ДЫЯ́СПАРА (ад грэч. diaspora рассейванне),
пражыванне значнай ч. народа (этн. супольнасці) па-за межамі той краіны, дзе жыве асн. ч. народа. Утваралася ў выніку гвалтоўнага высялення, пагрозы генацыду, эканам. і геагр. фактараў. Першапачаткова Д. — вобласці па-за межамі Палесціны, дзе жылі яўрэі, асабліва ў часы Вавілонскага палону пасля выгнання іх у пач. 6 ст. да н.э. Навухаданосарам II, а ў 1—2 ст. н.э. — рымлянамі. Паступова тэрмін Д. стаў выкарыстоўвацца і да інш. рэліг. і этн. груп, якія жывуць у новых раёнах рассялення. Гл. таксама Дыяспара беларуская.
т. 6, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕРАТЫ́Ў (ад лац. imperativus уладны, катэгарычны, загадны),
безумоўнае, катэгарычнае патрабаванне, загад, закон. Імператыўныя выказванні з’яўляюцца прадметам логікі норм. У філасофіі І.Канта — усеагульны маральны закон, якім ён імкнуўся замяніць усе ант. нормы адной (катэгарычны І.). Кант разумеў катэгарычны І. як нешта першапачаткова ўласцівае розуму, вечнае і нязменнае. Выключныя нормы, што неабходна прымаць пры пэўных абставінах, у этыцы ён называў гіпатэтычным І. Паводле дыялектычнага матэрыялізму, мараль, як і ўсё на свеце, гістарычна развіваецца і змяняецца, і ў ёй не можа быць нязменных патрабаванняў і законаў.
В.М.Пешкаў.
т. 7, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭ́ДЖ (англ. cottage першапачаткова — сялянскі дом),
вясковы ці гарадскі індывід. жылы дом з участкам зямлі. Планіровачнае вырашэнне арыентавана на стварэнне высокакамфортных умоў для пражывання. Яго архітэктуры ўласціва ўвага да дэтальнага аздаблення фасадаў і інтэр’ераў. Найчасцей бываюць 2-павярховыя з унутр. лесвіцай. На 1-м паверсе гасцёўня, кухня, гасп. і інш. памяшканні, на 2-м — спальні. К. ўзніклі ў канцы 16 — пач. 17 ст. ў Англіі і сталі традыц. тыпам англ. жылля. Вельмі пашыраны ў ЗША, многіх еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі.
С.А.Сергачоў.
т. 8, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛІ́НСКІ (Kiliński) Ян (снеж. 1760, г. Тжамэшна, Польшча — 28.1.1819),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў паўстання 1794 у Варшаве. З 1788 майстар шавецкага цэха ў Варшаве, у 1792—94 саветнік магістрата. Уваходзіў у склад паўстанцкіх улад; першапачаткова падтрымліваў радыкальнае крыло паўстанцаў, пасля падзей 28 чэрв. (расправа варшаўскіх нізоў са здраднікамі) на пазіцыях правых. Прызначаны Т.Касцюшкам палкоўнікам, камандаваў пях. палком. У час аблогі Варшавы рас. войскамі двойчы паранены. Пасля задушэння паўстання зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці (1794—96). Пакінуў 2 версіі ўспамінаў (1795, 1814—18).
Тв.:
Pamiętniki. [Warszawa], 1958.
т. 8, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДЫ МО́РА»,
умоўная назва плямён ці народаў, якія першапачаткова жылі, верагодна, на Балканскім п-ве ці ў М. Азіі; упамінаюцца ў егіпецкіх крыніцах 13—12 ст. да н.э. сярод тых народаў, што нападалі на Егіпет з мора (часам у саюзе з лівійцамі), а пазней праз Сірыю, Фінікію, Палесціну. «Н.м.» прыпісвалася знішчэнне Хецкага царства і інш. дзяржаў. З асобных «Н.м.», што захаваліся толькі ў запісах егіпецкім пісьмом (з адных зычных), атаясамлены толькі некаторыя (лікійцы, філістымляне, магчыма, данайцы — ахейцы). Лічаць, што Траянская вайна была часткова звязана з перамяшчэннямі «Н.м.».
