народная назва хрысц. свята з нагоды ўваходу Гасподняга ў Іерусалім. Адзначаецца ў апошнюю перадВялікаднем нядзелю, да якой прымеркаваны абрад асвячэння вярбы (адсюль назва). У аснове свята евангельскае паданне пра Ісуса Хрыста, які перад прыняццем пакутніцкай смерці на крыжы прыйшоў у Іерусалім, дзе народ вітаў яго пальмавымі галінкамі. На Беларусі ў праваслаўных і католікаў ролю пальмавых галінак выконвае вярба. Яе ўпрыгожваюць каляровымі стужкамі, засушанымі кветкамі, травамі, каласкамі і інш. Пасля асвячэння вярба лічылася святыняй у хаце (разам з асвячонай на Вадохрышча вадой і грамнічнымі свечкамі). Бытуе павер’е, што вярба валодае магічнымі ўласцівасцямі, здольная адпужваць злых духаў, засцерагаць ад бяды і няшчасцяў; сяляне рабілі «вербнае прывітанне» — датыкаліся вярбой да дзяцей, хворых, адзін да аднаго, што павінна было надаць ім моцы і здароўя; гаспадары абыходзілі з вярбой будынкі для жывёлы, агарод, азімае поле. Вярбу давалі пастухам пры першым выгане жывёлы ў поле, з ёю заворвалі поле і інш. Каб спыніць хваробу, засцерагчы ад згубы, чалавека і жывёлу акурвалі вярбой (нярэдка разам з ядлоўцам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАНЯМО́НЬ», Гродзенская сядзіба «Панямонь»,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга барока ў г. Гродна. Створана ў 1771 на ўсх. ускраіне горада, на правым беразе р. Нёман як загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (арх. Ю.Аляхновіч), перабудавана ў 19 ст. ў стылі класіцызму. Уключае сядзібны дом, парк, флігель, з Пд ансамбль абмежаваны ракой, з У і Пн — глыбокім ярам. Сядзібны дом 1-павярховы мураваны (пазней частка разбураных сцен заменена драўлянымі). Захаваўся фрагмент вуглавога эркера плаўнага абрысу з тонкім прафіляваным карнізам, здвоенымі пілястрамі з ляпнымі капітэлямі, гарыз. рустоўкай. У цэнтры гал. фасада — 4-калонная навісь (ранейшы порцік). Дваровы фасад упрыгожаны 4-калонным порцікам на высокім цокалі. Дом і адкрыты перад ім партэр размешчаны ў глыбіні пейзажнага парку, над стромкім берагам, умацаваным падпорнымі сценкамі тэрас. Парк разбіты перад палацам і па схілах яра. Уезд пазначаны капліцай рэтраспект.-гатычнага стылю (сярэдзіна 19 ст.). Гасп. і службовыя пабудовы вынесены па-за межы параднай часткі ансамбля і пастаўлены ў рад з зах. боку дома.
А.М.Кулагін.
