ПЕНТАГО́Н (англ. Pentagon ад грэч. pentagōnon пяцівугольнік),

назва ваен. ведамства ЗША, якое размяшчаецца ў пяцівугольным будынку на беразе р. Патомак у г. Арлінгтан каля Вашынгтона (штат Віргінія). Налічвае каля 23 тыс. чал. персаналу ваен. і цывільных спецыялістаў. У П. размяшчаюцца асн. ўстановы, упраўленні і службы мін-ва абароны, камітэт нач. штабоў (КНШ) і яго аб’яднаны штаб, мін-ва арміі ЗША. У будынку П. знаходзяцца асн. камандны цэнтр КНШ і асн. камандныя пункты відаў узбр. сіл. Кіраўнік П. — міністр абароны ЗША. Будынак П. пастаўлены ў 1941—43 паводле праекта ген. Б.​Б.​Сомвіла. Гл. таксама раздзел Узброеныя сілы ў арт. Злучаныя Штаты Амерыкі.

І.​Г.​Елісееў.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕР-ЛАШЭ́З (Pére-Lachaise),

могілкі ў Парыжы [б. маёнтак духоўніка караля Людовіка XIV патэра (франц. père) Лашэза; адсюль назва], дзе пахаваны многія найбуйнейшыя дзеячы культуры (Ж. дэ Лафантэн, Мальер, А.Дадэ, А.Бальзак, П.Ж. дэ Беранжэ, Ф.Шапэн, Дж.Расіні, Э.Дэлакруа, Ф.Ж.Тальма і інш.), ваен. дзеячы (маршалы М.Ней, А.​Масена і інш.). 27.5.1871 каля паўн.-ўсх. сцяны могілак расстраляны карнікамі захопленыя ў баі за П.-Л. абаронцы Парыжскай камуны 1871. На гэтым месцы пастаўлены помнік («Сцяна камунараў»), каля якога пахаваны П.Лафарг, М.Тарэз і інш. дзеячы рабочага руху, удзельнікі руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. У 1964 на П.-Л. адкрыты помнік ахвярам фаш. лагера смерці Бухенвальд (скульптар Л.​Бансель).

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́СЛІ (Presley) Элвіс (8.1.1935, г. Цьюпела, штат Місісіпі, ЗША — 16.8.1977),

амерыканскі эстрадны спявак, гітарыст, кінаакцёр. На сцэне з 1950-х г. Стварыў індывідуальны вакальны стыль, які ўвабраў у сябе паўд.-амер. блюзы, рэліг. песнапенні, музыку кантры. Найб. уплывовы выканаўца рок-н-рола. Экстравагантнасць паводзін, эмацыянальна раскаваны выканальніцкі стыль зрабілі П. кумірам моладзі. Здымаўся ў кіно (больш за 30 фільмаў), у т. л. «Пакахай мяне пяшчотна» (1956), «Каханне да цябе», «Турэмны рок» (абодва 1957), «Двайныя непрыемнасці» (1967). Пра творчасць П. пастаўлены дакумент. фільмы («Элвіс — так гэта адбываецца на самай справе» (1970), «Элвіс у турнэ» (1972), «Гэта Элвіс» (1981), маст. фільм «Элвіс — кіно» (1979).

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НСКІ БОЙ 1942 у Вялікую Айчынную вайну,

бой Расонскай партыз. брыгады імя Сталіна па разгроме гарнізона ням. фашыстаў (больш за 300 гітлераўцаў) у г.п. Расоны Віцебскай вобл. 19 вер. Летам 1942 партызаны перарэзалі ўсе камунікацыі, што вялі ў Расоны, і пачалі блакаду гарнізона. Да сярэдзіны верасня разграмілі навакольныя апорныя пункты ворага ў вёсках Клясціцы, Сакалішча, Сівошына і інш. У ноч на 19 вер. артабстрэлам умацаванняў гарнізона партызаны вымусілі гітлераўцаў са стратамі ў жывой сіле і ўзбраенні пакінуць Расоны. У гонар гэтага бою ў Расонах пастаўлены помнік.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 13, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗІДЭ́НЦЫЯ ПРЭЗІДЭ́НТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ у Мінску.

Узводзілася ў 1939—41, завершана ў 1947 (арх. А.​П.​Воінаў, У.​М.​Вараксін) як будынак ЦК КПБ. З 1992 тут размяшчаўся Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь, з 1996 сучасная назва. Цэласны 6-павярховы аб’ём пастаўлены на масіўны гранітны (чырвоны) цокаль. Будынак па перыметры апрацаваны прафіляванымі лапаткамі і ўвянчаны простым магутным атыкам. Упершыню ў краіне выкарыстаны зборныя жалезабет. пліты для перакрыццяў. У 1976 да цэнтр. аб’ёму прыбудаваны правае, у 1986 — левае крылы, у 1988 — аб’ём, які злучыў іх з боку вул. Кірава (арх. П.​Кракалёў); яны паўтарылі кампазіцыю цэнтр. аб’ёму.

