C5H9N3, тканкавы гармон мясц. ўздзеяння, медыятар нерв. сістэмы, біягенны амін. Ёсць у значнай колькасці ў неактыўнай звязанай форме ў тлустых клетках розных органаў і тканак жывёл і чалавека (лёгкіх, печані, скуры), а таксама базафілах крыві. Утвараецца ў выніку дэкарбаксіліравання гістыдзіну. Пры ўзаемадзеянні антыгену (алергена) з малекуламі імунаглабулінаў, звязаных з тлустымі клеткамі, адбываецца вызваленне з клетак сакраторных пузыркоў, у якіх ёсць гістамін, што можа з’яўляцца прычынай алергічных рэакцый арганізма. Гістамін выступае ў ролі сігнальнай малекулы, як хімічны медыятар выклікае расшырэнне крывяносных капіляраў і павышэнне іх пранікальнасці, звужэнне буйных сасудаў, скарачэнне гладкай мускулатуры, рэзка павялічвае сакрэцыю салянай к-ты ў страўніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫ́Ш (Laserpitium),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. У Беларусі зрэдку трапляюцца гладыш прускі (L. prutenicum) і шыракалісты (L. latifolia). Растуць у шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах, хмызняках, на высечках.
Шмат-, радзей двухгадовыя травяністыя расліны з доўгім вертыкальным коранем і галінастым сцяблом выш. да 150 см. Лісце доўгачаранковае. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя ці жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з крылатымі рэбрамі. Лек. расліны (настойку кораня выкарыстоўваюць пры хваробах страўніка, печані, жаночых захворваннях, як мачагоннае), маюць эфірны алей гераніёл, які ўжываецца ў парфумернай і харч. прам-сці, у касметыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГЯ́ЛА (Алег Георгіевіч) (1.5.1930, г. Полацк, Віцебскай вобл. — 1.4.1986),
бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Д-рмед.н. (1968), праф. (1972). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1955), дзе працаваў з 1960. З 1971 у Віцебскім мед. ін-це. Навук. працы па зменах у печані ад ачаговай пнеўманіі, механізмах развіцця сардэчнай недастатковасці, ішэмічнай хваробы, дзеянні вітамінаў на мышцу сэрца ў хворых з недастатковасцю кровазвароту, распрацоўцы бязлекавых метадаў прафілактыкі ішэмічнай хваробы сэрца і артэрыяльнай гіпертэнзіі.
Тв.:
Патогенез, клиника и лечение хронической недостаточности кровообращения. Мн., 1974;
Ишемическая болезнь сердца: ранняя диагностика и безлекарственная профилактика в поликлинических условиях. Мн., 1986 (разам з Н.М.Федарэнка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́СКІНІНКАЙ (Druskininkai),
гораду Літве, на р. Нямунас (Нёман). Вядомы з 1635, да 1939 наз. Друскенікі. 21,8 тыс.ж. (1997). Чыг. станцыя. Суднаходства па р. Нёман да Гродна.
Бальнеагразевы і кліматычны курорт. Першыя купальні пабудаваны ў 1837. Мяккі клімат з цёплым летам, мясц.мінер. воды і тарфяныя гразі — асн.лек. фактары пры хваробах страўнікава-кішачнага тракту, печані і жоўцевых шляхоў, нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, лёгачных (нетуберкулёзнага паходжання), органаў апоры і руху, гінекалагічных, абмену рэчываў. У Д. каля 10 санаторыяў (у т. л. санаторый «Беларусь»), пансіянаты, бальнеагразелячэбніца, пітная галерэя, аэрасалярыі, каскадныя купальні і інш. Мемар. музей М.К.Чурлёніса, музей лесу, ландшафтны заказнік у даліне Рэйгардас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛІКА [ад грэч. kōlikē (nosos) кішачная хвароба],
прыступ рэзкіх схваткападобных боляў у брушной поласці і забрушыннай прасторы. Адрозніваюць К. пячоначную і нырачную (найчасцей бывае пры камянях, гл.Жоўцекамянёвая хвароба), апендыкулярную (гл.Апендыцыт), кішачную (пры калавых камянях, некат. хваробах), панкрэатычную (гл.Панкрэатыт) і інш. Болі пры К. абумоўлены спазмам кругавых мышцаў сценак кішак, жоўцевых шляхоў, мачавых праток і інш. Бывае пры расцяжэнні ўчасткаў кішэчніка газамі. Суправаджаецца ірвотай, дрэнным агульным станам. У жывёл адрозніваюць К. сапраўдную (пры хваробах страўніка і кішак) і несапраўдную (пры некат. заразных хваробах, паталогіі печані, мачавога пузыра і інш.). Лячэнне: ліквідацыя прычыны асн. хваробы, што выклікае К., абязбольвальныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТАТЭ́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін B3,