Гродзенская сядзіба «Панямонь». З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ВАСКРАСЕ́НСКІ САБО́Р,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю ў г. Барысаў. Пабудаваны ў 1874 (арх. П.Мяркулаў). Мураваная 3-нефавая крыжова-купальная базіліка, завершана 9 галоўкамі. Арх.-дэкар. элементы з белай цэглы (какошнікі, ліштвы вокнаў і дзвярэй, раскрапоўка вуглавых пілястраў і інш.) ствараюць маляўнічы кантраст з цёмна-чырвонымі сценамі. У 1907 перад саборам пабудавана званіца (арх. В.Струеў) з больш сціплым дэкорам фасадаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРУХО́ВІЧ (Сцяпан Адамавіч) (1.1.1909, в. Губіна Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 5.4.1989),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Працаваў у станковым жывапісе. Сярод твораў: «Веснавая сяўба» (1947), «Коні. На лузе» (1953), «Калгасны табун» (1958), лірычныя і індустр. пейзажы «Жыта» (1947), «Мінскае мора» (1954), «Новалукомль» (1966), «Пейзаж з лодкай» (1973), «Перад дажджом» (1975), партрэт Я.Купалы (1979) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ ПРАВО́Ў ЧАЛАВЕ́КА І ГРАМАДЗЯНІ́НА,
праграмны дакумент Французскай рэвалюцыі 1789—99. Прынята Устаноўчым сходам 26.8.1789. Зыходзіла з канцэпцыі нар. суверэнітэту і неад’емных натуральных правоў чалавека, якімі абвяшчаліся свабода асобы, слова, друку, сумлення, роўнасць грамадзян перад законам, іх правы на бяспеку, уласнасць і інш. У 1791 уключана ў франц. канстытуцыю як яе ўступная частка. Дэкларацыя зрабіла значны ўплыў на рэв. рух і паліт. думку краін Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЮЗІ́ (франц. jalousie),
1) аканіцы, шторы з паралельных пласцінак, замацаваных у верт. або гарыз. становішчы на раме (звычайна пад вуглом 45°) ці на шнурках (могуць устанаўлівацца пад любым вуглом). Выкарыстоўваюцца для засцярогі жылых і грамадскіх памяшканняў ад сонечных прамянёў, атм. ападкаў, пылу.
2) Паваротныя метал. створкі, якія ўстанаўліваюцца перад масляным або вадзяным радыятарам сістэмы ахаладжэння аўтамабіля і інш. машын для рэгулявання патоку паветра, што праходзіць праз радыятар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПТУ́Р,
традыцыйны бел. галаўны ўбор замужніх жанчын; паўшарападобная ці плоская прызбораная на патыліцы шапачка з вушкамі, да якіх прышывалі стужкі для завязвання пад барадой. Бытаваў у Цэнтр. і Зах. Беларусі да пач. 20 ст. Шылі з фабр. тканін пераважна чырвонай гамы; вушкі і перад аздаблялі вышыўкай, тасьмой, рознакаляровымі стужкамі, бісерам. Надзявалі на тканку (круглы валік, на які накручвалі валасы), зверху часта завівалі намітку, завязвалі хустку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДАНЁР (франц. cour d’honneur літар. ганаровы двор),
парадны паўраскрыты двор перад будынкам, утвораны асн. будынкам і яго 2 бакавымі крыламі (радзей каланадай). Пашыраны ў еўрап. палацавай архітэктуры 17—1-й пал. 19 ст. На Беларусі найб. вядомы ў палацавых і сядзібных комплексах 18—19 ст. (Ружанскі палацавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс і інш.). Прыём параднай прасторавай кампазіцыі сучаснай архітэктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАТА́ЛІХА»,
бел.нар. масавы танец. Зафіксаваны ў 1970-я г. ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл.Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі. Вылучаецца разнастайнасцю фігур. Перад пачаткам адзін з юнакоў запрашае ўсіх: «Рэж «Маталіху», музыкі, // сёння дзень у нас вялікі». Сцэн. варыянт створаны ў 1978 балетмайстрам І.Серыкавым у Віцебскім нар. ансамблі песні і танца «Маладосць». У 1980 «М.» пастаўлена Дзярж. ансамблем танца Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГРАВА́ЛЬНАЯ ПЕЧ,
печ для награвання загатовак, вырабаў ці матэрыялаў звычайна перад апрацоўкай ціскам (пракаткай, коўкай, штампоўкай і інш.). У адрозненне ад плавільнай печы ў Н.п. вырабы награюць да т-ры, ніжэйшай за т-ру плаўлення. Бываюць награвальныя полымныя печы і электрычныя печы (у т. л.высокачастотныя печы), печы перыядычнага (вярчавальныя печы, камерныя печы) і неперарыўнага (метадычныя Н.п.) дзеяння. Выкарыстоўваюцца ў металургіі, машынабудаванні, вытв-сці будматэрыялаў і інш.