А.​А.​Воінаў.

Будынак Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Мінску.

т. 13, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕ́ЛЮБСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Уселюб Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пл. 11 га. Складаецца з участкаў рэгулярнай (канец 18 ст.) і пейзажнай (канец 19 — пач. 20 ст.) планіроўкі. На ПнУ на ўзвышшы стаяў сядзібны дом (не захаваўся). На У ад яго была рэгулярная ч. парку, на З — пейзажная з вял. лугам, вадаёмамі, дэкар. групамі і асобнымі дрэвамі. На беразе вял. штучнага вадаёма ў канцы 19 — пач. 20 ст. пастаўлены новы сядзібны дом, разбіты пладовы сад. Кампазіцыя парку засн. на кальцавых дарожках-маршрутах. Растуць пераважна дрэвы мясц. парод, з экзотаў — арэх шэры, лістоўніца еўрапейская.

В.​Р.​Анціпаў.

т. 16, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЕ́ГАНТАЎ Аляксей Канідзеевіч (16.3.1888, в. Алочы Чыцінскай вобл., Расія — 11.3.1943),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. У 1920—22 камандзір 1-й Амурскай дывізіі, камандуючы партыз. атрадамі Прымор’я, потым на гасп. і сав. рабоце. У Вял. Айч. вайну ініцыятар стварэння і камандзір кав. партыз. атрада, які ў жн. 1942 накіраваны на тэр. акупіраванай Беларусі. У кастр. 1942 — сак. 1943 камандзір партыз. брыгады «За Радзіму», якая дзейнічала на тэр. Маларыцкага і Дзівінскага р-наў Брэсцкай, Асіповіцкага і Бабруйскага р-наў Магілёўскай, Пухавіцкага і Чэрвеньскага р-наў Мінскай вобл. і Валынскай вобл. (Украіна). Загінуў у баі. У г. Чэрвень яму пастаўлены помнік.

т. 16, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯПЛО́Ў Міхаіл Фёдаравіч (21.11.1918, с. Юрас Пінежскага р-на Архангельскай вобл., Расія — 5.7.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). З ліп. 1941 на 2-м Бел. фронце. Камандзір процітанк. гарматы ст. сяржант Ц. вызначыўся 5.7.1944 пры разгроме групоўкі ворага ў Мінскім «катле»: каля в. Раткоўшчына Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. разлік яго гарматы ўдзельнічаў у адбіцці 6 контратак праціўніка, знішчыў 2 самаходныя гарматы, 4 кулямёты, 2 аўтамашыны з пяхотай; паранены, застаўшыся адзіным з разліку, падарваў сябе і гітлераўцаў, што абкружылі яго. Імем Ц. названа вуліца і пастаўлены помнік у в. Студзёнка Смалявіцкага р-на.

М.Ф.Цяплоў.

т. 17, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЫ́Ш Аляксандр Іванавіч (12.2.1917, в. Кромкавічы Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 29.6.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мар’інагорскі с.-г. тэхнікум (1935), курсы тэхнікаў ППА (1939), удасканалення афіцэрскага саставу (1943). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім, Закаўказскім, Бел. і 1-м Бел. франтах. Стралк. рота на чале з капітанам Ч. вызначылася ў баях 28—29.6.1944 каля г.п. Кіраўск: адбіла 14 контратак танкаў і пяхоты праціўніка, блакіравала шашу Бабруйск—Мінск і перарэзала шлях адступлення ворагу. Загінуў у гэтым баі. У г. Докшыцы і ў в. Бярозкі Докшыцкага р-на яму пастаўлены помнікі.

А.І.Чарныш.

т. 17, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІКАСТА́ХАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з вер. 1941 да крас. 1942 у в. Вял. Стахава Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Аб’ядноўвала 25 чал. Кіраўнікі С.​Л.​Бочак, А.​Л.​Валагжанін, В.​П.​Бальшакоў. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі зброю, боепрыпасы, дакументы, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад, на чыг. ветцы Барысаў—Лядзішчы падарвалі фаш. эшалон, знішчылі 5 вагонаў з ваен. маёмасцю. У сак. і летам 1942 фашысты схапілі і пасля катаванняў расстралялі 13 падпольшчыкаў. Бальшакоў з уцалелымі патрыётамі пайшоў у лес і ўзначаліў партыз. групу, на базе якой і дыверсійнай групы «Бывалыя» сфарміраваны партыз. атрад «Дзядзькі Колі». У в. Вял. Стахава пастаўлены помнік загінуўшым падпольшчыкам.

т. 4, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)