прадукт злучэння β-аланіну з пантоевай к-той. Водарастваральная. У клетках жывёл і раслін уваходзіць у састаў каферменту A, які прымае ўдзел у найважн. рэакцыях абмену рэчываў. Сінтэзуецца зялёнымі раслінамі, мікраарганізмамі, у т. л. кішэчнай мікрафлорай. Недахоп П.к. ў арганізме выклікае запаволенне росту, пашкоджанне скуры, пасівенне валасоў, парушэнне дзейнасці нерв. сістэмы і страўнікава-кішачнага тракту. У чалавека сутачная патрэбнасць у П.к. (10 мг) задавальняецца пры харчаванні (П.к. ёсць у дражджах, капусце, малацэ, моркве, печані, яйках і інш.). Кальцыевую соль П.к. выкарыстоўваюць у медыцыне пры парушэннях абменных працэсаў, недастатковасці кровазвароту, алергічных станах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫКАРДЫ́Т (ад перы... + грэч. kardia сэрца),
запаленне калясардэчнай сумкі. Прычыны ўзнікнення: рэўматызм, туберкулёз, мікробнае запаленне, траўмы і інш. Пры П. назіраецца павышаная эксудацыя (выпат)., што вядзе да сціскання сэрца, зніжэння яго функцый. Пры хуткім нарастанні эксудату сэрца можа спыніць сваю дзейнасць (патрабуецца пункцыя перыкарда). Прыкметы П.: боль у вобласці сэрца, сэрцабіцце, задышка, агульная слабасць і інш. Пры павольным нарастанні выпату ў перыкардзе праяўляюцца прыкметы сардэчнай недастатковасці — з’яўленне выпату ў жываце, печані. У патагенезе такога стану — дысталічны дысбаланс прытоку крыві да сэрца (перадсэрдзі, асабліва правае, сціскаюцца хутчэй, чым астатнія камеры сэрца). Лячэнне залежыць ад прычын узнікнення. У жывёл часцей бывае П. траўматычнага паходжання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАМАІ́НЫ (ад грэч. ptōma труп),
група рэчываў з т.зв. трупных ядаў. Да іх адносяцца кадаверын, путрэсцін, агмацін і інш. Утвараюцца з некат. амінакіслот (напр. арніцін, лізін) у выніку расшчаплення бялкоў пад уплывам мікробных ферментаў у працэсе разлажэння трупаў, гніення мяса, рыбы. Сінтэзуюцца таксама ў тоўстым страўніку жывёл і чалавека, прысутнічаюць у некат. грыбах, раслінах. Таксічнасць большасці П. невялікая. У жывых арганізмах абясшкоджваюцца ў страўніку і печані або выводзяцца ў нязменным выглядзе; выкарыстоўваюцца таксама ў працэсах жыццядзейнасці (напр., агмацін прыгнечвае болевую адчувальнасць). Пры многіх захворваннях працэсы гніення ў страўніку ўзмацняюцца, што выклікае павелічэнне ўтварэння П., якія ўсмоктваюцца і садзейнічаюць развіццю інтаксікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́ЦЕЛЬ (Антон Якаўлевіч) (5.2.1902, в. Левашы Брэсцкага р-на — 1982),
расійскі вучоны ў галіне уралогіі. Чл.-кар.АМНСССР (1963), д-рмед.н. (1937), праф. (1938). Засл. дз. нав. РСФСР (1963). Скончыў 2-і Маскоўскі ун-т (1924). З 1929 і ў 1953—69 у 2-м Маскоўскім мед. ін-це, у 1937—53 у Сталінградскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па дыягностыцы і лячэнні захворванняў нырак, ныркавай гіпертэнзіі, запаленчых захворваннях і новаўтварэннях урагенітальнай сістэмы, паталогіі печані, хваробах касцей і суставаў, гісторыі медыцыны.
Тв.:
Рентгенодиагностика урологических заболеваний. М., 1966 (разам з Ю.А.Пыцелем);
Опухоли мочевого пузыря и их лечение. Ташкент, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САП,
вострая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека са з’явамі інтаксікацыі і ўтварэннем спецыфічных гранулём. Узбуджальнік — палачкападобная бактэрыя псеўдамонас хворых жывёл (коні, аслы, мулы і інш.). Чалавек часцей заражаецца ад хворых на С. коней праз пашкоджаныя скуру, слізістыя абалонкі. С. бывае востры і хранічны. На месцы пранікнення ўтвараецца чырвона-барвовая папула, потым пухірок (пустула), які разбураецца з утварэннем язвы. Прыкметы С.: высокая т-ра цела (да 40,5 °C), галаўны і мышачны боль, прыпухласць у вобласці суставаў, на скуры множныя вузельчыкі і папулы. Абсцэсы ўтвараюцца таксама ў мышцах (асабліва ікраножных), лёгкіх, печані, селязёнцы, суставах, касцях з далейшым фарміраваннем свішчоў. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. Хворых жывёл знішчаюць.