т. 11, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РМА (Parma),
горад на Пн Італіі, на р. Парма, прытоку р. По. Адм. ц. правінцыі Парма. Вядомы з глыбокай старажытнасці. Першапачаткова этрускае, затым гальскае паселішча. Каля 180 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., хім., фармацэўтычная, парфумерная, харч., у т. л. сыраварная. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Ун-т (з 1065). Акадэмія выяўл. мастацтваў і музыкі, кансерваторыя. Пінакатэка. Музеі. Тэатры. Арх. помнікі: раманскі сабор (11—12 ст.), раманска-гатычны баптыстэрый (1196—1307), рэнесансавыя цэрквы (15—17 ст.) і інш. Штогадовыя міжнар. выстаўкі кансерваў.
т. 12, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1672—1864 у г. Полацк Віцебскай вобл. Засн. віленскім канонікам Т.Гірскім. Першапачаткова касцёл і жылы корпус былі драўляныя і, як заўважыў дамініканскі гісторык Р.Шымак (1755), «увесь вельмі прыгожы». У 1774 закладзены мураваны касцёл Маці Божай, аднак асн. буд-ва вялося ў 1801—04, таму познабарочная 3-нефавая базіліка з паўцыркульнай апсідай атрымала класіцыстычны фасад. У 1781—1804 пабудаваны мураваны жылы корпус. Пасля скасавання кляштара касцёл дзейнічаў як парафіяльны, разбураны ў час Вял. Айч. вайны.
А.А.Ярашэвіч.
т. 12, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУСЫ́ (Oryctolagus),
род млекакормячых атр. зайцападобных. Адзіны від — дзікі Т. (O. cuniculus). Пашыраны першапачаткова ў Цэнтр. і Паўд. Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы; завезены ў шэраг краін Еўропы, пазней у Аўстралію, Новую Зеландыю, Паўд. Амерыку. Сустракаюцца на ПдЗ Украіны і ў Малдове. Жывуць у норах на адкрытых месцах з кустовай расліннасцю, утвараюць калоніі. Кормяцца травяністай расліннасцю. Ад Т. паходзяць пароды труса свойскага.
Даўж. да 44 см, маса каля 2 кг. Асн. афарбоўка карычнева-шэрая. Нараджаюць 4—9 дзіцянят 3—7 разоў за год. Аб’ект палявання.
т. 15, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫ́БА (лац. tribus ад tribuo дзялю, падзяляю),
у Старажытным Рыме: 1) племя. Паводле рым. традыцыі стараж. насельніцтва Рыма складалася з трох Т. — Рамнаў (лацінаў), Тыцыяў (сабінаў) і Луцэраў (этрускаў). Першапачаткова кожная Т. ўключала 100, потым 300 родаў.
2) Тэрытарыяльныя і выбарчыя акругі, што мелі 1 голас у трыбутных каміцыях (сходах па Т.). Увядзенне гэтых Т. традыцыйна прыпісваюць Сервію Тулію (сярэдзіна 6 ст. да н.э.), які падзяліў Рым з наваколлем на 4 гар. і 17 сельскіх Т. Пасля заваёвы Рымам Італіі колькасць Т. вырасла да 35.
А.Г.Зельскі.
т. 15, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІВУ́НШЧЫНА,
падатак у ВКЛ у 15 — сярэдзіне 16 ст. Першапачаткова — збор у валасцях на карысць велікакняжацкіх цівуноў як плата за выкананне імі адм. функцый. З сярэдзіны 15 ст. збіралася ў велікакняжацкі скарб, аднак вял. князі ВКЛ маглі аддаваць збор Ц. ў валасцях сваім баярам за службу. Мела фіксаваны памер, часцей збіралася грашыма, радзей мёдам. Пры вял. кн. Казіміру (1440—92) Ц. з г. Магілёў і воласці складала 80 коп грошаў. У ходзе правядзення валочнай памеры і інш. рэформ Жыгімонта II Аўгуста Ц. заменена на інш. падаткі.
В.С.Пазднякоў.
т. 17, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)