікненню К. садзейнічаюць знясіленне арганізма, парушэнне абмену рэчываў (дыябет цукровы), вітамінная недастатковасць. Прыкметы: цяжкі агульны стан (дрыжыкі, т-ра цела да 40 °C), шырокае амярцвенне тканак. Ускладненні (найчасцей пры К. твару) — сепсіс, тромбафлебіт. Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае.
т. 8, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)